К ласік. Р амантык. К азачнік




НазваК ласік. Р амантык. К азачнік
Дата канвертавання28.10.2012
Памер60.23 Kb.
ТыпДокументы
КЛАСІК. РАМАНТЫК. КАЗАЧНІК

Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Класік. Рамантык. Казачнік... I гэта далека не ўсё пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, пісьменніка, чые творы захапляюць самых розных чытачоў — ад самага маленькага, які яшчэ не навучыўся складаць літары ў словы, да сівабародага філосафа, які перачытвае творы Майстра каторы ўжо раз і знаходзіць у іх пацвярджэнне сваім высновам пра сутнасць чалавечага існавання, бо класік — той, каго чытаюць сёння, заўтра, заўжды!



Знаёмства з Майстрам можа пачацца з партрэта. Калі б ні быў сфатаграфаваны пісьменнік, нязменнай застаецца яго вабная, непаўторная Караткевічава усмешка. Мяркую, што і сёння, калі пісьменнік меў бы магчымасць прымаць віншаванні з нагоды свайго 80-гадовага юбілею, яго усмешка заставалася б такой самай — іранічнай, гарэзлівай, кранальна дзіцячай.

Ягоныя захапленні, што пранёс ён праз сваё дарослае жыццё, зразумелыя і юнаму чытачу: рамантыка далёкіх і блізкіх вандровак, рыбалка, грыбныя паходы, цікавасць да прыроды — да ўсяго, што рухаецца і расце, хай гэта будзе заяц, што знайшоў прытулак каля чалавечага жытла, альбо амяла — дзіўны куст, як расце на дрэве і які яшчэ старажытныя рымляне называлі залатой галінай.

Знаёмства з творчасцю Караткевіча пачынаецца ў школьнікаў з абразкоў, прысвечаных Радзіме ("Мая Беларусь", "Родная зямля", "Бусел — сімвал Беларусі"). Гэта дае падставы патлумачыць сутнасць такой з'явы, як Караткевічаў беларусацэнтрызм. Пісьменнік шмат вандраваў, і не толькі дарогамі Беларусі. Ён ведаў іншыя краіны і ўмеў іх апісаць. У апавяданіі "Сіняя-сіняя" ён перадае спёку паўднёваафрыканскай пустэльні і ўзгадвае Беларусь з яе рэкамі і азёрамі, у аповесці "Чазенія" захапляецца прыродай далёкага Прыморскага краю, апісвае дзівосную расліну, што караніцца на голых скалах, а наўме ў яго ўсё тая ж Беларусь.

Бусел, па разуменні Караткевіча, ёсць сімвал Беларусі не толькі таму, што сваімі крыламі абдымае краіну (згадаем назву кнігі-эсэ "Зямля пад белымі крыламі"), але і таму, што абавязкова вяртаецца на радзіму пасля доўгае вандроўкі.

Заняты вандроўнік, Караткевіч здзяйсняў падарожжы не толькі ў прасторы, але і ў часе. Каб патлумачыць пісьменніцкі подзвіг Майстра, варта параўнаць яго творчасць з набыткамі Вальтэра Скота або Аляксандра Дзюма. Пісьменнік па-свойму адкрыў амаль не вядомую да яго шматвяковую гісторыю Беларусі, распавёў пра яе падзеі займальна і захапляюча і паказаў свету беларускіх мушкецёраў-рыцараў — Гервасія Выліваху, Васіля Вашчылу, Алеся Загорскага, Андрэя Беларэцкага, што аддана служылі Радзіме, і закаханых у іх загадкавых і гожых беларускіх паннаў — Майку Раўбіч, Надзею Яноўскую...

Караткевіча называюць рамантыкам не толькі з-за той гераічнай атмасферы, у якой жывуць яго персанажы. Быць рамантыкам — значыць ствараць свой адмысловы свет, дзе няма шэрых колераў, будзёншчыны, дзе на кожным кроку авантура або таямніца. У аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" дзеянне адбываецца ў вёсачцы, закінутай сярод непралазных палескіх балатоў. Як тут не прыгадаць папярэджане з "Сабакі Баскервіляў" Артура Конан Дойла: "Не заходзьце далека ў тарфяныя балаты!.." Караткевіч не паслухаўся — і ў палескіх багнах адшукаў такую гісторыю кахання, злачынства і здрады, што і не мроілася англійскаму аўтару.

Перад маленькім чытачом Караткевіч разгортвае іншы свет, у якім здарэнні выглядаюць яшчэ больш неверагоднымі. Гэта свет казкі.

Не так даўно казкі Уладзіміра Караткевіча, сабраныя разам, выйшлі асобнай кнігай "Лебядзіны скіт" (Мінск : Мастацкая літаратут 2009), адмыслова аформленай мастаком Міколам Купавам. Кніга гэтая можа служыць выдатнай прадмовай да тых раманаў, аповесцяў, п'ес Караткевіча, з якімі юны чытач пазнаёміцца пазней. Як гісторыі папярэднічаюць міфы і паданні, так і свету Караткевіча, што разгортваецца паступова і няспешна, папярэднічае казка.

Казачны свет Караткевічавых твораў здзіўляе той лёгкасцю і нязмушанасцю, з якой у яго ўваходзіш. Запрашэнне Казачніка самае простае і лаканічнае: "Давай з табой сядзем і пагаворым". Можна падумаць, што ў казачную краіну ўвайсці прасцей, чым у дзіцячы пакойчык ці школьны клас. Але варта пераступіць парог — і чытача чакае свет невядомы і адначасна пазнавальны. Што тое за край?

У казку Майстра прыносіў тое, што закладваў і ў кнігу для дарослых. Неверагодна закручаны сюжэт. Сонечных герояў, у чысціню якіх верыш. Выдумку. Жарт. Хітраватую усмешку. Шчырасць і даверлівы тон апавядальніка.

Караткевіч-казачнік не сядзіць каля дзіцячага ложка і не закалыхвае салодкімі гісторыямі. Ён увогуле не любіць соняў: "Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаным бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна — той і проста на падлозе".

Знойдзены і адпаведны тон апавядання — даверлівы, нязмушаны, таварыскі.

I вось пачынаецца вандроўка па "нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі".

Што за дзіўныя падарожныя стрэнуцца вам на гэтым шляху! Чые гэтыя цяжкія крокі і хто так голасна спявае?

Тупу-тупу-тупу,

Нясе Мішка ступу...

А гэта павадыр з мядзведзем ходзяць ад сяла да сяла. Павадыр песні спявае і грае на цымбалах. А мядзведзь паказвае, як кабеты ваду носяць і як дзеці гарох крадуць. I гэтым яны з мядзведзем кормяцца (казка "Чортаў скарб").

А вось яшчэ адзін дзіўны чалавек: "Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. Вочы пранізлівыя". Што за ён такі? Можа, чараўнік? Ён самы. Добры. Ён падорыць беларусам тое, што яны назавуць другім хлебам ("Кацёл з каменьчыкамі").

Казкі Уладзіміра Караткевіча чытаюцца ў школе нароўні з фальклорна-міфалагічнымі творамі, якія, на ўзроўні старадаўніх уяўленняў, тлумачылі паходжанне рэчаў. Караткевіч выдатна арыентуецца ў свеце міфалагічных рэаліяў. Адно за адным уваходзяць, крыху баючыся дзённага святла, такія дзіўныя істоты, як Вужыная каралева, Пан тванны, шляхціц багняны, Аўтух-дамоўнік і Рыбін цар. Іх абліччы імгненна схопліваюцца нядрэмным вокам мастака Міколы Купавы. У XXI стагоддзі гэтым пасланцам пражытых часоў крыху няёмка і няпэўна. Але іх прысутнасць дапамагае Караткевічу-казачніку задаваць недзіцячыя пытанні, якія датычацца маральнасці, сумлення.

Няўжо былі часы, калі беларусы не мелі бульбы? Былі, кажа казачнік. Было нават і такое, што кніг не было, і людзі былі бадай што дзікія. Не шанавалі старых бацькоў. Нямоглых адвозілі ў лес і пакідалі там драпежнаму звяр'ю на спажыву. Аж пакуль не знайшоўся добры чалавек, які пашкадаваў свайго нямоглага бацьку ("Нямоглы бацька").

Казачнік, як і належыць яму па прафесіі, верыць у тое, што дабро павінна перамагаць. I што ліхога чалавека можна зрабіць добрым. Часам хапае лёгкага ўшчування, як у той казцы пра Жабак і Чарапашку. Нявыхаваныя Жабкі пакрыўдзілі Чарапаху, не захацелі слухаць яе ціхую песеньку. "Дрэнна вы зрабілі, жабы, — кажа казачнік. — А ну, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе!" ("Жабкі і Чарапашка").

Але бывае і такое, што зло грунтоўна ўкараняецца ў казачным свеце. I ў казцы ліхія сілы святкуюць сваю часовую перамогу, як гэта адбылося ў "Вужынай ка-ралеве". I тады казачнік, па-ранейшаму мудры, хоць і разгублены трохі, кліча малога чытача да гутаркі: "А ты падумаў, чаму гэта так? Іншыя людзі вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткія вось справы".

Вось па-над панылай дрыгвою і верасовымі пустэчамі плыве дзівосна гожая, чароўная мелодыя, якая прымушае гаротных людзей смяяцца ад шчасця, а ліхіх — плакаць ад замілавання. Гэта грае скрыпка загадкавага музыкі Алеся Бан-Жвірбы...

Казкі "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў" і "Лебядзіны скіт" (што дала назву зборніку) паводле сваёй жанравай прыроды блізкія да прыпавесцяў (прытчаў), бо форма іх іншасказальная, а змест роздумна-дыдактычны. Іх цяжка прызнаць творамі толькі для дзяцей, бо іх філасофія даступная як юнаму, так і сталаму чытачу, як гэта ўласціва, напрыклад, казкам Ханса Крысціяна Андэрсэна.

Вось у якую краіну прывёў маленькага чытача казачнік Караткевіч. Што ж то за край? "А той самы, дзе мы з табой жывём", — адказвае казачнік. Ён верыць у тое, што калі яго чытач будзе вялікі, дык яму стане таленту і моцы, каб захаваць родны край такім, якім яго бачыў казачнік, — багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі. I добрымі сэрцамі.

П. ВАСЮЧЭНКА,

літаратуразнаўца, пісьменнік

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт
Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка