Беларускі дзяржаўны універсітэт
Выпускная праца па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
Магістранткі факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Няхай Таццяны Міхайлаўны кіраўнікі: дацэнт Хромчанка Альбіна Рышардаўна старэйшы выкладчык Кожыч Павел Паўлавіч
Мінск – 2009 Змест Змест 2 Рэферат па ІТ у прадметнай вобласці «Эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для рэдактарскага аналізу рэлігійнага дыскурсу ў СМІ» 3 Уводзіны 3 Глава 1 Агляд літаратуры 5 Глава 2 Методыка даследавання 6 Глава 3 Апісанне некаторых тэкставых рэдактараў 6 Глава 4 Эфектыўнасць і праблемы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій ў рэдактарскім аналізе беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу 10 Глава 5 Прыклады прымянення інфармацыйных тэхналогій у рэдагаванні сучаснага рэлігійнага дыскурсу 11 Абмеркаванне вынікаў 14 Заключэнне 14 Спіс літаратуры да рэферата 15 Предметны паказальнік да рэферата 18 Інтэрнэт-рэсурсы ў прадметнай вобласці 19 Дзейсны асабісты сайт у WWW 21 Граф навуковых цікавасцяў 22 Прэзентацыя магістэрскай дысертацыі 24 Спіс літаратуры да выпускной працы 25 Дадатак 26
Рэферат па ІТ у прадметнай вобласці «Эфектыўнасць выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для рэдактарскага аналізу рэлігійнага дыскурсу ў СМІ» Уводзіны Гісторыя беларускага народа шчыльна знітаваная з яго духоўным жыццём. Сёння рэлігія ўспрымаецца як пазнака вышэйшай духоўнасці грамадства. Мова, на якой чалавек звяртаецца да Бога, накладвае свой адбітак на яго светаўспрыманне і светаадчуванне. На канец XX стагоддзя прыпаў пачатак “рэлігійнага рэнесансу” на Беларусі. Паводле вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у Гомельскай вобласці, у лістападзе 1989 года да ліку атэістаў адносілі сябе 65 % насельнікаў, у верасні 1994 года – толькі 35 % [9, с. 319]. Нягледзячы на тое, што новых звестак мы не маем, рост духоўнасці грамадства відавочны. Думаецца, такая сітуацыя выклікана не цяжкасцямі сацыяльнага жыцця, а натуральным зваротам нацыі да знішчаных у свой час духоўных арыенціраў. У кнізе “Рэлігія і царква на Беларусі” яе аўтар Іван Чарота зазначае, што на фоне перамен у эканамічным, палітычным і духоўным жыцці павышаецца цікавасць людзей да гісторыі нацыянальнай культуры, у тым ліку да гісторыі развіцця, фарміравання і станаўлення яго канфесійнай структуры, павышаецца ўзровень свядомасці народа [15, с. 5], актыўнае вяртанне значнай часткі нашых суграмадзян да веры змяняе ранейшае ўяўленне пра сувязь свецкага і царкоўнага [Тамсама, с. 43]. Гэта, перш за ўсё, праяўляецца ў цікавасці да беларускамоўных перакладаў Святога Пісьма. Відавочна, што зразумелы для чалавека дыялог з Богам немагчымы без удзелу складніка вербальнага. Бо “на пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова” [28, с. 319]. Вядома, што дыялог гэты павінен здзяйсняцца на роднай для верніка мове. Пры паспяховым правядзенні моўнай палітыкі царква можа пазбавіцца ад стэрыятыпу “праваслаўны – значыць, “рускі” і зрабіць важны крок да сцвярджэння сябе ў рангу нацыянальным. Касцёл жа, у сваю чаргу, зменіць грамадскую думку пра сваю “польскасць” і патлумачыць, што каталіцтва – рэлігія для ўсіх вернікаў незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. А мова будзе мець больш просты шлях да свайго носьбіта не толькі праз грамадзянскую свядомасць, навуку і культуру, але праз самы блізкі – духоўны пачатак чалавека. Бо як ніхто не можа змусіць яго верыць у Бога, так ніхто не можа змусіць размаўляць на мове між яго волі. Ідучы ў нагу з часам, разумеючы неабходнасць пошуку новых, запатрабаваных сёння сродкаў распаўсюджання сваіх ідэяў і ідэалаў, абодва веравызнанні імкнуцца данесці Слова Боскае праз сродкі масавай інармацыі, а таксама выкарыстаць пэўныя найноўшыя тэхналогіі. Вядуцца запісы набажэнстваў, якія транслююцца па радыё, тэлебачанні, захоўваюцца на электронных носьбітах для далейшага іх распаўсюджання [17]. На жаль, з беларускамоўнай перыёдыкі праваслаўным вернікам прапануецца толькі газета Свята-Петра-Паўлаўскага сабора “Царкоўнае слова”. Нягледзячы на беларускамоўную назву, на дзесяць нумароў газеты друкуюцца прыкладна два беларускамоўныя матэрыялы [25]. Затое ў свет выходзіць вялікая колькасць беларускамоўнай перыёдыкі для вернікаў каталіцкага веравызнання, сярод якой: культурна-рэлігійны часопіс “Дыялог” (Заснавальнік: Касцёл Маці Божай Фацімскай, г. Баранавічы. Галоўны рэдактар: Таццяна Шымковіч. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: прыкладна 15 % [20]), каталіцкі рэлігійны часопіс “Ave Maria” (Заснавальнік: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Галоўны рэдактар: Крыстына Лялько. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 100 % [26]), газета “Каталіцкія навіны” (Выданне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла. Працэнт беларускамоўных матэрыялаў: 70 (беларускамоўныя матэрыялы публікуюцца разам з польскамоўнымі) [21]), штотыднёвы хрысціянскі бюлетэнь “Голас душы” (Заснавальнік: грамадскае аб’яднанне “Хрысціянскае таварыства міласэрнасці”. Галоўны рэдактар: ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 75 % [19]), часопіс “Наша вера” (Выданне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла. Колькасць беларускамоўных матэрыялаў: 100 % [22]). Такім чынам, актуальнасць магістэрскага даследавання абумоўлена тым, што функцыянаванне беларускамоўнага рэлігійнага дыскурсу як часткі мас-медыя вымагае яго паглыбленага і шматаспектнага вывучэння, а перадусім рэдактарскага аналізу і ацэнкі моўна-стылёвых асаблівасцяў. Навуковая навізна ў тым, што спробы даследаваць рэлігійны дыскурс з гледжання рэдагавання робяцца ўпершыню. Такім чынам, беларускамоўны рэлігійны дыскурс становіцца аб’ектам навуковага даследавання прыкладной філалагічнай дысцыпліны – рэдагавання. Больш паспяховае дасягненне пастаўленай мэты – прааналізаваць беларускамоўны рэлігійны дыскурс з рэдактарскага гледжання – немагчымае без выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў, найбольш эфектыўных менавіта ў сферы рэдагавання. Таму мэтай гэтага рэферату ёсць аналіз эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў дзеля дасягнення мэты магістэрскай дысертацыі. |