Дуа "Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура" Сцэнарый




НазваДуа "Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура" Сцэнарый
Дата канвертавання28.10.2012
Памер150.28 Kb.
ТыпДокументы
ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І.Азгура”


Сцэнарый

літаратурна-музычнай кампазіцыі

Хай заўсёды гучыць тваё моцнае слова!”

(да 120-годдзя з дня нараджэння

Максіма Багдановіча


Падрыхтавала:

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Кучынская Таццяна Сцяпанаўна


Сянно, 2011


Адрасат:

  • настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, класныя кіраўнікі агульнаадукацыйных школ.

Мэта:

  • абуджэнне цікавасці да літаратурнай спадчыны беларускага народа, да асобы Максіма Багдановіча.

Задачы:

  • засяродзіць увагу вучняў на жыццёвым і творчым шляху Максіма Багдановіча;

  • садзейнічаць фарміраванню паважлівых адносін да мінулага сваёй Радзімы;

  • выхоўваць пачуццё любові і павагі да асобы паэта, да зямлі бацькоў.

Удзельнікі: вучні 5-11 класаў

Плакаты з выказваннямі пра Максіма Багдановіча:

  • Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць і паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх і належыць Максім Багдановіч.

Максім Танк

  • “Вянок” Максіма Багдановіча можна назваць сэрцам яго паэзіі, узорам самараскрыцця ў ім чалавека – шукальніка гармоніі прыгожага і добрага – чалавека, якім быў сам Максім Багдановіч.

Алег Лойка

  • Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, - тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету.

Міхась Стральцоў

Ход мерапрыемства

(Зала, у якой праводзіцца свята, аформлена ў народным стылі. На сцэнах даматканыя ручнікі з вышытымі васількамі. На стале, засланым абрусам, размешчаны буклет пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча, а таксама букецік папяровых васількоў. Злева і справа ад сцэны – плакаты з выказваннямі вядомых людзей пра паэта, вучнёўскія газеты, прысвечаныя Максіму Багдановічу. Свята суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй. Кожны вядучы мае эмблему свята – васілёк.

Гучыць ціхая музыка. На сцэну выходзяць настаўнік, хлопец і дзяўчына (вучні 11-га класа)


Настаўнік. Ты прыгнечаных клікаў да лепшае долі

І нязгасным быў светачам краю свайму.

Ад думак крыштальных, што ўкладзены ў творы

І мудрасцю вее, і бляскам жывым.


2-і вядучы. Наша родная мова ў творах выдатных

На ўвесь край заблішчэла агнём залатым…

Ад ліры тваёй наша родная мова

Набралася сілы, цудоўнай красы.

Хай заўсёды гучыць тваё моцнае слова,

У далячынь хай ляціць праз палі, праз лясы


3-і вядучы. Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць,

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.


Настаўнік. Сонца паэзіі Максіма Багдановіча ўзышло, каб свяціць вякамі, свяціць нязгасна, саграваць сваім святлом і цяплом душы тых, хто зняверыўся, хто сагнуўся пад цяжарам жыцця.

Ён пражыў усяго 25 гадоў, але плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе кожную таленавітую асобу.

Наша літаратурна-музычная кампазіцыя прысвечана Максіму Багдановічу, паэту, які з’яўляецца гонарам нашай літаратуры і яе ж болем.Сімвалічна, што праходзіць яна менавіта сёння,бо 9 снежня, 120 гадоў таму ў сям’і настаўнікаў нарадзіўся будучы паэт.

Сёння мы сабраліся, каб яшчэ раз прайсціся па незабыўных сцежках паэта, паслухаць чароўныя радкі яго бессмяротнай паэзіі, перагарнуць хвалюючыя старонкі кароткага, але вельмі яркага жыцця. Але колькі б шчырых і прачулых слоў мы ні сказалі б пра Максіма Багдановіча, якіх бы фактаў з яго біяграфіі ні прыводзілі, мы не можам сказаць аб ім лепш, чым яго вершы. Таму сёння будуць гучаць яшчэ і вершы славутага класіка.


(на сцэну выходзяць хлопчык і дзяўчынка (вучні 5-га класа))

1-ы вядучы. Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў горадзе Мінску.


2-і вядучы. Месца, дзе зараз узвышаецца будынак Беларускага тэатра оперы і балета, некалі звалі Траецкай гарой.


1-ы вядучы. У канцы 18-пачатку 19 стагоддзяў гэта быў вялікі пляц, на якім размяшчаўся Траецкі рынак.


2-вядучы. На Аляксандраўскай вуліцы ( цяпер гэта вуліца Багдановіча) у доме №25 знаходзілася першае пачатковае гарадское вучылішча. На другім паверсе драўлянага дома жыў настаўнік і загадчык вучылішча Адам Ягоравіч Багдановіч, бацька будучага паэта. Гэта быў даволі адукаваны чалавек, ён збіраў фальклор, цікавіўся этнаграфіяй.


1-ы вядучы.У 1889 годзе Адам Ягоравіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякота, дачкой дробнага чыноўніка. Яна вучылася ў жаночым Аляксандраўскім вучылішчы, затым у жаночай настаўніцкай школе. Вось у такой сям’і нарадзіўся Максім Багдановіч.


2-гі вядучы. У сям’і было чацвёра дзяцей. Першым быў Вадзім, Максім быў другім дзіцём у сям’і, затым былі яшчэ Леў, Ніна.


1-ы вядучы. Адразу пасля нараджэння Максіма сям’я пераехала ў Гродна. Адам Ягоравіч наняў кватэру на ўскраіне горада. (слайд 8)У наваколлі было шмат садоў, поле, блізка лес, рака Нёман. Магчыма гэта прыгажосць паспрыяла таму, што, стаўшы паэтам, Багдановіч стварае цудоўныя прыродаапісальныя вершы. Давайце паслухаем адзін з іх.


( гучыць верш “Зімой”)


Здароў, марозны , звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

І волен лёгкіх санак бег.


Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць.


Вільготны месяц стуль на поле

Празрысты, светлы стоўп спусціў

І рызай срэбнаю раздолле

Снягоў сінеючых пакрыў.


Ўзрывайце ж іх санямі, коні!

Звіні, вясёлых бомаў медзь!

Вакол лятуць бары і гоні,

Ў грудзях пачала кроў кіпець.


(на сцэне - хлопчык і дзяўчынка (вучні 7-га класа)

1-ы вядучы. Максім Багдановіч пражыў у Гродне першыя пяць гадоў свайго жыцця. 4 кастрычніка 1896 года сям’ю Багдановічаў напаткала вялікае гора: памерла маці Марыя Апанасаўна. У хуткім часе памерла і самая маленькая з дзяцей – сястрычка Ніна. Дзяцей стала даглядаць сястра Адама Ягоравіча – Марыя Ягораўна.Яна была добрая, ласкавая. Малы Максім яе вельмі любіў і гэтае пачуццё засталося ў яго на ўсё жыццё.


2-і вядучы. Увосень 1896 года Адам Ягоравіч пакідае Гродна і пераязджае ў Ніжні Ноўгарад, дзе жылі яго стрыечныя сёстры. Вольны час Максім Багдановіч праводзіць у цётак, гуляе са сваімі братамі і сёстрамі. Тут ён чуе беларускія песні, казкі, прыказкі, прымаўкі. Так што першая школа “беларускасці” будучага паэта тут, у яго цётак.


1-ы вядучы. У 1902 годзе Максім паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію, у якой правучыўся 6 гадоў. Тут будучы паэт знаёміўся з беларускай мінуўшчынай, культурай і мовай.


2-і вядучы. Моцным ударам для Максіма стала смерць старэйшага брата Вадзіма, у якога рана выявіліся прыкметы сухотаў. Ён быў яркай асобай, браў удзел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. У хуткім часе страшная хвароба падступіла і да Максіма Багдановіча. Нягледзячы на ўдары лёсу, ён, аднак, не складае рук. Прага паэтычнай дзейнасці апаноўвае яго істоту.


1-ы вядучы. Максім нацэльваецца на актыўную творчасць, стараецца не думаць аб хваробе, шукае адзіноты, бясконца чытае і піша. У гэты час у газеце “Наша ніва” было надрукавана яго апавяданне “Музыка”. Напісанае паводле фальклорных матываў, яно нагадвае верш у прозе. Праца на карысць беларускага адраджэння стала галоўнай мэтай у жыцці Максіма Багдановіча.


2-і вядучы. У 1908 годзе сям’я Багдановічаў параязджае ў Яраслаўль. Максім пераводзіцца ў 6-ы клас Яраслаўскай гімназіі. У гэтым жа годзе ён піша два вершы з цыкла “Мае песні”, а таксама вершы “Ноч”, “На чужыне”, “Прыйдзе вясна “ і іншыя. Паслухайце некаторыя з іх.


(гучаць вершы “На чужыне” і “Прыйдзе вясна”)

На чужыне

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».

Прыйдзе вясна

Холадна. Вецер па полі гуляе,
Вые, як звер,
Снег узрывае, нуду наганяе, -
Кепска цяпер!
Але мне сэрца пяе: не нудзіся!
Прыйдзе вясна!
Гукне: «Прачніся, зямля! прабудзіся
З цяжкага сна!»
Сонца прагляне, зазелянее
Траўка ў лугу,
Гукне вясна і, як ветрам, развее
Гора-нуду!

(на сцэну зноў выходзяць вядучыя-адзінаццацікласнікі)

2-і вядучы. Значнае месца ў лёсе паэта займала сям’я Какуевых. У апошнія гімназічныя гады Максім пасябраваў са сваім аднакласнікам Рафаілам Какуевым. Стаў часта бываць у яго доме, зблізіўся з братам Рафаіла Мікалаем і іх сёстрамі Ганнай і Варварай.

3-і вядучы. Яны займаліся ў жаночай гімназіі, былі прыметнымі дзяўчатамі, асабліва Ганна – зграбная, з тонкім далікатным тварам і глыбокімі цёмнымі вачыма. Знаёмства з Какуевымі, сустрэчы, размовы з Аняй, магчыма, былі лепшымі часамі ў юнацтве Максіма – не вельмі радасным, азмрочаным хваробай. Ёсць меркаванне, што ў славутым рамансе “Зорка Венера” паэтычна ўвасоблена гісторыя кахання Максіма Багдановіча і Ані Какуевай. Упершыню твор быў надрукаваны ў зборніку “Вянок”, калі Аня ўжо выйшла замуж і жыла ў Пецярбургу. Пазней гэты твор быў пакладзены на музыку і цяпер нам вядомы як цудоўная песня. Давайце яе паслухаем.

(Гучыць у запісу песня “Зорка Венера”. На сцэне хлопец і дзяўчына выконваюць танец )


2-і вядучы. Хвароба бярэ сваё. Бацька вязе Максіма на лячэнне ў Ялту. Жыццё сярод крымскай прыроды – асаблівая старонка ў біяграфіі Максіма Багдановіча. Пачынаючы з 1909 года ён наладжвае сталае супрацоўніцтва з “Нашай нівай”.


3-і вядучы. У гэты час у Вільню прыязджае беларускі паэт і крытык Сяргей Палуян. Вершы Багдановіча проста ашаламляюць яго. Купала і Палуян садзейнічаюць таму, каб вершы Максіма Багдановіча часцей друкаваліся ў “Нашай ніве”. У 1911 годзе Максім Багдановіч скончыў гімназію і ўпершыню наведвае Беларусь. На гэты час ён ужо вядомы паэт. Яго вершы друкуюцца ў “Нашай ніве”, рыхтуецца выданне першага паэтычнага зборніка.


2-і вядучы. Прыехаўшы ў Вільню, Максім Багдановіч у першую чаргу завітаў у рэдакцыю газеты “Наша ніва”. А потым паехаў да дзядзькі ў маёнтак Ракуцёўшчына, паблізу Маладзечна, дзе правёў крыху больш за месяц. Гэта быў выдатны час! Паэт дыхаў паветрам роднай Беларусі, бачыў людзей роднага краю, чуў іх гаворку, хадзіў па палях, пералесках.

3-і вядучы. Асабліва моцнае ўражанне засталося ў Максіма ад выдатных помнікаў беларускай культуры: касцёла Святой ганны, Вострай Брамы, дома Якуба Бабіча, дзе была ў 1525 годзе друкарня Скарыны. Браты Луцкевічы паказалі Максіму створаны імі музей бе6ларускіх старажытнасцей. Сярод іншых шэдэўраў там былі славутыя на ўвесь свет слуцкія паясы, пра якія пазней паэт напісаў цудоўны верш “Слуцкія ткачыхі”

(гучыць верш “Слуцкія ткачыхі”)

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна,-

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага ўзора,

Цвяток радзімы васілька.

2-і вядучы. 1911 год драматычны, нават трагічны ў асабістым лёсе паэта. Яго каханая, Ганна Какуева, едзе вучыцца ў Пецярбург, дзе выходзіць замуж. Змірыўшыся з лёсам, Багдановіч паступае ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй.

3-і вядучы. Гады, праведзеныя ў ліцэі, - перыяд росквіту таленту Багдановіча. У 1913 годзе выйшла ў свет першая і адзіная прыжыццёвая кніга вершаў “Вянок”.

2-і вядучы. Але страшная хвароба брала сваё. Здароўе Максіма зноў пагоршылася. Жылося бедна. Тым не менш Багдановіч пасля заканчэння ліцэя вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Станавілася ўсё горш і горш. Сябры сабралі грошы і паслалі Максіма лячыцца ў Ялту.


3-і вядучы. 1917 год. Люты. Ялта. Дом №8 па вуліцы Мікалаеўскай. З успамінаў Максіма Багдановіча: “Пакой быў даволі вялікі, светлы, з відам на мора, на другім паверсе, з асобнай лесвіцай і абсалютна ізаляваны: хоць крычы, хоць грукачы – ніхто не пачуе і не дапаможа. Найлепшае месца, каб паміраць у адзіноце”.


2-і вядучы. Месяц май прынёс цяпло і надзеі, але ён не прынёс палёгкі Максіму Багдановічу ў Ялце. Апошняй ціхай радасцю стала кніга вершаў: ён усё ж дачакаўся свайго “Вянка”. За дзень да смерці Максім Багдановіч напісаў апошнія радкі на вокладцы:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

3-і вядучы. Не стала паэта ў ноч з 24 на 25 мая. Памёр ён у адзіноце, бо сястра міласэрнасці прыходзіла толькі ўдзень, а бацька быў у Сімферопалі. Адам Ягоравіч прыехаў толькі праз 4 дні, калі Максіма ўжо пахавалі. Бацька наняў вартаўніка, каб умацаваць і ўпарадкаваць магілу, пакінуў грошы гаспадыні, каб яна пасадзіла кіпарысы і куст ружаў.

3-і вядучы.Будынак, у якім памёр Багдановіч, цяпер не існуе, яго знеслі. На яго месцы – клуб санаторыя “Ялта”. Ад пальмы, што расла побач, даследчык літаратуры Вячаслаў Рагойша ў 1973 годзе ўзяў два атожылкі і прывёз на Беларусь. Пальмы выраслі, адна з іх знаходзіцца цяпер у Літаратурным музеі ў Мінску.

(на сцэну выходзяць усе вядучыя)

3-і вядучы.

Ён навучыў, здаецца, гаварыць

Па-беларуску нават кіпарысы,

Барвінак на магільніку гарыстым

Ён навучыў, здаецца, гаварыць.

Паўднёва сонца плавіцца ўгары,

Зямля гарачая, нібыта прысак…

Ён навучыў, здаецца, гаварыць

Па-беларуску нават кіпарысы.


2-і вядучы

Я не ўсё, што хацела сказала,

У нашых сэрцах жывеш ты, павер.

І кахання, што знаў гэтак мала,

У цябе вельмі многа цяпер.

1-ы вядучы.

І твае чарадзейныя словы

Даказалі даўно ўсяму свету,

Як пяшчотна гучыць наша мова

У сапраўдных вялікіх паэтаў.


4-ы вядучы.

Беларусы табой ганарацца,

Тут імя тваё дорага ўсім,

І так хораша нам называцца

Землякамі тваімі, Максім.

5-ы вядучы.

Калі паміраюць паэты,

Што ні перад кім не гнуцца,-

У чалавека прасветы

На ўсе вякі застаюцца.

6-ы вядучы.

І ні пры чым тут гены

Што правяць жыццём і светам,

Паэтам няма замены,

Няма замены паэтам


3-і вядучы. Вашай увазе прапануецца ўрывак з апавядання Максіма Багдановіча “Апокрыф”

(міні-пастаноўка паводле апавядання Максіма Багдановіча “Апокрыф”, якое мае форму прытчы, стылізавана пад размову Ісуса Хрыста з святым Пятром і патрабуе чатырох выканаўцаў: ролей Хрыста, Пятра, Гаспадара, чытальніка ад імя аўтара)


Ад аўтара. І мовіў Хрыстос Пятру…

Хрыстос. Ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая яшчэ душа ў народзе гэтым.

Ад аўтара. Тады ізноў сказаў Пётра.

Пётр. Але няхай жа ў песнях будзе страва для душы, няхай будуць думкі добрыя і навучаючыя, каб, апроч красы, быў у іх і спажытак чалавеку.

Ад аўтара. І адказаў яму Хрыстос.

Хрыстос. Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы.

Ад аўтара. І, навучаючы іх, мовіў.

Хрыстос. Агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас. Цяжка працаваў каля яе Гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі. І сказаў ён у сэрцы сваім:

Гаспадар. Хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо паўнаважскія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў. Але яшчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. І таму я не вырву з каранём іх і не выпляню, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.

Ад аўтара. Так казаў Гаспадар у сэрцы сваім! І не падняў ён рукі на васількі.

Хрыстос. Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

Ад аўтара. І, кажучы так, пачуў ён песню жнеек і прамовіў:

Хрыстос. Слухайце, што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб.

Ад аўтара. Яны ж пачулі, што словы той песні кажуць: няма лепш цвяточка ад васілёчка. І далей ужо моўчкі ішлі яны.

І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі след.


Настаўнік

Адзін з герояў твора Максіма Багдановіча сказаў: “Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” Менавіта васільком у жыце беларускай паэзіі быў Максім Багдановіч. Ён асуджаў проста спажывецкія адносіны да жыцця, а ўзносіў мастацтва як сілу, што ўзвышае чалавека. Васілёк – сімвал красы. Вобраз гэтай цудоўнай кветкі праходзіць праз усю творчасць Максіма Багдановіча. Тады зразумела, чаму так многа сімвалічных васількоў на нашым свяце.

Дык хто ж ён, Максім Багдановіч?


( ідзе праца са слайдам, раскрываючы сімвалічны сэнс назваў)


Настаўнік. Асоба Максіма Багдановіча – адзін з цэнтраў духоўнага прыцягнення для нас, беларусаў. Пра гэта яскрава сведчаць шматлікія творы літаратуры і мастацтва, прысвечаныя яму, класіку нашай паэзіі і выдатнаму беларускаму інтэлегенту.

Апошнім акордам нашага свята стане верш Міколы Кавалеўскага “Багдановічу”, напісаны ў гонар памяці паэта. Успомнім яшчэ раз гэта светлае імя і паклонімся яго памяці.


Даруй, Паэт!

Прабач, шаноўны,

што ў вірлівай мітусні

ірвалі з жарам бессаромным

сваёй Айчыны карані!


Такіх сыноў не лішне мела

многапакутная зямля –

то зарастала, то мялела

табой узараная ралля.


Раманс пра Зорку часам пелі,

любілі родны Васілёк,

аднак бяспамяцтва завеі

знішчалі ў сэрцах твой Вянок.


2-і чытальнік


Гублялі мову беларусы,

не адчуваючы бяды –

такіх духоўных землятрусаў

не ўяўляў, напэўна, ты.


Даруй, Змагар!

Прабач, Максіме!

Не кінь нашчадкам крыўдных слоў –

павер, што ім яшчэ па сіле

свядомасць адрадзіць ізноў.

Няхай цябе не раніць скруха,

ад болю вочы не блішчаць:

вясна ідзе, Паэт, паслухай –

яе не сцішыць, не стрымаць.


Спіс літаратуры


1. Андрэеў, Б. Загадка Максіма /Б. Андрэеў//Беларуская мова і літаратура.-1991.-№12.-с. 26

2. Навуменка,І.Я. Максім Багдановіч / І. Я. Навуменка. – Мн. : “Мастацкая літаратура”,1997.

3. Навуменка, І.Я., Мароз, Т.І. Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе / І.Я. Навуменка, Т.І. Мароз. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. – 157 с.


Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconГуа "Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура"
Сямейны радавод”; асацыятыўна-вобразныя малюнкі для разважання – астравы Жорсткасці, Адвагі, Надзеі; шкала дабрыні; мультымедыйная...

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый icon1. Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З. І. Азгура" (далей "Установа") установа агульнай сярэдняй адукацыі, якая з’яўляецца
З. І. Азгура” (далей “Установа”) – установа агульнай сярэдняй адукацыі, якая з’яўляецца навучальнай І выхаваўчай установай, функцыянуе...

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый icon2. Прысвоiць iмя З. I. Азгура Сенненскай сярэдняй школе n 1 I ў далейшым называць яе: Сенненская сярэдняя школа n 1 iмя З. I. Азгура
Мiнiстэрству культуры I мiнскаму гарвыканкому стварыць на базе былой творчай майстэрнi З. I. Азгура ў доме n 4 па Трактарнаму

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconГуа "Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура" Уласная дыдактычная систэма настаўнік беларускай мовы І літаратуры Кучынская Таццяна Сцяпанаўна
Менавіта ў такой асобе– адукаванай, высокамаральнай І крэатыўнай – існуе патрэба ў сучасным грамадстве. Сённяшні дзень прад’яўляе...

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconУпраўленне адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама дуа "Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №1 г п. Рось" Сцэнарый выступлення каманды
Вядучы 1: Вас вітае каманда” Вандроўнікі” Дзяржаўнай установы адукацыя “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа№1 г п. Рось”

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconДуа «Брынё ў ск І дз І цячы сад-сярэдняя школа»
Праграма ІІІ навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў дуа “Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconАўтары даследчай працы: Самафал Арцём Андрэевіч, 10 клас Федарцоў Уладзімір Сяргеевіч, 11 клас Кіраўнік Пушкіна Яніна Аляксандраўна, настаўнік гісторыі І грамадазнаўства дуа "Бобрскі вучэбна-педагогагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа імя А. В. Луначарскага Крупскага раёна" уводзіны
Кіраўнік Пушкіна Яніна Аляксандраўна, настаўнік гісторыі І грамадазнаўства дуа “Бобрскі вучэбна-педагогагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя...

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconДуа "Сярэдняя школа №2 г. Сянно" тэма
Мэты: узнавіць некаторыя звесткі з жыцця І творчасці М. Багдановіча, часу І эпохі, у якую ён жыў, раскрыць актыўную грамадзнскую...

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconУрок ведаў на тэму "Я – беларус! Я ганаруся, што маю гэтае імя…!"
Дуа “Каменскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Лагойскага раёна”

Дуа \"Сярэдняя школа №1 г. Сянно імя З.І. Азгура\" Сцэнарый iconВучэбны план дзяржаўнай установы адукацыі " ліноўская сярэдняя школа" пружанскага раёна на 2012/2013 навучальны год
Тлумачальная запіска па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў дуа “Ліноўская сярэдняя школа” ў адпаведнасці з тыпавымі вучэбнымі планамі...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка