Спампаваць 38.9 Kb.
|
Padb1225abloga Прывітаньне! На сайце «Ініцыятывы» iniciative.org сёньня паведамляецца: “Напярэдадні Калядаў — 24 сьнежня — «Инициатива» адправіла сабраныя каляядныя паштоўкі для палітзьняволеных. Апранутыя Санта-Клаўсамі актывісты прынесьлі да Галоўпаштамту вялізны мех з сабранымі цягам двух тыдняў віншаваньнямі. Большасьць паштовак была напісана простыми людзьмі — мінакамі, якім на вуліцах актывісты «Инициативы» прапаноўвалі такім чынам падтрымаць вязьняў сумленьня. Усяго было адпраўлена каля паўтары тысячы паштовак з Менску, Масквы, Полацку, Бабруйску». Уладзімер Халіп з нагоды пашырэньня Шэнгенскай зоны піша на сайце Хартыі'97 www.charter97.org: «Бывай, Эўропа! Бывай, бабульчын сьціплы бізнэс з блокам цыгарэт пад андаракам! Усё — у мінулым. Яны пайшлі. Мы засталіся. За якія грахі? Хіба ня мы — у цэнтры той самай Эўропы? Хіба ня мы нават раней за немцаў Біблію пераклалі на сваю эўрапейскую мову? Хіба ня мы яшчэ ў 1688 годзе прынялі адну з першых на кантынэньце канстытуцый — Статут Вялікага Княства? У той час, калі шмат хто пра гэта і марыць ня мог. Дык чаму ж сёньня мы — пасынкі Эўропы? Несправядліва. Крыўдна. Немагчыма!» Наведнікі форумаў парталу tut.by абмяркоўваюць дакумэнтальны тэлесэрыял каналу ОНТ пра СССР. Ksardas піша: “Сэрыял пашыты даволі ўдала. Толькі вось перадзёнута ўсё, што толькі можна было. А таксама сьвядомае замаўчваньне нязручных фактаў. Гэты фільм абсалютна кан'юнктурная рэч! Па-першае: выслужыцца перад вярхоўнай адміністрацыяй (зірніце, хто ў цітрах). Па-другое: наперадзе «Тэлевяршыня» і прыз "Праект году" ці Гран-пры». Руссо-Балт: “Глядзеў толькі сэрыю пра ВАВ. Ледзь не заснуў. З сер'ёзнымі тварамі талдычылі агульнавядомыя факты. Без разынкі, карацей. Запомнілася толькі музыка з кампутарнай гульні "Касьмічныя рэйнджары 2". Цікава, а з праваабладальнікамі аўтары фільму грошыкамі падзяліліся?» Тугарин Змей: “Экранізаваны каньспэкт школьнага падручніка гісторыі. Я ў захапленньні ад таго, як ліха аўтар убіў у адну сэрыю пэрыяд ад 33 па 41 год. Гэта капец! Я спадзяваўся, што акцэнт у гэтай кіношцы будзе зроблены ўсё ж на Беларусі... Фіг там! А аб прафэсіяналізьме аўтара сцэнарыю кажа пафасная фраза пра тое, як у 41 годзе савецкія воіны палілі пад Буйнічамі нямецкія «Тыгры» і «Пантэры». vit-31: «Прыкінь: табе на ОНТ выпісваюць камандзіроўку ў Нюрнберг толькі дзеля таго, каб ты паўхвіліны ў кадры засьвяціўся на фоне нямецкіх гарадзкіх пэйзажаў... Характэрнай асаблівасьцю зьяўляецца поўная адсутнасьць рэклямных паўз цягам усяго паказу». Сайт Народных навінаў Віцебску news.vitebsk.cc палохае наступнай навіной: «У Сергучоўскім канале на тэрыторыі Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку ў Лепельскім раёне злавілі паўночнаамэрыканскага панцырнага шчупака ці рыбу-алігатар. Натуральным асяродкам пражываньня для яе зьяўляюцца прэсныя вадаёмы Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыкі. Ад звычайнага шчупака рыба-алігатар адрозьніваецца шчыльнай лускай і галавой, падобнай да галавы алігатара. Драпежнік, які можа дасягаць 2-3, а то і 6 мэтраў у даўжыню, харчуецца іншымі рыбамі і нават дробнымі вадаплаваючымі птушкамі. Ворагаў у яго няма: вантробы і ікра рыбы-алігатара атрутныя». Блогерка almagreta ва ўласным дзёньніку almagreta.livejournal.com высьвятляе падрабязнасьці: “Добра прыдумалі ў МТС: «падарыць» 2008 хвілін унутры сеткі па кошту 10 рублёў. З радасьцю пагадзілася ўдзельнічаць у акцыі «2008». Потым, западозрыўшы, што грошай траціць на званкі пачала больш, унікла ў сутнасьць акцыі. Аказалася, што насамрэч, паслаўшы SMS на 0050, ты атрымліваеш сумніўны «падаруначак» у выглядзе 300 хвілін удзень і 300 уночы на месяц, папярэдне ўжо аплачаных табой па 10 руб. пры актывацыі акцыі (6 тыс. руб. сьпісваюцца з рахунку). Нявыкарыстаныя хвіліны не пераходзяць у лік іншага месяцу і грошы за іх не вяртаюцца. То бок, грошы з рахунку сьпішуць у любым выпадку, а прагаварыць усе гэтыя хвіліны маларэальна, асабліва ноччу. Адмовіцца ад акцыі можна, паслаўшы SMS на нумар 0051, але рэальна адключаць цябе толькі ў канцы бягучага месяца». Сайт generation.by сёньня паведаміў, што ўпершыню да калядных сьвятаў выходзіць відэапраект беларускіх музыкаў. За тры месяцы падрыхтаваны ўнікальны праект — першы беларускі «аганёк» з удзелам рэдкіх гасьцей тэлеэкранаў: “N.R.M.”, “IQ48”, “Neuro Dubel”, “Indiga”, “Крамбамбулі”, “Джамбібум”, “Палацу”, “Крамы”, Зьмітра Вайцюшкевіча і Віктара Шалкевіча. «Сьнежны завулак 8 альбо Незвычайная сустрэча пад Новы год» — гэта сьвяточная атмасфэра, цудоўная музыка, трапныя жарты і віншаваньні вядомых людзей. У навагоднюю ноч паглядзець шоў можна будзе на канале «Belsat”. Адмыслова для праекту Лявон Вольскі напісаў песьню, якую музыкі выканалі разам — «Усё будзе добра». Ужо цяпер на згаданым сайце можна пабачыць фота з некаторымі момантамі здымкаў перадачы. Абяцаная і МР3 –версія новай песьні Лявона Вольскага. На гэтым «Начная аблога» разьвітваецца з вамі. Тут быў Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся! |