Спампаваць 176.75 Kb.
|
Шамякіна Славяна НАПРАМКІ І ПАДЫХОДЫ Ў ДАСЛЕДАВАННІ ЧАРАДЗЕЙНАЙ КАЗКІ Казказнаўства развівалася разам з фалькларыстыкай увогуле, з’яўляючыся адным з самых значных яе раздзелаў. Развіццё фалькларыстыкі і казказнаўства, пачынаючы з часу іх узнікнення, лагічна супадае з развіццём навукі ў цэлым, і гэтыя дысцыпліны на працягу сваёй гісторыі выкарыстоўвалі як свае ўласныя набыткі, так і набыткі іншых навук. І менавіта казказнаўства – адзін з напрамкаў фалькларыстыкі, што найбольш актыўна прыцягвае для сваіх мэт метады, прынцыпы, напрацоўкі з іншых навук. Сказанае вышэй асабліва тычыцца даследавання чарадзейнай казкі. Гэта можа быць абумоўлена наступнымі прычынамі:
Чарадзейная казка – адзін з нешматлікіх жанраў, які залежыць ад ўсіх вышэйназваных прычын адначасова. Вывучэнне чарадзейнай казкі пачалося яшчэ ў ХVІІІ ст. – менавіта да гэтага часу адносяцца першыя спробы збірання тэкстаў казак і іх асэнсавання і вытлумачэння. Аднымі з першых, хто займаўся гэтым, былі, як вядома, славутыя браты Я. і В. Грым. З тых часоў і да нашых дзён з’явілася мноства навуковых напрамкаў, школ, метадаў, праз прызму якіх рабіліся спробы даследаваць чарадзейную казку. Магчыма вылучыць некалькі відаў сістэматызацыі спосабаў вывучэння чарадзейнай казкі, якія склаліся гістарычна.
Наколькі нам вядома, спроб сістэматызаваць звесткі аб напрамках і падыходах у даследаванні чарадзейнай казкі, ва ўсякім разе, у беларускай навуцы, пакуль што не было. На наш погляд, у гэтым ёсць неабходнасць, як у частцы гісторыі вывучэння казкі і фалькларыстыкі як навукі. Дадзеная работа ёсць спроба падобнай сістэматызацыі. Такім чынам, звернемся да напрамкаў ў даследаванні чарадзейнай казкі. Казку магчыма разглядаць як фальклорны жанр; як літаратурны тэкст; як культурны феномен; як частку народных звычаяў; як крыніцу звестак па гісторыі; як матэрыял, у якім адлюстравалася народнае светаўспрыманне; як дэсакралізаваны міф; як тэкст, заснаваны на архетыпах і народнай псіхалогіі, і як адзін са сродкаў сучаснай псіхатэрапіі; як тэкст, складзены на пэўнай нацыянальнай мове; як крыніцу звестак аб данавуковых ведах старажытных людзей. Адпаведна гэтаму казачны матэрыял магчыма разглядаць з пункту гледжання розных навук. Таму мы вылучаем наступныя напрамкі.
Фалькларыстыка – навука аб фальклоры (народнай творчасці). Казказнаўства з’яўляецца адной з галін гэтай навукі. Фальклор як від мастацтва валодае асаблівымі якасцямі, якіх у іншых відаў мастацтва няма. Адпаведна гэтаму, даследчык кіруецца чыста фалькларыстычным напрамкам у даследаванні казкі, калі ён вывучае:
“... найважнейшая заканамернасць фальклорнай творчасці. Варыятыўнасць звязана з адсутнасцю ў фальклоры першапачаткова (спрадвечна) даных, адзіных, замацаваных традыцыяй тэкстаў, спосабаў і форм рэалізацыі задум; фальклорны працэс ідзе пераважна праз вар’іраванне сюжэтных тэм, матываў, сітуацый, тыпавых структур, вобразаў, паэтычнай мовы” [5, С.29]. Наяўнасць у фальклорных, у тым ліку казачных, тэкстах разнастайных варыянтаў і варыяцый – таксама важная спецыфічная рыса фальклору, і іх запіс і вывучэнне маюць вялікае навуковае значэнне.
Прадстаўнікі: У.П. Анікін, К.П. Кабашнікаў, С.Ю. Някдюдаў і інш.
Літаратуразнаўства – навука аб мастацкай літаратуры, яе паходжанні, сутнасці і развіцці. З трох галоўных галін літаратуразнаўства да даследавання чарадзейнай казкі мае дачыненне, у першую чаргу, тэорыя літаратуры, і у некаторай ступені – гісторыя літаратуры. Тэорыя літаратуры даследуе агульныя законы структуры і развіцця прыгожага пісьменства. Прадметам гісторыі літаратуры з’яўляецца мінулае літаратуры як працэс ці як адзін з момантаў гэтага працэсу. Фальклор магчыма разглядаць як першы этап развіцця мастацтва слова, таму яго можна даследаваць у рэчышчы гісторыі літаратуры, у прыватнасці – гістарычнай паэтыкі. У рэчышчы тэорыі літаратуры праходзіць даследаванне такіх вельмі важных для вывучэння чарадзейнай казкі пытанняў, як пытанні аб сюжэтах і матывах, вобразах і вобразнай сістэме, сродках мастацкага выяўлення і г.д., і аб усім, што можа быць звязана з гэтымі паняццямі ў чарадзейнай казцы. Выключная важнасць тэорыі літаратуры для даследавання фальклору доўгі час дазваляла разглядаць фалькларыстыку не як самастойную навуку, а як частку літаратуразнаўства. Напрыклад, Літаратурная энцыклапедыя (1929-1939 гг.) пісала: “...Фалькларыстыка ёсць перш за ўсё частка літаратуразнаўства, а фальклор ёсць частка слоўнага мастацтва” [8]. Але, як мы адзначалі вышэй, ў фалькларыстыцы ёсць такія праблемы, якія не маюць ніякага дачынення да літаратуры. Можна прывесці і іншыя абгрунтаванні неабходнасці размежавання чыста фалькларыстычнага і літаратуразнаўчага напрамкаў у даследаванні чарадзейнай казкі (і фальклору ў цэлым). На нашу думку, калі разглядаць фалькларыстыку як навуку аб вуснай калектыўнай народнай творчасці, а літаратуразнаўства – як навуку аб мастацтве слова, тады атрымліваецца, што фалькларыстыка павінна даследаваць асаблівыя рысы фальклору, фальклор як асаблівы від мастацтва, а літаратуразнаўства даследуе фальклор як частку мастацтва слова. Прадстаўнікі: А.М. Весялоўскі, В.М. Фрэйденберг, Е.М. Меляцінскі, Б.М. Пуцілаў.
“Культуралогія – галіна сацыягуманітарных ведаў; навуковая дысцыпліна пра сутнасць і тыпы культуры; яе сацыяльныя функцыі, заканамернасці і дынаміку гістарычнага развіцця” [6, C.183]. Грунтуючыся на тым, што “фальклор... нельга разглядаць ізалявана ад іншых праяў духоўнай культуры” [8], трэба адзначыць, што вывучэнне фальклору ў цэлым ( і чарадзейнай казкі ў прыватнасці) як культурнага феномена трэба разглядаць як зварот да культуралогіі; падобнае даследаванне будзе весціся з пункту гледжання культуралагічнага напрамку. Сапраўды, фальклор і чарадзейная казка з’яўляюцца часткамі духоўнай культуры, таму іх магчыма даследаваць праз прызму паняццяў фундаментальнай культуралогіі і менавіта на гэтай аснове вывучаць сувязь казкі з іншымі відамі культуры, з разнастайнымі культурнымі феноменамі, у тым ліку матэрыяльнымі, і г.д. Прадстаўнікі: М. Эліадэ, Ю.А. Шылаў.
“Этнаграфія як спецыялізаваная галіна гістарычнай навукі вывучае этнасы-народы, іх культуру і побыт ад старажытных часоў да нашых дзён. Асноўная ўвага надаецца вывучэнню спецыфічных асаблівасцей этнічнай культуры і побыту, а таксама рыс, агульных з іншымі этнасамі” [12, C. 9]. Фалькларыстыка і этнаграфія маюць вельмі шчыльную ўзаемасувязь, таму што абедзве тычацца народнай культуры. Як сказана у Вялікай Савецкай Энцыклапедыі: “З мастацтвазнаўствам і фалькларыстыкай этнаграфію звязвае праблематыка народнай творчасці” [3, Т.30, С.302]. Раней былі спробы разглядаць фалькларыстыку як частку этнаграфіі, а цяпер (асабліва ў заходнееўрапейскай і амерыканскай навуцы), наадварот, назіраецца “тэндэнцыя распаўсюдзіць паняцце “фальклор” на ўсе віды народнай мастацкай творчасці, уключаючы дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, народнае дойлідства” [2, С.5]. Але ў айчыннай навуцы больш прыняты азначэнні фалькларыстыкі як навукі аб вуснай народнай творчасці, а этнаграфіі як народазнаўстве, навуцы аб чалавечых плямёнах і народах, аб іх матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таму трэба адзначаць як адрозненні ў аб’екце і прадмеце гэтых навук, так і з’явы, пры даследаванні якіх фалькларыстыка можа звяртацца за дапамогай да этнаграфіі. Напрыклад, К.П. Кабашнікаў адзначае, што “значная частка фальклорных твораў... звязана з абрадамі. Іх вывучэнне патрабуе добрых ведаў этнаграфіі – навукі, якая займаецца даследаваннем матэрыяльнага і духоўнага быту народа, у прыватнасці пытаннямі паходжання і сутнасці тых ці іншых абрадаў або звычаяў” [2, С.11]. У дачыненні да чарадзейнай казкі ў гэтым плане можна ўспомніць гіпотэзу У.Я. Пропа аб тыпалагічным падабенстве казкі з абрадам ініцыяцыі. Этнаграфічныя даныя і метады выкарыстоўваюцца таксама пры даследаванні, напрыклад, часу і абставін расказвання казак (чым, у прыватнасці, шмат займаўся Д.К. Зяленін); казачных матываў у вышыўках і іншых формах народнага дэкаратыўнага мастацтва (акадэмік Б.А. Рыбакоў у сваёй працы “Язычніцтва старажытнай Русі” выкарыстоўваў гэтыя дадзеныя як адну з крыніц звестак аб старажытнай культуры); “працы” казачнікаў як своеасаблівай групы спецыялістаў па захаванню і расказванню казак і г.д. Падобныя даследаванні скіраваны на вывучэнне народнай культуры і казкі менавіта як часткі народных звычаяў, а таму адносяцца да этнаграфічнага напрамку ў даследаванні чарадзейнай казкі. Трэба зрабіць заўвагу, што сёння назіраецца тэндэнцыя для абазначэння тэарэтычнай дысцыпліны пра народныя звычаі і г.д. часцей выкарыстоўваць тэрмін этналогія, а этнаграфію разглядаць як навуку апісальную. Прадстаўнікі: Н.А. Крынічная, М.І. Талстой, Д.К. Зяленін., Б.А. Рыбакоў.
Гісторыя – “навука аб мінулым чалавецтва або якой-небудзь групы з’яў ці ведаў” [9] “Прадметам гістарычнай навукі стала ўсё канкрэтнае і разнастайнае жыццё грамадства ва ўсіх яго праявах і ў яго гістарычнай пераемнасці, пачынаючы са з’яўлення чалавечага грамадства і да яго сучаснага стану” [3, Т.10, С.576]. Адносіны фальклору і чарадзейнай казкі да гісторыі дваістыя. З аднаго боку, “фальклор, будучы больш старажытным за пісьменную літаратуру і перадаючыся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне, з’яўляецца каштоўнейшай крыніцай для пазнання гісторыі кожнага народа, на якой бы ступені грамадскага развіцця ён ні стаяў” [8]. Такім чынам, з фальклорных, і ў тым ліку казачных, тэкстаў магчыма ў некаторай ступені вылучыць разнастайныя гістарычныя факты: назвы сацыяльных класаў і іх адносіны паміж сабой, назвы прадметаў матэрыяльнай культуры і побыту, звесткі аб гістарычных працэсах і рэаліях і г.д. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што, на думку Мірчэ Эліадэ, гісторыя ў фальклоры міфалагізуецца, і таму атрыманыя звесткі могуць быць у большай ці меньшай ступені скажонымі. З другога боку, разнастайныя з’явы ў казачных тэкстах і самім жанры казкі магчыма растлумачыць, калі звярнуцца да вядомых з іншых крыніц гістарычных рэалій і працэсаў, якія маглі класціся ў аснову тых ці іншых казачных матываў, вобразаў і г.д., а таксама быць прычынай гістарычных відазмяненняў казкі і яе асобных кампанентаў. Прадстаўнікі: У.Я. Проп, В.М. Гацак, А.М. Панчанка, К.П. Кабашнікаў, Е.М. Меляцінскі.
“Філасофія... асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў аб фундаментальных прынцыпах і асновах чалавечага быцця, аб найбольш агульных сутнасных характарыстыках чалавечых адносін да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асноўных праявах. Філасофія імкнецца рацыянальнымі сродкамі стварыць найбольш абагуленую карціну свету і месца чалавека ў ім” [4, C.871]. У старажытных людзей існаваў свой светапогляд і сваё светаўспрыманне, якія адрозніваліся ад нашых сучасных, існавалі асаблівыя погляды на разнастайныя катэгорыі, што з пункту погляду сучаснай навукі з’яўляюцца філасофскімі: быццё, лёс, жыццё і смерць, прастора, час, чалавек і г.д., і існавалі свае маральна-этычныя нормы. У чарадзейных казках захоўваюцца многія веды і паняцці са светапогляду нашых продкаў. Адны з іх ляжаць на паверхні, асабліва гэта тычыцца разнастайных маральна-этычных норм і духоўных каштоўнасцей – казка, як вядома, на працягу многіх стагоддзяў (ці нават тысячагоддзяў) служыла дзейсным сродкам выхавання падрастаючага пакалення. Іншыя выяўляюцца пры дэталёвым аналізе, які грунтуецца на філасофіі як навуцы. На такую магчымасць указвае, напрыклад, доктар філасофскіх навук К. Кедраў: “Многія фундаментальныя паняцці сучаснай касмагоніі, з’яўляючыся прынцыпова новымі, у той жа час у чымсьці адпавядаюць асноўным сэнсам, якія былі выяўлены яшчэ ў фальклоры і ў першабытным мастацтве” [7, C.212]. Такім чынам, філасофскі напрамак да даследавання чарадзейнай казкі разглядае яе як матэрыял, у якім адлюстравана народнае светаўспрыманне, і вывучае: адлюстраванне ў казцы філасофскіх (з сучаснага пункту гледжання) ідэй і поглядаў старажытных людзей на свет і саміх сябе; адлюстраванне агульнага светаўспрымання старажытных людзей; філасофскія катэгорыі ў казках; эстэтыку фальклора ў цэлым і чарадзейнай казкі як яго часткі. Гэты напрамак чамусьці амаль не распрацаваны, але, на нашу думку, вельмі перспектыўны. Прадстаўнікі: Л. Леві-Бруль, Л.Р. Бараг.
Міфалогія ў якасці навукі аб міфах мае працяглую гісторыю ўзаемаадносін з казказнаўствам. Яшчэ ў ХVІІІ ст., як адзначае ВСЭ, “пачала складвацца т.з. міфалагічная школа, якая вытлумачвала міфы як крыніцу нацыянальнай культуры і прыцягвала міфалогію для тлумачэння паходжання і сэнсу з’яў фальклора...” [3, Т.16, С. 341]. Міфалагічная школа з’яўлялася адной з самых значных і уплывовых у гісторыі фалькларыстыкі. У ХХ ст. з’явілася некалькі новых кірункаў, што ў вельмі значнай ступені прыцягваюць міфалогію для аналізу і тлумачэння з’яў фальклору: структуралізм, неаміфалагічная і магічна-рытуалістычная школы. І зараз вельмі ўплывовым і распаўсюджаным у казказнаўстве з’яўляецца метад міфарэстаўрацыі. Сучасная навука часта разглядае казку як дэсакралізаваны міф. Такім чынам, узаемаадносіны чарадзейнай казкі і міфалогіі вельмі глыбокія і разнастайныя. Таму прадметаў даследавання казкі ў рэчышчы міфалагічнага напрамку шмат, напрыклад: сакральнае і містычнае ў казках; сувязь казкі з пэўнай міфалагічнай сістэмай і з міфалогіяй як тыпам светапогляду ўвогуле; містычныя ўяўленні ў казках; казачнае чараўніцтва і магія; фантастычнасць казкі; міфалагічныя прататыпы казачных вобразаў, матываў, дзеянняў, міфалагемы, і г.д. Прадстаўнікі: А.Н. Афанасьеў, Дж.Дж. Фрэзер, Ф.І. Буслаеў, Н.І. Кастамараў, С.В. Максімаў, А.В. Платаў, І.В. Казакова.
“Псіхалогія – гэта навука, якая вывучае працэсы актыўнага адлюстравання чалавекам аб’ектыўнай рэальнасці ў форме адчуванняў, успрыманняў, мыслення, пачуццяў і іншых працэсаў і з’яў псіхікі. Такім чынам, прадметам псіхалогіі з’яўляецца псіхіка” [11, C.6]. “Псіхааналіз... метад псіхатэрапіі і псіхалагічнае вучэнне, якое ставіць у цэнтр увагі несвядомыя псіхічныя працэсы і матывацыі <...> Псіхааналіз у літаратуразнаўстве – спосаб трактоўкі літаратурных твораў з пункту гледжання псіхалагічнага вучэння пра несвядомае <...> Найбольш адэкватна псіхааналіз выкарыстоўваецца ў вывучэнні прадуктаў міфалогіі і “масавай культуры”, дзе свядомае “Я” асобы раствараецца ў несвядомым “Яно” і знішчаюцца ўласна эстэтычныя крытэрыі” [3, Т.21, С. 187-188]. Казку магчыма даследаваць з пункту гледжання праблем як агульнай псіхалогіі, так і псіхааналізу. Да першых адносяцца, напрыклад, псіхалогія персанажаў казкі (цікавым нам падаецца пытанне пра псіхалагічныя якасці асобы ў казках, калі ўлічваць факт своеасаблівай тыпізацыі казачных фальклорных персанажаў, пры якой яны пазбаўлены такой індывідуалізацыі, якая ёсць у персанажаў літаратурных), чытацкае ўспрыманне казак. Да праблем псіхааналізу можна аднесці праявы калектыўнага несвядомага ў казках, наяўнасць архетыпаў; калектыўнасць як фальклорны феномен з пункту гледжання псіхааналізу і інш. У апошні час пачала развівацца такая галіна практычнай (медыцынскай) псіхалогіі як казкатэрапія. Навукоўцы-псіхолагі (напрыклад, Дз.Ю. Сокалаў) даследуюць ўплыў казак на псіхалогію чалавека і на гэтай аснове распрацоўваюць практычныя метады ўздзеяння на псіхіку людзей з дапамогай казачных тэкстаў. Прадстаўнікі: К.Г. Юнг, К.П. Эстэс, Д.Ю. Сокалаў, Х. Дзікман.
Лінгвістыка (мовазнаўства) – навука аб мове. “Асноўным аб’ектам лінгвістыкі з’яўляецца натуральная мова чалавека. Заканамернасці будовы, функцыянавання, развіцця мовы складаюць прадмет навукі аб мове. Гэтыя заканамернасці могуць быць уласцівы асобным канкрэтным мовам ці іх групам...” [10, C.5] Да вывучэння казкі маюць дачыненне асобныя галіны мовазнаўства, якія тычацца тых канкрэтных моў, на якіх напісаны канкрэтныя казачныя тэксты. Такія даследавання маюць вялікае значэнне, “фальклор не можа вывучацца без дапамогі лінгвістыкі, без вывучэння таго дыялекта, той гаворкі, на якіх ствараюцца дадзеныя вусна-паэтычныя творы” [8]. Вывучэнне дыялекта, на якім напісана казка, дапамагае лепшаму раскрыццю яе глыбінных сэнсаў. У сваёй працы “Рэч ў казачным сусвеце” мы выказваем гіпотэзу аб тым, што мова чарадзейнай казкі з’яўляецца не простай дыялектнай мовай, што ў ёй сустракаюцца з’явы, не характэрныя больш ні для якіх сфер выкарыстання мовы. Такім чынам, прымяненне лінгвістыкі да даследавання чарадзейнай казкі прадугледжвае вывучэнне як мовы казкі ў якасці своеасаблівай сістэмы, асаблівасцей мовы казкі, абумоўленых спецыфікай жанру, так і дыялектных рыс ў мове, на якой складзены канкрэтныя казачныя тэксты. Прадстаўнікі: Л.Р. Бараг, В.Н. Тапароў, С.В. Шамякіна.
Семіётыка (семіялогія) – “навука, якая даследуе ўласцівасці знакаў і знакавых сістэм... Вывучэнне так званых “другасных мадэліруючых сістэм” дазваляе выявіць знакавыя сітуацыі ў самых разнастайных галінах культуры” [3, Т.23, С.236, 237]. “Структуралізм у літаратуразнаўстве вывучае слоўнае мастацтва як такую сістэму, элементы якой здольны да інтэграцыі і трансфармацыі... Структуралізм разглядаў літаратуру як камунікатыўны акт з устаноўкай на выяўленне, засяроджваўся на функцыянальных залежнасцях паміж элементамі мастацкага твора, які выступае ў якасці такога іерархічна арганізаванага сістэмнага цэлага, унутраныя сувязі якога могуць быць зведзены да дваічных (бінарных) адносін” [3, Т.24, С. 602]. Семіятычны ці структуралісцкі напрамак прадугледжвае вывучэнне разнастайных элементаў казкі скрозь прызму паняццяў семіётыкі і структуралізму: знакі і знакавыя сістэмы, бінарныя апазіцыі, парадыгмы і сінтагмы і г.д. Напрыклад, вобразы і вобразную сістэму чарадзейнай казкі магчыма разгледзець з пункту погляду семіятычнай канцэпцыі аб знакавай сутнасці вобраза. Самым значным структуралісцкім даследаваннем чарадзейнай казкі, на якое арыентуюцца амаль усе далейшыя, з’яўляецца, як вядома, кніга У.Я. Пропа “Марфалогія чарадзейнай казкі”. Прадстаўнікі: У.Я. Проп, А. Дандес, К. Леві-Строс, Е.С. Новік, І.Л. Тумаркіна.
Чарадзейную казку магчыма таксама даследаваць у рэчышчы разнастайных прыродазнаўчых і грамадазнаўчых навук, напрыклад, сацыялогіі і антрапалогіі. Вывучэнне гераічнага эпасу Сярэднявечча скрозь прызму паняццяў антрапалогіі на сённяшні час даволі развіта і папулярна ў заходняй навуцы. Чарадзейная ж казка пакуль што прыцягвае менш увагі. Тым ні менш і з яе магчыма вылучыць нейкія звесткі, напрыклад, аб тыпах сацыяльных адносін у старажытным грамадстве, аб архаічных формах шлюбу і г.д. Цікавым, але нераспрацаваным з’яўляецца пытанне аб магчымасці вывучэння чарадзейнай казкі ў якасці крыніцы звестак аб данавуковых ведах старажытных людзей. У сваім артыкуле “Чарадзейная казка як матэрыял для рэканструкцыі духоўнай культуры старажытных славянаў” мы прыводзім доказы таго, што ў казках могуць быць пэўным чынам адлюстраваны некаторыя данавуковыя веды, якія маглі існаваць у старажытных славян. Да гэтага ж напрамку можна аднесці гіпатэтычную тэорыю аб суадносінах казачнага светаўспрымання з навуковым. Прадстаўнікі: Б. Маліноўскі. Далей разгледзім падыходы да даследавання чарадзейнай казкі. Трэба адзначыць, што падыходы будуць бінарнымі ці трынарнымі. 1. Пазітыўны / негатыўны падыход. Пазітыўны – даследчык схільны ацэньваць казкі пазітыўна: як разумныя, высокамастацкія творы, якія валодаюць вялікім маральна-выхаваўчым патэнцыялам. Героі – цікавыя, высокія вобразы, дасціпныя, прыгожыя і пад. Негатыўны – даследчык схільны ацэньваць чарадзейную казку і яе элементы негатыўна: як прымітыўныя, устарэлыя творы, якія не здольны ні выклікаць зацікаўленасць у сучаснага чытача, ні чаму-небудзь яго навучыць (ці нават навучыць дрэннаму і негатыўна паўплываць на псіхіку), творы, якія не валодаюць ніякімі каштоўнымі мастацкімі вартасцямі. Герояў трактуюць як дурняў, гультаёў, ні на што не здольных самастойна і пад. 2. Аптымістычны / скептычны / агнастычны падыход. Аптымістычны – усё, што прыхавана ў казцы, што закладзена ў яе старажытнымі людзьмі, паддаецца правільнаму, разумнаму вытлумачэнню, расшыфроўцы, разуменню. Скептычны – магчыма вытлумачыць дадзеныя казкі, але даведацца – наколькі гэтыя трактоўкі правільныя – наўрад ці магчыма. Агнастычны – казкі ствараліся ў такой глыбокай старажытнасці, у настолькі іншым сацыяльна-культурным асяроддзі, аб якім мы так мала ведаем, што ўсякае вытлумачэнне казкі будзе ў цэлым няправільным. 3. Навуковы / абывацельскі падыход. Навуковы – даследчык прытрымліваецца навуковых фактаў у трактоўцы казкі, выкарыстоўвае навуковыя метады даследавання, ужывае тэрміны і г.д. Абывацельскі – магчыма даць трактоўку казак і з пункту гледжання абывацельскай, штодзённай, масавай псіхалогіі. 4. Аб’ектыўны / суб’ектыўны. Аб’ектыўны – даследаванне вядзецца, прытрымліваючыся толькі фактаў, дакладна па тэксце казкі, нікуды не адхіляючыся, абапіраючыся на навуковы падыход. Суб’ектыўны – суб’ектыўная інтэрпрэтацыя на аснове аналізу тэкста. Зробім заўвагу, што, безумоўна, кожнае даследаванне не пазбаўлена суб’ектыўнасці, асоба даследчыка заўсёды накладвае адбітак на яго працу. Гаворка тут ідзе пра галоўную аснову падыходу. У заключэнне трэба адзначыць, што адны напрамкі і падыходы выяўлены ў сусветнай навуцы больш выразна, распрацоўваліся шырэй, іншыя – менш, прадстаўлены ў малой колькасці прац ці, увогуле, фрагментарна. Так, амаль ніхто з даследчыкаў не звяртаўся да прыродазнаўчага і філасофскага напрамкаў, няшмат работ прысвечаны і мове казкі. Падобная сістэматызацыя даных аб навуковых даследаваннях у вобласці казказнаўства можа быць карыснай у наступным:
Литаратура: 1. Аникин В.П. Теория фольклора. Курс лекций. – 2-е изд., доп. – М.: КДУ, 2004. – 432 с. 2. Беларуская вусна-паэтычная творчасць / Кабашнікаў К.П., Ліс А.С., Фядосік А.С. і інш. Падручнік. – Мн.: “Лексіс”, 2000 3. Большая советская энциклопедия (В 30 томах). / Гл. ред. А.М. Прохоров. Изд. 3-е / Статьи: История (Т.10), Мифология (Т.16), Психоанализ (Т.21), Семиотика (Т.23), Структурализм (Т.24), Этнография (Т.30). – М., «Советская Энциклопедия», 1974 – 1978 гг. 4. Большой энциклопедический словарь: философия, социология, религия, эзотеризм, политэкономия / Главн. науч. ред. И сост. С.Ю.Солодовников. - Мн.: МФЦП, 2002. – 1008 с. 5. Восточнославянский фольклор: Слов. науч. и нар. терминологии / Редкол.: К.П.Кабашников (отв. ред.) и др. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 478 с. 6. Дубянецкі Э.С. Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э.С.Дубянецкі; Маст. А.А.Глекаў. – Мн.: БелЭн, 2003. – 384 с.: іл. 7. Кедров К. Параллельные миры. – М.: ООО «АиФ-Принт», 2001. 8. Литературная энциклопедия в 11 томах, 1929-1939. Статья: Фольклор. – По материалам Интернет: http://slovari.yandex.ru/art.xml?art=litenc/leb/leb-7751.htm 9. Малый энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона / История. – По материалам Интернет: http://slovari.yandex.ru/art.xml?art=brokminor/20/20134.html 10. Мечковская Н.Б. и др. Общее языкознание: Сущность и история языка: Учеб. пособие / Н.Б.Мечковская, Б.А.Плотников, А.Е.Супрун; Под общ. ред. А.Е.Супруна. – 2-е изд. перераб. и доп. – Мн.: Высш. шк., 1993. – 287 с.: ил. 11. Талайко С.В. Психология высшей школы: Курс лекций: учеб.-метод. пособие / С.В.Талайко. – 2-е изд. – Мозырь: ООО ИД «Белый ветер», 2006. – 202 с. 12. Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П.Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БелСЭ, 1989. – 575 с.: іл. |
![]() | У. Я. Проп. Неабходна працягваць сістэмнае даследаванне чарадзейнай казкі. У дадзенай працы мы абралі ў якасці прадмета даследавання... | ![]() | Лакалізацыя праславянскай моўнай прасторы І яе структура. Славянская этымалогія І анамастыка. Балтаславянскія моўныя ўзаемасувязі.... |
![]() | Гэта радкі з чарадзейнай казкі "Лалі-Лаль", якую напісала Святлана Міхайлаўна клімковіч, журналістка, пісьменніца, драматург. Выключна... | ![]() | Уступ |
![]() | А. Вераб’ём. Адна з гэтых казак, “Лебядзіны скіт”, упершыню была надрукавана ў другім томе Збору твораў у 8-мі тамах Ул. Караткевіча.... | ![]() | Героя. З другога боку, станы І дзеянні, звязаныя з маёмасцю, з’яўляюцца дынамічнымі, зменлівымі з’явамі, тым, да чаго імкнуцца персанажы... |
![]() | Літаратурная казка, па-сутнасці, бярэ пачатак у казцы народнай, але індывідуальны аўтарскі вымысел, супрацьпастаўлены фальклорнай... | ![]() | Крыніцамі для напісання могуць служыць гістарычныя даследаванні, артыкулы, артыкулы ў газетах, мемуары, матэрыялы музеяў, даследаванні,... |
![]() | Фарміраванне казкі адбывалася яшчэ ў першабытным ладзе, але кожная эпоха накладвала свой адбітак на змест, сістэму вобразаў, структуру... | ![]() | Якуба Коласа, дапамагчы вучням асэнсаваць ідэйны змест казкі жыцця «Хмарка» ў адпаведнасці з эпіграфам, убачыць мастацкую своеасаблівасць... |