Анархістычны рух у беларусі




НазваАнархістычны рух у беларусі
старонка1/3
Дата канвертавання29.10.2012
Памер249.7 Kb.
ТыпДокументы
  1   2   3
ПАЎЛЮК КАНАВАЛЬЧЫК


АНАРХІСТЫЧНЫ РУХ У БЕЛАРУСІ.

10-годзьдзю Фэдэрацыі анархістаў Беларусі прысьвячаецца


Анархізм у Беларусі мае амаль стогадовую гісторыю. Першыя ўзгадкі пра анархістаў на тэрыторыі Беларусі сягаюць да пярэдадня рэвалюцыі 1905-07 гадоў, калі ў шэрагу гарадоў пачалі зьяўляцца першыя анархісцкія гурткі. Будучы напачатку нешматлікімі, анархісты бурна заняліся модным у тыя часы індывідуальным тэрорам. Дзякуючы такой "прапагандзе дзеяньнем", анархізм літаральна за некалькі першых гадоў свайго існаваньня ператварыўся ў даволі шырокі рэвалюцыйны рух, прыцягваючы на свой бок радыкальна думаючых людзей, жадаючых шпурнуць бомбу ў эксплюататараў. Вядомы факт, што анархістам быў і клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч, які ў студэнцкія гады, абчытаўшыся Бакуніна, нават спрабаваў узарваць самаробнай бомбай адміністрацыю роднай гімназіі. Выбухі, замахі, экспрапрыяцыі - усё гэта пра анархістаў ня раз было напісана ў шмат якіх кніжках па гісторыі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Між тым сучасны беларускі анархізм бярэ свой пачатак у гісторыі ня гэтак далёкай, пра якую яшчэ ня пішуць у навуковай літаратуры, але якая адбітая ў памяці многіх нашых сучасьнікаў і мае свой непасрэдны працяг у сёньняшнім дні.

Для пачатку зробім невялічкі экскурс у "застойныя" 70-я гады - час росквіту руху хіпі. Гэтыя непрыкаяныя "дзеці кветак" здолелі супрацьпаставіць савецкай таталітарнай сыстэме сваю "Сыстэму", якая стала для шмат каго з маладых людзей рэальнай жыцьцёвай альтэрнатывай. Менавіта ў асяродзьдзі хіпі й пачалі зьяўляцца першыя анархісты Найноўшага часу. Казаць пра нейкую сур'ёзную анархісцкую дзейнасьць у эпоху магутнасьці КГБ наўрад ці выпадае, і тым ня менш гісторыя памятае прэцэдэнты актыўнага выступу супраць сыстэмы.

У 1972 годзе ў Горадні хіпі ўчынілі антывайсковую пацыфісцкую дэманстрацыю. Для мясцовых уладаў гэта было як навальніца ў пагодны дзень. Войскі і міліцыя ачапілі цэнтар гораду, усе ўдзельнікі акцыі былі арыштаваныя. У далейшым шмат хто зь іх бясьсьледна згінуў у савецкіх псіхушках. Але Гарадзенскі выступ хіпі, які быў першай моладзевай акцыяй непадпарадкаваньня ў Беларусі, да гэтага часу памятаюць многія.

Вядома, нельга сьцьвярджаць, што рух хіпі быў своеасаблівым папярэднікам сучаснага анархістычнага руху ў Беларусі. Аднак некаторыя патлатыя абарванцы 70-х у будучыні возьмуць заўважны ўдзел у яго стварэньні.

З тае пары мінула дастаткова часу і адбылося даволі шмат падзеяў, каб ужо сёньня пачаць пісаць летапіс анархізму ў Беларусі. Немагчыма апісаць усе выхадкі беларускіх анархістаў за апошняе дзесяцігодзьдзе, але найбольш яркія акцыі, што атрымалі грамадзкі рэзананс, варта было б адлюстраваць на паперы ўжо цяпер.

У сувязі з тым, што ўдзельнікі падзеяў, пра якія пойдзе гаворка далей, зьяўляюцца нашымі сучасьнікамі, адмыслова ня ўзгадваюцца іхныя імёны, а таксама некаторыя гісторыі, часам даволі цікавыя, якія былі зьвязаныя з канкрэтнымі асобамі. Пакінем усё гэта на долю будучых навуковых дасьледчыкаў і саміх пэрсанажаў, якія на схіле гадоў падрабязна апішуць іх у сваіх мэмуарах.


ЯК ГАРТАВАЛАСЯ СТАЛЬ


З канца 80-х гадоў на хвалі "перабудовы" і "дэмакратызацыі" па ўсёй былой Краіне Саветаў як грыбы пасьля дажджу пачалі ўзьнікаць разнастайныя палітычныя ініцыятывы, галоўным чынам, дэмакратычнага і нацыянальна-вызвольнага кшталту. На фоне ўсеагульнага захапленьня рознымі забароненымі раней поглядамі ня быў пазбаўлены ўвагі й анархізм. У многіх гарадах тагачаснага "Саўка" стыхійна зьяўляліся групы анархісцкага кірунку: тыя, хто вучыўся ва ўнівэрсытэтах, зачытваліся Бакуніным і Крапоткіным; тыя ж, хто кніжкі чытаць не асабліва любіў, але пёрся ад "Sex Pistols", захапляліся анархізмам на глебе панк-культуры і г.д.

Гэта былі часы, калі анархізм у большасьці людзей асацыяваўся з п'янымі матросамі з гармонікамі ўруччы з савецкіх фільмаў або з ванітуючымі панкамі ў двары. Так ці йнакш, у пачатку 90-х галоўнай формай анархісцкага супраціву дзяржаве было накласьці ля помніка Леніну перад мясцовай адміністрацыяй у Горадні або Магілёве, пасмажыць яешню на Вечным агні ў Менску ды пабухаць пад чырвоным сьцягам на фартах Берасьцейскай крэпасьці-герой. Аднак пра існаваньне анархістаў у Беларусі людзі ўпершыню пачулі не з-за чарговага публічнага засіраньня помніку правадыру рэвалюцыі, а падчас агульнарэспубліканскага страйку ў красавіку 1991 году. Тады гомельская група анархістаў "Барацьба", якая шчыльна супрацоўнічала з маскоўскай Канфэдэрацыяй Анарха-Сындыкалістаў (КАС), арганізавала страйк на тыпаграфскай фабрыцы "Палесдрук" у Гомелі. У той сама час актывісты СМОТ ("Свободное Межпрофессиональное Объединение Трудящихся") то былі шырока прадстаўленыя ў рабочых страйкамах, заявілі сябе ў якасьці анарха-сындыкалістаў і намагаліся стварыць левую альтэрнатыву Свабодным Прафсаюзам. Зьяўленьне ў прэсе першых узгадак пра "нашчадкаў Крапоткіна й Махно" падштурхнула многіх прыхільнікаў анархізму да пошукаў кантакту з аднадумцамі. Гэтаму спрыяла й надыйшоўшая пасьля путчу ў жніўні 1991 году "адліга" ў палітычным жыцьці краіны.

На першым сумесным зьезьдзе менскіх і гомельскіх анархістаў, што адбыўся 1 жніўня 1991 году "на канспіратыўнай кватэры" ў Менску, прысутнічала ўсяго 8 дэлегатаў. Нягледзячы на сваю малую колькасьць, публіка была даволі разнамаснай: прыхільнікі клясычнага крапаткіянства і анарха-сындыкалізму, трызьнячыя маем'68 "новыя левыя", проста панкі, прафэсар унівэрсытэту і нават адзін прадпрымальнік-вэтэран анархістычнага руху 70-х. На гэтым зьезьдзе й было прынятае лёсавырашальнае рашэньне аб стварэньні Фэдэрацыі анархістаў Беларусі (ФАБ).

Ужо зь першых крокаў сумеснай дзейнасьці беларускіх анархістаў стала зразумелым, што выпрацаваць нейкую падрабязную праграму дзеяньняў "па дасягненьні сьветлага анархісцкага заўтра", якая была б абавязковай для ўсіх актывістаў ФАБ, наўрад ці ўдасца. Былі прынятыя агульныя праграмныя прынцыпы, а таксама свабодны дагавор ФАБ, які мае на ўвазе, з аднаго боку, аўтаномнасьць кожнай анархісцкай групы, а зь іншай - салідарнасьць усіх удзельнікаў анархістычнага руху. Да такога рашэньня падштурхоўвала само жыцьцё: анархісты Гомеля й Менску, мякка кажучы, троху адрозьніваліся сваімі поглядамі й мэтадамі дзейнасьці. У Гомелі, дзе анархісцкая група ўтварылася ў 1990 годзе й зьяўляецца першай у Беларусі, больш цікавіліся сацыяльным дзеяньнем, арыентуючыся на канцэпцыі анарха-сындыкалізму. 6 кастрычніка 1992 на Міжнародны дзень барацьбы супраць беспрацоўя гомельскія анархісты правялі несанкцыянаваны мітынг, які скончыўся сутыкненьнямі зь міліцыяй і арыштамі. У тым сама годзе з удзелам анархістаў у Гомелі быў створаны "Саюз Беспрацоўных", арганізоўваліся агітацыйныя кампаніі на прадпрыемствах гораду. Менская група анархістаў аб'ядноўвала галоўным чынам контаркультуршчыкаў і мела большую цікавасьць да рознага кшталту сытуацыянісцкіх акцыяў, чым да рабочага руху. Парасткі менскага анарха-сындыкалізму не дацягнулі й да І зьезду ФАБ: некалькі вядучых актывістаў СМОТ на той час ужо былі звольненыя з заводаў. тым ня менш, сярод беларускіх анархістаў ужо тады зьявілася разуменьне "агульнай справы руху" і неабходнасьць аб'яднаньня па-за ўвагай на тое, якая канкрэтна анархісцкая тэндэнцыя табе больш даспадобы.

Галоўныя акцыі гомельскіх і менскіх анархістаў у той час хоць і праводзіліся ў асноўным па "чырвоных днях календара" (1 мая, 6 кастрычніка, 7 лістапада і інш.), не заставаліся незаўважанымі грамадзтвам. У Гомелі з 1993 пачала выдавацца газэта Анархия - першае анархісцкае выданьне ў Беларусі. Менскія анархісты акрамя таго, што канцэптуальна весяліліся, таксама паспрабавалі сябе ў выдавецкай дзейнасьці, і ў 1994 выйшаў адзіны нумар газэты Чорная вавёрка.

Між тым, час адноснай лібэралізацыі палітычнага й грамадзкага жыцьця ў Беларусі падыйшоў да канца. 1994 год быў годам першых прэзыдэнцкіх выбараў, пасьля якіх пачалося плянамернае закручваньне гаек. Аднак умацаваньне аўтарытарнай дыктатуры прэзыдэнта садзейнічала бурнаму разьвіцьцю разнастайных незалежных ініцыятываў, у т.л. анархісцкіх. Новая беларуская палітычная рэальнасьць стварала й новыя формы супраціву. І што асабліва знакава, менавіта з падачы анархістаў была праведзеная першая масавая акцыя ў часы А.Лукашэнкі.

Акцыя "Дзякуй прэзыдэнту за хлеб і малако", якая адбылася 14 кастрычніка 1994, стала ня толькі першай антыпрэзыдэнцкай маніфэстацыяй, але й першай акцыяй-хэпэнінгам.Каля паўтысячы студэнтаў прайшлося да Дому Ўраду і, расьпіваючы па дарозе з гарла малако і закусваючы батонам, скандзіравалі лёзунгі за здароўе прэзыдэнта. Гэта была ўдзячнасьць за мізэрны дадатак да стыпэндыі, які так і называўся - "на хлеб і малако". Зыходам маніфэстацыі стаў арышт трох яе арганізатараў. Акцыя была праведзеная пад эгідай Свабоднага Прафсаюзу Студэнтаў (СПС), які быў створаны сумесна Задзіночаньнем Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) нацыянальна-дэмакратычнага кшталту і "Левым Студенческим Движением" (ЛСД), ініцыяваным менскімі актывістамі ФАБ.

Пазьней ЛСД праславілася яшчэ адной паліт-хуліганскай прадзелкай. Падчас выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі ў 1995 годзе актывісты ЛСД пачалі шумную кампанію па высоўваньні свайго кандыдата ў дэпутаты і ўзяліся за збор подпісаў. Праграма анархісцкага кандыдата была поўным зьдзекам над практыкай перадвыбарных абяцаньняў палітыкаў. Напрыклад, абяцалася ў выпадку прыходу да ўлады дабівацца генацыду пінгвінаў у Антарктыдзе, перафарбаваць Дом Ураду ў аранжавы колер і інш.


Галоўным канкурэнтам анархістаў па выбарчым участку быў кандыдат ад Партыі Аматараў Піва (ПАП), які адразу ж быў абвінавачаны ў піўным дылетанцтве й выкліканы на піўную дуэль. Як ні дзіўна, выклік "аматарамі піва" быў прыняты. Дуэль адбылася ў піўным бары "Сьвіслач" пры вялікім зборы народу. Былі вызначаныя правілы двубою: ад кожнага боку ўдзельнічала па роўнай колькасьці чалавек; які з бакоў у суме перап'е іншы - той і перамог. Прычым піва для дуэлі прастаўляла ПАП. У выніку анархісты дуэль прайгралі, затое нахаляву напіліся піва.

Тым ня менш, кандыдата ад ЛСД успрынялі ўсур'ёз. Кандыдат ад Партыі Аматараў Піва, баючыся далейшай канкурэнцыі, прапанаваў анархістам грошы за тое, каб тыя не выстаўлялі сваю кандыдатуру. Грошы былі ўзятыя, аднак потым на кожным вуглу анархісты раструбілі пра карупцыю й прадажнасьць выбараў. Выбары па акрузе не адбыліся.

За час свайго існаваньня ЛСД акрамя таго, што ідэйна выпівала, рыхтуючыся да будучых баталіяў, выдала некалькі газэтаў: Сейчас!, Как стать предателем і Бухаровец Белоруссии.

Наогул 1995 год быў даволі ўрадлівым для анархізму ў Беларусі. У гэты год утварылася анархісцкая група ў Горадні, якая стала пазьней адной з найбольш актыўных. Гарадзенскімі анархістамі пачала выдавацца газэта Дура. У 1995 у Менску разгарнула сваю дзейнасьць і антыпартыйная група "Чырвоны Жонд", якая сыграла заўважную ролю ў разьвіцьці анархістычнага руху ў Беларусі.


«ЧЫРВОНАЖОНДАЎСКАЯ ПЯЦІГОДКА»


З пачатку 90-х гадоў існавала шырока вядомая ў вузкіх колах моладзевая арганізацыя нацыянальна-дэмакратычнага кшталту зь нязвыклай назвай "Чырвоны Жонд" . Лішне казаць, чым яна займалася, аднак так ці йнакш да 1994 году арганізацыя зачахла. Яе адраджэньне, а хутчэй перараджэньне адбылося напрыканцы 1994, калі ў склад "Чырвонага Жонду" нечакана ўступіла група таварышаў, заўважаных раней у якасьці шэраговых удзельнікаў акцыі "…За хлеб і малако". "Чырвонае - значыць левае", - думалі таварышы, уступаючы ў шэрагі "Чырвонага Жонду", і ў лютым-сакавіку 1995 не без дапамогі некаторых палітычных прайдзісьветаў зрабілі там сапраўдны пераварот, поўнасьцю перавыбраўшы ўсе кіруючыя пасады. Узурпацыя леварадыкальнымі элемэнтамі "Чырвонага Жонду" прывяла да таго, што ў руках анархістаў апынулася арганізацыя, якая мела афіцыйную рэгістрацыю грамадзкага аб'яднаньня, што адкрывала шырокія магчымасьці для спэкуляцыі сваёй "легальнасьцю".


"Антыпартыйнай групай" "Чырвоны Жонд" стаў называцца вось чаму. Практычна ўсе актыўныя беларускія моладзевыя арганізацыі ўяўлялі сабой крылы "дарослых" палітычных партыяў або актыўна іх падтрымлівалі. "Чырвоны Жонд" стаў першай і адзінай арганізацыяй на "моладзевай" палітычнай сцэне, якая не зьяўлялася прыдаткам якой-небудзь партыі. Заявіўшы аб неабходнасьці фармаваньня моладзьдзю свайго погляду на беларускую рэчаіснасьць, "Чырвоны Жонд" выступаў супраць усіх партыяў, якія толькі маніпулююць моладзьдзю ў сваіх вузкапартыйных інтарэсах.


Першая акцыя, на якой засьвяціўся "Чырвоны Жонд" у сваім новым абліччы - хэпэнінг "Прагулка палітвязьняў вакол рэзыдэнцыі прэзыдэнта", арганізаваны СПС пры актыўным удзеле Партыі Аматараў Піва ў маі 1995 году. Некалькі соцень студэнтаў, выстраіўшыся гуськом рукі за галаву і несучы перад сабой БССР-аўскі сьцяг, абыйшлі рэзыдэнцыю прэзыдэнта, а потым паднялі сьцяг над бліжэйшым грамадзкім туалетам - гэта была рэфлексія на вынікі рэфэрэндуму па пытаньні фактычнага вяртаньня савецкай сымболікі. Акцыя скончылася масавымі арыштамі з дапамогай АМАПу, што было прэцэдэнтам татальных "хапуноў", якія ўвойдуць пазьней у звычайную практыку праваахоўных органаў. Па факту "зьдзеку над дзяржсымболікай" была ўзбуджаная крымінальная справа.


На чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1995 годзе ў Менску каля Дому Ўраду "Чырвоны Жонд" арганізаваў ужо самастойную маніфэстацыю з удзелам гарадзенскіх анархістаў. Акцыя праходзіла пад чырвонымі сьцягамі зь дзіркай на месцы сярпа і молата і транспарантамі "Далоў самадзяржаўе" і "Сьмерць капіталізму". Нягледзячы на ўсю "традыцыйнасьць" лёзунгаў для такога мерапрыемства, 12 удзельнікаў акцыі былі арыштаваныя.

На пачатак 1996 году антыпартыйная група "Чырвоны Жонд" аб'яднала вакол сябе менскіх актывістаў ФАБ, рэшткі ЛСД ды іншыя левыя антыаўтарытарныя элемэнты сталіцы.

Узяўшы за аснову досьвед першых палітычных хэпэнінгаў, "Чырвоны Жонд" стаў актыўна разьвіваць "канцэпцыю рэвалюцыйна-культурнага дзеяньня", на якую аказалі значны ўплыў ідэі Сытуацыянісцкага Інтэрнацыяналу і "новых левых", а таксама дзейнасьць польскай "Аранжавай Альтэрнатывы" (Pomaranczowa Alternatywa). Сэнс канцэпцыі заключаўся ў мастацкай маніпуляцыі грамадзкімі стэрэатыпамі і вобразамі мас-культуры, у выніку чаго "сур'ёзная палітыка" ператваралася ў канцэптуальны сьцёб і вясёлы карнавал. Лёзунгам "Чырвонага Жонду" стала: "Змагайся і адпачывай!"

Акрамя іранізаваньня на тэму палітыкі, "Чырвоны Жонд" займаўся і палітызацыяй мастацтва, у прыватнасьці музычнай контаркультурнай сцэны. 25 лютага 1996 году быў праведзены першы музычны фэст "Раздавім фашысцкую гадзіну", на якім выступалі панк-гурты зь Менску, Горадні, Гомеля і Магілёва. Акрамя заяўленай антыфашыстоўскай тэмы фэсту, які потым праводзіўся штогод, гэта была яшчэ і спроба выцягнуць на сцэну новыя альтэрнатыўныя каманды. Тады ў Менску дэбютавалі гарадзенскі анарха-панк-гурт "Deviation", гурт "Сонца Мао" і інш.

Вясна 1996 году прынесла з сабой адрэналін масавых народных хваляваньняў, у якіх беларускія анархісты ўзялі актыўны ўдзел. У разгар вясновых антыпрэзыдэнцкіх маніфэстацыяў апазыцыі "Чырвоны Жонд" арганізаваў і адну "праўрадавую". 1 красавіка быў арганізваны хэпэнінг "Хросны ход вернападданых да Прэзыдэнцкага палацу". Мэтай акцыі было правесьці несанкцыянаванае шэсьце да рэзыдэнцыі прэзыдэнта пад чырвона-зялёнымі сьцягамі і партрэтамі прэзыдэнта і справакаваць улады да рэпрэсіяў супраць удзельнікаў "ляяльнай да ўраду" дэманстрацыі. У прызначаны час у дворыку акадэмгарадку БДУ сабралося каля сотні ўдзельнікаў акцыі і прэса. На мітынгу "вернападданыя" ўсяляк ухвалялі палітыку прэзыдэнта, выказвалі жаданьне інтэгравацца з Кыргыстанам, "поп Гапон" тым часам бласлаўляў кадзілам прысутную публіку. Але само шэсьце правесьці не ўдалося: міліцыя заблякавала выхады з акадэмгарадку, аднак на больш радыкальныя дзеяньні не наважылася - ніхто з удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі затрыманы ня быў. Гэтая акцыя стала вядомай шырокай публіцы пад назвай "Даеш Ынтыграцыю!".

Падзеі вясны 1996 году радыкалізавалі настроі ў грамадзтве, народ атрымаў досьвед вулічных боек зь міліцыяй і сядзеньня на сутках. Галоўнымі ўдзельнікамі вясновага марафону натуральна былі студэнты, якія ў большасьці сваёй не належылі ні да адной палітычнай партыі. Студэнты атрымлівалі й галоўную порцыю рэпрэсіяў з боку ўладаў. Для арганізацыі моладзевага супраціву міліцэйскаму тэрору актывісты "Чырвонага Жонду" пачалі выпуск газэты Моладзь змагаееца!. Газэта была даволі экстрэмісцкага накірунку і зьмяшчала разнастайныя практычныя парады (напрыклад, як зрабіць "кактэйль Молатава" і інш.) уперамешку з артыкуламі па тэорыі супраціву. Моладзь змагаецца! карысталася агромнай папулярнасьцю сярод палітычна актыўнай моладзі. Усяго ў 1996-97 гадах выйшла 3 нумары газэты й спэцвыпуск.
  1   2   3

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Анархістычны рух у беларусі icon1. Грамадска-палітычны рух у Беларусі напярэдадні І ў час вайны 1812 г. Праекты аднаўлення ВкЛ
Узнікненне І дзейнасць тайных таварыстваў на тэрыторыі Беларусі. Віленская асацыяцыя. Палітычныя І прававыя погляды масонаў

Анархістычны рух у беларусі iconПолісэксуальніцкі рух
Квір-культурніцкі рух І полісэксуальніцкі рух супадаюць у адным: прадстаўнікі абодвух лічуць недапушчальным дыскрымінацыю асобаў...

Анархістычны рух у беларусі iconКалендарний план занять з фізики для слухачів вечірніх підготовчих курсів Центру професійної орієнтації
Шлях І переміщення. Рівномірний І рівноприскорений рух. Відносність руху. Додавання швидкостей. Вільне падіння тіл. Рух тіла, кинутого...

Анархістычны рух у беларусі iconБеларусь у перыяд акупацыі (1941 1944 гг.). Партызанскі І падпольны рух на акупаванай тэрыторыі Беларусі
Пытанне 15. Беларусь у перыяд акупацыі (1941 – 1944 гг.). Партызанскі І падпольны рух на акупаванай тэрыторыі Беларусі

Анархістычны рух у беларусі iconУ перщай палове ХІХ ст на Беларусі, як І ў іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у
У перщай палове ХІХ ст на Беларусі, як І ў іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад...

Анархістычны рух у беларусі iconЯк выглядае футбольны фанацкі рух у Беларусі?
Чаму на стадыёнах мала сьцягоў, хто прыходзіць балець, чым адрозьніваюцца заўзятары ад фантаў, І хто такія футбольныя хуліганы ў...

Анархістычны рух у беларусі icon"Нераўнамерны рух. Рух па акружнасці"
Залежнасць праекцыі паскарэння ад часу пры роўнапаскораным руху паказаны правільна на малюнку

Анархістычны рух у беларусі icon9 клас: "Нераўнамерны рух. Рух па акружнасці"
Залежнасць праекцыі паскарэння ад часу пры роўнапаскораным руху паказаны правільна на малюнку

Анархістычны рух у беларусі iconУ беларусі хутка пашыраецца грамадзкі рух па вяртаньні аднаго з самых старажытных І містычных беларускіх інструмэнтаў дуды (беларускай валынкі)
У беларусі хутка пашыраецца грамадзкі рух па вяртаньні аднаго з самых старажытных І містычных беларускіх інструмэнтаў — дуды (беларускай...

Анархістычны рух у беларусі iconКаляндарна тэматычнае планаванне на 2012/ 2013 навучальны год
Нераўнамерны (пераменны) рух. Сярэдняя скорасць. Самастойная работа па тэме “Раўнамерны прамалі-нейны рух”

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка