Спампаваць 238.99 Kb.
|
![]() МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУЛІКІ БЕЛАРУСЬ Нацыянальны Інстытут адукацыі КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА АНТЫЧНАСЦІ Ў БЕЛАРУСКАЙ І СУСВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ Праграма курса на выбар для Х класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання Мінск 2007 ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА У гісторыі сусветнай культуры антычнай цывілізацыі належыць асаблівае і, бясспрэчна, у многім вызначальнае месца. Антычнасць падаравала свету высокія ўзоры літаратуры і мастацтва, якія вызначаюцца не толькі высакароднай вытанчанасцю і прыгажосцю літаратурных форм, але і арыгінальным бачаннем свету, глыбінёй філасофскай думкі, далікатным эстэтычным мысленнем. Антычнасць успрымаецца сучасным чалавекам як першы вопыт еўрапейскай цывілізацыі, яе пачатковы этап і разам з тым як яе падмурак. Неабходнасць выкарыстання набыткаў антычнасці як важнага зыходнага моманту для станаўлення і развіцця еўрапейскай літаратуры не падлягае сумневу. Да нашых дзён даследчыкі слоўнага мастацтва паважліва ставяцца да твораў антычных аўтараў. Але чаму створаная старажытнымі грэкамі культура прымушае нас зноў звярнуцца да яе. “І ўсё з-за чаго? З-за Гекубы”, калі сказаць гэта словамі шэкспіраўскага Гамлета. Але што нам Гекуба, што мы Гекубе, “каб аб ёй рыдаць?” Тым не менш яе лёс, як лёс Геракла і Праметэя, Ахілеса і Гектара, Антыгоны і Медэі, не абыякавы нам. Бо свет антычнасці — вечны, як само жыццё, ідэальны і гарманічны, як тая крыніца, якая раз-пораз наталяе і наталяе нас некранутасцю, свежасцю, светласцю, вечнай чароўнасцю. Еўрапейская літаратура, а г.зн. і беларуская, была б некалькі іншай, не такой шматаспектнай, калі б не антычная спадчына, якая ўплывала на яе то непасрэдна, то ўскосна, то вельмі моцна, то паслаблена, але бесперапынна на працягу многіх стагоддзяў. Ці мае каштоўнасць для сучаснага чалавека вывучэнне антычнага свету і яго культуры? Адказ на гэтае пытанне можна даць пасля выяўлення ролі і значэння антычнасці ў генезісе і развіці сучаснай літаратуры і культуры. Лепшыя творы антычных аўтараў характарызуюцца пастаноўкай важных палітычных і філасофскіх праблем, гуманістычным пафасам, бязмернай вераў у розум і здольнасці чалавека. Вылучаныя антычнасцю эстэтычныя і маральныя каштоўнасці, ідэі спачування, гуманнасці, агульначалавечай салідарнасці набываюць асаблівае значэнне ў літаратуры Новага часу. Найбольш гэта прыкметна ў еўрапескай літаратуры эпохі Рэнесансу, класіцызму і рамантызму. Як вядома, антычная спадчына пранікла на тэрыторыю Беларусі не па адным, а па двух культурных шляхах — праз Заходнюю Еўропу з дапамогай перакладу з грэчаскай мовы на лацінскую, а пазней — праз Візантыю, Балгарыю і Кіеўскую Русь дзякуючы перакладам на царкоўнаславянскую мову. Значную ролю адыграла антычная літаратура ў станаўленні і развіцці старажытнай і новай беларускай літаратуры, якая часта выкарыстоўвала антычную міфалогію, вобразы, паэтыку. Курс “Культурная спадчына Антычнасці ў беларускай і сусветнай літаратуры” арыентуе сучасных школьнікаў на засваенне эстэтычных, духоўных і маральных каштоўнасцей антычнай культурнай спадчыны сусветнай літаратурнай традыцыяй, пашырае іх ўяўленне аб уплыве антычных матываў, вобразаў, сюжэтаў на станаўленне і далейшае развіццё сусветнай літаратуры. Дапамагае по-новаму паглядзець на многія эстэтычныя феномены, якія вядуць свой генезіс ад класічных антычных традыцый, паглыбляе вывучэнне курса беларускай літаратуры ў кантэксце замежнай, таму ў аснову курса пакладзена праблема ўплыву антычнай спадчыны на заходне-еўрапейскую літаратуру на асноўных этапах яе развіцця, што прадстаўлена імёнамі самых знакамітых паэтаў і драматургаў. У параўнальна-тыпалагічным кантэксце з творчасцю Гамера, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Вергілія, Катула, Авідзія, Гарацыя раскрываюцца творчыя індывідуальнасці такіх знакамітых асоб замежнай і беларускай літаратуры, як Дантэ, Пятрарка, Шэкспір, Францыск Скарына, Ян Вісліцкі, П’ер Рансар, Буало, Гётэ, Міхаіл Карыцкі, Шылер, Мальер, Шэлі, Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін, Мікалай Гогаль, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Максім Танк і многія іншыя. ПРАГРАМА КУРСА34 гадзіны Тэма 1. Уводзіны. Антычная і хрысціянская культура ў эпоху элінізму (2 гадзіны) Паняцце сусветнай літаратуры і антычнасць. Характарыстыка эпохі элінізму. Жанр “Адкрыцця” на мяжы эліністычнай і хрысціянскай культуры як вынік прароцтваў Старога Запавету ў элінізаваным грамадстве. “Пастыр” і яго сувязь з антычнай традыцыяй. Апакаліпсіс Іаана Багаслова і антычныя элементы. Супастаўленне кампазіцыі Адкрыцця Іаана з трагедыяй Сафокла “Цар Эдып”: Сафокл вырашае канфлікт паміж чалавекам і лёсам, праводзячы Эдыпа праз фізічныя пакуты і маральныя выпрабаванні да гармоніі з Сусветам; Іаан прадстаўляе канфлікт паміж Чалавекам і Богам, які праводзіць людзей праз фізічныя пакуты і маральныя выпрабаванні на шляху да вялікай Сусветнай гармоніі. Тэатр Старажытнай Элады як неад’емная частка эліністычнага горада. Тэма 2. Антычнасць і Візантыя (2 гадзіны) Візантыйская культура пад знакам дуалізму антычнай і хрысціянскай традыцый. Візантыйская паэзія ІV — Х стст. і антычныя традыцыі. Антычная біяграфія і візантыйская агіяграфія. Заходне-ўсходні генезіс літаратурных канонаў візантыйскага Сярэднявечча. Грэка-візантыйскі раман. Антычная спадчына ў сярэднявечным рамане. Уплыў антычных форм і традыцый праз пасрэдніцтва літаратуры і культуры Візантыі на літаратуру ўсходніх славян. Антычныя традыцыі ў старажытнай літаратуры ўсходніх славян ў ХІ — VІ стст. Хроніка Іаана Малалы і антычная традыцыя. Антычныя рэфлексіі ў “Слове пра паход Ігаравы”. Антычныя сюжэты ў славяна-рускіх зборніках V — VІ стст. Тэма 3. Роля антычнай спадчыны ў станаўленні і развіцці літаратуры Сярэднявечча (2 гадзіны) Узнікненне лацінскай літаратуры на аснове ўзаемадзеяння хрысціянскай рэлігіі і антычнай мастацкай спадчыны, роля лацінскай мовы як злучальнага звяна паміж старажытнай і новай літаратурай. Этапы развіцця еўрапейскай лацінскай культуры ў яе паступовым набліжэнні з антычнымі традыцыямі (VІ — ХІІ стст.). Уплыў паэзіі Авідзія на развіццё сярэднявечнай лірычнай паэзіі. Літаратура і культура Каралінгскага Адраджэння і антычныя традыцыі. Выкарыстанне антычных міфалагічных сюжэтаў у лацінскіх паэмах (“Александрэіда” Вальтэра Шатыльёнскага і інш.). Антычныя матывы ў паэзіі вагантаў. “Найвышэйшая песня Саламонава” і авідзіянская лірыка — галоўная крыніца любоўнай паэзіі вагантаў. Традыцыі Гарацыя і Ювенала ў сатырычных вершах вагантаў. Рыцарскі раман Сярэднявечча і традыцыі антычнага рамана. Старажытная беларуская літаратура і антычныя традыцыі. Перакладная літаратура і антычнасць. Перакладныя аповесці “Троя” і “Александрыя”. Спісы беларускіх перакладаў “Александрыі”. Тэма 4. Дантэ і антычная літаратура (2 гадзіны) Антычнасць у творчасці Дантэ (1265 — 1321). Аліг’еры Дантэ — “апошні паэт Сярэднявечча і разам з тым першы паэт новага часу”. Фарміраванне светапогляду Дантэ пад уплывам ідэй антычных паэтаў, філосафаў, гісторыкаў (Вергілій, Цыцэрон, Платон, Лівій). Дантаўскія эклогі — першая спроба адраджэння ідылій Феакрыта і буколікаў Вергілія на італьянскай глебе. “Боская камедыя” – філасофска-мастацкі сінтэз культуры Сярэднявечча ў яе спалучэнні з прыгажосцю грэка-рымскай традыцыі. Арыентацыя Дантэ на антычную эпічную традыцыю. Вергілій як увасабленне ідэйна-мастацкіх дасягненняў рымскай літаратуры. Міфалагічныя і гераічныя характары старажытнасці ў “Боскай камедыі”. Вобраз Адысея – абагульнены тып асобы новага часу, яе імкненне да духоўнай свабоды. Пластыка вобразаў Дантэ, іх адзінства з рэлігійна-хрысціянскай сімволікай. Тэма 5. Італьянскае Адраджэнне і антычная культура (3 гадзіны) Уплыў антычных ідэй на фарміраванне філасофска-эстэтычных поглядаў гуманістаў. Класічная старажытнасць Грэцыі і Рыма як крыніца і фундамент італьянскай культуры і літаратуры. Франчэска Пятрарка (1304 – 1379) – заснавальнік новай гуманістычнай культуры. Антычныя традыцыі ў паэтычнай спадчыне Пятраркі. Адраджэнне класічнай латыні. Італьянскія санеты, іх класічная аснова. Эпічная паэма “Афрыка”. Пастушыныя эклогі ў гекзаметрах. Паэтычны свет Пятраркі і лірыка Катула. Антычныя рэмінісцэнцыі, цытаты з антычных паэтаў у санетах Пятраркі. Гармонія антычнага адзінства прыроды і духу ў сузіральнасці канкрэтных пластычных абрысаў зямной прыгажосці (вобраз Лауры). Тэма 6. Антычнасць і эпоха Адраджэння ў Францыі і Англіі (3 гадзіны) Французскае Адраджэнне і антычнасць. Творчасць Ф.Рабле (1494 – 1553) і яго гуманістычныя ідэі. Творчасць сямізорнай Плеяды. “Вучыцца ў старажытных”, – дэвіз “Плеяды”. П’ер Рансар (1524 – 1585) – самы славуты паэт “Плеяды”. Оды Рансара ў традыцыях Піндара і Гарацыя. Уплыў Феакрыта і Вергілія на эклогі Рансара. Рансар і Катул. Анакрэантычныя матывы ў паэзіі Рансара. Англійскае Адраджэнне і антычнасць. Драма як вядучы жанр англійскага Адраджэння. Уплыў Грэцыі і Рыма (праз Плаўта і Сенэку) на фарміраванне асноўных прынцыпаў арганізацыі драматургічнага матэрыялу (структура, мастацтва сюжэта, вершаваная форма). Авідзій і Плутарх як крыніца сюжэтаў для англійскіх драматургаў. Шэкспір і антычнасць. Творы Шэкспіра (1564 – 1616) на антычныя тэмы. Выкарыстанне антычнага матэрыялу ў “рымскіх” трагедыях. Эвалюцыя трагічнага героя ў рымскіх трагедыях Шэкспіра. Аналіз “антычных” трагедый Шэкспіра (“Юлій Цэзар”, “Антоній і Клеапатра”, “Карыалан”). Антычная канцэпцыя кону і тэма лёсу ў Шэкспіра. Вобраз Брута ў “Юліі Цэзары” Шэкспіра і Плутарха. Брут – любімы герой Плутарха. “Варожасць да тыранаў і нянавісць да заганаў” – галоўныя якасці “незвычайнай душы” рымляніна. Плутарх аб гістарычнай місіі Брута. Брут Шэкспіра як носьбіт трагічнага канфлікту. “Трагічная віна” Брута, яе гістарычны і маральны сэнс. Антоній Шэкспіра і Плутарха (па трагедыі “Антоній і Клеапатра”). Тэма 7. Эпоха Рэнесансу ў Старажытным Іране і класічная антычная традыцыя (1 гадзіна) Антычныя традыцыі пра персідскіх магаў. Вучэнне Зараастра. Элементы арэталагічнага жанра ў традыцыі пра Астана і Гістаспа. Класічная фарсімоўная паэзія як аснова іранскага Рэнесансу, які ўзнік у Сярэдняй Азіі і Іране у Х — V стст. “Шах-намэ” Фірдаусі і традыцыі гераічнага эпасу Старажытнай Грэцыі. Тэма 8. Антычныя традыцыі ў беларускай літаратуры эпохі Рэнесансу (3 гадзіны) Эпоха Адраджэння на Беларусі. Гуманістычная аснова дзейнасці Францыска Скарыны. Францыск Скарына і старажытнагрэчаскія філосафы Сакрат, Платон, Арыстоцель. Прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны. Дзейнасць новалацінкіх паэтаў. Мікола Гусоўскі і яго паэма “Песня пра зубра”. Яе творчая гісторыя. Ідэйны змест “Песні пра зубра”. “Песня пра зубра” і “Георгікі” Вергілія. “Песня пра зубра” і “Энеіда” Вергілія. Метрыка, рытміка-інтанацыйны склад паэмы. Ян Вісліцкі. Паэмы “Пруская вайна”. Гуманістычны і патрыятычны пафас твора. Паэма як мастацкі помнік Грунвальду. “Пруская вайна” і традыцыі эпасу Гамера і Вергілія. Вобраз Вітаўта ў паэме. Ягайла і Эней Вергілія. Лацінамоўная літаратура на Беларусі. Развіццё сілабічнай паэзіі на беларускай мове. Працяг традыцый Францыска Скарыны. Укараненне ўзораў антычнага верша на лацінскай мове. Уключэнне беларускіх пісьменнікаў праз латынь у агульнаеўрапейскі літаратурны кантэкст. Узнікненне лацінамоўных тэндэнцый і пазіцый пасля Брэсцкай уніі 1596 г. Андрэй Рымша (каля 1550 – пасля 1595). Вершы-панегірыкі на беларускай мове. Саламон Рысінскі (каля 1560 – 1625), Мікалай Кміцін (1601 – 1632). Вершы і панегірыкі. Тэма 9. Эстэтыка французскага класіцызму і антычнасць (2 гадзіны) Культура антычнасці — абсалютны, пазачасавы ідэал прыгожага для французскага мастацтва ХVІІ ст. Нарматыўнасць эстэтыкі французскага класіцызму, строгае захаванне “вечных і нязменных” законаў розуму і правіл мастацкай творчасці. “Паэтыка” Арыстоцеля і Гарацыя як увасабленне эстэтычнай нормы для мастацтва класіцызму. “Паэтычная мастацтва” Буало (1674) – маніфест французскага класіцызму, які заснаваны на вывучэнні антычнай літаратуры і эстэтыкі. Погляды Буало і асноўныя палажэнні “Паслання да Пізонаў” Гарацыя. “Федра” Расіна і “Іпаліт” Эўрыпіда. Параўнальны аналіз трагедый. Герой Расіна — чалавек саслоўнага грамадства Францыі эпохі абсалютызму, “антычны маскарад” у трагедыі. Новае адраджэнне антычнасці ў Еўропе ў ХVІІІ ст. Нямецкая літаратура і антычнасць. Творчасць Гётэ і Шылера 80 — 90-х гг. ХVІІІ ст. Антычныя ідэі і матывы ў творчасці Шылера. Антычная арыентацыя паэтычнай творчасці Шылера, яго праграмныя вершы (“Багі Грэцыі”) (1788), “Мастакі” (1789). Балады Шылера (“Палікратаў пярсцёнак”, “Івікавы журавы” (1797). Своеасаблівасць апрацоўкі антычнага сюжэта ў баладнай форме. Гётэ і антычнасць. Антычныя паэты (Гамер, Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід, Феакрыт, Калімах, Тыбул, Праперцый) у жыцці Гётэ. Лірычная творчасць паэта: “Рымскія элегіі” (1790), “Венецыянскія эпіграмы” (1970). “Іфігенія ў Таўрыдзе” Гётэ і Эўрыпіда. Сюжэтная аднароднасць і падабенства пабудовы драмы Гётэ і трагедыі Эўрыпіда. Тэма 10. Антычная міфалогія і культура ў беларускай літаратуры позняга Рэнесансу, барока і Асветніцва (2 гадзіны) Уплыў антычнай міфалогіі, літаратуры, філасофіі і культуры на творчасць паэтаў і мысліцеляў Беларусі позняга Рэнесансу і барока М.Сматрыцкага, А.Рымшы, Я.Радвана, М.К.Сарбеўскага, К.Лышчынскага і інш. «Апеляцыя да антычнай культуры» як адзін са спосабаў звароту пісьменнікаў да традыцый, г.зн. да папярэдняга культурна-філасофскага вопыту. Сімяон Полацкі як выдатны знаўца антычнай міфалогіі, гісторыі, філасофіі, літаратуры, рыторыкі і культуры. Арнаментацыйная і стылістычная роля антычнага матэрыялу ў паэтычных творах, прамовах, пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага. Роля антычных рэмінісцэнцый у «Вертаградзе шматкаляровым». Вершаваныя памеры антычнасці ў паэзіі Сімяона Полацкага: першая сапфічная страфа, элегічны дыстых. Станаўленне і развіццё жанру беларускай байкі ў кантэскце сусветнага літаратурнага працэсу: антычныя байкапісцы Эзоп, Федр, Бабрый — С.Полацкі, Ж.Лафантэн, Г.Скаварада, А.Канцямір, А.Сумарокаў, І.Крылоў (17 — пер. пал. ХІХ стст.) — Ф.Багушэвіч, А.Абуховіч, Я.Купала, Я.Колас, К.Крапіва (2-я пал. ХІХ — ХХ ст.). Беларуская літаратура ХVІІІ ст. і антычныя традыцыі. Новае адраджэнне антычнасці ў эпоху Асветніцтва. Заклік асветнікаў да наследавання стылю Цыцэрона ў прозе, паэтаў “Залатога веку” (Вергілія, Гарацыя, Авідзія) — у паэзіі. Міхаіл Карыцкі — лацінамоўны паэт Беларусі эпохі Асветніцтва. Уплыў класіцыстычнай паэтыкі на архітэктоніку вершаў Карыцкага. Іх кампазіцыйная стройнасць і сіметрычнасць, адшліфаванасць формы, рытарызацыя і пампезнасць стылю. Зборнік вершаў Карыцкага “Песні”. Паэма Карыцкага “Птушыны сейм” і антычнасць. Антычная спадчына ў творчасці Уршулі Радзівіл. Траянскі міф у творчасці Ф.У.Радзівіл і Я.Каханоўскага. Антычнасць на Украіне. Р.С.Скаварада (ХVІІІ ст.) і Эпікур. Антычная міфалогія ў творчасці Р.С.Скаварады (міф пра Нарцыса, міф пра Эдыпа і Сфінкса). Жанравая прырода філасофскіх дыялогаў Скаварады 80-х гг. Інтэрпрэтацыя гарацыянскага прынцыпа “залатой сярэдзіны” ў паэтычнай творчасці Скаварады. Тэма 11. Эпоха рамантызму і Антычнасць (2 гадзіны) Рамантызм і антычнасць. Прырода рамантызму ў яго адносінах з антычнымі ідэямі. Рамантычныя тэндэнцыі ў антычнай літаратуры. Філасофская і тэарэтычная аснова нямецкага рамантызму. Старажытнагрэчаскі свет і паэзія Гёльдэрліна. Антычныя вершаваныя жанры і формы Гёльдэрліна (оды, дыфірамбы, пасланні, ідыліі). Рамантычная эстэтыка Шэлі. Антычныя ідэі ў творчасці паэта. Паэма “Элада”. Рамантычная напоўненасць міфалагічных вобразаў у паэзіі Шэлі. Філасофская сімволіка міфалагічных вобразаў Шэлі: “Гімн Апалона” (1820), “Гімн Пана” (1820), “Адонаіс” (1821) і інш. Аптымістычныя сучасныя ўтопіі Шэлі: (“Вызвалены Праметэй” (1819) — зварот да антычнай Элады; (“Элада” (1821) — погляд на сучасную Грэцыю. Грандыёзнасць і маштабнасць рамантычнай сімволікі Шэлі, яе сусветны, класічны размах. Антычны ўплыў на развіццё французскай літаратуры другой паловы 19 ст. “Парнас” і грэка-рымскі свет. Творчая лабараторыя парнаскай школы, яе эстэтычная праграма. Тэафіль Гацье (1811 — 1872) як тэарэтык парнаскай школы. Абгрунтаванне тэорыі “мастацтва для мастацтва”. Тэма 12. Антычнасць у рускай літаратуры 18 — першай паловы 19 стст. (2 гадзіны) Другая палова ХVІІІ — пачатак ХІХ ст. — час фарміравання развіцця рускай нацыянальнай літаратуры, дзе вялікая роля належыць засваенню вопыта антычнай культуры. Антычнасць і фарміраванне катэгорыі трагічнага ў рускай эстэтыцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў. Гісторыка-літаратурны працэс і працэсы, якія фарміруюць філасофскую і эстэтычную думку Расіі ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў – з’явы складаныя на ўсіх этапах развіцця, што выклікае ў даследчыкаў розныя меркаванні аб характары класіцызму, сентыменталізму, Асветніцтва і іншых з’яў, якія маюць паралелі ў заходнееўрапейскай літаратуры. Антычнасць у паэзіі класіцызму і сентыменталізму. А.П.Сумарокаў (1717 – 1777) і антычныя міфалагічныя вобразы. М.В. Ламаносаў (1711 – 1765) і цыкл яго вершаў “Размова з Анакрэонам”. Паэзія Гамера і Піндара як узор для пераймання. Піндар, Гарацый, Анакрэонт у творчасці Г.Р.Дзяржавіна (1743 — 1816). М.М.Карамзін (1766 – 1826) і антычнасць. Традыцыі Гамера, Феакрыта і Вергілія ў творчасці Карамзіна. Антычнасць у паэзіі ранняга рамантызму. В.А.Жукоўскі (1783 – 1832) і антычнасць. Антычныя матывы ў паэзіі К.М.Бацюшкава (1787 – 1855). Грамадзянскі рамантызм. Паэты-дзекабрысты (Кюхельбекер, Бестужаў, Рылееў) і антычнасць. Паэты архаічнай школы Старажытнай Грэцыі ў творчасці паэтаў-дзекабрыстаў. Эстэтычна-жыццёвы сэнс антычнай сімволікі Аляксандра Пушкіна. Антычныя матывы ў паэзіі А.С.Пушкіна. Пушкін і Гарацый. Пушкін і Авідзій. Верш “Да Авідзія”. Крыніцы легенды пра Авідзія ў “Цыганах” Пушкіна. Антычнасць у анакрэатычнай лірыцы паэтаў пушкінскага кола. Антычнасць у філасофскай лірыцы Я.А.Баратынскага і ў ідыліях А.А.Дэльвіга. Традыцыі антычнасці ў мастацкім свеце М.В.Гогаля. “Архаічныя элемены ў сюжэтна-жанравай структуры камедыі “Рэвізор” (Гогаль і Арыстафан). Эстэтычныя асновы і структурная тыпалогія камедыйнага жанру Арыстафана і Гогаля. Сродкі і прыёмы стварэння камізму ў камедыях Арыстафана і ў “Рэвізоры”. Трагічнае і камічнае ў камедыі “Рэвізор”: архаічны сінкрэтызм і гогалеўскі сінтэз. “Міргарад” Гогаля і “Параўнальныя жыццяпісы” Плутарха: праблемы паэтыкі. Прынцыпы напісання кампазіцыйных і сюжэтных паралеляў ў структуры “Міргарада”. Праблема антычных рэмінісцэнцый у паэтыцы “Міргарада”. Традыцыі антычнага эпасу (“Адысея” Гамера, “Энеіда” Вергілія ў паэме Гогаля “Мертвыя душы”. Эпічная тапалогія: царства мёртвых (Манілаў – сірэны, латафагі; Каробачка – Кірка, Каліпса), Сабакевіч і Наздроў – Сцыла і Харыбда, ці “дэструктыўныя” персанажы — лестрыгоны, цыклоп; Плюшкін – Харон). Структура сюжэта паэмы “Мёртвыя душы” і антычная эпічная традыцыя. Тыпалогія героя: Чычыкаў – “чалавек выпадку” і “чалавек лёсу”. Вобраз галоўнага героя паэмы Гогаля ў кантэксце антычных асацыяцый. Тэма 13. Мастацкі свет антычнасці ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя (2 гадзіны) Антычныя матывы і вобразы ў творчасці Яна Баршчэўскага. Кніга Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” і антычная традыцыя. Антычная і беларуская міфалогія ў творы. Водгукі антычнасці ў творчасці Яна Чачота. Ян Чачот і анакрэатычныя матывы. Антычныя імёны, вобразы, сюжэты ў паэзіі Яна Чачота. Польскамоўныя творы Яна Чачота на антычныя тэмы. Лірычная сцэнка “Сафо”. Паэма “Тыртэй”. Вадэвіль “Апалон на калядаванні”. Адам Міцкевіч і антычнасць. Адам Міцкевіч як прадаўжальнік арфічнай традыцыі, заснаванай міфалагічным Арфеем. “Ода да маладосці”, “Да Д.Д.”. Міцкевіч і Гарацый. Мастацкі свет санетаў Міцкевіча. Вобраз “каханай пані” і “пілігрыма” ў інтэрпрэтацыі паэта-рамантыка. Марыля Верашчака – наднёманская Лаура Міцкевіча. Спакуслівае аблічча Данаід. Арфічныя матывы паэзіі Уладзіслава Сыракомлі, Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны. “Лірнік вясковы” Сыракомлі як твор пра чароўную музыку і чарадзея лірніка, сялянскага Арфея, што на ўзроўні сімвалічных сэнсаў пазначае вобраз творцы беларускай адраджэнскай паэзіі. Верш Сыракомлі “Авідзій на Палессі”. Беларускае паданне аб высылцы Авідзія на землі, якія пазней былі заселены славянамі. Антычныя рэмінісцэнцыі ў беларускіх паэмах 19 стагоддзя “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Паэма “Энеіда навыварат” як твор травестацыйны і яе месца ў еўрапескай і славянскай травестацыйнай літаратуры 18 — 19 стст. Героі беларускай паэмы і героі “Энеіды” Вергілія. Ідэйны змест і мастацкія вартасці “Энеіды навыварат” і першай песні “Энеіды” Вергілія. “Энеіда” Вергілія як узор “Генрыяды” Вальтэра, “Месіяды” Клапштока, “Расіяды” Хераскава. Антычныя вобразы ў паэме “Тарас на Парнасе”. Каларыт іроі-камічнага ў паэме. Рэалізм твора. Сюжэт, кампазіцыя, паэтычная дэталь у паэме. Тэма 14. Творчасць Максіма Багдановіча як новы этап засваення антычных матываў у беларускай літаратуры (2 гадзіны) Максім Багдановіч — перакладчык Гарацыя і Авідзія. “Памятнік” Гарацыя ў перакладзе Максіма Багдановіча. Параўнанне з перакладамі Ламаносава, Дзяржавіна, Пушкіна, Фета. Авідзій у перакладах Багдановіча. Міф пра Дзедала і Ікара. Значэнне перакладаў Максіма Багдановіча з антычнасці. Уплыў антычнай паэтыкі на паэзію Максіма Багдановіча. Александрыйскі верш. Элегічны дыстых. Пентаметры. Анакрэатычныя матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча. Рымскі паэт-неатэрык Гай Валерый Катул і Максім Багдановіч. Эстэтычны арыенцір беларускага паэта на мастацкія сродкі, літаратурныя прыёмы, тэмы катулаўскай лірыкі, яе параметраў і жанравых форм. Тыпалагічнае параўнанне зборніка Максіма Багдановіча “Вянок” і зборніка Катула “Лірыка”. Інтэрпрэтацыя антычнай міфалогіі ў паэтычнай спадчыне Максіма Багдановіча. Верш “Бура”, “Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя”. “Ліст да п.В.Ластоўскага”, “Вераніка” і інш. Тэма 15. Традыцыі антычнага эпасу ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля” (2 гадзіны) Паэма Якуба Коласа “Новая зямля” і традыцыі антычнага эпасу (“Адысея” Гамера, “Работы і дні” Гесіёда, “Георгікі” і “Буколікі” Вергілія). Духоўная лучнасць Міхала з родным краем. Сялянская праца ў Гесіёда — дзеля павагі і ласкі Багоў. У Вергілія — дзеля развіцця чалавекам здольнасцяў і спасціжэння правілаў Божага ладу ў свеце. Прызначэнне чалавечай працы ў Я.Коласа. Яе хрысціянская філасофія. Чалавечая праца як інтэгральная частка місіі чалавека. Разуменне Міхалам асноўнага прызначэння чалавечага жыцця. Смерць пераможанага хваробай Міхала, але не пераможанага ў сваім Боскім прызначэнні, дзеля чаго і пасланыя людзі — “будаваць зямлю”. Параўнанне Міхала з героем трагедыі Сафокла “Цар Эдып”. Апошні шлях Эдыпа — шлях пераможанага, але незламанага і незалежнага чалавека. Тэма 16. Матыў праметэеўскага агню ў літаратуры: беларускі кантэкст ( 2 гадзіны) Праблема праметэеўскага подзвігу ў сусветнай і беларускай літаратуры. Канцэпцыя Праметэя як паборніка розуму і цывілазацыі пачынаецца з Эсхіла. Міф пра Тытана-Праметэя і трагедыя Эсхіла “Прыкуты Праметэй”. Вобраз Праметэя — гэта абагульнены сімвал свабоды, сімвал пратэсту супраць прыгнечання, сімвал барацьбы з несправядлівасцю, насіллем. Гётэ і яго драматычная паэма “Праметэй”. Паказ героя-бунтара ў Байрана і Шэлі. Праметэй у творчасці паэтаў-дзекабрыстаў і Аляксандра Пушкіна. Узвышаная і гераічная канцэпцыя вобраза Праметэя ў вершах Я.Журбы, У.Жылкі, К.Крапівы, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш. Мастацкая інтэпрэтацыя вобраза Праметэя і сімвал агню ў творчасці М.Танка, П.Панчанкі, А.Бачылы, А.Звонака і інш. Трактоўка вобраза Праметэя ў варыяцыі на тэму “Гефест — друг Праметэя” А.Вярцінскага. Вобраз Праметэя і сімвал яго агню па сіле і глыбіні абагульнення з’яўляецца ў літаратуры і культуры сапраўды філасофскім. Праметэй — “самы высакародны святы і пакутнік у філасофскім календары”. Прагназуемыя вынікі У працэсе навучання вучні павінны авалодаць наступнымі ведамі:
У працэсе авалодання ведамі выпрацоўваюцца наступныя ўменні вучняў:
АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ ВЫВУЧЭННЯ КУРСА Вынікі курса павінны выявіцца ў разуменні і вызначэнні вучнямі мастацкага метаду, паэтыкі, жанравай спецыфікі, сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, вобразаў і матываў антычнасці ў беларускай і сусветнай літаратуры, што можа быць рэалізавана ў падрыхтоўцы і напісанні рэфератаў, дакладаў і паведамленняў (гл. дадатак № 1). Рэкамендаваная літаратура
Дадатак 1 Тэмы рэфератаў, дакладаў, паведамленняў
|
![]() | Дэпартамент гісторыі І бакалаўрская праграма "Культурная спадчына І турызм" Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта праводзяць навукова-практычны... | ![]() | Вось І вырашылі мы на савеце аматарскага аб’яднання “Спадчына” стварыць віртуальны музей “Спадчына” |
![]() | ![]() | У курсе ажыццяўляецца задавальненне пазнавальных інтарэсаў вучняў: разглядаюцца асаблівасці геаграфічнага месцазнаходжання раёна,... | |
![]() | Культурная дыпламатыя непарыўна звязана са ставэннем пазітыўнага іміджу дзяржавы на міжнароднай арэне. Праблема стварэння пазітыўнага... | ![]() | Спадчына! Якое простае слова І які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Цяжка ўявіць сябе чалавекам без... |
![]() | ![]() | Культурная (еўрапейская І сусветная) традыцыя — мастацкая, літаратурная, філасофская — звязана галоўным чынам з алімпійскай міфалогіяй,... | |
![]() | ![]() | За нацыянальнае аблічча мовы (Тэарэтычная спадчына І творчая практыка У. Дубоўкі) |