Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну




НазваНаталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну
Дата канвертавання05.02.2013
Памер68.84 Kb.
ТыпДокументы
Наталля Ламека


ДЖЭЙМС ДЖОЙС, ІГАР БАБКОЎ:
У ЛАБІРЫНЦЕ РЭАЛЬНАСЦІ І СНУ



Першая палова ХХ стагоддзя адметная станаўленнем і росквітам мадэрнізму – мастацтва, арыентаванага на смелы эксперымент, адкрытасць у адносінах да іншых тэкстаў, абнаўленне паэтыкі, пошук спецыфічнага дыскурсу, новай мовы, здольнай адлюстраваць дысгармонію і абсурднасць быцця і змадэляваць сваю альтэрнатыўную эстэтычную рэальнасць. Адным з літаратурных сімвалаў эпохі стаў Джэймс Джойс, мастацкая спадчына якога пераадольвае межы класічнага мадэрнізму, радыкальна змяняе ўяўленні пра сутнасць і магчымасці словатворчасці, закладвае асновы сучаснага постмадэрнісцкага мастацтва.

Ключавая рыса эстэтыкі Джойса – сінкрэтызм, універсалізм; яго тэксты не проста літаратурныя творы. Пісьменнік выкарыстоўвае прыёмы і метады з іншых відаў мастацтва, звяртаецца да канцэптуальных ідэй розных філасофскіх сістэм, дасягненняў у сферы псіхалогіі, медыцыны, натуральных навук. Мадэляванне “плыні свядомасці”, структураванне тэксту паводле канонаў музычнага твора, глыбокая архітэктурная выверанасць кампазіцыі, пластычнасць і маляўнічасць слова, кінематаграфічны мантаж, калаж, канструяванне гібрыдных лексем на аснове марфем з розных моў – толькі некаторыя дасягненні паэтыкі аўтара, сёння шырока распаўсюджаныя ў літаратурнай практыцы. Не дзіва, што эксперыментальная проза Джойса трапіла ў фокус даследавання не толькі літаратуразнаўцаў, але і філосафаў, псіхолагаў, культуролагаў. Цікавая яна і з пункту гледжання натуральных навук: тэксты аўтара ўяўляюць унікальны міні-сусвет, аналагічны па сваіх структурных характарыстыках астрафізічнаму універсуму.

Сусветную славу прынеслі Джойсу раманы, якія сталі класікай мадэрнісцкай літаратуры. У “Партрэце мастака ў юнацтве” рысы новага мастацтва толькі акрэсліваюцца, “евангелле мадэрнізму” “Уліс” – краевугольны камень ў развіцці сучаснай літаратуры, у “Памінках па Фінегане” Джойс разбурае каноны і крытэрыі літаратуры, звыклую сістэму паэтыкі, цалкам змяняе мадэль гісторыі і хранатоп, канцэпцыю асобы, канструюе зусім новую мову. Гэта адзін з самых эзатэрычных тэкстаў сусветнай літаратуры. Па маштабе эксперыменту ён не мае аналагаў. Мастацкая стратэгія аўтара – унікальная, але высокі ўзровень сэнсавай нагрузкі і разнастайнасць тропаў у прозе Джойса абумоўліваюць яе сугучнасць вялікай колькасці твораў сучаснай культуры.

Паэтыка снабачання, культуралагічная насычанасць, аперыраванне шматлікімі алюзіямі – прыкметы мастацкай манеры Джойса, якія знаходзяць свой працяг у творчасці многіх аўтараў. Сярод беларускіх у гэтым сэнсе асобнае месца належыць філосафу і пісьменніку Ігару Бабкову. Так, яго раман-містыфікацыя “Адам Клакоцкі і яго цені” задуманы як своеасаблівая міні-энцыклапедыя снабачанняў, створаная заснавальнікам Беларускага Архіва Сноў Янам Адамам Марыяй Клакоцкім. Напрыканцы жыцця вучоны ўсё больш упэўніваўся ў тым, што яго існаванне – абсурдны сон даўжынёй у жыццё, абуджэнне ад якога, магчыма, прыходзіць за парогам зямнога быцця. У творы відавочна алюзія на знакамітую метафару “жыццё як сон”, выкарыстаную яшчэ ў эпоху Новага часу, напрыклад, Педра Кальдэронам у яго аднайменнай п’есе. Цікавая дэталь, што Клакоцкі, які сістэматызаваў велізарную колькасць чужых снабачанняў, сам ніколі не бачыў сноў. На сюжэтным узроўні дадзены аўтарскі ход аналагічны ходу нямецкага пісьменніка Патрыка Зюскінда, які стварыў у рамане “Парфюмер” вобраз забойцы-парфюмера Жана-Баціста Грэнуя, што не меў уласных пахаў. Акрамя таго, апантанасць беларускага асветніка калекцыянаваннем сноў блізкая эксперыменту Грэнуя: абодва героі робяць спробу дотыку да нематэрыяльнага. Самі ж яны ўяўляюцца ўвасабленнямі нейкай універсальнай сілы: пазбаўлены пахаў Грэнуй успрымаецца як Д’ябал, у той час як Бабкоў іранічна згадвае гіпотэзу пра тое, што Адам Клакоцкі – адно з імён Бога. У дадзеным выпадку прыгадваецца і канцэпцыя асобы ў раманах Джойса “Уліс” і “Памінкі па Фінегане”. Герой першага твора, дублінскі рэкламны агент Леапольд Блум – сучасны Адысей, “Кожны-і-Ніхто”, у 15-м эпізодзе перажывае шэраг трансфармацый, у тым ліку ператвараецца ў Месію. І нягледзячы на тое, што ў іпастасі Хрыста Блум – істота камічная, пародыя на звышасобу, відавочнае імкненне аўтара падкрэсліць у чалавеку боскі пачатак. Тым не менш Леапольд адначасова ўспрымаецца і як д’ябал, у ім спалучаюцца анёльскае і інфернальнае.

Філасофскія ідэі Адама аб трансляцыі традыцыйных культурных кодаў з дапамогай сну – фактычна парафраз вучэння Карла-Густава Юнга аб архетыпах у калектыўным бессвядомым. Фальклор, што разглядаецца Клакоцкім як калектыўны сон, – скарбонка вялікай колькасці вобразаў, матываў, сюжэтаў, якія стагоддзямі перадаваліся ў народных паданнях. Відавочная паралель з “Памінкамі па Фінегане”: як і Джойс, Бабкоў уводзіць чытача ў прастору тэксту, дзе знікаюць межы рэальнасці і сну. Невыпадкова ў рамане Джойса велізарную ролю мае міфалагічны кампанент: легендарны воін-паляўнічы Фін, просты чэпелізодскі карчмар Іэрвікер, а таксама ўсе астатнія героі бачаць агульны грандыёзны сон, у якім актуалізуецца незлічоная колькасць культурных універсалій і ўспамінаў пра падзеі з асабістага жыцця многіх людзей. Так і ў творы Бабкова немагчыма даць адназначны адказ, ці з’яўляюцца адлюстраваныя рэаліі артыкуламі з “Універсальнай энцыклапедыі сноў”, фрагментамі рэчаіснасці, ці адзіным візіянерскім сном самога Клакоцкага, які распавядае пра будучую гісторыю.

Як непасрэдны папярэднік постмдэрнізму Джойс стварае поліфанічны раман, у якім амаль немагчыма вызначыць прыярытэтныя тэмы, ключавыя матывы. “Памінкі па Фінегане” – сінергетычны па сваёй прыродзе твор, прынцыпова адкрыты ў прастору вялікай колькасці іншых тэкстаў культуры. Найбольш дакладнае вызначэнне яго прасторавай арганізацыі – рызома. У адрозненне ад “Уліса”, які мае стрыжнявую структуру, апошні раман уяўляе велізарнае плато з мноствам “карэньчыкаў”: выхапленых момантаў быцця, вобразаў, ідэй, семантык, якія аднолькава значныя ў арганічным адзінстве тэксту. Гэта ўзор дэцэнтраванай прасторы, дзе практычна элімінуюцца апазіцыі цэнтра/перыферыі, галоўнага/даданага, верху/нізу і г.д. Нягледзячы на тое, што галоўная сюжэтная лінія звязана з сям’ёй Іэрвікераў, можна сцвярджаць, што пры інтэрпрэтацыі любы матыў здольны набыць статус цэнтральнага, трапіць у фокус даследавання. Усё залежыць ад выпадку, ад волі канкрэтнага рэцыпіента. Так, Джойс прадугадвае новую філасофію, новы тып мастацкай творчасці. З рамана Бабкова вынікае, што Адам Клакоцкі таксама апярэдзіў свой час, па сваім складзе мыслення гэта адзін з першых постмадэрністаў, бо “ён ня верыў ані ў глыбіні, ані ў унівэрсальнасьць, ані ў агульначалавечыя праўды. Ён настойваў, што любое падваеньне сьвету – на глыбіні й паверхні, праўды й няпраўды, сутнасьці й вонкавасьці – непатрэбная даніна маніхэйскім ілюзіям, і за адной паверхняй папросту пачынаецца другая, за другой трэцяя і гэтак далей: уся вычварнасьць гэтай думкі не адмяняе саму магчымасьць” [1, с. 53].

Хранатоп рамана Бабкова мае падабенства з прасторава-часавай арганізацыяй тэкстаў Джойса. Асобнае месца займае ў творы тэма горада. Дублін як цэнтр паралюшу і Мінск як анталагічны скразняк, пустэча – на дзіва падобныя вобразы-сімвалы прасторы, у якой чалавек канчаткова страчвае пачуццё апоры, адчувае гнятлівую адзіноту і бессэнсоўнасць быцця. Метафара горада і свету як лабірынта, па якім усляпую рухаюцца людзі-жывёлы, блізкая і джойсаўскім вобразам прыгнечанай Ірландыі, здранцвелага Дубліна, страціўшай сваю моц Палесціны. На ўзроўні алюзіі на п’есу Луіджы Пірандэла Бабкоў праводзіць ідэю прывіднасці існавання людзей у гэтым свеце, дзе кожны з нас – толькі персанаж у чаканні Аўтара. А паколькі ён шукае творцу, то не вольны альбо не цалкам незалежны: для яго істотным і неабходным з’яўляецца абгрунтаванне свайго быцця, хоць самы маленькі доказ сваёй прыналежнасці да кагосьці іншага. Джойсаўскі герой Леапольд Блум, які вандруе па вуліцах Дубліна, бяжыць ад здрады жонкі, усё ж марыць пра кантакт з іншымі, пра духоўнага Сына і ў рэшце рэшт вяртаецца дамоў.

Раманы ірландскага і беларускага пісьменнікаў маюць падобныя аспекты не толькі ў праблематыцы, але і ў паэтыцы. Так, напрыклад, некаторыя фрагменты “Адама Клакоцкага і яго ценяў” напісаны ў стылістыцы “плыні свядомасці”, сваёй філасофскай насычанасцю блізкай унутранаму маналогу Стывена Дэдала. Сон у многім абумоўлены асаблівасцямі духоўна-псіхічнай арганізацыі канкрэтнага чалавека. Відавочна, што героі Бабкова – інтэлігенты, якія востра адчуваюць няволю і абсурд светабудовы. У гэтым сэнсе яны духоўныя блізняты джойсаўскага Стывена, які разумее надзвычайную складанасць у пераадоленні людзьмі сцяны адчужэння і адзіноты. Сімвалічны ў рамане Бабкова вобраз філосафа, які знаходзіцца ў вар’яцкім доме (у яго ўнутраным маналогу, дарэчы, згадваецца сярод іншых імя Джойса) . Як і шэкспіраўскі кароль Лір, што перажывае стан інсайту, гэты псіхічна здаровы чалавек думае пра сэнс быцця. Іранічна гучыць алюзія на ідэі Дастаеўскага: ці ўсё дазволена ў гэтай клініцы і ці можа заробак сястры апраўдаць слязінку невядомага псіха? Клініка – яшчэ адзін сімвал прасторы існавання герояў Бабкова, які праецыруецца на ўвесь свет. Але ў дадзеным выпадку ўвага акцэнтуецца не столькі на хваравітым стане, колькі на дысанансе паміж глыбока развітым пачуццём унутранай і максімальна абмежаванай знешняй свабодай чалавека. Невыпадкова персанаж Бабкова згадвае фільм Мілаша Формана “Палёт над зязюльчыным гняздом” і героя Джэка Нікалсана Рэндэла Патрыка Макмёрфі – чалавека-бунтара, якога ў рэшце рэшт скалечыла і перамагла сістэма. Паказальна, што праводзіцца паралель не з кнігай Кена Кізі, а менавіта з яе культавай экранізацыяй, сугучнай філасофскім ідэям беларускага аўтара.

Акцэнты Джойса расстаўлены па-іншаму, у яго творах няма такога катэгарычнага сацыяльна-палітычнага падтэксту. Аднак аўтар глыбока даследуе прычыны духоўнага крызісу грамадства, разважае пра свабоду мастака, якая асуджае яго на адзіноту і непаразуменне.

Героі Бабкова ўяўляюць жыццё бесперапыннай гульнёй. Пакутлівае чаканне свайго невядомага Аўтара, бездапаможнасць, несамастойнасць на сусветным парадзе марыянетак – такім бачыць пісьменнік лёс сучаснага чалавека. Бабкоў падкрэслівае трагічнасць падобнага шляху: “здаецца, ўся гэтая крохкая гульня ў культуру, што так усім нам падабаецца, – хутка скончыцца – і скончыцца жахлівым, нікім ня бачаным дасюль крывавым хаосам” [1, с. 22]. Такі настрой пісьменніка сугучны ідэям прадстаўнікоў экзістэнцыялізму, у творах якіх абсурд, свабода, выбар – велічыні катэгарыяльныя. Таксама можна прыгадаць творы Франца Кафкі, Томаса Стэрнза Эліёта, Вінсэнта ван Гога, Эдварда Мунка і іншых, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, наколькі глабальна адчуваюць творцы апакаліптычны характар хады чалавека ў сусвеце. Аўтары наўмысна завастраюць сітуацыю, падаюць яе ў гіпербалізаваным, гратэскавым плане, каб не проста канстатаваць, а, магчыма, аспрэчыць шлях чалавека і чалавецтва да самазнішчэння, разбурэння асноў быцця.


Літаратура:

  1. Бабкоў І. Адам Клакоцкі і яго цені. Раман у дзесяці гісторыях. – М.: БАС, 2001.




Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну icon1882 1941 ірландскі паэт І празаік-мадэрніст. Аўтара раманаў "Уліс", "Партрэт мастака ў юнацтве", "Дублінцы" І іншых. На сённяшні дзень Джойс лічыцца
Джэймс Джойс/ James Joyce (1882 – 1941) – ірландскі паэт І празаік-мадэрніст. Аўтара раманаў “Уліс”, “Партрэт мастака ў юнацтве”,...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconЛамека Наталля Уладзіміраўна
Хх стагоддзя. Як І іншыя таленавітыя мастакі гэтага напрамку, ён здолеў паяднаць прыватнае, суб’ектыўнае з агульным, маштабным, універсальным;...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconІгар Бабкоў мысьляр, паэт, пісьменьнік. Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі. Атрымаў філязофскую адукацыю ў бду. Працуе ў Інстытуце філязофіі нан беларусі І
Бабкоў мысьляр, паэт, пісьменьнік. Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі. Атрымаў філязофскую адукацыю ў бду. Працуе ў Інстытуце філязофіі...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconНаталля Прадзед арыштавана
У аўторак 19 ліпеня актывістка idaho belarus Наталля Прадзед правяла адзіночны пікет насупраць Мінгарвыканкама супраць парушэння...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconДжэймс Дуглас Морысан / James Douglas Morrison
Джэймс Дуглас Морысан/ James Douglas Morrison (1943 – 1971) – Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors. Як...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconДжэймс Дуглас Морысан / James Douglas Morrison
Джэймс Дуглас Морысан/ James Douglas Morrison (1943 – 1971) – Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors. Як...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну icon"для мяне ё н проста валодзя "
Уладзімір Сямёнавіч. Наталля Кучкоўская засталася жыць у гэтай кватэры, захоўваючы богатую творчую спадчыну брата. Яе ўспаміны, успаміны...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconАсноўныя накірункі дзейнасці на медыка-псіхалагічным факультэце
Па выніках анкетавання лепшымі былі прызнаны Наталля Яўгенаўна Хільмончык І студэнтка 3 курса Руткевіч Наталля. На жаль, І ў гэтым...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Хойніцкі раённы выканаўчы камітэт Установа адукацыі
Панкова Наталля Міхайлаўна – асістэнт кафедры; Кручэнка Тамара Віктараўна – аглядальнік газеты “Гомельская праўда”, член грамадскага...

Наталля Ламека джэймс джойс, ігар бабкоў: у лабірынце рэальнасці І сну iconПерелік публікацій Кримського факультету (Євпаторійського відділення) сну ім. В. Даля за 2007р

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка