Літаратурная гасцёўня "Сведка вечнасці"




НазваЛітаратурная гасцёўня "Сведка вечнасці"
Дата канвертавання28.10.2012
Памер71.97 Kb.
ТыпДокументы
Літаратурная гасцёўня

Сведка вечнасці”

да 80 -годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка і паэта Уладзіміра Караткевіча


Бібліятэкар: У гэтым годзе мы адзначаем 80 год з дня нараджэння нашага беларускага пісьменніка і паэта Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Хто ж ён, Уладзімір Караткевіч? Кім ён быў? Які след аставіў на зямлі беларускай?

Адразу ж хочацца ўзгадаць словы Васіля Жуковіча:

Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы

Не сябе шанаваў, не сабой даражыў -

Са стагоддзяў ён нёс, нібы з чорнае пушчы,

Кветку матчынай чыстай душы…

Чарадзей легендарнае волі і сілы,

Ён чароўную кветку, як вока, бярог.

Смерць раптоўна, як колас, пад корань скасіла,

Ён - як колас - яе перамог.

Сваёй творчасцю, кожным сваім народжаным творам, пісьменнік увекавечваў сваю нацыю. Усе яго раманы, аповесці, вершы, эсэ пранікнёныя

патрыятычнай ідэяй, разуменнем гістарычнай памяці.

Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч у 1930 годзе ў сям’і інтэлігентаў. Бацька служыў у царскім войску, пры Саветах працаваў у фінансавых органах. Маці - выпускніца Марыінскай гімназіі ў Магілёве, нейкі час - вясковая настаўніца.

Будучы пісьменнік з дзяцінства адчуваў культ кнігі. Сям’я выхавала ў Караткевіча пачуцці справядлівасці і паважанага стаўлення да чалавека, непрыняцце хлусні і працы па дырэктыве.

Кіеў, пасля вызвалення ад фашыстаў, прыняў юнага Караткевіча, каб потым, ужо пасля заканчэння сярэдняй школы ў Оршы, зноў сустрэць яго ва універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі. Украіна ж, паводле прызнання самога пісьменніка, і дапамагла ўбачыць Беларусь “па-незямному прыўкраснай”. Там жа ён пазнаёміўся з творамі беларусаў А. Гаруна і М. Гарэцкага, якія ў Мінску лічыліся страшэннай крамолай. Студэнт У.Караткевіч хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі навуковых работ: “Багдановіч і сучаснасць”, “Цёмныя месцы “Слова...”, “Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы” і іншыя.

Пасля двух гадоў працы ў вясковай украінскай школе малады пісьменнік, вершы якога ўжо з’явіліся ў рэспубліканскім друку, вяртаецца ў Беларусь. І чым жа сустрэла яго родная Орша? Цкаваннем у раённай газеце “Ленінскі прызыў”, правядзеннем разнастайных мерапрыемстваў, каб паказаць заганасць творчасці паэта-земляка: “Закаханы ў кожную мушку, паэт лічыць за лепшае падслухоўваць размовы жаб у у рацэ, гутарыць з пеўнямі, бачыць “ліловыя сны”. А то блукае па старажытнаму гарадзішчу і “усхваляваны амаль што да слёз”, трымае ў руцэ цагліну 900-гадовай даўнасці. І не хоча прыкмеціць пры гэтым, як пад умелымі рукамі муляроў 1957 года кладзецца цагліна за цагліной, і вырастаюць на савецкай зямлі вялікасныя і светлыя будынкі нашых дзён”. Вось так характарызавалі крытыкі творчасць Уладзіміра Караткевіча.

Тагачасная атмасфера вакол пісьменніка прымусіла яго пакінуць родную Оршу і на чатыры гады з’ехаць у Маскву для вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах, а потым і на Вышэйшых сцэнарных курсах. Масква дапамагла глыбей спасцігнуць культуру мастацкай творчасці.

А тым часам на паліцы ўжо заняла першая кніга паэзіі “Матчына душа”(1958). Але і надалей крытыка працягвала атручваць жыццё пісьменніка. А між тым вершы былі ёмкія, актуальныя, пранікнёныя вялікай любоўю і патрыятызмам. Вось паслухайце урывак з верша “Паўлюк Багрым”:

Беларусь мая, сонца,

Дарагая і родная маці!

На якіх раздарожжах

Згубіла ты шчасце сваё?

Ці ўдасца хоць дзецям

Шчаслівага дня дачакаці

Пасля мужнасці гэткай.

Пасля столькіх крывавых баёў?

Мы чакалі свабоды,

І касілі нас кулямі роты,

Ў ланцугу нас кавалі,

Каб пад палкай нам быў карачун.

Узялі мае вершы,

Ўзялі дзетак гаротных.

Вершы, бедныя вершы

Пад чырванню сургучу!

Край сагнуўся ў спіне,

Край баіцца размовы пра волю,

Край згубіў сваю мову

І матчынай песні напеў...

Нельга верыць у бога,

Калі ён такое дазволіў.

Цяжка верыць у люд свой,

Калі ён такое сцярпеў.

Беларусь,

прачынайся!

Я цябе абуджаю!

Ты павінна прачнуцца,

Не праспі сваё шчасце ўначы,

Я гукаю цябе,

Дарагая, святая!

Адкажы ж, мая родная,

Не маўчы!..

Але была ў паэта і падтрымка сяброў-пісьменнікаў Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Янкі Брыля, мэтры беларускай літаратуры паважалі Караткевіча, давалі станоўчую адзнаку яго творчасці.

Праз некаторы час убачыў свет і другі зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча “Вячэрнія ветразі”, а следам кніга апавяданняў і аповесцяў “Блакіт і золата дня”. Кніга прозы засведчыла прыход у беларускую літаратуру своеасаблівага пісьменніка гістарычнага жанру, твораў якога так неставала нашай беларускай літаратуры. Уладзімір Караткевіч, як зазначыў Віктар Каваленка, прыйшоў на незанятую нікім вольную “тэрыторыю” у нацыянальнай прозе, каб вярнуць свядомасці беларускай літаратуры мінулае народа, апаэтызаваць яго, зрабіць яго прыцягальным дя сучаснага чытача.

Наогул 60-я гады - найбольш плённы перыяд у творчасці Караткевіча. Але аніяк не могуць пакінуць назіранне за ідэйным зместам твораў пісьменніка самыя актыўныя крытыкі. Так, раман “Каласы пад сярпом тваім” трэба было прабівацць. Раману “Нельга забыць” давялося чакаць выхаду ў свет 20 гадоў.

Раман “Леаніды не вернуцца на зямлю” - пра сучаснікаў. А вось у пралозе да яго ўжо праявіўся асобы дар Караткевіча - даследчыка, гісторыка, мастака, што ўмее пранікнуць у глыбіню часу і стварыць жывыя, праўдзівыя карціны і характары мінулага.

Зразумела - талент ад Бога. Аднак, колькі працы трэба ўкласці на скурпулёзнае вывучэнне мінуўшчыны роднага краю, на гістарычныя факты, якія не сустракаліся нават у падручніках па гісторыі.

У блакнотах Караткевіча былі сотні выпісак са старадаўніх кніг і летапісаў, што захоўваліся ў бібліятэках Мінска, Масквы, Варшавы, Кіева, Вільні. Запісваліся гутаркі са старымі людзьмі, якія памяталі гісторыі, расказаныя іх продкамі. Адзін чалавек пазнаёміў Уладзіміра Караткевіча з анакрыфічнай малітвай, якая чыталася людзьмі толькі перад смерцю. Малітва ўяўляла сабой прашэнне ў Бога сілы памерці з годнасцю, як паміраюць каласы пад сярпом жняі, каб потым зрабіцца хлебам.

Вы ўжо маеце ўяўленне аб творчасці Уладзіміра Караткевіча і таму згадзіцеся, што калі чытаеш гістарычныя творы аўтара, то, здаецца, чалавек, які напісаў гэта, быў сведкам ці ўдзельнікам тых падзей. Так, у аповесці “Сівая легенда”, расповед вядзе швейцарскі найміт. Ён з’яўляецца сувязным звяном паміж намі і тымі гістарычнымі дзеяннямі. Мы з іншаземным наймітам перажываем за лёс нашых продкаў. Увесь быт паказаны так дасканала, што, здаецца, аўтар жыў такім жыццём некаторы час.

Усім сваім сэрцам любіў Уладзімір Караткевіч сваю Радзіму. Усёй сваёй творчасцю будзіў нас ад рабскай пакорлівасці, уздымаючыся ў сваім мастацтве да вышынь творчасці: “Падымі галаву! За табою - веліч! За табой - барацьба! Ты не безбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі можна і трэба ганарыцца!”

Творы пісьменніка - гэта наш нацыянальны ўклад у сусветную скарбонку культуры, наша візітоўка чалавецтву, наш гонар за тую высокую місію служэння дабру, пра якую так хораша і таленавіта расказаў творца ўсяму свету праз створаны ім вобраз беларуса.

Апошняя кніга У.Караткевіча мае прарочую назву - “Быў. Ёсць. Буду”,

назва набывае яшчэ больш важкі сэнс сёння, калі Уладзіміра Сямёнавіча няма разам з намі і мы ўсё больш усведамляем, якога волата духу мелі ў яго асобе:

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

Яго адсутнасць і адначасова прысутнасць выразна адчуваецца:

  • у паэзіі, якая толькі ў 21 стагоддзі знайшла сваё сталае ўвасабленне ў песенным жанры (рок-гурты і аркестр М.Фінберга);

  • у гістарычнай прозе, якая набыла другое дыханне, але пасля Караткевіча, шчыра кажучы, так і не ўзнялася да яго ўзроўню;

  • у тэатры, дзе пасля віцебскіх пастановак 70-х гадоў (“Званы Віцебска” і “Кастусь Каліноўскі”) пастановак няма;

  • у кіно, бо экранізацыя пры жыцці пісьменніка не задавальняла і самога аўтара. Але ж яго раманы, аповесці, апавяданні маглі б стаць па-сапраўднаму беларускімі серыяламі.

Караткевіч шмат зрабіў для пашырэння ў грамадстве беларускай мовы. Ён свядома выкарыстоўваў прыгодніцкі і дэтэктыўны сюжэт, каб маладыя людзі далучаліся да яе, сцвярджаў яе неўміручасць і прыгажосць.

Заўважым, што творы У.Караткевіча выдаваліся не толькі на беларускай мове, але і на рускай, украінскай, літоўскай, латышскай і іншых мовах народаў СССР. Творчасць Уладзіміра Караткевіча добра ведаюць далёка за межамі нашай краіны. У Польскай Рэспубліцы, напрыклад, выдадзены зборнік апавяданняў “Блакіт і золата дня”, у Чэхаславакіі - чатыры кнігі твораў, у тым ліку аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” пад назвай “Каралеўская помста” і раман “Нельга забыць пад назвай “Леаніды не вернуцца”. Яго творы перакладзены таксама на нямецкую, англійскую, шэраг моў.

Караткевіч быў. Ён годна пражыў свае амаль 54 гады і пакінуў значны след у мастацкай гісторыі Беларусі.

Караткевіч ёсць. Яго творы нараджаюць усё больш і больш сапраўдных беларусаў.

Караткевіч будзе. Пройдзе не так шмат часу, і яго думкі заззяюць на небасхіле духоўнага жыцця сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі. А дзеля гэтага ёсць адзіна годны шлях - служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга. Іначай - сорам.

Да месца будзе закончыць нашу сустрэчу вершам паэта Алега Салтука:

Над Ушаччынай жнівень стаяў,

Адвячоркавы - росны і свежы.

Ты сказаў:

- Вось. Рыгор напісаў:

“Праз мяне прарасла Белавежа...”

Змоўк.

Чупрыну шукала рука.

Ведаў ты, ды такое штосьці,

Нібы сам быў равеснік вякам

І травінцы на кожным пагосце...

Нылі недзе няўлоўна званы,

Можа, ў Віцебску, можа, ў Гародні,

Ведаў ты, як пражыць

без маны,

І адкуль, і якога ты роду.

Каласы ўжо чакалі сярпоў.

Незабыўны той час, незваротны.

Ты памёр? Не - дадому

прыйшоў,

Задуменны, шчаслівы,

гаротны.

Ты ляжыш пасярод зямлі.

І вярба, і чазенія ў скрусе.

БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДУ.

Не будзеш калі -

Значыць, Бог уцячэ

з Беларусі.


Складальнік: Заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС І.Р.Бандарэнка






Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconМы ўсе жывём пад зоркамі матуль Літаратурная гасцёўня
Р. Барадулін “Евангелле ад Мамы”; П. Броўка “Голас сэрца”; Я. Брыль “Маці”; У. Ліпскі “Мама. Малітва сына”

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconПлан выхаваўчых мерапрыемстваў на асеннія канікулы з 01. 11. 2012 па 06. 11. 2012
Літаратурная гасцёўня “Дарогай песняра” (да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа”)

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconВыкарыстанне праектнай тэхналогіі на ўроках
Можа быць тры віды праектаў па часе: кароткатэрміновыя (2-6 гадзін), сярэднетэрміновыя (12-15 гадзін) І працяглыя. Абавязкова павінен...

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconДа 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча Літаратурная гасцёўня Тэма: "Быў. Ёсць. Буду "
Мэта: пазнаёміць вучняў з дзіцячымі гадамі І творчасцю У. Караткевіча; вучыць свядомаму, выразнаму, уважліваму чатанню літаратурных...

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconРозныя інтэрпрэтацыі паняцця "літаратурная крытыка". Літаратурная крытыка навука літаратурна-мастацкая творчасць публіцыстыка. Узаемадзеянне крытыкі з
Розныя інтэрпрэтацыі паняцця “літаратурная крытыка”. Літаратурная крытыка – навука – літаратурна-мастацкая творчасць – публіцыстыка....

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconУстанова адукацыі "Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г п. Зэльва" Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча
Цёўні шаноўны І паважаны госць—Максім Багдановіч. Дзявятага снежня 2011 года спаўняецца 120 гадоў з дня яго нараджэння. Максіма з...

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconСлавяна Шамякіна беларуская літаратурная казка
Літаратурная казка, па-сутнасці, бярэ пачатак у казцы народнай, але індывідуальны аўтарскі вымысел, супрацьпастаўлены фальклорнай...

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconСвет наш узнік з зерня вечнасці

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconСвет наш узнік з зерня вечнасці

Літаратурная гасцёўня \"Сведка вечнасці\" iconТэма: Праблема экалогіі ў вершах Пімена Панчанкі "Без чалавечнасці не будзе І вечнасці"
Тэма: Праблема экалогіі ў вершах Пімена Панчанкі “Без чалавечнасці не будзе І вечнасці”

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка