Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г




НазваСемінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г
Дата канвертавання28.10.2012
Памер161.73 Kb.
ТыпДокументы
Семінар 6. Рэферат 3. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і паўстанне 1863 г.

Але вось з'яўляецца таленавіты чалавек - не з нізоў, не з вёскі, а «свой», з шляхты, які свядома і мэтанакіравана карыстаецца «мужыцкай мовай». Вядома, у поглядах Дуніна-Марцінкевіча на беларускую культуру відавочна непаслядоўнасць, у творчасці дзейнічаюць дзве моўныя стыхіі, але ён выступіў супраць афіцыйных пагардлівых адносін да беларусаў як народа, скінуў гнёт шляхецкай традыцыі, адказаў на надзённую народную патрэбу ва ўласнай літаратуры, садзейнічаў абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці.

Па сваіх палітычных поглядах Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў шляхецкім рэвалюцыянерам ліберальнага крыла, і калі пачала нарастаць рэвалюцыйная сітуацыя, ён зрабіў усё пасільнае, каб яна развівалася. Агент III аддзялення, пасланы вясной 1861 года на Беларусь і Літву для высвятлення аўтараў і распаўсюджвальнікаў супрацьурадавых пракламацый, дакладваў свайму кіраўніцтву, што вершаваную адозву «Заклік сына Айчыны да братоў-літвінаў» напісаў «памешчык» Дунін-Марцінкевіч. «Недавно этот самый Марцинкевич,- працягваў агент,- написал произведение на народном языке под заголовком «Гутарка старого деда», где показывает судьбы Литвы в стихах от 1792 года до нынешнего времени, выказывая все притеснения, какие только могли быть на крестьян, и приписывая все эти притеснения правительству. Этн стихи уже довольно распространены и так убедительно действуют на крестьян, что где только они появилнсь, то крестьяне перестали быть привязанными к государю, которого раньше благославляли, и начали искать заступничества помешиков».

Адразу трэба адзначыць, што агент памыляўся. Дунін-Марцінкевіч не пісаў «Гутаркі», аўтарам яе быў Вінцэсь Каратынскі, але доўгі час гэта заставалася невядомым. Пэўнае кола людзей, бясспрэчна, здагадвалася, хто склаў пракламацыю. Каратынскі быў сакратаром вядомага паэта Уладзіслава Сыракомлі і трэба думаць, не ўтаіў свой верш ад шанаванага майстра, а той сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам. Так што і апошні ведаў і аўтара і твор, урывак з якога варта працытаваць, каб уявіць, чаму злаваліся на «Гутарку» чыноўніцтва і жандары.


Эй, скажыце, добры людзі,


Што ужо на свеце будзе,


Ці то так судзіў бог з намі


Гінуць век пад маскалямі?


Як пачалі ваяваці,


Магазыны сталі браці:


У абоз вязці ўсё збожжа,


А народ - хоць гінь, нябожа.


I, забраўшы ўсё із хаты,


Сталі браці у салдаты,


Кідай жонку, дзеткі ў дому,


Едзь ў калодцы да прыёму.


Там лоб голяць і муштруюць,


Б'юць, і ломяць, і катуюць,


Глодзяць, глумяць, як скаціну


На зарэз, без дай прычыны.


…………


Усе чыноўнікі збыткуюць,


Абдзіраюць і катуюць,


Глумяць, крыўдзяць, разбіваюць,


Жаліцца не пазваляюць.


Дзе жандар званкамі звягне,


То усіх ў вастрогі цягне...


Абвінавачванне ў аўтарстве гэтых крамольных вершаў і сталася адной з прычын арышту Дуніна-Марцінкевіча ў кастрычніку 1864 года. Паўстанне на Беларусі і Літве было ўжо задушана, і царскае самаўладдзе праводзіла чыстку мяцежных губерняў, разлічвалася са сваімі палітычнымі супярэчнікамі. Пісьменніка меліся схапіць раней, актыўны вышук яго ўладамі вёўся ўжо з лютага 1863 года, але ў сваім маёнтку Люцынка пад Валожынам ён не жыў, і знайшлі яго ў мястэчку Свір. Адсюль Дуніна-Марцінкевіча адправілі з вартай у губернскі Менск і пасадзілі ў турэмны замак.

У гэты час усе астрогі былі перапоўнены людзьмі; для ўтрымання інсургентаў выкарыстоўвалі і розныя іншыя памяшканні, у першую чаргу нядаўнія каталіцкія кляштары. У Менску, напрыклад, такім мэтам служыў бернардынскі кляштар (будынак яго ўцалеў, стаіць побач з плошчай Свабоды; захавалася і турма, так званы Пішчалаўскі замак), дзе як лічыцца, знаходзілася пад следствам і перад ссылкай у «аддаленыя губерні імперыі» дачка Дуніна-Марцінкевіча Каміла, удзельніца паўстанцкага руху. Але ніякіх дакладных сведчанняў, дзе і каго трымала пад вартай жандарская служба, не засталося; частку жандарскіх і паліцэйскіх архіваў спалілі самі паліцэйскія чыны адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі, нешта страцілася ў гады гітлераўскай акупацыі, і архіўных звестак аб вязнях менскай турмы 1863- 1864 гадоў маецца няшмат. Але наўрад ці Камілу, якую абвінавачвалі як галоўную завадатарку рэвалюцыйных хваляванняў у Менску, трымалі ў памяшканні кляштара. Хутчэй за ўсё яна сядзела за болей надзейнымі кратамі турмы, адкуль у верасні 1863 года яе саслалі па этапу ў Салікамск і куды годам пазней адправілі яе бацьку.

Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ішоў тады пяцьдзесят восьмы год. Век немалы, каб лёгка зносіць цяжар турэмнага побыту, бясконцыя допыты, сядзенне ў закратаванай каморы, чаканне высылкі ў Сібір. Можна думаць, што яго пасадзілі ў тую ж турму, дзе незадоўга да таго несла пакуты яго любімая дачка з нікчэмнай жандарскай злоснасці, з уласцівага гэтаму клану садызму.

«Палітычныя злачынцы» ўтрымоўваліся ў астрогах у жудасных умовах. I ў звычайны час турэмная практыка Расіі вылучалася мяжовым самавольствам. Напрыклад, у сярэднім з кожнай сотні арыштантаў толькі 53 асуджваліся, астатнія 47 заключаліся пад следства без падставы, дарэмна, у сілу страшэннага, абуральнага беззаконня. Па многіх губернях колькасць бязвінна пакутуючых у астрозе людзей была значная. Так, у Віцебскай губерні яна складала 74 працэнты, у Магілёўскай - 63, гэта значыць з кожных ста, кінутых у турму, 74 ці 63 чалавекі не мелі за сабой ніякай віны, а між тым, перш, чым выйсці на волю, як мінімум караліся розгамі - так сказаць, дзеля постраху, на ўсялякі выпадак, прэвентыўна. 3 пачаткам паўстання 1863 года міністэрства ўнутраных спраў ушчыльніла турму ўдвая - там, дзе па праекту мусілі знаходзіцца 300 арыштаваных, сядзела па 600-800 чалавек. Душыцель паўстання Мураўёў прызнаваўся са смяшком: «Очень часто я сажаю мятежннков без малейшей вины, даже подозрения нет; ну, в таком случае я всегда думаю: посидит под замком, да подолее, быть может, что-нибудь да отышется. И что же вы думаете? Я был так счастлив, что всегда что нибудь за сидельцем-то моим и отыскивал. Ну, тогда и подай его сюда». Паколькі мураўёўскімі «сидельцами» турмы набіваліся колькі мажліва, дык умовы жыцця арыштантаў рабіліся невыноснымі. Бо ні камеры, ні лазня, ні кухня не маглі «абслужыць» падвоеную, патроеную колькасць людзей. Цісканіна, цяжкае паветра, дрэнная ежа, клапы - усё разам нагадвала пекла. Наўрад ці вязням-інсургентам аказвалі дапамогу сваякі ці знаёмыя, паколькі дзейнічаў абгрунтаваны страх, што такі клопат будзе трактавацца як спачуванне паўстанцам з усімі адпаведнымі вынікамі. Да таго ж Дунін-Марцінкевіч па беднасці не меў сродкаў, каб увайсці ў «недазволеныя» кантакты з наглядчыкамі і вартай і палепшыць свой быт. Так што чатырнаццаць месяцаў у адной з камор турэмнага замка ў Менску сталіся для яго пакутлівымі.

Праз закратаваныя вокны адкрываліся паэту менскія краявіды. Пад адхілам гары праходзіла вуліца Няміга, забудаваная ўздоўж ракі - улетку мелкаводнай бы той ручай, у восеньскія дажджы бурлівай, а вясной нават небяспечнай сваімі разводдзямі. Раніцай па Нямізе спяшаўся на Ніжні рынак народ (прыкладна на гэтым месцы стаіць Рэспубліканскі дом мадэляў), а на гары над рынкам знаходзіўся цэнтр горада - Саборная плошча (зараз плошча Свабоды) з губернатарскім палацам, езуіцкім касцёлам, уніяцкай царквой св. Духа, ператворанай у праваслаўную царкву Пятра і Паўла, дамініканскім касцёлам, таксама пераасвячоным у праваслаўную царкву. Тут, на пляцы, мясціўся двухпавярховы дом (знесены без дай прычыны ў 1986 годзе), які служыў гораду тэатрам. Думкамі сваімі імкнуўся Дунін-Марцінкевіч да гэтага будынка, бо з ім былі звязаны надта добрыя перажыванні: тут ставіліся яго п'есы, тут сам ён іграў у спектаклях, тут грымелі ўдзячныя авацыі, тут зведаны хвіліны радаснага натхнення, славы і шчасця.

Ды і не адну толькі Саборную плошчу ведаў пісьменнік. Увесь горад ён мог абыйсці з закрытымі вачыма і шмат у якія дамы з'явіцца жаданым госцем, як заходзіў раней, калі стала жыў у Менску да набыцця маёнтка Люцінка. Але і пасля пераезду ў Люцінку ўтульны Менск заставаўся для Дуніна-Марцінкевіча родным горадам - тут меў ён сваю хату і збіраліся да яго сябры, усё людзі таленавітыя: краязнавец і літаратар Аляксандр Ельскі, мастак Ян Дамель, паэт Ігнат Легатовіч, краязнавец Канстанцін Тышкевіч, аматар розыгрышаў Юры Кабылінскі і самы дарагі з усіх - Уладзіслаў Сыракомля. Тут пасябраваў пісьменнік з кампазітарам Станіславам Манюшкам, і той напі саў музыку да яго п'есы «Сялянка». Першымі слухачамі оперы сталі менчукі, тыя менчукі, ад якіх зараз яго адгароджвала сцяна турмы і вартавыя. Толькі няма ўжо ў Менску Манюшкі, два гады як памёр Сыракомля. Цяжка думаць пра гэтую заўчасную смерць - у трыццаць дзевяць гадоў загасіў бог свечку жыцця надзвычай таленавітага паэта.

Гэта Сыракомля зрабіў яму ласку і падтрымаў «Сялянку», а потым і другія выданні на беларускай мове. Прыемна было пачытаць сяброўскую ўхвалу і шчырыя парады; перад вачыма стаяць тыя артыкулы: «...галоўным повадам для цяперашняй гаворкі з'яўляецца першы твор - «Вечарніцы», напісаны на беларускай, або, дакладней, крывіцкай мове. Пекная гэта галіна славянскай мовы - той крывіцкі дыялект - і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статута і заканадаўства на працягу двух стагоддзяў - XVI і XVII. I пашыраная! Бо смела можна сказаць, што на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны. Мова, пазбаўленая пісьмовага значэння, сёння засталася толькі роднай памяткай сялянскіх хат і налічвае, наколькі вядома, толькі двух пісьменнікаў: адным з іх быў незабыўнай памяці Ян Чачот, другі - В. Дунін-Марцінкевіч... Пан Марцінкевіч, выдатна знаёмы з духам і самымі тонкімі адценнямі крывіцкай мовы, першы наважыўся сам ствараць у большым маштабе творы на нашай народнай гаворцы. Першы вядомы яго твор «Сялянка», які надрукаваны некалькі год назад і з поспехам ставіўся на сцэне ў Менску, апрача іншых, мае тую яшчэ вартасць, што тут аўтар у вуснах войта вёскі Навума Прыгаворкі сабраў і ўдала выкарыстаў мноства арыгінальных і жыццёвых народных прыказак - неацэннай важнасці матэрыял для рознага роду народных даследаванняў... Само наша няўменне чытаць па-крывіцку было прычынаю, што «Сялянка» пана Марцінкевіча, хоць ужо цалкам распрададзеная, не атрымала ў літаратуры такога водгуку, які заслугоўвала».

Мелася што прыгадаць Дуніну-Марцінкевічу, назіраючы горад праз турэмныя краты. Было аб кім пасумаваць. У невядомасці заставаўся лёс Камілы. Ці жывая? Ці здаровая? Ці вернецца назад? I блізкіх прыяцеляў разнесла па белым свеце. 3 тых, што ўдзельнічалі ў паўстанні, наўрад ці каго ўжо давядзецца пабачыць. Старое, звычнае жыццё, сходы, спрэчкі, выданне кніг - усё сышло дымам. I ўласная будучыня заставалася невядомай. Пра яе лепш і не гадаць. Шмат хто сасланы, шмат хто пакараны смерцю, прычым вешалі тых, каго маглі саслаць, і высылалі тых, каго маглі павесіць. Мураўёўскай Фемідзе як што вочы засціла; яна не разбіралася, каго і як пакараць, галоўнае, каб пакараць жорстка. Дунін-Марцінкевіч меў з-за чаго хвалявацца. Пры задушэнні паўстання на Беларусі смяротны вырак ваеннага суда прагучаў для 128 чалавек; дзеля застрашвання насельніцтва пакаранне здзяйснялася ў розных гарадах. Найбольшая колькасць смяротных прысудаў прыйшлася на Вільню, дзе знаходзілася штаб-кватэра Мураўёва. У Гродне пакаралі смерцю траіх, у Брэсце -~ дваіх, у Кобрыне - чацвярых, у Наваградку - траіх, у Менску - чацвярых і г. д. Смяротны прыгавор абвяшчаўся не толькі за дзейсны ўдзел у паўстанні са зброяй у руках. Вешалі за «публичное чтенте и распространение возмутительных манифестов и подговор жителей к восстанию». Калі б суд прызнаў Дуніна-Марцінкевіча аўтарам «Гутаркі», а пры вялікім жаданні гэта лёгка было зрабіць, дык тады дзеянні яго атрымалі б вельмі небяспечную трактоўку: зламыснае напісанне тэкстаў, якія спрыяюць супраціўленню ўладам і абражаюць унутраную палітыку імперыі і асобу гасудара. Часовы палявы аўдытарыят, безумоўна, прызначыў бы вышэйшую меру.

Зразумела, што Дунін-Марцінкевіч ясна ўсведамляў навіслую над ім небяспеку і таму адмаўляў усе прад'яўленыя яму абвінавачванні, выстаўляючы сябе няшчаснай ахвярай надумлівасці судовых органаў. Пра гэта сведчыць выпіска з яго судовай справы:

«Опрошенный по обвинению помещик Марцинкевич показал, что он решительно никакого участия в мятеже не принимал и в опроверженне возведенных на него обвинений предлагает рассмотреть все его сочинения; в них он старался развивать мысли о соединении славян под скипетром русского императора; в повестн для крестьян издания 1855 года «Гапон» убеждал крестьян не уклоняться от военной службы и представлял, что каждый, честно и ревностно вьшолняющий долг службы, может достигнуть хорошей будушности; затем прославлял правительство за заботы о воспитании всех без изъятия подданных... Действуя таким образом в теченне двадцати лет, он не мог изменить свои убеждения в последнее время. Затем брошюры под названнем «Гуторка старого деда» он не сочинял и даже ни от кого об ней не слышал; других каких-лнбо сочинений в противоправительственном духе также не писал; между крестьянамн не укрывался и вредных мыслей не распространял... в первых числах 1863 года он взял в аренду Свенцянского уезда именне Дубровляны... но впоследствии имение это было секвестровано и он с 22 апреля 1864 года переехал на жительство в соседнее местечко Свирь, где и находился безотлучно до своего ареста... Возвращаться же в свое именне Люцинка он опасался, потому что лица, встречавшиеся на дорогах, подвергались аресту».

Створаны Дуніным-Марцінкевічам перад сталом следчага ідэальны вобраз добранамеранага падданага, які дваццаць гадоў дбаў аб карысці і славе пануючай дынастыі, зразумела, зусім не адпавядаў рэальнасці. Заклікі да сялян «не ўхіляцца», павага да гасудара-імператара, тым болей услаўленне яго, усе іншыя дэкларацыі аб сваёй прыстойнай дзейнасці прышыты пісьменнікам да тлумачэння белымі ніткамі. Паведай мне, хто твае сябры,- і я адкажу, хто ты.

Так мог сказаць яму следчы, задаючы шэраг выкрывальных пытанняў. Хіба не вашым прыяцелем, пан Марцінкевіч, быў віцебскі літаратар, такі ж, як і вы, аматар беларускага пісьменства, Арцём Вярыга-Дарэўскі, што ўзначаліў на Віцебшчыне атрад паўстанцаў і атрымаў за гэта восем гадоў катаржных работ? Ці хіба не вам належыць сшытак вершаў з прысвячэннем «Вяльможнаму Тадэвушу Чудоўскаму ў знак глыбокай павагі гэтыя творы прысвячае аўтар»? А той вяльможны Чудоўскі даводзіўся бліжэйшым сябрам пакаранага праз павешанне Зыгмунта Серакоўскага і сам арганізоўваў паўстанцаў на Магілёўшчыне. Ці не вашым лепшым прыяцелем быў паэт Кандратовіч, які назву радавога шляхецкага герба «Сыракомля» зрабіў сваім псеўданімам, а сам прагнуў рэвалюцыйных перамен у гэтым краі не менш за ўзброенага інсургента? I з якімі мэтамі вы разам з Сыракомлям вандравалі ў 1861 годзе па Беларусі? Можа перадавалі ў Кракаў «Гутарку»і злосны вершык Кандратовіча «Добрыя весці», напісаны ў крывавым 1848 годзе? Можа і вам, пан Марцінкевіч, падабаюцца наступныя радочкі, з тых «добрых весцяў».:


Эй, згіне вораг, як бог нам паможа

За нашу крыўду, за горкі наш жаль.

Запяём песню: «Хваліць цябе божаі»

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.


Зямля ты наша, зямля ты святая,

Радзі нам збожжа ды судзі пажаць,-

Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю

На магазын наша зерне браць!


I чаму вы, пан Марцінкевіч, не сябруеце хоць бы з адным чалавекам прыстойным, лаяльным у адносінах да ўрада, а ўсё з асобамі няпэўнымі, падазронымі, адкрытымі ці затоенымі праціўнікамі існуючага ладу? I дзе загадаеце знайсці такую лупу, з дапамогай якой магчыма адшукаць у вашых вершах і драматычных творах вернападданіцкія радкі? Ці вы, пан Марцінкевіч, лічыце такімі вершамі свайго «Халімона на каранацыі», насычанага, як соты мёдам, кпінамі над яго імператарскай вялікасцю? Герой ваш, што з вашай волі надумаўся паехаць у Маскву, каб пабачыць на ўласныя мужыцкія вочы каранацыю манарха нашага, бессаромна куражыцца над святочнымі ўрачыстасцямі ў сэрцы расійскім - у Крамлі:


Як добры царочак у святліцу схаваўся,

Народ крыху сціхнуў, так Базыль спытаўся:

«Што, брат Халімонка? дзела б пакрапіцца!

Даўно ужо пара гарэлкі напіцца,-

Пойдам на старонку запас наш праведаць,

За здароўе цара хоць позна паснедаць.


Так Базыль мне кажа,- я іду ахвотна,

На яду не трэба нукаць Забалотна.

Селі пры касцёле; з-за пазухі крануў

3 гарэліцай пляху, на Базыля глянуў

Дый пацяг я дзельна - гарэлка ж старэнька!

Аж жывату стала, братачкі, цяпленька.


У вочы так і б'е вернападданіцтва з гэтага малюнка, пан Марцінкевіч. Мужыкі ж вашыя каля сцен Успенскага сабора цягнуць з горла гарэлку, нібы пад плотам у роднай вёсцы. А далей - болей:


У касцёл Успення нас не дапусцілі;

Баяліся, відна, што б не задавілі;

Мы там на папарці сашлі ў старону,

Не бачылі, як цар надзяваў карону.


Пасля для народа сталы там стаўлялі;

Мы для той прычыны і ўюноў не бралі.

Гарэлкі здаволі - пій, хоць апражыся!

Еш колькі ўгодна, хоць расперажыся.


Гэта ж чорт ведае што: каранацыя гасудара абмалявана, як мужыцкае вяселле - без неабходнага піітэта, ды і наогул дурасліва, з непрыстойным проста-такі блюзнерствам: замест навявання глыбокай пашаны вы, пан Марцінкевіч, свядома імкнуліся абудзіць скепсіс і смех у народзе. Ну, і нарэшце, чаму шкадлівая, складзеная лацінкай «Гутарка старога дзеда», такая блізкая вашай паэтычнай манеры і вашаму паэтычнаму слоўніку, быццам створана той самай рукой, якая напісала аб пачуццях Халімона на святочных урачыстасцях у Крамлі і аб жаданні з'яднаць усіх славян пад скіпетрам расійскага імператара? А калі і не вамі напісана, дык некаму падалі вы ўзор. Верагодна, самі і параілі, дапамаглі.

Магчыма, што падобныя пытанні следчы і задаваў, і пісьменніку прыходзілася трымаць маску дабрадушнага, няшчаснага прасцяка, балансаваць на вастрыі праўдападобнай маны, каб не страціць гонар, наколькі магчыма абараніць сябе і не даць следству жаданых яму зачэпак да другіх людзей.

Непасрэднага ўдзелу ў паўстанні Дунін-Марцінкевіч не прымаў.

Пакуль Дунін-Марцінкевіч сядзеў у менскай турме, Мураўёва, адоранага за рашучае задушэнне паўстання графскім тытулам, змяніў «мякчэйшы» генерал-губернатар Каўфман. Але фармальная змена высокіх чыноўнікаў мала што змяніла ў рэчаіснасці. Судовыя праследаванні ўдзельнікаў паўстання і западозраных у спачуванні працягваліся да 1868 года, пакуль іх не спыніў новы генерал-губернатар Патапаў. Цяжар тых ганенняў спаўна адчуў на сабе Дунін-Марцінкевіч - і ў турме, і асабліва ад кручкатвораў, якія вялі яго справу. Нездарма ў «Пінскай шляхце» ён пісаў:


Гдзе унадзідца юрыста,


Вымеце хату дачыста.


Такіх дзіваў нагаворыць,


Такіх многа кручкоў натворыць,


Што, пачасаўшы затылак,


На рассупоніш памылак.


Не дасі,- цябе замучыць.


Добра стара казка вучыць:


Дзярэ каза ў лесе лазу,


Воўк дзярэ ў лесе казу,


А ваўка - мужык Іван,


А Івана - ясны пан,


Пана ўжо дзярэ юрыста,


А юрысту - д'яблаў трыста!


«Трыста д'яблаў» дралі і тых менскіх юрыстаў, якія падпісвалі абвінавачванні і вызначалі меру пакарання самому пісьменніку. Дакументы яго судовай справы захаваліся і даюць поўнае ўяўленне аб тагачаснай юстыцыі. Ніжэй будзе змешчаны ў якасці прыкладу адзін з іх, але папярэдне трэба заўважыць, што поруч з юрыдычным гвалтам супраць «западозраных» ішоў і духоўны, ідэалагічны, так сказаць стратэгічнага напрамку гвалт. Пачынаючы з 1863 года прыняў жорсткія формы наступ на каталіцкую царкву і рэшткі уніяцкай. Касцёлы пад наглядам вайсковых каманд ператвараліся ў праваслаўныя храмы. I па сённяшні дзень засталіся сведчаннем таго перахрышчання былыя касцёльныя будынкі, на даху якіх штучна нарошчаны купал. Сялянства прыводзілася пад апеку рускай праваслаўнай царквы, «падазроную» шляхту прыціскалі штрафамі. Вось, як Дуніна-Марцінкевіча:

«Рапорт

По следственному делу, произведенному о помещике имения Люцинки Минского уезда, коллежском регитраторе Викентии Марцинкевиче, 56 лет, вероисповедания римско-католического, оказалось, что он подвергся обвинению в распространении вредных для правительства идей между простолюдинами, в подозрительных разьездах по разным губерниям, в пересылке из Вильно в 1861 году своему семейству чрез проживающего вблиз его имения Люцинки еврея Шевеля Лейнора пакета с подозрительными вещами и сообшении сведений о происходяших в крае беспорядках, в издании пред началом мятежа возмутительного сочинения на простонародном языке под заглавием «Гуторка старого деда» и в допущении в имении своем сборища разных лиц. Хотя помещик Марцинкевич в обвинениях сих не признался и произведенным исследованием не обнаружено юриднческих доказательств к изобличению, но принимая во внимание, что в имении Марцинкевича Люцинке при обыске найдены одна печатная и две литографические молитвы за Ойчизну, изданные без цензуры, что из семейства Марцинкевича жена его Мария и дочери Камилия и Цезарина принимали деятельное участие в бывших демонстрациях и пении запрещенных гимнов, а последняя, кроме того, носила конфедератку, и из них по обвинениям сим: Мария Марцинкевич состоит под следствием, и дела о ней представлены предместнику вашего превосходительства Виленскою следственною комиссиею 18 декабря прошлого года за № 2433 н 12 апреля сего года за № 580...

Хотя помещик Викентий Марцинкевич по обвинениям сим подлежал бы выселению из здешнего края, но, снисходя, к преклонным его летам, я полагал бы: его, Марцинкевича, оставить на месте жительства, с отдачею на поручительство и с учреждением за ним полицейского надзора, а с принадлежащего ему имения взыскать усиленный 10-процентный сбор...»

Вось так: юрыдычных доказаў да выкрывання не знойдзена, але ўзмоцнены збор узяць. Хутка прыйшло і рашэнне Часовага палявога аўдытарыята: «Помещика Марцинкевича, на основании... правил о порядке наложения взысканий на мятежников и их соучастников... подвергнуть денежному штрафу, взыскав с имения его, как за него самого, так и за жену его, участвовавшую в демонстрациях... усиленный 30-процентный сбор».

Узмоцнены 10-працэнтны збор узмацніўся ўтрая. Сапраўды, «гдзе ўнадзіцца юрыста - вымеце хату дачыста». Зняволенне цягнулася 15 месяцаў, і за той час прымалася сотні такіх рашэнняў адносна таварышаў па камеры. Як гэта было асэнсаваць пісьменніку, камедыёграфу? Няма сумнення, што знакамітую «Пінскую шляхту» Дунін-Марцінкевіч напісаў у турме. Раней, чым п'еса лягла на паперу ўжо за пісьмовым сталом у маёнтку Люцынка, яна ўся складалася ў розуме на нарах астрога. Пісьменнік выйшаў з менскага турэмнага замка 5 снежня 1865 года і паехаў у Люцынку пад «строгі гласны нагляд» паліцыі. Тут ён і стварыў злую сатыру на царскае чыноўніцтва і такім чынам на ўсю існуючую сістэму. Вядома, п'еса не магла быць дапушчана да пастаноўкі і публікацыі. Нават праз дваццаць гадоў пасля напісання, у 1889 годзе, калі выдаўца «Календаря Северо-Западного края» М. Доўнар-Запольскі звярнуўся да цэнзуры за дазволам надрукаваць «Пінскую шляхту» на яго старонках, віленскі генерал-губернатар, які разглядаў рукапісы, палічыў неабходным катэгарычна адмовіць: «По моему мнению, подобное произведенне, в коем в неприглядном свете выставляется личность должностного лица, станового пристава, который к этому везде называется «найяснейшая корона», вряд ли удобно помещать в каком либо издании, а в особенности в таком, как календарь, который предназначается для распространения в среде населения». Упершыню камедыю «Пінская шляхта» апублікавала газета «Вольная Беларусь» у 1918 годзе. Дарэчы, сатыра «Халімон на каранацыі» дайшла да чытача толькі ў 1946 годзе, амаль праз сто гадоў пасля напісання.

3 твораў Дуніна-Марцінкевіча пасляпаўстанцкай пары вядомы дзве п'есы - «Пінская шляхта» і «Залёты», але напісана ім было шмат, хоць і складаў ён, як гаворыцца, для сябе, бо на «простанароднай» мове тады друкаваць не дазвалялі, каб мужык не заахвоціўся да чытання і не паменшыўся русіфікатарскі ўціск на свядомасць. Беларускі пісьменнік Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), які падлеткам жыў у Марцінкевіча і вучыўся ў яго прыватнай школцы, прыгадваў потым у «Лістах з дарогі»: «Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў ён сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет: па смерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова працы гэтага заслужанага для нашай бацькаўшчыны чалавека». Багата адняў гэты пажар...

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconДунін-марцінкевіч вінцэнт іванавіч
В. Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы, што на Бабруйшчыне. Беларус па паходжанні, які, верагодна, меў шведскія...

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г icon1. Том Дунін-Марцінкевіч, В
Збор твораў. У 2 т. Т. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці І апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад з тэкст падрыхт., прадм.,...

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconВінцэнт дунін-марцінкевіч
Менавіта В. Дунін-Марцінкевіч праклаў тую першую, нязведаную да яго, сцяжынку, па якой пайшлі неўзабаве Францішак Багушэвіч, Янка...

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconСемінар Рэферат Паўстанне 1863 г
Кастусь Каліноўскі меў 25 гадоў, Валеры Урублеўскі 27, Людвік Звяждоўскі 33, Генрык Дмахоўскі, вядомы скульптар, камісар Дзісенскага...

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconТаццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша
Вінцэнт дунін-марцінкевіч, станіслаў манюшка, аляксандр фрэдра: пачаткі класічнага рэпертуару тэатральнай славяншчыны

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconЛія Кісялёва Фабрыка мрояў Дуніна-Марцінкевіча
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч адрасаваў сваю беларускамоўную творчасць абсалютна канкрэтнаму «чытацкаму слою» — сялянам І «беднай літоўскай...

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconБілет №19 Паўстанне 1863 г у Беларусі. Погляды І дзейнасць К. Каліноўскага

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconРеестр Казачье сословие станицы Поповичевской по переписи 1863 г
Год прибытия в станицу: 1808*, 1811**, 1822, 1823−1835, остальные − 1836−1863; подчёркнуты фамилии прямых потомков запорожцев

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconМерапрыемства Арганізатар Месца І даты правядзення Семінар для настаўнікаў "Навучанне ў групах: ад супрацоўніцтва на ўроках да супрацоўніцтва ў жыцці" Сацыяльна-педагагічнае грамадскае аб’яднанне «Чазенія»
Семінар для прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў І сацыяльных педагогаў “Формы І метады нефармальнай адукацыі ў Беларусі

Семінар Рэферат Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч І паўстанне 1863 г iconПлан работы ліцэя на перыяд з 12. 11 па 17. 11. 2012 13. 11. Метадычны семінар "Формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў" (Ждановіч І. В.)
Метадычны семінар “Формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў” (Ждановіч І. В.)

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка