«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты




Назва«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты
Дата канвертавання11.01.2013
Памер180 Kb.
ТыпДокументы


Н.М. Галушка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія №1 г. Барысава”


Сустрэча ў сямейным клубе

«Як у нашай хаце свята»


Узроставая аўдыторыя: 13-15 гадоў


Мэты:

– знаёміць з асаблівасцямі беларускай нацыянальнай кухні, з беларускімі народнымі гульнямі;

– развіваць творчыя здольнасці праз конкурсы і інсцэніроўкі;

– спрыяць згуртаванню класнага калектыву вучняў;

– падтрымліваць цікавасць бацькоў да спраў класа;

– выхоўваць нацыянальную самасвядомасць.

Падрыхтоўка да свята: увесь клас дзеліцца на 4 творчыя групы, у кожнай з якіх выбіраецца лідэр. Для кожнай групы распрацоўваецца творчае заданне.


Агульныя заданні (для кожнай групы):

  1. Сабраць як мага больш прыказак і прымавак, у якіх адлюстравалася стаўленне народа да ежы, страў, едакоў.

  2. Пазнаёміцца з асаблівасцямі нацыянальнай кухні беларусаў і запомніць назвы беларускіх нацыянальных страў.

  3. Кожнай сям’і – удзельніцы свята – падрыхтаваць беларускія нацыянальныя ласункі з абавязковым афармленнем рэцэпта.

Заданні для груп:

  1. Падрыхтаваць кароткае мастацкае прадстаўленне на тэму «Хлеб».

  2. Падрыхтаваць кароткае мастацкае прадстаўленне на тэму «Бульба».

  3. Падрыхтаваць кароткае мастацкае прадстаўленне на тэму «Дары прыроды».

  4. Падрыхтаваць кароткае мастацкае прадстаўленне на тэму «Святочны стол беларусаў».

Арганізатарам: распрацаваць сістэму ўзнагарод пераможцаў конкурсаў і гульняў.

Афармленне месца правядзення свята: бацькі і дзеці садзяцца за сталы, накрытыя беларускімі нацыянальнымі абрусамі. Сцены ўпрыгожаны рушнікамі, малюнкамі вучняў на тэму «Родныя вобразы». У інтэр’еры памяшкання сабраны прадметы побыту беларускай хаты.

Ход мерапрыемства

Гучыць беларуская музыка.

Настаўнік. Вітаю вас, шаноўныя сябры, у гасціннай беларускай хаце! Сёння ў нашым грамадстве ўсё ўзмацняецца цікаўнасць да слаўнай мінуўшчыны нашай краіны, да шматлікіх традыцый нашых продкаў, да нашай культуры і старадаўняга побыту. Добра вядома, што выпрацаваныя стагоддзямі нормы паводзін захоўваюць у сабе мудрасць жыцця, спосаб згоднага суіснавання чалавека і прыроды, чалавека ў бязмежным Сусвеце. Мы з вамі ўжо ўсвядомілі думку, што чалавек, які забываецца на свае карані, сваё мінулае, не мае будучыні. Мы зрабілі з вамі першы крок – даведаліся аб гісторыі свайго роду і зразумелі, што мы – працяг папярэдніх пакаленняў і падмурак для будучых. А сёння мы з вамі ў святочнай і гасціннай беларускай хаце бліжэй спазнаем традыцыі беларускай нацыянальнай кухні, успомнім беларускія народныя песні і пагуляем у беларускія нацыянальныя гульні. Уявіце сабе, што вы чакаеце гасцей. Што трэба зрабіць? (Прыбраць хату, прыгатаваць смачную ежу, паклапаціцца аб забавах для гасцей...).

Настаўнік. Ну, дык і пачнем! Без чаго нельга ўявіць і паўсядзённы, і святочны стол? Канешне, без хлеба!

Першая творчая група прадстаўляе падрыхтаванае выступленне на тэму «Хлеб над усім пануе».

Вучань 1. Шматлікія прыказкі і прымаўкі пра хлеб, складзеныя беларусамі («Хлеб у доме – гаспадар, на працы – друг, у дарозе – таварыш», «Хлеб над усім па-нуе», «Хлеб – усяму галава») гавораць аб тым, што асаблівая ўвага заўсёды ўдзялялася хлебу.

Вучань 2. Па наяўнасці хлеба меркавалі пра дастатак працоўнай сям’і.

Вучань 1. Беларусы выхоўваўлі павагу і беражлівыя адносіны да хлеба з дзяцінства. Калі кавалачак яго ці крошкі выпадкова падалі са стала, то яго шаноўна падымалі, прасілі прабачэння ў Бога, абціралі і з’ядалі самі, калі кавалак быў вялікі, ці аддавалі хатняй жывёле, але ніколі не выкідвалі. Здзеквацца з хлеба – вялікі грэх.

Вучань 2. З хлебам ішлі на радзіны, у сваты, на вяселле... Хлебам-соллю су-стракалі дарагіх гасцей. У працоўных абрадах беларусаў хлеб – сімвал павагі да лю-дзей, якія сваёй працаю ўзрасцілі яго.

Вучань 1. Хлеб – неад’емная частка нашай нацыянальнай кухні, наша штодзённая ежа. Цяжка ўявіць сабе беларуса, які не спажывае хлеб. Смак нашага чорнага хлеба адчуеш толькі тады, калі некаторы час будзеш пазбаўлены магчымасці яго есці.

Вучань 2. Каб лепш зразумець, адкуль такая павага да такога простага, звычай-нага, паўсядзённага хлеба, трэба звярнуцца да гісторыі.

Вучань 1. Старыя людзі і зараз успамінаюць аб тым далёкім мінулым, калі ў муку ці цеста для хлеба дабаўлялі значную долю розных прымесяў. Гэта маглі быць і бульба, і змолатая дубовая кара, і жалуды, і лебяда, і шчаўе, а часцей за ўсё – мякіна. «З мякінаю лёгка хадзіць, ды цяжка ногі валачыць». «Не бяда яшчэ, што ў хлебе лебяда – тады бяда, калі хлеба няма».

Вучань 2. Шырокае распаўсюджанне ў беларускай кулінарыі да 50-х гадоў XX стагоддзя мелі замяняльнікі хлеба: сачні, драчоны, скавароднікі. Іх рыхтавалі таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку з пшанічнай мукі. Скавароднікі пяклі з кіслага цеста. Сачні рабілі больш тонкія, чым скавароднікі, але таўсцейшыя, чым бліны. Для прыгатавання сачней часта выкарыстоўвалі начынку: бульбу, яблыкі, вішні, слівы і інш.

Вучань 1. З лепшых гатункаў мукі пяклі хрусты, каржаны, пернікі, пампушкі. З мучных страў найбольш папулярнымі былі клёцкі, зацірка, кулеш, локшына, наліс-нікі, ламанцы, з крупяных – крупнік, панцак, гушча і іншыя.

Вучань 2. Падчас войнаў хлеб, сухары з яго – асноўны прадукт. Яго лёгка было і насіць з сабою, ён і чэрствы быў смачны, і галоўнае – даваў чалавеку сілу.

Вучань 1. Яшчэ задоўга да таго, як быў вынайдзены пеніцылін, у народнай ме-дыцыне выкарыстоўвалася хлебная плесня, з дапамогай якой выратоўвалі паране-ных ад страшнай хваробы – «антонаў агонь», ці гангрэна, як кажуць сёння.

Вучань 2. Скарыначка хлеба была ў блакадным Ленінградзе даражэй за многія матэрыяльныя каштоўнасці, бо выратоўвала самае галоўнае – жыццё.

Вучань 1. Менавіта жыццём паплаціліся многія сялянкі, якія пяклі хлеб для парты-зан у час Вялікай Айчыннай вайны.

Вучань 2 (чытае верш П. Панчанкі «Адценне слоў»).

Адценне слоў – не глупства,

Ты ім не пагарджай.

Скарынка. Скіба. Луста.

Акраец. Каравай.

Акраец – шлях, дарога

І зайцаў хлеб лясны.

Скарынка – сум, трывога

І боль былой вайны.

А скіба – дзень вясновы.

Ралля. Плугі. Сяўба.

Наш хлеб – жыцця аснова,

Працяг і барацьба.

А луста – слова сытнае,

Духмянае і шчодрае.

Яно ад маці – сітнае

Ці наздравата-чорнае.

А каравай – вясельнае,

Святочнае яно.

На ручніку нясе яно

І радасць, і віно.

І справа тут не ў ежы,

А ў смачным змесце слоў,

І ў жытнім ветры свежым,

І ў звоне каласоў...


Другая творчая група прадстаўляе падрыхтаванае выступленне на тэму «Бульба – другі хлеб».

Вучань 1. Другім хлебам на Беларусі называюць бульбу.

Вучань 2. Чаму?

Вучань 1. Здараліся такія неўраджайныя гады, што сабранага зерня ледзь хапа-ла на тое, каб пасеяць увесну. А што ж есці? Выратоўвала становішча бульба: яна добра захоўваецца аж да новага ўраджаю, з яе можна прыгатаваць мноства каларыйных страў.

Вучань 1. А ці ведаеце вы, як да нас прыйшла бульба? Радзімай бульбы з’яўля-ецца Паўднёвая Амерыка, дзе індзейцы шырока культывіравалі яе ўжо за некалькі тысячагоддзяў да нашай эры. У Еўропу бульба ўпершыню завезена ў 1565 годзе іс-панскімі маракамі. Затым яе з Амерыкі прывезлі англічане, якія здзейснілі кругасветнае падарожжа ўжо пасля Магелана.

Вучань 2. Спачатку экзатычная расліна стала ўпрыгожаннем батанічных садоў і радавала позіркі знатных іспанскіх дам сваімі някідкімі, але не бачанымі дагэтуль кветкамі.

Вучань 1. На сталы еўрапейцаў «перуанскі земляны арэх» трапіў пазней. Спачатку, па няведанню, людзі спрабавалі выкарыстоўваць у ежу лісце і плады. Моцны яд – саланін, які ўтрымліваецца ў іх, выклікаў у неразумных едакоў цяжкія атручванні, прымушаючы сур’ёзна ставіцца да заморскай расліны.

Вучань 2. У некаторых еўрапейскіх краінах ведалі, што есці трэба клубні, але капалі іх вельмі рана, памылкова лічачы, што чым маладзей, тым смачней. Недаспе-лыя клубні былі таксама атрутнымі, і гэта адбівала ахвоту вырошчваць бульбу.

Вучань 1. Уладамі Францыі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін былі прыняты прымусовыя меры па вырошчванні бульбы. Яны не былі марнымі.

Вучань 2. А на Русі, а значыць, і на Беларусі, бульба з’явілася нядаўна – каля двухсот гадоў назад. І таксама не без цяжкасцей. Прыйшлося і ў нас выдаваць спецыяльныя ўказы і нават ісці на хітрасць.

Вучань 1. Хтосьці з рускіх царыц аддаў указ засадзіць поле бульбай і варту ўз-броеную абавязкова паставіць. Але... варта несла службу толькі днём, а ноччу моцна спала. Ну, а што ў гэтай сітуацыі рабілі сяляне – можна толькі здагадвацца.

Вучань 2. Бульбу спажываюць і вырошчваюць ва ўсёй Еўропе, але самая смач-ная расце ў нас, на Беларусі: прыродна-кліматычныя ўмовы спрыяюць вывядзенню сартоў з высокім утрыманнем крухмалу і выдатным смакам. Прышэлец з Паўднёвай Амерыкі знайшоў на Беларускай зямлі спрыяльную глебу.

Вучань 1. Бульба практычна не знікае са стала беларусаў ва ўсе поры года. Яе вараць і тушаць, пякуць і запякаюць, фаршыруюць і начыняюць. З яе гатуюць супы, салаты, піражкі, хвораст і яшчэ шмат чаго смачнага.

Вучань 2 (чытае верш П. Панчанкі «Бульба»).

Так ісці на захад, гэтак перці

За эпоху можна толькі раз.

Есці захацелася да смерці,

Ну, а повар з кухняю заграз.

Падцягнулі рамяні з тугою,

Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,

На сухой абочыне шашы.

Рай – для ног, цыгарка – для душы...

Спрэчка пачалася нечакана:

Што смачней з усіх вядомых страў?

«Хаш і лобі! – першым крыкнуў Вано, -

Я б сем місак зараз увабраў».

«Плоў, – сказаў Ахмет. – Калісьці дома...»

І пацмокаў смачна языком.

А Гурген ускочыў: «Вы знаёмы

З ерэванскім сочным шашлыком?»

Я тут узгарэўся не на жарты:

«Вашых страў я ганіць не хачу:

І яны што-кольвек, пэўна, варты,

Як хвалілі знаўцы іх – я чуў.

Сорам пра найлепшае не ведаць, –

Рынуўся я ў наступ на байцоў, –

Калі смачна хочаце паснедаць,

Закажыце бульбы з селядцом.

Печаная бульба – гэта казка,

Паскрабеш нажом – і калі ласка.

Жоўтая скарынка, як пірог,

Будзеш уплятаць яе за трох.

Трапіш да кабеціны рахманай –

Паспытаеш, друг мой дарагі,

Дранікі са свежаю смятанай,

Бабку, клёцкі, нават пірагі.

З нашай бульбы тысячу, не меней,

Смажаць і гатуюць розных страў...»

Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем

Песню ім пра бульбу праспяваў.

Бачу: праняла мая прамова,

Зараз крыкнуць: «Дзе яна? Гарні!»

... Добра, што пад’ехаў ротны повар

На рудым запараным кані.


Трэцяя творчая група прадстаўляе падрыхтаванае выступленне на тэму «Дары прыроды на стале беларусаў».

Вучань 1. А чым жа харчаваўся беларус, пакуль бульбы яшчэ не ведаў? Пры-родна-кліматычныя ўмовы Беларусі спрыяюць шырокаму выкарыстанню такіх прадуктаў, як грыбы, лясныя ягады і травы (шчаўе, сныць, грушы і яблыкі-дзічкі, крапіва, лебяда, рабіна, каліна, шыпшына, ажына), а таксама рачная рыба, ракі, малако – адным словам, усё, што чалавеку дае прырода.

Вучань 2. Дзікарослыя расліны займаюць значнае месца не толькі на стале, але і ў лячэбнай практыцы. Стравы і напіткі, прыгатаваныя з прыбаўленнем дзікарослых раслін і пладоў, узбагачалі паўсядзённае меню вітамінамі, біялагічна актыўнымі рэчывамі, рабілі яго больш разнастайным.

Вучань 1. Лясныя ягады, яблыкі, грушы выкарыстоўвалі для прыгатавання роз-ных напояў: кісяля, кулагі, квасу, узвару. Дарэчы, усе яны рыхтаваліся з аднаго віду ягад ці садавіны.

Вучань 2. Наяўнасць у нашай мове выслоўяў накшталт «прасцей за параную рэпу», «як горкая рэдзька», «галава садовая» сведчыць аб тым, што шырока ўжываліся і рэпа, і рэдзька, і капуста.

Вучань 1. Дары прыроды выкарыстоўваюцца і ў другіх нацыянальных кухнях, але формы і прыёмы прыгатавання страў з іх у беларусаў свае. Напрыклад, грыбы ў нас толькі адварваюць і тушаць, а не смажаць. Марынаваць і саліць грыбы пачалі на Беларусі толькі ў пачатку 20 стагоддзя. Увогуле, яны не ўжываюцца як самастой-ная страва, а заўсёды ў якасці дабаўкі да асноўнага.

Вучань 2. Што да малочных страў, то зноў-такі чыста малочных страў няма, затое ёсць шматлікія стравы з малаком ці з малака: тварог, смятана, вяршкі, рознага роду «забелкі» для страў з мукі, бульбы, гародніны ці грыбоў.

Вучань 1. Рыбу часцей запякалі цэлай, з луской, або сушылі асобым спосабам: спачатку злёгку падсмажвалі і толькі тады пачыналі сушыць. Сушаную ж рыбу захоўвалі для посных страў – аздаблялі ёй квас, на сушанай рыбе і юшку варылі. Рыб-ны фарш дабаўлялі ў клёцкі.

Вучань 2. Раней у кожнай сям’і шчыра прытрымліваліся народных і рэлігійных традыцый. Перад вялікімі святамі, такімі, як Каляды, Вялікдзень, строга захоўвалі пост. Менавіта дары прыроды былі асноўнай ежай у такі час. Стол і тады ў кожнай сям’і быў вельмі багаты. Апошні дзень Каляднага посту – Вялікая Куцця – адзначаўся вялікім застоллем з выкарыстаннем толькі посных страў. Вось як аб гэтым успа-мінае Якуб Колас у сваёй паэме «Новая зямля».

Вучань 1 (чытае ўрывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля»).

І вось вячэра зачалася!

Спыніцца мушу я на квасе:

Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь,

Яшчэ засушаныя з лета.

Але не ўсё яшчэ і гэта:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі;

Цыбуля, перчык, ліст бабковы –

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

Пільнуй, – цішком скажу між намі, –

Каб і язык не ўцёк часамі.

За квасам елі верашчаку,

А потым блінчыкі на маку,

А там ламанцы-праснакі

З пшанічнай добрае мукі;

А макаў сок такі салодкі!

Ламанцы ў ім, ну, як калодкі –

Так добра макам праняліся,

У рот паложыш – абліжыся.

За прасначкамі йшлі кампоты,

Кісель з мядоваю сытою;

Вячэру скончылі куццёю,

Але ўжо елі без ахвоты,

Абы падатак той аддаць,

Стары звычай ушанаваць.

І после гэтакай вячэры

Жывот выпучваўся без меры,

А з-за стала як уставалі,

То нават трохі і стагналі.


Чацвёртая творчая група прадстаўляе падрыхтаванае выступленне на тэму «Святочны стол беларусаў».

Вучань 1. Некаторыя з лепшых свят, на жаль, бываюць толькі раз у год. І таму яны яшчэ больш намі чаканыя. Падступаюць ужо да брамы Каляды і Новы год. І мы імкнемся сустрэць іх так, каб і запомніліся, і сімвалізавалі пачатак заможнага і паспяховага года.

Вучань 2. На жаль, сучасныя новапрыдумкі мы ведаем часцей лепш за трады-цыі продкаў. Як жа заахвочвалі нашыя мудрыя прадзеды напярэдадні Новага году ў кожную хату шчасце і дабрабыт?

Вучань 1. Канечне ж, якое свята абыходзілася без святочнага стала? Вельмі іс-тотная дэталь: на стале павінна была быць няцотная колькасць страў (гэта тычыцца не толькі Калядаў): 7, 9, 11... Стравай, дарэчы, лічыцца абсалютна ўсё: бутэлька, калі яна стаіць на стале, соль, перац, хлеб, морс – гэта ўсё стравы. Таму не забывайцеся падлічыць...

Вучань 2. Каляды, першая вячэра, Вялікая куцця – гэта яшчэ не Шчодры вечар, пост яшчэ не скончыўся, таму стравы – адпаведныя. 24 снежня, увечары, можна на стол сабраць так: адварыць грыбы і зрабіць з гэтага две стравы. Грыбы звычайна варацца з крупамі, соляцца, перчацца, а потым вада, у якой яны варыліся, падаецца асобна – гэта квас. А грыбы падаюцца асобна, потым рэжуцца і запраўляюцца нацёртым часнаком, кменам, перцам – гэта ўсё разам перамешваецца. Абавязковая страва – натуральны селядзец. Галоўная ж страва каляднага стала – Куцця.

Вучань 1. Куццю, паводле беларускіх звычаяў, робяць з цэльных круп – з тых, якія могуць прарасці, калі іх пасадзіць, звычайна з ячных. Дарэчы, з рысу не варта варыць куццю, хаця цяпер мы ўсе прызвычаіліся менавіта да яго. Справа ў тым, што той рыс, які сёння мы набываем, так ці інакш апрацаваны, ва ўсякiм разе, пазбаўлены шанцаў прарасці. У гэтых зярнятках няма ўжо жыцця. Да таго ж, ён не расце на нашай зямлі, не нажыўлены нашай энэргетыкай – гэта надта істотна ў калядныя сонцазваротныя дні. Куцця – гэта страва, можна казаць, сакральная, і таму гэткія нюансы маюць глыбокі сэнс. У куццю можна дадаць разынкі, мёд, мак...

Вучань 2. Абавязковымі на калядным стале з’яўляюцца сухарыкі: яны пякуцца як звычайнае пячэнне i кідаюцца ў падсалоджаную ваду з макам.

Вучань 1. Цяпер напоі. Найперш – кісялі: белы і чырвоны... Белы кісель – «жур». Гэта кісель, зроблены на аўсе; ён несалодкі, таму яго ўжываюць з падсалоджанай вадой. Гэта вельмі старажытная страва. Традыцыйнымі для нас з’яўляюцца і розныя морсы, асабліва з журавінаў, настоі на ягадах, сокі, найперш, яблычны.

Вучань 2. Перад тым, як стравы ставяцца на калядны стол, пад абрус кладзецца сена. Яно сімвалізуе аснову дабрабыту. Потым садзяцца за стол усе сямейнікі: яны ж таксама частка дабрабыту, бо дабрабыт без жывога чалавека, без жыцця немагчымы.

Вучань 1. А калі ўсе паелі, то час паваражыць крыху: з-пад абруса цягнуць сена – каму якая сцябліна патрапіцца. Чым даўжэйшая сяніна, якую выцягнуў, тым большых поспехаў можна чакаць у жыцці наогул і ў наступным годзе асабліва. Гэта значыць і доўгае жыццё, і ўсялякае шанцаванне. Адным словам – чакайма шчасця…

Вучань 2. Яшчэ адным вялікім і доўгачаканым святам з’яўляецца на Беларусі Вялікдзень, або Пасха. Да дня Вялікадня варылі, пяклі, смажылі розныя стравы: бу-кі, пірагі, каўбасы, сала, фарбавалі і варылі яйкі. Рытуальнай стравай з’яўлялася чырвонае яйка, асвянцонае ў царкве ці касцёле.

Вучань 1. Напярэдадні Пасхі, ці Вялікадня, у лубку-сявеньку складвалі саму «пасху», ці велікодную булку, ці пірог, а то і бохан чорнага хлеба, чырвоныя яйкі. У царкве ці касцёле адбывалася пышнае ўрачыстае богаслужэнне. Пасля заканчэння ўсяночнай пачыналася асвячэнне прынесеных ястваў. 3 царквы ці касцёла вярталіся як мага хутчэй, бо, згодна з народным павер'ем, хто раней пачне разгаўляцца, таму будзе ў гэтым годзе ўдача ў яго справах і добрае здароўе.

Вучань 2. Урачыстае святочнае снеданне пачыналася з чырвонага асвечанага яйка. Кожны з’ядаў сваю долю яйка са свянцонай соллю і прымаўся за сыр, тварог са смятанай, сала вэнджанае, смажанае мяса, каўбасу, пірагі. Наядаліся пры гэтым да адвалу.

Вучань 1. Цяпер жа ў кожнай сям’і свае традыцыі, свае святы. Застаецца ня-зменнай наша беларуская гасціннасць, добразычлівасць, сардэчнасць у адносінах да таго, хто пераступіў парог нашае хаты.

Вучань 2 (чытае «Адступленне кулінарнае» з рамана ў вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці»).

Што наша закусь у пашане

У знатакоў застольніх страў –

Аб гэтым хораша ў Варшаве

Адзін наш сябра напісаў.

Цытую сцісла па газеце:

«Як журналіст і дыпламат

Я пабадзяўся шмат па свеце

І ўсякіх кухань знаю шмат.

Але якую б вы закуску

Мне ні даўмеліся назваць –

За «парася па-беларуску»

Аддам любую без разваг!

О, млечны дзюдзік на талерцы!

Цалком засмажаны ў духу!

Ягоны вобраз будзе ў сэрцы,

Пакуль не стлею на труху!

О, як ляжыць ён маляўніча

На падагнутых капытках,

Задзёршы ўгору пекны лычык

З пахучай траўкай у зубах!

Як той анёлачак – румяны,

Са скуркай крухкаю, ядкой,

І грэцкай кашаю напханы –

Не абы-як – абы-якой!

У кашы – яблычак мядовы

Ці ўпрэлы пахкі баравік!

Самлець нядоўга там, панове,

Калі к раскошы не прывык!

Я на прыёмах, у застоллях,

Прызнацца вам, і састарэў, –

А для душы сваёй раздолля

Нідзе такога не сустрэў.

Калі б я мог, то ў школах нашых –

Каб падхапіла Польшча ўся –

Прадмет увёў бы: «Як засмажыць

Па-беларуску парася!..»

Што ж, знаць прыемна і не лішне,

Чым слаўны ў свеце родны край.

Ды ты, зямляча, не за іншым,

А за сабой паназірай.

Вось ты ў гасцях – і нават слоўца

Табе сказаць няма калі:

Вяндлінку з водарам ядлоўца

Мяцеш – за раз па два скрылі!

А побач – зірк! – як цуд, як казка –

З каляндрай, з перцам, з часнаком –

Ляжыць вясковая каўбаска,

Таксама ўвітая дымком!

К таму ж падсохла на гарышчы –

Дык толькі плеўка шапаціць!

Умэнт кальцо з паўметра знішчыў –

Адно раз’ятрыў апетыт!

Калі ж дапаў да вантрабянкі –

Цягаць стамілася рука!

Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі

На блюда выклалі з гаршка!

О, гэны зверху і сысподу

Наскрозь усмажаны каўбух!

За чатырох змалоў – уходаў!

(Хоць сам ты лічыш, што за двух.)

Паспеў адчуць, што ўжо не слабка

І ў паясніцы, – а на стол

Тым часам едзе ў місе бабка

І парай дыхае пад столь:

З бакоў запечаная ў меру,

У бульбе скварачкі тырчаць... –

І так жа ўслед пайшла на змену –

Хоць замычы – каб не маўчаць!

«Усё! – сказаў. – На гэтым дзякуй!»

А на абрус – нясуць бліны

І к ім – мачанку-верашчаку

З наборам рэбрачак свіных!

Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:

«Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?»

І неўпрыкмет на два-тры вочкі

Паслабіў пас на жываце...

Ужо не здыхацца! Падпёрла –

Няйначай крушня камянёў!..

А перад носам... ставяць цёрла

Гарачых, тлустых калдуноў!

Калдун! Духмяны, сакавіты,

У масле ўсмяглы, а паўзверх –

Смятанкай свежаю паліты!..

Ну, што? Ізноў глядзіш як звер?

І адчуваеш, адчуваеш:

Няхай хоць згэтуль у труну –

А не зганьбуеш, не стрываеш –

Дасі прытул і калдуну!

Дасі!.. І добра зробіш, браце!

І не ўпікай дарма сябе!

Ты за ядой – як і на працы:

На малацьбе ці на касьбе!

Калі на свеце нехта дзесьці

Умее добра працаваць, –

То ўмее ён і смачна з’есці

І – адпаведна – згатаваць!

Таму – дастойна, без эфекту

Прымай падзяку-пахвалу –

І беларускаму палетку,

І беларускаму сталу!

І цмокні ў ручку гаспадыні,

Каб сонцам пырснула яна,

І ўскінь яшчэ – а то астыне! –

Ускінь на сэрца... калдуна!..

Настаўнік. Вялікі дзякуй за цікавыя паведамленні. «А на стале тым – рай ды годзе!» То ж і сапраўды рай! Чаго тут толькі няма! А цяпер – слова нашым бацькам, удзельнікам конкурса на лепшы кулінарны выраб. Ацэньвацца будзе  не толькі прыгожа аформленая страва, знешні выгляд, але і арыгінальная назва. А ў журы я запрашаю па адным вучні з кожнай творчай групы і чацвёра татаў.

Прадстаўленне прыгатаваных кулінарных вырабаў, частаванне.

Журы падводзіць вынікі.

Настаўнік. А зараз – другі конкурс: хто лепш ведае беларускую нацыянальную кухню? Кожная каманда атрымае карткі са словамі, сярод якіх і назвы беларускіх страў. (Прыкладны пералік слоў: квас, крупеня, жур, поліўка, калатуха, панцак, кулага, гульбішнік, таркаванка, юц, верашчака, калдуны, драчона, дранка, гонта, бабка, бабулька, саладуха, засланка, услончык, андарак, намітка, талакно, талака, мяшалка, падмазка, каравай, караван, імжака, валун, грыбовішча, скавароднікі, адрына, тынкоўка, ламанцы, цэшка, мэндлік, вантрабянка, камы, крупнік, гушча, спарыш, браціна, вакацыі, стадола, дыярыуш, атрамант, стырно).

Задача – выбраць толькі тое, чым можна паабедаць самаму і гасцей па-частаваць. Часу даецца 2 хвіліны. Пачынаем!

Гучыць музыка, прадстаўнікі каманд падыходзяць да мікрафона і зачытваюць выбраныя словы. Вызначаецца каманда-пераможца, якой уручаюцца жэтоны.

Настаўнік. Наступны наш конкурс – на лепшае веданне прыказак і прымавак беларусаў пра ежу, стравы і едакоў. Умова: ад кожнай каманды запрашаецца па ад-ным прадстаўніку. Яны па чарзе называюць прыказку ці прымаўку. Выбывае з гуль-ні той, хто за 10 секунд не змог назваць наступную, не паўтараючы папярэдніх. Заўвага: дазваляецца дапамога ўсёй каманды. Пермагае той, хто застаецца.

Праводзіцца конкурс, пераможцу ўручаюцца жэтоны.

Настаўнік. Наступны наш конкурс – музычны. Тэксты песень і беларускія на-цыянальныя касцюмы для кожнай каманды ўжо падрыхтаваны. Вам застаецца толькі выбраць песню і пры дапамозе акампаніятара праспяваць і праінсцэніраваць яе. На падрыхтоўку даецца 5 хвілін. Час пайшоў!

Праводзіцца конкурс, камандзе-пераможцу ўручаюцца жэтоны.

Настаўнік. Пачаставаліся на славу. Паспявалі. Ну, а зараз прыйшоў час гульні. Я прапаную вам некалькі беларускіх нацыянальных гульняў. Напрыклад: «Вілюшкі», «Змяя (Гад)», «Паляванне на лісаў», «Кашка», «Птушкі ляцяць!», «Пеўні», «Вавёрку трэсці».

Пасля гульняў пераможцам уручаюць жэтоны. Усе зноў збіраюцца за сваімі сталамі. У кожнай камандзе падлічваюць колькасць жэтонаў. Каманда, у якой жэтонаў больш, чым у іншых, узнагароджваецца кнігай Я. Крука «Сімволіка беларускай нацыянальнай культуры». Умова: першымі кнігу будуць чытаць у той сям’і, якая прынесла камандзе найбольшую колькасць жэтонаў, а потым – у астатніх.

Настаўнік (праводзіць рэфлексійную гутарку з аўдыторыяй). Ці спадабалася вам наша свята? Які момант вам больш запомніўся? Якую з праведзеных сёння гульняў вы б хацелі паўтарыць? Якую страву вы б хацелі прыгатаваць ці хаця б пакаштаваць?

Настаўнік. Ну што ж... Прыйшла пара развітвацца. Вельмі хочацца, каб вам штосьці запомнілася, каб рэцэпты з аднае кухні перайшлі ў другую. На развітанне жадаю вам, каб сталы ў вашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы – добрымі і шчодрымі, каб святаў было больш, чым засмучэнняў. Бывайце! Да новых сустрэч у нашым клубе «Сям’я»!




Спіс скарыстанай літаратуры

  1. Гілевіч, Н. Родныя дзеці/Н.Гілевіч. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1995.

  2. Колас, Я. Новая зямля. Казкі жыцця/Якуб Колас. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2001

  3. Краж, У.М. Беларускія народныя гульні ў школе/У.М Краж, В.В.Трубчык. - Мінск, 1993

  4. Маркова, Л.Д. Белорусская кухня/Л.Д.Марткова, І.П. Корзун, З.В.Васіленка. - Мінск: Ураджай, 1993

  5. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т./Пімен Панчанка. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – 1 т.

  6. Реутович, Т.В. Кухня народов СССР/Т.В.Реутович. – Минск: Полымя, 1987.





Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconСловы вядучых: Свята толькі тады свята, калі на яго запрашаюць гасцей
А дакладней, калі запрошаныя госці на свята прыязджаюць. Значыць у нас сапраўднае свята. Да нас завіталі прадстаўнікі гаспадарак,...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconПлан асноўных мерапрыемтсваў, праводзімых у клубных установах Дзятлаўскага раёна
Дварэц, святы: “Сёння ў нашай хаце свята” – в. Раготна, “Каб жыла мая вёсачка родная” – в. Буйкі, Сцяткоўшчына (Сачыўлянскі сдк),...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconДадатак 8 Свята беражлівых
Пачнём мы свята з выканання задання, якое на першы погляд зусім не адносіцца да нашай тэмы. Трое жадаючых падыдзіце да мяне І з дапамогай...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconСцэнарый фальклорна-экалагічнай замалёўкі да свята "саракі" Мэты
Мэты: выхаванне цікаўнасці да фальклорных здабыткаў нашых продкаў; правядзенне мерапрыемства ў кантэксце выхавання экалагічнай культуры...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconАддзел бібліятэчнага маркетынгу сцэнарый свята кнігі да 65-годдзя Вялікай Перамогі
Вядучы 1: Назаўсёды ўвайшла ў гісторыю нашай Радзімы Вялікая Айчынная вайна. Ваеннае ліхалецце 1941-45-х гадоў застанецца навечна...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconНовы Год спяшаецца ў госці Мэты
Мэты: пазнаёміць з гісторыяй паходжання свята, традыцыямі яго святкавання ў розных краінах свету; развіваць творчыя здольнасці І...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты icon"франтавікі, надзеньце ордэны"
Вяд. 2: Паважаныя землякі! Мы рады вітаць вас сягоння ў нашай зале напярэдаднІ вялікага свята – 65-годдзя вызвалення нашай краіна...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconУ нашай вучэбнай установе значная падзея 150 год адукацыі ў вёсцы Дабраволя. Свята ў школы, а значыць, у першую чаргу, у тых, хто вучыцца І працуе тут. Гэта
У нашай вучэбнай установе значная падзея 150 год адукацыі ў вёсцы Дабраволя. Свята ў школы, а значыць, у першую чаргу, у тых, хто...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconШто такое медыя-азбука?
Ліцэя №2 г. Мінска П. Б. Маркелаву. За некалькі гадоў яна шырока распаўсюдзілася І выкарыстоўваецца як у нашай краіне, так І за яе...

«Як у нашай хаце свята» Узроставая аўдыторыя : 13-15 гадоў Мэты iconДзяржаўная ўстанова адукацыі
Мэты: пашыраць веды дзяцей аб прыродных багаццях нашай краіны, вучыць зберагальна ставіцца да навакольнага асяроддзя; првіваць любоў...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка