Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч




НазваМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч
старонка3/5
Дата канвертавання11.01.2013
Памер0.89 Mb.
ТыпДокументы
1   2   3   4   5
ГЛАВА ІІІ.

УЗМАЦНЕННЕ МАСКОЎСКАГА ФАКТАРА

Ў ГІСТАРЫЧНЫМ ЛЁСЕ УКРАІНЫ


ХV – ХVІ стст. сталі часам інтэнсіфікацыі палітычных адносін між Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якія характарызаваліся пастаянным суперніцтвам між гэтымі краінамі. Ва ўмовах, калі Маскоўская дзяржава пачала тэрытарыяльную экспансію на захад, між абедзвюма дзяржавамі толькі за прыкладна стагоддзе з 80-х гг. ХV ст. да 80-х гг. ХVІ ст. адбылося шэсць войнаў, не гаворачы пра дробныя ўзброеныя сутычкі. Пры гэтым немалаважную ролю адыгрывала тое, што суперніцтва гэтае адбывалася не толькі ў ваенна-палітычным, але і ідэалагічным рэчышчы. Украінскія землі не проста адчувалі на сабе ўплыў гэтых працэсаў, а часта аказваліся ў іх цэнтры. Разгледзім падрабязней палітычныя і ідэалагічныя прычыны суперніцтва Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ і яе экспансіі на захад у сярэдзіне ХV-сярэдзіне ХVІ стст.

Маскоўскае княства, некалі адно з невялікіх залежных ад Залатой Арды, рускіх княстваў у ХV ст. перажывала пад’ём. Вынікам цэнтралізатарскай палітыкі маскоўскіх князёў стаў працэс паступовага далучэння да Масквы суседніх княстваў, што вядомы ў расійскай гісторыяграфіі як “збіранне земляў”. Імпэт да гэтага быў нададзены і перамогай у феадальных войнах 1430-х – 1440-х гг. цэнтральнай улады ў асобе Васіля ІІ Цёмнага (1425 – 1462 з перапынкамі), якога чатыры разы скідалі з трона, але які ўсё ж змог адолець сваіх родзічаў-феадалаў і зацвердзіцца пры ўладзе. Старое суперніцтва між ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай працягнулася і ў час праўлення Васіля ІІ, але пры ім яно не набывала яшчэ асабліва вострых формаў і канцэнтравалася вакол барацьбы за Смаленск і падтрымкі Масквой кандыдата на трон ВКЛ князя Міхаіла Жыгімонтавіча (сына Жыгімонта Кейстутавіча). Пытанні гэтыя вырашыліся на карысць ВКЛ: намеснік Смаленска Юрый Лугвенавіч, які падняў у 1440 г. пры ўступленні Казіміра на трон мяцеж, збег у Маскву, а Васіль ІІ з цягам часу адмовіўся ад падтрымкі князя Міхаіла і заключыў мір з Вільняй. Але ў час праўлення сына і спадчынніка Васіля ІІ Вялікага князя Івана ІІІ (1462 – 1505), які яшчэ пры жыцці бацькі быў яго суправіцелем, сітуацыя моцна змянілася.

Падчас свайго ўзвышэння і далучэння ўсё большай колькасці земляў Вялікае княства Маскоўскае стала прэзентаваць сябе як збіральнік земляў Русі і абаронца праваславія. Праблема была ў тым, што суседняя буйная дзяржава ВКЛ таксама лічыла сябе дзяржавай Русі, афіцыйны тытул гаспадара гучаў як “Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі”. Акрамя гэтага, значная частка насельніцтва Вялікага княства была праваслаўнай, больш за гэта, у Кіеве знаходзіўся афіцыйны цэнтр старажытнай праваслаўнай мітраполіі. Мы ўжо распавядалі вышэй, як суперніцтва між дзяржавамі прывяло да расколу праваслаўнай мітраполіі і стварэння ў 1458 г. асобнай мітраполіі Кіеўскай, Галіцкай і ўсёй Русі для ВКЛ, а таксама абвяшчэння ў канцы праўлення Васіля ІІ у 1462 г. аўтакефаліі мітраполіі Маскоўскай і ўсёй Русі. Паказальна, што ў тытулатурах кіраўнікоў абедзвюх краін утрымліваюцца відавочныя прэтэнзіі на “усю Русь”.

Маскоўская дзяржава, якая прэтэндавала на ўсе землі Русі, у рэальнасці гэтымі землямі раней ніколі не валодала, бо ўзнікла ў ХІІІ ст. як невялікі ўдзел Уладзімірскага княства. У гэтых умовах у Вялікім княстве Маскоўскім была выпрацавана экспансіўная ідэалагічная канцэпцыя, што павінна была абгрунтаваць прэтэнзіі Масквы на лідэрства на землях Русі і, больш таго, – ва ўсім праваслаўным свеце. Такая канцэпцыя была створана, і на працягу стагоддзяў знаходзілася ў цэнтры афіцыйнай палітыкі Рускай дзяржавы. Яе ж зараджэнне адносіцца да часу праўлення Івана ІІІ.

Пры Іване ІІІ Маскоўская дзяржава сапраўды зведала шмат поспехаў. Да Масквы былі далучаны Вялікі Ноўгарад, Цвер, Разань і інш. землі, якія доўгі час з’яўляліся супернікамі Масквы. Значныя поспехі былі дасягнуты і ў адносінах ардынскай палітыкі. Іван ІІІ спачатку перастаў плаціць даніну хану Ахмеду ІІ, а потым “стаяннем на Угры” наогул спыніў татарскае ўладаранне над Масквой. Вялікую ролю ў складанні афіцыйнай ідэалогіі Мвскоўскай дзяржавы адыграла заключэнне ў 1472 г. шлюбу Івана ІІІ і Соф’і Палеолаг.

У 1453 г. Асманская імперыя захапіла Канстанцінопаль і, знясіленая доўгімі гадамі барацьбы, Візантыйская імперыя перастала існаваць, а яе апошні імператар Канстанцін ХІ Палеолаг (1449 - 1453) пакутніцкі загінуў на мурах сваёй сталіцы. А ў 1460 г. туркі заваявалі і апошні аскепак некалі магутнай Візантыі – Марэйскі дэспатат. Дэспат Фама (1449 – 1460), родны брат імператараў Канстанціна ХІ і Іаана VІІІ (1425 – 1448), разам з сям’ёй выехаў у Рым. Нагадаем, што яшчэ раней Візантыйская імперыя прыняла Фларэнтыйскую унію і вызнала вярхоны духоўны аўтарытэт Папы Рымскага.

У 1472 г. між Іванам ІІІ і дачкою дэспата Фамы Зояй (Соф’яй) быў заключаны шлюб (першая жонка Івана ІІІ, дачка князя Цвярскога Барыса, Марыя, да таго часу ўжо памерла). Для маскоўскіх уладароў шлюбы з прадстаўніцамі замежных дынастый да таго часу не былі характэрны, але Івану ІІІ ён быў неабходны для абгрунтавання адмысловай “пераемнасці” ад Візантыі. Рым жа спадзяваўся прывесці Вялікага князя Маскоўскага праз шлюб да уніі, а значыць, распаўсюдзіць на Маскву свой уплыў.

Іван ІІІ выдатна скарыстаўся тымі ідэалагічнымі магчымасцямі, якія давала сваяцтва з прадстаўнікамі некалі ўладарнай візантыйскай дынастыі Палеолагаў. Масква стала бачыцца з пункту гледжання яе афіцыйнай ідэалогіі пераемніцай Візантыі як найбуйнейшай праваслаўнай дзяржавы. У падцвярджэнне гэтага Іван ІІІ прыняў ў якасці герба залаты двухгаловы арол на чырвоным полі – сімвал Візантыі і дынастыі Палеолагаў. Першы вядомы нам выпадак выкарыстання яго ІванамІІІ – на пячатцы 1497 г. Сімвал гэты ўзыходзіць да старыжытнарымскай эмблемы – арла, які з падзелам Рмскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю атрымаў дзве галавы і стаў адлюстроўваць адначасова і падзел, і адзінства імперыі. Потым ён замацаваўся ў Візантыйскай імперыі, а з цягам часу – і ў якасці герба Свяшчэннай Рымскай імперыі. Двухгаловы арол, які і зараз з’яўляецца гербом Расіі, тым не менш не выціснуў іншы старажытны маскоўскі сімвал – выяву Св. Георгія на кані, што перамагае змея, які потым стаў лічыцца гербом г. Масквы.

Узвышэнне Масквы адлюстравалася і ў тытулатуры Івана ІІІ, які прыняў тытул Вялікі князь Маскоўскі і ўсёй Русі. Першае вядомае зараз прыгадванне дадзенага тытулу адносіцца да 1485 г. Яшчэ адным тытулам, які прыняў маскоўскі ўладар, стаў “самадзержац”, што з’яўляецца калькай ад грэцкага “аўтакратар” (αυτοκράτορ). Адметна таксама тое, што ў дыпламатычнай перапісцы Іван ІІІ і яго сын Васіль ІІІ пачынаюць ужываць тытул “цар” ці “кесар”, што ўзыходзіць да рымскага “цэзар” (caesar), хоць афіцыйна такога тытула яны яшчэ не прымалі. Акрамя агульнага ўзвышэння Масквы і “пераемнасці” ад Візантыі на карыстанне такім тытулам паўплываў той факт, што Масква пазбавілася ад татарскай залежнасці, бо раней царом (у сэнсе, вярхоўным кіраўніком) мог лічыцца хутчэй не Вялікі князь, а хан Залатой Арды.

Канчатковае афармленне ідэалагічная канцэпцыя Маскоўскай дзяржавы атрымала ў час праўлення Васіля ІІІ (1505 – 1533) – сына Івана ІІІ і Соф’і Палеолаг. Цікава, што ў палацавах інтрыгах перамог і заняў трон менавіта Васіль ІІІ, які праз маці мог лічыць сябе нашчадкам візантыйскіх імператараў.

У гады праўлення Васіля ІІІ аформілася канцэпцыя, якая вядома пад назвай “Масква – Трэці Рым”. Яе сутнасць у тым, што пасля сканчэння існавання Рымскай імперыі, першай хрысціянскай дзяржавы, цэнтрам хрысціянства стаў праваслаўны Канстанцінопаль – Другі Рым. Рым як цэнтр каталіцкага касцёла не ўлічваўся, бо ён адпаў у “лацінскую ерась”. І, ў рэшце рэшт, калі мусульмане захапілі Канстанцінопаль, пальма першынства ў хрысціянскім свеце перайшла да Масквы – Трэцяга Рыму, уладары якой былі сваякамі рымскіх імператараў. Лічыцца, што першыя матывы гэтай канцэпцыі былі сфармуляваны ў працы мітрапаліта Маскоўскага Засімы “Выкладанне Пасхаліі” 1492 г., дзе ён параўноўвае Маскву з Канстанцінопалем і падкрэслівае боскую сутнасць улады маскоўскіх князёў. Але ў аформленым выглядзе гэтая канцэпцыя з’явілася ў двух пасланнях старца Ялізарава манастыра Філафея, які ў канцы 1523 – пачатку 1524 гг. накіраваў адно з іх да дзяка Міхаіла Місюры-Муніхіна, а другое – да Васіля ІІІ. У лісце да Васіля ІІІ Філафей пісаў: “единъ ты во всей поднебесной христианам царь”. Паказальныя таксама такія словы паслання Філафея: “яко два Рима падоша, а третий стоит, а четвертому не бывати”.

Прывядзем таксама яшчэ дзве легенды, што выкарыстоўваліся для абгрунтавання афіцыйнай маскоўскай ідэалогіі. Згодна першай, імператар Візантыі Канстанцін ІХ Манамах, які правіў у ХІ ст., перадаў Вялікаму князю Кіеўскаму Уладзіміру ІІ царскі вянец, так званую шапку Манамаха ў знак вызнання моцы і аўтарытэту апошняга. Потым ёю каранаваліся маскоўскія ўладары. На самой справе гэтая легенда не адпавядае рэчаіснасці, а шапка Манамаха была створана зусім не па грэцкім, а па татарскім узорам. У адпаведнасці з другой легендай, імператар Рыма Канстанцін Вялікі пабараваў Папе Сільвестру белы клобук – знак вышэйшай духоўнай улады, які Рымскія Папы потым з-за асэнсавння сваёй нявартасці такога знака перадалі яго Патрыярхам Канстанцінопаля. А ад іх ужо белы клобук папаў да мітрапалітаў Маскоўскіх. Пры абсалютнай гістарычнай непраўдзівасці ідэалагічная накіраванасць гэтых легенд відавочна.

Масква ўзяла на ўзброенне моцную ідэалагічную канцэпцыю, але зразумела, што ні ВКЛ, ні іншыя краіны не збіраліся яе прызнаваць. Але Масква была гатова дзейнічаць вайсковым шляхам – у моцна цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржаве Вялікі князь, які меў фактычна абсалютную ўладу, мог выставіць шматлікае войска для экспасіі на заходнія і паўднёвыя землі Русі – сучасныя Беларусь і Украіну. Аднак нярэдкімі былі і спробы дзейнічаць чужымі рукамі. Летам 1482 г., пасля абяцання Івана ІІІ дапамагчы яму ў барацьбе з Вялікай Ардой і атрымаўшы ад яго грошы, крымскі хан Менглі І Гірэй (1427 – 1466), былы саюзнік ВКЛ, здзейсніў самы разбуральны пасля ХІІІ ст. паход на Украіну. 1 верасня татары ўварваліся ў Кіеў і зрабілі там страшэнны пагром. Разрабаваўшы Кіеў і навакольныя землі, захапіўшы ў рабства мноства людзей, татары вярнуліся назад, а іх хан у знак прызнальнасці Івану ІІІ адправіў яму іканастас, залатую чашу і дыскас са Св. Сафіі.

Адной з першых востра паўстала і праблема памежных тэрыторый. Да апошніх мы можам аднесці Смаленскую, Ноўгарад-Северскую землі, а таксама Вярхоўскія княствы. Вярхоўскія княствы – шэраг дробных княстваў і валоданняў у вярхоўях Акі, такія, як Варатынскае, Адоеўскае, Вярэйска-Белазёрскае, Тарускае княствы, што да ХІІІ ст. належалі да Чарнігаўскага княства, потым былі ў залежнасці ад Бранскага княства, а з уваходжаннем іх у склад ВКЛ сталі фактычна самастойнымі. Але рэальнай незалежнасці яны не мелі, бо ў сілу сваёй слабасці былі вымушаны пападаць у залежнасць то да ВКЛ, то да Масквы. З 1486 г. між ВКЛ і Масковіяй пачасціліся памежныя канфлікты. А ў 1492 г. пачалася сапраўдная вайна, што вядома як Памежная ці Першая (у ХV ст.) вайна. Асноўныя баявыя дзеянні не праходзілі на тэрыторыі Украіны, аднак Масква і татары здзейснілі некалькі супольных паходаў на Кіеўшчыну, Падолле, Валынь і Чарнігаўшчыну, сярод якіх найбольш буйным быў паход 1493 г. на Кіеўшчыну. У лютым 1494 г. быў заключаны “Вечны мір”, па якому большая частка Вярхоўскіх княстваў адыходзіла да Масквы. Акрамя гэтага, Літва прызнавала ўваходжанне ў склад Маскоўскай дзяржавы Вялікага Ноўгарада, Пскова, Цвяры і Разані – былых саюзнікаў ВКЛ, якім яно так і не здолела дапамагчы. З іншага боку, Масква адмаўлялася ад прэтэнзій на Смаленск і Бранск. Для замацавання міра быў заключаны шлюб паміж Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам і дачкою Івана ІІІ Аленай [8], якая па ўмовам пагаднення засталася праваслаўнай. Але меры гэтыя не далі станоўчых вынікаў, ды і Вялікая княгіня Алена, якая пастаянна знаходзілася пад ціскам двух бакоў, ніколі не карысталася папулярнасцю ў ВКЛ.

Адной з галоўных праблем памежных тэрыторый быў так званы “выхад” князёў, калі ўладныя князі са сваімі валоданнямі на памежжы пераходзілі ад ВКЛ на бок Масквы. Так, яшчэ ў 1487 – 1493 гг. да Масквы “выйшлі” князі Варатынскія, Бялеўскія, Вяземскія, Мярэцкія. У канцы ХV ст. на бок Масквы пераходзяць таксама князі Сямён Бельскі, Сямён і Іван Мажайскія. Адным з найбольш адчувальных для ВКЛ быў пераход на бок Масквы ў 1500 г. князя Ноўгарад-Северскага Васіля Шамякіна. Яшчэ ў 1454 г. князем у Ноўгарадзе-Севескім быў пасаджаны бацька Васіля – Іван Шамякін, сын былога Вялікага князя Маскоўскага і князя Наўгародскага Дзмітрыя Шамякі, які з’яўляўся адным з галоўных ворагаў Васіля ІІ. Ад рэпрэсій ў Маскве Іван Шамякін збег у ВКЛ, а зараз яго сын перабег назад. Трэба сказаць, што такім жа быў лёс і многіх іншых князёў-перабежчыкаў, што добра адлюстроўвае нестабільнасць у памежным рэгіёне. У якасці прыклада двухбаковага характара “выхада князёў” можна прывесці таксама выезд з Масквы ў ВКЛ князя Васіля Вярэйскага, валодальніка Вярэйска-Белазёрскага княства, разам з жонкай Марыяй, роднай сястрой Соф’і Палеолаг.

З мэтай вяртання страчаных земляў у 1500 г. ВКЛ пачало новую вайну супраць Вялікага княства Маскоўскага. Але гэтая Другая вайна была для ВКЛ няўдалай, і па мірнаму дагавору 1503 г. Вільня была вымушана прызнаць пераход да Масквы значных тэрыторый – былі страчаны Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Старадуб і Гомель разам з іх землямі. Гэта былі адчувальныя для ВКЛ страты, упершыню ў гісторыі да Маскоўскай дзяржавы адыйшла значная частка украінскіх земляў. Новадалучаныя да Масквы тэрыторыі былі хутка залішаныя ўсялякай аўтаноміі, той жа самы князь Васіль Шамякін быў рэпрэсаваны ў 1523г.

У 1507 г. Сойм ВКЛ прыняў рашэнне пра вяртанне страчаных раней земляў. Пасля таго, як Масква не прыняла ультыматуму ВКЛ, у красавіку 1507 г. пачалася наступная вайна. Маскоўскія войскі зрабілі напад на тэрыторыі Бедарусі, аднак у кастрычніку-лістападзе 1507 г. пад ціскам войска ВКЛ адыйшлі назад. У той жа час татары Менглі І Гірэя, якія абяцалі ВКЛ зрабіць напад на занятыя раней Расіяй Чарнігаў і Пуціўль, не зрабілі гэтага, тым не менш, войскі ВКЛ на гэтым этапе і так нядрэнна справіліся са сваімі задачамі. Другі этап гэтай вайна шчыльна звязаны з мецяжом Міхаіла Глінскага, які быў падтрыманы маскоўскімі войскамі, пра што мы распавядалі вышэй. Тут жа адмецім толькі, што ў жніўні 1508г. гетман найвышэйшы К. Астрожскі і М. Фірлей зрабілі выправу на Северскую зямлю, а князь С. Кішка захапіў Дарагабуш і Таропец, аднак поспеху развіць яны не змаглі і пад ударамі атрадаў Васіля ІІІ адыйшлі ў межы ВКЛ. 19 верасня 1508 г. быў падпісаны “Вечны мір”, згодна якому замацоўваўся статус-кво: між ВКЛ і Масковіяй захоўвалася мяжа 1503 г.

Чацвёртая з канца ХV ст. вайна пачалася ў 1512 г. і працягвалася да 1522г. Асноўныя падзеі гэтай вайны адбываліся вакол Смаленска, таму яна яшчэ вядома як Смаленская вайна. Масква мела планы шырокай экспансіі на тэрыторыю ВКЛ і смагла заняць Смаленск. Аднак экспансія Масквы была спынена перамогай войска ВКЛ на чале з гетманам найвышэшым князем Канстанцінам Астрожскім у Аршанскай бітве 1514 г., якая стала адным з найбольш бліскучых поспехаў зброі ВКЛ у гэтай вайне. Сярод падзей, якія адбываліся ва Украіне, прыгадаем паход атрадаў ВКЛ на чале з А. Дашкевічам і А. Неміровічам пры падтрымцы крымскіх татар на Северскую зямлю. Аднак у ліпені 1519 г. войска новага хана Мехмеда І Гірэя (1515 – 1523), які зноў перайшоў на бок Масквы, разрабавала Кіеўшчыну і Валынь. Скончылася вайна ў 1522 г. перамір’ем на 5 гадоў. Смаленская зямля да ХVІІ ст. засталася ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Аднак трэба прызнаць усё ж пэўныя поспехі ВКЛ: маскоўскія планы шырокай экспансіі на захад не былі поўнасцю рэалізаваны, у ВКЛ застаўся і вялікі маскоўскі палон.

У 1533 г. пасля смерці Васіля ІІІ на трон Масковіі ўступіў яго чатырохгадовы сын Іван ІV (1533 - 1584), рэгентам стала маці новага гаспадара Алена Глінская (сястра Міхаіла Глінскага). ВКЛ, скарыстаўшыся сітуацыяй палацавых канфліктаў у Маскве, патрабавала вяртання страчаных з часоў Іван ІІІ тэрыторый. Калі ж Масква адмовілася выканаць ультыматум, між дзяржавамі пачаўся новы ўзброены канфлікт, вядомы як Старадубская вайна (1534 – 1537). У жніўні 1534 г. вялікі гетман ВКЛ Юрый Радзівіл і князь Іерэмія Вішнявецкі зрабілі выправу на Смаленск, але не змаглі здабыць яго. У гэты ж час князь А. Неміровіч узяў у аблогу Старадуб, Чарнігаў і Почап, аднак заняў толькі Радагошч. Новая буйная выправа ў Северскую землю адбылася пасля злучэння літоўскага і кароннага войскаў у канцы мая 1535 г. пад Рэчыцай. 16 ліпеня войскі ўступілі ў Гомель, жыхары якога самі адкрылі брамы, затым былі занятыя Почап і Радагошч. Пасля месяцовай аблогі 29 жніўня быў узяты Старадуб. Аднак з-за новага контрудара Масквы і пачатка вайны Польшчы з Малдовай войскі ВКЛ былі вымушаны хутка пакінуць Севершчыну, але захавалі Гомель. На сканчэнне вайны паўплывала і тое, што татары, якія ў пачатку вайны не змаглі дапамагчы ВКЛ, у рэшце рэшт пачалі вайну з Масковіяй. Гэтаму паспрыяла заключэнне пагаднення між Жыгімонтам Старым і чарговым ханам Сахібам І Гірэям (1532 – 1550).

На перамовах, якія павінны былі скончыць вайну, ВКЛ патрабавала вяртання ўсёй Северскай зямлі, разбурэння новых памежных замкаў – Себежа, Завалочча і Веліжа – і выставіла прэтэнзіі на Ноўгарад і Пскоў. Масква ж патрабавала Кіеў, Полацк, а таксама прапаноўвала абмен усіх палонных. Вільня пагаджалася аддаць усіх палонных за Чарнігаў, аднак маскоўскі бок не прыняў гэтыя прапановы. У рэшце рэшт у лютым 1537 г. было заключана пяцігадовае перамір’е на кампрамісных умовах: Гомель з яго зямлёй заставаўся ў складзе ВКЛ, Себеж і Завалочча перадаваліся Маскве, астатняя мяжа засталася нязменнай. Пагадненне прадугледжвала мір у памежным рэгіёне і свабоду гандлю.

У праўленне Івана ІV Жахлівага афіцыйная ідэалогія Маскоўскай дзяржавы працягнула сваю эвалюцыю. У 1547 г. акружэннем маладога Вялікага князя было ініцыявана прыняцце ім тытула цара. Гэты тытул мелі яшчэ продкі Івана ІV - Іван ІІІ і Васіль ІІІ, але не атрымалі яго афіцыйна, як мы ўжо зазначалі. Урачыстая цырымонія каранацыі цара адбылася ва Успенскім саборы Масквы, падчас чаго мітрапаліт Макарый (адзін з галоўных ініцыятараў прыняцця Іванам царскага тытулу) усклаў на галаву цара шапку Манамаха, якой потым каранаваліся ўсе маскоўскія цары да Пятра І. Прыняцце Вялікім князем Маскоўскім тытула цара як нельга лепш адлюстроўвае канцэпцыю Масква – Трэці Рым: маскоўскі ўладар уяўляўся як бы пераемнікам гэтага тытулу ад Візантыі і Рымскай імперыі.

Далейшае праўленне Івана ІV было насычаным крывавымі падзеямі як унутры Маскоўскай дзяржавы, так і ў яе знешняй палітыцы. У 1565 г. цар распачаў апрычніну, у ходзе якой у Маскоўскім царстве былі забіты тысячы людзей і спустошаны вялізныя тэрыторыі. Нездзіўляльна, што і ў сваёй краіне, і далёка за яе межамі Іван ІV атрымаў мянушку Жахлівы ці Грозны.

Адной з галоўных знешнепалітычных задач, што стаялі перад Іванам ІV, была неабходнасць выхада да Балтыйскага мора, што абумовіла пачатак вайны Маскоўскага царства з Лівонскай канфедэрацыяй – аслабелым нашчадкам Лівонскага Ордэна. Перад тварам маскоўскай пагрозы супраць Івана ІV выступілі ВКЛ, Швецыя і Данія, што перарасло ў цяжкую і працяглую Інфлянцкую (Лівонскую) вайну, якая пачалася ў 1558 і скончылася аж у 1583 г. Баявыя дзеянні падчас гэтай вайны не адбываліся на тэрыторыі Украіны, таму мы не будзем спыняцца на іх падрабязна. Зазначым толькі, што вайна, якая несла вялікія людскія і матэрыяльныя страты для ВКЛ, стала адной з прычын, што прывялі да заключэння Люблінскай уніі 1569 г. між ВКЛ і Польскай Каронай. Маскоўская экспансія на захад надалей не толькі працягнулася, але і ўзмацнілася. Зазначым яшчэ, што сярод яе метадаў быў не толькі ваенны. Яшчэ Васіль ІІІ, а потым Іван ІV для сябе і сваіх сыноў – Івана і Фёдара – разглядалі перспектыву быць абранымі на трон ВКЛ, а пры магчымасці, – і Польшчы. Тым не менш, ні адзін з гэтых праектаў не быў рэалізаваны. Прычынай гэтаму было і існаванне апрычніны часоў Івана ІV Жахлівага, што зусім не спрыяла яго папулярнасці ў якасці кандыдата на трон ВКЛ. Нягледзячы на тое, што ініцыятыва падчас войнаў канца ХV – ХVІ стст. усё больш стала пераходзіць на бок Масквы, такое становішча спраў яшчэ не было стабільным: Іван ІV праіграе Лівонскую вайну, у пачатку ХVІІ ст. на некаторы час будуць вернутыя Смаленск, Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі. Тым не менш, экспансія жорстка цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы на украінскія і беларускія землі ў ХVІІ ст. толькі ўзмацніцца.


Узмацненне ў ХV стст. Маскоўскай дзяржавы прывяло да пачатку яе экспансіі на захад з мэтай “збірання” земляў Русі. З мэтай абгрунтавання апошняга ў Маскве была распрацавана ідэалагічная канцэпцыя, што прыняла з часоў Васіля ІІІ назву “Масква – Трэці Рым”. Тут інтарэсы Масквы жорстка сутыкнуліся з інтарэсамі ВКЛ, якое даўно прэтэндавала на вядучую ролю ў збіранні земляў Русі і называла сябе Вялікім княствам Рускім. У канцы ХV – другой палове ХVІ стст. між Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай адбыўся цэлы шэраг войнаў, у выніку чаго ВКЛ страціла частку усходнеукраінскіх земляў, аднак далейшая маскоўская экспансія была часова спынена. Наступным узброеныя сутыкненнем ВКЛ і Маскоўскага царства стала Інфлянцкая вайна, што адбілася і на гістарычным лёсе украінскіх земляў, стаўшы адной з прычын заключэння Люблінскай уніі.


1   2   3   4   5

Падобныя:

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч
Вялікай Польшчы з цэнтрамі у Гнезне І познані І віслян у Малой Польшчы з цэнтрам у Кракаве. З пападаннем Кракава ў залежнасць ад...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч
Вітаўта Вялікага (1392 – 1430) вкл, якое з’яўлялася фактычна незалежнай ад Польшчы дзяржавай, паспяхова супрацьстаяла прэтэнзіям...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт на правах рукапісу
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, загадчык кафедры гісторыі паўднёвых І заходніх славян

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconБеларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян на тэму
Кірыла, Мяфодзія І іншых святых – сведчанне гэтаму. Для разумення вытокаў еўрапейскага хрысціянства, болей таго, сусветнага светаўспрымання,...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі "Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны" Філалагічны факультэт тэсты па гісторыі мовазнаўства практычны дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта гомель 2003
Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам Установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”26...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі " беларускі дзяржаўны універсітэт"
Насаджэнне асадніцтва І правядзенне парцэляцыі c. 19-38

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі рэспублікі беларусь беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі І радыёэлектронікі
Уводины

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Работа выканана ў навукова-метадычнай установе “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі рэспублікі беларусь беларускі дзяржаўны ўніверсітэт кафедра беларускай літаратуры І культуры Кафедра сучаснай беларускай мовы інфармацыйнае паведамленне
Беларускага дзяржаўнага універсітэта праводзяць VII міжнародную навуковую канферэнцыю “Мова – літаратура – культура”, прысвечаную...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт Кафедра гісторыі паўднёвых І заходніх славян Попель Радзівон Ігаравіч iconМіністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі "Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны" Філалагічны факультэт гісторыя мовазнаўства
Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам Установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” 26...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка