Дзе знойдзеш край такі другі?




НазваДзе знойдзеш край такі другі?
Дата канвертавання28.10.2012
Памер211.89 Kb.
ТыпВопрос


Янiна Жабко



Бярозкі белыя, чырвоныя рабіны

Азёраў светла-сініх берагі...

Такія сэрцу родныя мясціны!

Дзе знойдзеш край такі другі?


Ці то казка, ці то быль?


Зборнiк вершау i апавяданняу

для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту


Ранішняя песня


Над ракою шумлівай маёй

Сонца яснае зноў узнімаецца.

І дзівоснай сваёй цеплынёй

Да матулі-зямлі дакранаецца.


Травы, кветкі ў росных агнях –

Нібы зорачкі з неба спусціліся.

На бязмежных лугах і палях

Скарбы роднай зямлі азарыліся.


Я ў вочы хачу зазірнуць

Прыгажосці зямлі маёй казачнай.

І да сэрца яе прыгарнуць

У часіну тугі і ў час радасны.


Я твой сын


Мой мілы і родны куточак зямлі,

Глядзі, падрастае сынок.

І кветачкі сіняй імя мне далі,

Я твой назаўжды – Васілёк.

Я побач з бярозкамі хутка расту,

Шаную тваю прыгажосць.

Цябе, як матулю, я шчыра люблю,

Я сын твой, я – сын, а не госць!


Мой мілы, гасцінны куточак зямлі,

Якіх падарыў ты людзей?!

Тут Янка Купала і Колас раслі,

Тут шчырасць блакітных вачэй.

На свеце ёсць многа цудоўных краін,

Як зорак, што свецяць да дня.

Мая Беларусь, я адданы твой сын,

Як маці – ў мяне ты адна.


Родны край...


Родны край, дарагі, ненаглядны,

Прыгажэйшай не знойдзеш зямлі!

Зелянеюць твае прысады,

Залацеюць твае палі.


Родны край – край азёраў глыбокіх,

І чаромхавых белых завей.

Край бярозак і сосен высокіх,

Працавітых і шчырых людзей.


Бачу ў небе тваім аблачынкі.

Я і ў шчасці з табой, і ў журбе.

Да апошняй жыццёвай сцяжынкі

Буду, край мой, любіць я цябе.


Мінск родны мой


Дзе кроны дубоў на аблоках ляжаць

І зоркі ў азёры штоночы глядзяць –

На гэтай зямлі будзем вечна мы жыць.

Зямная тут зорачка наша гарыць,

Сталіца Радзімы маёй дарагой –

Мінск родны мой!


Аблашчаны сонца пяшчотным святлом

І нашай сыноўняй любові цяплом,

Ты ўсё прыгажэеш у нас на вачах,

Хоць быў і нялёгкім спрадвечны твой шлях.

Сталіца Радзімы маёй дарагой –

Мінск родны мой!


Уздоўж і ушыр дзень за днём ты расці

І яркаю зоркай свабоды свяці.

Здзіўляй залатых купалоў хараством,

Праспектаў шырокіх вячэрнім святлом,

Сталіца Радзімы маёй дарагой –

Мінск родны мой!


Нашы дзверы ўсім адкрыты


Мы з адкрытым, шчырым сэрцам

Гасцей сустракаем.

Караваем, мёдам, песняй

Усіх прывячаем.


Нашы дзверы ўсім адкрыты,

Просім гасцей ў хату!

І накормім, і напоім

Усім, чым багаты!


Завітаць і самі любім

У госці к добрым людзям.

Іх гасціннасці ніколі

Мы не пазабудзем.


Лёсам нам наканавана

Жыць з усімі ў згодзе.

Дружалюбнасць – гэта рыса

У нашай прыродзе.


Стаяць буду на пасту


Мама рана разбудзіла

І гаворыць ціха: “Дзіма,

Сёння дзень святочны ў нас,

Віншаваць нам самы час

Твайго тату, твайго брата –

Абаронцаў сёння свята.

Нашы слаўныя мужчыны –

Абаронцы ўсёй Айчыны”.

Кажу маме я ў адказ:

“Добра, што бароняць нас.

Я і сам, як падрасту,

Стаяць буду на пасту”.


Усе поры года люблю і чакаю


Восень ідзе да нас з жоўтым лісточкам.

З белай сняжынкай зіма настае.

Ну, а красуня-вясна – з ручаёчкам.

Лета прыносіць нам кветкі свае.


Усе поры года люблю і чакаю.

Кожная з казкай прыходзіць сваёй,

З сваімі дарамі любімаму краю.

З сваёй непаўторнай зямною красой.


Вясновая пара


Падрумяніўся ў сонейка бачок,

Ноткі дзіўныя спяваць стаў жаўручок,

Ручайкі кудысці хуценька бягуць,

Па іх белыя караблікі плывуць.


Надыйшла чарга вясновае пары,

У траве бялеюць дзмухаўцаў шары.

Вось і ластаўка да нас ужо ляціць,

Значыць – гром нябесны хутка загрыміць.


Веснавое сонейка


Веснавое сонейка

Паўстае над гаем.

Веснавое сонейка

Вочкі раскрывае.


Сагравае, яснае,

Тонкую рабінку.

І цалуе, мілае,

Кожную галінку.


Вось і зашапталіся

Першыя лісточкі.

Шчыра заўсміхаліся

Кветачкі-званочкі.


Веснавое сонейка

Весела смяецца.

Веснавое сонейка

Позна спаць кладзецца.


Прылёт жураўлёў


На родныя затокі і балоты

Жураўлікі вяртаюцца штогод.

Высокія асоты і чароты

Вітаюць веснім ранкам іх прылёт.


Жураўлікі так радасна курлычуць:

“Курлы, курлы!..” – над хатамі ляцяць.

І нас, напэўна, яны выйсці клічуць,

Каб з маладой вясною павітаць.


Танцуюць даўганожкі на балотах,

Заслухаліся песнямі лясы.

І вось ужо гучаць ў густых чаротах

Маленькіх жураўлятак галасы.


Хай добра ў Беларусі ім жывецца,

Хай множыцца птушыная сям’я!

Таму тут птушкам радасна пяецца,

Што родны край тут, родная зямля.


Бабуліна крынічка


Кажуць, ёсць крыніца шчасця,

П’юць з крыніцы той ваду.

Ды пра іншую крынічку

Я размову павяду.


А крынічка гэта побач.

Незвычайнай глыбіні.

У сэрцы роднай мне бабулі

Ёсць крынічка дабрыні.


Дабрыня бабулі грэе,

Нібы сонейка цяпло.

Мне з бабуляю ніколі

Кепска, сумна не было.


Побач з ёю так утульна,

З ёй гаворку я вяду.

Кожнай раніцай з бабуляй

У садочак я іду.


І калі мяне пахваляць,

Я ніколі не зманю:

Па зярнятку ад бабулі

Пераймаю дабрыню.


Сонца промні залатыя


Сонца промні залатыя

разгуляліся.

І мы цёпленькіх дзянёчкаў

дачакаліся.

Хмаркі з сонейкам гуляюць

у хаваначкі.

Дожджык сонейку спявае

калыханачкі.

Дзесь зайграла – заспявала

скрыпка тоненька.

І мы песенькі спяваем

табе, сонейка.


Стракатая “маладзіца”


У сарокі на хвасце

Навіна штодня расце.

Усё ведае сарока,

Усё бачыць белабока,

Бо лятае там і тут,

Мае звестак цэлы жмут.

Ёсць і быль, і небыліцы

У стракатай “маладзіцы”:

Нібы заяц крылы мае,

Вожык на дудзе іграе,

Курка-раба ліску з’ела

І жыве ў лесе смела.

Шмат бязглуздзіцы нясе

Сакатуха на хвасце.

Ад сарочай той лухты

Пасварыліся краты,

Воўк мядзведзя ледзь не з’еў –

Касалапы пасівеў...

А сарока ўсё стракоча,

Сказаць новае штось хоча.

Яна ўсё трашчыць, трашчыць,

Не дае спакойна жыць.


Пеўнік гвалту нарабіў...


Дзе пяструшачка нясецца,

Ліска зноў туды крадзецца.

Курачка даўно ёй сніцца –

Мяска хочацца лісіцы.


Пеўнік гвалту нарабіў,

Бабку з дзедам разбудзіў.

Рыжая за ўсе даўгі

Паспытала качаргі.


Цывіт і Цывітка


Хачу расказаць вам сумную быль, якая адбылася на нашай дачы.

Вясна. У гэтым годзе яна прыйшла пазней звычайнага і дачнікі з асаблівай стараннасцю апрацоўваюць глебу, каб восенню сабраць шчодры ўраджай.

Працую і я: ускопваю градку пад буракі. Гракі, шпакі, зяблікі, канаплянкі

прыляцелi ужо дадому i звонка выводзяць ноткі сваіх птушыных песень.

З блакітнага неба ласкава глядзіць вясновае сонейка. Дзьмухаўцы ўпрыгожылі золатам маладую траўку. Радасна і спакойна на душы ад такой казачнай гармоніі ў прыродзе.

Але хто ж завiтау да мяне ў госці? Хто ходзiць па ўскопанай градцы, мерна пагойдваючы зверху ўніз доўгім хвосцікам? Ды гэта ж маленькая буравата-жоўтая ў пястрынках плісачка (снiтаука) спрытна шукае прысмакі ў рыхлай зямлі! Вось ужо і чарвячок у яе доўгай дзюбе, а вось і нейчая лічынка.

Я была рада гэтай госцейцы – яна ж знішчае шкодных насякомых, а на дачах каля лесу іх больш чым дастаткова. Ды і весялей з ёй. Плісачцы таксама тут, мабыць, спадабалася. Увесь дзень яна скакала непадалёку і, здаецца, зусім перастала баяцца.

Калі другі раз я прыехала на дачу, мяне сустрэла ужо парачка птушак – ён і яна. Было зразумела: пліскі будуць тут гнездавацца. Мы з дачкой далі ім імёны, падобныя на гукi іх песень, -- Цыві'т і Цыві'тка, -- і пачалі за імі назіраць.

Раніцай другога дня ўбачылі ў тонкай і доўгай дзюбе Цывіткі пучок сцяблінак. Узляцеўшы на металічны вільчак даху, яна ўважліва агледзелася па баках, мноства разоў абярнулася вакол сябе і, напэўна, пераканаўшыся, што яе ніхто не бачыць, стрымгалоў нырнула пад самы вільчак даху. Значыць, Цывіт і Цывітка будуюць гняздо-дом пад дахам нашага дома.

Цэлы дзень без стомы насілі яны пушынкі, шарсцінкі, сцяблінкі, саломінкі, лісцікі і іншы “будаўнічы матэрыял”, і кожны раз на вільчаку даху паўтаралі ўсё той жа рытуал асцярожнасці. Я недзе чытала, што птушкі маюць выдатны зрок i з вышыні ста метраў здольны бачыць усе у радыусе сарака кіламетраў.

Праз неiкi час пачуліся з-пад даху дома галасы птушанят, якія прасілі есці. Мы радаваліся павелічэнню іх сям’і. Цывіт і Цывітка для сваіх плісанятак без адпачынку насілі лічынак, чарвякоў, павукоў, стракоз, не забываючы пра асцярожнасць.

Міналі дні... Але вось здарылася бяда – загарэўся наш дачны дом. Шызыя клубы дыму поўнасцю агарнулi яго. З дапамогай суседзяў пажар удалося ўтаймаваць, але пах гару адчуваўся яшчэ некалькі дзён.

Калі мы трошкі адышлі ад гэтай бяды, дык адразу ўспомнілі пра нашых крылатых сяброў. Сталі прыслухоўвацца, але пад дахам дома было цiха. Пэуна, птушаняткі задыхнуліся ад дыму. Але дзе ж іх бацькі?..

Прайшлi два бязрадасныя дні. Мы з дачкой сядзелі ў доме каля акна, адкуль добра праглядвалася самая прыгожая частка лесу. Быў цёплы летні дзень. Сонца хiлiлася да захаду. Раптам мы пачулі рэзкі гук – нібы стукнуўся камень аб вільчак даху і пакаціўся ўніз. Мы паспяшаліся на двор: на прыступцы ганачка ляжала Цывітка, а пад яе маленькай галоўкай ружавела плямка. Птушка была мёртвая. Няўжо яна ад гора скончыла жыццё самагубствам?.. Мы былі ашаломлены. Неба ў сонечны дзень стала для нас цёмным і змрочным. Мы пахавалі птушачку. На дачы стала няўтульна і сумна.

Але настаў новы дзень, які пачаўся для нас песняй Цывіта з высокай антэны над дахам дома. Спяваў ён доўга. Ды колькі было смутку у гэтай песні!.. Ён быццам клікаў сваю сяброўку, паўтараючы ўвесь час: “цывіт-цывіт, цывіт-цывіт, цывіт-цывіт...” На жаль, гэта была яго апошняя песня. У хуткiм часе мы знайшлі яго мёртвым каля ганачка –недалека ад той прыступкi, на якую ўпала яго Цывітка…


Прыгажосць бярозавага краю



Зямля мая ў сонечным уборы,

Прачнуліся лясы, лугі і горы.

Ліхтарыкамі ўспыхнулі расінкі


І азарылі ярка ўсе сцяжынкі.
Даверліва так рукі прасцірае

Нам прыгажосць бярозавага краю.


І кветкі, -- каляровыя асколкі

Дугі нябеснай, казачнай вясёлкі,

Пялёстачкамі з ветрыкам гуляюць,

Над імі пчолкі, матылькі лятаюць.

Даверліва так рукі прасцірае

Нам прыгажосць бярозавага краю.


На ўсе лады спявае хор птушыны.

На ўзлессі спее ягада ажыны.

Лясны ручай ціхенечка булькоча,

Нібыта расказаць нам нешта хоча.

Даверліва так рукі прасцірае

Нам прыгажосць бярозавага краю.


Няхай цвітуць сады, буслы лятаюць

І чырванню каліны дагараюць.

Няхай заўсёды будзе чыстым неба

І гэта ўсё так берагчы нам трэба!

Даверліва так рукі прасцірае

Нам прыгажосць бярозавага краю.


Залаты праменьчык


Залаты праменьчык,

Сонечны агеньчык,

Цэлы дзень працуе,

Кветачкі малюе:

Макі-матылёчкі,

У полі васілёчкі

І каля крынічкі

Пчолкам медунічкі.


Залаты праменьчык,

Сонечны агеньчык,

Цэлы дзень працуе,

Ягадкі малюе:

Лясную сунiчку,

Хатнюю клубнiчку,

Вішаньку, малінку,

Ягадку калiнку.


Тапаліныя пушынкі


Лета босымі нагамі

Хутка, хуценька бяжыць.

Па - над намі матылькамі

Тапаліны пух ляціць.


Тапаліныя пушынкі

Ўсё ляцяць, ляцяць, ляцяць.

Запушылі ўсе сцяжынкі,

Коўдрай беленькай ляжаць.


Цудоўны дзень

Сёння на зялёным касагоры


Дзень нараджэння чмель спраўляе.

У сваім махнаценькім уборы

Стол святочны рупна засцілае.


Госцейкі ляцяць, паўзуць і скачуць,

Дзень абяцае быць цудоўным.

Усіх сваіх сяброў яны ўбачаць,

Мёду пасмакуюць з місак поўных.


Шпарка ўзбіраюцца на лавы

Па павуцінках павучочкі.

Побач з мухай сеў камар кашчавы,

Мурашы ў радочках, як кручочкі.


З працавітай пчолкай чмель танцуе,

Госцейкі усе пайшлі ў скокі.

Хто пра свята гэта не пачуе –

Разнясуць на хвосціках сарокі.


Самы любы мой дзянёк...

Зранку зазірнуў у аконца


Самы любы мой дзянёк.

Малайчына, не спазніўся,

І прынёс яшчэ гадок.


Ён з’явіўся разам з сонцам,

З падарункамі бацькоў.

З тэлефоннымі званкамі

Самых лепшых сябрукоў.


Пахне ў хаце пірагамі,

Чую маміна: “Сынок...”

Сёння – дзень маіх народзін,

Самы любы мой дзянёк.


Вясёлая дудка


Праганяе сонца ночку,

Чырванее неба край.

Пад бярозкай на лужочку

Звонка, дудачка. зайграй!


Дудка хораша іграе.

Па-над лугам гук плыве.

І бярозку маладую

Карагод вадзіць заве.


Слухаць дудку прыляцелі

Матылёчкі і жучкі.

I мы песеньку запелі

Пад бярозкай ля ракі.


Ці то казка, ці то быль...


Выбіраліся цішком

На світанку з Васільком.

І не проста пагуляць –

Сонцу “добры дзень” сказаць.

Першым сонечны дзянёк

Сустракае Певунок.

Гэта ён нас разбудзіў:

-- Ёсць на свеце многа дзіў.

Мы выходзім за сяло.

Бачым, сонейка ўзыйшло!

Промні светлыя свае

Шчодра на зямлю ліе.

Промні ранішнія нас

З Васільком сагрэлі ўраз.

Шустры ветрык прыскакаў.

Ён, напэўна, нас чакаў.

Паказаў усё наўкруг

І павёў далей, на луг.

Луг нам кветкі падарыў.

Лес малінай пакарміў.

І празрысты ручаёк

Даў жывой вады глыток.

А зязюля на суку

Нам адлічвала “ку-ку”.

Мы стаміліся лічыць.

Значыць, будзем доўга жыць!

Побач з намі скок ды скок

Зайчык – сонечны сынок.

На паляну вывеў нас

І сказаў: “У добры час!”

Што за дзіва? Мурашок

На спіне вязе мяшок.

Яму некалі гуляць –

Трэба хатку будаваць.

Крыкнуў гучна Васілёк:

-- Ой, калючы калабок?!

Гэта ж вожык тут ляжыць.

Пойдзем мы – ён пабяжыць.

Перад намі яшчэ ўзнік

Шакаладны баравік.

Павярнулі крыху ўбок,

Глядзь: яшчэ адзін грыбок.

А зайшлі ў высокі бор,

Там пяе птушыны хор.

Напаткалі круглы пень,

Адпачыць прыселі ў цень.

Кажа Васілёк-Васіль:

-- Ці то казка, ці то быль?

Я кажу за ім услед:

-- Вось які цудоўны свет!


КАЦЯ І ЯЕ ЛЮБЫЯ СЯБРЫ


Апавяданне


Сёння Каця апошні раз прыйшла ў свой родны дзіцячы сад. Шкада ёй развітвацца з гэтым утульным домам, са сваімі сябрамі, з любімымі цацкамі і асабліва з выхавацелькай Таццянай Мікалаеўнай. Шкада, але ж і ў школу вельмі хочацца. А сённяшні ранішнік якраз і прысвечаны пераходу ў школу.

Незвычайны, цудоўны ранішнік! З музыкай, песнямі і танцамі. Спявала, танцавала і Каця. А потым усім падарылі школьныя ранцы. Ад нечаканасці Каця нават разгубілася, не ведала, што са сваім ранцам рабіць, як яго трымаць. Калі ж яна прыйшла з ранішніка дамоў, то маці аж усклікнула: “Паглядзіце, школьніца прыйшла! Віншуем, Кацечка, віншуем!”

Павіншавалі бацькі Кацю і тут жа абвясцілі: яна едзе на ўсё лета ў вёску да бабулі Алены. Вось дык сюрпрыз! Каця пачала аж скакаць ад радасці ды абдымаць бацькоў. Яна ж так любіць сваю бабулю, так любіць вёску...

Крыху супакоіўшыся, дзяўчынка зайшла ў свой пакой, паклала ранец побач з цацачным куточкам і паглядзела на сваю ляльку Машу і плюшавага зайку Пашу. Яна глядзела на іх, а яны глядзелі на яе. Глядзелі не так, як заўсёды, а неяк інакш. Як быццам пыталіся з дакорам: “Тваімі сябрамі будуць ужо кніжкі, а не мы? Пакідаеш нас? І ў вёску паедзеш адна, без нас? А як жа мы без цябе тут будзем?” На хвіліну Каця неяк збянтэжылася, сумелася. Але хуткія зборы ў дарогу і радаснае прадчуванне сустрэчы з бабуляй, з ласкавым ціхмяным катом Цімохам і галасістым чырвонагаловым пеўнікам Кукарэкам, з лугам і рэчкай выцеснілі сумнае пацуццё.

І вось Каця ўжо ў машыне. Аж ззяе ў сваёй новай квяцістай сукенцы.

-- Едзем? – глядзіць на яе з усмешкай бацька.

-- Едзем, тата.

-- Нічога не забыла?

-- Нічога.

-- Ну, тады поўны наперад да бабулі Алены! – жартаўліва ўскліквае Кацін тата і цісне на газ.

Вось яны ужо і за горадам. Насустрач бягуць белыя бярозкі і серабрыстыя таполі. Як быццам вітаюць іх і жадаюць добрай дарогі. На ўзбочынах жоўта-залацістыя россыпы дзьмухаўцоў. Ой, колькі ж іх! А сонейка, як бы тата хутка ні ехаў, бяжыць побач, не адстае ад машыны і ласкава гладзіць сваімі праменьчыкамі Каціну шчаку. Ад гэтай пяшчотнай ласкі і манатоннага гулу матора дзяўчынка засынае...

Сніцца Каці развітанне з дзіцячым садзікам. А потым бачыць яна у сне, што ўслед за машынай бягуць лялька Маша і кульгавы, на сваіх трох ножках зайчык Паша (адна яго ножка адарвалася і ляжыць адзінока пад канапай). Маша ўся ў слязах, а зайчык, ледзве паспяваючы за ёй, усё суцяшае: “Не плач, Маша, ты ж ведаеш дарогу ў вёску. Знойдзем мы Кацю...” Тут ім насустрач выскоквае зіркатая жаба і пачынае гучна квакаць. Зайчык ад страху падае, нешта крычыць. І тут наплываюць кудзелі туману, ахутваюць усіх – і Машу, і Пашу, і крыклівую зіркатую жабу-квакуху... Каця з крыкам прачнулася і горка заплакала.

-- Што з табой, Кацечка? Што здарылася? – спыніў машыну бацька. – Страшны сон прысніўся, ці што?

-- Маша і Паша бягуць за намі ўслед, -- вымавіла праз слёзы Каця. -- Можа гэта толькі ў сне, але мне ўсёадно іх шкада. Давай, тата, вернемся і забяром іх з сабой у вёску.

-- Ну што ж, давядзецца вярнуцца, раз такія сны сняцца, -- згадзіўся бацька.

Вярнуліся ў горад. І колькі было радасці, калі Каця ўбачыла сваіх любых сяброў ляльку Машу і зайку Пашу на сваім месцы, у сваім цацачным куточку. Узрушана схапіла яна іх, прыгарнула да сябе і, накрыўшы мяккай коўдрачкай, панесла да машыны. Цяпер яна ўжо ехала да бабулі ў вёску са сваімі любымі сябрамі.


Параўнанні


У дзяцінстве мы лятаем

На бусліных крылах.

Як бярозкі, падрастаем

На прасторах мілых.


Вырастаем, як дубочкі,

На зямлі любімай.

І сінеюць нашы вочкі,

Як неба Радзімы.


Восень вераснёвая


Хораша прыбралася

Восень вераснёвая.

У бярозкі-модніцы

Сукеначка новая.


Тонкія рабіначкі

Пад ветрам схіляюцца,

Ягадныя гроначкі

Сокам наліваюцца.


Макавінка клёна

Чырвона-барвовая...

Так вось апранаецца

Восень вераснёвая.


Час адлёту журавоў


Разгуляліся лісточкі,

З ветрам кружацца, ляцяць.

І дажджыначкі-званочкі

Не пускаюць нас гуляць.


Позірк сонца халадзее,

Знік квяцісты шоўк лугоў.

Хутка, хутка падаспее

Час адлёту журавоў.


Сумны дожджык


Зноў не свеціць сонца,

Дзе яго шукаць?

Дожджык за аконцам

Сумна стаў спяваць.

Хмаркі-капрызулькі

Ўсё плывуць, плывуць.

Кветкам на галоўкі

Свае слёзкі льюць.

Коцік у дрымоце

Звіўся пад сталом.

Дождж на сумнай ноце

Грае за акном.


Плача коцік шэры


Падпірае вугал дома

Коцік нейчы невядомы.

Плача коцік пад дажджом.

Хто зайсці паможа ў дом?

Хто яму адчыніць дзверы?

Плача, плача коцік шэры.


Ён зусім яшчэ маленькі.

Ён галодны і худзенькі.

Просіць коцік: “Адчыніце,

Пашкадуйце, пакарміце!.”

Хто яму адчыніць дзверы?

Плача, плача коцік шэры...


Ой, бяда!


Пераскочыла праз плот

Каза Мілка ў агарод.

Ад капустачкі Агапкі

Засталіся адны храпкі.


Бабка плача: “Ой, бяда!

Дзе ж з капустачкай града?

Шэры воўчанька, ты дзе?

Памажы маёй бядзе!”


Асенні малюнак


Дзіця: Па сцяжынцы

Ліст куляецца,

З ветрам восеньскім

Не згаджаецца:

То бяжыць, шуршыць,

То ўздымаецца.

А злы вецер з ім

Забаўляецца.


Ліст: Дзе схоў родненькі,

Дзе галіначкі?

Дзе браткі-лісткі,

Сіраціначкі?

Дзе бярозанька

Гаманлівая –

Маці родная

Маці мілая?


Дзіця: Вецер восеньскі

Праганяе вас.

Ён прыспешвае

Зімы белай час.

Хоча, каб хутчэй

Зноў прыйшла зіма,

Каб бязлістаю

Стала зноў зямля.


Чараўніца-зіма


Прыйшла ў госцейкі зіма,

Снегам нас прывеціла.

На бярозку белыя

Пацеркі павесіла.


Белым колерам зіма

Ўсё размалявала.

Вельмі дзіўная пара

Для дзяцей настала.


У зiмовым лесе...


Дзіва здарылася ў лесе:

Дрэвы белыя стаяць.

І чамусьці ў снежным лесе

Шэрых зайкаў не відаць.

Як адзін – у футрах белых.

У бярлозе мішка спіць.

На галінках зледзянелых

Ціха сонейка гарыць.

А на елачцы зялёнай

Цуда-пацеркі вісяць.

Зазвіняць крыштальным звонам –

Пачынае лес спяваць.


Сняжыначкі


Ляцяць, ляцяць сняжыначкі,

Маленькія пушыначкі.

Ляцяць, як матылёчкі,

Зімы халоднай дочкі.


Сняжыначкі калючыя,

Як зорачкі бліскучыя.

За носік нас кусаюць.

Напэўна, зубкі маюць.


Бялюткія сняжыначкі

Захуталі яліначкі.

Пад песню “Люлі-люлі”

Яліначкі заснулі...


Дзiуны мяшочак


Новы год! Дзед Мароз

Завітаў у госці,

І прынёс Дзед Мароз

У мяшочку штосьці.


Развяжы, Дзед Мароз,

Дзiуны свой мяшочак.

Дай ў яго зазірнуць

Хоць адзін разочак.


Як ратавалася зайчаня...


Праз лясок на схіле дня

Хутка скача зайчаня.

Снег пад лапкамі віхрыцца...

За ім гоніцца лісіца.

Ён слядкі не замятае,

Бо кароткі хвосцік мае.

Дзе горотнаму схавацца,

Каб з жыццём не развітацца?

Норкі ў час бяды ратуюць,

Ды іх зайкі не будуюць.

Нейкі куст або ялінка –

Уся зайкава хацінка.

Але ж гэта не ратунак,

Бо за ім – слядкоў малюнак.

Таму колькі сілы мае –

Бедалага ўцякае.

Вось-вось цапне яго ліска.

Яна, рыжая, так блізка...

Але шчасціць небараку –

На лісу цкуюць сабаку.

Вось ужо і стрэльбы дула:

Ліску быццам ветрам здула.


Калядкі


Едуць, едуць да вас

Калядачкі.

Будзе весела ўсім,

Ладкі-ладачкі!


Каўбасой, пірагом

Пачастуйце нас!

А то рожкамі каза

Забадае ўраз.


Пагасцілі ў вас

Калядачкі.

Стала весела ўсім,

Ладкі-ладачкі.


Буду дырыжорам!


Я на дудачцы іграю,

Мама кажа, талент маю.

З падарункам не гадае –

Інструменты набывае.


Барабан малы з’явіўся,

Побач з дудкай пасяліўся.

Са Славянскага базара

Ў хату трапіла гітара.


Потым мне яшчэ прыдбалі

З малаточкамі цымбалы,

А ў дадатак – ксілафон,

Вось які дыяпазон!


Інструменты вывучаю

Ды з ахвотаю іграю.

І усе мне кажуць хорам:

“Будзеш, Міця, дырыжорам!”


Таямнічыя зоркі

Інсцэніраванае прадстаўленне


Дзеючыя асобы: Маляваныч, медзведзяня Топа, лісяня Яначка, дзіцячы хор.


(Маляваныч у тэлескоп уважліва разглядае нябесныя зоркі. На сцяне, на якую накiраваны тэлескоп, вісіць вялікая карта зорнага неба).


Маляваныч. Якое казачнае відовішча! Якое мноства зорак! А вось сузор’е Жырафа! А вось і Леў глядзіць на мяне! (На апошнія словы ўваходзяць Яначка і Топа).

Топа. Дзе, Маляваныч, ты бачыш жырафа і льва? Яны што, у гэтай трубе сядзяць? Ха-ха! Не смяшы нас, яны ж вельмі вялікія, каб туды схавацца.

Маляваныч. Нічога ты не разумееш, касалапы! Гэта труба называецца тэлескоп. Праз яе можна назіраць нябесныя зоркі. Тэлескоп робіць іх у многа разоў большымі. І нават тыя маленькія зорачкі, якіх мы сваімі вачамі не бачым, становяцца бачнымі з дапамогай тэлескопа. А Жыраф і Леў – гэта не звяры, а асобныя групы зорак, сузор’і.

Яначка. Ой, як цікава! (Заглядвае ў тэлескоп.)

Топа. Пачакай, Яначка! Дай мне яшчэ запытацца ў Маляваныча. Мне мая бабуля Калашматка казала, што на небе ёсць сузор’е, якое называюць Вялікай Мядзведзіцай. Як жа мне, Маляваныч, хочацца яго ўбачыць!

Маляваныч. Зараз, зараз я знайду табе гэтае сузор’е, у якім сем зорачак. Яго яшчэ называюць Вялікім каўшом. Знайшоў, знайшоў! Глядзі, касалапы!

Топа. Ой! Усё неба зіхаціць зорачкамі – і вялікімі, і маленькімі!

Маляваныч. Сярод гэтых таямнічых зорачак ёсць вельмі вялікія зоркі. Іх называюць гігантамі. А ёсць і карлікавыя, маленькія зоркі. Топа, ты бачыш Вялікую Мядзведзіцу?

Топа. Я б хутчэй знайшоў гэтае сузор’е, калі б ты, Маляваныч, яго намаляваў.

Маляваныч. Калі ласка! (Малюе і аддае касалапаму.)

Топа (глядзіць на малюнак, потым у тэлескоп). Дык вось яно перада мною! Толькі зусім на мядзведзіцу не падобна... Сапраўды, гэтае сузор’е больш падобна на коўш, з якога добра было б папіць халоднай вадзіцы.

Яначка. Хопіць табе ўжо ўглядацца ў неба, нібы яно толькі тваё. Дай і мне разок зірнуць.

Топа. Ты, Ліска, і так маеш зоркія вочы. За пяць вёрст курачку ўбачыш. Вось злічу ўсе зоркі, тады і глядзі!

Маляваныч. Не вельмі старайся, касалапы! Каб злічыць усе зоркі на небе, жыцця не хопіць.

(Яначка адпіхвае ад тэлескопа Топу.)

Яначка. Дай зірнуць! (Глядзіць ў тэлескоп.) Ой! А мне ўсе зорачкі міргаюць, нібы клічуць да сябе пагуляць. Маляваныч, а Крумкач зможа даляцець да зорак?

Маляваныч. Ты што, Яначка! Хоць Крумкач і жыве 300 гадоў, але і яму жыцця не хопіць, каб даляцець нават да самай блізкай зоркі.

Яначка. Глядзіце, глядзіце! Зорачка падае! Вось там, над хаткай Бязвухага Зайца. А можа, яна ўбачыла мяне і захацела прыляцець ў госці?

Топа. А я яе і без тэлескопа бачу! Ой, ужо знікла. А вось лодачкай месяц плыве, і зоркі так лагодна на яго пазіраюць. А ён хоць бы адну з іх пакачаў на сваёй выгнутай спіне.

Яначка. Маляваныч! А ці можна ў гэтым тэлескопе ўбачыць, як Баба-Яга на мятле лятае?

Топа. Праўда! Кажуць, яна далятае да зорак, хапае іх і складвае ў свой мех. Якая нягодніца!

Яначка. Яна, напэўна, хоча, каб на двары без зорак было цёмна-цёмна і каб ты, касалапы, набіў сабе шышку на галаве.

Маляваныч. Супакойцеся. Гэта ўсё казкі.А сёння вы з дапамогай тэлескопа бачылі, як на небе гуляюць таямнічыя зорачкі, як месячык ясны між імі плыве. Толькі ні ў якім тэлескопе вы не ўбачыце таго, хто кожны вечар нябачна прыходзіць да ўсіх нас.

Яначка і Топа. А мы ведаем, ведаем – гэта сон!

(Пазяхаюць, паціраюць вочы. Дзіцячы хор выконвае песню-калыханку “У госці сон ідзе”, сл. І муз. Я. Жабко.)


У госці сон ідзе


Калі пагуляць ў неба зоркі выходзяць

І лодачкай месяц між імі плыве,

Сон ціха да нас невідзімкай прыходзіць,

На мяккія ложкі усіх нас заве.


Заплюшчыў ён шэраму зайчыку вочкі.

Мішутка ў куточку галоўку схіліў.

Кладзіцеся спаць, ўсе сыночкі і дочкі,

Вам дзверы у казачку сон адчыніў.



Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Дзе знойдзеш край такі другі? iconВыканала : навучэнка гр. Б-1-527 Дулуб Вераніка
Полаччына край блакітных азёр, звонкіх чыстых крыніц, пявучых меднастволых бароў; край, у косы якога ўплецены стужкі задумлівых рэк;...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconВы не бачылі Міколкавай хаты?
Яна вунь у самым тупіку, дзе канчаюцца станцыённыя лініі, дзе безліч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconМіхась Лынькоў Міколка-паравоз Хата на калёсах
Яна вунь у самым тупіку, дзе канчаюцца станцыённыя лініі, дзе безліч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconПан Купрыянаў Хто ж гэта такі? Нешта дужа знаёмае
Гуторскі, старшыня n-й павятовай надзвычайнай камісіі, глядзеў на ляжаўшую перад ім паперу І як мага напружваў сваю памяць, стараючыся...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconКантрольная тэставая работа ў 9 класе
Як пабудзе мой Кастусь з вашым дзедам дык хлопца не пазнаць: такі паслухмяны робіцца, такі гаспадарлівы

Дзе знойдзеш край такі другі? iconГчыць песня "Люблю свой край" Пасля песні з’яўляецца несцерка
...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconГорад майго сэрца
...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconСялянскія сервітуты ў палескім ваяводстве
Юрыдычна ні адзін, ні другі бок без узаемнага дагавору не мог прадаць сервітутны ўчастак. Былы міністр аграрных рэформ У. Станевіч...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconКрасноярский край Общие сведения
Красноярский край вытянулся на 3 тысячи километров вдоль одной из крупнейших сибирских рек – Енисея. Край расположен в самом географическом...

Дзе знойдзеш край такі другі? iconНам засталася спадчына
Такі край – заўсёды твой цэлы свет. І як вырастае ён у тваёй душы, як шырыцца І запаланяе цябе ўсяго высакароднай гордасцю, светлай...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка