Інтэлектуальнае поле беларускай культуры




НазваІнтэлектуальнае поле беларускай культуры
Дата канвертавання23.11.2012
Памер99.42 Kb.
ТыпДокументы
http://baj.by/belkalehium/pamizh/3_2003/hutarka.htm




ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЕ ПОЛЕ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ.

РОЛЯ ІНТЭЛЕКТУАЛА Ў КУЛЬТУРНАЙ САМАІДЭНТЫФІКАЦЫІ

Удзельнічаюць: Уладзімер Абушэнка, дырэктар Інстытута сацыялёгіі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі; студэнты й сябры Беларускага Калегіюму — Аля Сідаровіч, Тацяна Ўрублеўская, Кірыла Ільніцкі, Дзьмітры Серабракоў, Тацяна Чыжова. Серада, 26 лютага 2003 году, 12:30.

Тацяна Чыжова: Беларускія інтэлектуалы: хто гэта такія? Ці ёсьць яны ўвогуле?

Уладзімер Абушэнка: Праблема пачынаецца з самога панятку інтэлектуал. Дагэтуль у нас няма аніякай пэўнасьці з дэфініцыямі: ці можна ў нашай культурнай сытуацыі казаць пра інтэлектуалаў у заходнім разуменьні гэтага слова, ці мы маем справу з інтэлігенцыяй. Апошні тэрмін бярэ свой пачатак у расейскай традыцыі, перанесенай і да нас. Хаця пытаньне акурат у тым, перанесеная гэтая традыцыя ці не. Калі прасачыць, адкуль ішлі ў нас культурныя, нацыянальныя ідэнтыфікацыі, дык гэта, у маім разуменьні, — народніцкае, эсэраўскае крыло. А ягоныя прадстаўнікі заўсёды знаходзіліся пад значным уплывам расейскага эсэрства, у асяродку якога й аформілася расейская інтэлігенцыя. Аднак паралельна ў нас існавалі іншыя вэрсіі культурнае ідэнтыфікацыі. У свой час яны, напрыклад, ішлі праз Заходнюю Беларусь. У гэткіх праэктах дамінавала ўяўленьне не пра інтэлігенцыю, а менавіта пра інтэлектуалаў у заходнім разуменьні. Такім чынам, нашая краіна ў чарговы раз сталася месцам, дзе сутыкнуліся, зьмяшаліся дзьве інтэлектуальныя плыні. На сучасным этапе вымалёўваецца яшчэ адзін аспэкт праблемы: у нас пачынаюцца міжпакаленчыя “разборкі”, калі моладзь больш жорстка й мэтанакіравана арыентуецца на разуменьне інтэлектуала ў заходнім сэнсе, а старэйшае пакаленьне яшчэ трымаецца ўяўленьня пра інтэлігенцыю ды яе абавязак перад народам (што вынікае якраз з традыцыі народніцтва).

На адным з паседжаньняў нашага зь Ігарам Бабковым сэмінару ў Інстытуце філязофіі Акадэміі навук “Беларускае мысьленьне: кантэкст, генэзіс, пэрспэктыва” прагучала спавешчаньне Тацяны Міловай пра ролю інтэлектуала. Яна сьцьвярджала тэзу, што ў інтэлектуала няма абавязку ні перад кім, акрамя як перад сабой ды перад сваёю прафэсіяй: у адрозьненьне ад інтэлігента, інтэлектуал не абавязаны анікому “звонку”.

Я таксама трымаюся думкі, што ў нармальнай краіне павінны быць нармальныя інтэлектуалы, якіх хвалююць не пытаньні кшталту “а што народ скажа?”, “а ці зразумеюць?”, а клопат пра сваю прафэсійнасьць. Адзіны запыт, на які мусіць адказваць інтэлектуал, гэта: што я раблю, як я раблю, наколькі ў мяне гэта атрымліваецца.

Як на мяне, існуе шэраг патрабаваньняў, якім мусіць адпавядаць інтэлектуал. Па-першае, заўсёды прысутнічае элемэнт самаўдасканаленьня: чалавек, які прачытаў апошнюю кніжку ў студэнцкія гады, ня можа прэтэндаваць на які-кольвек статус у інтэлектуальным асяродзьдзі. Разам з тым, задача інтэлектуала ня зводзіцца адно да самакшталтаваньня. Мысьленчая дзейнасьць тут выступае як прафэсія. Інтэлектуал выконвае свае прафэсійныя абавязкі, робіць сваю працу. Хаця яе, натуральна, нельга абмяжоўваць рамкамі “адсюль і дасюль”: займаю пасаду, прыходжу ў інстытут, маю акадэмічную ступень і г.д. Для інтэлектуала істотная найперш прафэсійная самастойнасьць. І гэтым ён розьніцца ад эрудыта, які таксама шмат ведае, здольны колькі заўгодна доўга гаварыць на любую тэму, але ніколі не пераводзіць сваё веданьне ў справу. Усьведамленьне сваёй дзейнасьці як пэўнай прафэсіі з усімі фармальнымі й сутнаснымі яе атрыбутамі — гэта другая, але, зноўку, недастатковая кампанэнта фэномэну інтэлектуала.

Задача інтэлектуала не абмяжоўваецца тым, каб займацца выключна ўласным самаўдасканаленьнем у вузкіх асадах сваёй прафэсіі. Відавочна не стае трэцяй кампанэнты, а менавіта — сьветапогляднай пазыцыі, якая б фіксавалася ня толькі ў кожнадзённай практыцы рабленьня справы й “рабленьня” сябе. Інтэлектуальная пазыцыя немагчымая без крыху ўтапічнай арыентацыі на тое “нешта”, што ўтрымлівае цябе ва ўласна інтэлектуальным полі.

Я, да прыкладу, не дазволю сабе адпісаць халтуру на інстытуцкі зборнік працаў. Я хачу, каб мой тэкст быў убачаны, пачуты. Ня факт, што так і атрымаецца, але я арыентуюся на гэта. Я хачу, каб у тэксту быў нейкі эфэкт, была ацэнка ў прафэсійным асяродзьдзі па гамбургскім ліку, каб мая праца выклікала нейкі рэзананс. Павінна адбывацца рэалізацыя навонкі — выхад у шырокія соцыякультурныя кантэксты. А інтэлектуальная прэтэнзія — гэта якраз аказаньне пэўнага ўплыву на тое, што звонку. Ня ў тым сэнсе, як тое разумела інтэлігенцыя: мы прыйдзем, усіх навучым, пастроім, асьвецім. Ня так. Кожны самастойны. Але памятайма: мы ўступаем у камунікацыю, у нас ёсьць сыстэма ацэнак і кожны займае нейкае месца ў гэтым полі, мае ўплыў у пэўных колах і сфэрах дзейнасьці.

Кірыла Ільніцкі: Зараз Вы разьмежавалі паняткі інтэлектуал ды інтэлігенцыя. Але ў адказ на думку Валянціна Акудовіча пра крызіс беларускага інтэлектуальнага асяродку Вы ўвогуле выказалі меркаваньне, што такога асяродку не існуе.

Ул.Абушэнка: Я ня мог так сказаць хаця б таму, што ведаю Акудовіча. Вось ён сам мог так выказацца. Іншая справа, што, паводле таго ж Акудовіча, наш інтэлектуальны слой яшчэ не пасьпеў цалкам сфармавацца, ці, можа, вельмі хутка прайшоў пэўныя этапы ў сваім станаўленьні ды асэнсоўвае цяпер уласны крызіс.

Дз.Серабракоў: Крызіс — гэта наагул пэрманэнтны стан...

Ул.Абушэнка: Нармальна.

Дз.Серабракоў: Нармальна?

Ул.Абушэнка: Вядома, нармальна, бо калі чалавек “бранзавее”, робіць помнік самому сабе, ён страчвае інтэлектуальную пазыцыю. Рэфлексія, крытычнае стаўленьне да зробленага павінны прысутнічаць заўсёды. Тут ня пройдзе падыход кшталту “Я ўжо ўсё сказаў: вунь, прачытайце ў маёй кніжцы — і не задавайце пытаньняў”.

Дз.Серабракоў: Эпоха крытыкі. Ці можна казаць, што яна, склаўшыся ў Эўропе на пачатку 50-х гадоў, цяпер скончылася?

Ул.Абушэнка: Па-першае, пэўны “сыход” у акадэмізм, бранзавеньне, падмена інтэлектуальнай пазыцыі статуснай — зьва натуральная й непазьбежная. Аднак зусім без элемэнта крытыкі, без сутыкненьня розных пазыцыяў ня можа быць гаворкі пра фэномэн інтэлектуала. Значыць, сьцьверджаньне, што крытыка памерла, яе няма — занадта моцнае…

Другая частка Вашага пытаньня: існуюць кірункі й пазыцыі, якія вырасьлі ў заходняй філязофіі, сацыялёгіі, культуралёгіі, і ад пачатку былі ўтвораныя менавіта як крытычныя пазыцыі. Як правіла, яны былі запачаткаваныя пераважна левымі інтэлектуаламі, што займалі крытычную пазыцыю ў дачыненьні да свайго соцыюму. Інакш кажучы, крытыка — уласьцівасьць любога інтэлектуала, але ёсьць кірункі й школы, якія складваюцца ў пэўныя эпохі як пэўны адказ на выклік часу. То бок, ёсьць крызісная сытуацыя, калі старыя схемы не працуюць, і тады акрамя звыклай крытыкі ўзьнікае новы кірунак. Найбольш вядомы прыклад у заходняй філязофіі ХХ стагодзьдзя — крытычная сацыяльная тэорыя, вядомая ў нас як франкфурцкая школа альбо школа заходняга нэамарксізму. Яе прадстаўнікі адпачатку бачылі любую інтэлектуальную пазыцыю толькі як крытычную й ніяк іначай. І лёс гэтай школы даволі паказальны: урэшце рэшт яны самі пасьпяхова ўвайшлі ў тыя структуры, якія крытыкавалі. Але ж і структуры гэтыя зьмяніліся! І зьмяніліся шмат у чым дзякуючы менавіта таму, што яны — прадстаўнікі франкфурцкай школы — займалі пэўную пазыцыю. Гэта быў адказ на другую частку Вашага пытаньня.

Цяпер трэцяе. Хацелася б зноўку зьвярнуцца да нашага сэмінару. Месяц таму ў спавешчаньні Андрэя Шумана прагучала наступная — даволі пэсымістычная, амаль як пахаваньне сэмінару, — тэза: у сучасным заходнім грамадзтве крытыка, як яе разумелі франкфуртцы, па вызначэньні немагчымая. Бо лад позьнемадэрнага грамадзтва пакідае невялікі выбар: або ты ўваходзіш у існыя ўладныя сацыяльныя стасункі й бярэш на сябе пэўныя абавязкі, альбо зьмяняеш свой занятак і вызначаесься ў іншай прасторы. Сысьці ад усеахопнай сеткі “веды-ўлады” немагчыма, бо хоцькі-няхоцькі ў гэтую сыстэму ўладных стасункаў ты заўсёды ўцягнуты. Застаецца хіба што варыянт чыстае маргінальнасьці — быць па-за інстытуцыяналізацыяй, па-за палямі ўплыву. У любым грамадзтве ёсьць самыя неверагодныя дзівакі — людзі, якія будуць жыць пад мастамі.

Калі асэнсоўваць сытуацыю, параўноўваючы нашую краіну з краінамі “трэцяга сьвету”, дзе заўсёды ўпадаеш у крытычную пазыцыю, — мы знойдзем месца для крытыкі. Адзін з крызісаў беларускіх інтэлектуалаў, паводле Акудовіча, надышоў пасьля таго, як пэўныя інавацыйныя, фондавыя праэкты сябе вычарпалі (бясспрэчна, яны дазволілі пашырыць крытычнае поле й дазволілі яму інстытуалізавацца). А далей пастаяннае супярэчаньне: альбо мы жывем у сваёй краіне, як у гета, альбо мы самі не вычуваем яе, як мае быць, сваёй, бо ўвесь час знаходзімся ў завугольнай пазыцыі крытыка.

Непазьбежна ўзьнікаюць пытаньні: “Краіна — мая, ці не мая? Як я магу сябе адчуваць на дзяржаўнай службе? Пазьбягаць мне яе ці не? Зь якой пазыцыі наагул можна штосьці рабіць?” І тут варта ўзгадаць вызначэньне інтэлектуала, што склалася ў крытычных тэорыях (якое мы мо незнарок падрываем?): гэта чалавек, які мае пэўную аўтаномію, ня ўлучаны цалкам у нейкія структуры, але ж у якога ёсьць інстытуцыйная пазыцыя, пазыцыя крытычнага староньняга погляду. Вось тут, на маю думку, маем праблему.

Тацяна Ўрублеўская: Вяртаючыся крыху назад, я хачу нагадаць, што было прагучала вызначэньне інтэлектуала як чалавека, які прэтэндуе на пэўны ўплыў на грамадзкія працэсы. Адсюль пытаньне: ці можа прэтэндаваць на званьне інтэлектуала чалавек, які прынцыпова падкрэсьлівае сваю вылучанасьць з усіх сфэраў уплыву й займае вонкавую напаўкрытычную пазыцыю. Магчыма, лепей пашукаць для яго нейкае іншае азначэньне?

Ул.Абушэнка: Вяртаемся да першага супярэчаньня: чым быў цікавы расейскі канструкт зь інтэлігенцыяй? Інтэлігент — гэта ж той, хто заўжды ў апазыцыі да ўладаў. Хто ніколі, што б улады ні рабілі, ня згодны зь імі. Ён — сумленьне нацыі. За ўсё адказвае, нікуды не ўваходзіць. Але калі зьвяртацца да сутнасьці панятку інтэлектуал — пабачым акрэсьленае месца чалавека ў сацыяльнай структуры і ў пэўных адносінах улады. Пазыцыя інтэлектуала інстытуалізаваная й замацаваная. Яна не выпадковая, хаця яе й можна мяняць.

Т.Чыжова: Гаворка ідзе пакуль што пра ўлучанасьць ці няўлучанасьць інтэлектуала ў сацыяльныя структуры пэўнага грамадзтва. Але адначасова ён улучаны ў нейкі агульны сусьветны філязофскі дыскурс. Тут можна ўзгадаць той самы эўрапейскі канон. Беларускі інтэлектуал, хоча ён таго ці не, улучаны, бо мае пэўную адукацыю, павінен размаўляць на нейкай мове, будаваць інтэлектуальныя моўныя канструкцыі. Але пры гэтым мы ўсё яшчэ чуем, што ён ня можа іх ужываць для артыкуляцыі сваёй сытуацыі, для таго, каб апісваць сытуацыю тут і цяпер. Чаму ўвесь час гаворыцца пра праблему заходняга канону, які нам не пасуе?

Ул.Абушэнка: Ёсьць пэўны ўзровень, і чалавек, які прэтэндуе на інтэлектуальны статус, абавязаны па розных парамэтрах яму адпавядаць — каб магчы бачыць сваю сытуацыю ў шырокім кантэксьце. Няўлучанасьць, няведаньне — гэта нездаровая пазыцыя, але яна дапушчальная, бо ўсё, натуральна, ведаць немагчыма. Трэба імкнуцца да невыпаданьня, аднак ці можна ўявіць сабе перасаджваньне інтэлектуальных формаў? Гэта праблема кантэксту й асэнсаваньня сябе ў гэтым кантэксьце. Істотна ўлучыцца менавіта ў камунікатыўныя палі...

Т.Чыжова: Вы маеце на ўвазе патрэбу раскруткі?

К.Ільніцкі: Легітымнасьці...

Ул.Абушэнка: Менавіта. Трэба разумець, што сёньняшняя закрытасьць нашай інтэлектуальнай прасторы мае зусім іншую прыроду, чым за савецкім часам. Тады існавала некалькі герояў, якія толькі і маглі прагаворваць сытуацыю. У самім эўрапейскім цэнтры пытаньне кантэксту доўга наагул не рэфлексавалася, бо які кантэкст, калі штосьці можа быць зроблена толькі ў Брытаніі й нідзе больш. Навошта брытанцу думаць пра кантэкст? Гэта зроблена тут — гэта сусьветнае. Захоўваньне спэцыфікі англа-саксонскага мысьленьня й мовы не абмяркоўваецца. А калі мы нешта робім на добрым ўзроўні, зь нейкіх легітымаваных пазыцыяў, у нас адразу выяўляецца гэтая спэцыфіка. І тады мы альбо цікавыя як экзотыка — паглядзелі й хутка стаміліся, альбо самі павінны прагаворваць сваю кантэкстуальнасьць, не парушаючы агульных правілаў маўленьня.

К.Ільніцкі: Беларускае мысьленьне па-ангельску — ці магчымае? Ці было б яно беларускім мысьленьнем?

Ул.Абушэнка: Гэта было б сапраўднае беларускае мысьленьне. Дарэчы, у сэмінара “Беларускае мысьленьне...” быў адзін цудоўны падзагаловак: “Ад генэалёгіі тутэйшых да генэалёгіі тутэйшасьці”. Калі генэалёгіі застаюцца тутэйшымі, яны нікому, апрача тутэйшых, нецікавыя, хаця й самакаштоўныя. Для ўсіх астатніх гэта варыянт экзотыкі. Бо кантэкст — тая самая тутэйшасьць, прадстаўленая для кагосьці, хто глядзіць звонку. І пакуль яна ў нас непрабудаваная, як мае быць. Нармальнае беларускае мысьленьне — гэта проста мысьленьне, у якім прысутнічае кантэкст, а не этнаграфія.

Дз.Серабракоў: Пазытывісты ў 30-ыя гады гаварылі пра праблемы й псэўдапраблемы. Ці можа праблема інтэлектуалаў ператварыцца ў псэўдапраблему?

Ул.Абушэнка: Гэта пытаньне рамак і крытэраў. Любую праблему можна ператварыць у псэўдапраблему. Як і кантэкстнасьць.

Аля Сідаровіч: Ці патрэбная сёньня нам беларуская мара?

Ул.Абушэнка: Памятайма пра тое, што зыходна праект сацыялёгіі будаваўся як утапічны: быў вынайдзены новы інструмэнт, які мусіў дапамагчы чагосьці дасягнуць. Далей была слушная крытыка элемэнтаў утапізму. Але калі зусім не арыентавацца на дасягненьне максымальна справядлівай сацыяльнай сыстэмы (хаця 'справядлівасьць' — досыць небясьпечны тэрмін), мы перастанем несьці тую нагрузку, якую павінен трымаць кожны інтэлектуал.

Можна гаварыць пра будучае ўсеагульнае шчасьце, а можна гаварыць пра гэта ж у праэкце. Бо што такое праэкт? Тое, чаго няма. У сацыяльных ведах альбо ў інтэлектуальным полі мы пастаянна займаемся праектаваньнем таго, чаго няма. Нават калі й бачым, што гэта ўтапічна, недасягальна, што гэта ўсяго толькі мара, ня больш.

Але характар мары крыху зьмяняецца ў залежнасьці ад сытуацыі, у якой яна паўстае. Амэрыканская мара ці нацыянальная мара ў Эўропе шмат каго падзьвіглі на добрыя ўчынкі. Але ў тых самых канатацыях, у старым зьмесьце, ці могуць яны існаваць цяпер, — напэўна, не. Гэта ўсё роўна, што наноў займацца вынаходніцтвам нацыянальнай ідэі. У свой час яна была неабходнаю ў праектным варыянце: няма нацыянальнай ідэі, дык як жа безь яе? А зараз паспрабавалі вынайсьці — не вынаходзіцца. Прымусова ня зробіш. Павінна праяўляцца асабістая пазыцыя кожнага, каго мы зараз і спрабуем абазначыць інтэлектуалам.

Т.Урублеўская: На якой мове наогул павінен гаварыць інтэлектуал? Што трэба, каб яго пачулі й зразумелі? Ці павінен ён першым шукаць нейкія шляхі да самавыражэньня ды ўзаемаразуменьня альбо наадварот — чакаць?

Ул.Абушэнка: Калі гэта інтэлектуал, ён павінен гаварыць на сучаснай мове. Аднак сучасная мова даступная ня ўсім, яна — адметная характарыстыка менавіта інтэлектуала. Акурат у позьнемадэрным грамадзтве адбываецца рост колькасьці рознага кшталту пасярэднікаў, сталкераў. І чым далей, чым больш рэфлексійнымі робяцца сацыяльныя структуры (у ідэале), тым большая неабходнасьць у людзях, якія б былі такімі талмачамі й перакладнікамі.

Т.Чыжова: У колах беларускіх інтэлектуалаў паўстала яшчэ больш вузкая праблема: камунікацыя й разуменьне. Усе нашыя асяродкі існуюць нібыта ў паралельных сусьветах.

Ул.Абушэнка: Нейкі час можна й нават трэба быць у паралельных, замкнёных сусьветах. Але ўвесь час там знаходзіцца нельга. Ёсьць пэўныя легітымаваныя спосабы: раней інстытут навуковага часопісу прадугледжваў менавіта легітымацыю, уцягваньне ў дыялёг і навуковую дыскусію. У нашым выпадку з-за розных прычынаў насамрэч бракуе менавіта варыянтаў, мэханізмаў, каналаў, якія б дазвалялі чыніць гэты дыялёг. І трэба іх напрацоўваць.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconФарміраванне камунікатыўнай культуры вучняў на ўроках беларускай мовы
Мова як сродак камунікацыі І мыслення з’яўляецца адносна аўтаномнай часткай культуры, гэта значыць такім яе складальнікам, без якога...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconПраваслаўныя святыні аснова скарбніцы беларускай нацыянальнай культуры
Даследчая праца «Праваслаўныя святыні – аснова скарбніцы беларускай нацыянальнай культуры» з’яўляецца навукова-папулярным выкладам...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconКаляндарна-тэматычнае планаванне ўрокаў беларускай літаратуры 9 клас
Навучанне правілам бяспечных паводзін на ўроках беларускай літаратуры. Літаратура як частка сусветнай культуры

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconАрганізацыя-распрацоўшчык
Пракапцова Вера Паўлаўна, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры беларускай І сусветнай мастацкай культуры ўстановы...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры icon1 Мова грамадская з’ява. Функцыі мовы Мова найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. З мовай у значнай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы
Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. З мовай у значнай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы. Чалавечая мова...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconІ літаратурны студэнцкі конкурс г. Гродна
У рамках Дзён літаратуры І культуры на кафедры рускай І беларускай моў уа “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт” адбылася...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconПалі: верхняе 35 мм, ніжняе, левае, правае 25 мм, міжрадковы інтэрвал адзінарны. Першы радок прозвішча І ініцыялы аўтара (аўтараў), назва ўстановы (скарочана) справа
Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Гісторыя І традыцыі беларускай навукі (да 90-годдзя Інстытута беларускай культуры)”

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconВарановіч Валерый (Мінск) Поле апісальных прэдыкатаў у сучаснай беларускай мове: структура І семантыка
Мова – літаратура – культура. Матэрыялы V міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мн., 2007, с. 409-411

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconРоссийская федерация
...

Інтэлектуальнае поле беларускай культуры iconРазвіццё культуры ў бсср у 1920-1930-я гг
Палітыка беларусізацыі ўяўляла сабой дзейнасць Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) І ўрада бсср па развіцці культуры...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка