Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа




НазваДа 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа
Дата канвертавання28.10.2012
Памер128.8 Kb.
ТыпДокументы


Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа


Юбілей народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа шырока адзначаецца ў нашай краіне і па-за яе межамі. Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры
і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура.

Вялікія песняры Я.Купала і Я.Колас увайшлі ў гісторыю сусветнай літаратуры галоўнымі напрамкамі сваёй творчасці як сімвалы беларушчыны, як найлепшыя прадстаўнікі “хартыі народнага жыцця” (паводле паэта, навукоўцы Алега Лойкі), і сталі праваднікамі сацыяльна-палітычных і нацыянальна-вызваленчых ідэй.

Прыход паэтаў у літаратуру амаль супаў з каляндарным пачаткам
ХХ стагоддзя. Янка Купала так адзначыў гэты лёсапаваротны момант у гісторыі беларусаў: “Калі ў памятны 1905 год зрабілася завіруха, калі ў Расіі ў кожнага чалавека стала будзіцца пачуццё свайго “я”, стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі. Паявіліся паэты, песняры свайго, забытага Богам і людзьмі краю і долі народнай”.

Тытанічная падзвіжніцка-пабуджальная дзейнасць Я.Купалы і Я.Коласа на самым пачатку творчага шляху паспрыяла таму, што беларусы сцвердзілі сябе як нацыю, заклалі трывалы падмурак для пабудовы сваёй самастойнай дзяржавы, якая і сёння шукае і знаходзіць аптымальныя шляхі для далейшага ўгрунтоўвання сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Мы гаворым: Янка Купала – і працягваем Якуб Колас. І наадварот – Якуб Колас і Янка Купала. Такія своеасаблівыя “пары” – вядомая заканамернасць у сусветнай літаратуры, дзе ёсць Гётэ і Шылер у нямецкай, Пушкін і Гогаль у рускай, Бальзак і Стэндаль у французскай, Міцкевіч і Славацкі ў польскай літаратурах. Класік украінскай літаратуры Паўло Рыгоравіч Тычына нездарма параўноўваў Купалу і Коласа з дзвюма вяршынямі “беларускага Эльбруса паэзіі”.


Асноўныя этапы жыцця і творчасці паэтаў




Янка Купала (літаратурны псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 годзе ў фальварку Вязынка былога Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці).

Паэт нарадзіўся ў купальскую ноч, і гэтая акалічнасць сталася для яго знакавай. Яна прынесла яму літаратурны псеўданім.

Паходзіў паэт з сям'і дробнага, беззямельнага шляхціча. У 1898 годзе Я.Купала закончыў народнае вучылішча ў сяле Бяларучы. Далей вучыцца не было магчымасці, і ён займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў. Але сапраўднай школай яго выхавання была праца.

Янка Купала выступіў у літаратуры ў 1905 годзе на хвалі грамадска-палітычнага і нацыянальнага ўздыму. Яго творчасць была выклікана да жыцця ростам нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Дзве найвялікшыя гістарычныя падзеі пачатку XX стагоддзя – рэвалюцыя і нацыянальна-вызваленчы рух – узбагацілі яго духоўна, маральна, дапамаглі ўсвядоміць сваё месца і ролю ў літаратуры.  

15 мая 1905 года ў прагрэсіўнай рускай газеце “Северо-Западный край” з'явіўся верш Янкі Купалы “Мужык”.

Што я мужык, усе тут знаюць,

І, як ёсць гэты свет вялік,

З мяне смяюцца, пагарджаюць, –

Бо я мужык, дурны мужык.

……………………………

Але хоць колькі жыць тут буду,

Як будзе век мой тут вялік,

Ніколі, браткі не забуду,

Што чалавек я, хоць мужык.

Гэта было яго першае паэтычнае выступленне. 1908 год асабліва памятны ў жыцці паэта. У гэтым годзе выйшла першая кніга яго паэзіі. Яна называлася проста, па-народнаму – “Жалейка”. У гэтым жа годзе Янка Купала пераехаў
у Вільню і пачаў працаваць бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы Даніловіча “Веды” і адначасова ў газеце “Наша ніва”. Але як ніколі адчуваў недахоп ведаў, вельмі хацелася вучыцца.

Нарэшце ў 1909 годзе жаданне паэта збылося. Ён паехаў у Пецярбург
і паступіў на агульнаадукацыйныя курсы А. Чарняева. Чатыры гады жыцця
і вучобы ў тагачаснай сталіцы Расіі, яе палітычным, культурным і навуковым цэнтры, духоўна ўзбагацілі Янку Купалу, пашырылі яго кругагляд.  

У 1910 годзе выйшаў другі зборнік вершаў – “Гусляр”. Ён меў яшчэ большы поспех, чым “Жалейка”. Ніколі яшчэ не працаваў Янка Купала так інтэнсіўна, з такім натхненнем, як у пецярбургскі перыяд. У гэты час, апрача шматлікіх вершаў, былі напісаны паэмы “Сон на кургане”, “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, “Адвечная песня”, п'есы “Паўлінка”
і “Раскіданае гняздо”.  

У жніўні 1912 года адбылася сустрэча Янкі Купалы з Якубам Коласам на хутары Смольня на радзіме Коласа. Гэтая сустрэча стала знакавай. Сяброўства двух вялікіх паэтаў працягвалася ўсё жыццё.

У 1913 годзе ў Пецярбургу быў выдадзены трэці паэтычны зборнік “Шляхам жыцця”.

Пасля заканчэння вучобы ў Пецярбургу Янка Купала ў кастрычніку 1913 года вярнуўся ў Вільню, якая тады была асяродкам беларускага літаратурна-грамадскага руху. Тут выходзіла газета, працавалі беларускія пісьменнікі.
3 першых дзён паэт горача ўзяўся за працу: спачатку ў беларускім выдавецтве, а пасля ў “Нашай ніве”; у сакавіку 1914 года ён стаў рэдактарам гэтай газеты.  

У Вільні Янка Купала працаваў напружана, з вялікім уздымам. Але хутка пачалася імперыялістычная вайна. У жніўні 1915 года “Наша ніва” была закрыта. 3 набліжэннем фронту Янка Купала эвакуіраваўся ў Маскву.

У студзені 1919 года пераехаў у Мінск. Пасля вызвалення Беларусі
ад белапольскай акупацыі пачаўся новы перыяд літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Янкі Купалы. Паэт, як і раней, жыў інтарэсамі Радзімы. Працаваў бібліятэкарам у створаным Камісарыятам асветы Народным доме, членам Беларускай навукова-тэрміналагічнай камісіі, загадчыкам літаратурна-мастацкай секцыі літаратурна-навуковага аддзела Наркамасветы; у 1922 годзе стаў разам з Якубам Коласам заснавальнікам і членам Інстытута беларускай культуры, у 1929 годзе быў абраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі і акадэмікам Акадэміі навук Украіны. У 1925 годзе ў сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці Янку Купалу было нададзена ганаровае званне народнага паэта.  

У 30-я гады ХХ стагоддзя паэзія Янкі Купалы ўзбагацілася новымі творамі: выйшлі зборнікі вершаў “Песня будаўніцтву”, “Беларусі ардэнаноснай”, “Ад сэрца”, былі напісаны паэмы “Над ракой Арэсай”, “Барысаў”, “Тарасова доля”.  

Акрамя паэзіі, Купала – прызнаны нацыянальны драматург. Яго камедыя “Паўлінка”, якая была напісана ў 1912 годзе і пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913 годзе, як твор класічнай беларускай драматургіі не сыходзіць са сцэны да гэтага часу. Ён аўтар драмы “Раскіданае гняздо”, надрукованай ў 1913 годзе, сцэнічнага жарту “Прымакі”, сатырычнай камедыі “Тутэйшыя”.

У чэрвені 1941 года Янка Купала быў вымушаны пакінуць Мінск. Жыў паэт спачатку ў Маскве, потым на Волзе, у пасёлку Пячышчы каля Казані.
18 чэрвеня 1942 года прыехаў у Маскву. Быў запрошаны выступіць па радыё. 28 чэрвеня 1942 года Янкі Купалы не стала, трагічная смерць заўчасна абарвала жыццё паэта.  

Янка Купала ўвайшоў у гісторыю сусветнай мастацкай літаратуры як паэт-патрыёт, гуманіст, носьбіт нацыянальнай ментальнасці. Яго паэзія ўвабрала ў сябе лепшыя здабыткі жывой беларускай культуры, мовы, мыслення; яна раскрыла і ўвасобіла характар беларускай нацыі, яе цярпімасць, любоў да роднай зямлі і разам з тым – рамантызм, прагу да ўсяго новага, несакрушальную веру ў лепшае і чалавека.




Пра тое, кім з'яўляецца Якуб Колас для нашай нацыі і яе духоўнасці, можна гаварыць бясконца і самымі высокімі эпітэтамі, але вызначаецца галоўным – разам з неўміручым Купалам, сваім равеснікам і сябрам, ён з'яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пісьменнік самабытнага таленту, адзін з пачынальнікаў айчыннай мастацкай прозы, аўтар шэдэўраў нацыянальнага ліра-эпасу, Якуб Колас стаў сапраўдным узорам служэння Бацькаўшчыне, сімвалам велічы, духоўнага здароўя нацыі, яе жыццёвай моцы.

У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як “беларускі Гамер”, стваральнік нацыянальных “Іліяды” і “Адысеі” – менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы об ягоных “Новай зямлі” і “Сымоне-музыку”. Імя Якуба Коласа, аднаго з найбуйнейшых песняроў сялянства, стваральніка вобразаў маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры.

Вытокі таленту і адданасці песняра свайму народу – ў яго раніцы жыцця, якое прайшло ў Панямонні, поўнае ўяўленне пра якое мы атрымалі, прычасціўшыся да нерушы яго слова ў паэме “Новая зямля”. Гэты таленавіты твор беларускай літаратуры, які па праву названы “энцыклапедыяй народнага жыцця”, – помнік паэта сваім родным і блізкім, а таксама гімн і слава ўсяму беларускаму народу.


Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.


Нарадзіўся Якуб Колас 3 лістапада (22 кастрычніка па старым стылі) 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. Сапраўднае імя паэта – Канстанцін Міцкевіч. Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. У 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў
у 1902 годзе. Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёну (1902 – 1904 гг.), Пінкавічы Пінскага раёну (1904 – 1906 гг.). У гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў армію. Да 1921 года настаўнічаў у Расіі. У гэтым жа годзе вярнуўся ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам у Белдзяржуніверсітэце.

З дня ўтварэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1 студзеня
1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941г. – лістапад 1943г.), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 года вярнуўся ў Мінск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929 –1931гг., 1935 – 1938гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946 – 1956 гг.) і БССР (1938 – 1956 г.), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік Акадэміі навук БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Першыя літаратурныя спробы адносяцца да часу навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У друку дэбютаваў напісаным па-беларуску вершам “Наш родны край” (1906 г., газета “Наша доля”). У 1910 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік вершаў “Песьні-жальбы”, затым – кнігі прозы “Апавяданні” (1912 г.), “Родныя з'явы” (1914 г.). У савецкі час выдадзены кніга апавяданняў “Казкі жыцця”, зборнік вершаў “Водгулле”, паэма “Новая зямля”, аповесць
“У палескай глушы”, паэма “Сымон-музыка”, аповесць “На прасторах жыцця”, “Дрыгва”, паэма “Суд у лесе”, паэма “Адплата”, паэма “Рыбакова хата”, трылогія “На росстанях” і іншыя. Няскончанай засталася паэма “На шляхах волі”, распачатая ў 1926 годзе. Многія вершы Я. Коласа пакладзены на музыку.

Якуб Колас не толькі класік нашай нацыянальнай літаратуры, але
і выдатны вучоны, педагог. Будучы ўжо знакамітым, ездзіў па гарадах нашай Беларусі і выступаў з лекцыямі на настаўніцкіх курсах. Да гэтага часу
не страціла сваёй каштоўнасці напісаная ім першая “Методыка роднай мовы”. 13 жніўня 1956 года сэрца паэта перастала біцца. Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук прысвоена яго імя. На адной з цэнтральных плошчаў сталіцы, што носіць яго імя, ўстаноўлены помнік песняру і яго героям. Але самым лепшым помнікам яму будзе, калі мы ўдумліва прачытаем яго кнігі і ўзбагацім сябе іх мудрасцю.


Сучасны стан

Усё культурнае жыццё нашай краіны сёлета праходзіць пад знакам ушанавання імёнаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Сакрэт вечнай маладосці і творчай актуальнасці здзейсненага Янкам Купалам, Якубам Коласам у тым, што яны гарманічна і ўсебакова спалучылі
ў сваёй літаратурнай дзейнасці індывідуальны пачатак і нацыянальныя вытокі, выявілі стыль мыслення, духоўнага жыцця, адносін паміж людзьмі, манеру побытавых паводзін і лад штодзённага існавання ў вялікім свеце, ў той жа час узвялі дасягнутае беларускім народам за стагоддзі свайго гістарычнага жыцця
ў ступень з’явы сусветнага міжнароднага значэння і каштоўнасці. Яны данеслі каларыт беларускай ментальнасці, унікальныя нацыянальныя вобразы да жыхароў многіх краін свету.

Кожнае новае пакаленне беларусаў бачыла і бачыць у феноменах творчасці вялікіх песняроў увасабленне сваіх надзей, мараў і ідэалаў, выяўленне самых яркіх і самых глыбокіх рыс нацыянальнага менталітэту, без чаго цяжка і немагчыма ўявіць саміх сябе, учарашніх, сённяшніх і будучых.
Іх творы – не толькі наш нацыянальны здабытак. Шматгранная дзейнасць беларускіх класікаў была падпарадкавана галоўнай мэце – праз глыбокае вобразнае спасціжэнне нацыянальнага быцця, нацыянальнага характару беларуса, праз праўдзівае адлюстраванне беларускай рэчаіснасці ў яе разнастайных праявах вывесці нацыянальнае пісьменства на якасна новыя вышыні, паставіць беларускую літаратуру побач з іншымі літаратурамі свету.

Веліч гэтых каласальных постацей у нашай культуры і літаратуры заключаецца ў тым, што яны нясуць народу і чалавецтву свежае гуманістычнае бачанне навакольнага свету, выказваюць свае ідэі і думкі з усёй страснасцю, уласцівай пракладальнікам новых шляхоў, і ў змаганні старога і новага заўсёды на баку новага, перадавога, прагрэсіўнага.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2011 года
№ 487 “Аб мерапрыемствах, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа” зацверджаны комплекс мерапрыемстваў у гонар святкавання юбілейных дат народных паэтаў Беларусі. Маштабныя мерапрыемствы праводзяцца на радзіме паэтаў – Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы (7 ліпеня 2012 г., в.Вязынка Маладзечанскі раён), Рэспубліканскае свята паэзіі “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, прысвечае 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа (5 кастрычніка 2012г., урочышча Бервянец Стаўбцоўскі раён). У святкаванні прымаюць удзел прадстаўнікі грамадскасці, беларускія пісьменнікі, творчыя калектывы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

З імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа таксама звязана правядзенне
ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які адбыўся з 8 па
10 чэрвеня 2012 года ў г.Маладзечна, абласнога пленэру “Фарбы роднай зямлі” – з 4 па 7 чэрвеня ў Червеньскім раёне, VІІІ абласнога злёту маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча” – 26-27 мая ў Лагойскім раёне.








З 6 чэрвеня па 6 ліпеня ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі прайшла выстава “Вобразы мілыя роднага краю…” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і абласнога краязнаўчага музея. У ліпені юбілеям народных паэтаў Беларусі будзе прымеркаваны Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” у Мядзельскім раёне, прэм’ерны паказ спектакля “Сцежкамі кахання” па п’есе Анатолія Дзялендзіка Мінскага абласнога драматычнага тэатра, распачнецца цыкл музычных праграм на музыку беларускіх кампазітараў “Мы – крона нашых каранёў” Музычнай капэлы “Санорус” Мінскай вобласці, які будзе праходзіць на працягу года ў рэгіёнах вобласці. Юбілей народных паэтаў будзе адлюстраваны
ў мерапрыемствах рэспубліканскай акцыі “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі 2012 года”: У жніўні адбудуцца літаратурныя чытанні “Іх думкі лунаюць яшчэ над Нясвіжам”. Увогуле ў 2012 годзе ўстановамі культуры
і адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі “Беларускі саюз мастакоў”
і “Саюз пісьменнікаў Беларусі” арганізуюцца пленэры, выставы, вечарыны, творчыя сустрэчы і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілеям народных паэтаў. Рэдакцыямі газет “Мінская праўда” і “Звязда” сумесна з Мінскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” праводзіцца літаратурная вандроўка “Шляхамі паэтаў”.

Прадугледжана правядзенне комплексу навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям народных паэтаў Беларусі: X Міжнародных Купалаўскіх чытанняў (чэрвень), міжнароднай навукова-практычнаяй канферэнцыі “Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя” (верасень), міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь на скрыжаванні стагоддзяў: ад класікі да сучаснасці” (кастрычнік), міжнароднай навуковай канферэнцыі “Каласавіны” (лістапад), арганізатарамі якіх выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”, установа “Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы”, установа “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таксама на працягу 2012-2013 гг. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь запланавана стварэнне дакументальных фільмаў аб жыцці народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа (з субцітрамі на англійскай мове) для выкарыстання замежнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь пры правядзенні святочных мерапрыемстваў, мастацкага тэлевізійнага фільму “Купала. Лёс песняра”.

Далучэнню да творчай спадчыны садзейнічаюць арганізаваныя ў публічных бібліятэках і бібліятэках устаноў адукацыі выставы твораў беларускіх класікаў і літаратуры, прысвечаныя іх жыццю і творчасці. У год юбілею народных паэтаў Беларусі дзяржаўнымі выдавецтвамі “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”, “Беларуская навука”, “Вышэйшая школа” падрыхтаваны да выпуску шэраг выданняў, некаторыя з якіх ужо папоўнілі фонды бібліятэк вобласці. Сярод іх факсімільныя выданні Я.Коласа “Сымон-музыка” і Я.Купалы “Шляхам жыцця”, а таксама выданне Я.Купалы “Роднае слова”. Акрамя таго, у 2012 годзе ў друкарні “Перамога” г.Маладзечна пры падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама выдадзена кніга ўраджэнца Маладзечаншчыны, пісьменніка, навукоўца Рыгора Семашкевіча “Янка Купала і беларускае адраджэнне”, прэзентацыя якой адбылася ў межах
ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Пасля выхаду ў свет
у бібліятэкі таксама паступяць выданні: Я.Колас “Успаміны. Эсэ”, Я.Купала “Мне сняцца сны аб Беларусі”, М.Танк “На камні, жалезе і золаце”, А.Кляшчук “Зямля песняроў беларускіх” (фотаальбом), М.Чырскі “Літаратурнае вандраванне. Зямлёй Купалы. Зямлёй Коласа”, М.Мушынскі “Летапіс жыцця
і творчасці Якуба Коласа”.

Ва ўсіх ўстановах адукацыі вобласці распрацаваны планы мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аформлены пастаянна дзеючыя кніжныя выставы (“Па жыццёвых мясцінах Купалы і Коласа”, “Лірыка беларускага песняра”, “Зорка беларускай паэзіі”, “Па старонках трылогіі “На ростанях”, “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, “Мой родны кут, як ты мне мілы…” і інш.); у чытальных залах праходзяць гутаркі, агляды твораў паэтаў, выставы рэпрадукцый твораў выяўленчага мастацтва, прысвечаных юбілярам.

У час вясновых канікул больш за 2 тысячы дзяцей наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”, Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа ў Мінску, мемарыяльны музей-сядзібу Акінчыцы (Мінскі, Дзяржынскі, Маладзечанскі, Стаўбцоўскі, Чэрвеньскі раёны). Таксама арганізавана віртуальнае літаратурнае падарожжа па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праведзены конкурсы выразнага чытання, рытарычнага майстэрства (“Пясняр адвечных дум”, “Беларускі лірнік” і інш.), урокі-прэзентацыі “Людзьмі звацца”, “О, край родны, край прыгожы”, літаратурныя віктарыны “Па старонках твораў Купалы і Коласа”. Падрыхтаваны шэраг мультымедыйных прэзентацый: “Я. Купале і Я. Коласу прысвячаецца”, “Калі ёсць у народа такія, не загіне давеку народ …”.

Беларусь шырока адзначае 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Усенароднае святкаванне юбілеяў народных паэтаў Беларусі дае нам магчымасць не толькі ўспомніць іх творы, словы і думкі, але і садзейнічаць абуджэнню грамадскай цікавасці да нацыянальнай літаратуры і культуры.


Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconПлан мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы І Якуба Коласа
...

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconДа 130-годдзя з дня нараджзння Янкі Купалы І Якуба Коласа
Сённяшняе свята мы прысвячаем 130-годдзю з дня нараджэння вялікіх майстроў паэтычнага слова — Янкі Купалы І якуба Коласа

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconПлан мерапрыемстваў бібліятэк Браслаўскай цбс, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы І Якуба Коласа
Стварэнне аргкамітэта па святкаванню 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы І я. Коласа І 100-годдзя М. Танка ў складзе прадстаўнікоў...

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconПравядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа ў дзяржаўнай установе адукацыі
Урачыстыя сходы,прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы І якуба Коласа

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconТворчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў XXI стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба
Сімвалічна, што аб’яўлены Годам кнігі 2012 аб’яднаў некалькі знакавых падзей: юбілеі Якуба Коласа, Янкі Купалы І максіма Танка

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconГалоўная культурная падзея 2012 года святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа. Усё сваё жыццё яны прысвяцілі Беларусі, яе народу
Галоўная культурная падзея 2012 года святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І якуба Коласа. Усё сваё жыццё яны прысвяцілі...

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconГордасць І слава беларускай літаратуры : да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа : метадычныя рэкамендацыі І бібліяграфічныя матэрыялы ў дапамогу бібліятэкам І таварыствам аматараў кнігі / Дзяржаўная бібліятэка бсср імя У.І. Леніна. – Мінск, 1981. – 77 с
Беларусь адзначае 130-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, знакамітых песняроў беларускага народа, народных паэтаў...

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа icon21. 06. 2012г. Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
У гісторыі кожнага цывілізаванага народа ёсць літаратурнае імя, якое з’яўляецца яго неафіцыйным сімвалам, якое першае ўспыхвае ў...

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconПлан мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа iconАб мерапрыемствах, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы І Якуба Коласа І 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка