Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт




НазваНік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт
старонка1/3
Дата канвертавання28.10.2012
Памер337.83 Kb.
ТыпДокументы
  1   2   3




Мікола Мікалаевіч Арочка супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я.Купалы АН БССР, доктар філалагічных навук, паэт.

Нарадзіўся на Слонімшчыне, скончыў Азярніцкую СШ, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсігэта. Працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Бела­русі»і, газеце «Літаратура і мастацтва». У 1966г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і застаўся на працы ў гэтым інстытуце. Аўтар дзесяці паэтычных кніг («Не ўсе лугі пакошаны», «Ветраломная паласа», «Крылатае семя», «Кветкі бяссмертніка», «Матчына жыта», «Колас на ржышчы», «Курганне. Крэва», «Падземныя замкі» і інш.), а таксама крытыка-літаратуразнаўчых прац («Валянцін Таўлай», «Галоўная служба паэзіі», «Беларуская савецкая паэма», «Саюз часу і майстэрства», «Максім Танк», «Поэ­зия и война»), многіх раздзелаў «Гісторыі беларускай літаратуры», выдадзенай на бе­ларускай і рускай мовах.


АБАРОНЦА ПРАЎДЫ I КРАСЫ

АДЗІН ДЗЕНЬ 3 УЛАДЗІМІРАМ ДУБОЎКАМ

эсэ


Паэзія Уладзіміра Дубоўкі для мяне неадлучная ад хвалюючага ўспаміну пра той лютаўскі дзень 1976 г., які з ранку да цямна выпала правесці ў размове з вядомым паэтам, старэйшынам нашай літаратуры, за сталом яго маскоўскай кватэры ў Новых Чаромушках. Праз той дзень мне бачыцца ярка высвечаная постаць Дубоўкі. А ўспамін шчымліва-балючы: ці мог думаць я ў тую часіну сустрэчы, што ў запасе гэтага неўтаймаванага жыццялюба засталося ўсяго некалькі тыдняў жыцця? I з Беларусі ці я не апошні наведаўся да яго?

Памятаю, як ледзь пераадолеў сваю нерашучасць — пазваніў Уладзіміру Мікалаевічу і папрасіў дазволу на адведзіны. Я ведаў, што на такія аўдыенцыі ён у апошні час згаджаўся неахвотна («Мы людзі старыя... Самі разумееце... Але калі ўжо такая патрэба...»). У Маскве я быў тады праездам: як навуковец ехаў у Казань на святочныя мерапрыемствы з выпадку 70-годдзя Мусы Джаліля. У Казані аселі некаторыя з былых рэпрэсіраваных, блізкіх таварышаў Уладзі­міра Мікалаевіча па катаржанскіх шляхах. I паэту, як я потым зразумеў, карцела дазнацца: можа, там што чуў пра іх? Цяпер з нялёгкім уздыхам прыгадвяю тую заснежаную сцяжыну паміж дамоў у Чаромушках, па якой Уладзімір Мікалаевіч некалькі разоў на тыдні хадзіў у аптэку па лекавыя кроплі для вачэй сваёй жыццёвай сяброўкі, паплечніцы ўсіх нягод Марылі Пятроўны. Вось жа і тады, перад маім прыходам, гаспадар на часінку адлучыўся, кіруючы ў аптэку, і наклікаў немалую трывогу сваей затрымкай: пад'ехаў, аказваецца, аўтобусам у аптэ­ку цэнтральную, трохі далей, абы набыць там мікстуру больш свежую. Пом­ню, як Марыля Пятроўна, прыціснуўшыся да сцяны, выглядала наўскос, з кухоннага акна, ці не з'явіцца ў далёкай прасветліне паміж двух дамоў родная постаць. Трывога была невыпадковай, нядобра прадвяшчальнай. На тым жа зваротным слізготным шляху праз некалькі тыдняў, несучы лекі, гаспадар спатыкнуўся і з трэшчынай у бядры трапіў у бальніцу... Праз колькі віхураў і лютых нягод ён прайшоў, з рачных ільдзінаў зрываўся, на павале пад таежнымі соснамі падаў, ды ўтрымаўся, выстаяў, а тут...

Уладзімір Дубоўка быў са мной у той дзень шчыра-адкрыты, спавядальны. Проста не верыцца, калі яго таварышы сёння прыгадваюць, якім асцярожным, недаверлівым, прыгнечаным ад загнанага ў нутро постраху быў ён у свае астатнія гады; на сваім 70-годдзі за сталом рэзка перапыняў тосты і ўслаўленні на свой адрас, а схіляў адрасацыю пахвальных прамоў у бок высокіх улад. Ці не таіўся ў такой пераадрасацыі гаркамысны сэнс?

Я ж магу засведчыць зусім іншае: незвычайную паўнату даверу, без ніякага насцярожанага прамежку ці за­слоны, куды б наш шаноўны старэйшына не дазваляў ступіць ці вокам цікаўным зазірнуць. Можа, гэта ад прадчування ўласнай блізкай трагедыі? Той дзень быў, нібы нейкі падрахунак. Перагляд па памяці розных жыццёвых і творчых гісторый, спрэчак, віхурных пакутных дарог, воблікаў блізкіх сяброў, тыповых рэалій часу — усяго, што так ці іначай падсвечвала самабытную натуру паэта, вяршынныя ўзлёты яго творчага духу.

Шчыра кажучы, гаворка кружыла найболей вакол яго праніклівай лірыкі і паэм 20-х гг., асабліва тых твораў, што былі напісаны паўвека назад, ва «ўзвышанскі» перыяд яго творчасці, гвалтоўна абарванай улетку 1930 г. Перапыненай сталінскімі рэпрэсіямі на 28 гадоў! Падсечаны быў пад корань буйны нацыянальны талент, што ўвабраўся ў самую спелую сілу, уступіў у свой зорны час.

Таленту Дубоўкі, здаецца, аднолькава паслухмяныя былі задушэўна-прачулая лірыка і напружана-драматычны паэмны эпас. У свае паэмы («Кругі», «I пурпуровых ветразяў узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!») паэт уклаў столькі наватарскіх шуканняў, адзнак буйной эпічнай натуры, асабістага лёсу на крутых рубяжах часу, што, па маім перакананні, гэты этап у развіцці нашага паэтычнага эпасу з поўным правам можна назваць «дубоўкаўскім ».

Прыроду мастацкага таленту немагчыма да канца вытлумачыць. Гэта, як кажуць, боскі дар. Трэба мець прыроджанае лірычнае светаадчуванне, каб так, як Дубоўка, усцешана і пяшчотна захапляцца красой прыроды, усім прыгожым у свеце. Сумаваць па страце адабранай красы. Перажываць ро­стань з ёю.

Уладзімір Мікалаевіч сядзеў злева за круглым сталом, амаль упрытык са мной, грузна паварочваўся, калі нешта нечаканае прыгадваў, углядаўся ў мяне ўнутраным, праймальным зрокам. I я дзівіўся: якія ж у белабародага мудраца-чарадзейніка блакітна-ясныя вочы! Анічуць не выцвілыя, з юначай просінню, яны ўражвалі нейкай строгай і цёплай лагодай, той прыязнай цікаўнасцю, што пабуджае на давер. Чамусьці падумалася, што вочы паэта таму не страцілі колеру глыбокага, прамыта-вясенняга неба ці спаважнай азёрнай чысціні, што ў іх заўсёды люстраваліся ідэалы хараства. Усюды, у любой акаляючай рэчаіснасці, у суровых выпрабаваннях яго паплечніцай была краса.

Залатая асенняя раніца!

Хараством ты на свеце адна.

Сонца ў пушчы глыбокай купаецца

I ніяк не дастане да дна.

Залатая, асенняя раніца...

Радкі гэтыя з ранняга верша, напісанага ў 1922 г., калі ў спазнанні са­мой сутнасці жыцця, яго глыбінь, яго красы сапраўды яшчэ не бачна было дна. Вілейшчына, азёрная Мядзельшчына, наваколлі Нарачы і Мястра ўвайшлі сваім хараством у душу з самага маленства, з пастуховых год, з часоў пачатковай вучобы. Адсюль адзін з самых прачулых вытокаў дубоўкаўскага лірызму. Паэт, які спазнаў шмат на вяку, пра гэта кажа: «Хараство беларускай прыроды, нашых краявідаў, каляровая паўтоннасць усё гэ­та ізноў-такі на ўсё жыццё засталося ў сэрцы... Прыгожая, дарэчы, і далёкаўсходняя тайга, у якой мне давялося пабыць нямала... Тым не менш, супроць беларускае пушчы яна бяднейшая, бяднейшая нават праз сваю маўклівасць. Нашы пушчы, лясы звіняць ад птушыных спеваў, а там тайга маўчыць. Дзе-нідзе стукне дзяцел, каўзане «папаўзень», падасць свой голас удод — і ўсё...» («Пяцьдзесят чатыры дарогі»).

Паэт упершыню спазнаў ростань з родным светам прыроды і людзей, пагнаны на ўсход імперыялістычнай вайной, як і многія тысячы бежанцаў. У 1918 г. пашчасціла паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсігэта, ды прыйшлося, на жаль, неўзабаве пакінуць вучобу і пайсці настаўнічаць на Тулышчыну, каб ратаваць ад голаду бацькоў. Ростань з роднай зямлёй, з магчымасцямі вучобы ішла ў пары з непазбежным сумам, ад якога не проста адхіснуцца. Але тужлівасць ростані — гэта і ўзбуджальнік лірыкі. Мы бачым, як малады паэт настойліва спрабуе адпрэчыць наплывы сумотнасці:

Не жальбую пра мінулы час я,

адкаснецца ад мяне сумота.

Пашукаю і знайду акрасу,

што да новых прывядзе узлётаў.

Не жальбую пра мінулы час я...

Аўтар не дазваляе страту — што бы­ла б найгоршай — першароднасці адчування красы. У любых умовах яна ёсць, яе трэба адшукаць. Без гэтага быў бы немажлівы ўзыход духоўнасці, немажліва нараджэнне самой паэзіі. Але што зробіш, калі нахлынае ўсё ж, супроць жадання і волі, «асенні на­строй» : «А верасень сэрца калечыць пальцамі жоўтых кляновых лістоў» («Асенні настрой», 1923)

Роздумны сум па дарагім не здымаў прыроджанай напорыстасці самой на­туры маладога Дубоўкі. Тут варта прыгадаць дзеля абазначэння новай танальнасці палемічны ранні верш «Ты мне гаворыш», які сваім настроем сугучны і з нашым часам:

Годзе і годзе, таварыш пакорны!

Так жа было, але гэтак не будзе!

Нас недарэмна малолі ў жорнах,

3 кожнай пакруткай мацнелі ўсё людзі.

Выдзьме ўвесь попел, як ворага,вецер,

Выжане рабскую кроў і пакору.

Зойме айчына пасад свой на свеце,

Заўтране будзе падобна на ўчора.

Тут — гордая пастава з прыкметнай вывучкай у Купалы, нібыта водгалас яго высакароднай размовы з «ворагамі Беларушчыны». Гэту публіцыстычную, па-мастацку аснашчаную і ўдарную танальнасць нельга было б недаацаніць у паэзіі Дубоўкі, бо менавіта яна ў арганічным паяднанні з лірыкай паэта паспрыяла яму стаць аўтарам такога шэдэўра, як верш «О Бе­ларусь, мая ш ы п ш ы н а» (1925):

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобыллем не зарасцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю.

Тваіх вачэй, пад колер сталі,

праменне яснае люблю.

Наша крытыка ўжо адзначала, што ў вобразе Беларусі-шыпшыны з яе зялёным лістам, чырвоным цветам паэтам быў прадугаданы наш сучасны нацыянальны сцяг. Магчыма, і так. Хоць сёння ўжо трывожна і няўцешна прачытваюцца, выступаючы на першы план, два наступныя радкі — пра дзікі вецер ды пра «чарнобыль». Яны балюча асацыіруюцца з Чарнобылем, што пішацца з вялікай літары. У гэтых радках ужо тады, калі яны нараджаліся, ці не таілася прадвесце нашай грамаднай нацыянальнай бяды, нашай трагедыі, самай вялікай пасля Вялікай Айчыннай вайны? Паэт верыць у жывучыя сілы роднай зямлі, што апынулася пад дзікімі вятрамі нейкага чарнобыльскага наслання. Каб прадухіліць бяду, аўтар уздымаецца да рамантычнага парывання — і нам робіцца балюча за скрываўленае сэрца, наколатае на дзіды Беларусі-шыпшыны. Хоць, зрэшты, та­кая рамантыка павярнулася для аўтара цяжкой рэальнасцю, якая вырвала з яго жыцця дваццаць восем гадоў!

Цікава, што вобраз «чарнобылля» і крывавай дзіды не адпускае творчае ўяўленне паэта. Ён не без гаркоты піша пра час, які ўжо качае яго ў тым вусцішным «чарнобыллі». Той час няўцешны ўжо таму, што, паводле слоў паэта, на дзіды «ці сэрца ці дух мой узбілі». Хацеў у рамантычным пары-ванні сам, ды вось ужо апярэдзілі — узбілі! I гэта гаворыцца ў 1925 г., калі так шырока разгарнулася беларусізацыя ў нашым родным краі. Нешта ж моцна пярэчыла свабодалюбнаму духу Дубоўкі, калі ён сябе і свой пратэст мужна ўпісаў у радкі: «Не хоча Уладзімір Дубоўка спяваць пад зазубраны лёскат». Паэт ведае, чым рызыкуе, робячы гэты выклік: «Загіну няхай і загіну, мне гімнамі будуць завеі». Зноў-такі — якія вешчыя радкі! Або ў вершы «Паляжам мы» — тое ж дакладнае веданне наперад:

Паляжам мы, і вецер нашы косці паточыць,

пылам над лясамі разнясе.

А ўсё ж такі мы шукаем прыгажосці,

штодзённа кленчым мы сваей красе.

Далейшыя радкі верша здзіўляюць той жа далека не рамантычнай няўступнасцю ў прадраканні: «Загіну з гукамі у тумане сінім, а не схілю ні галаву, ні скроні». Аднак мяне не менш дзівіць, што на гэтым грамадзянска-публіцыстычным вітку, здавалася б, досыць змрочных прадчуванняў паэт з відавоку не выпускае мэту служэння — пошукі красы, абарону хараства, што дорыць родная зямля — прыродзе і людзям. Няцяжка заўважыць, што да паняцця хараства Уладзімір Дубоўка падыходзіў, як і да ўсяго ў жыцці, філасафічна і мудра. Паняцце гэтае жыло ў свядомасці паэта як спрадвечная непатольная прага гармоніі. Мала — красой захапляцца, яе трэба па-грамадзянску мужна і творча сцвярджаць, трэба няўступна і зацята змагацца за яе. Паэт ужо ў 20-я г. быў унутрана падрыхтаваны да такой барацьбы за яе, што на грані ахвярнасці. Многія радкі кранаюць непрыхаваным драматызмам: «Нашто ўкарочваць спатканні з красой...» («Ці снег, ці завея»).

Краса паэта была гордай красой. Гордая краса — гэта дубоўкаўскі эпітэт. Яна паказвае на вядучую асаблівасць светабачання паэта. Эстэтычнага сцвярджэння варта толькі тое, што сапраўды прыгожа, з-за чаго варта ахвяраваць нават уласным жыццём: «Жыццё аддам я хараству...», «Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца». За такімі словамі стаяла цэлая праграма грамадзянскага і эстэтычнага служэння, актыўнага дзеяння, пацверджаных асабістым лёсам.

Вось сведчанне вялікага жыццялюба, напісанае ў 1966 г.,— з удумным позіркам на пройдзеныя шляхі самых пакутных выпрабаванняў. Можна здагадвацца, менавіта якая прыроджаная якасць і якую ролю спрыяльна сыгра­ла ў тым пакручастым лесе, што

Вадзіў праз горныя хрыбты,

цераз Байкал і за Байкалам.

А хараства, а пекнаты

аж цераз самы край бывала.

Жыві хоць лішніх сто гадоў

красу праславіць немагчыма.

Патрэбна сотня мастакоў,

ды усе каб з яснымі вачыма.

Нам некалі са смуткам знацца

Ясныя вочы — гэта вялікі прыродны дар паэта, які з першых да апошніх дзён захаваў бязмежную ўлюбёнасць у прыгожы свет лавека, у свет ачышчальнай працы, у свет прыроды. Гэтая якасць натуры паэта ратавала яго ў нягодах, гартавала супроцьстаянне яго духу. Паэт шчыра кажа: «Дзе б я ні быў, на якой бы працы ні стаяў, я ўсюды знаходзіў шмат прыгожага, шмат цікавага, сустракаў вельмі доб­рых людзей». Гэта быў сапраўдны дар — у самых змрочных акалічнасцях, за калючымі дратамі «лагпунктаў» душою не згаснуць, да канца не азмрочыцца, ні на хвілю роспачна не захмарыць блакіту вачэй. Усё творчае жыццё паэта аказалася як бы ў залатой «апаясцы» красы, той высокай красы, што з'яўляецца сінонімам духоўнасці чалавека.

Можна запярэчыць, што ў сістэме поглядаў У. Дубоўкі, апрача эстэтычнага, было і паняцце ўтылітарнага. Так. Аднак гэтыя паняцці мелі тую асаблівасць, што, бадай, ніколі ў яго творчасці не існавалі паасобку. Праўда, свядома падвышаўся кошт эстэтычнага. Нават буйны маладнякоўскі за­пал ужо крытычна правяраўся на першым парозе сталасці: «Хоць і добра быў вышыты шляк для будзённага ўсе ж ткі адзення». Інакш: творы маладнякоўцаў выконвалі ўсё ж будзённа-ўтылітарную службу. Невыпадкова ж гэтыя палемічныя, установачныя радкі сталі запеўнымі ў адной з лепшых дубоўкаўскіх паэм «Кругі». Новая канцэпцыя, вядома, не азначала, што паэт вырашыў «будзённае» адзенне цалкам змяніць на святочнае. Будзённае адмаўлялася ў значэнні голай публіцыстычнай дэкларатыўнасці, агульнай закліковасці, якая ў вяршынных паэмах Дубоўкі стала аб'ектам асмяяння — у размове аб надзвычай актуальнай праблеме духоўнасці, што стукалася ў дзверы мастацтва і новага грамадства.

Аднак ці не несла вострая палемічнасць гэтых паэм, іх прыкаванасць да надзённасці таксама пэўны адбітак утылітарных патрэб? Не зусім так. У сваім спасціжэнні складаных з'яў на балючым зрэзе часу паэт усё ж заставаўся сапраўдным мастаком, натхнёным прапаведнікам ідэалаў хараства. Крэда мастака:

Гартуйце рады

і гартуйце вы дух свой упарты!

Не зракаючыся хараства...

Кругі

Паэт адкрываў перад сабою свет не толькі стазвонны, шматгалосы, шматфарбны, але і шматмерна-іншасказальны ў праявах той жа красы. Вось характэрнае пераасэнсаванне марознага ўзорнага роспісу на шыбах («Кру­гі»). Дзівосныя малюнкі разглядаюцца вачыма казачнага персанажа Цікаўнага, з-за постаці якога пазіраюць удумныя вочы самога паэта:

Дзяўчаты слуцкія тады,

ды ўсе дзяўчаты у краіне,

узораў дзіўныя рады

кладуць на белыя тканіны,


на ручнікі, на паясы,

на дарунковыя кашулі,

каб не зракаліся красы,

да самай глыбіні адчулі...


Узоры знак даюць людзям,

што згіне сцюжа ўсё ж на свеце...


Праз прыгожае іншасказанне тут зноў прагучаў наказ: «каб не зракалі­ся красы!». Падтэкст разумеўся шыро­ка — як клопат аб усечалавечай «незасцюжанай» будучыні.

Уся істота паэта поўнілася дзівоснай музыкай. Музыка рэвалюцыі, якую ўзрушана пачуў яшчэ Блок, разлілася ў той час па кантынентах многіх літаратур, запаланіла характар светаадчування многіх буйных паэтаў. Гэтай музыкай былі пранізаны грымотна-трыбунны, басавіты голас вершаў і паэм Маякоўскага, і музычна-срэбныя празрыстыя пералівы «Сонечных кларнетаў» Тычыны, і раскавана-нястрымнае шэсце новых рытмаў у «Босых на вогнішчы» Чарота, і невыказна пяшчотны розгалас «Безназоўнага» Ку­палы.

У адным з артыкулаў пра Дубоўку таленавіты, шырока дасведчаны крытык Адам Бабарэка цытуе словы Ты­чыны, які пісаў, што сацыялізм без музыкі ніякімі гарматамі не ўстанавіць. Тут музыка выступае своеасаблівым сінонімам духоўнасці — гэтак жа, як і краса ў Дубоўкі. Дубоўка таксама жыў гэтым усвядомленым светаадчуваннем. Ён увесь быў заслуханы ў разводдзе новых рытмаў жыцця. Музыку, па яго ж прызнанні, ён «піў нагбом». Некаторыя з ранніх паэм ён невыпадкова называў «мелодыямі» («Наля»), а крытыкі — «дзеяпеснямі» (вызначэнне А. Бабарэкі). Тонкім слыхам паэт чуў, як многія сусветна вядомыя творы «барвуюцца пералівамі беларускіх народных крыніц. Гэта было ў вышэйшай меры павучальна для станаўлення нацыянальнага мастацтва:


Творцаў даўніх музыка

пульсацый

паўстае,

праносіцца,

чаруе.

Кругі

* * *

За бяседным і гасцінным сталом Уладзіміра Мікалаевіча зайшла размова — на многія гадзіны! — і яшчэ пра адзін вялікі і мудры свет красы — пра народную творчасць. Успомніліся словы паэта: «Замілаванне да народнай творчасці было ў мяне ад малых гадоў і ідзе са мной усе жыццё. Яе нельга не любіць» («Пяцьдзесят чатыры дарогі»). I гаспадар дастаў з кніжнай паліцы толькі што выдадзеную тады кнігу апрацаваных і асабіста складзеных казак «Залатыя зярняты».

Сёння я чытаю зычлівы аўтограф падпісанай мне кнігі і міжволі пера-воджу позірк на памятную дату: «10/02.76». Углядаюся ў кнігу казак, як у кащтоўную скарбонку з залатымі рэчамі і дарагімі камянямі ў ювелірнай апрацоўцы. На вокладцы: чатыры пеўні — на чатыры кірункі свету. Пра што вы гарланіце, залатога ціснення певуны? У разгалосым крыку — ці то боль па нечуванай страце гаспадара, які вам не падсыпле больш залатых зярнят мудрасці? Ці то вестка — ва ўсе бакі свету — пра багацці творчага набытку, дбайна пералітага паэтам з россыпаў народных скарбаў?

Але ці толькі пад вокладкай гэтай тоіцца залаты россып творча выкарыстанай народнай мудрасці? Адгарніце вокладкі ўсіх Дубоўкавых кніг — і вы ўбачыце там, нібы пад векам каштоўных скарбонак, незлічоныя буйныя крупінкі і зліткі народнай казачна-прытчавай мудрас­ці, перакладзенай рукой майстра на мову паэзіі.

Вялікі і нястомны шукальнік но­вых шляхоў і сродкаў абнаўлення па­эзіі, У.Дубоўка смела і падчас рызыкоўна пачаў уводзіць у задумы і кантэкст сваіх буйных паэтычных твораў казачны эпас. Я выказаў здагадку: ці не абышлося тут без уплыву і твор­чага наказу Максіма Багдановіча? Пераемнасць яго вопыту і шуканняў выразна праглядваецца ў паэзіі Дубоўкі. Сустракаюцца нават відавочныя пераклічкі вобразаў: «плысці супроць плыні магчыма» («Ведаю, што я памру, як і ўсе...») — гэта як падхопленае сцвярджэнне крылатага багдановічаўскага выслоўя: «Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць...» («Рушымся, брацця, хутчэй...»). Але галоўная творчая пераемнасць выявілася ў самой ідэі выкарыстання здабыткаў нацыянальнага фальклору.

Уладзімір Мікалаевіч прыгадваў, што яго і сапраўды моцна захапіла тады ідэя — уласнай творчасцю пацвердзіць усю жыццёвасць шырока за­думанай Багдановічам праграмы: «зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай..!». Якім жа чынам? Багдановіч падказваў некалькі спосабаў: «Мы можам жыўцом браць з на­родных песняў скарбы... браць і ўстаўляць у свае вершы»; альбо: «мы мо­жам вучыцца ў народа, навыкаць да яго творчых падыходаў»1.

Зразумела, У. Дубоўка не збіраўся «жыўцом браць» і «ўстаўляць» — у літаральным сэнсе. На мэце было менавіта мастацкае развіццё вуснай народ­най творчасці. У сваіх казках, арганічна ўведзеных у паэмы, паэт жыў паўнакроўным творчым жыццём: захапляўся, засяроджваўся ў мудрым роздуме, высмейваў, падколваў, іранізаваў. Вось прыклады з вандроўкі таго ж дапытлівага шукальніка Цікаўнага:

Ідзе далей і бачыць там

яшчэ дзіўнейшую падзею:

сядзіць якісьці важны пан

і піша, мабыць, эпапею.

Кругі

Перад намі — своеасаблівая мадэрнізацыя казачнасці. На шляху героя трапляюцца асучасненыя дзівосы: «Перад сабой паставіў пан люстэрка у жалезнай (!) раме. Ён піша, хваліць сам сябе...» Або далей: «Варону нашу не пазнаць у крэпдэшынавым убранні» і г. д.

У. Дубоўку ўсё больш абуралі марнатраўныя адносіны да народных са-мабытных скарбаў: «Грэшна і смешна было б плюнуць на гэта ўсё багацце, пакінуць яго гібець дзе-небудзь у палескіх балотах ці ў архіўных сутарэннях... Сапраўды,якая глыбіня, якая матэрыялістычная аснова закладзена ў большасці народных казак»2. I паэт, дзякуючы сваёй наватарскай практыцы ў паэзіі, не даваў прапасці гэтаму невымернаму багаццю фальк­лору. Выкарыстоўваючы яго, ён прымусіў засвяціцца глыбінна-новым сэнсам даўнія дыяменты народнай творчасці. Спашлёмся на мастацкае пераасэнсаванне сімвалічна-таемнага вобразу Мілавіцы — у яго ўкладзена штось вельмі дарагое паэту («яна, чаканая, прыйшла, каб наканованае здзейсніць»). У размове з Уладзімірам Мікалаевічам я, можа, не зусім тактоўна пацікавіўся, які алегарычны сэнс укладаў ён у гэты вобраз. Паэт як бы здзівіўся такому пытанню, ён не спяшаўся з адказам. Нічога не заставалася, як выкладваць свае здагадкі: каханне?.. сумленне?.. праўда?.. бацькоўская зямля?.. Радзіма?

«Ах, крытыкі, ім абавязкова патрэбна нейкае канкрэтнае вытлумачэнне! Ці не траціцца ад гэтага абагульняючая сіла і прывабнасць вобраза?» — словы гэтыя я нібыта чытаў у блакіце задумліва-ўсмешлівых вачэй паэта. На хвіліну ён перавёў позірк у шыр акна і ўважна засяродзіўся. Якія згадкі і асацыятыўныя ўвасабленні бачыліся яму ў глыбіні перажытага?

Аднак, вяртаючыся да размовы, Уладзімір Мікалаевіч іскрыстую кроплю ўсё ж прыгубіў — за ўсе наўздагад выказаныя мной абазначэнні: «За Мілавіцу!»

Я перачытваю гэтыя радкі. Ідзе прысяга па самых высокіх узорах рамантычнага служэння, мальбы, высокай гатоўнасці самаахвяравання — у імя сцвярджэння высокіх гуманістычных ідэалаў на зямлі, праўды:

Цяжары не страшаць мяне,

Мілавіца!

Бо сцюжа на сэрцы міне,

Мілавіца!..

3 табою адзінай у далі-аддалі

пайду я ў сваей старане,

Мілавіца!..

Надзею нядужым, натхненне для

моцных

з табой пранясём, бы у сне,

Мілавіца!..

Жыццё дам краіне, аддам табе

сэрца,

як сцюжа на сэрцы міне

Мілавіца!

Кругі

Хто прамаўляе ў паэме гэты страсны, асвечаны высокімі ідэаламі мана-лог? Казачны персанаж Цікаўны? Ці яго вуснамі — паэт? Казка непрыкметна заходзіць у суровую рэчаіснасць, а парыванні казачнага героя — у абвострана душэўны стан самога аўтара.

Нельга сказаць, што да паэм Дубоўкі беларускі паэтычны эпас цураўся мастацкага выкарыстання міфатворчасці. Прыгадаем драматычныя паэмы Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане» ці коласаўскага «Сымона-музыку». У. Дубоўка праз алегорыю казкі, уведзенай у паэму, таксама, як і яго папярэднікі, імкнуўся да актуальнай асучасненай іншасказальнасці. Напрыклад, у паэме «Кругі» была шырока ўжыта форма асабіста аўтарскай інтэрпрэтацыі казачнасці, а гэта дало розным вульгарызатарам магчымасць адвольных вытлумачэнняў і скажэнняў, якія чыніліся дзеля таго, каб павесіць на аўта­ра нядобры ярлык. Давялося адмовіцца ад непасрэднага аўтарскага звароту да павучальных прыкладаў фальклору.

У паэмах «I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!», якія з'яўляюцца своеасаблівым працягам паэмы «Кругі», усю складанасць роздуму аб часе паэт даверыў аб'ектыўным персанажам твораў. У тым ліку даверыў ім і свае казкі. Каб не ўзнікла недарэчных закідаў і вульгарных нападкаў, ён рашыў на гэты раз прынцыпова адмежавацца ад розных крайнасцяў у гарачых спрэчках сваіх герояў («Мірыць? Не, буду лепш займацца, а то мае ўласныя героі мяне са­мога ў нечым звінавацяць»).

I прыйшла ў драматычныя паэмы Дубоўкі надзвычай абвостраная драматычная форма дыялогаў і маналогаў, укладзеных у вусны рэзка размежаваных апанентаў: Лірыка і Матэматыка («I пурпуровых ветразей узвівы»), Пасажыра і Кандуктара («Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Паэтам выкарыстаны ёмісты ўмоўна-мастацкі прыём, па-майстэрску распрацавана драматычна-напружаная форма, дужа прыдатная, каб умяшацца ў востра дыскусійнае абгаварэнне кардынальных праблем духоўнага і сацыяльнага жыцця, у тым ліку праблем калектывізацыі. Паэт сродкамі паэзіі вырашыў як бы «паклікаць на спрэчку думнае грамадства», наблізіцца да прасвятлення ісціны.

Такая ўжо была натура У. Дубоўкі, што ён не мог ухіляцца ні ад ярасных палемік, ні ад страснай пропаведзі сваіх перакананняў, ідэй. У той час А. Бабарэка адзначаў некаторыя цікавыя рысы – як бы да творчага партрэта паэта: «Часамі, збоку, ён можа паказацца чуць-чуць «забіякам», «задзіраю». Часамі ён проста дурэе. Аловак укладваўся ў пальцы моцна, выгодна». Гэтыя асабістыя якасці натуры шчасліва спалучаліся з грамадзянскім тэмпераментам страснага прапаведніка, эрудыта, праўдалюба: «Паэты, пісьменнікі не могуць, не павінны заставацца пасіўнымі суглядальнікамі»,— сцвярджаў Дубоўка, разумеючы ўсе цяжкасці сумленнага творчага служэння. Іх, гэтыя цяжкасці, трэба разумець і не спяшацца з прышпільваннем ярлыкоў: «Няхай у гэтай працы будуць памылкі, няхай у ей будуць «зрывы», але няхай яна не будзе цалкам шкодная, варожая, няхай скрынка не будзе прададзена чорту, як кажа народная казка» («Штурмуйце будучыні аванпосты!»).

Тут якраз да месца будзе звярнуцца да алегарычна-філасофскага зместу гэтай даўняй народнай прытчы, якая ўводзіцца аўтарам у адну з паэм — з немалым падтэкстам — пад такой назвай: «Народнае апавяданне пра музыку і пра тое, як ён прадаваў чорту сваю скрыпку». Пытанне інтрыгуючае: прадаў ці не?

Уладзімір Мікалаевіч расказвае, як ён свядома адыходзіў ад варыянта на­роднай казкі, паводле якой усё ж торг адбыўся! Уся натура паэта пратэставала супроць такога нялёгкага для мастацтва зыходу. Таму ён творча пераасэнсаваў кульмінацыйны момант каз­кі. Усё вырашыла нават не скрыпка, што ашуканствам і д'яблавай хітрасцю была адабрана ў музыкі. А «душа» скрыпкі, гэты чуйны, тонка прыладжаны ў сярэдзіне «дубовы, колік». Падчас валтузні чорта з музыкам «душа» была вытрасена са скрыпкі. I адразу радкі пачынаюць набываць пераносны сэнс: «Скрыпка ж чорту не здабытак, без душы багата скрыпак». Душа — вось тая невымерная каштоўнасць, што была заўсёды ў асяродку фальклорнай творчасці многіх народаў. Душа, як мы ведаем, стала аб'ектам «згавору» Фаўста з Мефістофелем, своеасаблівай дамінантай унутранага драматызму геніяльнага твора Гётэ. А прыгадайце «Сымона-музыку» Я. Коласа — душа скрыпкі там у цэнтры ўсіх перыпетый і пакутных кругоў вандроўкі героя. Або тое, як «злыя і сільныя людзі» хацелі заўладаць скрыпкай музыкі, пра якога расказвае Багдановіч («Музыка»).

Уявіце цяпер, які «канцэрт» атрымаўся ў тых чарцей, што ў пекле распачалі гранне на адабранай скрыпцы чарадзейніка-музыкі, пра якога з муд­рым усмехам апавядае У. Дубоўка:

Для чарцей усіх пакута.

Трэба слухаць, бо няёмка.

I кульгавы вылез з кута,

з ім спірытусу даёнка...

Два балбесы, стаўшы ракам,

на спіне трымалі ноты...

3 бляскам выпісаны алегарычныя ўвасабленні і д'яблавай збродні, партрэтныя накіды іх выкананы настолькі рэальнымі штрыхамі і адзнакамі, што асобы гэтыя ў свой час, бясспрэчна, легка распазнаваліся:

Нейкі гадзіч хударлявы

поўзаў, віўся ля абцасаў,

ляскаў вухам па халявах,

языком брыду ўсё мацаў.

Бруха ён свае адпоўзаў,

Падкавалі бруха цынам.

Стаў падлейшы ён ад поўзаў,

Хоць хваліла афіцыйна...

Штурмуйце будучыні аванпосты
  1   2   3

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconКаб падрыхтаваць настаўнікаў І выкладчыкаў беларускай мовы да ўвядзення ў дзеянне закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі"
Ан беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовы І літаратуры...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconПрацы членаў кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта Пад рэдакцыяй прафесара В. П. Рагойшы Мінск Бестпрынт 2009
М. А. Тычына, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела тэорыі літаратуры Інстытута мовы І літаратуры імя Якуба Коласа...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconПраекта Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Беларускага дзяржаўнага універсітэта адбыўся майстар-клас «Даўняя літаратура ў культурным працэсе сучаснасці» кандыдата філалагічных...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconМинистерство образования республики беларусь международная ассоциация преподавателей
Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; дырэктар Інстытута мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І янкі Купалы Нацыянальнай...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconМинистерство образования республики беларусь международная ассоциация преподавателей
Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; дырэктар Інстытута мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І янкі Купалы Нацыянальнай...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт зацвярджаю
Т. Д. Арлова, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconТ. М. Дасаева, загадчык кафедры замежнай журналістыкі І літаратуры факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, доктар філалагічных навук
Т. М. Дасаева, загадчык кафедры замежнай журналістыкі І літаратуры факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта,...

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconІ. В. Казакова доктар філалагічных навук
Н723 “Каляндарна-абрадавы фальклор Гомельшчыны” [Тэкст] / В. С. Но­вак. – Гомель “гду імя Ф. Скарыны”, 2009. – 252 с

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconЯ імёны ў тэрмінах І фразеалагізмах практычны дапаможнік для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей вну гомель уа "гду імя Ф. Скарыны" 2010
В. А. Ляшчынская, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы уа “гду імя Ф. Скарыны

Нік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы ан бсср, доктар філалагічных навук, паэт iconГісторыя беларускай літаратуры XX стагодцзя: у 4 т. Т. 1 / Нац акад навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. Мн.: Беларуская навука, 1999. 583 с
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагодцзя: у 4 т. Т. 1 / Нац акад навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — Мн.: Беларуская...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка