Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча




НазваДа 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча
Дата канвертавання22.11.2012
Памер127.73 Kb.
ТыпДокументы
О, Дняпро! Табой мой талент ускалыханы…

(да 80-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча)

(Гучыць беларуская інструментальная музыка)


Чытальнік: Дагарэў за брамай небакрай,

Месяц паміж воблакаў плыве.

Выйду зноў, як у мінулы май,

Басанож прайдуся па траве.

Дымная, сцюдзёная раса,

Цёмныя ў траве ад ног сляды.

А такога рослага аўса

Я не бачыў доўгія гады.

Бач, хмызы спляліся, як павець,

Светлякі мігцяць, гараць святлей.

Перад тым, як звонка ў лозах пець,

Прачышчае горла салавей.

Лашчыцца трава да босых ног.

З дальніх паплавоў плыве ракой

Ледзь прыкметны сумны халадок .

Ціха цмокае ў сне рака.

О, як добра, як прыгожа жыць!

Раска, як русалчына луска,

На вадзе ад месяца гарыць.

А вакол травіцы роснай рай

І бярозак белая сям’я.

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

Вядучы 1: Добры дзень, паважаныя сябры! Гэтыя мілагучныя і шчырыя радкі адрасаваў сваёй маленькай радзіме Уладзімір Караткевіч - наш беларускі пісьменнік і паэт, нястомны вандроўнік і працаўнік, літаратар, які няспынна працаваў над сабой, чалавек невычарпальнага гумару, які ўсёй душой любіў родных людзей, родную зямлю, якога можна назваць песняром беларускага Прыдняпроўя.

Вядучы 2: Уладзімір Караткевіч быў вельмі шчодры ў жыцці і мудры ў літаратуры. Творчасць яго - з’ява у беларускай літаратуры адметная, цікавая і неардынарная.Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў. Ён быў аднолькава таленавіты ва ўсіх жанрах літаратуры. Па яго творах здымаліся кінастужкі, шэраг драматычных твораў ставіцца на тэатральных падмостках, па лібрэта пісьменніка Дзмітрый Смольскі напісаў оперу “Сівая легенда”, а Уладзімір Солтан - оперу “Дзікае паляванне караля Стаха”. На яго вершы кладзецца музыка. Напэўна сёння няма сярод прысутных чалавека, які б не ведаў раманы “Чорны замак Альшанскі”, “Нельга забыць”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда” і іншыя.

Вядучы 1: Паэзія, як і проза, у Караткевіча надзіва нацыянальная, уся яна дыхае беларускасцю. Выйшлі ў свет чатыры кнігі яго паэзіі. Напісанае Караткевічам - вечная крыніца, з якой будуць наталяць прагу духоўнасці многія і многія пакаленні.

Чытальнік: Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы

Не сябе шанаваў, не сабой даражыў -

Са стагоддзяў ён нёс, нібы з чорнае пушчы,

Кветку матчынай чыстай душы…

Чарадзей легендарнае волі і сілы,

Ён чароўную кветку, як вока, бярог.

Смерць раптоўна, як колас, пад корань скасіла,

Ён - як колас - яе перамог.


Вядучы 2: Уладзімір Караткевіч быў упэўнены: шмат на гэтай зямлі праходзіць і мінаецца, “векавечны толькі край”, дзе нарадзіўся і ўзгадаваўся, які любіш больш за іншыя. У Караткевіча - гэта горад Орша. У аўтабіяграфіі пісьменнік прызнаваўся: “Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры. Люблю беларускае Палессе, і казачна мяккую Наваградчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнага азёрнага краю. Іх нельга аддзяліць ад мяне, але ў Прыдняпроўі мне неяк больш прытульна”. З Прыдняпроўя паходзіць старадаўні шляхецкі род Караткевічаў герба “Корвін”.

Вядучы 1: Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў сям’і інтэлігентаў. Маці У.Караткевіча, Надзея Васільеўна, была настаўніцай. Яна дала маленькаму сыну першапачатковыя веды: навучыла чытаць, пісаць, маляваць, слухаць музыку. Ужо ў тры з паловай гады Валодзя чытаў сам. Але ўсё ж перш, чым з кнігай, ён пасябраваў з алоўкам. Любіў ілюстраваць казкі. А яшчэ... яшчэ яго захаплялі непаўторныя краявіды роднай прыроды, магутны Днепр, які так многа пабачыў на сваім вяку. Высокія і крутыя стромы на правым беразе ракі. Нібы хто вялізнай рыдлёўкай зрэзаў схілы ўзгоркаў. А ўнізе спакойна коцяцца воды Дняпра, гайдаюць на сваіх мутнаватых ад вапны і глею хвалях рыбацкія чоўны і лодкі-пласкадонкі. Сяброўка дзяцінства ўспамінае: “Аднойчы, стаміўшыся ад бурнай гульні, паселі на беразе Дняпра адпачываць. Валодзя запытаў у нас: ”Што вы думаеце, калі гледзіце на ваду?” Мы пэўнага нічога адказаць не маглі. “А ў мяне, калі гляджу на ваду, вершы набягаюць”, - сказаў ён. І нам было дзіўна з яго слоў.”

Вядучы 2: У шэсць гадоў Караткевіч стаў пісаць вершы. Яны былі прысвечаны родным і блізкім, гораду, Дняпру. Дзяцінства праходзіла ў доме на высокім маляўнічым беразе Дняпра. Ужо дарослым Караткевіч успамінаў: “Калі раніцай плывеш на чаўне праз рачны туман і бачыш след за галавою выдры, што пераплывае раку, або ўсплеск бабра - адчуванне шчасця, адзінства з гэтай зямлёй і любоў да яе перапаўняюць цябе”.

Уладзіміру Караткевічу, як і сотням тысяч яго аднагодкаў, давялося спазнаць жахі Вялікай Айчыннай вайны. Масіраваныя бамбёжкі Оршы, няўдачная спроба эвакуацыі, нялёгкае партызанскае жыццё, інтэрнат на Урале, неаднаразовыя, прычым няўдалыя, ўцёкі на фронт... Пра ўсё потым пісьменнік напіша ў аўтабіяграфічнай аповесці “Лісце каштанаў”.

У 1944 г., пасля вызвалення Беларусі, сям’я Караткевічаў вярнулася ў Оршу. Даваенны дом, які так любіў Валодзя, згарэў. Потым бацька купіў у вёсцы хату і перавёз яе ў Оршу, але на старым месцы каля Дняпра будавацца не атрымалася. У новай бацькоўскай хаце прайшлі пасляваенныя школьныя гады Караткевіча. Сюды імкнулася ўсё жыццё яго душа, яго думкі.

Чытальнік: О мой цудоўны край,

Мой заснежаны рай...

Ціхі званочкаў смех.

Снег у лесе начным,

Смех у садзе пустым,

Коней спакойны бег.

Штосьці часцей і часцей

Сню я, што шэршань цвіце,

Падае з чорных сукоў

І што з табою ўдваіх

Еду між дрэваў начных

Госцем да сваякоў.

Плечы твае абняў.

Бачу сялібу ў садах,

Бачу загурболены дах,

Нізкі, натоплены дом.

Бачыш? Страчаюць з агнём.

Вязкі цыбулі вісяць.

Скварыцца каўбаса,

Водар смалы, сасны.

Дроваў адталы дух.

Печка.

Калматы кажух.

Сны.



Вядучы 1: Уладзімір Караткевіч вучыўся ў першай беларускай аршанскай школе. Відавочна акрэсліліся яго схільнасці да гуманітарных навук. Ён ведаў тое, што далёка выходзіла за рамкі школьнай праграмы. Спрабаваў сябе ў творчасці. У школе працаваў літаратурны гурток, Валодзя там часта друкаваўся, рабіў малюнкі. Сачыняў гумарыстычныя вершы пра школьнае жыццё. Сам быў хадзячай энцыклапедыяй і вялікім жартаўніком. А яшчэ... яшчэ быў вельмі адданым у сяброўстве. Дзяліўся апошнім, дапамагаў выйсці з бяды.

У 1949 годзе закончыў паспяхова школу і паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта. Займаўся з захапленнем, прападаў у бібліятэках, архівах. Студэнт Караткевіч хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі навуковых работ: “Багдановіч і сучаснасць”, “Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы” і іншыя. Пісаў шмат вершаў, балад, баек, спрабаваў пісаць п’есы. Студэнцкія гады згаданы У.Караткевічам у першай яго аповесці “У снягах драмае вясна”.

Вядучы 2: Пасля заканчэння універсітэта У.Караткевіч два гады настаўнічаў на Украіне. Потым уладкаваўся працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ №8 горада Оршы. За два гады працы ў Оршы малады пісьменнік падрыхтаваў першы зборнік вершаў “Матчына душа” і п’есу “Млын на старых вірах”...

Чытальнік: Зямля дзядоў! Такою ж залатою

Яна была і ўтой далёкі век,

Калі зубры ішлі да вадапою

І на дубах хаваўся чалавек.


Гады мінулі, пазгнівалі троны,

Ахуталі як коўдрай палыны

Руіны замка “каралевы Боны”

І над Дняпром шырокім курганы.


Даўно мяне не бачыла адрына,

Дзе я калісьці дзічкі тут хаваў,

І пыл на вулках, мяккіх як пярына,

Ног змораных даўно не цалаваў.


І вось ізноў трава знаёмых вулак

І за Дняпром сівым абрыс сяла:

Збароў, дзе некалі мая матуля

Вясковаю настаўніцай была.


У дальні свет шырокія дарогі,

Асін трапюткіх нечаканы ўздых,

Дзядамі узараныя разлогі,

Калыска і прыстанак вечны іх.

Вядучы 1: З роднай Оршай звязаны найлепшыя творчыя натхненні пісьменніка. Усё сваё жыццё Уладзімір Караткевіч з вялікай пяшчотай і любоўю ўспамінаў горад свайго дзяцінства: “Тады гэта быў маленькі гарадок. Зялёныя вуліцы, рэшткі валоў замчышча, гудкі далёкіх цягнікоў і блізкіх параходаў (чыгунка і аўтобусы яшчэ не забілі раку), дубовыя лясы на берагах і ліпы на вуліцах, недалёкія парогі. І, вядома, сотні крыніц па берагах, і нашы песні...”

Чытальнік: Яна не блішчыць красою,

А ў сэрца навек запала

З паркам сваім змарнелым,

З сваёй Кабыляцкай гарой,

З лянівай сястрой Аршыцай,

Што летам бруіцца памалу

У шырокі, як песня наша,

Магутны, сівы Дняпро.

Як толькі цёмнай ноччу

Вочы свае закрываю,

Адразу я Оршу бачу

З яе няяркай красой,

З бярозамі над Аршыцай,

З вясёлым сонейкам мая,

З блакітам першых пралесак

У косах каханай маёй.

Тут нарадзіліся думкі,

Воля, імкненні, жаданні,

Тут стаў я сынам краіны,

Абпален яе агнём...

Таму і люблю я Оршу

Першым вялікім каханнем,

Якое не знікне, пэўна,

Нават з маім жыццём.

Вядучы 2: Але было ў Караткевіча яшчэ адно запаветнае месца - горад Рагачоў. Між іншым магутны Дняпро, які так апяваў Уладзімір Караткевіч, нёс свае воды і каля Рагачова. Адтуль была родам маці пісьменніка Надзея Васільеўна. У хаце, пабудаванай дзедам Васілём Юллянавічам, жыў дзядзька - матчын брат Ігар Васільевіч Грынкевіч. Рагачоў стаў для Караткевіча тым, чым былі для Аляксандра Пушкіна Болдзіна, для Янкі Купалы Акопы, для Льва Талстога Ясная Паляна.

Чытальнік: Тут цягне жыць і кахаці,

Тут добра так, як нідзе,

У старасвецкай хаце,

У дзедаўскім родным гняздзе.

Бо з гэтай няяркай зямліцы,

З абрываў рудых, з лугоў,

З садоў у начной расяніцы

Наш корань у свет пайшоў.

Вядучы 1: Дняпро быў для пісьменніка крыніцай натхнення, адным з герояў яго твораў, сімвалам беларускага краю, той артэрыяй, што жывіць родную зямлю і дае ёй сілы. Патрыятызм Караткевіча праяўляецца ў паэтызацыі гісторыі Беларусі, апяванні хараства яе блізкіх і далёкіх мясцін. З любові да сваёй малой Радзімы нараджаецца любоў да ўсёй краіны, пачуццё моцнае і ўзнёслае.

Чытальнік: Я сумую па радзіме,

Па яе лугах і нівах,

Па трыпутніку, што гладзіў

Ногі збітыя мае,

Па укропе на гародзе,

Рэчках ціхіх і лянівых

І па сопкай белай бульбе,

Што на стол яна дае.


Я сумую па радзіме...

Бачу ціхія паляны.

Цёплы мёд яе маліны

Адчуваю на губах.

Ты - мая лясная казка

У красе доўгачаканай,

Ты - мая святая песня,

Свет адзіны у вачах.

Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,

Дзе раса на травах спее,

Дзе ў росных шатах чуцен

Гівала пяшчотны свіст,

Дзе наўсцяж канавы мокрай

Пышны кураслеп жаўцее,

І купае тлусты лопух

У вадзе мясісты ліст.


Я сумую па радзіме,

Як каханы па дзяўчыне,

Я жадаю ўвесь прыпасці

Проста да яе рукі,

Да грудзей - тугіх узгоркаў,

Да вачэй - азёраў сініх,

І замерці ў пацалунку

На гадзіны і вякі.

Вядучы 2: Моцнае ўздзеянне зрабіў на хлопчыка дзед Васіль Юллянавіч Уладзімір Караткевіч адзначаў, што менавіта праз дзеда палюбіў прыроду, гісторыю і вандраванні. Дзед некалі займаўся раскопкамі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў Валодзю. Сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы. Мова дзеда - гэта быў каскад прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых жартаў. Ад дзеда пачуў будучы пісьменнік аповеды пра двараніна-прыгодніка Выліваху, цыганскае каралеўства, дзікае паляванне караля Стаха ды вызваленчыя паўстанні на Магілёўшчыне, у Віцебску і ўсім беларускім краі. Караткевіч сваю цікавасць да гісторыі яшчэ тлумачыў і так: “Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам”. І ствараў вершы, напоўненыя духам гістарызму.

Чытальнік: Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў.

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны і неба - разлівы ільноў.

Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы,- ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць,

Забыць, ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй , на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі, ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Вядучы 1: З 1962 года Уладзімір Караткевіч жыў у Мінску, але сувязі з родным “гняздом”, з роднай Оршай не парываў. Пісьменнік часта прыязджаў у матчыну хату, дзе яму добра працавалася. Шмат якія творы былі пачаты альбо напісаны ў Оршы. Адсюль ён ад’язджаў у падарожжы, сюды не раз вяртаўся, каб адпачыць, паразважаць пра жыццё, сустрэцца з былымі сябрамі, з калегамі-настаўнікамі. У 1967 г., калі Орша святкавала сваё 900-годдзе, у газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася эсэ У.Караткевіча “Рша камен...” Гэты невялікі твор паказвае, як добра ведаў Уладзімір Сямёнавіч гісторыю роднага горада, як ганарыўся сваімі землякамі і тым, што ён аршанец: “Гораду майму - дзевяцьсот... Усе гэтыя гады ляжыць ён на вышынях Беларуска-літоўскага ўзвышша, на ўвалах, над Дняпром і ягонымі парогамі. Пойдзеш некуды за Чарталле, сядзеш над празрыстымі водамі, паглядзіш на зарэчныя камяніцы і сады і адчуеш - радзіма...”

Вядучы 2: За свае заслугі Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ў 1980 г. ордэнам Дружбы народаў. У 1983 г. за раман “Нельга забыць” атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа. Гэта было 7 лютага, а праз 20 дзён памерла жонка У.Караткевіча Валянціна Браніславаўна. Толькі роднае бацькоўскае гняздо магло крыху суцішыць душэўны боль. Часамі мог сядзець у любімым плеценым крэсле ў двары дома. Хадзіў на Дняпро. Перасільваючы хваробу і душэўны смутак, склаў зборнік вершаў “Быў. Ёсць. Буду”. Які стаў лебядзінай песняй і запаветам Уладзіміра Караткевіча.

Вядучы 1: Быў.Ёсць.Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх...

Жыццё Караткевіча - незвычайнае, яркае, светла-трапяткое, яно таксама нечакана і абарвалася. Гэта адбылося 25 ліпеня 1984 года. І засталася недаспяваная песня. Адзіная прэмія, якую атрымаў пры жыцці, - Літаратурная імя Івана Мележа за раман “Нельга забыць”. І адна толькі ўзнагарода - ордэн Дружбы народаў у яго актыве, у актыве змагара за адраджэнне беларускага народа, яго гістарычнай памяці. Дзяржаўная ж прэмія БССР імя Якуба Коласа за раман “Чорны замак Альшанскі” прысуджана ў 1984 годзе пасмяротна.

Вядучы 2: Караткевіч быў. Ён годна пражыў свае амаль 54 гады і пакінуў значны след у мастацкай гісторыі Беларусі.

Караткевіч ёсць. Яго творы нараджаюць усё больш і больш сапраўдных беларусаў.

Караткевіч будзе. Пройдзе не так шмат часу, і яго думкі заззяюць на небасхіле духоўнага жыцця сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі. А дзеля гэтага ёсць "адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга. Іначай - сорам. І не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што "яны самі так хочуць". Сорам - самім так хацець".

Чытальнік: І навошта жалоба гучыць,

А не песня яго аб радзіме?

Можа, проста ён лёг адпачыць,

Малады яшчэ

Князь Уладзімір.


Лёг надоўга, на некалькі дзён,

Так стаміўся ў паходзе...

Паверце,

Не здаюцца такія, як ён,

Не здаюцца ў палон –

Нават смерці.


Просім мы,

Чытачы –

Яго самыя верныя воі:

-Ты здалёку, Дняпро, прыцячы,

-Разбудзі яго хваляй жывою!


Адкасіўся і бацька раней,

І матуля пажала калоссе.

І нікога за край наш радней

У яго, знаем, не засталося.


- Зашуміце над ім уначы

Вы, дубы векавыя і хвоі! –

Просім мы,

Чытачы –

Яго самыя верныя воі.


І напоўняцца вочы святлом.

І натхніць яго клопат найпершы –

Завяршыць “Каласы пад сярпом...”,

Дапісаць беларускія вершы.


А глыбокі і здоўжыўся сон,

Бо стаміўся ў паходзе, радзімы,

І пад белымі крыламі ён

Спіць смакойна,

Наш князь Уладзімір.

М Маляўка


Складальнік: Заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС Бандарэнка І.Р.




Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconБыў. Ёсць. Буду. (да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча)
Уладзіміра Караткевіча В. Быкаў. Нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі. Сапраўды, У. Караткевіч з’яўляецца адной з самых яркіх постацей...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconДа 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча Літаратурная гасцёўня Тэма: "Быў. Ёсць. Буду "
Мэта: пазнаёміць вучняў з дзіцячымі гадамі І творчасцю У. Караткевіча; вучыць свядомаму, выразнаму, уважліваму чатанню літаратурных...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconПлан мерапрыемстваў бібліятэк Браслаўскай цбс, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы І Якуба Коласа
Стварэнне аргкамітэта па святкаванню 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы І я. Коласа І 100-годдзя М. Танка ў складзе прадстаўнікоў...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча icon21. 06. 2012г. Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
У гісторыі кожнага цывілізаванага народа ёсць літаратурнае імя, якое з’яўляецца яго неафіцыйным сімвалам, якое першае ўспыхвае ў...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconТэма: Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа І Я
Тэма: “Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыярытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconІнфармацыйны матэрыял да адзінага дня інфармавання па Мінскай вобласці Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
Ак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры І мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconІнфармацыйны матэрыял да адзінага дня інфармавання па Мінскай вобласці Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
Ак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры І мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconІнфармацыйны матэрыял да адзінага дня інфармавання па Мінскай вобласці Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
Ак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры І мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconІнфармацыйны матэрыял да адзінага дня інфармавання па Мінскай вобласці Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
Ак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры І мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай...

Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча iconІнфармацыйны матэрыял да адзінага дня інфармавання па Мінскай вобласці Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя: да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа І 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка
Творчая спадчына класікаў беларускай літаратуры ў сістэме дзяржаўна-культурных прыарытэтаў ХХІ стагоддзя

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка