Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкі бегалі ў траве. Нехта




НазваТым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкі бегалі ў траве. Нехта
старонка3/4
Дата канвертавання22.11.2012
Памер0.63 Mb.
ТыпДокументы
1   2   3   4

- Што скажаш? Адкуль ты? Чаго ты забрыў сюды?

Коля ўзяў спакойны тон. Хітрасць яго межавалася са шчырасцю.

- Я шукаю свайго бацькі.

- А дзе ж твой бацька дзеўся?

- Хіба ж я ведаю? З першага дня вайны я яго не бачыў.

- А ты здалёку?

- З раёна.

- Хто ж твой бацька?

- Сушчэвіч.

Антон Крамарэвіч перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару. З гарачым уздымам ён ні то запытаў, ні то дапытліва крыкнуў:

- Як жа ты не ведаеш, дзе твой бацька?! Хіба твой бацька адцураўся цябе? Можа ён самахоць ведаць цябе не хоча? (Яму было прыемна гаварыць нядобрае пра Сушчэвіча яго сыну.) А можа ён і рад, што такая завіруха на свеце, каб адцурацца ўсіх сваіх і аднаму астацца. Знайшліся і такія.

Сказаўшы гэтае жорсткае слова, Крамарэвіч змоўк. Ён убачыў, што яго малы госць уздрыгануўся, заміргаў вачыма, а вочы ў яго зачырвоніліся. Ён нейк дзіўна кіўнуў галавой, чмыхнуў носам і гатоў быў у той жа момант заплакаць. У кожным разе так здалося Антону Крамарэвічу. Ён спалохаўся, як кожны слабавольны, хто нарабіў вялікай бяды. Ён гатоў быў праклінаць сябе за гэтую сваю дурноту, што перад малым хлапчуком пачаў нядобрым словам спаганяць сваю злосць на Сушчэвіча.

- Можа ты змерз? - сказаў ён. - Дык лезь на печ. Печ цёплая.

- Мне не холадна, - сказаў Коля нейкім панурыстым тонам,

І тут Коля раптам зірнуў на Крамарэвіча вачыма, поўнымі просьбы:

- Хіба вы што-небудзь дрэннае чулі пра майго бацьку? - сказаў ён. - Мусіць, і ўсе нешта пра яго ведаюць, бо нічога мне пра яго не кажуць, а самі яго ўспамінаюць, што ён тут недзе поблізу з'явіўся. Я не раз чуў, як яны гаварылі.

- А хто гэта яны?

Коля маўчаў.

- А дзе твая, калі так, маці?

- Маю маму гітлераўцы павесілі за тое, што яна не хацела сказаць, дзе бацька. Яго немцы шукалі. А яна не ведала, дзе ён.

- Давай хіба будзем есці бульбу, хоць халодную, у мяне повен чыгун, - сказаў Крамарэвіч, адчуваючы прагу сказаць што-небудзь добрае і ласкавае Колю Сушчэвічу.

- Я не хачу есці, - адказаў Коля.

- А ты тут можа і раней бываў каля гэтага месца?

- Быў часта. Калі яшчэ тут фашысцкіх афіцэраў забілі, і пасля карны нямецкі атрад шукаў тых, хто іх забіў, дык я тады ўвесь раён абышоў: многа людзей тады адусюль ішло хавацца. Дык я хацеў, каб убачыць: можа мой бацька з людзьмі дзе. Я тут на гэтым пасёлачку тады дзве ночы начаваў у аднаго чалавека.

- А каго з гэтага пасёлачка немцы забіралі? З гэтай хаты трое дзяцей і жанчына прапалі.

- Ведаю. Іхняга чалавека не было дома. Дык думалі, што гэта ён забіў афіцэраў і скрываецца. Тут так многа тады людзей стралялі і вешалі, што доўга не разбіралі, а адразу: або застрэляць, або гоняць некуды далёка. Тых трое дзяцей і іхнюю маці паставілі, з аўтаматаў адразу застрэлілі, а самі на грузавік і паехалі.

- А ты гэта бачыў? - слабым голасам сказаў Крамарэвіч.

- Не, але чалавек, у якога я начаваў, казаў. Ён бачыў.

- А з каторай гэта хаты чалавек?

- З той, што крытая саломай і што вокны з сінімі акяніцамі.

Сэрца ў Крамарэвіча быццам адарвалася і ўпала ў бездань. Ён ужо ведаў: яму самому той чалавек не сказаў праўды, бо не хацеў даваць яму горычы ў душу. Цяпер ужо скончыліся яго пошукі і надзеі. Утрапенне заўладала ім. Яго ўзбуджанасці не было меры. Ён закалаціўся. Коля запытаў:

- А вы хто? Гэта ваша хата ці так сабе вы тут прыпыніліся?

- Гэта мая хата, - панура і праз зубы абазваўся Крамарэвіч.

- А вас даўно дома не было, што хата пуставала?

- Не было мяне, сынку, дома. Даўно не было. (Голас яго спакайнеў і позірк цвярдзеў.) Ну, а як той чалавек казаў, застрэлілі іх, і хаця ж яны доўга не мучыліся?

- Ён казаў, што адразу ўпалі, і канец.

Можа яно і сапраўды так было, а можа Коля толькі казаў так, каб даць спакой ранам душы гэтага чалавека. Усёй душой сваёй ён чуў, што больш ужо не трэба яму дазнавацца, злы гэты чалавек ці добры, дзеля злога замыслу ці так сабе ён явіўся сюды. Але ён даводзіў справу да канца. Ён запытаў:

- Гэта вы ўбіліся ў мурашнік?

- А-а, гэта ты прыйшоў паглядзець, што я тут раблю, - здагадаўся Крамарэвіч. - Дык ведай, сынку, што я астаўся адзін і сам шукаю, каб хто быў са мною. Ты мне скажы проста і адразу: ты служыш партызанам ці немцам?

Коля Сушчэвіч ніколі не спадзяваўся на такое запытанне. Падазрона паглядзеў на Крамарэвіча і задзірыста адказаў:

- Я нікому не служу, а шукаю свайго бацькі.

І раптам яны, адзін стары, а другі малы, сталі адзін да аднаго, як раўня. Крамарэвіч сказаў:

- А мне ўжо і шукаць не трэба. Дарэмна ўжо.

- А можа і мне таксама.

Крамарэвіч ступіў крок да Колі. Коля сеў на лаву і папрасіў курыць.

- Не ўвыкай, сынку, да гэтага дыму. Гэта не вялікае шчасце.

- Калі ж смага нейкая, здэцца б палын глытаў.

- А ты перацярпі, перамаўчы, перачакай. Усё на свеце праходзіць. Пройдзе і гора гэтае.

Коля пасунуўся глыбей у лаву і ўзлёг локцямі на стол. Як у спёку смага, яго апанавала прага да прытульнага спакою ў пасцелі дзе ці ў добрай гаворцы з родным чалавекам. Вачыма, поўнымі просьбы, ён глядзеў на Крамарэвіча, а ў таго гэты позірк выварочваў душу. Ён прагнуў мець пры сабе дзіцячую душу. Ён адначасна разумеў і Колеў смутак. Не так дзеля сябе, як дзеля таго, каб аблагодзіць гэтага хлапчука, ён сказаў:

- А нікога ў цябе хіба няма блізкага, каб і пашкадаваць часам цябе, пакуль ты бацьку знойдзеш?

- Ёсць у мяне дзядзька Сымон, і Павел Пракапенеў мне як таварыш, дарма, што яму дваццаць год. І ўсе. Мы ўсе паміж сабою добра жывем.

Думка, радасная і важная, і патрэбная, як збавенне, нарадзілася і пачала жыць у Антона Крамарэвіча пасля гэтых Колевых слоў. «Ён прагаварыўся, гэты хлапчук. Гэта яны там у сваім атрадзе добра паміж сабою жывуць. Не трэба больш нічога распытваць, не трэба чапаць яго, няхай думае, што ён нічога не сказаў». Якая гэта была радасць Антону Крамарэвічу! Гэта прыйшоў яго ратунак ад пагібелі ў сумнай адзіноце. Трымаючыся за гэтага хлапчука, ён выйдзе да людзей. З людзьмі ён будзе жыць, як шчаслівы чалавек, а не мадзець, як пакутнік. І на доўгі час Крамарэвіч змоўк. Коля Сушчэвіч падумаў, што гэты чалавек хоча быць толькі сам з сабою, і ўныў душой. Гэта заўсёды так бывае. Дзіцячая душа, калі яна ўражана вялікім утрапеннем, горкім і атрутным, прагне ратунку цераз добрую ўвагу да сябе ад усіх як ёсць. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Коля падумаў: я там скажу, што тут жыве падазроны чалавек.

- Ты, здаецца, завешся Коля? - сказаў Крамарэвіч.

- Коля, - узрадаваўся хлапчук. Ласкавасць усяго свету зноў да яго павярнулася. Гэты хлапчук стаяў на мяжы або душэўнага калецтва, або жалезнай загартаванасці на ўсё жыццё.

- Дык ведаеш, Колечка, цябе драмаць цягне. Ляж на печ і паляжы. І я паляжу.

Коля маўчаў.

Крамарэвіч падумаў, што зноў гэты хлапчук наёршыўся на яго, і сапраўды такі ўстрывожыўся. Чалавек просты, ціхі, звычайны, сярэдні, а ці малы будзе лячыць душу тым, што каб усе ведалі пра яго гора. Крамарэвіч знайшоў што сказаць:

- Ведаеш, Коля, у мяне ёсць бульба, чыгун і гаршкі, дровы і запалкі. Давай зварым есці.

- Добра, - сказаў Коля.

Гэта настаў момант іх сапраўднага збліжэння, шчырага і глыбокага, без якога б там ні было недавер'я адзін да другога. Цяпер ужо гаварылі яны адзін з адным бясконца. Да самых прыцемак былі яны ў хаце. Коля падаставаў са сваіх кішэнь укачаных у хлебныя крошкі кавалкаў сухой каўбасы. Варачы яду і ядучы яе, абодва яны былі роўныя натурай і настроем, сапраўдныя дзеці. Пасля яны такі прылеглі на печы. Але толькі на некалькі хвілін. Першы ўзварушыўся Коля. Ён быццам успомніў, што страціць зараз нешта важнае.

- Ужо я пайду, - сказаў ён.

- Напроці ночы?! - са штучным здзіўленнем устрапянуўся Крамарэвіч, але ён і ведаў, што яно ўсё так будзе, ён гэтага чакаў і хацеў гэтага.

Коля зашпільваў вопратку і вельмі спяшаўся. «Моўчкі трэба з ім», - думаў Антон Крамарэвіч і цясней падперазаўся па ватоўцы. Не гледзячы адзін на аднаго, яны прыгатаваліся ў дарогу. Ужо моўчкі ў думках сваіх яны згаварыліся. Коля стаяў і чакаў, пакуль Крамарэвіч закруціў дротам сенцы. Захад яшчэ ружовіўся, але змрок восеннага вечара ўжо быў густы. Певень ужо сядзеў на сваім месцы перад вокнамі.

- Адзічэў адзін, небарак, - сказаў Крамарэвіч, гледзячы на пеўня.

- О, ён тут усё сядзіць з самага лета і раней яшчэ. Я яго тут часта бачыў.

«Гэты хлапчук ведае ўсе таямніцы гэтага кутка тады, калі мяне і нікога ўжо тут не было. Гэты двор пры хаце жыў сваім бязлюдным адмысловым жыццём, а ён ведаў усё гэта, ён бачыў гэтае жыццё». Антон Крамарэвіч адчуваў усё так, быццам ён і Коля Сушчэвіч былі з даўніх часоў змоўшчыкі. Так яны ішлі, Коля паперадзе, а Крамарэвіч за ім. Коля думаў: «Няхай ён ідзе за мною, я скажу, што не толькі дасачыў, хто жыве ў пустой хаце, але і прывёў яго».

Яны мінулі старую арабіну і дайшлі да лесу. Крамарэвіч быў упэўнен, што яны ідуць туды, куды ён хацеў. Без жальбы і смутку ён думаў аб пустой хаце, у якой такі страшны цяжар ціснуў яго душу. Не было б горшай пакуты, каб аднаму аставацца там.

Гэта і быў апошні вечар і дзень яго сумнай адзіноты. Ноч агарнула іх у далёкім лесе. Зоры позняй восені зіхацелі над чорнай цішынёй яловага лесу. Бралася на прымаразак. Боты шоргаліся аб зямлю, і пад імі трашчалі лісце, іголле і першая намаразь. Антон Крамарэвіч заўважаў усё гэта так, як і праз усё сваё жыццё ён адчуваў і любіў гэты час года і сутак.

Пакуль гаілася яго рана і пакуль ён сам правіўся ў таго добрага чалавека, усё навакольнае здавалася яму несапраўдным. Важным і сапраўдным было толькі тое, што ён не ведаў, як і дзе яго дзеці, і сумаваў па іх. Пакуль ён сядзеў цяпер у сумнай адзіноце старой хаты, усё навакольнае - і сонца, і дождж, і дзень позняй восені, і апошнія лісткі на дрэве, - усё-ўсё, што ён век свой любіў, было несапраўднае, як бы знявечанае і ўражанае яго смуткам. Самае важнае і адзінае і сапраўднае на ўвесь свет было тое, што ўсе яны, дзеці і яна, іх маці, верная сяброўка яго, зніклі з жыцця, што іх ужо на свеце не было! І што той, хто адабраў у іх жыццё, вырваў душу, сам жыве і цешыцца з жыцця. Першыя прыступы нянавісці ўжо тады пачалі завалодваць ім, але іх душыў роўны смутак і бесперапыннае прыгнечанне душы. Свет быў заслонен перад ім. Як быццам бы ўжо няможна было цешыцца з дрэва за акном і з яснага неба зранку.

Чалавеку не трэба многа для яго ўцехі і шчасця. І тое, што жыве ў чалавечай душы, не мае вечнай меры вялікага і малога. Ён яшчэ не бачыў тых людзей, да якіх вёў яго Коля, а ўжо страціў пачуццё таго, што ўсё навакольнае несапраўднае. Прыгнечанне было знята з яго душы. Ці надоўга? Але цяпер, так як і заўсёды, стаяла восенная ноч і так, як заўсёды, можна і трэба было мець з яе вялікую ўцеху.

Яны прыйшлі ў лясны лагер задоўга да світання. Тут ужо Крамарэвіч заўважыў, што Коля пачаў трымацца як гаспадар усяго тут. Перад Крамарэвічам ён увайшоў у ролю.

- Тут заўважым чалавека, унь, там будзе стаяць, - сказаў ён таемным голасам.

Сапраўды, яны пачалі падыходзіць да цёмнага абрысу чалавечай постаці.

- Гэта я, Коля Сушчэвіч, - паціху выгукнуў ён, і Крамарэвіч шпарчэй пайшоў за ім. Коля сказаў яму прыгнуць галаву, калючае голле зачапіла за лоб і вушы, і Коля сказаў, што трэба закурыць і класціся спаць. Коля ўжо распараджаўся. Крамарэвіч сеў на нейкае ламачча. Коля раптам сказаў:

- Гэта я забыўся, нам трэба не ў гэтае месца. Пярэйдзем туды.

- Куды гэта? - сказаў Крамарэвіч сумысле. Ён падумаў, што яму не трэба быць такім паслухмяным перад гэтым хлапчуком. Ён як мае быць вылечыўся ад свайго душэўнага заняпаду. - Куды ж нам ісці? - сказаў ён. - Раніцай пойдзем, а цяпер прыдрамнуць трэба. Гэта шалаш нейкі?

Цвёрды і аўтарытэтны тон яго слоў адразу ўзяў пад уладу Колю.

- Гэты шалаш як на аднаго, гэта я сабе яго зрабіў, - абазваўся Коля тонам малога, які рад пахваліцца перад старэйшым. - Тут толькі трэба выцягнуцца, дык і ўдвух льга выспацца.

І праўда, што ім трэба было выцягнуцца, каб удвух паспаць да раніцы. Яны цесна прыціснуліся адзін да аднаго спінамі і глыбока задрамалі. Але ненадоўга. Неўзабаве Коля пачаў гаварыць і кідацца. Дрымота яго была неспакойная. Праз сон ён гаварыў з бацькам, а пасля пытаўся ў некага, дзе бацька, і некаму казаў, што калі маці вісела на шыбеніцы, вецер трапаў яе валасы. Некалькі разоў ён усхватваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца і прыціскаўся да спіны свайго суседа. Крамарэвіч выразна ўбачыў і адчуў, як уражана душа гэтага хлапчука і што ён можа стаць на мяжы душэўнага калецтва. І ў гэты момант уся істота яго ўздрыганулася ад думкі, што яму трэба шукаць сваіх дзяцей, што, можа, каторае з іх толькі падстрэлена і мучыцца дзе. Можа гэта было хворае ўяўленне таго, у што ён сам не верыў, але гэта зноў узнімала да вялікага гарту яго ўзбуджанне. Зноў яму стала цяжка, і ён з радасцю заўважыў, што пачало світаць.

Пад самы дзень Коля заснуў спакайней, але дрыжаў з холаду. Шалашык быў малы, і ў ім нават стаць нельга было на ўвесь рост. Сплецены з яловых лап, шалашык толькі ад людскога вока ўкрываў таго, хто ў ім быў. Холад цёк у яго адусюль. «Як мучыцца гэтае хлапчанё, і я мучуся, і дзеці мае мучыліся. Якое жыццё настала!..» Страшная нянавісць здушыла Крамарэвічу грудзі. Ён стаў і чакаў, пакуль Коля прачнецца і ўстане.

Дзень пачаўся ясны, і пад сонцам да паўдня сышоў з травы іней. Коля павесялеў, як толькі скончыўся абавязак спаць уночы. Надвечар ён знайшоў Крамарэвіча і сказаў, што ідзе на ўсю ноч у разведку, а калі прыйдзе - невядома. Ён пойдзе ўжо зусім у іншы бок. Крамарэвіч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блізкі і родны. Ён ужо быў патрэбен яму. Гэта было апірышча яго душы.

Коля не прыходзіў некалькі дзён. Крамарэвіч адзін спаў у тым малым шалашы, некалькі разоў на ноч курыў і ўжо і заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзілася ў душы яго. Дзень за днём ішлі шпарка, і як чагосьці вельмі важнага для сябе ён чакаў, калі вернецца Коля. Ён прыйшоў на сёмы дзень і прынёс дзве навіны, адну ўсім, а другую толькі аднаму Крамарэвічу. Першая навіна была: па шашы тымі днямі будуць гнаць многа людзей некуды. Іх адусюль зводзяць і зганяюць у цэнтр раёна. Там з'явіліся нямецкія салдаты і раскватараваліся па хатах. Коля Сушчэвіч расказваў пра гэта без якой бы там ні было ўзбуджанасці. Можна было падумаць, што ён бачыў што-небудзь цікавае і толькі, а не тое, што зноў зачапіла яго самыя патаемныя думкі.

- Немцаў многа. Ходзяць па мястэчку. Я з імі гаварыў. Адно слова наша, а другое нямецкае. Я два дні курыў іхнія папяросы. Я начаваў адну ноч у паліцэйскай канцылярыі. Я ім сказаў, што гэта я шукаю, каб дзе жыць, бо не ведаю, дзе бацькі, і я адзін астаўся...

У гэтым месцы ён сціснуў вейкі воч і счырванеўся, але зноў пачаў спакайней гаварыць:

- Яны мне сказалі, гэтыя паліцаі, ісці куды начаваць, а я сказаў, што вельмі мне баліць жывот і галава і не ведаю, да каго ісці. Пасядзеў, прылёг на нейкі куфар з пляскатым векам і ляжаў. Мяне да раніцы не чапалі. А яны ўдвух усю ноч курылі і гаварылі, што людзей, мусіць, па шашы будуць гнаць. Я яшчэ і назаўтра з паўдня каля іх быў, а пасля вельмі есці захацеў і пайшоў папрасіў у адну хату. А там мяне ведаюць і пачалі распытваць, ці не ведаю я, дзе мой бацька. А я сказаў, што я сам яго шукаю. Яны на мяне паглядзелі і нічога не сказалі. Я ўбачыў, што яны нешта ведаюць пра майго бацьку, але казаць мне не хочуць. Я пачаў дапытвацца ў іх, а яны мне маўчаць. Я скончыў есці і пайшоў пад наш дом, нехта падаставаў з яго вокны. Я зазірнуў усярэдзіну, дык там з канапкі абіўка здзёртая, а на канапцы, дзе я некалі спаў, нейкі шчанюк ляжыць сабе, схаваўшы морду ў лапы. Мне так нядобра стала, што я адразу пайшоў адтуль. Я выйшаў на шашу і ўбачыў, што там нямецкая танкетка ідзе і немцы з яе страляюць наабапал шашы. Гэта яны прачасаць хочуць кусты паўз дарогу. Дык я падумаў, што гэта яны шашу ачышчаюць, каб па ёй гнаць тых людзей. Я яшчэ вярнуўся ў раён і пайшоў прасіць у немцаў есці і закурыць. Адзін немец даў мне пяць белых сухароў і цыгару. Я пералічыў, колькі там на двары салдат, закурыў цыгару і разгаварыўся з адным немцам. Там дзве роты салдат стаяць, на тым тыдні іх прыгналі. У іх ёсць грузавікі і танкеткі, і гэта яны будуць ачышчаць ад партызан шашу і трымаць па шашы варту, каб дарога была свабодная ім. Тады я пайшоў пад шэсць хат. Дык туды матацыклісты прыязджалі і зноў паехалі. Я павячэраў у таго чалавека, што хата з сінімі акяніцамі. Ён мне сказаў пра бацьку, я не адчапіўся ад яго, пакуль ён не сказаў.
1   2   3   4

Падобныя:

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\На мяжы савецкіх застойных часоў І перабудовы у моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся "нефармалы". Па ўсёй Беларусі раптам
Па ўсёй Беларусі раптам самі сабою ўзьніклі клюбы па ахове гістарычнай спадчыны. У віцебску – “Узгор’е”, у Горадні “Паходня”, у Воршы...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\На мяжы савецкіх застойных часоў І перабудовы у моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся "нефармалы". Па ўсёй Беларусі раптам
Па ўсёй Беларусі раптам самі сабою ўзьніклі клюбы па ахове гістарычнай спадчыны. У віцебску – “Узгор’е”, у Горадні “Паходня”, у Воршы...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Рэспублікі, цяпер пенсіянер
Вацлаў Гавал/ Václav Havel (нар. 1936) – чэшскі драматург, эсэіст, палітычны вязень, грамадскі актывіст І сумленне нацыі, пазней...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Каментарый аб парадку індэксацыі даходаў насельніцтва Беларусі за лістапад
Гэта абумоўлена тым, што індэкс спажывецкіх цэн за лістапад перавысіў пяціпрацэнтны парог адносна кастрычніка гэтага года (моманту...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Уласцівасць правільнай прапорцыі
...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Лкю-лучший кобель юниор лсю-лучшая сука юниор лк-лучший кобель породы -2006 лс-лучшая сука пророды-2006 лпп-лучшая собака породы-2006
Ч рос,болг,белор, rkf 1684016, 29. 01. 05, клеймо: air 169, (alek branko elbici X hallo white majestics), Зав.: Подлесная, Вл.: Егорова...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Чэрнікаўшчынскага навучальна -педагагічнага комплексу
Сярод нас жывуць людзі,якія вымушаны былі пакінуць родныя мясціны з-за чарнобыльскай аварыі. Як горка слухаць ІХ успаміны аб тым,як...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Владимир Динец Ветер в траве Владимир Динец. Ветер в траве
Шелест автомобильных шин по мутным лужам сливался в несмолкающее шипение. Никого из начальства в комнате не было, и я, оторвавшись...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Славяна Шамякіна Функцыянальна-мэтавы кампанент у структуры мастацкага вобраза чарадзейных казак
Героя. З другога боку, станы І дзеянні, звязаныя з маёмасцю, з’яўляюцца дынамічнымі, зменлівымі з’явамі, тым, да чаго імкнуцца персанажы...

Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб\Навелай Андрэ Маруа «Мурашкі», дапамагчы ўбачыць сувязь навелы з апавяданнем Генрыха Далідовіча «Губаты», паглыбіць веды вучняў пра навелу як разнавіднасць апавядання
Паведаміць дзецям, што Андрэ Маруа (1885—1967) сусветна вядомы французскі пісьменнік, які стварыў цікавыя раманы, раманізаваныя біяграфіі...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка