К. Мурашкоў аб падпольшчыку Сцяпуру




НазваК. Мурашкоў аб падпольшчыку Сцяпуру
Дата канвертавання28.10.2012
Памер56.04 Kb.
ТыпДокументы
К. Мурашкоў аб падпольшчыку Сцяпуру



З хваляваннем успамінаю часы ваеннага ліхалецця. Не перадаць як трымціць сэрца, калі гартаю старонкі архіўнай справы аб Кармянскім падполлі. На іх - старонкі барацьбы... А колькі мужных змагароў і лёсаў!

Мне добра вядомы прозвішчы некаторых байцоў нябачнага фронту, хто ў цяжкія часы фашысцкай акупацыі мужна змагаўся, ходзячы па лязу брытвы, балансуючы паміж жыццём і смерцю, вёў разведку ў гарнізонах ворага, здабываў для падполля і партызанскага атрада звесткі аб крывавых планах і задумах акупантаў, дыслакацыі, колькасці і ўзбраенні іх карных фармаванняў, усяляк дапамагаючы савецкім патрыётам, якія траплялі ў бязлітасныя і жорсткія фашысцкія жорны. Праз таўшчыню часу адно за іншым паўстаюць у памяці мужныя і поўныя рашучасці да самаахвярнасці твары Аляксандра Сцяпуры, Кузьмы Еўдакіменкі, Марка Лешчанкі, Мікалая Сычкова, Сяргея Лавянецкага, Андрэя Сапегі, Сямёна Хадановіча і іншых. Аб адным з такіх герояў і пойдзе гаворна далей.

... 14 жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі акупавалі Кармяншчыну. Чорнай саранчой пранесліся яны па дарогах і вёсках, несучы смерць і разруху. Паводзіны іх былі брыдкімі.

Антыфашысцкую барацьбу кармянцаў узначаліў падпольны райком партыі. Ужо 14 жніўня на пасяджэнні райкома ў вёсцы Труд былі вызначаны задачы па далейшаму разгортванню барацьбы ў тыле ворага і прыцягненню насельніцтва ў масавы партызанскі рух.

З першых дзён гітлераўцы ўсюды ўкаранялі акупацыйныя органы ўлады, спяшаліся стварыць і ўмацаваць карныя сілы “новага парадку”. Ужо ў верасні ў 13 населеных пунктах яны паставілі моцныя гарнізоны, пры 15 валасных управах арганізавалі паліцэйскія ўчасткі. Буйны гарнізон – больш 200чалавек – размясціўся ў райцэнтры. Па ўсяму раёну пракацілася хваля рэпрэсій. За малейшае адхіленне ад драконаўскіх правілаў акупацыйнага рэжыму і сувязь з партызанамі людзей чакала смерць. Толькі за тры месяцы свайго панавання акупанты знішчылі больш тысячы чалавек. Шмат злачынстваў яны рабілі ўпотай, старанна ўтойваючы ад насельніцтва. Імкнучыся зняславіць партызан, фашысты абвінавачвалі іх ва ўсіх смяротных грахах; называлі “ляснымі бандытамі”, а партызанскія атрады – “бандамі”. Каб пазбавіць народных мсціўцаў падтрымкі насельніцтва, паліцаі, нацапіўшы чырвоныя стужкі на шапкі, правялі шэраг начных грабяжоў і забойстваў у Рудні, Вашчанках, Бычы, асобных вёсках засажэўя. Кожная правакацыя шырока рэкламавалася, як жорсткасць “партызанскіх банд”, камуністаў і яўрэяў.

Нельга было назіраць спакойна за дзеяннямі фашыстаў і іх прыхвасняў. Каб паспяхова змагацца з акупантамі, трэба было ведаць іх планы і задумы. Таму разам з другімі мерамі падпольны райком вырашыў укараніць сваіх людзей у акупацыйныя ўстановы і, перш усяго, у апарат раённай управы і паліцыі.

Доўга мяркавалі каго паслаць ў раённую ўправу. Спыніліся на кандыдатуры Аляксандра Іосіфавіча Сцяпуры латыша па нацыянальнасці, інтэрнацыяналіста па духу. Члены падпольнага райкома ведалі яго як актыўнага удзельніка грамадзянскай вайны, стойкага і вытраманага, адданага Радзіме. Для падпольнай работы Сцяпура падыходзіў па ўсіх дадзеных. У раёне працаваў яшчэ з 20 гадоў. Ведаў шмат людзей і ўсе населеныя пункты, нямецкую мову. Беспартыйны. Не быў звязаны сям’ёй. Працаваў намеснікам старшыні райвыканкома, а затым – перад вайной, - як урач па спецыяльнасці быў пераведзен на пасаду загадчыка аддзела аховы здароўя. Паніжэнне па службе стварала фон пакрыўджанага іншародца і знешне было важкім аргументам, які апраўдваў паступленне на службу да акупантаў.

- Адным словам, - выказаў сваю думку сакратар райкома Асташонак – лепшага чалавека для такой работы нам не знайсці. Будзем запрашаць на гутарку.

... Сцяпуру запрасілі ў райкомаўскую зямлянку.

- Аляксандр Іосіфавіч, - звярнуўся да яго Асташонак, - як вы глядзіце, калі мы вас накіруем на службу да немцаў? Напрыклад, у раённую ўправу.

- Мяне? Ва ўправу ? – абурыўся Сцяпура. – Вы што жартуеце? Я не для таго ў рэвалюцыю і грамадзянскую вайну за Савецкую ўладу змагаўся, каб зараз ісці служыць да немцаў.

- Вы супакойцеся, выслухайце нас ўважліва. Потым – супярэчце.

- Не. Не! Перад фашыстамі я спіну гнуць не змагу.

- А райком лічыць, што ўмелая работа ў логаве ворага зараз патрэбна як паветра і прынясе вялікую карысць нашай справе.

- Нам трэба мець сваіх людзей у нямецкіх установах, - уступіў у размову Вярэніч. – Толькі з іх дапамогай мы зможам пастаянна ведаць і зрываць карныя задумы гітлераўцаў. Вядома, гэта работа па плячы моцным і смелым людзям. Там будзе цяжэй, чым у атрадзе. Там смерць заўсёды будзе хадзіць побач.

- Калі не спадзяецеся на свае сілы, - працягваў думку камісара атрада Асташонак, - то прама аб гэтым скажыце, і мы будзем думаць аб іншай кандыдатуры. На такую справу чалавек можа пайсці толькі дабраахвотна, без малейшага прымусу.

- Калі так стаіць пытанне, то я згодзен, - цвёрда адказаў Сцяпура.

... Доўга вывучалі ў гестапа справу Аляксандра Сцяпуры і, канчаткова, з 22 кастрычніка 1941 года даверылі яму кіраўніцтва фінансавай, а затым і сакрэтнай часткай раённай управы. Лепшага і нельга было чакаць. З упэўненым, уладным і цвёрдым самавалоданнем ужываўся ў сваю цяжкую ролю падпольшчык. Штодзённая барацьба і смяротная рызыка сталі для яго звычайным жыццём, у якой сапраўднасць чалавечай асобы вызначалася стойкасцю і мужнасцю. Асабліва цяжка было пераносіць халодныя, поўныя нянавісці позіркі савецкіх людзей. У іх вачах ён быў здраднікам. Часам хацелася кінуць усё, пайсці ў лес і ў адкрытым баі знішчаць захопнікаў. Гэтыя слабасці праходзілі хутка. Сцяпура браў сябе ў рукі, імгненна ператвараўся ў “сапраўднага” фашысцкага служаку, дэманстраваў ветлівасць нават калі сэрца разрывалася ад гневу. Без права на памылку ён павінен быў цярпець і заставацца тым, за каго яго прымаў вораг.

З першых дзён работы ва ўправе Сцяпура стаў забяспечваць партызан і падпольшчыкаў бланкамі пасведчанняў і прапускоў, якія давалі права прасоўвання па акупаванай тэрыторыі. Гэтыя дакукменты былі вельмі патрэбны і выратавалі жыццё многім партызанам пасля роспуску атрада на зімовы час.

У канцы кастрычніка ў рукі Сцяпуры трапіў загад нямецкага ваеннага каменданта аб правядзенні карнай аперацыі супраць кармянскіх партызан У той жа дзень праз Юлію Кузьмянкову і Марыю Сцяпанаўну Караткевіч аб гэтым стала вядома штабу атрада. Народныя мсціўцы хутка змянілі месца базіравання і карнікам на іх след выйсці не ўдалося.

З дапамогай правакатара, які выдаў сябе за сувязнога падпольнага абкома партыі, гітлераўцы імкнуліся выклікаць у пасёлак Бурны і захапіць членаў падпольнага райкома і іншых адказных работнікаў. Аляксандру Іосіфавічу разам з Адамам Кузьмянковым удалося раскрыць сапраўдны твар здрадніка.

Акупанты шалелі. Яны захапілі і па-зверску забілі партызанскіх сувязных Наталлю Ушаву, Івана Мажэйку і Еўдакію Самастроенка. Праз нейкі час у рукі жандармерыі трапілі члены партыйнай групы: Іван Драздоў і Кузьма Еўдакіменка, партыйна-савецкія актывісты: Панцеляймон Ціцянкоў, Цярэнцій Ушаў, Павел Лосеў, Барыс Путаў і іншыя. Сцяпура рабіў усё, што мог для іх вызвалення. Але пасля папярэдніх допытаў арыштаваных адправілі ў Гомельскі лагер смерці і там растралялі.

Мяжой чалавечых выпрабаванняў для Аляксандра Сцяпуры былі нечуваныя катаванні і пакаранні смерцю фашыстамі падпольшчыкаў: Івана Калякіна, васіля і Ганны Караткевічаў, Ганны і Тані Абатуравых, Лідзіі і Валі Арцемьевых, Уладзіміра Масейкава і патрыётаў Яўгена Нівокава і Івана Кандрацьева. Немагчымасць аблегчыць лёс таварышаў, якія трапілі ў рукі катаў, выводзіла яго з раўнавагі. Пасля расстрэлу Абатуравых Сцяпура страціў кантроль над сабой і больш тыдня не з’яўляўся на работу. Валасы яго за гэтыя дні сталі сівымі. Ён быў блізка да правалу. Але, разумеючы, хваробу, пачаў дзейнічаць больш рашуча (паўней раскрываць злосныя махінацыі фашыстаў, садзейнічаць зрыву карных акцый. Душэўнае аблягчэнне, у якойсці меры наступіла, калі ўдалося дапамагчы рассохскім падпольшчыкам – Ігару і Галіне Гісчыкавым, Зоі Талкачовай, Сапрыкам і выратаваць ад разгрому падпольныя групы ў Вынашаўцы, Зенькавіне, Куракаўшчыне і Сырску.

Сваю нелегальную работу Сцяпура праводзіў да лета 1943 года, а затым, у сувязі з пагрозай выкрыцця, па ўказанню райкома быў адазваны ў партызанскі атрад. З яго дапамогай партызанамі Авяр’яна Ушава былі падрыхтаваны і паспяхова праведзены баявыя аперацыі ў райцэнтры: узрыў электрастанцыі, разгром харчова-фуражных складаў, захоп солі і больш 40 тон пшаніцы. Камуністы партызанскага атрада імя Варашылава высока ацанілі баявыя заслугі А. І. Сцяпуры, прыняўшы яго ў рады Камуністычнай партыі.

З Аляксандрам Іосіфавічам я зноў сустрэўся ўжо ў 1956 годзе. Ён, як і раней, адчуваў сябе ў страі, працягваў заставацца стойкім, паслядоўным змагаром. Яго задумлівыя блакітныя вочы свяціліся радасцю, добразычлівая ўсмешка выклікала глыбокую сімпатыю.


К. Мурашкоў, удзельнік 17. 06. 1986 г.

партызанскага руху на

Кармяншчыне.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт
Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка