Кажарновіч Марыны




НазваКажарновіч Марыны
Дата канвертавання28.10.2012
Памер69.28 Kb.
ТыпУрок
Кажарновіч Марыны

5 курс, 2 група


План-канспект урока па беларускай мове

Клас. 11

Тып урока. Урок засваення новых ведаў

Тэма. Функцыянальная стылістыка. Мастацкі і гутарковы стыль

Мэта. Пазнаёміць вучняў з адметнасцямі мастацкага і гутарковага стылю, акрэсліць іх функцыянальнае месца сярод іншых стыляў мовы, навучыць вучняў праводзіць стылістычны аналіз тэксту; развіваць аналітычнае мысленне, арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць; выхоўваць культуру маўлення.

Літаратура: 1. Беларуская мова. У 2 ч. Ч. 1. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія. Марфемная будова слова і словаўтварэнне. Марфалогія: падручнік / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, Г.Ф. Андарала і інш.: Пад агул. рэд. Л.М. Грыгор’евай. – 4-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 2001. – 318 с.

2. Беларуская мова: падруч. для 10 – 11-х кл. агульнаадукац. шк. з рус. мовай навучання / В.І. Несцяровіч, Л.С. Васюковіч, Г.А. Арцямёнак, Л.І. Злобін, Я.Н. Марозава. – Мн.: Нар. асвета, 1999. – 271 с.

3. Любецкая К.П. Стылістыка і культура беларускага маўлення: практычныя заняткі для студэнтаў. – Мн.: БДУ, 2008. – 36 с.

Абсталяванне: падручнік, запісы на дошцы, дыдактычны матэрыял.


Ход урока

  1. Арганізацыйны момант

П. Актуалізацыя апорных ведаў.

Гутарка з класам па наступных пытаннях:

1). Дайце, калі ласка, азначэнне: “Стыль мовы – гэта...”. Можна спачатку ўзгадаць слоўнікавае значэнне паняцця “стыль”: СТЫЛЬ 1. –ю, мн.-і, -яў, м. 1. Сукупнасць характэрных рыс, блізкасць выразных мастацкіх прыёмаў і сродкаў, што абумоўліваюць сабой адзінства якога-н. напрамку ў творчасці. Нацыянальны с. у жывапісе. 2. Метад, сукупнасць прыёмаў якой-н. Работы, дзейнасці, паводзін. С. кіраўніцтва. 3. Сукупнасць прыёмаў выкарыстання моўных сродкаў для выказвання тых ці іншых ідэй, думак у розных умовах маўленчай практыкі. С. Івана Мележа. Публіцыстычны стыль.

Функцыянальны стыль, стыль мовы – разнавіднасць мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу чалавечай дзейнасці.

Стыль мовы – гэта сукупнасць прыёмаў адбору і выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад характару і зместу выказвання, з улікам таго, дзе, калі, для чаго і каму выказваецца думка.

Стыло, стыль ( ад грэч. stylos – палачка для пісьма ў старажытнасці) – касцяны або металічны завостраны стрыжань, якім пісалі на дараўляных наваскаваных дошчачках, а таксама на бяросце. У лацінскай мове слова stilus набыло пераноснае значэнне “манера пісьма, спосаб выказвання”.

2). Якія функцыянальныя стылі вам вядомы? Чым яны адрозніваюцца паміж сабой?

Кожны з вучняў мае на стале картку-схему аналізу функцыянальнага стылю:

  1. Назва функцыянальнага стылю.

  2. Сфера выкарыстання.

  3. Функцыя стылю.

  4. Падстылі.

  5. Жанры тэкстаў.

  6. Лексічныя асаблівасці.

  7. Марфалагічныя асаблівасці.

  8. Сінтаксічныя асаблівасці.

Выснова: акрэсліваем крытэрыі вылучэння функцыянальнага стылю, вызначаем найбольш істотныя з іх.


Ш. Выкладанне новага матэрыялу.

Сёння мы з вамі пазнаёмімся яшчэ з двума функцыянальнымі стылямі, з якімі найбольш часта сутыкаемся ў нашым паўсядзённым жыцці: з мастацкім і гутарковым.

1). Запісваем сказ пад дыктоўку:

Стаяў дзень, ціхі, па-асенняму цёплы, якія ў верасні бываюць часта, і па-летняму празрысты; паветра насычана пахамі зямлі, якая сама пад восень насыцілася ўсім жывым, што расло на ёй; а недзе над лесам крычалі гусі, якія ўжо выбраліся ў вырай, і Сарокін спрабаваў убачыць у небе тых гусей, але вочы сляпіліся, жмурыліся, і не стаў глядзець, потым з вуліцы ён павярнуў да Дняпра: не хацеў ісці навідавоку (М.Зарэцкі)

Тлумачым вылучаныя пунктаграмы і арфаграмы, будуем лінейную схему сказа.

Вызначаем функцыянальны стыль, у якім мог бы быць ужыты адзначаны сказ. На аснове гэтага сказа вызначаем характэрныя рысы мастацкага стылю па схеме.

  1. Мастацкі стыль.

  2. Абслугоўвае эстэтычную і духоўную сферу жыцця грамадства.

  3. Эстэтыка-камунікацыяйная функцыя.

  4. Падстылі: паэтычны, празаічны, драматургічны.

  5. Жанры тэкстаў: верш, паэма, раманс, балада; раман, эпапея, аповесць, апавяданне; фарс, драма, камедыя, трагікамедыя.

  6. Лексічныя асаблівасці: словы з пераносным значэннем, сінонімы, эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка, тропы. Ужываюцца ўсе разрады лексікі.

  7. Марфалагічныя асаблівасці: дзеясловы дынамікі, асабовыя займеннікі, выкарыстанне ўсіх форм дзеяслова, словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі.

  8. Сінтаксічныя асаблівасці: выкарыстанне простых і складаных сказаў, сказаў з апавядальнай, клічнай, пабуджальнай інтанацыяй; ужыванне аднародных членаў сказа, звароткаў. Безасабовыя сказы, размоўныя канструкцыі. Інверсія і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, паралелізм, перыяд, рытырачныя пытанні і г. д.).

3). Праблемнае пытанне: ці маюць функцыянальныя стылі абмежаванне ў выкарыстанні пэўных разрадаў лексікі? Ці мае такое абмежаванне мастацкі стыль? З якой мэтай у мове мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца розныя разрады лексікі? Выконваем практыкаванне № 301 (с.227) па падручніку і № 303 (с.228). Гэтыя практыкаванні дапамогуць вучням больш абгрунтавана даказаць, што мастацкі стыль выкарыстоўвае ўсё багацце лексікі беларускай мовы, і зразумець адрозненне паміж гутарковым стылем і гутарковай лексікай у мастацкай літаратуры.

4). Замацаванне ведаў (мастацкі стыль).

Развіццё мовы вучняў. Вучням прапаноўваецца напісаць пажаданне ў мастацкім стылі. Потым яны абменьваюцца пажаданнямі. Найбольш удалыя агучваюцца.

Прыклад. Няхай гаспадыня-восень з яе залатой лістотай, ранішнімі туманамі, празрыстым паветрам, стомленым сонцам і ціхім дажджом прынясе вам душэўны супакой, гармонію і добры настрой.

5). Гутарковы стыль

a) Вызначаем разам з вучнямі сферу выкарыстання і функцыю гутарковага стылю. Аналізуем лексічныя і сінтаксічныя адметнасці гутарковага стылю на аснове тэксту практыкавання № 294 (с.223) у падручніку.

b) Па схеме аналізуем гутарковы стыль:

1. Гутарковы стыль.

2. Сфера бытавых зносін.

3. Функцыя – абслугоўванне сферы бытавых, неафіцыйных зносін.

4. Падстылі: размоўна-бытавы, размоўна-афіцыйны.

5. Жанры тэкстаў: гутарка, запісы на бытавыя тэмы, прыватныя лісты; дзённікавя запісы.

6. Лексічныя асаблівасці: экспрэсіўна-ацэначная лексіка, фразеалагізмы, нелітаратурныя моўныя адзінкі (прастамоўная лексіка, дыялектызмы, жарганізмы, прафесіяналізмы, лаянкавая лексіка); мінімізацыя, кандэнсацыя інфармацыі; дэсемантызацыя.

7. Марфалагічныя асаблівасці: выкарыстанне выклічнікаў, часціц, дзеяслоўныя формы, што выражаюць імгненнасць дзеяння, скрочаныя формы слоў, усечаныя формы дзеясловаў.

8. Сінтаксічныя асаблівасці: простыя, няпоўныя, эліптычныя сказы; пабочныя словы, устаўныя канструкцыі. Канструкцыя “ўзяў + дзеяслоў са злучнікам і, ды, ды і, дый”.

c) Праца па картках. Трэба вызначыць лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці гутарковага стылю.

1. Вунь доктарыха пайшла. 2. Ён хваць і пабег. 3. Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя (Шам.). 4. Ён у нас хлопец рукасты. 5. Ну, ты аставайся, а я пайшоў (Пташн.). 6. Купі што есці. 7. Калі замежку здаём? 8. Ды хоць бы вы ўжо не хлусілі, мужчыны (Ц. Гартны). 9. У яе футра – шэрая норка. 10. Мінеральную з газам ці без? 11. Яшчэ б не помніў таго вечара Сцяпан! (Васілёнак). 12. Два сыркі плаўленыя, калі ласка. 13. Заўтра іду да зубнога. 14. А ў немца ды была харошая дачка, звалася Эльза, – хлапец вазьмі дый закахайся (Гарэцкі). 15. Пірог – пальчыкі абліжаш! 16. Варона ты, а не старажыха. 17. Ну што плачаш? Эх ты. 18.– Дзе яна? – На дачы. 19. Яму гэта мора па калена. 20. І чаго яны, бывала, ні перагавораць у такія хвіліны. 21. Ходзяць тут розныя. 22. Узяў ды і стукнуў. 23. Што новенькага ў вячорцы? 24. Спецыяліст сёння пайшоў – адны пакуты.

d) Выпраўляем моўныя памылкі, што даволі часта сустракаюцца ў гутарковым стылі.

1. Аня не звяртала ўвагі на ідучых насустрач людзей. 2. Думаючы пра святочны канцэрт, добры настрой авалодаў ёю. 3. Генераліха занадта была заклапочана сабой, каб звяртаць увагу на такія дробязі. 4. Старэйшыя мяне сёстры ўжо даўно замужам. 5. Сяброўства часам мацней за сваяцтва. 6. Кацёнак ціха спаў на ложку. 7. Колін сшытак ляжаў на стале. 8. Ён мацнейшы футбаліст у свеце. 9. Яе паружавеўшыя шчокі нагадвалі пра яшчэ нядаўняе хваляванне. 10. Ужо міная грэблю, хлопчык азірнуўся. 11. Гледзячы на афішу, сэрца радавалася прыезду любімых артыстаў. 12. Стаяць у двух кроках ад сцежкі. 13. Завіруха разгулялася ва ўсю моц. 13. Над сваім апетытам беларус заўсёды пасмейваўся (уменне іранізаваць над самім сабой – адна з адметных рыс беларускага характару). 14. Звярніцеся па адрасу рэдакцыі. 15. Ён спаткнуўся аб камень. 16. З-за глупства можна памерці. 17. Ён ужо шмат чаго забыўся па старасці. 18. Па гэтай прычыне мы больш не сустракаліся. 19. Сход адбудзецца ў шэсць гадзін. 20. Яна заўсёды клапацілася аб маці. 21. Я чакаў, што мяне прабачаць. 22. Ён прыйшоў пазней усіх. 23. Некалькі разоў у тыдзень я хадзіла на факультатыў.

e) Практыкаванне № 298 (с.224). Адрозненне дыялагічнай формы маўлення ў мастацкім і гутарковым стылі. Перабудаваць дыялог гутарковага маўлення ў дыялог мастацкай літаратуры.

1V. Абагульненне вывучанага і падвядзенне вынікаў.

Яшчэ раз пералічыць усе функцыянальныя стылі беларускай мовы і акрэсліць іх спецыфіку.

V. Хатняе заданне. Практыкаванне № 296 (с. 224). Перадаць змест тэксту мастацкай літаратуры сродкамі гутарковага стылю.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Кажарновіч Марыны iconБрэста Дземядзюк Марыны Іванаўны (1 катэгорыя) мрб тэма: Адкуль пайшлi назвы нашых гарадоў
З вопыту работы настаўніка пачатковых класаў сш №15 г. Брэста Дземядзюк Марыны Іванаўны (1 катэгорыя)

Кажарновіч Марыны iconМарына Капілава «запас на зіму»
Якасных І разнастайных запасаў мастацкай прадукцыі ў Марыны Капілавай хопіць не на адну зіму І не на адну экспазіцыю: у гэтым зможа...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка