Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004




НазваПаравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004
Дата канвертавання31.10.2012
Памер62.48 Kb.
ТыпДокументы
Паравоз каханьня”. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004


Арыстакратка


Лёс мяне сьцежкамі радасьці вёў,

Вёў да цябе на спатканьне,

Ты – беларуска, ты – нашых краёў,

Арыстакратка каханьня.


Гэтак кахаць ад цямна да відна,

Гэтак галубіць да раньня

Можа ў зьнявераным сьвеце адна

Арыстакратка каханьня.


Ты – як пасланьніца сьветлага дня,

Поўная замілаваньня,

Ты недасяжная, як вышыня,

Арыстакратка каханьня.


Панскага роду, натурай ня мніх,

Я не хачу панаваньня,

Быць мне дазволь на паслугах тваіх,

Арыстакратка каханьня.


Згодзен кіпець я ў пякельнай смале

І не прасіць ратаваньня,

Толькі б аднойчы сказала “але”

Арыстакратка каханьня.


Актрыса


Над сонмам гледачоў Вы сьветла панавалі

Самотнаю душой, суперніца жыцьця.

І захлыналі ўсіх пяшчоты Вашай хвалі

І несьлі ў акіян сьвятога забыцьця.


Ад рэўнасьці да Вас сябе губляла мэта,

І рэкі ўсё назад да Вашых ног цяклі,

І перайначыць лёс валадара й паэта

Вы позіркам адным з усьмешкаю маглі.


Згаралі залі ўсе ад воплескаў гарачых,

Паклоньнікі ніжэй схіляліся ў журбе.

І гралі каралеў, манашак і жабрачак,

Ды так і не змаглі сыграць адной сябе.


Шалёны посьпех – хітры пан,

Ды Вы яго перахітралі.

І зоры ў зайздрасьці згаралі

І палатнеў тэлеэкран.


Гаспадыня


Я прашуся ў парабкі да Вас,

Гаспадыня зорнага палаца.

Клапаціцца, каб агонь ня згас, –

Незямная і зямная праца.


Ваш палац, ён з мрой маіх аб Вас,

І агонь – пасаг ад бліскавіцы,

Блаславіла мілавіца час,

Каб палацу шчасьцем засяліцца.


Сподзеў любіць грэцца ля агню,

Што зь нябёс абнізіўся на долы,

Навальніца ўчуе цішыню,

Сам сябе суцішыць сум вясёлы.


Здольны той жыцьцём рызыкаваць,

Хто прыйшоў на сьвет, каб закахацца.

Я прашуся ў парабкі да Вас,

Гаспадыня зорнага палаца.


Пані трошкі ў гадах…


Цыгарэтны туман ападае ў кавярні,

І канкрэтны раман круціць хітры ліхвяр,

Пані трошкі ў гадах, вочы, быццам ліхтарні,

Тут слугуе туга, тут настрой – гаспадар.


З чаркі змову вядуць, захапляюцца плёткі.

Пані трошкі ў гадах і ліхвяр не стары,

І хмялее ліхвяр, і ня лічыць адсоткі,

І штурхаецца жарсьць у людзкім гушчары.


Як на шалях, маўчыць і пяшчота былая,

Здрада цёмных начэй і спагада завей,

І каменны камін сарамліва палае,

І ўцякае ўспамін ад абдымкаў далей.


Звыклі ўсё да ахвяр у нязвыклай ахвярні,

Чырванець перасталі сырыя муры,

Ашукацца прыйшлі ў непрабуднай кавярні

Дама трошкі ў гадах і ліхвяр не стары.


Сон


У памяці абачлівы палон.

Сум – стомленаму розуму дарадца.

Каханая жанчына – марны сон,

Які не навучыўся паўтарацца.


Ты ў гэтым сьне бясконца малады.

Яшчэ самоту рэха не гукае.

На лузе рэўнасьці твае сьляды

Гараць абражанымі вугалькамі.


Каханая, чаканая, адна,

Адзіная, спатканая аднойчы.

Хутчэй бяжыць нявінная віна

Ад страху забыцьця, як дзень ад ночы.


Пляцецца з санцавітых валакон

На птушку недасяжнасьці пляніца.

Каханая жанчына – хітры сон,

Які ты просіш сьніцца, сьніцца, сьніцца.


Вясновы дзень


Вясновы дзень быў радасьцю даўгі,

Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым.

Цяпер даўжэе ноч маёй тугі,

Яна не падуладная замовам.


Я разумею ноч, а мне яна

Не паспрыяе, не паспагадае.

Тады было сьвятло, была вясна,

Цяпер азябла цемра галадае.


А ўсё таму, што Вас няма са мной,

А Вы былі калісьці ці ніколі,

Былі маёй зялёнаю вясной,

Вясёлаю бярэзінаю ў полі.


Як той бяздушны вецер, я п’янеў,

І быў зялёны я ў сваім наіве.

Быў добры першы гром, і першы гнеў,

І першы сьлед на некранутай ніве.


Штоноч даўжэе ноч маёй тугі,

Радзей вясновае сьвітаньне сьніцца.

Зьвіняць майго адчаю ланцугі.

Самота – беспрасьветная цямніца.


Чакаю


Чакаю Вас, абы паверыць цуду,

Чакаю Вас, пакуль адчай ня згас.

Чакаю вязень так свайго прысуду,

Каб волю ўбачыць хоць апошні раз.


Чакаю Вас, абы сябе праверыць,

Ці доўга я бяз Вас магу пражыць.

Так веташок праз аблачынаў нераць

Трымценьнем нерастрачаным дрыжыць.


Чакаю Вас, абы даверыць сподзеў

Пад восеньскія позіркі журбы,

Так на сустрэчу праз імглу стагодзьдзяў

Ляцелі нашай згоды галубы.


Чакаю Вас, каб зьверыць нецярпеньне

З тым часам, што заручыць назаўжды.

Настрой пануры так чакае зьмены,

Чакае лёд халодны ўздых вады.


Надзею кунежыць сьвітаньне,

Ня ведае здрады чаканьне.


Зоркі нашыя


Зоркі нашыя ў небе бяз нас

Пазнаёміліся выпадкова.

Мы якраз на зямлі ў гэты час

Прашапталі спрадвечнае слова.


Зоркі нашыя ў небе бяз нас

Шчырасьцю незямной пакляліся.

Мы якраз на зямлі ў гэты час

Зазірнулі ў прадонныя высі.


Зоркі нашыя ў небе бяз нас

Весьці нас па зямлі захацелі.

Мы якраз на зямлі ў гэты час

Думалі аб патайным вясельлі.


Зоркі нашыя, толькі б ня згас

Позірк ваш і ўначы, і ў блакіце.

І апошнюю сьцежку для нас

Велікодным сьвятлом асьвяціце.


Я ўсё сваё жыцьцё…


Я ўсё сваё жыцьцё да Вас ішоў,

Але здарожыўся напаўдарозе,

І зараз у маркоце і трывозе

Хацеў бы ў раньні шлях падацца зноў.


Ды гэты шлях дачасна зьвечарэў,

Ён іншых вёў, ён іншым быў кароткі,

Сьвяткуючы сваёй самоты ўгодкі,

Мой цень туляўся ля бязгнёздых дрэў.


А Вы не дачакаліся мяне,

Бо пра мяне ня ведалі нічога,

Што Вам мая маркота і трывога,

Бо пазнаёміўся я з Вамі ў сьне.


Мы не сустрэнемся, як астравы,

Спагады зорка не ўзышла над намі,

Ня грэбуйце хаця б маімі снамі,

І ў сьне хаця мне вернай будзьце Вы.


SOS


Рассыхаецца ральля –

Просіць лівень ліцца.

Я трымаю жураўля,

У цябе сініца.


Нецуглянак я люблю

Нечаканай масьці.

Дай напіцца жураўлю,

Дай да дна прыпасьці.


Я адзін і ты адна,

Дай спатолім смагу,

Дай да дна, да дна, да дна –

Разбушуем брагу.


Мель астудзіць пал і хмель,

Ацьвярэзіць згубай.

Абап’ецца журавель

І абвяне дзюбай.


SOS, SOS – дай жураўлю напіцца,

SOS, SOS – гарачая крыніца.

SOS, SOS – куніца загарыцца,

Журавель упёрся ў мель.


Пытаньне


Моцнае, як сьмерць, каханьне,

Не слабейшае віно.

І калі пытаньне ўстане,

Мусіць мець адказ яно.


У мяне пытаньне ўстала,

Памажы ўлажыць яго,

Як назваць яго прыстала?

І-га-га ці о-го-го?


У віна дзе трэба вочы

І салодкая віна.

Здай дзявочы сорам ночы,

Хай схавае давідна.


Легчы спаць якраз дарэчы,

Каб спачыла галава.

Як знайсьці ў такой цямрэчы,

Дзе мякчэйшая трава?


Ветах неба ходзіць пешшу,

Хоць яго ніжэй прыклей.

Я табе ліхтар падвешу,

Каб ісьці было сьвятлей!


Сінеюць цені…


У гарачага каханьня

Мітусьлівае насеньне.

Дзе спаткацца з Вамі, пані,

На канапе ці на сене?


На канапе мне скрыпуча,

А на сене Вам калюча.

Гулка гоцкацца на даху,

А на вулцы хопіць страху.


У шалёнага каханьня

Пазьбіваныя калені.

Ад зялёнага ўздыханьня

Пад вачмі сінеюць цені.


Свой ніколі шал ня ўцэнім,

Аддамо ўсе сілы справам.

Дзе, скажыце, нашым ценям

Стаць адным, але рухавым?


Маладое нецярпеньне

Рассакрэчвае сакрэт.

Шчыльна два зьліюцца цені,

Трэці цень зірне на сьвет.


Новы год


Дзе сустракаеш Новы Год,

Там і сустрэнеш долю,

З паўнюткай торбаю турбот,

Што просяцца на волю.


Як сустракаеш Новы Год,

Так ён цябе сустрэне,

Каб не падрыў зайздросьці крот

Тваіх надзей карэньне.


З чым сустракаеш Новы Год,

З тым год наступны прыйдзе,

Каб перашкодзіў крыгаход

Карыдзе пры карыце.


Зь кім сустракаеш Новы Год,

Падзеліш з тым дарогу,

Памкненьняў вольных крыгаход

І вечную трывогу.


Хто сустракае Новы Год

На ўсю душу вясёлы,

Падкажуць, як рабіць прыплод

Цьвярозыя анёлы.


Хто сустракае Новы Год

Зь цямночы да сьвітаньня,

Гадоў сваіх шчасьлівы ход

Лічыць не перастане.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconУрокі настаўніка дзеда Рыгора
Абсталяванне : выстава кніг Р. Барадуліна, ілюстрацыі да твораў паэта, партрэт Рыгора Барадуліна, прэзентацыя да мерапрыемства, аудыазапіс...

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconВыйшаў новы альбом Зьмітра Вайцюшкевіча "Лірыка"
Леаніда Дранька-Майсюка, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Алеся Камоцкага ды іншых. Зьміцер Вайцюшкевіч зазначае, што адмыслва...

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconЦане І па курсу старому — усё гэта не забываецца
Абсталяванне: партрэт Рыгора Барадуліна; карта Беларусі, дзе ўмоўна адзначана месца нараджэнне; выстава кніг паэта

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconТанга з ружай. Песьні на вершы Ўладзімера Някляева, 2006

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconПаравіны году. Песьні на вершы Алеся Камоцкага, 2003

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconЦацачная крама. Песьні для дзяцей на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, 2001

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconЛеанід Тышкевіч бард з Маладэчна, Менская вобласьць. Працуе пркіроўцам у прыватнага прадпрымальніка. Іграе песьні на уласныя словы, а так сама на вершы
Леанід Тышкевіч – бард з Маладэчна, Менская вобласьць. Працуе пркіроўцам у прыватнага прадпрымальніка. Іграе песьні на уласныя словы,...

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 icon"VoliaMusic" распачаў падрыхтоўку да выданьня кампакт-дыска "Песьні Свабоды-3"
Песьні Свабоды-3”. Гэта трэці музычны альбом, песьні якога папулярызуюцьь тэму Свабоды й Незалежнасьці. Гэтым разам ён прысьвечаны...

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconVoliaMusic рыхтуе да выданьня да "Песьні Свабоды-3"
Музычны лэйбл “VoliaMusic” распачаў падрыхтоўку кампакт-дыска “Песьні Свабоды-3”. “Песьні Свабоды-3” будуць мець падназоў “На плошчы...

Паравоз каханьня. Песьні на вершы Рыгора Барадуліна, 2004 iconЯкі радкі зь якой песьні вы часьцей згадваеце ці напяваеце?
Карэспандэнт: “Ці бывае з Вамі, што Вы цэлы дзень ходзіце І напяваеце словы нейкай песьні?”

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка