Урок распрацаваў настаўнік




НазваУрок распрацаваў настаўнік
Дата канвертавання28.10.2012
Памер245.21 Kb.
ТыпУрок




Раённы аддзел адукацыі Кармянскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Баравабудскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа Кармянскага раёна”


Аб мінулым дзеля будучыні”: Урок беларускай літаратуры ў 11 класе

па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля,

У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”


Урок распрацаваў настаўнік

беларускай мовы і літаратуры

Дзяржаўнай установы адукацыі “Баравабудскі

навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа Кармянскага раёна” Гомельскай вобласці

Мянькоў Юры Уладзіміравіч


Баравая Буда, 2011 г.

Метадычны каментар да ўрока беларускай літаратуры ў 11 класе па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля, Ул. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”

Паколькі новай праграмай па беларускай літаратуры твор “Я з вогненнай вёскі” рэкамендаваны для самастойнага чытання (Беларуская літаратура (Ⅴ – XⅠ класы): Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2010 г., стар. 104.), то я вырашыў разглядаць гэты твор у раздзеле “Сучасная беларуская проза”.

Змест урока

Урок з’яўляецца чацвёртым з шасці, адведзеных вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры на вывучэнне эпічных твораў. Ён праводзіцца пасля разгляду твораў, якія адлюстроўваюць трагічныя падзеі ў беларускім жыцці 30-х гг. мінулага стагоддзя: сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыя, фізічнае і маральнае знішчэнне прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Згодна з Адукацыйным стандартам, а таксама Вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры, вучні 11 класа павінны ведаць “асноўныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, асноўныя ідэйна-маральныя праблемы вывучанага твора, жанравыя і стылёвыя асаблівасці праграмнага твора” а таксама павінны ўмець “узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам, аналізаваць твор з улікам яго ідэйна-мастацкай цэласнасці і аўтарскай пазіцыі, вызначаць асноўную праблематыку твора, характарызаваць героя твора, весці дыялог па прачытаным творы, улічваць іншы пункт гледжання на твор і аргументавана адстойваць сваё меркаванне”, таму вучні мелі магчымасць паказаць гэтыя ўменні і навыкі.

Да ўрока настаўнікам былі падрыхтаваныя рознаўроўневыя заданні, што суадносіцца з патрабаваннямі дзесяцібальнай сістэмай ацэнкі ведаў ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Усе заданні арыентаваны на веданне зместу і ідэі эпічнага твора, настаўнік выкарыстоўвае эўрыстычныя, пошукавыя заданні. Гэта дазволіць выбраць стыль педагагічнага ўздзеяння на занятку. Кожны вучань зможа выказаць асабістыя меркаванні па пытаннях урока. У выніку планіруецца асмысленне вучэбнага матэрыялу ў яго філасофскім значэнні, выхад на міфалагічнае і інтэлектуальнае ўспрыманне праблематыкі кожным вучнем.

Пакажам вывучэнне эпічных твораў сучаснай беларускай літаратуры ў форме табліцы:

№ урока

Тэма ўрока


Форма дзейнасці настаўніка і вучняў

1.

Сучасная беларуская проза.

Агульная характарыстыка.

Тэма гістарычнага мінулага ў

творчасці беларускіх

пісьменнікаў (Л. Дайнека,

В. Коўтун, К. Тарасаў).

Лекцыя настаўніка, паведамленні

вучняў; гутарка з вучнямі па зместу

лекцыі.

2.

Лёс народа Заходняй Беларусі ў раманах В. Адамчыка “Чужая

бацькаўшчына”,“Год нулявы”.

Абмеркаванне праблемных

пытанняў, літаратурны аналіз твора

па алгарытму.

3.

Адлюстраванне падзей

савецкага мінулага. Янка

Сіпакоў. “Кулак”.

Рэфераты, паведамленні вучняў;

выразнае чытанне ўрыўкаў і іх

літаратурны аналіз.

4.

Сучасная беларуская проза пра Халакост і Вялікую Айчынную вайну. Творчасць А. Адамовіча.

Рэфераты, паведамленні вучняў;

абмеркаванне праблемных

пытанняў; праца з тлумачальнымі

слоўнікамі і даведнікамі па гісторыі.

5.

Чарнобыльская тэма ў сучаснай прозе.

Педагагічная майстэрня.

6.

Сацыяльныя і

маральна-філасофскія

праблемы ў сучаснай

беларускай прозе. В. Казько.

“Хроніка дзетдомаўскага сада”.

Рэфераты, паведамленні вучняў;

выразнае чытанне ўрыўкаў; гутарка

з вучнямі па праблемных пытаннях;

прагляд урыўкаў кінафільма па тэме.



Метадычнае абгрунтаванне ўрока

Для навучэнцаў – гэта ўрок-дыскусія, на якім з апорай на атрыманыя раней веды будуць атрыманыя новыя веды.

Звычайна пад “дыскусіяй” разумеюць дыялог у працэсе абмеркавання нейкага пытання, абмен думкамі, ідэямі.

Для больш поўнага разумення гэтага паняцця звернемся да Расійскай педагагічнай энцыклапедыі. У ёй дыскусія вызначаецца як “спосаб арганізацыі сумеснай дзейнасці з мэтаю інтэнсіфікацыі працэсу прыняцця рашэнняў у групе; метад навучання, які павялічвае інтэнсіўнасць і эфектыўнасць навучальнага працэсу за кошт актыўнага ўключэння навучэнцаў у калектыўны пошук ісціны” [5, с. 273].

У кнізе “Дыскусія ў навукова-тэхнічнай прапагандзе і актыўным навучанні” сэнс слова “дыскусія” трактуецца як “даследаванне, разбор, які заключаецца ў калектыўным абмеркаванні якога-небудзь пытання, праблемы ці ў супастаўленні інфармацыі, ідэяў, думак, сказаў” [2, с. 4].

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што дыскусія дазваляе паставіць навучэнцаў у сітуацыю вялікай колькасці пазіцый па пастаўленай праблеме. Гэта выклікае неабходнасць выслухаць пазіцыі сваіх сяброў, таварышаў, паспрабаваць зразумець іх пункт гледжання, засвоіць іх ідэі.

Арганізацыя і правядзенне дыскусіі ў навучальным працэсе дазваляе нам гаварыць пра навучальную дыскусію, якая, на думку М. В. Кларына, “ўяўляе сабой мэтанакіраваны і ўпарадкаваны абмен поглядамі, думкамі ў групе дзеля пошуку ісціны, прычым усе ўдзельнікі ўдзельнічаюць у арганізацыі абмену” [3, с. 80].

Навучальная дыскусія заснаваная на ўзаемадзеянні навучэнцаў і накіраваная на пошук новых ведаў, ацэнкі падзей, з’яў, супастаўленне пазіцый, пунктаў погляду, падыходаў.

Яна эфектыўная для фарміравання слухаць, збіраць інфармацыю, для замацавання звестак, творчага асэнсавання вывучанага матэрыялу і фарміравання этычных арыентацый.


Падрыхтоўчы этап урока. Чаму ён патрэбен

Эфектыўнасць урока ў форме дыскусіі залежыць ад вызначэння мэты ўрока і актуальнасці і яснай фармулёўкі пытанняў для абмеркавання.

Мэта ўрока вельмі шчыльна звязаная з тэмай і галоўнай праблемай дыскусіі на ўроку.

Настаўнік знаёміць навучэнцаў з алгарытмам правядзення дыскусіі на ўроку, размяркоўвае пры неабходнасці пытанні.

Тут я цалкам пагаджаюся з меркаваннямі Марыі Іванаўны Верціхоўскай, што для паспяховага літаратуразнаўчага аналізу буйных філасофскіх твораў патрэбен падрыхтоўчы этап. “Незапланаваная сітуацыя будзе вымагаць ад настаўніка не толькі імправізацыі, але і новых пытанняў, карэкцыі сваіх метадаў і прыёмаў. Гэта ў сваю чаргу справакуе франтальныя прыёмы аналізу, у якіх пошукавая, магістральная лінія ўрока можа аслабнуць. І ўрок будзе загублены вялікім мноствам пытанняў, сярод якіх немінуча будуць і дробязныя. Маналагічнае, а тым больш дыскусійнае маўленне ў такой сітуацыі стане немагчымым”. [1].

Таму больш правільным этапам у падрыхтоўцы да ўрока-дыскусіі будзе распрацоўка рознаўзроўневых пытанняў, разбітых на чатыры блокі (2 – 5 узроўні). З пытаннямі вучні знаёмяцца за два тыдні да ўрока. Вучні, аб’яднаўшыся ў пары (групы), выбіраюць адпаведна іх захапленнем, здольнасцям заданні. Настаўнік арыентуе вучняў на актыўны пошук і здзяйсняе навуковае кіраўніцтва над праектамі і напісаннем творчых работ.

Заданні носяць рознаўзроўневы характар. Але на адно пытанне могуць быць рознаўзроўневыя адказы. Такім чынам мы дасягаем уключэнне ўсіх вучняў у абмеркаванне галоўнай праблемы ўрока, а таксама дасягаем найвышэйшага ўзроўню ў аналітычна-абагульняльнай дзейнасці на ўроку літаратуры.

Абавязковая ўмова правядзення змястоўнай дыскусіі – устаноўка настаўніка на супрацу, якую неабходна разумець як яснасць і канкрэтнасць аргументаў, якія прыводзяцца. Тут неабходна настаўніку загадзя растлумачыць навучэнцам усе незразумелыя тэрміны і паняцці, якія будуць сустракацца на ўроку-дыскусіі. А таксама стварыць такі псіхалагічны клімат, каб на ўроку назіралася падтрымка сяброў, з аднаго боку, а з іншага – уменне слухаць да канца свайго апанента, а таксама выказаць свой пункт погляду. У адваротным выпадку дыскусія можа ператварыцца ў непатрэбную спрэчку, а ўрок будзе сумным і мала эфектыўным.

Настаўніку неабходна якасна прадумаць этап ацэньвання, які павінен заключацца не столькі ў колькаснай дыферэнцыяцыі вучэбнай дзейнасці, а перш за ўсё ў якаснай: неабходна параўноўваць дасягненні вучняў з іх уласнымі вынікамі, асабліва на папярэдніх этапах, але не з вынікамі іншых. Усё гэта дазваляюць урокі ў форме дыскусіі. Яны прыцягваюць у актыўную працу нават слаба матываваных навучэнцаў.


Правядзенне дыскусіі. Як гэта адбывалася

Апісанне канкрэтнага выпадку з жыцця Маці Тэрэзы дазваляе актывізаваць увагу навучэнцаў, настроіць на прадуктыўнае абмеркаванне пастаўленай праблемы.

Настаўнік увесь час пры абмеркаванні рознаўзроўневых пытанняў назірае за групавой дынамікай, атмасферай у групах і рэгулюе іх дзейнасць. Пры гэтым сочыць, каб вучні пазбягалі паўзаў і зацягвання працэсу абмеркавання.

У працэсе дыскусіі важна, каб удзельнікі не адыходзілі ад тэмы, разглядалі пытанне, якое абмяркоўваецца, асабліва з розных бакоў, розных падыходаў (тут менавіта, на нашу думку, назіраюцца рознаўзроўневыя адказы на адно і тое ж пытанне). Пры гэтым рэфлексія выказаных думак (аналіз як навучэнцамі, так і настаўнікам) праз пэўныя крокі садзейнічае якаснаму пераходу да наступнага пытання, задання, а таксама этапу ўрока. Праз рэфлексію на кожным этапе навучальнага працэсу адбываецца адваротная сувязь, а таксама дасягненне пастаўленай мэты ўрока.


Заключны этап урока (На нашу думку – адзін з самых галоўных!)

Падвядзенне вынікаў дыскусіі, аналіз зробленай працы дапамагае правесці Рэфлексію ўрока. Але на гэтым рэфлексія не заканчваецца. Наколькі вучні ўсвядомілі для сябе тыя пытанні, якія вырашаліся на ўроку, пакажа само жыццё, дзейнасць навучэнцаў у гэтым жыцці.

Правесці Рэфлексію ўрока дапаможа “Дрэва жыцця”, каментары вучняў кожнай малой групы і ўсяго класа ў цэлым, эсэ, якое вучні будуць рыхтаваць дома, а таксама добразычлівая атмасфера ў канцы ўрока.

Такім чынам, Рэфлексія дапамагае настаўніку і вучням атрымаць зваротную сувязь пра сваю дзейнасць, зафіксаваць моцныя і слабыя моманты ў працы групы, скарэктаваць далейшую працу пры выхаванні маральна-этычных якасцей навучэнцаў.


Аб мінулым дзеля будучыні”: Урок беларускай літаратуры ў 11 класе па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”

Кагнітыўная мэта ўрока: Плануецца, што да канца ўрока вучні будуць ведаць асноўныя ідэйна-маральныя праблемы вывучанага твора, паняцце Халакосту ў сучаснай беларускай літаратуры; тэму, ідэю, жанр эпічнага твора;

будуць умець рабіць гістарычны каментар эпохі, у якую напісаны твор; прымаць актыўны ўдзел у дыскусіі па рознаўзроўневых пытаннях; пісаць творчыя работы (паведамленні, вершы, эсэ); ствараць і каменціраваць малюнкі па эпічным творы; весці дыялог па прачытанай кнізе, улічваць іншы пункт гледжання на твор і аргументавана адстойваць сваё меркаванне.

Дыдактычная мэта (задача настаўніка): Далучыць школьнікаў да разумення адметнасці і складанасці кожнай гістарычнай эпохі; асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест твора. Вызначыць, што значыць Вялікая Айчыннай вайна і Халакост1 для сучаснага беларускага пакалення.

Задачы асобаснага развіцця і выхавання:

  1. Стварыць умовы для развіцця лагічнага і творчага мыслення, звязнага маўлення, разумення эпічнага твора.

  2. Стварыць умовы для выхавання ў вучняў патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі.

  3. Садзейнічаць развіццю крытычнага мыслення. Выклікаць моладзь на роздум пра чалавечую годнаць і вартасць.


Тып урока: урок камбінаванай будовы, урок-памяць, урок-напамін.

Від урока: урок-дыскусія.

Тэхналогія, якая была выкарыстана на ўроку: элементы тэхналогій педагагічных майстэрняў і праектнага навучання.

Прынцыпы выкладання: навуковасці, даступнасці і сістэмнасці, выхаваўчай накіраванасці; прынцып гістарызму, аналізу мастацкіх з’яў у адзінстве формы і зместу.

Міжпрадметная і ўнутрыпрадметная сувязь: гісторыя, жывапіс, філасофія, этыка; сувязь з іншымі этапамі гісторыі літаратуры.

Лінія развіцця вучняў: Выпрацоўка аналітычнага мыслення вучняў пры аналізе тэксту філасофскай накіраванасці, развіццё ў вучняў патрыятызму, жыццёвай актыўнай пазіцыі.

Працягласць урока: 45 хвілін.

Метадычнае забеспячэнне ўрока:

  1. Выстава кніг беларускіх пісьменнікаў пра Вялікую Айчынную вайну і Халакост.

  2. Партрэты А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка.

  3. Малюнкі вучняў на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

  4. Фотаздымкі і ілюстрацыі Халакосту.

  5. Эпіграф урока (запіс на дошцы).

  6. Фанаграма мелодыі, магнітафон.

Эпіграф урока:

Што такое ёсць Чалавек?

Чалавек ёсць неразумны, нелагічны, эгацэнтрычны.

Гэта неістотна, любі яго!

Калі будзеш рабіць дабро, скажуць, што робіш яго

дзеля сваіх эгаістычных мэтаў.

Гэта неістотна, рабі дабро!

Тое, што збудуеш, можа быць разбурана.

Гэта неістотна, будуй!

Магчыма людзі, якім ты дапамог,

не адкажуць табе ўдзячнасцю.

Гэта неістотна, дапамагай!

Магчыма свет, якому ты аддаў усё самае лепшае,

будзе цябе адштурхоўваць.

Гэта неістотна, аддай усё, што ў табе ёсць самае лепшае!

Маці Тэрэза.


Ход урока

.Арганізацыйны момант. Слова настаўніка.

Тэма нашага сённяшняга занятку “Аб мінулым дзеля будучыні”: Урок па кнізе А. Адамовіч, Я. Брыля, Ул. Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” Гэтым творам мы працягваем вывучаць сучасныя эпічныя творы.

Сённяшні ўрок – гэта ўрок-памяць, урок-напамін усім нам аб мінулым дзеля будучыні…

Вялікая Айчынная вайна – самае цяжкае выпрабаванне ў гісторыі Беларусі. Доўгім і складаным быў яе шлях да Перамогі. Асабліва цяжкім быў шлях для яе мірных жыхароў. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўвялі “новы парадак”, які меў на мэце эксплуатацыю і знішчэнне мясцовага насельніцтва.

Фашысты гвалтоўна вывозілі людзей на катаржныя работы ў фашысцкую Германію. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі. У межах рэспублікі было арганізавана больш 200 лагераў смерці, больш 100 гета, у якія гітлераўцы сагналі сотні тысяч яўрэяў і ўтрымлівалі іх за калючым дротам.

За гады акупацыі разам з жыхарамі было спалена 628 беларускіх вёсак. Усяго за гады вайны ў рэспубліцы было знішчана больш 2 мільёнаў чалавек.

Жудасны след пакінулі фашысцкія захопнікі – папялішчы, руіны, мільёны мірных ахвяр… Гісторыя яшчэ не ведала такой трагедыі.

Мы сёння пагаворым з вамі пра той жахлівы час. Узнавім у памяці праблемы Вялікай Айчыннай вайны і пазнаёмімся з паняццем Халакосту.

. Актуалізацыя. Вызначэнне навучальнай мэты ўрока.

Настаўнік: Давайце спачатку ўспомнім, што азначаюць паняцці “халакост” і “гета”.

Вучаніца адказвае:

Халакост.

А). Пераслед і знішчэнне яўрэяў нацыстамі і іх памочнікамі пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера і да заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе (1933 – 1945 гг.).

Б). Генацыд ці знішчэнне народаў (як сінонім).

Гета – У некаторых краінах асобыя кварталы горада, выдзеленыя для пражывання дыскрымінаваных расавых ці рэлігійных груп насельніцтва. Яўрэйскія гета (у Еўропе пры фашызме).

Зварот да эпіграфа ўрока. (Гучыць ціхая журботная музыка.)

Настаўнік:: У якасці эпіграфа ўрока ўзяты словы Маці Тэрэзы. Гэта была жанчына-прапаведніца хрысціянскай Любові, Дабра, Міласэрнасці. Яна зрабіла вельмі шмат для таго, каб наш свет стаў крыху лепшым, каб людзі паверылі ў дабро, спагаду і справядлівасць.

Зачытайце, калі ласка, словы гэтай святой. І скажыце, што ёсць Чалавек у разуменні Маці Тэрэзы?

Вызначце самыя галоўныя словы ў гэтых радках. Чаму менавіта іх вы выбралі? Абгрунтуйце свой выбар.

Прыкладны адказ: Цяпер людзі не звяртаюць увагі на духоўнасць, забываецца сапраўдная гісторыя, не прымаюцца пад увагу агульначалавечыя каштоўнасці: найперш гуманізм, цана чалавечага жыцця, дабро, міласэрнасць, спагада да блізкага чалавека. На першы план выходзяць матэрыяльныя каштоўнасці, грошы і золата.

Маці Тэрэза заклікае любіць чалавека, рабіць дабро і аддаваць усё самае лепшае блізкаму чалавеку. Тут яна паказвае шлях да выратавання ад зла і нянавісці.

Настаўнік: З якой мэтай вы будзеце ажыццяўляць сваю працу на ўроку?

Вучні прапаноўваюць сваю навучальную мэту ўрока: Прааналізаваць эпічны твор з улікам яго ідэйна-мастацкай цэласнасці і аўтарскай пазіцыі, вызначыць асноўную праблематыку твора, умець весці дыялог па прачытанай дакументальнай кнізе; ведаць асноўныя ідэйна-маральныя праблемы вывучанага твора, паняцце “халакосту” ў сучаснай беларускай літаратуры.

Настаўнік прапаноўвае кагнітыўную мэту ўрока. Вучні маюць права выбару. У ходзе абмеркавання ўсе ўдзельнікі дыскусіі прыходзяць да адзінай навучальнай мэты ўрока.

.Сацыяканструкцыя. Работа ў парах.

Ідзе абмеркаванне таго, што рыхтавалася дома. Гэта неабходна для таго, каб псіхалагічна настроіць навучэнцаў на дыскусію ў класе.

.Сацыялізацыя. Агучванне адказаў.


Пытанні Сацыяканструкцыі і прыкладныя адказы на іх.

Першы блок пытанняў (2 навучальны ўзровень, 3 – 4 балы).

  1. Якія падзеі пакладзены ў аснову твора “Я з вогненнай вёскі?..” Як у кнізе паказана вайна?

  2. Якія вашы першыя ўражанні ад прачытанага твора? Які эпізод запомніўся найбольш? Чаму? Зачытайце ўрыўкі з кнігі, якія вас вельмі ўразілі.

Адказы

1. У аснову твора “Я з вогненнай вёскі…” пакладзены падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна закранула дом кожнага жыхара Беларусі, кожную сям’ю. Пісьменнікі А. Адамовіч, Я. Брыль, Ул. Калеснік, імкнучыся захаваць у народнай памяці трагедыю кожнага чалавека, аб’ездзілі амаль усю Беларусь, запісалі ўспаміны жывых сведак спалення беларускіх вёсак і іх жыхароў фашыстамі.

“Я з вогненнай вёскі…” – гэта твор цалкам заснаваны на дакументальных фактах, гэта дакумент-абвінавачванне фашызму, малюнак жахлівага генацыду мірных людзей, якія сталі заложнікамі вайны.

Аўтары расказалі страшную праўду пра вайну “ў яе сапраўдным, крывава-пачварным абліччы” (Л. Талстой), якая назаўсёды захавалася ў памяці ўсіх народаў Беларусі. Людзі запомнілі тое, што адбылося з імі самімі і іх блізкімі ў час карных аперацый фашыстаў.

2. Фашысты, каб рэалізаваць свае бесчалавечныя задачы, знішчаюць тысячы нявінных людзей. Яны ікнуцца падавіць волю і падпарадкаваць сваёй волі цэлыя народы і нацыі.

Вельмі ўразілі дакументальныя моманты з кнігі. Гэта спасылкі аўтараў на план “Ост”, які прадугледжваў перасяленне і потым знішчэнне многіх народаў Еўропы і Азіі. Уразіў раздзел кнігі “Хатынь.”

Вёсак, што падзялілі трагічны лёс Хатыні, у нас значна больш. Ды толькі не ўсюды пісьменнікі змаглі знайсці непасрэдных сведкаў. Аўтары запісвалі ўспаміны тых, што самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў, сяброў, родных. Нямала было такіх вёсак, дзе не засталося ніводнай чалавечай душы. Толькі на шляху трапляліся старыя дрэвы, усё яшчэ чорныя з часоў Вялікай Айчыннай вайны, абгарэлыя, самотны калодзежны журавель, трава, што пакрыла дарогі і сцежкі роднай Беларусі.

На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад вогненнай зямлі. І гэта – у самым рэальным, а не пераносным сэнсе. Людзі, героі кнігі сабраліся, каб сведчыць, каб расказаць тое, пра што сведчыць вельмі страшна, а забыцца – небяспечна. І тут прыгадваюцца словы, пачутыя аўтарамі на шматпакутнай Асвейшчыне ад жанчыны з вёскі Латыгава Ганны Грыбоўскай: “…А што і ў нас такое гора было, як і ў Хатыні, дык ніхто і не ведае. Добра, што вы прыехалі, бо я ж сама… Вось і расказаць не магу – плачу…”

У выніку з агульнай колькасці 9200 беларускіх сёл і вёсак, разбураных і спаленых фашыстамі за гады Вялікай Айчыннай вайны, 4885 было знішчана карнікамі. Поўнасцю, разам з усімі жыхарамі, было знішчана 628, а з часткай насельніцтва – 4258 сёл і вёсак. Загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Але беларусы не скарыліся, а змагаліся з акупантамі.

Другі блок пытанняў (3 навучальны ўзровень, 5 – 6 балаў).

  1. Якія пачуцці ахапілі вас, калі вы чыталі споведзі герояў твора?

  2. Якія падрабязнасці запомніліся і кранулі вас? Зачытайце радкі з кнігі.

  3. Хто ў спісе ахвяр Вялікай Айчыннай вайны стаіць першы? Хто прыняў на свае плечы найбольшы цяжар змагання з фашыстамі? Знайдзіце адказ у кнізе “Я з вогненнай вёскі…”

  4. Падрыхтуйце паведамленне пра аднаго з пісьменнікаў кнігі “Я з вогненнай вёскі…” (пра Алеся Адамовіча).

Адказы

1. Чытаючы твор “Я з вогненнай вёскі…”, перш за ўсё звяртаеш увагі не толькі на найвялікшую трагедыю нашага народа, але на яго духоўную моц і хараство, фізічныя сілы жанчын, малых дзяцей, на іх сілу волі. Захапляешся душэўным хараством беларускіх жанчын, разам асуджаеш тых беларусаў, якія выявілі ў экстрэмальных умовах сваю слабасць, эгаізм, а часам і нікчэмнасць. Тут прыгадваецца цётка, якая не пусціла ў хату сваю родную пляменніцу і не дала ніякай вопраткі. Безумоўна, у час вайны раскрываецца характар чалавека, яго погляды і перакананні.

2. Уражваюць і захапляюць любоў і пачуццё абавязку перад роднымі, дзецьмі, а таксама радзімай тых гераінь кнігі, якія не скарыліся, вытрымалі ўсе выпрабаванні, засталіся людзьмі, беларускамі. Уражвае вобраз Вольгі Мініч з раздзела “Гарыць раён”, якая ратавала свайго мужа колькі магла і як магла, не кідала нават і тады, калі ўрачы гаварылі, што жыць не будзе. Сама амаль голая, чым толькі магла ўкрывала, прасіла дапамогі і падтрымкі, але не кінула, каб уратавацца самой. Яна засталася чалавекам у бесчалавечных умовах. Яна не проста добрая, клапатлівая, адданая жонка. Яна, як сказалі пра яе аўтары кнігі, - “душэўны чалавек”. Усе пасляваенныя гады жанчына носіць у сабе віну, што не ўберагла двух хлопчыкаў, якія вярталіся ў родную палаючую вёску. Усе гэтыя доўгія гады жывуць тыя хлопчыкі ў яе памяці, жыве і дакор сабе, чаму не спыніла іх, не прыпыніла, чаму дапусціла, каб загінулі ў полымі вайны.

Уражвае і хвалюе душэўная і фізічная моц, дзякуючы якой яна, параненая, абгарэлая, цяжарная, галодная, напаўраздзетая, цягнула на сабе дарослага, у росквіце сіл мужчыну, паўзла і бегла разам з ім некалькі дзён запар. На сваім пакутніцкім шляху жанчына сустракала і падтрымку, абыякавасць і нянавісць, але не зняверылася ў людзях, не ачарсцвела. Нельга не заўважыць яе эмацыянальнасць, балючую памяць на дэталі і падрабязнасці перажытага.

3. Першымі ў спісе ахвяр Вялікай Айчыннай вайны запісаны старыя, жанчыны і дзеці, бо мужчыны знаходзіліся на франтах ваенных дзеянняў ці ў партызанскіх атрадах. Беларускія вёскі і іх жыхары вынішчаліся толькі за тое, што знаходзіліся ў раёне дзеяння партызанаў. Нямецкія карныя экспедыцыі праводзіліся з дапамогай літоўцаў, украінцаў, рускіх ды і саміх беларусаў.

Трагедыя гэтых людзей мацней за ўсё выявілася ў тым невыносным болю, які непадуладны часу і забыццю. Алесь Адамовіч прыняў адказнае рашэнне выявіць гэты боль з дапамогай мастацкіх сродкаў. Ён адным з першых адчуў і зразумеў, што сёння, калі чалавецтва падышло да краю прорвы, куды спіхвае яго мілітарызм, жахлівы вопыт “вогненных вёсак” набывае ўсеагульнае значэнне, наглядна паказвае, што чакае людзей, калі яны дапусцяць трэцюю сусветную, атамную, вайну. У гэтым сэнс дакументальных заставак з газет, якія паказваюць актуальнасць успамінаў беларускіх людзей і яе трагедыю. У гэтым сэнс і маналогаў жывых людзей, запісы якіх прыводзяць у тэксце твора аўтары і якія шмат разоў узмацняюць сілу ўздзеяння мастацкага апавядання. Лёс жыхароў вёсак Пераходы і Хатыні, з якімі жорстка расправіліся карнікі, - не выпадковасць, не выключэнне, а выяўленне агульнага лёсу народа, над якім павісла пагроза пагалоўнага знішчэння.

Вельмі паказальным з’яўляецца раздзел кнігі “Гарыць раён”, асабліва ўспаміны Вольгі Мініч з вёскі Хвойня Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Прыведзеныя ў пачатку раздзела лічбы сведчаць аб тым, што ў канцы 60-х гадоў на Акцябршчыне і ў вёсцы Хвойня было менш людзей, чым да вайны. Гэтымі словамі аўтары кнігі падкрэсліваюць, якія велізарныя людскія страты панесла Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, колькі б зрабілі жывыя для росквіту. Гэта не проста лічбы, гэта чыесьці бабулі і дзядулі, маці і таты, дзеці і ўнукі, браты і сёстры. Так пашыраецца гарызонт бачання чытача, бо расказанае Вольгай Мініч адносіцца не толькі да роднай ёй вёскі, але і ўсяго раёна, вобласці, рэспублікі. Лічба на абеліску, што ўзведзены на брацкай магіле ў вёсцы Хвойня, - 1350 чалавек – пазней канкрэтызуецца. На вачах у чытача ажываюць людзі “вогненнай вёскі”: сем’я Вольгі Мініч, яе суседзі, маленькія хлопчыкі, якія спачатку ўратаваліся, а потым вярнуліся, каб загінуць у агні, іх маці і сястрычкі, немаўляты і крыху большанкія. Расказ Вольгі Мініч дае магчымасць адчуць і зразумець пачварнасць фашызму і вайны ўвогуле. У тую страшную зіму апавядальніцы было ўсяго 21 год, яна нядаўна выйшла замуж, была шчаслівая маладая сям’я, якая чакала першынца. Усё гэта адабрала вайна, адабрала ў Вольгі Мініч і сотняў тысяч яе равеснікаў і равесніц, маладзейшых і старэйшых.

Трэці блок пытанняў (4 навучальны ўзровень, 7 – 8 балаў).

  1. Што ёсць вайна для герояў рамана “Я з вогненнай вёскі?..” (Вайна перш за ўсё – гэта памяць і боль перажытага нашым народам, дзядамі і бацькамі. Але гэта і маральны выбар: застацца Чалавекам ці стаць здраднікам, нягоднікам.)

  2. Падрыхтуйце некалькі славесных малюнкаў да прачытанага твора. Ахарактарызуйце свой выбар.

  3. Пракаменціруйце модуль №1. Выкажыце свае адносіны да ўчынкаў фашыстаў.



Работа з Модулем №1 “Халакост вачыма апанентаў”.


Ці мелі фашысты рацыю, праводзячы палітыку Халакосту




Вачыма фашыста Вачыма Чалавека




Так Не


Чаму?

“Яўрэі – ворагі Вялікай Германіі,

ворагі нямецкага народа” (Гітлер.

“Мая барацьба”).

Яўрэі – гэта самастойны народ, нацыя.


Яўрэі параджаюць у грамадстве зайздрасць, сквапнасць…


Яўрэі толькі сваёй працай імкнуліся дабіцца добрага жыцця, заможнасці, а значыць і незалежнасці.

Яўрэі – непаўнавартасны народ.



Улада не мела права так жорстка абыходзіцца з людзьмі хаця б толькі з гуманістычных пазіцый.



Чацвёрты блок пытанняў (5 навучальны ўзровень, 9 – 10 балаў).

  1. Паспрабуйце супаставіць лёс беларускага народа з лёсам яўрэйскага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Што агульнага ў гэтых лёсах? Абапірайцеся пры гэтым на твор і гісторыю.

  2. Запішыце ўспаміны старэйшых са свайго роду пра лёс сваякоў з боку мамы ці таты ў час Вялікай Айчыннай вайны. Раскажыце ва ўспамінах пра балючую памяць, якую пакінулі фашысты ў роднай вёсцы (дадатак №1.).

  3. Вызначце тэму, галоўную думку (ідэю), праблематыку твора “Я з вогненнай вёскі…”

  4. Чаму здарылася Вялікая Айчынная вайна і Халакост? Хто вінаваты ў гэтым?



Адказы

  1. На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала

каля 260 канцлагераў. Яны поўніліся антыфашыстамі і ўсімі тымі, хто не “падабаўся” нямецкай уладзе. Сярод ахвяраў пераважалі яўрэі, але было шмат і беларусаў. У Трасцянцы, пад Мінскам, за час акупацыі Беларусі загінула каля 206, 5 тысяч вязняў. Больш вязняў загінула толькі ў Асвенціме і Майданэку. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў лагерах загінула каля 800 тысяч чалавек. Фашысты арганізавалі ў беларускіх гарадах і мястэчках каля 155 гета. У іх ствараліся падпольныя арганізацыі, праводзіліся дыверсіі супраць немцаў. Некаторыя вязні прабіваліся да партызанаў, у выніку чаго ў лясах засноўваліся цэлыя яўрэйскія паселішчы. Асобных яўрэяў хавалі беларускія сем’і, хоць за гэта ім пагражала пакаранне. Былі выпадкі, калі яўрэяў палілі разам з беларусамі. Беларусь такім чынам станавілася месцам высылкі небяспечных для нацыстаў народаў, палігонам, дзе адпрацоўваўся механізм масавага вынішчэння людзей [8, с. 316-317].

  1. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, тэма Халакосту ў шырокім значэнні

слова.

Ідэя – Кожны чалавек павінен ведаць праўду пра фашысцкую ідэалогію, пра гісторыю забойстваў, злачынстваў, генацыду і этнацыду, каб не дапусціць паўтарэння Халакосту і войнаў у будучым. Людзі павінны быць пільнымі і мудрымі, бо за “добрымі словамі” можа хавацца хітрасць, абман, палітычная дэмагогія і двухаблічнасць.

Дакументальная кніга “Я з вогненнай вёскі…” не толькі ставіць і вырашае важнае пытанне, што такое “чалавек, які парушае Боскую запаведзь “Не забі!”, але выклікае шмат новых вечных пытанняў, на якія чалавецтва пакуль што не змагло адказаць і перад якімі яно становіцца ў тупік. Гэта кніга – філасофскі твор, які неабходна прачытаць кожнаму беларусу, хто думае пра сваё будучае і будучае Беларусі.

Праблематыка:

А). Маральна-этычная: Няма для грамадства нічога і нікога даражэй Чалавека, Асобы. Кожны чалавек павінен жыць па Боскіх запаведзях, памятаць галоўную хрысціянскую запаведзь: “Не забі!”

Б). Філасофская праблематыка: Што чакае нас пасля смерці? Які шлях выбраць, каб выратаваць сябе і сваю душу?

В). Гістарычная праблематыка: У народа, які не ведае і не памятае свайго мінулага, няма будучыні.

Г). Сацыяльна-палітычная: Пратэндуючы на ролю звышідэалогіі, фашысцкая ідэалогія не прымала гуманістычныя каштоўнасці, перш за ўсё цану чалавечага жыцця.

3. Вінаватымі ў тым, што Халакост меў месца ў сусветнай гісторыі, можна лічыць усіх, хто не зрабіў нават спробы пазбегнуць гэтага. Асабліва вінаваты тыя палітыкі, якія закрывалі вочы на зараджэнне і станаўленне фашысцкай ідэалогіі ў краінах Еўропы на пачатку XX стагоддзя.

Тут на памяць прыходзяць радкі з верша Пімена Панчанкі “Той дзень прапаў…”:

Той дзень прапаў і страчаны навекі,

Калі ты не зрабіў таго, што мог;

Калі не паспрыяў ты чалавеку,

Няшчыры быў, зманіў, не дапамог…


Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг

І, попелам пасыпаны, сканаў,

Калі не падзяліў з суседам радасць

І больш за дзень узяў ты, чым аддаў…


Той дзень зусім закрэслены табою,

Калі ты раўнадушна абмінуў

Бяду чужую, пабаяўся болю,

Абразу хама моўчкі праглынуў...


Я не святы, хоць і не сквапны злыдзень.

Даруйце, калі часам быў глухі

Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...

Грахі мае, бясконцыя грахі...


Вайна для СССР пачалася з непазбежнасцю. Абодва “саюзнікі” ўжо даўно ведалі пра вайну і рыхтаваліся да яе. Сталіністы і фашысты, што марылі пра сусветнае панаванне, уцягнулі ў крывавую бойню і Беларусь. Народы Беларусі апынуліся перад праблемай пошуку паратунку.


.Абарона праектаў пра Халакост.

Праект №1. Агульнае паняцце пра Халакост (гл. дадатак №2.).

Праект №2. Падрыхтаваць і пракаменціраваць некалькі малюнкаў да кнігі “Я з вогненнай вёскі…” (гл. папку малюнкі.).

Праект №3. Прачытаць уласны верш на тэму Вялікай Айчыннай вайны (глядзіце дадатак №3.). Выразна прачытаць на памяць верш на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Абгрунтаваць свой выбар. Скажыце, што вы ведаеце пра аўтара прачытанага твора?

Вучні чытаюць выразна на памяць вершы М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Пысіна.

.Гутарка з вучнямі. Разрыў.

А). Падумаць над пытаннем: “Ці змог бы я дапамагчы падпольшчыку, асобам яўрэйскай нацыянальнасці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі ведаў, што за гэты ўчынак мяне чакае смяротнае пакаранне?”

Вучні выказваюць свае меркаванні.

Раптоўна з’яўляецца дзяўчына ў вобразе Плачкі – гераіні твораў Яна Баршчэўскага, якая ўспамінае ўсіх тых, хто пакутаваў і страціў сваіх родных у часы панавання таталітарызму на беларускіх землях.

Яна прапаноўвае ўспомніць усіх ахвяр Халакосту хвілінай маўчання. Гучыць “Рэквіем” Моцарта.

.Падагульненне. Адзнакі за ўрок. Каментар адзнак.

.Рэфлексія (Аналіз урока).

“Дрэва жыцця”. Настаўнік перад пачаткам урока раздае кожнаму аркушы паперы. Вучні працуюць па алгарытму.

Уважліва паглядзі на малюнак.



А цяпер паспрабуй ацаніць сваё месца на гэтым “Дрэве жыцця”. Выбяры сабе аднаго чалавечка з дваццаці, які найбольш адпавядае твайму настрою на дадзены момант урока. А цяпер паспрабуй ацаніць сваё месца на гэтым “Дрэве жыцця”. Размалюй свайго чалавечка.

Напішы пра яго невялікае апавяданне (4 – 5 сказаў): хто ён, пра што думае, што жадае, пра што марыць.

Мой чалавечак – гэта…

Заканчваецца рэфлексія пажаданнямі настаўніка, які падводзіць вынікі, жадае творчага натхнення, трываласці, каб заўсёды верылі ў дабро і міласэрнасць.

Настаўнік ставіць пытанне: Якія жыццёвыя ўрокі даў вам сённяшні вучэбны занятак?

Прыкладны адказ: Урокі спачування і міласэрнасці; дабрыні і спагады.

Вучні зразумелі, што такое чалавечая годнасць і вартасць. Заўсёды патрэбна заставацца Чалавекам. Высокая маральнасць адносін да свету, да іншых народаў заўсёды вызначала беларусаў, што дало ім магчымасць прайсці праз стагоддзі, выжыць і захаваць жывую душу, застацца Людзьмі.


X.Дамашняе заданне:

  1. Прачытаць раман А. Адамовіча “Карнікі”.

  2. Прачытаць раман С. Алексіевіч “Апошнія сведкі”.

  3. Напісаць эсэ-роздум па схеме на тэму “Мая дапамога ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны” (алгарытм гл. у дадатку №4.).

  4. Напісаць верш на тэму Вялікай Айчыннай вайны (заданні на выбар вучняў)


Літаратура

  1. Верціхоўская, М. І. Лесвіца Жыцця і Галгофа Сотнікава (па аповесці Васіля Быкава “Сотніка”) / М. І. Верціхоўская // Настаўніцкая газета, 2008, 10 студзеня.

  2. Дискуссия в научно-технической пропаганде и активном обучении. – М.: Знание, 1990. – 40 с.

  3. Кларин, М. В. Дискуссионная речь и полилог / М. В. Кларин. – Киев: Знание, 1989. – 17 с.

  4. Ляшук, В. Я. Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Ул Калеснік. “Я з вогненнай вёскі…” / Л. В. Асташонак, В. Я. Ляшук, У. А. Сенькавец, М. І. Яніцкі // Родная літаратура ў 8 класе: Вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў. – Мн.: “Экаперспектыва”, 1998.

  5. Российская педагогическая энциклопедия: В 2-х томах / Гл. редактор В. В. Давыдов. – М.: Большая Российская энциклопедия, 1993. – Т. 1. – 608 с.

  6. Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации: 1941 – 1944 гг.: Сб. документов и материалов. Изд. 2-е. / Под ред. Р. А. Черноглазовой. – Мн., 1997.

  7. Тычына, М. Алесь Адамовіч // Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя. У 4 т. Т. 4, кніга 1. 1966 – 1985 / НАН Беларусі. – Мн.: “Беларуская навука”, 2004.

  8. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002) / З. Шыбека. – Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2003.




1 Халакост – знішчэнне яўрэяў у перыяд другой сусветнай вайны. Але тут мы ўжываем паняцце “Халакост” у шырокім значэнні гэтага слова: генацыд, знішчэнне ўсіх нацый і народаў фашыстамі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд 1941 – 1945 гг. – Заўвага аўтара.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок па курсу " Мая Радзіма-Беларусь"
...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок прэзентацыя
Сёння ў нас незвычайны ўрок па беларускай мове. Па-першае, у нас шмат гасцей, прывітаем ІХ усмешкай, па-другое ўрок з выкарыстаннем...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок беларускай літаратуры ў 7 класе "Гімн вясне"
Распрацавала Алена Васільеўна Пасюта, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дуа “Гімназія г. Шчучына”, настаўнік беларускай...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок у 9 класе
Настаўнік беларуская мовы І літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі Краўчанка Ірына Ататольеўна

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок беларускай мовы
Настаўнік беларускага языка I лiтаратуры Закурдаева Святлана Вiктарауна, першая катэгорыя

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок : Прыгажосць роднай зямлі
...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок беларускай мовы ў 4 " а " класе. Настаўнік Шалкевіч Т. Г
...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок 1,2
Настаўнік: І. П. Шамякін – народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі,...

Урок распрацаваў настаўнік iconУводзіны ў школьнае жыццё
З прыходам у школу мяняецца ўвесь лад жыцця І дзейнасці шасцігадовых дзяцей. Вядучай дзейнасцю паступова становіцца навучальная,...

Урок распрацаваў настаўнік iconУрок па тэме "Біяграфія Янкі Брыля" ў 11-ым класе
Настаўнік-філолаг мае мажлівасць пазнаёміцца з асаблівасцямі канструявання І арганізацыяй правядзення нетрадыцыйных заняткаў па форме,...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка