Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі




НазваМеладраматычная гісторыя на дзве дзеі
старонка1/5
Дата канвертавання31.10.2012
Памер0.54 Mb.
ТыпДокументы
  1   2   3   4   5
Святлана БАРТОХАВА


ТАКАЯ ДОЎГАЯ НАВАЛЬНІЦА


(Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі)


Дзеючыя асобы:


ТАНЯ – 19 год

САША – 17 год

КУРТ – 19 год


ЯНЫ Ж – праз 55 гадоў


Дзея першая


Майскі дзень 1943 года, невялічкі беларускі гарадок.

Унутранае памяшканне на першым паверсе цаглянага дома,

разбуранага бамбёжкаю. Калісь гэта была кватэра. Усюды раскіданы абломкі мэблі, кучы цэглы, рознае смецце.

Звонку чуецца шум навальніцы, ззяе маланка.



Уваходзіць ТАНЯ з чамаданам, загорнутая ў рагожу.

Здымае рагожу, страсае з яе ваду. Бачна, што Таня – цяжарная.

Азіраецца, паціраючы паясніцу. Крочыць да канапы, заваленай абломкамі, расчышчае яе. Дастае з чамадана вялікую хустку, накрываецца ёю, уладкаваўшыся на канапе.

Па-ранейшаму шуміць навальніца.



Уваходзіць САША з рукзаком.

Таня варочаецца, канапа пад ёю скрыпіць. Саша адскоквае ўбок, выхоплівае з-за пазухі пісталет.


САША. Хто тут?.. А ну, выходзь!

Паўза. Таня садзіцца, глядзіць на Сашу.

Ты што тут робіш?

ТАНЯ. Нічога. Ад навальніцы хаваюся.

САША. Ты адна?

ТАНЯ. Была адна, а зараз – з табою... (Смялей.) Схавай зброю, чаго размахаўся?

САША. Ты мне не ўказвай!.. Хто такая? (Хавае пісталет).

ТАНЯ. А ты хто такі?

САША. Я першы запытаў.

ТАНЯ. А я ўжо сказала: ад навальніцы хаваюся. Можа, табе ўсю біяграфію далажыць?

САША. Мяне твая біяграфія не цікавіць, сваёй хапае... Я тут дождж перачакаю. Можна?

ТАНЯ. Толькі без глупстваў.

САША (расчышчае кушэтку каля сцяны, сядае на яе). Якіх глупстваў?

ТАНЯ. Звычайных!

САША. Патрэбна ты мне!.. (Паўза. Грымыць гром). Ух ты, як грамыхае!.. Не люблю навальніцу.

ТАНЯ. Я таксама не люблю. Яна нагадвае бамбёжку.


САША. У мяне брацік быў... Дык ён, калі гром грымеў, туліўся да

мамы і пытаўся: “Гэта бомбы ўзрываюцца?” А мама адказвала, што ў час навальніцы бомбы не ўзрываюцца, таму што яны размакаюць ад дажджу і робяцца пухнатыя і мяккія, як булачкі. Ён верыў ёй і не баяўся... Смешны быў...

ТАНЯ. Чаму – быў?

САША. Таму што – вайна! Няма яго больш. І мамы няма. Забілі іх.

ТАНЯ. Немцы?

САША (рэзка). Не, салаў’і-разбойнікі!

ТАНЯ. Прабач... (Паўза).

САША. Мама з братам ішлі па вуліцы, а насустрач – два немца. Косцік убачыў ляльку на маставой, пабег да яе і апынуўся каля самых ног гэтых фрыцаў. Яны засмяяліся, адзін з іх прыставіў да яго галавы пісталет і стрэліў. А потым – у маму... Мне суседка расказала, яна ўсё бачыла...

ТАНЯ. Не трэба, не ўспамінай... Не рві сабе душу.

САША. А я і не ўспамінаю, бо ніколі не забываў. Гэта сядзіць ува мне, нібыта цвік, забіты па самую макаўку... (Паўза.) Я сам іх пахаваў. Потым тры дні з дому не выходзіў. Ляжаў на ложку і плакаў, а калі слёзы скончыліся, глядзеў на столь і выў. Як звер! І такая нянавісць была да фашыстаў, што праз яе ўсё балела. Нават пазногці балелі!

ТАНЯ. Як цябе завуць?

САША. Сашай мяне завуць.

ТАНЯ. А я – Таня... У цябе нікога больш не засталося?

САША. Толькі бацька. Ён на фронце.

ТАНЯ. Піша?

САША. Не, не піша... Няма куды яму пісаць, бо ніводнага нашага адраса не засталося. Дом у Гомелі, дзе мы жылі, разбураны бамбёжкаю. А бабуліну вёску спалілі карнікі, разам з усімі жыхарамі.

ТАНЯ (не адразу). Дзе ж ты жывеш?

САША. Нідзе. Мне няма калі жыць, мне помсціць трэба! Я на фронт іду!

ТАНЯ. А гадоў табе колькі?

САША. Многа. Семнаццаць. А табе?

ТАНЯ. У параўнанні з табой я ўжо старая: мне амаль дзевятнаццаць.

САША. Ух, ты! А выглядаеш маладой.

ТАНЯ. Парода у нас такая. І мама мая выглядае вельмі маладой. Калі мы ідзем разам, усе думаюць, што мы сёстры... (Пауза.) Я маму цэлых два гады не бачыла. Яна ў Мінску засталася, а там – немцы...

САША. Дзе ты была два гады?

ТАНЯ. На фронце. Медсястрой.

САША. На фронце?.. Тады чаму ты тут?

ТАНЯ. Так здарылася...

САША. На пабыўку едзеш?

ТАНЯ. Не, мяне назаўсёды адпусцілі...

САША. Хіба так бывае, каб з фронту – і назаўсёды? Вайна яшчэ не скончылася...

ТАНЯ. Значыцца, бывае...

САША. Бацька ваюе?

ТАНЯ. Канешне. Ён ваенны хірург.

САША. Жывы?

ТАНЯ. Не ведаю. Ад яго даўно не прыходілі пісьмы... Мы нейкі час былі амаль побач, але так і не сустрэліся. Я прасілася да яго, каб разам... Не дазволілі. Сказалі, што кожны павінен ваяваць там, дзе яму загадаюць.

САША. Страшна было на фронце? Дзяўчына ўсё-ткі...

ТАНЯ. Страшна, асабліва спачатку... Калі на фронт ехалі, вельмі ганарыліся: як жа, нам па семнаццаць, а мы ўжо абаронцы Радзімы! Пра тое, што там забіваюць, неяк не думалася... Нас з дзяўчатамі пасля медвучылішча адразу ж мабілізавалі, ў першы дзень вайны, а мы зусім не ўяўлялі, што гэта такое – ваяваць. Да першай бамбёжцы... Потым да ўсяго прывыклі, нават да смерці. Але ўсё роўна страшна... І больш за ўсё дзяўчаты баяліся зрабіцца калекамі. Няхай лепей заб’юць, чым да скону заставацца кульгавай альбо бязрукай!

САША. Знайшлі пра што думаць!

ТАНЯ. Мужчынам гэта цяжка зразумець, мабыць. А нам прыгожымі хочацца быць.

САША. Ха, “прыгожымі”!.. Вакол такое робіцца, а яны аб нейкай там прыгажосці клапоцяцца. І хто вас толькі пусціў на вайну, такіх дурніц? Не вашая гэта справа – ваяваць!

ТАНЯ (пакрыўджана). Як гэта – “не вашая справа”? Перад

вайной усе роўныя. І дзяўчаты, між іншым, ваююць не горш за мужчын. І ўзнагароджваюць іх не меньш!

САША. Ты што, пакрыўдзілася?.. Ды кінь ты!.. (Насцярожваецца,

прыслухоўваецца.) Ты нічога не чуеш?

ТАНЯ (усё яшчэ пакрыўджана). Чую! Дождж шуміць!

Саша выхоплівае пісталет, крочыць углыб пакоя,

за кучу цэглы.

САША. Ах ты, гад!.. А ну ўставай!. Хендэ хох!

ТАНЯ. Хто там? (Устае з канапы).

САША. Я сказаў: хендэ хох! Аўтамат – на падлогу! Ну!..


Чуецца стогн. Саша волакам цягне чалавека ў нямецкай форме. Гэта КУРТ. Адна калашына ў яго разарваная, пад ёю – скрываўленая павязка. Саша кідае Курта на падлогу, наводзіць адабраны аўтамат, пінае Курта нагамі. Той

стогне.

ТАНЯ. Не трэба, не бі яго! Ён жа паранены! (Намагаецца адцягнуць Сашу ад Курта).

САША (з нянавісцю). Пашкадавала?! Фашыста пашкадавала?! Яны нас не шкадуюць!.. (Вырываецца з Таніных рук. Цяжка дыхае, са злосцю гледзячы на яе, потым утаропіўся погледам у яе вялікі жывот.) Што гэта?!.

Таня моўчкі крочыць да канапы. Саша яшчэ больш заводзіцца.

З фронту, значыцца, едзем?! А гэта, мабыць, баявая ўзнагарода?! За баявыя заслугі?!

ТАНЯ. Ты не маеш права так гаварыць! Ты нічога пра мяне не ведаеш! (Адварочваецца).

САША. А тут і ведаць няма чаго, усё відаць, як на экране! Як гэта

ў вас завецца? Паходна-палявая жонка, так?! П! П! Ж!.. (Са злосцю пнуўшы Курта нагой, сядае на кушэтку. Курт спалохана адпаўзае ад яго. Таня ціха плача. Доўгая паўза.) Ды не румзай ты!.. Я табе не суддзя.

ТАНЯ (усхліпваючы). А мяне няма за што судзіць, я ні ў чым не вінаватая.

САША. Ну канешне, атрымліваецца, што ніхто ні ў чым не вінаваты! Нават ён! (Ківае на Курта.) Усё можна на вайну спісаць!

ТАНЯ. Жыццё і на вайне працягваецца...

САША. Ага, і па табе гэта вельмі прыкметна!.. Што з фрыцам рабіць будзем?

Таня не адказвае, плача. Доўгая паўза.

Не румзай! Не выношу, калі разводзяць макрэчу!

ТАНЯ. Я не вінаватая, што пакахала. Што мяне пакахалі...

САША. На вайне ваяваць трэба, а не глупствамі займацца... Пакахала яна! Джульета знайшлася!

ТАНЯ. Нам па васемнаццаць было, калі мы пазнаёміліся. Ён разведчык, кожны дзень жыццём рызыкаваў, а сам яшчэ нецалаваны.

Так і я... Мяне мама выхоўвала вельмі строга... Не ведаю, як кахаюць у мірны час, я пра тое да вайны толькі ў кніжках чытала. А на фронце...

Сягоння ты бачыш чалавека, а заўтра яго ўжо няма – загінуў...

САША (няёмка). Я сказаў: хопіць румзаць... (Паўза).

ТАНЯ. Яго Сярожай звалі... Аднойчы мы стаялі ў нейкім мястэчку. Разведчыкаў усіх пасялілі ў адной хаце, і так здарылася, што ўсе яны пайшлі на заданні, а Сярожа застаўся. Тады ў нас з ім і адбылося... У першы і апошні раз... Праз два дні ён не вярнуўся з разведкі, а мяне з раненнем у шпіталь палажылі. Калі даведалася, што ён загінуў, мне жыць не хацелася!.. (Паўза.) Баі ў тыя дні былі страшэнныя, прывозілі шмат параненых. І я, каб ні пра што не думаць, нягледзячы на сваё раненне, дапамагала медсёстрам. Гэта мяне і ўратавала. Інакш рукі на сябе наклала б... Праз нейкі час здагадалася, што цяжарная. Я хударлявая была, ніхто нічога доўга не заўважаў, і я ўтойвала да апошняга...

САША. Складаны вы народ, жанчыны... І што ты зараз рабіць будзеш?

ТАНЯ. Не ведаю... Мяне пакінулі ў адной вёсачцы, а туды немцы прыйшлі. Гаспадыня маю форму спаліла, дала сваю адзежу. Я жыла ў яе пад выгледам пляменніцы, і яна кожны дзень баялася, што суседзі данясуць пра мяне. А ў яе двое маленькіх дзяцей... Мне яна, праўда, нічога такога не гаварыла, але часта плакала. Абдыме дзетак і плача...

А потым сабрала мой чамадан і паставіла ля парога... І мне нічога не засталося, як пайсці куды вочы глядзелі...

САША. А калі табе?.. Ну... гэта...

ТАНЯ. Калі раджаць? Хутка ўжо, тыдня два засталося...

САША. Як жа ты – зусім адна? Ісці табе, атрымліваецца, няма куды?

ТАНЯ. Атрымліваецца, што так...

Курт шавеліцца, стогне.

САША. У-у, паскуда! Стогне, нібыта чалавек!.. Можа, прыкончыць гэтую гніду, каб паветра тут не псаваў?

ТАНЯ. Няўжо ты зможаш забіць яго? Такога – параненага і бездапаможнага?

САША. Ён жа фашыст!

ТАНЯ. Калі я першы раз стрэліла ў чалавека, у мяне з носу кроў пайшла... Ад жаху.

САША. У мяне – не пойдзе!

ТАНЯ. Ведаеш, я часта думаю: калі мы выжывем, то якімі будзем пасля вайны? Пасля гэтай нянавісці?.. Кажуць, будучай маме трэба на прыгожае глядзець і толькі пра добрае думаць, каб дзіцятка нармальнае нарадзілася... Якое ж яно народзіцца пасля ўсяго таго, што вочы мае бачылі?

САША. Глупства гэта! Маці Гітлера, мабыць, на прыгожае глядзела, а якую пачвару вырадзіла. А на што глядзелі мацеркі тых гадаў, што бабку маю спалілі – таксама на прыгожае? А мацеркі тых, што ў нашым парку людзей вешалі? На кожным дрэве – па чалавеку!

І яшчэ фатаграфаваліся на памяць!.. Ненавіджу! Да Берліна дайду

і зраблю з імі тое, што яны робяць з намі!

КУРТ (ціха). Трынкен... Трын... кен...

ТАНЯ. Ён нешта гаворыць...

САША. Піць просіць, свалата!

ТАНЯ. Трэба даць яму вады.

САША (са злосцю). Ага, бягу аж падаю!

Таня дастае з чамадана конаўку, крочыць да выбітага акна, падстаўляе конаўку пад дождж. Вяртаецца да Курта.

Саша кідаецца да яе, выбівае з рук конаўку.

Не смей! Няхай падыхае!

ТАНЯ. Саша, ён жа паранены... (С цяжкасцю бярэ конаўку, зноў набірае вады).

САША (наводзіць на Таню аўтамат). Я сказаў: не смей! Заб’ю абодвух!

ТАНЯ. Давай, страляй... (Дае Курту піць).

КУРТ. Данке...

САША. Ненавіджу! Ненавіджу!

Страляе над іх галовамі. Таня падыходзіць да яго, абдымае, як маленькага. Саша ўтыкаецца ў яе плячо, давіцца маўклівым плачам. Таня вядзе яго да канапы, усаджвае, сядае побач, абдымае.

ТАНЯ (зусім як маці). Ну-ну... Супакойся, мой харошы, супакойся... Мы павінны быць людзьмі...

САША. Яны зямлю нашую топчуць, а мы павінны быць людзьмі?! Яны нас забіваюць, а мы – добранькія?! Як жа мы пераможам у гэтай вайне – такія добранькія?!.. Які сэнс тады ў гібелі нашых салдат, калі ты ратуеш таго, хто іх забіваў?! Які сэнс, я ў цябе пытаюся?! Скажы мне, скажы! І Сярожу свайму скажы, і бабуле маёй, і маме з брацікам! І ўсім, каго гэтыя звяры закатавалі і знішчылі!.. Давай, павучы нас быць міласэрнымі! (Адштурхнуўшы Таню, устае, ідзе на сваю кушэтку).

ТАНЯ. Зараз усім цяжка, але ж мы людзі...

САША. Пагляджу я на цябе, калі гэтая гніда заб’е твайго сына!

ТАНЯ. Не трэба так, Саша...

КУРТ (ціха). Біттэ... (З лёгкім акцэнтам.) Я нікога не забіваў...

САША. Што?!.. Морда фашыстцкая, ён яшчэ і па-нашаму размаўляе, мову нашую паганіць! (Схапіў аўтамат, навёў на Курта).

ТАНЯ. Не трэба, Саша!

САША. Не трэба?! (Страляе ў паветра ў бок Курта.) Не трэба?!.. А што, можа, ён да нас усяго толькі на экскурсію завітаў?! Прыехаў не забіваць нас, а краявідамі нашымі любавацца?!

КУРТ. Я тут нікога не забіваў... У мяне мама руская...

САША. Ну канешне! І мама руская, і сам у Разані нарадзіўся!.. Змоўкні, гніда!

КУРТ. Мая мама – з Пецербургу...

ТАНЯ. Як жа яна адпусціла цябе ваяваць супраць нас, калі яна й сапраўды руская?

КУРТ. Яна не адпускала, яна вельмі плакала... А мяне ўсё роўна забралі і накіравалі сюды перакладчыкам... Для работы з мясцовым насельніцтвам...

САША. Бачыў я, як вы тут “працуеце” з насельніцтвам!

КУРТ. Я, на жаль, таксама бачыў... І больш не хачу бачыць...

У Германіі ніхто не ведае, як мы тут “ваюем”, як ўсё гэта жахліва!

САША. Ты толькі паслухай, што ён спявае! Ну проста анёл з крыльцамі!.. А аўтамат ты носіш выключна дзеля прыгажосці? Так?

КУРТ. Я ніколі з яго не стрэліў. Насіў толькі для формы, калі мы выязджалі ў якую-небудзь вёску...

САША. Ага, выязджалі з насельніцтвам “працаваць”! І ў гэтыя руіны ты, значыцца, з “работы” прыцягнуўся!

КУРТ. Так... З работы... Нас абстралялі на дарозе, мяне параніла... Нашы паехалі без мяне – мабыць, падумалі, што я забіты... А потым пачалася навальніца, я апрытомнеў і папоўз далей ад дарогі... Я не хачу вяртацца ў камендатуру!

ТАНЯ. Дзезерцір, значыцца?

КУРТ. Мабыць, так... Я хачу вярнуцца ў Германію!

ТАНЯ. Але ж Германія далёка – як ты дабярэшся?

КУРТ. Я пакуль што не ведаю...

САША. Ты што – паверыла яму? Гэтаму фрыцу?

КУРТ. Я – не Фрыц. Маё імя – Курт.

  1   2   3   4   5

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі icon"Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны"
Гісторыя Беларусі” складзена на аснове Тыпавой вучэбнай праграмы для вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасцях: 1-21 03 01 “Гісторыя...

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі icon1 21 80 15 «Усеагульная гісторыя» тлумачальная запіска
Праграма курса “Усеагульная гісторыя” прадназначана для паступаючых у магістратуру на дзённую І завочную формы навучання па спецыяльнасці...

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі icon1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія І дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага І рускага
Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія І дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага І рускага

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі iconАдна спераду, дзве ззаду, адна ззаду І дзве спераду, адна паміж дзвюма І тры ў рад. Колькі ўсяго качак ляцела?
Раздзялі прамавугольнік так, каб сума лікаў у кожнай частцы была аднолькавай. (2 балы)

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі iconСпецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка на факультэце Гісторыя (айчынная І ўсеагульная) Уступныя экзамены
Уступныя экзамены: Гісторыя Беларусі; Сусветная гісторыя навейшага часу; Беларуская (руская) мова

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі iconС. Н. Князеў 2011 г. Регістрацыйны № уд- гісторыя беларус І
Вучэбная праграма «Гісторыя Беларусі» складзена на основе тыпавой вучэбнай праграмы «Гісторыя Беларусі», регістрацыйны № тд – сг....

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі iconГісторыя беларусі вучэбная праграма дысцыплины абавязковага кампанента для спецыяльнасці
Вучэбная праграма дысцыпліны абавязковага кампанента “Гісторыя Беларусі” складзена на аснове Тыпавой вучэбнай праграмы для вышэйшых...

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі icon1-21 80 16 "Айчынная гісторыя" тлумачальная запіска
Дысцыпліна “Гісторыя Беларусі» з'яўляецца нарматыўнай І адной з вядучых у навучальным плане спецыяльнасці «Гісторыя» вну рэспублікі...

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі iconС. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі
Лекцыя Прадмет, метады І задачы курса “Эканамічная гісторыя Беларусі”. Вывучэнне курса “Эканамічная гісторыя Беларусі” ў сістэме...

Меладраматычная гісторыя на дзве дзеі icon3агад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Білеты для правядзення абавязковага выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя. Гісторыя Бел арусі»

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка