Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама




НазваУпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама
старонка2/4
Дата канвертавання30.10.2012
Памер0.53 Mb.
ТыпДокументы
1   2   3   4

1.2. УЛІК УЗРОСТАВЫХ I ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ АСАБЛІВАСЦЕЙ МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНІКАЎ У ПРАЦЭСЕ ФАРМІРАВАННЯ ГРАМАДЗЯНСКІХ ЯКАСЦЕЙ АСОБЫ

Арганізацыя работы па грамадзянскаму выхаванню вучняў пачатковых класаў заснавана перш за ўсё на веданні ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Неабходнасць рэалізацыі прынцыпу ўліку ўзроставых асаблівасцей дзяцей у працэсе грамадзянскага выхавання адзначаюць Б. Ц. Ліхачоў [21], І. Н. Русу [36], I. В. Сукаленаў [38] і іншыя.

У малодшым школьным узросце, як адзначаюць псіхолагі, праяўляюцца новаўтварэнні, якія сведчаць аб магчымасці і неабходнасці правядзення спецыяльнай работы па грамадзянскаму выхаванню дзяцей. Да іх адносяцца перш за ўсё фарміраванне ў малодшых школьнікаў грамадзянскіх пачуццяў на аснове ўзбагачэння зместу, росту глыбіні і ўстойлівасці эмацыянальных перажыванняў.

Дзецям малодшага школьнага ўзросту ўласціва павышаная эмацыянальнасць. Нярэдка пачуцці вызначаюць іх учынкі, выступаюць у якасці матываў паводзін, выражаюць адносіны дзіцяці да наваколля. Глыбокае знаёмства дзяцей са з'явамі грамадскага жыцця спрыяе ўзнікненню сацыяльнага пачатку ў пачуццях, фарміраванню адпаведных адносін да фактаў навакольнага жыцця.

У вучняў пачатковых класаў інтэнсіўна фарміруюцца грамадзянскія пачуцці: адказнасць, спачуванне чужому няшчасцю, абурэнне пры несправядлівасці і г.д. Гэта адбываецца пад уплывам пэўных уздзеянняў, убачанага прыкладу і ўласнага вопыту пры выкананні даручэнняў, уражання ад слоў настаўніка.

Значным уяўляецца вывад псіхолагаў аб тым, што такія пачуцці, як грамадзянскасць, сяброўства, любоў, гуманізм, патрыятызм, спачатку праяўляюцца ў форме прыхільнасці дзіцяці да бацькоў, равеснікаў, дзіцячага калектыву і фарміруюцца на падставе эмоцый, якія часта паўтараюцца. Выхаванне такога складанага, шматграннага пачуцця, як любоў да Радзімы, здзяйсняецца на падставе ўстойлівага пачуцця сімпатыі, спачування, дабрыні, пяшчоты да родных і блізкіх людзей.

Важнае значэнне ў працэсе фарміравання ў малодшых школьнікаў любові да Радзімы мае той факт, што эмацыянальныя перажыванні дзяцей гэтага ўзросту набываюць больш глыбокі і ўстойлівы характар. Дзеці здольныя праяўляць клопат аб блізкіх людзях і равесніках.

Самым істотным у выхаванні грамадзянскіх пачуццяў з'яўляецца не-пасрэднае праяўленне іх у рэальных практычных учынках і дзеяннях дзяцей. Пачуцці праяўляюцца, фарміруюцца і развіваюцца ў дзейнасці, робяцца пабуджальнай сілай паводзін.

Асновай фарміравання грамадзянскіх пачуццяў асобы павінна быць выхаванне станоўчых адносін да навакольнага свету.

Малодшы школьнік пачынае актыўна ўключацца ў сістэму сацыяльных адносін, якія паступова робяцца ўсё больш дыферэнцыраванымі і складанымі. На іх грунтуюцца ўсе яго пачуцці, перажыванні і эмоцыі, звязаныя з рэакцыяй на разнастайныя ўздзеянні рэчаіснасці. «Сацыялізацыя» пачуццяў з'яўляецца адлюстраваннем арыентацыі дзіцяці ў навакольным свеце.

Адным з істотных момантаў, якія спрыяюць фарміраванню станоўчых адносін да наваколля, з'яўляецца тое, што пры ўспрыманні рэчаіснасці вучні пачатковых класаў імкнуцца растлумачыць падзеі, устанавіць залежнасці і суадносіны. Малодшыя школьнікі не задавальняюцца назіраннем за з'явамі, яны цікавяцца прычынамі падзей, якія адбываюцца, іх сутнасцю.

Аднак самастойна дзіця малодшага школьнага ўзросту не можа даведацца аб сутнасці грамадскіх з'яў. Вялікае значэнне мае прыклад эмацыянальных адносін дарослых да рэчаіснасці. Ад багацця праяўлення пачуццяў дарослых залежыць эмацыянальнае ўспрыманне дзецьмі той ці іншай з'явы рэчаіснасці. Толькі пад кіраўніцтвам настаўнікаў і бацькоў дзеці могуць засвоіць сістэму грамадзянскіх ведаў на падставе разумення прыродных, рэальна існуючых у навакольным свеце сувязей і адносін паміж асобнымі прадметамі і з'явамі. Для гэтага педагогу неабходна пабудаваць навучанне па іерархічнаму прынцыпу: выдзеліць ядро, цэнтральнае звяно ведаў, якія маглі б быць асновай мэтанакіраванай сістэмы.

Адной з істотных асаблівасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту з'яўляецца тое, што ў дзіцяці з'яўляецца супадпарадкаванасць матываў і на гэтай падставе складаюцца грамадскія матывы працоўнай дзейнасці, імкненне зрабіць што-небудзь патрэбнае, карыснае для іншых. Дадзены факт мае вялікае значэнне, паколькі ўзнікненне сацыяльных матываў дзейнасці з'яўляецца асновай фарміравання грамадзянскіх якасцей асобы, прыводзіць да змены зместу пачуццяў. Сацыяльная матывацыя працы спрыяе павышэнню эфектыўнасці дзейнасці дзяцей.

Важнай умовай паспяховага грамадзянскага развіцця і выхавання, фарміравання ў дзіцяці станоўчых адносін да рэчаіснасці з'яўляецца ўзнікненне ў яго пазнавальных інтарэсаў. Вучні пачатковых класаў пачынаюць ставіць перад сабой пазнавальныя задачы, шукаць тлумачэнне з'явам, што адбываюцца. Дзіця пачынаюць цікавіць сацыяльныя падзеі, аб чым сведчаць пытанні, тэмы размоў, гульняў, малюнкаў. Зносіны з дарослымі ў многім вызначаюць змест і накірункі развіцця пазнавальнай цікаўнасці малодшых школьнікаў.

Фарміраванню сістэмы абагульненых ведаў аб з'явах грамадскага жыцця, якія з'яўляюцца асновай іх свядомых адносін да наваколля, перадумовай грамадзянскага выхавання, спрыяе павелічэнне аб'ёму ўяўленняў аб навакольным свеце ў малодшых школьнікаў, адвольнасць псіхічных працэсаў, здольнасць да засваення сувязей паміж прадметамі і з'явамі навакольнага свету, павелічэнне магчымасцей разумовага развіцця, з'яўленне пазнавальных інтарэсаў.

Узроставыя асаблівасці малодшых школьнікаў, у прыватнасці іх асаблівая ўспрымальнасць да гульняў, жаданне і ўменне гуляць, спрыяюць эфектыўнаму прымяненню на занятках па грамадзянскаму выхаванню шматлікіх гульневых методык. Але заўсёды трэба памятаць, што гульня з'яўляецца сродкам пазнання свету, і таму на ўроках ствараюцца мадэлі рэальных жыццёвых сітуацый.

Улічваючы асаблівасці гэтага ўзросту, сістэма заняткаў па грамадзянскаму выхаванню ў пачатковай школе не прадугледжвае вывучэння канкрэтных законаў, правоў і абавязкаў, а з'яўляецца серыяй уводных, падрыхтоўчых заняткаў, якія маюць маральную, грамадзянскую, выхаваўчую накіраванасць і закліканы псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да вывучэння грамадскіх дысцыплін у сярэдняй і старшай школе і да выканання сваіх грамадзянскіх функцый.

Такім чынам, работа па фарміраванню грамадзянскіх якасцей асобы пачынаецца з самага ранняга школьнага ўзросту, бо менавіта ў пачатковай школе дзіця атрымлівае неабходныя веды і навыкі паводзін у калектыве, вучыцца суадносіць свае жаданні і магчымасці з жаданнямі і магчымасцямі іншых людзей, усведамляе сваю адказнасць перад іншымі членамі грамадства.

Малодшы школьны ўзрост з'яўляецца спрыяльным перыядам у фарміраванні грамадзянскасці асобы, бо ён характарызуецца павышанай успрымальнасцю знешніх уздзеянняў, непасрэднасцю ў паводзінах. Гэтыя асаблівасці абумоўліваюць паспяховасць у навучанні і выхаванні малодшых школьнікаў. Менавіта ў гэтым узросце ўзнікаюць вялікія магчымасці для сістэматычнага і паслядоўнага грамадзянскага выхавання вучняў.


2.1. ФОРМЫ ГРАМАДЗЯНСКАГА ВЫХАВАННЯ МАЛОДШЫХ ШКОЛЬШКАЎ

Стварэнне неабходных умоў арганізацыі грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў прадугледжвае выкарыстанне комплексу форм, метадаў і сродкаў, накіраваных на фарміраванне грамадзянскасці як інтэгратыўнай якасці асобы, на актуалізацыю эмацыянальна-пабуджальнага кампанента дзейнасці вучняў.

Па колькаснаму складу ўдзельнікаў формы грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў можна падзяліць на калектыўныя, групавыя і індывідуальныя.

Калектыўныя формы — гэта работа вучняў па добраўпарадкаванню і азеляненню памяшканняў і тэрыторыі школы, мікрараёна; удзел у арганізацыі масавых мерапрыемстваў і свят; работа на прышкольнай тэрыторыі і іншыя. Пры рэалізацыі калектыўных форм работы неабходна загадзя вызначыць выхаваўчыя задачы кожнага мерапрыемства, намеціць віды падрыхтоўчай работы, вызначыць методыку правядзення мерапрыемстваў; месца і ролю настаўніка, а таксама саміх дзяцей у ім. Асноўнымі крытэрыямі эфектыўнасці калектыўных форм работы з'яўляюцца: удзел малодшых школьнікаў у грамадзянскай дзейнасці, дысцыплінаванасць, ступень актыўнасці і масавасці.

Да групавых форм арганізацыі грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў адносяцца заняткі ў гуртках, клубах, секцыях па інтарэсах; факультатывы па ахове роднай прыроды; экскурсіі; турыстычныя паходы па месцах баявой славы. Перавага такіх форм работы ў тым, што яны дазваляюць дыферэнцыравана падыходзіць да пэўных груп вучняў, больш поўна ўлічваць іх інтарэсы, запатрабаванні, своечасова выяўляць асаблівасці, моцныя і слабыя бакі мікраакругі. Крытэрыі эфектыўнасці групавых форм грамадзянскага выхавання: стабільнасць складу клуба, кружка, секцыі, дасягненне калектыўных поспехаў. Пры гэтым важнае значэнне маюць змест і методыка правядзення заняткаў, поспех калектыву і прызнанне яго заслуг.

Індывідуальныя формы грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў прадугледжваюць дзейнасць вучняў па падрыхтоўцы апавядання, гутаркі, паведамлення аб падзеях у Рэспубліцы Беларусь, аб прыродзе роднага краю; аказанне дапамогі састарэлым людзям; фатаграфаванне, маляванне, лепка, аплікацыя і г.д. Выбар індывідуальных форм грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў заснаваны на папярэднім рознабаковым псіхолага-педагагічным вывучэнні вучняў. Аб эфектыўнасці індывідуальных форм грамадзянскага выхавання сведчаць такія крытэрыі, як павышэнне пазнавальнага інтарэсу да гісторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстанне атрыманых ведаў і ўменняў у сваёй дзейнасці.

Нягледзячы на спецыфіку і своеасаблівасць розных форм арганізацыі работы па грамадзянскаму выхаванню малодшых школьнікаў, усе яны павінны адпавядаць наступным патрабаванням: валодаць эмацыянальнай значнасцю для навучэнцаў; узгадняцца з агульным планам выхаваўчай работы; мець глыбокую грамадзянскую накіраванасць; спрыяць развіццю грамадзянскіх інтарэсаў і патрэбнасцей школьнікаў; актывізаваць грамадскую дзейнасць вучняў.

Важнае значэнне мае такая форма грамадзянскага выхавання вучняў пачатковых класаў, як сустрэча з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікамі разнастайных прафесій, грамадскімі дзеячамі. Такія зносіны з дарослымі спрыяюць узбагачэнню школьнікаў ведамі аб подзвігу народа па абароне Айчыны, аб добрасумленнай працы на карысць Радзімы і г.д.

Складанасць і шматграннасць працэсу грамадзянскага выхавання ма-лодшых школьнікаў патрабуе прымянення разнастайных метадаў ар-ганізацыі іх дзейнасці. I. Н. Русу прапанаваў наступныя метады выхавання грамадзянскасці ў навучэнцаў: перакананне (расказ, апісанне, характарыстыка, тлумачэнне, разважанне, лекцыі, дыспуты, гутаркі); практыкаванне (прывучэнне да норм грамадскіх паводзін, выпрацоўка адпаведных навыкаў і звычак, арганізацыя грамадска-палітычнай дзейнасці, (спаборніцтвы, гульні); заахвочванне; прымушэнне; асабісты прыклад [56,с.87].

Ва ўсіх формах выхавання выкарыстоўваюцца метады асветы, ар-ганізацыі грамадска значнай дзейнасці, стымулявання паводзін, стварэння спецыяльных праблемных сітуацый, вывучэння эфектыўнасці грамадзянскага выхавання.


2.2. МЕТАДЫ ГРАМАДЗЯНСКАГА ВЫХАВАННЯ МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНІКАЎ


Сучасныя педагогі-даследчыкі падзяляюць метады грамадзянскага выхавання на традыцыйныя, актыўныя і інтэрактыўныя.

Да традыцыйных метадаў адносяцца дыспуты, лекцыі, семінары, работа з кнігай, перыядычным друкам, рэцэнзаванне і іншыя.

Да актыўных метадаў адносяцца: сітуацыйна-ролевыя гульні, сацыя-драма, метад адкрытай трыбуны, сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, інтэлектуальныя аўкцыёны, «мазгавая атака», метад аналізу сацыяльных сітуацый з маральна-этычным характарам, гульні-драматызацыі і іншыя. Актыўныя метады заснаваны на дэмакратычным стылі ўзаемаадносін і накіраваны на самастойны пошук ісціны, садзейнічаюць фарміраванню крытычнага мыслення, ініцыятывы і творчасці.

Асноўныя задачы інтэрактыўных метадаў грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў прадугледжваюць атрыманне дзецьмі каштоўнасных установак на павагу правоў і годнасці асобы, мірны шлях вырашэння канфліктаў, супрацоўніцтва, цярпімасць, сумленнасць, законапаслухмянасць, адказнасць, а таксама адпрацоўку прывычных паводзін у адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі. Прымяненне інтэрактыўных метадаў выхавання грамадзянскіх якасцей, асобы малодшых школьнікаў спрыяе фарміраванню ўмення слухаць субяседніка, упэўнена выказваць сваю думку, паважаць процілеглыя пункты гледжання.

Да інтэрактыўных метадаў грамадзянскага выхавання вучняў пачатковых класаў адносяць «метафарычнае даследаванне», распрацаванае ў канцы 50 — 60-х гадоў XX стагоддзя амерыканскім псіхолагам У. Горданам на аснове метаду «мазгавой атакі» і «метад праектаў».

Этапы правядзення «метафарычнага даследавання»: першапачатковая пастаноўка праблемы; аналіз праблемы і паведамленне неабходнай уводнай інфармацыі; пошук варыянтаў вырашэння праблемы; перафармуляванне праблемы; сумесны выбар аднаго з перафармуляваных варыянтаў праблемы; вылучэнне вобразных аналогій; «падгонка» падыходаў да вырашэння або гатовых рашэнняў да патрабаванняў, закладзеных у пастаноўцы праблемы.

Пры выкарыстанні «метаду праектаў» галоўная задача заключаецца ў тым, каб у працэсе выканання задання рэалізаваўся 1-ы лагічны ланцужок: інтарэс — выбар — поспех (няўдача) — рэфлексія — адэкватная ацэнка (самаацэнка) — рэфлексія — інтарэс, выбар і 2-і лагічны ланцужок: урок (актуалізацыя тэмы, выбар тактыкі) — пазакласная дзейнасць (збор матэрыялу, інтэрв'ю, аналіз, абагульненне, дзеянне) — урок (прадстаўленне сваёй дзейнасці, аналіз вынікаў, абмеркаванне перспектыў).

Арганізацыя працэсу фарміравання грамадзянскасці малодшых школьнікаў прадугледжвае выкарыстанне і такіх форм і метадаў, як: гутарка (I клас — «Словы, дарагія кожнаму чалавеку», «Мая родная вёска», “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”(дадатак 2) і іншыя; II клас — «Мы ганарымся Айчынай сваёй», «Квітней, мой родны край»(дадатак 4), «Хто такі грамадзянін»; III клас — «Чым знакамітая Беларусь», «Што такое грамадзянства», «Жанчына-легенда» (жыццё і лёс Ефрасінні Полацкай) і інш.; ІVклас — «Нашы знакамітыя землякі», «Дзяржава і ты», «Твае правы і абавязкі» і інш.); экскурсія-падарожжа па родным краі: з вучнямі I класа можна правесці экскурсію па нашай сталіцы, наведаць гістарычныя помнікі горада, музей прыроды Беларусі; з вучнямі II класа — паехаць у Раўбічы, на Курган Славы, у Мір і Нясвіж, наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны; з вучнямі III і IV класаў можна правесці гульню – падарожжа “Сцяжынкамі роднага краю” (дадатак1), арганізаваць паездкі ў Хатынь, Брэст, наведаць Брэсцкую крэпасць, музей гісторыі і культуры Беларусі і г.д.; расказ; знаёмства з гісторыяй свайго народа, яго традыцыямі: з гэтай мэтай у кожным класе з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей можна інсцэніраваць беларускія народныя святы, у I і II класах вывучаць беларускі народны арнамент, складаць свае ўзоры, развучваць народныя песні, правесці вячоркі (дадатак 3).

Добрыя вынікі дае выкарыстанне кругавых гутарак з вучнямі пачатко-вых класаў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Галоўныя якасці грамадзяніна» (IV клас) з дзецьмі можна правесці гутарку аб тым, што кожны чалавек ад нараджэння валодае многімі якасцямі, а на працягу жыцця ён можа набыць новыя якасці. Якія? Кожны чалавек выбірае сам. Далей вучням можна прапанаваць прадоўжыць фразу: «Я хачу стаць больш...». Пры вывучэнні тэмы «Наша школьная сям'я» дзецям можна прапанаваць закончыць фразу «У будучым мая школа...».

Паказчыкамі эфектыўнасці прымянення метадаў грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў з'яўляюцца: наяўнасць у вучняў уменняў самастойна думаць, аналізаваць, задаваць пытанні, рабіць вывады, шукаць адказы; уменняў абараняць інтарэсы і правы свае і іншых людзей; удзел у грамадскім жыцці класа, школы.

Значны ўплыў на паспяховы ход заняткаў па азнаямленню малодшых школьнікаў са з'явамі грамадскага жыцця аказвае правільны адбор і спалучэнне разнастайных прыёмаў работы настаўніка. Прыём — гэта элемент метаду, яго састаўная частка, асобны крок у рэалізацыі метаду. Найбольш эфектыўнымі прыёмамі грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў з'яўляюцца наступныя:

  • разнастайны пачатак заняткаў (пытанне, звернутае да вопыту дзяцей, слуханне песень, чытанне вершаў, разглядванне карцін і г. д.);

  • выказванне сваіх адносін да пэўных з'яў, падзей, іх ацэнка;

  • выкарыстанне параўнанняў і супастаўленняў: вуліца горада і
    вёскі, тэрыторыя горада і краіны, жыццё людзей перад вайной і цяпер;

  • гульнёвыя прыёмы;

  • супастаўленне разнастайных думак, пунктаў гледжання выхаванцаў;

  • правядзенне каляндарных народных свят;

  • выкарыстанне беларускіх прымавак, прыказак, казак.

На занятках па грамадзянскаму выхаванню вучняў пачатковых класаў актыўна выкарыстоўваецца работа са слоўнікамі. Дзеці самі шукаюць значэнні слоў «Радзіма», «Айчына», «грамадзянін», «дзяржава», «краіна», «закон», «права», «абавязак» і інш.; падбіраюць да іх сінонімы, вучацца складаць з імі словазлучэнні, сказы.

Добрыя вынікі дае і мастацкая дзейнасць дзяцей. На занятках вучням можна прапанаваць намаляваць сваю казачную дзяржаву і прыдумаць да яе эскіз сцяга (пры вывучэнні тэмы «Дзяржаўныя сімвалы»); намаляваць звяроў і расліны, якія існуюць у Беларусі (тэмы «Жывёльны і раслінны свет Беларусі», «Чырвоная кніга Беларусі»); стварыць эскіз герба свайго горада (тэма «Сімвалы беларускай сталіцы»); намаляваць гараджан розных гістарычных эпох (тэма «Горад і гараджане») і іншыя.

Педагагічная каштоўнасць праведзеных заняткаў вызначаецца іх мэтазгоднасцю, мэтанакіраванасцю на дасягненне пэўнай задачы — фарміраванне грамадзянскіх якасцей асобы.

Працэс фарміравання грамадзянскасці прадугледжвае выкарыстанне сістэмы сродкаў выхавання. Сродкі выхавання — гэта сукупнасць прыродных і сацыяльна-бытавых умоў, у якіх працякае жыццядзейнасць дзіцяці і яго станаўленне як асобы. Асноўныя кампаненты сістэмы сродкаў грамадзянскага выхавання: матэрыяльна-тэхнічны, адукацыйны і арганізацыйны.

Да матэрыяльна-тэхнічных сродкаў адносяцца вучэбныя аўдыторыі, класы і кабінеты для заняткаў, музеі, гістарычныя і культурныя помнікі, спецыяльнае абсталяванне, сродкі масавай інфармацыі, творы літаратуры і мастацтва.

Адукацыйныя сродкі ўключаюць вучэбна-метадычныя камплекты па ўсіх узроўнях грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў, асноўныя тэарэтычныя і навукова-практычныя рэкамендацыі па арганізацыі грамадзянскага выхавання і фарміраванню агульначалавечых каштоўнасцей, поглядаў, перакананняў, патрэбнасцей і інтарэсаў, выхаванню любві да Радзімы.

Арганізацыйныя сродкі грамадзянскага выхавання вучняў пачатковай школы — гэта ўвесь комплекс мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем матэрыяльна-тэхнічных і адукацыйных сродкаў, праводзяцца ў адпаведных формах, максімальна рэалізуюць агульныя і спецыфічныя задачы па фарміраванню і развіццю асобы грамадзяніна і патрыёта.

Усе тры групы вышэйпералічаных сродкаў цесна ўзаемазвязаны, дапаўняюць адзін аднаго, і толькі комплекснае іх выкарыстанне ў працэсе ўзаемадзеяння суб'екта і аб'екта гэтай дзейнасці спрыяе дасягненню мэт грамадзянскага выхавання малодшых школьнікаў.

Да сродкаў выхавання адносяць таксама разнастайныя віды дзейнасці (гульнёвую, вучэбную, працоўную), педагагічную тэхніку (мова, міміка, рухі і г. д.).

Выхаванне грамадзянскасці з'яўляецца працэсам, накіраваным на цэласнае развіццё асобы дзіцяці, які прадугледжвае станаўленне яго адносін да Радзімы, грамадства, людзей, да працы, да сваіх абавязкаў і самога сябе. У малодшых школьнікаў фарміруюцца пачуцці патрыятызму, любові да Радзімы, да свайго народа, актыўныя адносіны да жыцця.

Пры арганізацыі працэсу грамадзянскага выхавання неабходна дакладна ўяўляць інтарэсы, матывы і сацыяльныя патрэбнасці, якія фарміруюцца ў малодшых школьнікаў. Трэба вызначыць сістэму грамадзянскіх ведаў, якімі павінны авалодаць вучні, а таксама грамадзянскія ўменні і навыкі, неабходныя для практычнай дзейнасці.

Сістэма грамадзянскіх ведаў малодшых школьнікаў уключае:

  • прыродазнаўчыя звесткі: веды аб прыродзе роднага краю, краіны, жывёльным і раслінным свеце; уяўленні аб значэнні прыроды ў жыцці людзей, прыродаахоўнай дзейнасці чалавека;

  • звесткі аб жыцці беларускага народа; аб асаблівасцях працы, культуры, традыцыях беларусаў;

  • сацыяльныя звесткі: веды аб краіне, яе сталіцы і іншых гарадах; аб дзяржаўных сімвалах;

  • звесткі з гісторыі Рэспублікі Беларусь: помнікі і славутыя мясціны роднай вёскі, вуліцы, якія названы імёнамі герояў. (Дадатак 5)

Пры адборы зместу ведаў неабходна зыходзіць з уліку патрабаванняў навуковасці, даступнасці, узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, лагічнай паслядоўнасці падачы матэрыялу, яго выхаваўчай каштоўнасці, а таксама інтарэсу дзяцей да той ці іншай інфармацыі, магчымасці адлюстравання атрыманых ведаў у дзейнасці малодшых школьнікаў.

Эфектыўнаму засваенню сістэмы грамадзянскіх ведаў спрыяе выкананне наступных метадычных рэкамендацый: дакладнае вызначэнне формы, зместу, метадаў, прыёмаў работы з дзецьмі; фармулёўка выхаваўчых і адукацыйных задач, якія павінны быць вырашаны ў ходзе заняткаў; папярэдняя падрыхтоўка дадатковых матэрыялаў; забеспячэнне ўзаемасувязі кожных заняткаў з іншымі відамі дзейнасці навучэнцаў; падрыхтоўка малодшых школьнікаў да засваення новых ведаў, актывізацыя інтарэсу да работы, якая прадбачыцца, выяўленне наяўнага ўзроўню ўяўленняў аб навакольным свеце.

1   2   3   4

Падобныя:

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама
Навучальна – педагагічны комплекс Дзярэчынскі дзіцячы сад – сярэдняя агульнаадукацыйная школа”

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Установа адукацыі "Бабруйскае дзяржаўнае птв №95 нафтахіміі імя А.І. Чарныша"
У 1966 скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі гродзенскага аблвыканкама
Гэтыя словы належаць вучонаму з сусветна вядомым імем, нашаму суайчынніку, вялікаму асветніку І нацыянальнаму герою Чылі Ігнату Іпалітавічу...

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама
Матэрыялы на раённы літаратурна-творчы конкурс “ Роздум над творчасцю Максіма Танка” (намінацыя уласныя празаічныя творы, жанр нарыс...

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі гомельскага аблвыканкама установа адукацыі
У дадзенай метадычнай распрацоўцы прадстаўлены формы пазакласнай работы ў рамках тыдня беларускай мовы І літаратуры

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconАб конкурсе дэкламатараў польскай паэзіі
У адпаведнасці з Палажэннем упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама аб конкурсе дэкламатараў польскай паэзіі ад 12. 09. 2006...

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconГродзенскага аблвыканкама
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2012-2013 вучэбны год у красавіку 2013 года ў рамках ІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу...

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconГродзенскага аблвыканкама
На конкурс было представлено 105 работ из 75 учреждений образования Гродненской области (Приложение 1)

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconМіністэрства культуры рэспублікі беларусь упраўленне культуры віцебскага аблвыканкама нацыянальны полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік інфармацыйнае паведамленне
Запрашаем прыняць удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 1150-годдзю Полацка

Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама iconУпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта
Уводзіны

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка