Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410)




НазваГрунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410)
Дата канвертавання01.12.2012
Памер158.74 Kb.
ТыпДокументы
ГРУНВАЛЬДЗКАЯ БІТВА (15 ЛІПЕНЯ 1410)


Грунвальдзкая бітва — вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—1411 гадоў, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году паміж саюзным польска-літоўскім і тэўтонскім войскамі. Саюз Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам адпаведна караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя Вітаўта здабыў вырашальную перамогу над войскам Тэўтонскага ордэну, якое кіравалася вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгэнам. Большасьць крыжацкіх рыцараў была забітая або ўзятая ў палон. Нягледзячы на паразу, крыжакі вытрымалі аблогу сваёй сталіцы ў Марыенбургу (цяпер Мальбарк) і пацярпелі толькі мінімальныя тэрытарыяльныя страты ў выніку Торунскай дамовы 1411 году. Тэрытарыяльныя спрэчкі працягваліся да заключэньня Мельнскага міру 1422 году. Тым ня менш, крыжакі не былі здольныя аднавіць ранейшую сілу Ордэну, і фінансавы цяжар рэпарацыяў спрычыніў нутраныя канфлікты і эканамічны спад на крыжацкіх землях. Грунвальдзкая бітва пераразьмеркавала балянс сілаў ва Ўсходняй Эўропе і зазначыла ўзыход саюза Польшчы і ВКЛ да ўзроўню дамінуючай палітычна-вайсковай фармацыі ў рэгіёне.

Грунвальдзкая бітва была адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечнай Эўропы і разглядаецца за найважнейшую перамогу ў гісторыі Беларусі. Бітву атачалі рамантычныя легенды і нацыяналістычная прапаганда, якая рабіла яе яскравым сымбалем змаганьня супраць захопнікаў і крыніцай нацыянальнай гордасьці. Цягам XX стагодзьдзя бітва выкарыстоўвалася нацысцкай і савецкай прапагандамі. Толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі гісторыкі наблізіліся да непрадузятай, навуковай ацэнкі бітвы, узгадняючыся з папярэднімі гістарычнымі крыніцамі, якія ў кожнай нацыі моцна адрозьніваюцца.


Вайна, перамір’е і падрыхтаваньні.


У траўні 1409 году выбухнула паўстаньне на падуладнай тэўтонам Жамойці. Літва падтрымала паўстаньне, а крыжакі, у сваю чаргу, пагразілі ўварваньнем. Польшча абвясьціла аб сваёй падтрымцы пазыцыі Літвы і ў адказ пагразіла ўварваньнем у Ордэн. Як толькі прускія войскі эвакуяваліся з Жамойці, тэўтонскі вялікі магістар Ульрых фон Юнгінгэн 6 жніўня 1409 году абвясьціў вайну Польскаму Каралеўству і Вялікаму Княству Літоўскаму. Крыжакі спадзяваліся перамагчы Польшчы і Літву паасобку і пачалі з набегаў на Вялікую Польшчу і Куявію, захопліваючы палякаў без папярэджаньня. Крыжакі спалілі замак у Добжыну (Добжын-над-Віслай), захапілі Баброўнікі пасьля чатырнаццацідзённай аблогі, заваявалі Быдгашч і некалькі невялікіх мястэчак. Палякі арганізавалі контрнаступленьне і вярнулі сабе Быдгашч. Жмудзіны атакавалі Мэмэль (Клайпеда). Зрэшты, ніводны з бакоў не быў гатовы да поўнамаштабнай вайны. Рымскі кароль Вацлаў IV пагадзіўся ўрэгуляваць канфлікт. Мірнае пагадненьне было падпісанае 8 кастрычніка 1409 году тэрмінам да 21 чэрвеня 1410 году. Абодва бакі выкарысталі гэты час для падрыхтаваньня да наступнай бітвы, зьбіраючы войскі і займаючыся дыпляматычнымі манэўрамі. Абодва бакі дасылалі лісты і дыпляматычныя місіі ў краіны хрысьціянскага сьвету, абвінавачваючы адзін аднаго ў шматлікіх парушэньнях і пагрозах. Вацлаў IV, атрымаўшы ад крыжакоў дарунак у 60.000 флёрынаў, абвясьціў, што Жамойць паўнапраўна належыць крыжакам, і толькі Добжынская зямля мусіць быць вернутая Польшчы. Крыжакі таксама заплацілі 300.000 дукатаў імпэратару Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонту, які меў погляды на Малдаўскае княства, за яго вайсковую падтрымку. Жыгімонт паспрабаваў разьбіць польска-літоўскі альянс, прапаноўваючы Вітаўту каралеўскую карону; прыняцьце Вітаўтам такой прапановы парушыла б умовы Востраўскага пагадненьня і выклікала б польска-літоўскія рознагалосьсі. Адначасова Вітаўт здолеў дамагчыся перамір’я зь Лівонскім ордэнам. Да сьнежня 1409 году Ягайла і Вітаўт дамовіліся наконт агульнай стратэгіі: іхнія арміі мусілі аб’яднацца ў адну буйную сілу і рушыць у напрамку да Марыенбургу (Мальбарк), сталіцы Тэўтонскага ордэну. Крыжакі, узяўшы абарончую пазыцыю, не чакалі супольнай польска-літоўскай атакі і пачалі рыхтавацца да падвойнага наступленьня — з боку палякаў, уздоўж Віслы ў напрамку да Данцыгу (Гданьск), і з боку літвінаў, уздоўж Нёману ў напрамку да Рагніту. Каб процістаяць гэтай пагрозе, Ульрых фон Юнгінгэн засяродзіў свае сілы ў Швэцы (Сьвэце), у цэнтральным пункце, адкуль тэўтонскія войскі маглі даволі хутка зрэагаваць на ўварваньне зь любога боку. Вялікія гарнізоны былі пакінутыя ва ўсходніх замках Рагніту, Рэйна (Рын) каля Лётцэна (Гіжыцка) і Мэмэля (Клайпеда). Дзеля таго, каб трымаць свае пляны ў сакрэце, Ягайла і Вітаўт арганізавалі некалькі набегаў на памежныя тэрыторыі, тым самым прымушаючы крыжакоў трымаць іхнія войскі на месцы.


Сілы бакоў.

Складана вызначыць дакладную колькасьць жаўнераў, якія прымалі ўдзел у бітве. Ніводная з тагачасных гістарычных крыніцаў не зьмяшчае дакладнага вайсковага ліку бакоў. Ян Длугаш у сваіх працах пералічвае колькасьць харугваў, асноўных адзінак кожнай кавалерыі: 51 у тэўтонаў, 50 у палякаў і 40 у ліцвінаў. Зрэшты, так і не зразумела, колькі чалавек было пад кожнай харугвай. Структура і колькасьць пяхотных войскаў (лучнікаў, арбалетчыкаў і ўзброеных пікамі), як і артылерыйскіх войскаў, невядома таксама. Колькасныя падлікі, зробленыя рознымі гісторыкамі, часта неаб’ектыўныя з-за палітычных і нацыянальных перадузятых меркаваньняў. Нямецкія гісторыкі маюць тэндэнцыю да паказу меншых вайсковых лічбаў, тым часам як польскія гісторыкі схіляюцца ў бок перавышаных падлікаў. На канчатковы прафэсійны падлік польскага гісторыка Стэфана Кучынскага ў 39 000 польска-літоўскіх і 21 000 тэўтонскіх рыцараў заходняя літаратура спасылаецца ў якасьці «агульнапрызнанага».


Саюзныя войскі.

Аснову войска Вялікага Княства складалі 40 харугваў воінаў з кожнага беларускага гораду і мястэчка: віленская, лідзкая, гарадзенская, полацкая, віцебская, наваградзкая, троцкая, ковенская, берасьцейская, ваўкавыская, медніцкая, амсьціслаўская, смаленская, пінская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская і інш. Літоўскае войска таксама ўключала ў сябе харугвы з Кіеву, тры харугвы са Смаленску пад камандаваньнем брата Ягайлы Лугвена, кантынгент татараў Заладой Арды пад камандаваньнем мірзы Джэлал ад-Дзіна.

Польскае войска складалася з 51 харугвы. У ім былі сем харугваў з Галіцкай Украіны і харугвы наймітаў з Багеміі і Маравіі. З чэхаў складаліся дзьве паўнавартасныя харугвы пад камандаваньнем Яна Сокала з Ламберка. Адным са служачых сярод чэскага войска быў Ян Жыжка, будучы кіраўнік гусіцкага руху. Аляксандар I Добры камандаваў малдаўскімі войскамі.

Галоўным камандуючым польска-літоўскага войска быў кароль Ягайла; тым ня менш, ён ня ўдзельнічаў у бітве. Літоўскія рыцары кіраваліся выключна вялікім князем Вітаўтам, які зьяўляўся намесьнікам галоўнага кіраўніка і дапамагаў у распрацоўцы галоўнай стратэгіі кампаніі. Вітаўт актыўна ўдзельнічаў у самой бітве, кіруючы як літоўскімі, так і польскімі войскамі.


Войска Тэўтонскага Ордэну.

З 27 тысячаў воінаў кіраўніцтва Ордэну сфармавала 51 тактычнае падразьдзяленьне — харугвы. Тэарэтычна, сярэдняя колькасьць адной — 530 чалавек, але практычна ў адных набіралася да тысячы байцоў, тады як у іншых — ня больш за 300. Будучы ў колькаснай меншасьці, тэўтонскае войска мела перавагі ў дысцыпліне, ваенным падрыхтаваньні і пераўзыходзячай вайсковай амуніцыі. Іхняя цяжкая кавалерыя была адной з найлепшых у Эўропе. Тэўтонскае войска аснашчалася бамбардамі, якія маглі страляць сьвінцовымі і каменнымі ядрамі. Польска-літоўскі і тэўтонскі бакі складаліся з войскаў розных краінаў і земляў, уключаючы шматлікіх наймітаў; напрыклад, багемскія рыцары змагаліся на кожным з бакоў. Тэўтоны таксама запрашалі добраахвотных воінаў. Прадстаўнікі дваццаці двух розных народаў, у пераважнай большасьці германскіх і розных частак Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі, далучыліся да тэўтонскага боку. Крыжацкія рэкруты прадстаўлялі сабой жаўнераў з Вэстфаліі, Фрызіі, Аўстрыі, Швабіі і Штэтына пад началам князя Казімера Шчэцінскага. Наёмныя аддзелы крыжакоў фармаваліся з чэхаў, мараваў, швайцарцаў. Вугорскія дваране надаслалі для тэўтонаў 200 воінаў, але падтрымка з боку імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонта была неістотнай.

Вялікі маршал Фрыдрых фон Валенродэ кіраваў левым флянгам ордэнскага войска (супраць войска ВКЛ), правым флянгам кіраваў вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштайн (супраць войска Польшчы). На галоўнай харугве Ордэну быў адлюстраваны чорны крыж з арлом у цэнтры на белым полі.


Бітва.

На золку 15 ліпеня 1410 году абодва войскі сустрэліся на тэрыторыі, якая займае прыкладна 4 км² паміж вёскамі Грунфельд (Грунвальд), Танэнбэрг (Стэнбарк), Людвігздорф (Людвігава) і Фаўлен (Ульнова). Тутэйшыя пакатыя пагоркі вышынёй больш як 200 м над узроўнем мора падзяляліся даволі шырокімі далінамі. З трох бакоў месца бітвы было акружана лясамі. Хохмайстар, дакладна вылічыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамі і прыняў меры для ўмацаваньня пазыцыі. Былі выкапаныя і замаскаваныя «воўчыя ямы»-пасткі, расстаўлены гарматы, арбалетчыкі і лучнікі. Ульрых фон Юнгінгэн разьлічваў затрымаць варожую коньніцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламі з гармат, арбалетаў і лукаў. Адбіўшы такім чынам атаку і нанёсшы ворагу страты, кінуць у бой сваю коньніцу. Хохмайстар слушна імкнуўся такімі тактычнымі хітрасьцямі неяк кампэнсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасьці.

Абодва войскі выстраіліся ў процілежныя лініі ўздоўж паўночна-ўсходняй восі. Польска-літоўскае войска разьмясьцілася сьпераду і з усходу ад Людвігздорфу і Танэнбэргу. Польская цяжкая кавалерыя ўтварыла левы флянг, літоўская лёгкая кавалерыя ўтварыла правы, шматлікія наёмніцкія войскі разьмясьціліся па цэнтры.

Перад пачаткам бою войскі сталі ў тры баявыя лініі. Першая — авангард, другая — вальны гуф, дзе знаходзіліся галоўныя сілы, трэцяя — вольны гуф з рэзэрвам. Харугвы разьмясьціліся баявым клінам зь лепшымі ваярамі ў цэнтры і па бакох. Кожная баявая лінія, ці гуф, складалася з 15—-16 харугваў.

Войска крыжакоў разьмясьцілася ў дзьве баявыя лініі. Трэцяя лінія засталася з магістрам фон Юнгінгэнам у рэзэрве. Тэўтонскія рыцары сканцэнтравалі сваю элітную цяжкую кавалерыю пад камандаваньнем грандмаршала Фрыдрыха фон Валенродэ супраць ліцвінаў. Яна разьмясьцілася ля мястэчка Танэнбэрг. Правае крыло разьмяшчалася насупраць польскага войска, яго ўзначаліў вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн.

Крыжакі, якім удалося першымі падрыхтаваць сваё войска да бітвы, спадзяваліся справакаваць палякаў і ліцвінаў атакаваць першымі. Іхнія палкі, апранутыя ў цяжкую браню, мусілі стаяць пад пякучым сонцам па некалькі гадзінаў, чакаючы нападзеньня. У адной хроніцы дапушчалася, што войскі мелі шурфы («воўчыя пасткі»), у якія нападаючае войска мусіла ўпасьці. Яны таксама спрабавалі выкарыстаць гарматную зброю, але імжысты дождж увільгатніў порах, і ў выніку было зроблена толькі два гарматныя стрэлы. Ягайла не сьпяшаўся пачынаць атаку і саюзнае войска чакала сымбалічнай каманды. Польскі кароль у той час маліўся ў паходнай капліцы і як піша Длугаш, увесь час плакаў. Скончыўшы маліцца, Ягайла ўзьехаў на ўзгорак, спусьціўся да яго падножжа і пачаў рукапалагаць у рыцары некалькі сотняў маладых воінаў. Неўзабаве пасьля Ягайлавай прамовы новапаложаным рыцарам ад Ордэну прыбылі два герольда. У аднаго на грудзі быў знак Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі — чорны арол на залатым полі, у іншага — герб князёў Шэцінскіх: чырвоны грыф на белым полі. Герольды прынесьлі два аголеных мяча — ад вярхоўнага магістра Юнгінгэна каралю Ўладзіславу і ад вялікага маршала Валенрода вялікаму князю Вітаўту — і на словах перадалі выклік на бітву. Мячы мусілі азначаць абразу і правакацыю ў бок літоўскага і польскага манархаў. Гэткі дзёрзкі выклік меў мэтай пабудзіць саюзьнікаў першымі пайсьці ў наступленьне. Вядомыя як «Грунвальдзкія мячы», яны сталіся аднымі з нацыянальных сымбаляў Польшчы.

Не дачакаўшыся загаду Ягайлы, Вітаўт адразу пасьля таго, як крыжакі адкрылі агонь з бамбардаў, паслаў у наступленьне татарскую коньніцу, якая знаходзілася на правым флянгу. Першая лінія ліцвінскага войска, якая складалася зь цяжкіх конных воінаў (так званых вершнікаў) з клічам «Вільня!» рушылі ўсьлед за татарамі. Частка татарскіх коньнікаў зь першых шэрагаў правалілася ў «воўчыя пасткі», дзе яны загінулі або атрымалі сур’ёзныя раненьні, аднак дзякуючы разгорнутаму шэрагу большасьць коньнікаў прамінулі ваенныя шурфы. Вершнікі ВКЛ атакавалі харугвы вялікага маршала Фрыдрыха фон Валенрода і, каб уклініцца ў баявыя шэрагі крыжакоў зь цяжкімі дасьпехамі, мусілі скідваць суперніка з каня альбо забіваць яго адразу. З гэтай мэтай татары выкарыстоўвалі арканы, а вершнікі — дзіды з круччамі.

Прыкладна праз гадзіну баявога сутыкненьня маршал Валенрод загадаў сваім рыцарам ісьці ў контрнаступленьне. Каб пазьбегнуць разгромнай атакі цяжкаўзброеных нямецкіх рыцараў, татары і вершнікі адарваліся ад суперніка і рушылі ў кірунку на паўночны-захад ад Танэнбэрга. Пачалося літоўскае адступленьне.

Дасьледчыкі ацэньваюць гэты ход неадназначна. Адныя (збольшага польскія і расейскія аўтары) разглядаюць адступленьне літвінаў як уцёкі, іншыя (пераважна беларускія і летувіскія аўтары) кажуць аб тактычным манэўры Вітаўта.

Апынуўшыся на пэўны час сам-насам з крыжакамі, пад іх націскам частка ліцвінскіх аддзелаў пачала адступаць. Ян Длугаш апісаў гэтую падзею поўным зьнішчэньнем ўсяго ліцвінскага войска. Паводле Длугаша, крыжакі палічылі, што перамога ўжо іхняя, таму яны кінуліся ў неарганізаваную пагоню за адступаючымі ліцвінамі, расьцярушыўшы свой баявы парадак, каб захапіць болей трафэяў перад тым, як вярнуцца на поле бою дзеля працягу змаганьня з польскімі палкамі. Аднак ён не зрабіў ніякай згадкі пра тых ліцвінаў, якія вярнуліся на поле бою. Такім чынам, Ян Длугаш адлюстраваў Грунвальдзкую бітву, як перамогу Польшчы без староньняй дапамогі. Гэты погляд быў аспрэчаны сучаснымі гісторыкамі. Яны выказалі меркаваньне, што адступленьне было сплянаваным, стратэгічным манэўрам, пазычаным у Залатой Арды. Такое ж аблуднае адступленьне выкарыстоўвалася ў бітве пад Воркслай у 1399 годзе, дзе ліцвінскае войска пацярпела разгромнае паразу і Вітаўт ледзьве ўцёк жывым. Такое меркаваньне абапіраецца на нямецкі ліст, знойдзены і апублікаваны швэдзкім гісторыкам Свэнам Экдахлам у 1963 годзе. Ліст раіў новаму вялікаму магістру сачыць за аблуднымі адступленьнямі накшталт тых, які выкарыстоўваліся ў Вялікай Бітве. Стэфэн Торнбул сьцьвярджаў, што ліцвінскае адступленьне не зусім падпадала пад формулу аблуднага адступленьня, якое ўжо прымянялася. Такое адступленьне звычайна ставіцца адной ці дзьвюма вайсковымі часьцямі (у процілегласьць усяму астатняму войску), якое хутка перацякае ў контратаку.

Частка крыжацкіх войскаў, што пагналася за ўцекачамі, была акружаная і зьнішчаная каля ліцвінскага табару («вагенбургу»). Паводле загаду Вітаўта, князь Лугвен Альгердавіч зь яго чатырма харугвамі (Мсьціслаўскай, Наўгародзкай, Аршанскай і Смаленскай), якія знаходзіліся непадалёк ад правага флянгу польскага войска, павінен быў любымі сродкамі ўтрымаць сваю пазыцыю, каб прыкрыць палякаў ад удару ў бок і сьпіну. Тры беларускія палкі і наўгародзкія найміты выканалі гэтую задачу, панесшы значныя вайсковыя страты, а адзін зь іх быў зьнішчаны цалкам.

У той час, як ліцвінскія войскі адступалі, пачалася буйная бітва паміж польскімі і тэўтонскімі сіламі. Крыжакі пад камандаваньнем вялікага комтура Куны фон Ліхтэнштайна сканцэнтраваліся на правым польскім флянгу. Шэсьць харугваў фон Валенрода не пабеглі ўвасьлед за ліцвінамі, а далучыліся да атакі на польскія харугвы. Надзвычай каштоўным трафэем зьяўлялася каралеўская харугва Кракава. Здавалася, што крыжакі ўжо пачынаюць атрымліваць тактычную перавагу, і ў адзін момант каралеўскі каронны харунжы Марцін з Врацімавіцаў нават выраніў кракаўскую харугву з выявай белага арла. Аднак яна тут жа была падхопленая ізноў. Тэўтоны ўспрынялі гэтае падзеньне як божы знак і пачалі сьпяваць велікодны гімн «Christ ist erstanden von der Marte alle…» (бел. Хрыстос уваскрэсе пасьля ўсіх пакутаў).

Нечакана пакінулі поле бою найміты з Чэхіі і Маравіі. Кіраўнік чэскіх і мараўскіх наймітаў Ян Сарноўскі быў паранены ў галаву. Пасьля гэтага яго ваяры (каля 300 чалавек) адыйшлі ад поля бою і спыніліся ў лесе. Толькі пасьля таго, як каралеўскі падканцлер Мікалай Тромба прысароміў іх, воі вярнуліся ў бітву.

Ягайла разгарнуў свае рэзэрвовыя войскі — другую лінію яго арміі. У магістра Ордэну Ульрыха фон Юнгінгэна ў падмацаваньні знаходзіліся яшчэ 16 харугваў (прыкладна траціна крыжацкага войска), і на пятай гадзіне бойкі, убачыўшы, што літоўцы адступаюць, вырашыў, што зь імі ўсё скончана, і павёў свой рэзэрв у тыл палякам.

Ягайла разгарнуў свае апошнія сілы, трэцюю лінію яго арміі. Рукапашны бой дайшоў да польскага камандваньня, і адзін крыжак, пазьней ідэнтыфікаваны як Люпольд ці Дэпольд Кёкерыц, кінуўся напрасткі да караля Ягайлы. Сакратар Ягайлы Зьбігнеў Алясьніцкі выратаваў каралю жыцьцё. Атрымаўшы каралеўскую ласку, пазьней ён стаў адным з самых уплывовых людзей у Польшчы.

У гэты час войскі вялікага князя ВКЛ Вітаўта, зьнішчыўшы крыжакоў, што прарваліся да ягонага абозу, перастроіліся і прыйшлі на дапамогу палякам, ударыўшы па крыжаках з тылу і флянгу. Пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы флянг крыжакоў з захаду. Ударная група хохмайстра і правы флянг ордэнскай арміі акружаліся паасобку. Некаторы час яны яшчэ вытрымлівалі націск, але ўрэшце былі поўнасьцю акружаныя і разьбітыя. Спрабуючы прабіцца скрозь літоўскія шэрагі, быў забіты Ульрых фон Юнгінгэн. Паводле Cronica conflictus, Дабеслаў з Алешніцы прабіў сваёй дзідай шыю вялікага магістра. Длугаш сьцьвярджаў, што забойцам быў Мшчуй са Скрынна.

Атачоная і пакінутая без камандзіра, частка тэўтонскіх войскаў пачала адступаць да свайго лягеру. Здаліся рыцары Хэлмінскай зямлі. У бязвыхадным становішчы аддалі сваю харугву замежныя «госьці» — у жывых засталіся толькі 40 рыцараў. Урэшце перасталі супраціўляцца і астатнія з тых, хто застаўся жывым.

Геройскую сьмерць на полі бітвы прынялі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэну. Акрамя хохмайстра Ульрыха фон Юнгінгэна загінулі ў акружэньні вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн, вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод, вялікі шатны, скарбнік, хэлмінскі, бежглоўскі, пакжыўніцкі, грудзяцкі, гнеўскі, нешаўскі, астродскі, папоўскі, радзыньскі і іншыя комтуры.

Адступленьне ацалелых тэўтонцаў да свайго лягера абярнулася супраць саміх крыжакоў, калі цывільныя найміты, якія сьледвалі разам з крыжацкім войскам, павярнуліся супраць сваіх гаспадароў і далучыліся да аблавы. Пасьля тэўтоны збудавалі таборы: імі атачылі ўвесь лягер, што служыла імправізаваным умацаваньнем. Зрэшты, абарона была хутка зьнішчаная, і лягер быў спустошаны. Паводле Cronica conflictus, больш рыцараў памерла там, чым на полі бою. Бітва доўжылася цягам дзесяці гадзінаў. Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамі. Усю ноч з 15 на 16 ліпеня войскі вярталіся з пагоні, везьлі палонных, захопленыя харугвы і здабычу.

Назаўтра, у сераду 16 ліпеня, на полі бою былі адшуканыя целы хохмайстра і яго паплечнікаў. Целы Ульрыха фон Юнгінгэна і некалькіх галоўных кіраўнікоў ордэна адправілі для пахаваньня ў Мальбарк. Астатніх забітых, сваіх і чужых, пахавалі на месцы.

Тэўтонскія рыцары сьпісалі паражэньне на здраду Мікалаюс фон Рэніс (Мікалая з Рыньска), камандзіра хэлмінскай харугвы, які пазьней быў абезгалоўлены без суда. Ён быў заснавальнікам і лідэрам «Зьвязу Яшчаркі» — групы крыжакоў, што сымпатызавалі Польшчы. Паводле меркаваньня тэўтонаў, фон Рэніс апусьціў сваю харугву, што было прынятае за сыгнал да здачы і прывяло да пярэпалашнага адступленьня. Легенда пра тое, што крыжакоў «ударылі нажом у сьпіну», адгукнулася пасьля Першай сусьветнай вайны ў легендзе пра ўдар нажом у сьпіну і перадвызначыла нямецкі гістарыяграфічны погляд на бітву ўсутыч да 1945 году.


Вынікі.

Параза тэўтонскіх рыцараў сталася сэнсацыйнай. Каля 8 000 тэўтонскіх воінаў былі забітыя і яшчэ 14 000 былі ўзятыя ў палон. Паводле тэўтонскай плацёжнай ведамасьці толькі 1 427 чалавек адрапартавалі ў Марыенбург, каб атрымаць сваю грашовую выплату. З 1 200 чалавек, адасланых з Данцыга, вярнуліся толькі 300. Паводле розных крыніцаў, ад 200 да 400 братоў Ордэну былі забітыя, уключаючы большасьць тэўтонскага камандаваньня — вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгэна, вялікага маршала Фрыдрыха фон Валенродэ, вялікага комтура Куна фон Ліхтэнштайна, вялікага скарбніка Томаса фон Мэргайма, маршала забясьпечваючых войскаў Альбрэхта фон Швартцбурга і дзесяці комтураў. Трое вяльможаў ордэна — Марквард фон Сальзбах, комтур брандэрбурскі, Юрген Маршалк, зброеносец вялікага магістра, і Генрых Шаўмбург, фогт ордэнскай правінцыі Самбія, былі пакараныя пасьля бітвы паводле загаду Вітаўта. Пра забойства Шаўмбурга і Маршалка паведамляецца, што прычынай быццам бы паслужылі іх дзёрзкія паводзіны. Марквард фон Зальцбах, яшчэ будучы паслом, абразіў Вітаўта. Вітаўт, убачыўшы яго сказаў па-нямецку «Du bist hi Markward…» («Ты тут, Марквард…»). На гэта крыжак рэзка адказаў: «Так, і спакойна прыму тое, што мне прызначыў учорашні дзень. А табе, князь, тое ж можа прынесьці дзень сёньняшні ці заўтрашні, бо не ў тваёй сіле вызначыць лёс!». Разьюшаны Вітаўт падаў знак, комтура адвялі ў жыта і абезгаловілі, нягледзячы на пярэчаньні караля Ягайлы.

Целы фон Юнгінгэна і іншых высокапастаўленых кіраўнікоў Ордэну былі перавезеныя для пахаваньня ў Марыенбурскі замак 19 ліпеня 1410 году. Целы падначаленых афіцыйных асобаў Ордэну і дванаццаці польскіх рыцараў былі пахаваныя ў Танэнбэрскай царкве[84]. Астатніх памерлых пахавалі ў некалькіх брацкіх магілах. Адзіным прадстаўніком вышэйшага тэўтонскага камандаваньня, які ўцёк з поля бою, быў Вэрнэр фон Тэтынгер, комтур элбінскі (Эльблёнг).

Польскія і літоўскія сілы ўзялі некалькі тысячаў ваеннапалонных. Сярод іх былі князі Конрад VII Белы з Алесьніцы і Казімер V з Памэраніі. Большасьць паспалітых жаўнераў і наймітаў былі вызваленыя неўзабаве пасьля бітвы на ўмове іх прыбыцьця ў Кракаў 11 лістапада 1410 году. Толькі тыя, ад якіх можна было чакаць выплаты выкупу, заставаліся ў зьняволеньні. Былі адзначаныя істотныя выкупы: напрыклад, найміт Гольбрахт фон Лёйм мусіў заплаціць «шэсцьдзесят разоў суму ў 150 праскіх грошай», або больш за 30 кіляграмаў срэбрам.

Пасьля бітвы пераможныя польскія-літоўскія войскі адклалі сваю атаку на тэўтонскую сталіцу ў Марыенбургу (Мальбарку), застаўшыся на полі боя яшчэ на тры дні, і толькі пасьля рушылі да сталіцы Тэўтонскае дзяржавы, адольваючы ў сярэднім па 15 км за дзень. Асноўныя саюзныя сілы прыбылі толькі 26 ліпеня 1410 году. Гэтая затрымка дала Генрыху фон Пляўэну дастаткова часу для фармаваньня абароны. Ягайла таксама адсылаў свае палкі да іншых тэўтонскіх замкаў, якія звычайна здаваліся без супраціву, уключаючы такія буйныя гарады, як Данцыг (Гданьск), Торн (Торунь) і Эльбінг (Эльблёнг). Толькі восем замкаў засталіся ў руках тэўтонцаў. Асаджаючыя войскі чакалі капітуляцыі свайго ворага і не былі падрыхтаваныя да доўгатэрміновага бою з-за нястачы амуніцыі, баявога духу і церпячы разрослую эпідэмію дызэнтэрыі. Крыжакі зьвярнуліся па дапамогу да сваіх саюзьнікаў. Імпэратар Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонт, кароль рымскі і чэскі Вацлаў IV і Лівонскі ордэн паабяцалі фінансавую падтрымку і ваеннае падмацаваньне. Аблога была зьнятая 19 верасьня 1410 году. Зрэшты, польска-літоўскія войскі пакінулі гарнізоны ў захопленых раней замках і вярнуліся дамоў. Неўзабаве крыжакі адваявалі гэтыя замкі. Да канца кастрычніка пад польскім кантролем засталіся толькі чатыры крыжацкія замкі. Ягайла сабраў новае войска і нанёс чарговую паразу крыжакам у бітве пад Карановам 10 кастрычніка 1410 году. Пасьля невялікіх іншых бітваў абодва бакі пагадзіліся на перамовы.

Торунскі мір быў падпісаны ў 1411 годзе. Паводле яго ўмоваў крыжакі саступалі Добрынскую (Добжыньскую) зямлю Польшчы і пагаджаліся пакінуць свае прэтэнзіі на Жамойць цягам жыцьця Ягайлы і Вітаўта, нягледзячы на тое, што дзьве іншыя вайны — Галодная вайна 1414 году і Голубская вайна 1422 году — будуць праведзеныя да падпісаньня Мельнскага міру, які назаўжды вырашыць тэрытарыяльныя спрэчкі. Палякі і літвіны не былі здольныя пераўтварыць сваю ваенную перамогу ў тэрытарыяльную і дыпляматычную выгаду. Зрэшты, Торунскі мір наклаў цяжкі фінансавы цяжар на крыжакоў, ад якога яны так і не акрыялі. Крыжакі мусілі сплочваць кантрыбуцыі срэбрам. Іхняя сума складала, паводле падлікаў, дзесяцікротны гадавы даход караля Ангельшчыны, разьбіты па чатырох гадавых выплатах. Каб пакрыць гэтыя выплаты, крыжакі пачалі інтэсіўна пазычаць грошы, канфіскоўваючы золата і срэбра з цэркваў і павышаючы падаткі. Два найбуйнейшыя прускія гарады, Данцыг (Гданьск) і Торн (Торунь), паднялі паўстаньне супраць павышэньня падаткаў. Паражэньне пад Грунвальдам пакінула тэўтонскіх рыцараў без дастатковага ваеннага кантынгента, каб абараніць нават тыя тэрыторыі, якія засталіся. Ад часу, калі Польшча і Літва сталі хрысьціянскімі краінамі, тэўтоны мелі моцныя цяжкасьці з рэкрутаваньнем новых добраахвотных крыжацкіх рыцараў. Тады вялікія магістры былі вымушаныя спадзявацца на наёмніцкія войскі, што моцна паменшыла і без таго вычарпаны бюджэт. Нутраныя канфлікты, эканамічны заняпад і павышэньне падаткаў прывялі да нестабільнасьці краіны і заснаваньня Прускай канфэдэрацыі ў 1441 годзе. Пазьней гэта прывяло да шэрагу канфліктаў, якія выліліся ў Трынаццацігадовую вайну 1454—1466 гадоў.


Значэньне.

Паводле мірнай дамовы 1411 году Ордэн траціў частку польскіх земляў і выплочваў вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага Княства вярталася Жамойць. Праз паўстагодзьдзя крыжакі вымушаныя былі прызнаць вяршэнства польскага караля, а ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пад уладную руку Вільні папрасіліся і землі Лівонскага ордэну[29].


Грунвальдзкая бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная зь бітваў Сярэднявечча не зьбірала такой колькасьці воінаў — некалькі дзесяткаў тысяч, і таму, што яна прадвызначыла далейшае разьвіцьцё многіх эўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага супрацьстаяньня дзьвюх магутных сіл — славян і крыжацкіх заваёўнікаў.

Як прызнаў нямецкі гісторык Е. Войгт:

Адзін дзень Грунвальда зьнішчыў хвалу і сілу Ордэна. Быў той дзень яго найвялікшай славы, рыцарскае мужнасьці, гераічнага духу, але разам з тым апошні дзень велічы, моцы і шчасьця. З ранку таго дня пачаўся ягоны заняпад на ўсе вякі.

Грунвальдзкая бітва разьвеяла ўяўленьні аб нязломнасьці і непераможнасьці Тэўтонскага Ордэну. Яго палітычная і ваенная моц была зломленая. Удар для тэўтонцаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пяць стагодзьдзяў ня ведалі нямецкай агрэсіі. Разгром крыжакоў павысіў аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Заходняй Эўропе.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconБітва пад Воршай (8 верасьня 1514) бітва ў час маскоўска-літоўскай вайны 1512-1522 гадоў паміж войскамі вкл І Вялікага княства Маскоўскага на Крапівенскім
Вкл І вялікага княства Маскоўскага на Крапівенскім полі на беразе Дняпра, у 5 км ад Воршы. Бітва скончылася абсалютнай перамогай...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconПытанне 12. Баявыя дзеянні на савецка-германскім фронце у 1942 г. Сталінградская бітва І яе значэнне. Бітва за Каўказ
М разведслужбам удалася падкінуць дэзінфармацыю Сталіну аб сваіх планах захапіць Маскву у 1942 г. Таму ён, нават ў самыя цяжкія часы...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconСлаўкаў, а як называўся горад тады, калі пад ім адбылася знакамітая бітва трох імператараў?
...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconІнфармацыйны ліст
Беларусі з 5 ліпеня па 9 ліпеня 2010 г плануецца правесці IX тыдзень касцёльнай музыкі. У якасці кіраўніка творчых майстэрняў І для...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconАнкета ўдзельніка
Тыдзень Касцёльнай Музыкі, які адбудзецца ў Полацку з 24 па 30 ліпеня 2006 года. Кошт навучання, пражывання І харчавання — 60 тыс...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconАнкета ўдзельніка VI тыдня касцёльнай музыкі
Тыдзень касцёльнай музыкі, які адбудзецца ў Полацку з 9 па 14 ліпеня 2007 года. Навучанне, пражыванне І харчаванне – бясплатнае....

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconБілет №7 Знешняя палітыка вкл у 14 –пач. 16 стст. Крэўская ўнія: прычыны, умовы І наступствы. Грунвальдская бітва
Знешняя палітыка вкл у 14 –пач. 16 стст. Крэўская ўнія: прычыны, умовы І наступствы. Грунвальдская бітва

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconАрганізатар штогадовага фэсту беларускай бардаўскай песьні І паэзіі "Аршанская бітва-2007"
Арганізатар штогадовага фэсту беларускай бардаўскай песьні І паэзіі “Аршанская бітва-2007”

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) iconУ адпаведнасці з планам работы пндлм, Аддзела міжнародных сувязей, а таксама па узгадненню з Канцэртным аддзелам, у супрацоўніцтве з Секцыяй касцёльнай музыкі
Беларусі з 6 ліпеня па 10 ліпеня 2009 года плануецца правесці VІІI тыдзень касцёльнай музыкі. У якасці кіраўніка творчай майстэрні...

Грунвальдзкая бітва (15 ліпеня 1410) icon3 ліпеня ў Беларусі будзе адзначацца афіцыйнае сьвята Дзень Рэспублікі (Дзень незалежнасьці). Гэтая дата стала сьвяточнай, паводле вынікаў рэфэрэндуму 1996
Беларусі будзе адзначацца афіцыйнае сьвята Дзень Рэспублікі (Дзень незалежнасьці). Гэтая дата стала сьвяточнай, паводле вынікаў рэфэрэндуму...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка