Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год




НазваПастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год
Дата канвертавання29.10.2012
Памер132.51 Kb.
ТыпДокументы

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на 2009 год


Езус Хрыстус — цэнтр навучання святога Паўла


Глыбокапаважаныя духоўныя асобы, браты i сёстры!

1. 28 чэрвеня 2008 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI з нагоды 2000-годдзя нараджэння святога апостала Паўла распачаў прысвечаны яму год. Цырымонiя адкрыцця адбылася ў базылiцы святога апостала Паўла ў Рыме ў прысутнасцi прадстаўнiкоў розных хрысцiянскiх веравызнанняў, у тым лiку i Канстанцiнопальскага Патрыярха Барталамея I, якi выступiў з прамоваю.

Увесь Каталiцкi Касцёл адзначае гэтую падзею, каб лепш пазнаць ролю i навучанне святога Паўла як Апостала народаў i прымяніць яго ў жыццi i мiсii сучаснага Касцёла, якому сапраўды патрэбна вялiкая, згодна з прыкладам святога Паўла, сіла ў Хрысце, каб дзейсна праводзіць евангелiзацыю i адказваць на секулярныя выклiкi нашага часу.

У сувязi з гэтым Канферэнцыя Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi выбрала дэвізам Пастырскай праграмы 2009 года словы з Паслання да Габрэяў: «Слова Божае — жывое i дзейснае» (Гбр 4, 12). Плённасць i дзейснасць Божага слова вельмi выразна падаецца ў навучаннi святога апостала Паўла, якi называў яго «мечам духоўным» (пар. Эф 6, 17). Апостал Павел меў настолькі моцную сувязь з Хрыстом i з такою сiлаю абвяшчаў Яго, што нават казаў пра сябе: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус (Гал 2, 20). Таму на пачатку Новага года мы звяртаем нашую ўвагу на навучанне святога апостала Паўла, каб у цэнтры нашага жыцця таксама быў Хрыстус.


2. Каб лепш i больш грунтоўна падысцi да пастаўленай мэты, найперш трэба звярнуць увагу на жыццё i навяртанне Паўла.

Павел, якi на самай справе называўся Саўлам, нарадзiўся у кілікійскім горадзе Тарсу (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) як «габрэй ад габрэяў» (Флп 3, 5; Дз 21, 39). У маладосцi ён пазнаёміўся з элінiстычным (грэцкiм) светапоглядам. Потым у Ерузалеме, у фарысейскай школе вядомага рабiна Гамалiэля, паглыбiў свае веды ў юдаiзме. Там ён таксама пашырыў свой досвед пра жыццёвую рэчаiснасць, што вельмі спатрэбілася яму падчас мiсiй сярод язычнікаў.

Будучы вучнем фарысейскай школы, Саўл вельмi негатыўна ставіўся да хрысцiянаў i на працягу многiх гадоў жорстка пераследаваў iх (пар. Гал 1, 13). Аднак пад Дамаскам адбыўся цуд яго навяртання: яму аб’явiўся Хрыстус, якi зрабіў яго сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце.

Хрыстафанiя, гэта значыць аб’яўленне Хрыста Саўлу перад брамаю Дамаска, прывяла да раптоўнага адпрэчвання ўсяго, што раней было яго iдэалам (пар. Флп 3, 6). У гэтым кантэксце гiсторыю, якая здарылася з Саўлам перад Дамаскам, трэба разумець як яго асабiстую сустрэчу з Хрыстом, паклiканне да веры i апостальства (пар. Дз 9, 3–16; Гал 1, 12. 15; Эф 3, 2). Страцiўшы зрок, ён стаў духоўна відушчым i ўбачыў Хрыста, таму ён пакідае ўсё i iдзе следам за Iм. З таго часу (прыкладана каля 36 года) Саўл цалкам прысвячае сваё жыццё служэнню Хрысту, якi яго «здабыў» (Фiл 3, 12). У радыкальнай змене, якая здарылася ў Саўла, трэба бачыць крынiцу яго непахіснай хрысцiянскай веры, навучання i мiсійнага захаплення.


3. Пасля кароткага побыту ў Арабскай пустынi Саўл распачынае абвяшчаць Евангелле ў Дамаску (пар. Гал 1, 17; Дз 9, 20), потым разам з Барнабам iдзе ў Ерузалем, каб сустрэцца з апосталамi, найперш з Пятром (пар. Гал 1, 18; Дз 9, 26–29). Каля 39 года ён вяртаецца ў родны Тарс (пар. Гал 1, 21; Дз 9, 30), пасля разам з Барнабам працуе ў Антыёхii (пар. Дз 11, 25), дзе рыхтуецца да першага мiсіянерскага падарожжа.

Першае мiсіянерскае падарожжа Саўла адбылося ў 45–49 гадах i ахапіла Кiпр i сярэднюю частку сучаснай Малой Азii. Падчас падарожжа ён стварае хрысцiянскiя супольнасцi ў культурных асяроддзях Малой Азii i Грэцыi, навяртае на Кiпры праконсула Паўла Сергія i з таго часу замест габрэйскага iмя Саўл выкарыстоўвае грэцкае імя Павел (Дз 13, 9). Яго апостальская дзейнасць была прыхільна сустрэта язычнікамі i выклікала абурэнне ў габрэяў.

Праз 14 гадоў пасля свайго навяртання, недзе каля 49 года, Павел разам з Барнабам iдзе ў Ерузалем  на гэтак званы Апостальскi Сабор (пар. Гал 2, 1–10; Дз 15, 1–35), у вынiку якога закон Майсея з некаторымi выключэннямi стаў неабавязковым для навернутых язычнікаў (Дз 15; Гал 2, 3–6).

У 50–52 гадах Павел накіроўваецца ў сваё другое мiсійнае падарожжа далёка за межы Малой Азii, а ў 53–58 гадах — у трэцяе. Ён наведвае тыя ж самыя землі, што i падчас другога падарожжа. Праўда, затрымліваецца на больш доўгі час у Ефэсе. Гэта быў самы плённы перыяд Паўлавага апостальства.

Апошнi этап дзейнасцi Паўла заканчваецца яго арыштам у Ерузалеме каля 58 года і зняволеннем у вязнiцы ў Кесарыі ў 58–60 гадах. Потым Павел як рымскi грамадзянiн быў пераведзены ў Рым, дзе прабыў з 61 да 63 года. У сувязі з тым, што судовы працэс над ім не быў даведзены да канца, яго выпусцілі на свабоду i, магчыма, што ён наведаў Iспанiю, хоць у яго пасланнях гаворыцца пра падарожжы на Усход. Апошнi арышт у Рыме каля 67 года скончыўся мучанiцкаю смерцю Паўла.

Такiм чынам, Павел на працягу 30 гадоў быў вельмі руплівым прапаведнiкам Евангелля i Езуса Хрыста. Пры гэтым ён падкрэслiваў, што Евангелле пад Дамаскам яму аб’явiў Пан Езус (пар. Гал 1, 11). Не выключана, што Павел і раней мог чуць пра Евангелле, бо пераследаваў хрысцiянаў (пар. Дз 22, 2), аднак аб’яўленне ўваскрослага Хрыста пад Дамаскам паказала яму шлях да поўнага разумення ролі Хрыста.

Пра гiстарычнага Езуса Павел ведаў толькі тое, што Ён нарадзiўся з жанчыны, памёр на крыжы, быў пахаваны i ўваскрос (пар. Гал 3, 1; 1 Кар 2, 2; 1 Кар 15, 4; 2 Кар 5, 16; Флп 2, 5). Аднак у сваiх пасланнях ён закране пытаннi пра тое, навошта Езус быў пасланы нябесным Айцом у свет, чаму быў укрыжаваны, як Бог уваскрасiў Яго з памерлых i ўзвялічыў. Вельмi важна, што для Паўла ўваскрослы i зямны Езус — гэта адная i тая ж Асоба.


4. Дзейнасць святога Паўла можна падзялiць на вуснае і пісьмовае абвяшчэнне Евангелля. Менавiта дзякуючы сваiм пасланням Апостал народаў стаў вестуном Божага Аб’яўлення i пасрэднiкам веры. Усяго вядома 13 пасланняў святога Паўла.

Яго пасланнi напiсаныя ў той форме, у якой наогул яны пiсалiся ў тыя часы. Найперш Павел згадвае аўтара паслання, гэта значыць самога сябе, а потым — адрасата. Далей iдуць словы прывітання, якія носяць рэлiгiйны характар: складаюцца з пажадання ласкi i супакою. Першы элемент узяты з грэцкай культуры, другi — з габрэйскай. Потым падаецца галоўная частка паслання, у якой разглядаюцца дактрынальныя пытаннi i праблемы жыцця канкрэтнай хрысцiянскай супольнасцi. Пасланні заканчваюцца благаслаўленнем.

Усе пасланнi святога Паўла вызначаюцца жыццёвасцю i дынамiзмам, якiя ўласцівыя яго характару. Хоць пасланнi Апостала народаў носяць асабiсты характар i напiсаныя з той цi iншай нагоды да людзей таго часу, усё ж у iх змешчана вялiкае багацце хрысцiянскай дактрыны i этычных нормаў. Некаторыя пасланні таксама сведчаць пра незвычайную глыбiню яго душы.


5. У Дзеях Апосталаў, напiсаных евангелiстам Лукою, i пасланнях святога апостала Паўла падаецца партрэт Апостала народаў. Павел з’яўляецца чалавекам палымянай душы, якую ён цалкам аддае рэлiгiйнаму iдэалу. Для Паўла Бог — гэта ўсё, i толькі Яму ён служыць.

Гэты вялікі запал ператвараецца ў абсалютнае адмаўленне ад сябе дзеля служэння Таму, Каго ён любiць. Праца, цяжкасцi, цярпенні, чалавечыя недахопы, пагроза смерцi (пар. 1 Кар 4, 9–13; 2 Кар 4, 8; 6, 4–10; 11, 23–27) — усё гэта не мае значэння, калi ён выконвае заданне, за якое нясе адказнасць (пар. 1 Кар 9, 16). Нiшто не можа аддаліць яго ад любовi Бога i Хрыста (пар. Рым 8, 35–39).

Пачуццё асаблiвага паклiкання абуджае ў iм бясконцыя амбiцыi ў добрым значэннi гэтага слова. Калi Павел прыпiсывае сабе клопат пра ўсе Касцёлы (пар. 2 Кар 11, 28; Клс 1, 24), калi гаворыць, што працаваў больш за iншых (пар. 1 Кар 15, 10; 2 Кар 11, 5), калi просiць вернiкаў наследаваць яго (пар. 2 Фес 3, 7), дык гэта не пыха, а пакорная дума святога. Ён, паслядоўнік Хрыста (пар. 1 Кар 15, 9; Эф 3, 8), прыпiсвае Божай ласцы ўсё, што здзейсніў (пар. 1 Кар 15, 10; 2 Кар 4, 7; Флп 4, 13; Клс 1, 29; Эф 3, 7).

Запал чулага сэрца Паўла трансфармуецца ў пачуццi да вернiкаў. Поўны даверу да Фiлiпянаў (пар. Флп 1, 7; 10–20), далiкатнасцi да Эфесцаў (пар. Дз 20, 17–38), Павел моцна абураецца, калi вернiкi Галатыi становяцца на шлях здрады сваёй веры (пар. Гал 1, 6. 3, 1–3), i балюча перажывае нясталасць вернiкаў у Карынце (пар. 2 Кар 12, 11–13, 10). У сваiм навучаннi ён выкарыстоўвае і iронiю (пар. 1 Кар 4, 8; 2 Кар 11, 7. 12, 13), i цвёрдыя настаўленнi (пар. Гал 3, 1–3. 4, 11; 1 Кар 3, 1–3. 5, 1–2. 6, 5. 11, 17–22; 2 Кар 11, 3). Павел вельмі хутка замяняе словы дакору словамі спагадлівасці (пар. 2 Кар 11, 1–2. 12, 14).

Абвяшчэнне Паўла найперш з’яўляецца  апостальскай «керыгмай» (пар. Дз 2, 22), гэта значыць абвяшчэннем Хрыста ўкрыжаванага i ўваскрослага ў шырокім значэнні гэтага слова (пар. 1 Кар 2, 2. 15, 3–4; Гал 3, 1). «Яго» Евангелле (пар. Рым 2, 16. 16, 26) не з’яўляецца яго ўласным, яно з’яўляецца агульным дабром веры (пар. Гал 1, 6–9. 2, 2; Клс 1, 5–7), спецыяльна дастасаваным да навяртання язычнікаў (пар. Гал 1, 16. 2, 7–9).

У сваiм навучаннi Павел салiдарны з навучаннем апосталаў (пар. 1 Кар 11, 23–25. 15, 3–7). Не пазнаўшы Хрыста жывога (пар. 2 Кар 5, 16), ён пазнаў Яго вучэнне (пар. 1 Фес  4, 15; 1 Кар 7, 10; Дз 20, 35). Павел таксама з’яўляецца непасрэдным сведкам веры, а яго моцнае перакананне абапiраецца на асабiсты вопыт, бо ён упершыню «бачыў» Хрыста пад Дамаскам (пар. Дз 9, 17. 22, 14. 26, 16; 1 Кар 9, 1. 15, 8) i яшчэ потым шмат разоў (пар. Дз 26, 16. 22, 17–21). Ён стаў адрасатам аб’яўленняў i рэлігійных экстазаў (пар. 1 Кар 11, 23; 2 Кар 12, 1–4; Гал 1, 12).

З запалам сэрца Паўла яднаецца яго розум, скiраваны на тое, каб дастасаваць абвяшчэнне веры да патрэбаў слухачоў. Мы ўдзячныя яму за выключныя тэалагiчныя разважаннi, у якіх ён навучае пра Езуса Хрыста. У сваiм навучаннi гэты семiт выкарыстоўвае багацце грэцкай культуры i цытуе класічных аўтараў (пар. 1 Кар 15, 33; Ціт 1, 12; Дз 17, 28). Галоўным элементам яго навучання становiцца сiла слова веры, пацверджаная знакамi Духа Святога (пар. 1 Фес 1, 5; 1 Кар 2, 4; 2 Кар 11, 5; Рым 9, 15). Яго не заўсёды лёгкiя для разумення тэксты, у якiх адначасова спалучаная рэлiгiйная i лiтаратурная сіла, нясуць такое вялікае значэнне, што, магчыма, нават не маюць сабе роўных у гiсторыi.

Хоць пасланнi святога апостала Паўла былi скiраваныя да канкрэтных чытачоў таго часу, яны таксама адрасаваныя ўсiм вернiкам. Галоўная iх мэта — абвяшчэнне заўсёды жывога Божага слова з канкрэтнымi павучаннямi. Менавiта ў пасланнях знаходзiцца ўсё багацце Паўлавага навучання. Напiсаныя ў розны час i пры розных абставiнах, яны маюць тую ж самую прынцыповую дактрыну,  сканцэнтраваную на ўкрыжаваным i ўваскрослым Хрысце, якая дастасоўваецца, развiваецца i ўзбагачаецца на працягу ўсяго жыцця, цалкам прысвечанага ўсiм людзям (пар. 1 Кар 9, 19–22). Развiццё тэалогii святога Паўла праходзiла пад уплывам Духа Святога, якi кiраваў яго апостальскаю працаю. Гэта эвалюцыя прывяла да паўнаты яго навучання.

У Першым Пасланнi да Тэсаланiкiйцаў змешчаны павучаннi пра святасць хрысцiянскага жыцця (пар. 1 Тэс 4, 1–12) i падрыхтоўку да другога прыйсця Пана (пар. 1 Тэс 4, 11–12. 5, 12–28) У Другiм Пасланнi да Тэсаланiкiйцаў ізноў узнімаецца праблема другога прыйсця Хрыста, якое будзе папярэджана вялiкiм злом i знакамi (пар. 2 Тэс 2, 1–12).Такiм чынам, Пасланнi да Тэсаланiкiйцаў маюць характар эсхаталагiчнага навучання.

У двух Пасланнях да Карынцянаў Павел разглядае такія праблемы першаснага хрысцiянства, як чыстасць (2 Кар 6, 1–11), традыцыя (пар. 1 Кар 5, 1–13. 6, 12–20), сужэнства i дзявоцтва (пар. 1 Кар 7, 1–40), рэлiгiйныя сходы i цэлебрацыi Эўхарыстыi (пар. 1 Кар 11–12), выкарыстанне харызматаў (пар.1 Кар 12, 1–14, 40), адносiны да язычнікаў (Пар 2 Кар 6, 1–11). Тое, што магло быць справай сумлення цi лiтургii, дзякуючы апосталу Паўлу становiцца нагодаю для глыбокай рэфлексіi над свабодаю хрысцiянскага жыцця, асвячэннем цела, першынством любовi i еднасці з Хрыстом.

Язычнікам Карынта святы Павел нагадвае, што ёсць толькi адзiны настаўнiк — Езус Хрыстус, толькi адзін заклік і збаўленне праз крыж, якія лічыцца глупствам у грэцкай мудрасцi, а на справе з’яўляюцца сапраўднай мудрасцю (1 Кар 1, 10–4, 13). Такiм чынам, Павел акцэнтуе сэнс жыцця хрысцiянiна на яго еднасці з Хрыстом у праўдзiвым пазнаванні веры.

Пасланні да Галатаў i Рымлянаў закранаюць адну праблему: у Пасланні да Галатаў яна выклiкана канкрэтнай сiтуацыяй адносiнаў памiж юдаiзмам i хрысцiянствам, дзе асабiстая абарона (пар. Гал 1, 11–2) стаiць побач з дактрынальнай аргументацыяй (пар. Гал 21. 3, 1–4, 31) i навучаннем (пар. Гал 5, 1–6, 18), Пасланне да Рымлянаў з’яўляецца ўпарадкаваннем думак, выклiканых гэтай палемiкай (пар. Рым 16. 1).

Калi Пасланні да Карынцянаў паказваюць Хрыста як Божую мудрасць пустой мудрасцi свету, то Пасланнi да Галатаў i Рымлянаў — як Божую справядлiвасць. У Пасланнi да Галатаў Павел падкрэслiвае, што яго Евангелле паходзiць не ад апосталаў, але ад самаго Езуса. Нягледзячы на гэта, ён стараецца кантактаваць з апосталамi, якiя цалкам пагаджаюцца з абвешчаным Паўлам Евангеллем (пар. Гал 1, 11 – 2, 14). Апостал народаў навучае пра сутнасць хрысцiянскай свабоды i неэфектыўнасць закану Майсея ў дасягненнi апраўдання (пар. Гал 2, 15–5, 12) , а таксама заклiкае не злоўжываць свабодаю, якую здабыў Хрыстус, і належным чынам яе разумець i рэалiзоўваць у сваiм жыццi (пар. Гал 5, 13–6, 10).

У Пасланнi да Рымлянаў Апостал народаў закранае праблему апраўдання на аснове веры (пар. Рым 1, 18–8, 39). Толькi збаўчая дзейнасць любячага Бога сапраўды збаўляе i вядзе да апраўдання (пар. Рым 3, 21–26). Ад чалавека патрэбна вера ў Езуса Хрыста, які сваёй смерцю адкупiў усё чалавецтва. Як прыклад веры Павел згадвае Абрагама (пар. Рым 4). Злучаючы ўсё чалавецтва з Абрагамам i Хрыстом, Павел закладае тэалагiчныя асновы паўсюднасцi збаўлення. Аднак у сувязi з тым, што грэх прысутнiчае ў жыццi чалавека, ён не вызвалены ад працы над сабою.

У Пасланнi да Фiлiпянаў, якiх Павел вельмi любiў, бо гэта была першая створаная iм хрысцiянская супольнасць, ён перасцерагае іх ад дрэнных супрацоўнiкаў (пар. Флп 3, 2). На пачатку Паслання Павел выказвае радасць ад абвяшчэння Евангелля, таму хоча быць злучаны з Хрыстом, бо для яго жыццё — гэта Хрыстус, а смерць — набытак  (Флп 1, 20–21). Павел таксама звяртае ўвагу на небяспеку ерасі i памылковага вучэння ў супольнасцях Фiлiпянаў, дзе хрысцiянаў заахвочвалi захоўваць закон Майсея. Ён гаворыць пра тое, што ўсё ўчыненае ў яго жыццi раней, ён лічыць стратаю. Найважнейшаю справаю для яго з’яўляецца Хрыстус, таму ён параўноўвае сябе з чалавекам, якi бяжыць па стадыёне, каб дасягнуць мэты (пар. Флп 3,  8. 12–14).

Пасланнi да Каласянаў, Эфесцаў i Фiлімона складаюць адну групу пасланняў святога Паўла. У Пасланнi да Каласянаў на аснове касмiчнага прымату Хрыста (пар. Клс 1, 15–18) Павел развiвае думку пра яго прымат у Касцёле i пра адкупленне (пар. Клс 1, 18–20). Хрыстус пануе над космасам, з’яўляецца Галавою Касцёла i Збаўцам свету. У iм праз веру i надзею хрысцiянiн атрымлiвае праўдзiвае пазнанне хвалы Божай (пар. Клс 1, 21–27).

Менавiта Хрыстус вызваляе верніка ад фальшывых ведаў гэтага свету, ад культу «касмiчных сiлаў» i бяссэнсавага выканання нікім не ўстаноўленых нормаў (пар. Клс 2, 3–23). Павел таксама заклікае вернікаў захоўваць абавязкi хросту (пар. Клс 3, 5–12) i выконваць абавязкi сямейнага жыцця (пар. Клс 3, 18–25).

У Пасланнi да Эфесцаў падкрэслiваецца еднасць Касцёла. Хрыстус — цэнтр i мэта адкупленага чалавецтва — яднае ўсiх у сваiм Касцёле, якiм ёсць Яго Цела, якім Ён кiруе як яго Галава  (Эф 1, 3–3, 21). Такiм чынам, гэта пасланне з’яўляецца  эклезіялагiчным, бо ў ім падаецца вучэнне пра Касцёл. У Пасланні Павел таксама заклiкае да супакою памiж хрысцiянамi (пар. Эф 4, 1–16), да ўнутранага абнаўлення прыхільнікаў Касцёла (пар. Эф 4, 17–5. 20), да жыцця ў сужэнстве (пар. Эф 5, 21–6, 9) i да барацьбы са злом (пар. Эф 6, 10–24).

Пасланне да Фiлімона — гэта самае кароткае Пасланне Паўла. У iм Павел, якi сам спазнаў цяжкасцi зняволення ў вязніцы, клапоцiцца пра вязня Анісіма, якi збег ад Фiлімона i потым пахрысцiўся. Павел адсылае яго назад да гаспадара, хрысцiянiна Фiлімона, якога просiць абысцiся з iм па-хрысцiянску, бо гэта яго брат у Хрысце. Гэтае Пасланне — нішто iншае, як манiфэст аб скасаванні нявольнiцтва, бо ў Хрысце была знішчана рознiца памiж свабоднымi i нявольнiкамi.
I ўрэшце, пастырскiя пасланнi Паўла да Цiмафея i Цiта вельмi блiзкiя па змесце, бо ў іх даюцца парады кiраўнiкам хрысцiянскiх супольнасцяў. Яны закранаюць пытанні пасадаў, лiтургii, сумеснага жыцця ў Касцёле i ерасі.

У Першым Пасланнi да Цiмафея Павел патрабуе ад бiскупа Эфэса быць пільным перад пагрозамі веры, а ў справе навучання праўдаў веры выступаць аўтарытэтна, пераканаўча i бескампрамiсна (пар. 1 Цiм 1, 18–19). Павел закранае таксама і праўды веры адносна жадання выратаваць людзей, каб яны дасягнулі пазнання праўды (пар. 1 Цiм 2, 4) і пазналі адзiнага Бога i адзiнага пасрэднiка Езуса Хрыста (пар. 1 Цiм 2, 5).

У Другiм Пасланнi да Цiмафея Павел заклiкае спазнаваць «усё вучэнне» (пар. 2 Цiм 1, 6–2, 13), перасцерагае ад фальшывых вучэнняў i ад амаральнага жыцця (пар. 2 Цiм 2, 14–4. 5).
У Пасланнi да Ціта, бiскупа Крыта, Павел раіць, як належным чынам ажыццяўляць пастырскую ўладу (пар. Цiт 1, 5–9), як абыходзіцца з фальшывымi настаўнiкамi (пар. Цiт 1, 10–16) і як наладжваць хрысцiянскае жыццё (пар. Цiт 2, 1–3, 8).


6. Праведзены кароткi аналiз пасланняў святога апостала Паўла вельмi яскрава сведчыць пра тое, што яго вера і навучанне цалкам хрыстацэнтрычныя, бо Хрыстус у iх займае цэнтральнае месца. Святы Павел сам жыве Хрыстом (пар. Гал 2, 20) i ў сваёй апостальскай руплівасці iмкнецца да таго, каб усе людзi жылi Ім, бо толькi ў Хрысце абяцанае збаўленне. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас адкрыцця Года святога Паўла сказаў, што вера Апостала народаў была не тэорыяй, а любоўю да Хрыста (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2008).

На пачатку Новага года ў Год святога апостала Паўла заклiкаю ўсiх вас, святары, законнiкi i законнiцы, браты i сёстры, у час распаўсюджвання неаязычніцтва настойлiва вывучаць спадчыну апостала язычнiкаў. Кожны на сваiм месцы, мы павiнны стаць Паўламi XXI стагоддзя, каб абвяшчаць Евангелле, абараняць хрысцiянскiя каштоўнасці i супрацьстаяць секулярным выклiкам сучаснасцi.


Даручаючы ўсiх вас апецы святога апостала Паўла, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi

Мiнск, 6 студзеня 2009 г.
Урачыстасць Аб’яўлення Пана


Выкарыстаная літаратура:

  1. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запавету. World wide printing, Duncanville, USA 2002.

  2. Biblia Jerozolimska. Wydawnictwo Pallottinum, Poznań 2006.

  3. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2008.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconКароткае апісаньне падзеяў, якія адбыліся ў Менску 9 І 16 верасня 2009 г
КаАП, быў складзены пратакол па арт. 17. 1 Каап (дробнае хуліганства). Усе адміністратыўна затрыманыя (агулам 17 чалавек) былі этапіраваныя...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconДыялог паміж мінулым І будучым: пасланне "Слова"
Алег Іванавіч Жук – намеснік дырэктара па вучэбнай працы сш №83 імя Г. К. Жукава, настаўнік гісторыі, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкома...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconЗакон республики таджикистан
Ахбори Маджлиси Оли Республики Таджикистан, 2001 год, №4, ст. 194; 2006 год, №4, ст. 199; 2007 год, №7, ст. 673; 2008 год, №12, часть...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconГэтыя матэрыялы напрацаваны за час дзейнасці еўрапейскага школьнага клубу ў ліцэі №2 г. Мінска. Мэтазгодна знаёмства пачынаць са
Гэтыя матэрыялы напрацаваны за час дзейнасці еўрапейскага школьнага клубу ў ліцэі №2 г. Мінска. Мэтазгодна знаёмства пачынаць са...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconПасланне прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу І Нацыянальнаму сходу

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconПракуратура Цэнтральнага раёна г. Мінска
Потым паднялі, закруцілі руку І гвалтоўна адвялі ў аўтобус. У аўтобусе некалькі разоў атрымаў ад ІХ удары па сьпіне. Потым нас павезлі...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconАб узаемадзеянні бібліятэк г. Мінска з нацыянальнымі культурнымі таварыствамi (аб’яднаннямi)
Арганізаваць на базе дзяржаўнай сеткі бібліятэк г. Мінска правядзенне эксперымента, накіраванага на сумесную з нацыянальнымі культурнымi...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconСообщение об утверждении годовой бухгалтерской отчетности ОАО "Футбольный клуб "Кубань" за 2009 год
Протоколом 1 Годового Общего собрания акционеров ОАО "Футбольный клуб "Кубань" от "25" июня 2010 года по итогам финансово-хозяйственной...

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconЯкі сімвал адлюстраваны на гербе Мінска?
Са старажытных пісьмовых помнікаў вядома, што кожны горад здаўна меў свой герб. Які сімвал адлюстраваны на гербе Мінска?

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на 2009 год iconМогилевский областной исполнительный комитет управление образования
Магілеўскага аблвыканкама ад 05. 2009 г. №144, а таксама ў мэтах фарміравання светапогляду І духоўных каштоўнасцяў асобы праз даследаванне...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка