Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы




НазваМоўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы
Дата канвертавання18.11.2012
Памер179.01 Kb.
ТыпДокументы
Праграмы на 2008/2009 навучальны год

для школ з беларускай мовай навучання


Беларуская мова


Тлумачальная запіска


Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы. Натуральная патрэбнасць выкарыстання беларускай мовы ўзнікае ў працэсе яе пачуццёва-вобразнага ўспрымання. Практычная накіраванасць моўнай адукацыі дазваляе вучням засвойваць функцыянальныя ўласцівасці моўных адзінак. Засваенне асаблівасцей ужывання формаў вуснай і пісьмовай мовы з улікам фанетычных, лексічных і граматычных нормаў садзейнічае мэтанакіраванай моўнай падрыхтоўцы малодшых школьнікаў.

Мэтай навучання малодшых школьнікаў беларускай мове з’яўляецца засваенне тэксту, сказа, слова і гука як адзінак мовы і на гэтай аснове фарміраванне ўменняў і навыкаў валодання вуснай і пісьмовай мовай як сродкам зносін.

Задачамі навучання беларускай (роднай) мове ў пачатковых класах з’яўляюцца:

  • фарміраванне пазнавальнай актыўнасці вучняў, іх маральных, этычных і эстэтычных якасцей у працэсе вывучэння роднай мовы;

  • асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

  • асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука як моўных адзінак;

  • засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў;

  • фарміраванне камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў;

  • развіццё практычных уменняў і навыкаў правільнага ўжывання беларускай мовы;

  • узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, засваенне вымаўленчых нормаў, правілаў правапісу;

  • авалоданне каліграфічнымі навыкамі.

Сістэмна-апісальны прынцып дазваляе забяспечваць асэнсаванае ўспрыманне вучнямі моўных адзінак, фарміраванне лінгвістычных ведаў па фанетыцы, лексіцы, граматыцы і іх практычнае выкарыстанне ў розных моўных сітуацыях. Лінгвістычныя веды разглядаюцца як важнейшая ўмова развіцця пазнавальнай актыўнасці і культуры мовы малодшых школьнікаў.

Практычная накіраванасць курса беларускай мовы абумоўлена камунікатыўна-дзейнасным прынцыпам.

Пры дапамозе мовы вучань аналізуе прачытанае, засвойвае звесткі, абагульняе, вызначае сувязі, адбірае патрэбны матэрыял, стварае тэксты, разважае, пераказвае і г. д. — авалодвае агульнавучэбнымі ўменнямі.

Праграма па беларускай мове складаецца з чатырох асноўных раздзелаў: “Тэкст”, “Сказ”, “Слова”, “Гукі мовы. Літары”. У кожным раздзеле праграмы па беларускай мове даюцца агульныя паняцці аб моўных фактах, раскрываюцца іх асаблівасці.

Уступны раздзел “Родная мова” мае накіраванасць на фарміраванне ў вучняў устойлівай увагі да роднай беларускай мовы. Перад вучнямі раскрываюцца асаблівасці вуснай і пісьмовай мовы, асноўныя яе функцыі, даюцца некаторыя правілы моўнага этыкету.

Раздзел “Гукі мовы. Літары” вырашае задачы ўдасканалення фанетычных і графічных уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў: распазнаваць на слых, правільна вымаўляць і абазначаць на пісьме галосныя і зычныя гукі, цвёрдыя і мяккія, звонкія і глухія зычныя, правільна называць літары алфавіта і карыстацца імі, суадносіць у словах гукі і літары, распазнаваць націскныя склады.

Пры вывучэнні раздзела “Тэкст” у вучняў фарміруюцца ўяўленні пра тэкст як камунікатыўную адзінку мовы (выказванне). Асаблівасцю вывучэння тэксту з’яўляецца тое, што ён разглядаецца як вынік моўнай дзейнасці. Гатовы тэкст дзеці могуць перабудаваць, пераказаць, падзяліць на часткі і вызначыць іх унутраную сувязь, скласці яго план. Пры стварэнні ўласнага тэксту важна звяртаць увагу дзяцей на адпаведнасць фактычнага матэрыялу тэме і задуме выказвання.

Абагульненыя звесткі пра тэкст маюць практычную накіраванасць, якой прадугледжваецца:

1) удакладненне ўяўленняў вучняў пра тэкст як адзінку выказвання, якая звычайна складаецца з некалькіх сказаў, звязаных паміж сабой па сэнсу;

2) фарміраванне ўмення адрозніваць паміж сабой апавядальныя і апісальныя тэксты, а таксама практычнае азнаямленне з тэкстам-разважаннем;

3) пераказ і стварэнне ўласных тэкстаў розных тыпаў.

Пры вывучэнні раздзела “Сказ” дзеці засвойваюць сказ як асноўную сінтаксічную адзінку мовы, вучацца вызначаць граматычную аснову сказа, устанаўліваць сувязь паміж словамі ў сказе, ужываць сказы з аднароднымі членамі, а таксама знаёмяцца з рознымі па мэце выказвання сказамі (апавядальнымі, пытальнымі і пабуджальнымі), іх інтанацыяй і знакамі прыпынку ў канцы сказаў.

Раздзел “Слова” змяшчае звесткі пра слова як лексічную адзінку мовы, пра састаў слова і падзел слоў на часціны мовы. Асноўнай прыметай слова як лексічнай адзінкі з’яўляецца тое, што яно выдзяляецца са сказа і мае суадноснасць з прадметам, прыметай прадмета або дзеяння. Самастойныя (знамянальныя) словы служаць назвамі таго, што можа быць прадметам думкі.

Праграмай прадугледжваецца азнаямленне вучняў з мнагазначнымі словамі, ужываннем слоў у прамым і пераносным значэнні, словамі з блізкім і супрацьлеглым значэннем.

Вывучэнне слова звязана з устанаўленнем яго марфалагічнай будовы і аднясеннем да пэўнай часціны мовы. З улікам важнасці ведаў пра састаў слова для развіцця мовы вучняў і іх арфаграфічнай граматнасці праграмай прадугледжана вывучэнне значымых частак слова, падбор аднакаранёвых (роднасных) слоў, а таксама ўтварэнне слоў пры дапамозе прыставак і суфіксаў.

У пачатковых класах вучні знаёмяцца з часцінамі мовы, вучацца праводзіць элементарны марфалагічны разбор назоўніка, прыметніка, займенніка, дзеяслова і прыслоўя.

Для фарміравання арфаграфічных уменняў і навыкаў асаблівае значэнне мае знаёмства вучняў на практычным узроўні са змяненнем назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў. Дзеці таксама вучацца ўжываць прыслоўі і службовыя словы ў сказах.

Навучанне моўнаму аналізу ў пачатковых класах праводзіцца ў межах элементарнага фанетычнага, лексічнага, марфалагічнага і сінтаксічнага разбору: гука-літарны аналіз слова, разбор слоў па саставу, вызначэнне часцін мовы, вызначэнне дзейніка і выказніка як галоўных членаў сказа. Малодшыя школьнікі засвойваюць некаторыя правілы правапісу і пунктуацыі, нормы вымаўлення, удасканальваюць каліграфічныя навыкі.

Для рэалізацыі зместу навучання беларускай мове ў пачатковых класах неабходна выкарыстоўваць адпаведныя падручнікі, сшыткі на друкаванай аснове і іншыя сродкі навучання, зацверджаныя або дапушчаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Настаўнікам прапануюцца метадычныя дапаможнікі для падрыхтоўкі да ўрокаў беларускай мовы.

ПРАГРАМА


ІІ клас

(102 гадзіны)


Родная мова (4 г)

Беларуская мова — мова беларускага народа. Беларуская і руская мовы — роднасныя (блізкія паміж сабой).

Формы мовы: вусная і пісьмовая.

Родная мова як сродак зносін паміж людзьмі (агульнае паняцце). Ужыванне слоў і зваротаў ветлівасці.

Гукі мовы. Літары (54 г)

Гук як адзінка вуснай мовы. Вычляненне гукаў са слоў. Роля гукаў у адрозненні слоў.

Абазначэнне гукаў літарамі на пісьме. Алфавіт. Назвы літар алфавіта. Практычнае значэнне алфавіта. Знаёмства з арфаграфічным слоўнікам.

Галосныя гукі. Абазначэнне галосных гукаў на пісьме літарамі а, о, у, і, ы, э, е, ё, ю, я. Абазначэнне літарамі е, ё, ю, я, і гукаў [й’э], [й’о], [й’у], [й’а], [й’і] у словах (пераехаць, ёлка, юшка, яма, маіх).

Склады слова. Роля галосных ва ўтварэнні складоў. Падзел слова на склады і для пераносу.

Націск у слове. Абазначэнне націску на пісьме ( ́): горад — гарады́. Роля націску ў адрозненні слоў. Націскныя і ненаціскныя галосныя ў словах. Правапіс галосных о, э — а і е, ё — я ў словах.

Зычныя гукі. Парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме літарамі е, ё, ю, я, і. Мяккі знак (ь) для абазначэння мяккасці зычных. Няпарныя цвёрдыя гукі [ж], [ч], [ш], [р], [дж], [ц]. Напісанне галосных а, о, у, ы, э пасля літар, якія абазначаюць няпарныя цвёрдыя гукі (дажджы, цэгла).

Вымаўленне слоў з цвёрдымі [д], [т] і мяккімі [дз’], [ц’] зычнымі. Напісанне е, ё, і, ю, я пасля мяккіх [дз’], [ц’]: гняздо — у гняздзе, іду — ідзеш, холад — халадзільнік, пошта — на пошце, жыта — у жыце.

Звонкія і глухія зычныя: парныя [б] — [п], [б’] — [п’], [д] — [т], [дз’] — [ц’], [з] — [с], [з’] — [с’], [ж] — [ш], [дж] — [ч], [г] — [х], [г’] — [х’]; няпарныя звонкія [р], [л], [м], [н], [в], [й], [ў]; няпарныя глухія [к], [ф]. Вымаўленне і правапіс слоў са звонкімі і глухімі зычнымі. Літары, якія пры напісанні трэба правяраць (агульнае паняцце аб арфаграме). Спосабы праверкі напісання парных звонкіх і глухіх зычных: грыб — грыбок, дуб — дубы, сцежка — сцежачка, казка — казачка.

Падоўжаныя зычныя [з’], [с’], [дз’], [ц’], [л’], [н’], [ж], [ч], [ш] у словах: збожжа, калоссе, жыццё. Вымаўленне і правапіс слоў з падоўжанымі зычнымі. Абазначэнне на пісьме падоўжаных зычных падвоеным напісаннем адпаведнай літары (насенне, багацце). Абазначэнне на пісьме падоўжанага гука [дз’] спалучэннем літар ддз: асяроддзе, стагоддзе. Падзел слоў з падоўжанымі зычнымі для пераносу: ноч-чу, восен-ню, мед-дзю.

Літары у, ў (у нескладовае). Правапіс ў (у нескладовага) у словах і словазлучэннях (дрэўца, пайшоў, Яўген, пайшлі ў школу). Правіла пераносу слоў з ў: заў-тра, Яў-ген.

Літары і, й (і нескладовае). Правапіс літары й пасля галосных у сярэдзіне ці на канцы слова (лінейка, мой). Правіла пераносу слоў з й: соней-ка, зай-чык.

Раздзяляльныя знакі ў словах. Напісанне апострафа (’) у словах перад галоснымі е, ё, ю, я, і (з’езд, пад’ём, сям’я, вераб’і). Напісанне раздзяляльнага мяккага знака (ь) у словах пасля зычных дз, з, л, н, с, ц перад галоснымі е, ё, ю, я, ю, і, калі яны абазначаюць два гукі [й’э], [й’о], [й’у], [й’а], [й’і] (паштальён, палью, мільён).

Тэкст (6 г)

Агульнае паняцце пра тэкст.

Тэма тэксту. Асноўная думка тэксту. Супастаўленне тэксту і асобных сказаў, якія не аб’яднаны агульнай тэмай. Сэнсавая сувязь сказаў у тэксце.

Загаловак тэксту. Падбор загалоўка да тэксту.

Падзел тэксту на часткі: пачатак, асноўная частка, заключная частка.

Пераказ тэксту (па пытаннях).

Сказ (9 г)

Сказ як адзінка мовы (агульнае паняцце).

Асноўныя прыметы сказа. Сэнсавая і інтанацыйная закончанасць сказа. Вычляненне сказаў з тэксту. Вялікая літара ў пачатку сказа. Знакі прыпынку ў канцы сказаў: кропка, пытальнік, клічнік.

Сувязь слоў у сказе. Вызначэнне сувязі слоў у сказе па пытаннях.

Галоўныя члены сказа: словы, якія абазначаюць, пра каго або пра што гаворыцца ў сказе і што пра гэта гаворыцца.

Слова (26 г)

Слова як моўная адзінка (агульнае паняцце).

Вычляненне слова са сказа. Вызначэнне сэнсу слова ў сказе. Знаёмства з тлумачальным слоўнікам.

Назвы прадметаў. Абазначэнне словамі прадметаў і з’яў рэчаіснасці. Словы, якія абазначаюць прадметы і адказваюць на пытанні хто? або што? Вялікая літара ў імёнах, імёнах па бацьку, прозвішчах, мянушках жывёл, назвах краін, гарадоў, вёсак, рэк.

Назвы прымет прадметаў. Словы, якія абазначаюць прыметы прадметаў і адказваюць на пытанні які? якая? якое? якія? Ужыванне слоў, якія абазначаюць прыметы прадметаў, у мове.

Назвы дзеянняў прадметаў. Словы, якія абазначаюць дзеянні і адказваюць на пытанні што рабіць? што зрабіць? што раблю? і інш. Асобнае напісанне не са словамі, якія абазначаюць дзеянні прадметаў.

Практычнае знаёмства з прыназоўнікамі з, на, у, па, да, ад, над, пад, каля. Асобнае напісанне прыназоўнікаў з іншымі словамі.

Корань слова. Аднакаранёвыя словы. Падбор аднакаранёвых слоў.

Паўтарэнне (3 г)

Вусная і пісьмовая мова. Гукі і літары мовы. Правапіс галосных о, э — а і е, ё — я. Правапіс у словах цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх зычных, апострафа і раздзяляльнага мяккага знака. Тэма тэксту. Сувязь слоў у сказе. Знакі прыпынку ў канцы сказаў. Словы, якія маюць значэнне прадмета, прыметы прадмета, дзеяння. Аднакаранёвыя словы.

Каліграфічнае пісьмо. Правілы гігіены пісьма: правільная пасадка за школьнай партай, сталом, становішча сшытка на стале, ручкі ў руцэ. Размяшчэнне пісьмовых прылад, падручніка на стале.

Удасканаленне навыкаў правільнага напісання літар, рацыянальных спосабаў злучэння літар у словах. Напісанне малых і вялікіх літар у парадку ўскладнення іх формы.

Практыкаванні па развіццю рытмічнасці, плаўнасці пісьма.


АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ ІІ КЛАСА

Гукі мовы. Літары

Вучні павінны ведаць:

• беларускі алфавіт;

• аб адрозненні галосных і зычных гукаў;

• аб складаўтваральнай ролі галосных гукаў;

• аб націску ў словах;

• аб цвёрдых і мяккіх зычных;

• аб парных звонкіх і глухіх зычных.

Вучні павінны ўмець:

• правільна пісаць словы, сказы, тэксты з захаваннем нормаў пісьма;

• вычляняць гукі са слоў;

• размяшчаць словы ў алфавітным парадку;

• адшукваць словы ў слоўніку;

• падзяляць словы на склады і для пераносу;

• вызначаць націскныя і ненаціскныя склады;

• пісаць словы з галоснымі о, э — а і е, ё — я;

• абазначаць на пісьме мяккасць зычных галоснымі літарамі і мяккім знакам (ь);

• пісаць словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі;

• пісаць словы з падоўжанымі зычнымі;

• пісаць словы з раздзяляльнымі знакамі;

• пісаць дз, ц у словах;

• пісаць ў (у нескладовае) у словах;

• пісаць і, й (і нескладовае) у словах;

• правільна вымаўляць гукі, спалучэнні гукаў, словы.

Тэкст

Вучні павінны ведаць:

• аб тэксце як моўнай адзінцы;

• аб тэме і асноўнай думцы тэксту;

• аб загалоўку тэксту.

Вучні павінны ўмець:

• адрозніваць тэкст ад набору сказаў, якія не звязаны паміж сабою;

• падбіраць загаловак да тэксту;

• вызначаць тэму і асноўную думку тэксту;

• пераказваць тэкст па пытаннях.

Сказ

Вучні павінны ведаць:

• аб сказе як адзінцы мовы;

• аб словах у сказе, якія абазначаюць, пра каго або пра што гаворыцца ў сказе і што пра гэта гаворыцца.

Вучні павінны ўмець:

• вызначаць межы сказа;

• пісаць сказ з вялікай літары;

• ставіць кропку, пытальнік або клічнік у канцы сказа;

• вызначаць сувязь слоў у сказе па пытаннях;

• вызначаць словы ў сказе, якія абазначаюць, пра каго або пра што гаворыцца і што пра гэта гаворыцца.

Слова

Вучні павінны ведаць:

• аб слове як моўнай адзінцы;

• аб назвах прадметаў;

• аб назвах прымет прадметаў;

• аб назвах дзеянняў прадметаў;

• аб корані слова і аднакаранёвых словах.

Вучні павінны ўмець:

• вычляняць слова са сказа;

• ставіць пытанні хто? што? да слоў, якія абазначаюць назвы прадметаў;

• ставіць пытанні які? якая? якое? якія? да слоў, якія абазначаюць назвы прымет прадметаў;

• ставіць пытанні што рабіць? што зрабіць? да слоў, якія абазначаюць назвы дзеянняў прадметаў;

• ужываць прыназоўнікі з, на, у, па, да, ад, пад, над, каля.

Слоўнікавыя словы

Акварыум, бібліятэка, выйграць, герой, дзверы, дождж, калектыў, майстар, медаль, месяц, метро, мяккі, наваколле, надвор’е, памяць, песня, подзвіг, пыласос, Радзіма, рукзак, Рэспубліка Беларусь, свята, спектакль, стадыён, сябар, тэатр, хадзьба, цвёрды, чацвер, экскурсія, яблык.


ІII клас

(105 гадзін)

Паўтарэнне (3 г)

Вызначэнне тэмы і асноўнай думкі тэксту. Падбор загалоўка да тэксту. Вызначэнне слоў у сказе, якія абазначаюць, пра каго або пра што гаворыцца ў сказе і што пра гэта гаворыцца. Пастаноўка знакаў прыпынку ў канцы сказаў. Распазнаванне і адрозненне слоў, якія абазначаюць назвы прадметаў, прымет прадметаў, дзеянняў. Вызначэнне націску ў слове. Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме. Напісанне парных звонкіх і глухіх зычных.

Тэкст (7 г)

Спосабы выказвання асноўнай думкі ў тэксце.

Тэкст-апавяданне і тэкст-апісанне (агульнае паняцце).

План тэксту. Падрабязны пераказ тэксту па плану.

Сказ (17 г)

Сказы апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя. Клічныя сказы. Інтанацыя клічнага сказа.

Дзейнік і выказнік як аснова сказа (агульнае паняцце пра галоўныя члены сказа). Вызначэнне слоў у сказе, якія звязаны з дзейнікам. Вызначэнне слоў у сказе, якія звязаны з выказнікам. Пашырэнне асновы сказа іншымі словамі (агульнае паняцце пра словазлучэнне). Вызначэнне сувязі слоў у сказе пры дапамозе пытанняў.

Слова (71 г)

Агульнае паняцце пра мнагазначныя словы. Ужыванне слоў у прамым і пераносным значэнні. Словы з блізкім значэннем. Словы з супрацьлеглым значэннем. Падбор слоў з блізкім і супрацьлеглым значэннем. Складанне сказаў, у якіх выразна праяўляецца кожнае са значэнняў слова.

Састаў слова (аснова і канчатак). Аснова як нязменная частка слова, якая заключае ў сабе агульнае яго значэнне. Роля канчатка ў змяненні слова. Агульнае паняцце аб нулявым канчатку. Канчатак як сродак сувязі слоў у сказе.

Корань як агульная частка аднакаранёвых слоў. Напісанне парных звонкіх і глухіх зычных у аднакаранёвых словах.

Прыстаўка. Ужыванне ў мове слоў з прыстаўкамі. Правапіс прыставак аб-, ад-, над-, пад-. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на (-с). Перанос слоў з прыстаўкамі. Апостраф у словах з прыстаўкамі: аб’ехаць, пад’ехаць. Падваенне зычных на стыку прыстаўкі і кораня: аддаць, рассыпаць. Напісанне прыставак і прыназоўнікаў.

Суфікс. Ужыванне ў мове слоў з суфіксамі. Падваенне зычных на стыку кораня і суфікса: лімонны, ранні.

Часціны мовы: назоўнік, прыметнік, дзеяслоў (агульнае паняцце).

Назоўнік як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне назоўніка па значэнню і пытанню. Назоўнікі, якія абазначаюць назвы жывых істот і нежывых прадметаў. Род назоўнікаў. Змяненне назоўнікаў па ліках. Утварэнне множнага ліку пры дапамозе канчаткаў -ы, -і: сасна — сосн-ы, конь — кон-і.

Прыметнік як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне прыметніка па значэнню і пытанню. Сувязь прыметніка з назоўнікам у сказе. Змяненне прыметнікаў па родах і ліках у залежнасці ад назоўнікаў, з якімі яны звязаны: сонечны дзень, сонечнае надвор’е, сонечныя дні.

Дзеяслоў як часціна мовы (агульнае паняцце). Вызначэнне дзеяслова па значэнню і пытанню. Цяперашні, прошлы і будучы час дзеяслова (агульнае паняцце аб змяненні дзеяслова па часах). Вызначэнне часу дзеяслова па пытанню. Дзеясловы адзіночнага і множнага ліку. Правапіс не з дзеясловамі.

Паўтарэнне (7 г)

Вызначэнне асноўнай думкі тэксту. Распазнаванне апісальных і апавядальных тэкстаў. Падрабязны пераказ тэксту па плану. Вызначэнне асновы сказа (дзейніка і выказніка). Пашырэнне асновы сказа іншымі словамі. Разбор слоў па саставу. Вызначэнне роду і ліку назоўнікаў. Вызначэнне роду і ліку прыметнікаў. Вызначэнне часу і ліку дзеясловаў.

Каліграфічнае пісьмо. Замацаванне гігіенічных навыкаў пісьма. Пісьмо ў сшытках з разліноўкай у адну лінейку. Напісанне складаных для вучняў літар і злучэнняў. Звязнае, рытмічнае пісьмо слоў, сказаў і тэкстаў.


АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ ІІІ КЛАСА

Тэкст

Вучні павінны ведаць:

• аб асноўнай думцы тэксту;

• аб тэкстах-апісаннях і тэкстах-апавяданнях.

Вучні павінны ўмець:

• вызначаць тэму і асноўную думку тэксту;

• складаць план тэксту;

• падрабязна пераказваць тэкст па плану.

Сказ

Вучні павінны ведаць:

• аб апавядальных, пытальных і пабуджальных сказах;

• аб дзейніку і выказніку як аснове сказа.

Вучні павінны ўмець:

• вызначаць апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя сказы;

• правільна афармляць клічныя сказы на пісьме;

• вызначаць аснову сказа (дзейнік і выказнік);

• пашыраць аснову сказа іншымі словамі;

• вызначаць сувязь дзейніка і выказніка з іншымі словамі па пытаннях.

Слова

Вучні павінны ведаць:

• аб мнагазначных словах;

• аб прамым і пераносным значэнні слова;

• аб словах з блізкім значэннем;

• аб словах з супрацьлеглым значэннем;

• аб значымых частках слова;

• аб напісанні прыставак і прыназоўнікаў;

• аб назоўніку, прыметніку, дзеяслове як часцінах мовы.

Вучні павінны ўмець:

• ужываць словы ў прамым і пераносным значэнні;

• падбіраць словы з блізкім і супрацьлеглым значэннем;

• вызначаць у слове значымыя часткі;

• пісаць прыстаўкі аб-, ад-, над-, пад- і прыстаўкі, якія заканчваюцца на -з (-с);

• пісаць словы з апострафам пасля прыставак;

• пісаць галосныя і зычныя ў аднакаранёвых словах;

• пісаць словы з падваеннем зычных на стыку кораня і суфікса;

• разбіраць словы па саставу;

• адрозніваць назоўнікі, прыметнікі і дзеясловы як часціны мовы;

• вызначаць род і лік назоўнікаў;

• вызначаць род і лік прыметнікаў;

• вызначаць час і лік дзеясловаў;

• пісаць не з дзеясловамі.

Слоўнікавыя словы

Адцвітаць, бутэрброд, восеньскі, гарадскі, драўляны, зімародак, камбайн, камбайнер, крыштальны, навыперадкі, напрадвесні, напрасткі, натхнёны, наўздагон, павяваць, пясчаны, саламяны, самацветы, сардэчны, суседні, цвісці.


IV клас

(105 гадзін)

Паўтарэнне (6 г)

Вызначэнне прымет тэксту: тэмы, асноўнай думкі, сувязі сказаў у тэксце. Распазнаванне апавядальных і апісальных тэкстаў. Падрабязны пераказ апавядальнага тэксту з элементамі апісання.

Вызначэнне апавядальных, пытальных і пабуджальных сказаў. Распазнаванне і ўжыванне ў мове клічных сказаў.

Вызначэнне дзейніка і выказніка як асновы сказа.

Вызначэнне роду і ліку назоўнікаў і прыметнікаў. Устанаўленне сувязі прыметніка з назоўнікам у сказе. Змяненне дзеясловаў па ліках і часах.

Вызначэнне саставу слова. Напісанне прыставак. Ужыванне прыставак і суфіксаў у словах.

Тэкст (7 г)

Сродкі сувязі сказаў у тэксце: парадак слоў у сказе, замяшчальныя словы (на практычным узроўні). Выкарыстанне сродкаў сувязі сказаў у тэксце.

Знаёмства з тэкстам-разважаннем. Складанне вусных тэкстаў-разважанняў.

Структурныя часткі тэксту (агульнае паняцце). Падзел тэксту на часткі. Сувязь паміж часткамі тэксту.

Складанне плана тэксту. Падрабязны і сціслы пераказ тэксту па плану (пад кіраўніцтвам настаўніка).

Сказ (15 г)

Паняцце пра аднародныя члены сказа. Сказы з аднароднымі дзейнікамі. Сказы з аднароднымі выказнікамі. Сродкі сувязі аднародных членаў сказа: інтанацыя пералічэння аднародных членаў сказа; словы і, а, але, якія могуць злучаць аднародныя члены сказа. Знакі прыпынку паміж аднароднымі членамі сказа. Вызначэнне і ўжыванне аднародных членаў сказа.

Слова (73 г)

Назоўнік (29 г). Змяненне назоўнікаў па склонах. Назвы склонаў і склонавыя пытанні. Вызначэнне склону назоўніка ў сказе (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а (-я) у назоўным склоне адзіночным ліку (І скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў І скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнiкаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку (ІІ скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў ІІ скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з нулявым канчаткам у назоўным склоне (ІІІ скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў ІІІ скланення (з апорай на табліцу).

Змяненне назоўнiкаў у множным лiку. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў у множным ліку (з апорай на табліцу).

Прыметнік (15 г). Змяненне прыметнікаў па ліках, родах і склонах.

Змяненне прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку па склонах. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку (з апорай на табліцу).

Змяненне прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку па склонах. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку (з апорай на табліцу).

Змяненне прыметнікаў множнага ліку па склонах. Вызначэнне склону прыметніка множнага ліку па пытанню і склону назоўніка, да якога ён адносіцца. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў прыметнікаў множнага ліку (з апорай на табліцу).

Займеннік (5 г). Агульнае паняцце пра займеннік як часціну мовы. Асабовыя займеннікі: я, мы — 1-я асоба; ты, вы — 2-я асоба; ён, яна, яно, яны — 3-я асоба. Лік асабовых займеннікаў. Род асабовых займеннікаў. Змяненне асабовых займеннікаў па склонах (з апорай на табліцу).

Правапіс прыназоўнікаў з займеннікамі.

Дзеяслоў (20 г). Змяненне дзеясловаў па часах і ліках. Назіранні за дзеясловамі, якія не змяняюцца па часах і ліках (неазначальная форма дзеяслова).

Змяненне дзеясловаў цяперашняга i будучага часу па асобах i лiках (спражэнне). Утварэнне асабовых форм дзеясловаў (з апорай на табліцу). Азнаямленне з напісаннем асабовых канчаткаў дзеясловаў цяперашняга і будучага часу (з апорай на табліцу). Адрозненне асабовых канчаткаў дзеясловаў (з апорай на табліцу).

Змяненне дзеясловаў прошлага часу па ліках. Змяненне дзеясловаў прошлага часу адзіночнага ліку па родах. Суфікс -ў дзеясловаў мужчынскага роду. Суфікс -л- дзеясловаў жаночага і ніякага роду.

Прыслоўе (4 г). Агульнае паняцце аб прыслоўі як часціне мовы. Роля прыслоўяў у мове. Напісанне прыслоўяў.

Паўтарэнне (4 г)

Падзел апавядальных і апісальных тэкстаў на структурныя часткі. Складанне плана тэксту. Пераказ тэксту па плану. Вызначэнне аднародных членаў сказа. Напісанне склонавых канчаткаў назоўнікаў 1, 2 і 3-га скланенняў (з апорай на табліцу). Напісанне канчаткаў прыметнікаў (з апорай на табліцу). Напісанне канчаткаў дзеясловаў (з апорай на табліцу і памятку).

Каліграфічнае пісьмо. Выкарыстанне рацыянальных спосабаў злучэння літар у словах.

Практыкаванні ў развіцці рытмічнасці пісьма, якія садзейнічаюць яго паскарэнню.


АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ IV КЛАСА

Тэкст

Вучні павінны ведаць:

• аб асноўных сродках сувязі сказаў у тэксце;

• аб структурных частках апісальных і апавядальных тэкстаў.

Вучні павінны ўмець:

• падзяляць апавядальныя і апісальныя тэксты на структурныя часткі;

• распазнаваць тэксты-разважанні;

• складаць план тэксту;

• сцісла пераказваць апавядальныя і апісальныя тэксты па плану (пад кіраўніцтвам настаўніка).

Сказ

Вучні павінны ведаць:

• аб аднародных членах сказа;

• аб сувязі аднародных членаў сказа;

• правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа.

Вучні павінны ўмець:

• вызначаць і ўжываць аднародныя члены сказа;

• ужываць інтанацыю і словы і, а, але для сувязі аднародных членаў сказа;

• ставіць знакі прыпынку паміж аднароднымі членамі сказа.

Слова

Вучні павінны ведаць:

• аб змяненні назоўнікаў па склонах;

• назвы склонаў і склонавыя пытанні;

• аб змяненні назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з канчаткамі -а, -я па склонах (1-е скланенне);

• аб змяненні назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку па склонах (2-е скланенне);

• аб змяненні назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з нулявым канчаткам па склонах (3-е скланенне);

• аб змяненні назоўнікаў множнага ліку па склонах;

• аб змяненні прыметнікаў па родах, ліках і склонах;

• аб займенніку як часціне мовы;

• аб асабовых займенніках;

• аб змяненні асабовых займеннікаў;

• аб неазначальнай форме дзеяслова;

• аб змяненні дзеясловаў цяперашняга і будучага часу па асобах і ліках (спражэнне);

• аб змяненні дзеясловаў прошлага часу па ліках і родах (у адзіночным ліку);

• аб прыслоўі як часціне мовы.

Вучні павінны ўмець:

• змяняць назоўнікі па склонах (з апорай на табліцу);

• тлумачыць назвы склонаў словамі-падказкамі;

• вызначаць склон назоўнікаў у сказе па склонавых пытаннях (з апорай на табліцу);

• вызначаць склонавыя канчаткі назоўнікаў 1, 2 і 3-га скланенняў (з апорай на табліцу);

• вызначаць склонавыя канчаткі назоўнікаў множнага ліку (з апорай на табліцу);

• вызначаць склонавыя канчаткі прыметнікаў (з апорай на табліцу);

• ужываць асабовыя займеннікі;

• вызначаць неазначальную форму дзеяслова;

• змяняць дзесловы цяперашняга і будучага часу па асобах і ліках (з апорай на табліцу);

• вызначаць асабовыя канчаткі дзеясловаў цяперашняга і будучага часу (з апорай на табліцу);

• змяняць дзеясловы прошлага часу па ліках;

• змяняць дзеясловы прошлага часу адзіночнага ліку па родах;

• ужываць у дзеясловах прошлага часу мужчынскага роду суфікс -ў;

• ужываць у дзеясловах прошлага часу жаночага і ніякага роду суфікс -л-;

• вызначаць прыслоўе ў сказе;

• ужываць некаторыя прыслоўі ў мове.

Слоўнікавыя словы

Абшар, апетыт, ашчадны, вастрыё, веласіпед, да пабачэння, дзьмуць, звілісты, ззяць, лагчына, ледзьве, меншы, наводдаль, паштальён, позні, просьба, сёння, спякотны, сувязь, схільнасць, сцюдзёны, тэлеграма, улетку, упэўненасць, цьмяны, чацвёрты.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconНавучанне грамаце з’яўляецца пачатковым этапам сістэматычнага вывучэння роднай мовы ў школе, забяспечвае эфектыўнае лінгвістычнае І разумовае развіццё вучняў
Навучання грамаце — фарміраванне базавых ведаў, уменняў І навыкаў чытання І пісьма, агульнавучэбных уменняў І навыкаў, зносін; развіццё...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconМерапрыемства распрацавана для вучняў пачатковых класаў з мэтай фарміравання актыўнай пазнаваўчай дзейнасці; расшырэння ІХ кругагляду; знаёмства з народнымі традыцыямі
Распрацоўка можа быць выкарыстана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце агульнаадукацыйных устаноў, педагогам- арганізатарам,...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconПатрыятычнае выхаванне вучняў на ўроках беларускай мовы І літаратуры
Радзімы, яе нацыянальнай культуры, традыцый І звычаяў; развіцце самасвядомасці асобы, яе здольнасці ўсведамляць сябе прадстаўніком...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconФакультэт "Выхаванне маральных якасцей"
Высокая маральная атмасфера, узаемапаразуменне ў сям’і – станоўчыя фактары ў выхаванні асобы дзіцяці

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconПрацоўнае навучанне ў пачатковых класах арганічная састаўная частка адзінай сістэмы навучання, выхавання І развіцця вучняў
Працоўнае навучанне ў пачатковых класах — арганічная састаўная частка адзінай сістэмы навучання, выхавання І развіцця вучняў. Мэтай...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconМэта І задачы школы на 201 1 /201 2 навучальны год
Удасканаленне адукацыйнага працэсу, які забяспечвае якасную адукацыю, развіццё, выхаванне творча думаючай асобы з высокім узроўнем...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconПытанні да дзяржаўнага экзамену па дысцыпліне «Методыка выкладання беларускай мовы І літаратурнага чытання» для студэнтаў 6 курса груп па завочнай формы атрымання адукацыі спецыяльнаці «Пачатковая адукацыя» (6ПАзс/09)
Методыка навучання беларускай мове як навука. Прадмет І задачы курса методыкі беларускай мовы ў пачатковых класах. Прынцыпы І метады...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconАнкета Імя
Арганізацыя самастойнай пазнаваўчай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconТэма: Каго можна назваць сапраўдным сябрам?
Мэты: арганізаваць абмеркаванне вучнямі маральных якасцей асобы (сяброўкасці, адданасці І спаагадлівасці ); садзейнічаць развіццю...

Моўная адукацыя ў пачатковых класах забяспечвае развіццё культуры мовы вучняў, актывізацыю пазнаваўчай дзейнасці, станаўленне маральных якасцей асобы iconПраграма тыдня беларускай мовы І літаратурнага чытання ў пачатковых класах Гезгалаўскай гімназіі Мэта
Мэта: павышаць матывацыю да вывучэння мовы, развіваць творчае мысленне, пазнавальны інтарэс, узбагачаць слоўнікавы запас, выхоўваць...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка