Спампаваць 62.67 Kb.
|
ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Грынкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” План-канспект урока беларускай літаратуры 5 клас Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Парамонава, 1 катэгорыя Тэма: Лірызм і патрыятычны пафас верша Рыгора Барадуліна ,,Бацьку” Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу Мэты і задачы: - адукацыйныя: садзейнічаць знаёмству вучняў з жанравымі асаблівасцямі верша-звароту (дакладна названы адрасат, да якога звяртаюцца з эмацыянальнай прамовай); акрэсліць пачуцці, перажытыя аўтарам ў дзяцінстве і сталым узросце; -развіццёвыя: ствараць умовы для ўдасканалення навыкаў выразнага чытання лірычнага твора, развіцця умення знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы і вызначаць іх ролю ў стварэнні вобраза, раскрыцці тэмы твора; -выхаваўчыя: спрыяць выхаванню павагі да гістарычнага мінулага народа. Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя Ход урока 1.Арганізацыйны момант Стварэнне спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў класе. Прыём ,,Падары ўсмешку”. 2. Праверка дамашняга задання - Вусная характарыстыка галоўнага героя апавядання Міхася Лынькова ,,Васількі”. Прыём ,,Паказальны адказ”. (Два-тры вучні даюць вусную характарыстыку галоўнаму герою твора ,,Васількі” - Міколку) -Настаўнік сумесна з вучнямі адзначае лепшы, найбольш поўны і дакладны адказ. 3. Індукцыя Слайд№1: Эпіграф да ўрока: Мы нават i спаць не клалiся без бацькоўскай пiлоткi... Шчаслiвыя, мы не бачылi, Што плакалi аднагодкi, Якiх сурова назвала Бязбацькавiчамi вайна. Генадзь Бураўкін -Вайна… Вайна пакінула страшны след у гісторыі нашай краіны. Беларусь, як ні адна краіна свету, зведала ўсе жахі Вялікай Айчыннай вайны: у гэтай жорсткай вайне загінуў кожны трэці беларус. Па ўсёй тэрыторыі нашай краіны, амаль у кожнай вёсцы штодня нагадваюць аб перажытым помнікі, мемарыялы, сціплыя абеліскі. Слайд№2:Фотаздымак помніка ў вёсцы Грынкі Ёсць такі напамін і ў нашай вёсцы - ,,Помнік землякам”. На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі Грынкі, на ўшанаванне памяці 46 землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 36 мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у 1968 годзе пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя: воін і дзяўчынка. 4. Самаканструкцыя Слайд№3: Фотаздымкі з часоў Вялікай Айчыннай вайны Клас атрымлівае заданне скласці сінквейн ,,Вайна” . (Самастойная праца вучняў. Запіс робіцца ў літаратурныя сшыткі) 5.Сацыялізацыя Вучні зачытваюць складзеныя сінквейны. Адзін з прапанаваных вучнямі варыянтаў: Вайна Жахлівая, бязлітасная Забівае, нішчыць, разбурае Гэта смерць добрых людзей Гора 6. Самаканструкцыя -У эпіграфе да ўрока прагучалі такія радкі: .. плакалi аднагодкi, Якiх сурова назвала Бязбацькавiчамi вайна. *Як вы разумееце гэтыя радкі? Што азначае слова ,,бязбацькавічы”? (Выказванні вучняў) - Аўтара верша, які мы будзем вывучаць сёння на ўроку, таксама можна назваць бязбацькавічам. Гэта Рыгор Барадулін. Слайд№4: Два фотаздымкі: на адным маленькі Рыгорка з маці, на другім Рыгор Барадулін у сталым узросце Яму было толькі шэсць год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька стаў партызанам, а маці дапамагала, чым магла. Калі ў 1944 годзе фашысты пачалі рашучы наступ на партызанскую зону, маці разам з маленькім Рыгоркам уцяклі з вёскі ў пушчу. Будучы паэт быў у партызанскім атрадзе на Ушаччыне, разам з дарослымі перажыў блакаду партызанскай зоны, цяжкасці першых пасляваенных гадоў. Пра гэтыя яго асабістыя перажыванні і пачуцці ён раскажа ў многіх сваіх творах. Раскажа аб тым, як сям’я чакала гаспадара пасля вайны, як гаравала маці, Куліна Андрэеўна, жыццё якой было запоўнена будзённымі клопатамі і трывогамі. Многа было гора, а самым вялікім – туга па бацьку, які не прыйшоў з вайны. Адчуванне адзіноты, непапраўнай страты, расчараванне суправаджалі паэта доўгія гады. Скруха і гаркота – пачуцці, якія перажыў сам паэт і якія перажывае лірычны герой верша Рыгора Барадуліна ,,Бацьку”. * Як вы думаеце, пра што пойдзе гутарка ў вершы? (Выказванні школьнікаў) 7. Знаёмства з новым матэрыялам Слайд№5:Фотаздымак бацькі Івана Рыгоравіча разам з маці Кулінай Андрэеўнай напярэдадні вайны -Выразнае чытанне верша ,,Бацьку” настаўнікам. 8. Самаканструкцыя * Якія пачуцці выклікаў у вас верш? Што вы адчувалі падчас слухання твора? Чаму? *Якая тэма верша ,,Бацьку”? (Сыноўняя любоў да бацькi, лёс дзяцей, бацькi якiх загiнулi). - Слоўнікавая работа Весніцы – вароты, калітка ў двор. *Да каго звяртаецца аўтар у сваім вершы? (Зварот да партрэта бацькі) *Чаму Барадулін выкарыстаў форму звароту, паслання да бацькі? (Ён не жадае змірыцца з горам, са стратай) Слайд№6: Фотаздымак Рыгора Барадуліна і тэкст -Я зачытаю вам успамін паэта: ,,Вясна сорак першага… Бацька пасадзіў вяз. Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага… Жарабятка адбілася ад маці і з апошніх сіл бегла перад нямецкімі машынамі. А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз… Нам двум доліла астацца расці… Вяз такі не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча”. *Як вы лічыце, якая роля вяза ў творы? (Нагадвае сыну аб жывым бацьку) -Доўгія гады чакалі бацьку Куліна Андрэеўна і Рыгор, таму што ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста не было. А непахаванага чакаюць, покуль жывуць… Фізкультхвілінка -Выразнае чытанне верша ,,Бацьку” вучнямі. 9. Сацыяканструкцыя - Работа вучняў у парах Падзел верша на лагічныя часткі. Абгрунтаванне падзелу. Знайсці выяўленчыя сродкі мовы, якія дапамаглі Рыгору Барадуліну дакладна перадаць перажыванні лірычнага героя. 10. Сацыялізацыя -Суразмоўніцтва па змесце твора. Адказ вучняў на пытанні. *На якiя часткi, фрагменты можна падзялiць верш? 1 частка – 1-2 слупкі- смутак і туга дарослага чалавека. ,, Не выйшаў ты і ў гэты раз..” Чаму герой верша гаворыць менавіта так? ( Ужо многа разоў лірычны герой наведвае родны кут, але бацька яго не сустракае) 2 частка – 3-7 слупкі- перажыванні хлопчыка ,,Каторы раз сыходзіў снег..”. Што гэта азначае? (Прайшло некалькі зім, а значыць - гадоў) *Якія былі самыя балючыя перажыванні хлопчыка-сіраты? (Ён перажываў, што няма побач роднага чалавека. Дарэмна кожны раз сустракаў бацьку з ахапкамі кветак. Калі крыўдзілі сябры, не было бацькі, каб падтрымаў і падбадзёрыў). *Як вы разумееце выраз :,, Маці маладосць глыбей заворвалі маршчыны”? (Маці старэла) 3 частка – 8-9 слупкі – хваляванне і смутак дарослага чалавека *Якія сродкі дапамаглі перадаць перажыванні як дарослага чалавека, так і хлопчыка? ( ) 11. Падагульненне *Якая асноўная думка верша Рыгора Барадуліна ,,Бацьку”? (Барадулін перакананы ў тым, што неабходна берагчы памяць пра ўсіх, хто загінуў на вайне, баронячы мір) *Чаму паэт здымае шапку ,,перад магілай невядомай”? (Таму што не ведаў, дзе пахаваны яго бацька, у любой з гэтых магіл мог быць і ён; удзячны ўсім тым, хто абараняў Радзіму) *Чаму нас і сёння можа навучыць верш? (Выказванні вучняў) 12. Разрыў -Вайна для нас сёння – не толькі боль і горыч мінулага, гэта наша гісторыя, наша памяць. *Колькі год прайшло, як скончылася вайна? - Прайшло ўжо амаль 67 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. Слайд№7:Фотаздымак Рыгора Барадуліна разам з унучкай ля вяза Той вяз, пасаджаны бацькам Рыгора Барадуліна, стаў сапраўдным магутным дрэвам. Вырас і ўжо састарыўся сам паэт: 24 лютага яму споўнілася 77 гадоў. Аднак і сёння не загойваюцца душэўныя раны ў жывых, ва ўсіх тых, хто страціў у той вайне сваіх родных, блізкіх, знаёмых. *Скажыце, у вашы сем’i прыходзiла вайна? (Выказванні школьнікаў) 13. Падвядзенне вынікаў урока, выстаўленне адзнак 14. Дамашняе заданне Вывучыць верш ,,Бацьку” на памяць, падрыхтаваць адказы на пытанні да твора, змешчаныя ў падручніку. 15. Рэфлексія Слайд№8 : -Вынікам нашай працы стане зварот да паэта. Прапаную вам пачаць яго словамі: ,,Шаноўны Рыгор Іванавіч, вы навучылі нас …” або ,,Шаноўны Рыгор Іванавіч, ваш верш дапамог нам …” |