Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса




НазваСтаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса
Дата канвертавання28.10.2012
Памер221.8 Kb.
ТыпДокументы
СТАЎБЦОЎШЧЫНАЗНАЎСТВА ”:

МАТЭРЫЯЛЫ ІНТЭГРАВАНАГА КУРСА


Антон БЯЧКО, настаўнік гісторыі і факультатыўнага курса “Стаўбцоўшчыназнаўства” Залужскай СШ Стаўбцоўскага раёна;


Лілія ВІШНЕЎСКАЯ, настаўніца сусветнай мастацкай культуры СШ № 12 г. Мінска.





Навуковы кіраўнік – Алесь Лозка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай школы”.



Рэцэнзенты – Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук;

Віктар Цітоў, доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка.


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА


Адной з актуальных праблем сучаснага будаўніцтва суверэннай беларускай дзяржавы з’яўляецца праблема вывучэння багатай культурнай спадчыны, створанай руплівымі намаганнямі, шчодрым талентам нашых продкаў, праблема выхавання нацыянальнай самасвядомасці, любові да Радзімы, у першую чаргу да таго кутка, які прынята называць “малой радзімай”, да зямлі бацькоў, нашых прашчураў. Уключэнне краязнаўства ў вучэбную праграму сярэдняй школы з’яўляецца адным з асноўных сродкаў вырашэнняў гэтай праблемы, адкрывае шырокія магчымасці выкарыстання мясцовага матэрыялу, разнастайных гісторыка-культурных помнікаў.

У абывацельскім асяроддзі бытуе памылковая думка: маўляў, наш край бедны, нічым не знакаміты, тут няма чаго глядзець, а тым больш вывучаць. І дарэмна, свой край, як паказвае стан аховы і вывучэння мясцовых помнікаў, мы ведаем дрэнна, нашы веды вельмі агульныя і павярхоўныя. Але ж краязнаўчымі ведамі павінен валодаць кожны педагог. Для гэтага сам настаўнік павінен быць грунтоўна падрыхтаваны не толькі ў тэарэтычным ці метадычным плане, але і добра ведаць свой край. Вялікую ролю ў развіцці краязнаўства адыгрывае добра арганізаваная работа гісторыка-краязнаўчага гуртка, факультатыва ці курса, пастаўленыя перад ім задачы.

Прымаючы адно з правілаў дыдактыкі – ісці ад вядомага да невядомага, – настаўнік павінен дапамагчы засвоіць перш тое, што бліжэй і радней. Таму для школы мэтазгодна стварэнне краязнаўчага факультатыва з рэгіянальнай назвай. Напрыклад, для школ Аршанскага раёна – “Аршаншчыназнаўства”, Стаўбцоўскага – “Стаўбцоўшчыназнаўства” і г. д. Праграма курса разлічана на вучняў 14-17 гадоў.

Комплекснае краязнаўчае вывучэнне Стаўбцоўшчыны – мэта курса. Задачамі яго з’яўляюцца:

  • асвятленне гісторыі Стаўбцоўшчыны ў кантэксце агульнабеларускай гісторыі, раскрыццё малавядомых старонак і лёсавызначальных падзеяў;

  • абагульненне і сістэматызацыя фактаў па гісторыка-культурных помніках раёна;

  • абуджэнне цікавасці да роднага краю;

  • развіццё навыкаў пошукава-даследчай працы і творчых здольнасцей навучэнцаў;

  • фармаванне паважлівых адносін да роднай спадчыны, пачуццяў патрыятызму і нацыянальнай годнасці.

Асаблівая ўвага надаецца экскурсіі як адной з найбольш эфектыўных форм вывучэння роднага краю. Іншыя формы працы – тэарэтычныя і практычныя заняткі, самастойная праца, паходы, вечарыны.

Атрыманыя веды вучні змогуць прымяніць пры вывучэнні асобных тэм гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры, дысцыплін цыкла сусветнай і айчыннай мастацкай культуры, на спецкурсах, факультатыўных занятках і гуртках. Праграму курса можна канкрэтызаваць, удакладніць у залежнасці ад мясцовых умоў таго ці іншага населенага пункта раёна. Колькасць гадзін тэматычнага плана размяркоўваецца згодна канкрэтных умоў адукацыйнай установы.


ПАШПАРТ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ


Размешчаныя на беразе Нёмана Стоўбцы маюць багатую гісторыка-культурную спадчыну, у тым ліку і літаратурную, з-за чаго горад набыў цяпер шырокую вядомасць. А між тым у даўнія часы Стоўбцы былі невялікім паселішчам. Аднак, нягледзечы на гэту акалічнасць, мястэчка жыло сваім жыццём. І па ўсім відаць, справы тут ішлі няблага. Так, у 1632 годзе ўладальнік Стоўбцаў Александр Слушка заснаваў тут касцёл святога Казіміра. Гэты будынак стаў асноўнай прыкметай паселішча і ўслаўляў яго далёка за межамі Вялікага княства Літоўскага. Праз некаторы час у Стоўбцах была пабудавана царква (1825). Яна, праўда, цяпер ужо як праваслаўная святыня, у адрозненне ад касцёла, радуе вока падарожнікаў ды вернікаў арыгінальнасцю сваіх архітэктурных формаў.

Сцены адзінага ацалелага ў віхуры атэістычнага вандалізму хрысціянскага храма могуць расказаць пра шмат якія вехі гістарычнага мінулага Стоўбцаў. Памятаюць яны і пра навалу французаў у 1812 годзе, якія амаль дашчэнту зруйнавалі паселішча, памятаюць і аднаўленне, і росквіт Стоўбцаў у другой чвэрці XІX ст. як буйнага гандлёва-партовага мястэчка: у стаўпецкім наваколлі будаваліся рачныя караблі-віціны, якія затым, узяўшы на сябе на мясцовай прыстані ўвесь цяжар гандлёвага грузу купцоў з многіх расійскіх, украінскіх і ўсіх беларускіх губерняў царскай імперыі, дастаўлялі яго па Нёмане ў далёкі Крулявец – цяперашні Калінінград. Менавіта з таго часу Стоўбцы і сталі абганяць у сваім развіцці Новы Свержань і нават становяцца цэнтрам воласці. Напэўна, з-за гэтай апошняй акалічнасці пазней і была аддадзена ім перавага ў размяшчэнні станцыі падчас будаўніцтва ў наднёманскім наваколлі Брэст-Літоўскай чыгункі. Дарэчы, чыгунка, якая прайшла праз Стоўбцы, адыграла ў іх гісторыі значную ролю: зрабіла гэты горад прыгранічным буйным вузлом. Як вядома, у 20-30 гады і да 17 верасня 1939 года непадалёк ад гэтых мясцін праходзіла польска-савецкая дзяржаўная мяжа. Таму горад быў сведкам многіх падзей з гісторыі адносін дзвюх суседніх краін.

Менавіта прымежная прыпіска Стоўбцаў (а больш дакладней – тамтэйшай мытні, якая дзейнічала ў 1921- 1940 гадах) абумовіла іх наведванне даволі вялікай кагорты знакамітых у літаратурным свеце людзей. Так, тут спыняліся Аляксей Талстой, Аляксандр Фадзееў, Усевалад Вішнеўскі, Рамэн Ралан, Анры Барбюс, Юліус Фучык, Марыя Пуйманава, Уладзімір Маякоўскі... Дарэчы апошні некалькі разоў праязджаў праз Стоўбцы. І, паводле некаторых звестак, менавіта здарэнне на стаўпецкай мытні падштурхнула яго да напісання ў свой час шырокавядомага “Верша аб савецкім пашпарце”.

Згадку пра Стоўбцы – невялікі гарадок на Нёмане – знаходзім і ў кнізе дарожных нататак англійскай пісьменніцы Сесіль Чэстэран, якая была выдадзена ў 1931 годзе адначасова ў Лондане, Бамбеі і Сіднеі пад назвай “Мае рускія прыгоды”.

16 чэрвеня 1935 года праз свае родныя мясціны праязджаў чыгункай і Якуб Колас, калі накіроўваўся ў складзе дэлегацыі грамадскіх дзеячаў СССР у Парыж на Міжнародны кангрэс абароны культуры і міру. Зрэшты, калі браць па вялікім рахунку, то сённяшнія Стоўбцы фактычна і ёсць радзіма Песняра: колішні засценак Акінчыцы, дзе нарадзіўся Кастусь Міцкевіч, рашэннем мясцовых уладаў на пачатку 80-х гадоў быў уключаны ў рысу горада і адначасова стаў яго мікрараёнам.

У 1911-1912 гг. (адзін год) у Стоўбцах, у мясцовым чатырохкласным гарадскім вучылішчы навучаўся будучы народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва (Атраховіч). Пэўны час у горадзе жыў і працаваў выкладчыкам латыні ў мясцовай гімназіі Мікалай Анцукевіч (увайшоў у беларускую літаратуразнаўчую навуку як адзін з даследчыкаў “Слова аб палку Ігаравым”). У даваенны час у Стоўбцах прайшлі некалькі гадоў маленства паэта Генадзя Кляўко.

Цесную сувязь са Стоўбцамі меў у свой час і Уладзіслаў Сыракомля, – беларускі і польскі паэт першай паловы ХІХ стагоддзя. Гэты гарадок ён апісаў у шэрагу сваіх твораў, у тым ліку актуальным для сённяшніх гісторыкаў з-за сваёй дакладнай апісальнасці краязнаўчым нарысе “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”. Зрэшты, дзесьці менавіта на стаўбцоўскіх каталіцкіх могілках спачываюць дзве яго маленькія дачкі, раптоўна памерлыя ў адзін дзень ад якойсьці немачы, што вымусіла бацьку назаўсёды пакінуць любую яго сэрцу Стаўбцоўшчыну.

На пачатку ХІХ ст. наведаў Стоўбцы праездам і рускі пісьменнік Дзяніс Фанвізін.

Назва невялікага наднёманскага гарадка Стоўбцы значыцца ў назове кнігі нарысаў і рэпартажаў польскага празаіка беларускага паходжання Мельхіёра Ваньковіча “Ад Стоўбцаў да Каіра”.

Пра тое, як Стоўбцы займелі сваю назву, ламала галаву не адно пакаленне даследчыкаў гісторыі Наднёманскага краю. Аднак да адзінай якой-небудзь канкрэтнай высновы яны так і не прыйшлі. Адна з найбольш пашыраных легенд пра паходжанне назвы грунтуецца на меркаванні вядомага географа, даследчыка беларускай тапанімікі Вадзіма Жучкевіча, які даводзіў, што ў аснове гэтага назова ляжыць слова “стоўб”. Менавіта “стаўбамі, сцвярджае навукоўца, назначалі дарогу праз мясцовасць, якая не мела добрых арыенціраў”. Цікавым таксама з’яўляецца і народнае паданне аб заснаванні Стоўбцаў, запісанае ў свой час студэнткай В.Навіцкай ад жыхаркі недалёкай ад гэтага горада вёскі Ператокі Марыі Галяновіч. “На тым месцы, дзе цяпер Стоўбцы, некалі быў лес,- распавядала жанчына. – У гэтым лесе нейкі князь пабудаваў манастыр, і доўгі час там жылі манахі. Аднаго году яны ўсе вымерлі ад чумы. манастыр разбурыўся, а на тым месцы закапалі тры стоўбікі ў знак таго, што нельга сяліцца. Але прайшоў час, і па загадзе князя тут зноў пачалі сяліцца людзі. Яны знайшлі закапаныя стоўбікі і назвалі гэта паселішча Стоўбцы”.

Ёсць свая логіка наконт узнікнення назвы Стоўбцаў і ў меркаванні, якое можна вывесці з даследаванняў Аляксандра Рогалева. Ён, праўда, спецыяльна не вывучаў разглядаемы тапонім, але адносна ягоных высноў у дачыненні паходжання наймення вёскі Стоўпня Рагачоўскага раёна ( а тое, што і яна, і Стоўбцы маюць у сваіх назвах аднолькавае вытворнае слова, бясспрэчна) можна гаварыць вось аб якіх аргументах. “Словы стоўп, стоўб, якія ўзыходзяць ад старажытнарускіх стлъпъ, стълъпъ, столпъ, стъпъ, мелі і такія значэнні “межавы знак”, “кол, паля, убітая ў зямлю”. Адсюль адпаведныя геаграфічныя назвы маглі ўказваць на граніцы, межы ўладанняў, а таксама сведчыць аб існаванні ў той ці іншай мясцовасці абарончых умацаванняў на граніцах розных зямель, уладанняў...”.

На месцы цяперашніх Стоўбцаў, мясцовасці, блізкай да адзначанай Уладзіславам Сыракомлем мяжы, верагодней за ўсё, было ўзведзена нейкае абарончае ўмацоўванне, па цяперашніх мерках, нешта накшталт дота ці дзота, з усіх бакоў акружанае частаколам з вялізных слупоў, альбо, па- іншаму, стаупцоў. З цягам часу, калі ваяры ВКЛ пашырылі межы сваёй дзержавы далёка на ўсход, тады, напэўна, на месцы колішняга “славянскага” абарончага ўмацавання і ўзнікла паселішча, якое ў наваколлі празвалі Стоўбцамі, ад тых самых стоўпцаў-частаколаў, што складалі аснову ранейшага “ваеннага аб’екту”.

Факт існавання ў вярхоўі Нёмана паселішча з назвай Стоўбцы зафіксаваны ў архіўных крыніцах пачатку ХVІ ст. Прынамсі, вядомы беларускі літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч у сваёй працы “Па слядах Францыска Скарыны” ў пераліку навучэнцаў-беларусаў Кракаўскага універсітэта згадвае “шкаляра з вёскі Ліпа з-пад Стоўбцаў”, які навучаўся ў старажытнай польскай сталіцы ў 1511 годзе.

Што ж датычыцца, так бы мовіць, “дня нараджэння” Стоўбцаў, то, відаць, як і належыць, тут патрэбна ўзяць за аснову год першага ўпамінання іх у летапісных ці архіўных крыніцах. А гэта якраз і будзе год 1511-ты, падказаны звесткамі з архіва знакамітага ў Еўропе Кракаўскага універсітэта.

Сталіцай беларускіх вёсак можна назваць Мікалаеўшчыну. Яна звязана з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка. Тут 9 ліпеня 1906 года праходзіў першы нелегальны настаўніцкі з’езд, арганізатарамі якога былі К.Міцкевіч (Якуб Колас) і А.Сянкевіч. Тут нарадзіўся беларускі этнограф Павел Дземідовіч, пісьменнік і публіцыст Антось Галіна, паэты Алесь Камароўскі і Мікола Маляўка.

Адной з цікавейшых вёсак на карце раёна з’яўляецца Жукаў Барок. Ён звязаны з нараджэннем і дзяцінствам вядомага філосафа Саламона Маймана У 1830-40 гадах у сям’і радзівілаўскага падлоўчага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Антонія Пяткевіча (Адам Плуг). У 1844-52 гадах у суседнім фальварку жыў вядомы пісьменнік, гісторык і краязаўца Уладзіслаў Сыракомля.

Са Стаўбцоўшчыны прасочваюцца карані сям’і Янкі Купалы. У фальварку Пяшота нарадзілася маці народнага песняра Бянігда Іванаўна Луцэвіч. Ды і кожная мясціна раёна цесна звязана з яго гістарычным мінулым і сённяшнім днём.

Стаўбцоўшчына – радзіма пісьменнікаў Генрыха Далідовіча, Казіміра Камейшы, паэта Яўгена Хвалея, Яўгена Крамко, Івана Рубіна, літаратуразнаўцы Вячаслава Жыбуля, Уладзіміра Мархеля, Уладзіміра Міцкевіча, Аляксея Пяткевіча, мовазнаўцы Альберта Барташэвіча, мастацтвазнаўцы Яўгена Сахуты, філосафа Кодзіс Юзэфа Фабіяна, біёлага Алёны Кутас, фізіка Генадзя Макавецкага, медыка Сямёна Навумовіча, грамадскіх і партыўных дзеячоў Фабіяна Акінчыца, Фелікса Дзяржынскага, Анатоля Лябедзькі, Івонкі Сурвілы, Аляксандра Сянкевіча, Эдуарда Шыркоўскага...

Стаўбцоўскі раён размешчаны на захадзе Мінскай вобласці. Ён утвораны 15 студзеня 1940 году ў складзе Баранавіцкай вобласці (з 8 студзеня 1954 г. – у Мінскай). Раённы цэнтр Стоўбцы знаходзіцца за 81 км ад Мінска (гадзіна-дзве язды). Раён мяжуе з Валожынскім, Дзяржынскім, Уздзенскім, Капыльскім, Нясвіжскім раёнамі Мінскай і Карэліцкім раёнам Гродзенскай вобласці. Плошча 1,9 тыс. кв. км, насельніцтва 45,7 тыс. чалавек, у тым ліку 16,9 – Стоўбцах. У раёне 202 населеныя пункты, 15 сельскіх Саветаў. Праходзяць чыгунка і аўтадарогі Брэст-Мінск, на Нясвіж, Івянец, Навагрудак, Пяршаі; два магістральныя газапровады – Таржок-Мінск-Івацэвічы, Ямал-Заходняя Еўропа.

Паўднёвая частка раёна знаходзіцца пераважна ў межах Стаўбцоўскай раўніны, паўночна-усходняя – на Мінскім узвышшы, паўночна-захлдняя – у межах Верхненёманскай нізіны. Самая вялікая рака – Нёман з прытокамі Сула і Уса, самае вялікае возера – Кромань. Карысныя выкапні: торф, жалезная руда, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок, гліны. 44% плошчы раёна занята лясамі, 41% -- сельгасугоддзямі. Працуе 14 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 9 фермерскіх гаспадарак. Дзейнічае лесазавод, спіртзавод, пладоваагароднінны, цагельны заводы, мясакамбінат, друкарня, камбінат кааператыўнай прамысловасці, філіял Мінскага маторнага завода, ДАРМ, лясгас, кандытарскае, аграпрамысловыя, дарожныя, гандлёвыя, сувязі, транспартныя і іншыя прадпрыемствы; 447 прыватных прадпрымальнікаў.

У раёне дзейнічаюць школа-гімназія, 23 сярэднія, 6 базавых, 2 пачатковыя школы, 29 дзіцячых дашкольных устаноў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, агульнаадукацыйная дапаможная школа-інтэрнат, 20 дамоў культуры, 35 бібліятэк, 5 культурна-адукацыйных цэнтраў, 4 школы мастацтваў, філармонія народнага мастацтва, 4 бальніцы, раённы дзіцячы сацыяльны прытулак і іншыя сацыяльныя ўстановы. Для адпачынку жыхароў раёна і краіны існуе турыстычна-аздараўленчыкомплекс “Высокі бераг”, 2 базы адпачынку, 3 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, база падарожжаў і экскурсій.

На тэрыторыі раёна налічваецца больш за 60 помнікаў гісторыі і культуры, дзейнічаюць Налібоцкі ландшафны заказнік, чые ўгоддзі выходяць за межы раёна, і Коласаўскі заказнік, які ўключае ў сябе мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, філіялы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа у Акінчыцах, Альбуці, Смольні і Ластку, і абласнога музея Фелікса Дзяржынскага. Выдаецца раённая газета “Прамень”.


ТЭМАТЫЧНАЕ ПЛАНАВАННЕ

1. Уводзіны.

Раздзел І. Стаўбцоўшчына – зямля нашых продкаў

2. Зямля нашых продкаў у старажытнасці.

3. Стаўбцоўская зямля на розных этапах гісторыі.

4. У складзе Расійскай імперыі.

5. На крутым павароце гісторыі.

6. Ішла вайна народная.

7. Пад мірным небам Стаўбцоўшчыны.

Раздзел ІІ. Духоўная спадчына зямлі Стаўбцоўскай

8. Святыні зямлі Стаўбцоўскай.

9. Знакамітыя людзі нашага краю.

10. Матэрыяльная і духоўная культура стаўбчан.

11. Экспедыцыя.

12. Стварэнне і работа школьнага музея, выставы.


ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ


1. Уводзіны. Грамадска карысны характар краязнаўства. Узнікненне краязнаўства ў Беларусі. Дзеячы беларускага краязнаўства. Мясцовыя краязнаўцы (С. Галоўка, С. Адамовіч, Ф.Крыванос і інш.).

Мэта, задачы і змест курса. Паняцце тэрмінаў “Беларусазнаўства”, “Стаўбцоўшчыназнаўства”. Асаблівасці краязнаўчай дзейнасці. Арганізацыя заняткаў.

Комплекснае вывучэнне Стаўбцоўскага раёна. Тэрыторыя і межы. Фізіка-геаграфічная характарыстыка раёна. Гаспадарка.

Практычныя заняткі. Падрыхтоўка рэфератаў пра жыццё і дзейнасць заснавальнікаў беларускага краязнаўства.

Раздзел І. Стаўбцоўшчына – зямля нашых продкаў

2. Зямля нашых продкаў у старажытнасці. Археалогія як навука старажытнейшай гісторыі краю. Археалагічныя аб’екты, іх вывучэнне і ахова. Археалагічныя помнікі раёна ля вёсак Дразды, Стары Свержань, Суднікі, Кругліца, Жукаў Барок. Першыя славянскія плямёны на тэрыторыі Беларусі. Вывучэнне тапанімікі назваў вёсак, рэк, азёр раёна. Лысая Гара.

Практычныя заняткі. Наведванне археалагічных помнікаў. Нанясенне на карту помніка, яго схематычнае адлюстраванне. Складанне геаграфічнай карты, карты карысных выкапняў, тапанімічнай карты, складанне даведнікаў для паходаў. Экспедыцыі, экскурсіі па маршрутах раёна.


3. Стаўбцоўская зямля на розных этапах гісторыі. Землі Стаўбцоўшчыны ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Магнаты Слушкі і Чартарыйскія. Дакументы сведчаць... Узнікненне г. Стоўбцы, паходжанне яго назвы. Фарміраванне вёсак і мястэчак Стаўбцоўшчыны ў ХVI—XVIII ст. Узвышэнне Свержані. Засульскія татары. Кляштар дамініканцаў у Стоўбцах. Дзейнасць налібацкай мануфактуры (шкло і крышталь). Свержаньская мануфактура фаянсаў. “Суконная” таямніца Паласні. Соліды ВКЛ у рубяжэвіцкім скарбе.

Практычныя заняткі. Збор легенд і паданняў аб назвах населеных пунктаў і складанне пашпарта вёсак свайго сельсавета.

4. У складзе Расійскай імперыі. Тэрытарыяльнае дзяленне Стаўбцоўшчыны. Край вачыма замежных падарожнікаў. Падзеі вайны 1812 года ў нашым краі. Асвета і медыцынскае абслугоўванне. Павіннасці сялян. Паўстанне 1863 года і Стаўбцоўшчына. Суднабудаўніцтва і суднаходства ў вярхоўях Нёмана ў ХІХ—пач. ХХ ст. Пракладка чыгункі на Стаўбцоўшчыне (з 1870 г.). Кляцішчанска-Налібоцкае ліццё з чыгуну. Сыр літоўскі. Настаўніцкі з’езд (22 ліпеня 1906 г.).

Практычныя заняткі. Напісанне рэфератаў.

5. На крутым павароце гісторыі. Стаўбцоўшчына ў 1917—1920 гг. Удзельнікі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Стаўбцоўскі край у складзе Польшчы ў 1921—1939 гг. Дзейнасць ТБШ у вёсках. Стаўбцоўскія пажарнікі. Дзейнасць Беларускага таварыства дабрачыннасці (1931—1933). Падзеі 1939—1941 гг. Масавыя рэпрэсіі ў нашым краі. З’яўленне Стаўбцоўскага раёна 15 студзеня 1940 года.

Практычныя заняткі.. Запіс успамінаў старажылаў пра сістэму адукацыі ў Польшчы.

6. Ішла вайна народная. Так пачыналася вайна. Гераічны чэрвень. Акупацыя раёна нямецка- фашысцкімі захопнікамі. Карныя аперацыі супраць партызан (“Балотная ліхаманка”, “Герман”). Трагедыя Жукаваборскага млына і Калдычэўскага лагера смерці. “Вырашэнне яўрэйскага пытання”. Дзеянні падпольных груп і партызанскі рух. Вызваленне раёна. Яны прайшлі дарогамі вайны. Брацкія магілы на тэрыторыі раёна, магілы ахвяр фашызму. Помнікі абаронцам Беларусі.

Практычныя заняткі. Нагляд за могілкамі абаронцаў Бацькаўшчыны. Дапамога ветэранам. Напісанне сачынення пра подзвігі жыхароў Стаўбцоўшчыны ў гады вайны.

7. Пад мірным небам Стаўбцоўшчыны. Стваральная праца, заняткі, адпачынак стаўбчан. Сённяшні дзень Стаўбцоўшчыны. СВК “Агранёманскі” – учора і сёння. Асвета і культура. Вызначыліся працай (ардэнаносцы раёна).

Раздзел ІІ. Духоўная спадчына зямлі Стаўбцоўскай

8. Святыні зямлі Стаўбцоўскай. Помнікі гісторыі і культуры, іх навуковае і мастацкае значэнне. Старадаўнія сядзібы Стаўбцоўшчыны (Новы Двор...). Помнікі архітэктуры і мастацтва (Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержані, Навасвержанская Успенская царква, касцёл у в. Дзераўная, царква Нараджэння Іаана Прадцечы ў мястэчку Гавязна, царква Св. Ганны ў Стоўбцах, царква ў Вішняўцы, касцёлы ў Налібоках, Хатаве, Рубяжэвічах). Страчаныя святыні (Дамініканскі касцёл Св. Казіміра, царква ў в. Залужжа і інш.). Новасвержанскі цудадзейны абраз Маці Божай.

Практычныя заняткі. Складанне карты помнікаў гісторыі і культуры раёна, іх пашпартызацыя. Экскурсія “Святыні Стаўбцоўшчыны”.

9. Знакамітыя людзі нашага краю. Стаўбцоўская зямля – калыска беларускага песняра Якуба Коласа. Жыццёвы лёс брата Якуба Коласа пісьменніка Антося Галіны (1897—1991) у Беларусі і Амерыцы. Стаўбцоўскія карані Янкі Купалы.

Язэп Лёсік (1883—1940) – грамадскі дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог з Мікалаеўшчыны.

Карусь Каганец (1868—1918) і яго “Засульскія турэ”, апрацоўка мясцовых легенд і паданняў, казак (“Прылукі”, “Навасадскае замчышча”, “Вітаўка”; “Журавель і чапля”, “Што кажух, то не вата”), аўтар нарысаў, замалёвак, вершаў, вадэвіля (“Модны шляхцюк”), драм. Стаўбцоўшчына ў жыцці і творчасці Уладзіміра Сыракомлі (1823—1862), Адама Плуга (1823—1903), Вінцэся Каратынскага (1831—1891).

Фалькларыст і этнограф Павел Дземідовіч (1871—1931), яго асноўныя творы («Рождественские святки», «Батлейка», «Масленица и Великий пост», «Благовещение», «Купала в белорусской деревне», «Белорусские детские игры». Творчасць і жыццё паэта і этнографа Уладзіслава Паўлюкоўскага (Улада Ініцкага) (1895—1955). Супрацоўніцтва з віленскімі выданнямі. Складальнік «Народнага календара» (“Шлях моладзі”, Вільня, 1934), аўтар успамінаў «Арышты, Бяроза і воля» (1940).

Зянон Ленскі. Саламон Майман. Юзэха Кодзіс. Васіль Тацішчаў. Дзяніс Фанвізін. Павел Шпілеўскі. Фелікс Дзяржынскі. Помнікі дзеячам культуры і мастацтва, іх ахова.

Сучасныя беларускія паэты і пісьменнікі: Генрых Далідовіч, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Алесь Рыбак; мастацтвазнаўца Яўген Сахута; навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Практычныя заняткі. Напісанне рэфератаў аб жыцці і дзейнасці вядомых людзей Стаўбцоўшчыны. Наведанне музея Якуба Коласа і падарожжа па “Шляху Коласа”.

10. Матэрыяльная і духоўная культура стаўбчан. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Старадаўнія сядзібы (Гавязна, Дзераўная, Рубяжэвічы, Гардзій, Сула, Хотава, Засулле). Прылады працы. Народныя промыслы і рамёствы. Дрэваапрацоўка. Лозапляценне. Кавальства. Ганчарства. Ткацтва. Пекарскае майстэрства. Сродкі транспарту.

Народны каляндар. Вусная народная творчасць, народныя гульні. Звычаі і абрады. Моўныя асаблівасці.

Мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”. Лясная камора ў Цёмных Лядах. Музеі. Фальклорныя калектывы.

Практычныя заняткі. Развучванне і пастаноўка абраду, народнага свята.

11. Экспедыцыя. Фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя (запіс фальклорных твораў, збор матэрыялаў для этнаграфічнай часткі музея). Сустрэча з народнымі майстрамі. Краязнаўча-турысцкая экспедыцыя (выбар мэты, вызначэнне задач; маршрут экспедыцыі; размеркаванне абавязкаў; падрыхтоўка да экспедыцыі; падвядзенне вынікаў; напісанне справаздачы аб экспедыцыі; стварэнне фотальбомаў, насценгазет, відэафільмаў; афармленне выставы).

Правядзенне выстаў, вечарын, сустрэч з сябрамі і прыхільнікамі краязнаўства і турызму.

12. Стварэнне і работа школьнага музея, выставы.

Палажэнне аб музеі навучальнай установы. Паняцці “экспазіцыя музея”, “асноўныя і дапаможныя фонды”, “сапраўдныя матэрыялы і муляжы”, “копіі”. Дакументацыя музея, тэматыка экспазіцыі, класіфікацыя музеяў. Складанне анатацыі да прадметаў, іх улік, нагляд, умовы захоўвання. Пашпарт экспаната. Экскурсія. Методыка правядзення экскурсіі ў музеі. Віды выстаў. Выбар тэмы і адбор экспанатаў на выставу. Размяшчэнне і захоўванне прадметаў на выставе.

Практычныя заняткі. Складанне тэматыка-экспазіцыйнага плана музея. Падрыхтоўка і правядзенне экскурсій.


V. МЕТАДЫЧНЫЯ ЎМОВЫ РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАГРАМЫ


З чаго пачынаць краязнаўчую работу ў школе, з якіх класаў? Гэта адно з важнейшых пытанняў. Экскурсіі, краязнаўчы накірунак трэбы пачынаць з пачаткоўцаў, дзяцей, якія ўпершыню пераступілі парог школы. Аб’ектамі для знаёмства і вывучэння павінна быць найперш усё навакольнае асяродзе. Гэта настаўніцкая, кабінеты кіраўнікоў школы, вучэбныя майстэрні і класы-кабінеты, бібліятэка, актавая зала і інш. Дзеці павінны добра ведаць усе гаспадарчыя пабудовы і іх прызначэнне, прышкольны доследны ўчастак, культурныя расліны, якія там вырошчваюцца, дрэвы, іх назвы, што растуць на тэрыторыі. Трэба, каб ведалі гісторыю школы, населенага пункта, у якім яна знаходзіцца, назву вуліцы, важнейшыя, калі яны ёсць, пабудовы на ёй.

Менавіта падчас такіх экскурсій дзеці вучацца назіраць, параўноўваць, абагульняць, рабіць высновы, развіваць мову, узбагачаць слоўнікавы запас, атрымліваць разнастайныя веды.

Вялікая роля ў краязнаўстве адводзіцца настаўніку. Вынікі работы курса залежаць ад таго, наколькі сам кіраўнік кампетэнтны ў галіне краязнаўства, ці здолее ён зацікавіць вучняў. Яму неабходна добра ведаць родны край, сістэматычна вывучаць яго, умець карыстацца навыкамі краязнаўчай работы. На занятках па курсу школьнікі павінны атрымаць першапачатковыя навыкі і ўменні самастойна весці навукова-даследчую работу, правільна вызначыць мэты і задачы даследавання, ім неабходна навучыцца валодаць асновамі крыніцазнаўства, правільна весці адбор літаратуры па тэме, хутка знаходзіць архіўныя матэрыялы, быць знаёмымі з работамі архіваў, навуковых бібліятэк, фондасховішчамі музеяў.

Настаўнік сам павінен быць зацікаўлены сваёй справай, і дзеці гэта будуць бачыць і адчуваць.

Настаўніку неабходна памятаць, што вучні прыходзяць да яго на факультатыў стомленыя пасля ўрокаў, і трэба ўмець зацікавіць іх, каб стомленасць, у выніку цікавай і захапляючай працы, прайшла.

Канешне, сучасных вучняў14-17 гадоў вельмі цяжка чым-небудзь зацікавіць. У гэты перыяд яны пачынаюць будаваць планы на будучыню і свядома задумваюцца над выбарам прафесіі.Таму вельмі важна для настаўніка зацікавіць вучням сваім факультатывам. Яны не павінны сумаваць.

Курс “Стаўбцоўшчыназнаўства” вылучаецца сярод астатніх вучэбных дысцыплін асаблівым зместам, таму ўрокі таксама павінны быць асаблівымі, змястоўнымі, эмацыянальнымі, карыснымі. Ад настаўніка патрабуецца не толькі выдатнае валоданне зместам прадмета, але і ўменне данесці кожную думку так, каб яна не толькі ўзбагаціла інфармацыяй, а і закранула пачуцці вучняў.

Усе тэмы курса маюць практычны характар, толькі невялікая частка праводзіцца ў выглядзе лекцый (уводныя тэмы, тэмы, звязаныя з гісторыяй Стаўбцоўскай зямлі і інш.).

Адной з самых цікавых форм краязнаўчай работы з’яўляецца экскурсія. Нездарма ў народзе бытуе выслоўе: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў чуць. Усім вядома аб вялікім адукацыйным і выхаваўчым эфекце экскурсій. Любых, ці то ў лес, на рэчку, вадасховішча, ці на жывёлагадоўчую ферму або машынны двор, на прамысловыя прадпрыемствы, у музеі, галерэі, выставы і г.д. У час экскурсій, што таксама важна, адбываюцца сустрэчы з цікаввымі і знакамітымі людзьмі. Аднак варта сказаць, што поспех і эфектыўнасць экскурсій, іх карысць у выхаваўчых і адукацыйна-пазнаваўчых адносінах у значнай ступені, а можа і цалкам, залежыць ад падрыхтаванасці тых, хто іх праводзіць: педагогаў, экскурсаводаў.

У праграму “Стабцоўшчыназнаўства” уключана экскурсія “Святыні Стаўбцоўшчыны”. Каб экскурсія прайшла паспяхова, настаўніку патрэбна прытрымлівацца некаторых рэкамендацый.

Першым этапам у падрыхтоўцы экскурсіі з’яўляецца распрацоўка маршрута. Настаўнік не павінен распрацоўваць маршрут адзін, трэба каб вучні таксама ўдзельнічалі.

Наступны этап – самастойнае наведванне настаўнікам мясцін распрацаванага маршрута, пад час якога ён дамаўляецца аб экскурсіі для вучняў. Гэты этап з’яўляецца вельмі важным, таму што ад гэтага залежыць, як пройдзе экскурсія.

Нават калі экскурсія праводзіцца пасля завочнага знаёмства вучняў з культавымі помнікамі (у час вывучэння тэмы “Архітэктурныя помнікі Стаўбцоўшчыны”), настаўнік павінен абавязкова падрыхтаваць дзяцей: правесці некалькі гутарак (напомніць мэту экскурсіі, пра паводзіны ў час экскурсіі і г.д.).

Павысіць цікавасць да экскурсіі і дысцыплінаванасць у паводзінах можна, папярэдзіўшы дзяцей аб тым, што пасля экскурсіі ім трэба будзе рабіць справаздачу, выказаць свае ўражанні не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай форме. А ўзнагародай для пераможцы будзе публікацыя ў “раёнцы” яго справаздачы.

Таксама пры выкладанні курса можна выкарыстоўваць урок тыпу семінара.

Асноўныя пытанні ўрока асвятляюцца ў паведамленнях і дакладах вучняў. Настаўнік дапамагае ў падрыхтоўцы дакладаў, прапаноўвае літаратуру або прыёмы збору неабходнага матэрыяла, але на ўроку абмяжоўваецца ўступным і заключным словам. Такі варыянт работы можа быць выкарыстаны пры вывучэнні тэмы “Дзеячы беларускага краязнаўства” і інш.

У час той жа экскурсіі “Святыні Стаўбцоўшчыны”, можна сабраць звесткі аб паходжанні назваў вёсачак ці іншых насельных пунктаў раёна, а потым гэтыя звесткі выкарыстаць пры разглядзе тэмы “Тапаніміка раёна”. Можна стварыць схему тапонімаў назваў раёна, якія паходзяць ад прозвішч, ад мясцовасці, ад сацыяльна-эканамічных умоў, ад гістарычных падзей і г.д. А можна скласці слоўнік мясцовых геаграфічных назваў, карыстаючыся пісьмовымі і іншымі крыніцамі, раскрыць іх змест.

Якую літаратуру выкарыстоўваць настаўніку пры падрыхтоўцы?

Перш за ўсё гэта кніга “Памяць”, прысвечаная Стаўбцоўскаму раёну, а таксама краязнаўчая старонка “Панямонь” газеты “Прамень”. Там можна знайсці вельмі цікавы матэрыял як па гісторыі архітэктурных помнікаў Стаўбцоўшчыны, так і па тапаніміцы і мінулым края (таксама гл. наступную “Літаратуру”). У выніку самастойнай працы (інтэрв’юраванне мясцовых жыхароў, этнаграфічных і краязнаўчых экспедыцый) ў настаўніка назапашваецца багаты матэрыял.


ЛІТАРАТУРА


  • Адамовіч С., Кушнярэвіч А. Дойлідства Стаўбцоўшчыны // Прамень (Стоўбцы).1992, 22 сак.

  • Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.

  • Александровіч С. Па слядах Францыска Скарыны. Мн.,

  • Беларусазнаўства. 10-11 класы / Аўт. калект.: А.Лозка (кіраўнік). Мн., 1994.

  • Беларуская мова: Энцыкл. / Беларус. энцыкл., пад рэд. А.Я.Міхневіча. Мн., 1994.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15. Мн., 2002.

  • Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц.жанры: Мінская вобл. / Уклад. В. Д. Ліцьвінка. Мн., 1995

  • Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.1. Мн., 2005.

  • Беаларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ стагоддзя / Уклад. Кулагін А.М., Герасімовіч У.А. Мн., 2004.

  • Блях Р. Пачатак біяграфіі // Прамень (Стоўбцы). 1979. 9 ліст.

  • Габрусь Т.В. Нашы святыні // Наша вера. 2003. № 98.

  • Габрусь Т.В. Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны. Гістарычна-мастацтвазнаўчы нарыс. Мн., 1991.

  • Галоўка С. Старонкі гісторыі // Прамень. 1986. 10 крас.

  • Галоўка С. Погляд краязнаўцы // Голас Радзімы. 1992. 23 крас.

  • Галоўка С. Святыні Стаўпеччыны // Прамень. 1993. № 21.

  • Галоўка С. Святыні Стаўбцоўшчыны // Прамень. 1994. № 43.

  • Говар І. Экскурсіі, як і кніжкі, з’яўляюцца крыніцай ведаў // Настаўніцкая газета. 2004. 8 крас.

  • Гурскі А. І. З любоўю да народа: З жыцця і фальклорна-этнаграфічнай дзейнасці Дз.Г.Булгакоўскага і П.П.Дземідовіча. Мн., 1989.

  • Деленковский Н. И, Турко А. М. Столбцы: Ист.-экон. очерк. Мн., 1981.

  • Жаўняркевіч Р. Нашы святыні // Наша вера. 1999. №2(8),

  • Жучкевич В. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн. 1974.

  • Замскі М. Город наш родны // Прамень. 1981, жнів.

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобл./ Рэдкал.: С.В. Марцэлеў і інш. Кн. 2. Мн., 1987.

  • Каганец К. Творы / Уклад. С.Александровича. Мн., 1979.

  • Каласавіны: Тэз. дакл.і паведамл. нав. канферэнцыі, прысвечанай 107-й гадавіне з дня нарадж. нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1989.

  • Киселев В.Н. На истоках нёманских. Мн., 1985.

  • Крыванос Х. Святыні Стаўбцоўшчыны // Прамень.1992. 12 жн.

  • Крыванос Ф. З гісторыі святыняў // Прамень.1993. 3 сак.

  • Кулікова Н.П. Пошукі сваёй сцежкі. Метадычныя парады па эстэтычнаму выхаванню. Мн., 1997.

  • Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ стст.: Гіст.і архіт., археал. даслед. Мн., 1993.

  • Легенды і паданні. Серыя “Беларуская народная творчасць”. Мн., 1983.

  • Лёсік Я. Практычная граматыка беларускай мовы. Мн., 1921.

  • Лойка А.А. “Новая зямля” Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство. Мн., 1961.

  • Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн., 2002.

  • Лукша У. Стаўбцоўшчына: Замалёўкі з натуры. Мн., 1998.

  • Ляшук В.Я. Літаратурнае краязнаўства ў школе. Мн., 1991.

  • Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў ХІХ ст. Мн., 1969.

  • Мальдзіс А. Восень пасярод вясны. Мн., 1984.

  • Мархель У.І. Творчасць Вінцэся Каратынскага ў ацэнцы сучаснікаў і нашчадкаў // Белоруссика: книговедение, источники, библиография. Мн., 1980.

  • Нарачанскія ваколіцы: Замалёўкі з натуры мастака Ул.Лукшы. Мн., 1991.

  • Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі / Уклад. і рэд. Н.С.Гілевіч. Мн., 1983.

  • Несцярчук Л.М. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі: Асноўныя этапы фарміравання, сучасны стан і перспектывы. Мн., 2003.

  • Описание церквей и приходов Минской Епархии, составленная по официально затребованным от причтов сведений / Приложение к “Минским Епархиальным ведомостям” за 1878 год. Мн., 1878.

  • Пакульніцкі Б. Школьныя сцяжынкі да сівых легендаў // Настаўніцкая газетаю 2004. 18 мая.

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага раёна. Мн., 2004.

  • Пракопчик Л.Т. В краю Налибокской пущи. Мн., 1979.

  • Пракопчык Л. Вёскі, у якіх мы жывём. Прамень.1995, ліст.

  • Рогалеў А. Стоўпня // Беларуская ніва. 1992 30 крас.

  • Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны: энцыкл.даведнік / Аўт.-скл. Л.В.Календа. Мн., 2004.

  • Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

  • Сахута Я. Фарбы роднай зямлі. Мн., 1985.

  • Сыракомля У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Мн., 1992.

  • Тамы серыі “Беларуская народная творчасць”.

  • Топоров А. Памятная книжка Минской епархии. Мн., 1901.

  • Чантурия В.А. Архитектурные памятники Белоруссии. Мн., 1982.

  • Чыгрын І.П. Станаўленне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі перыяд. Мн., 1971.

  • Шаладонава Ж.С. Фарбы быту і быцця ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Мн., 2001.

  • Шаблюк В. Новы Свержань. Прамень. 1995. 17 мая.

  • Шпилевский П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992.

  • Цвірка К. Дарога ў сто год. Мн., 1974.

  • Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Мн., 1975.

  • Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. Мн., 1989.

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т.4.

  • Язэп Лёсік. 1921—1930. Збор твораў / Уклад. А.Мінкіна. Мн., 2003.

  • Літаратурныя мясціны Беларусі: Краязн.давед.: Дапам.для настаўнікаў: у 3-х кн.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconЭлектронныя вучэбныя матэрыялы
Змест курса складаюць звесткі аб функцыянальна-стылістычнай дыферэнцыяцыі, стылістычных нормах І рэсурсах беларускай мовы ў сувязі...

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconМэты правядзення дыскусіі
Абсталяванне І матэрыялы: кампутар, праектар, друкаваныя матэрыялы, фрагменты відэафільмаў, электронная дошка (не абавязкова)

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconСцэнар інтэграванага ўрока-гульні "Вандроўка па планетах сонечнай сістэмы"
Аўтар: Аржанава Наталля Аляксандраўна – настаўнік беларускамоўнага 1 “Г” класа, сш №1, г. Магілёў

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconГісторыя стварэння музея
У. Леніна. Але ў сувязі з перабудовай у ссср( 1985 г.),якая прывяла да распаду краіны,матэрыялы музея страцілі сваю актуальнасць...

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconДуа "Вучэбна – педагагічны комплекс Грынкаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа" План-канспект інтэграванага ўрока
Мэта: з прапанаванага матэрыялу вывесці паняцце перыметр І вызначыць спосаб знаходжання перыметра многавугольніка

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconНабажэнства ў інтэнцыі папы І касцёла дапаможныя матэрыялы
Для лепшай арганізацыі набажэнстваў ў інтэнцыях Папы І касцёла ў нядзелю 24 лютага або ў чацвер 28 лютага Мітрапалітальная Курыя...

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconДадатковыя матэрыялы да практычных заняткаў па сучаснай беларускай мове для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія" Пісьмовая работа №1 Дыктоўка
Здавалася, метраў за сорак-пяцьдзесят яго нi з чым нельга было параўнаць: вышэйшы за ўсё на зямлi. Роўненькi, гладкi, амаль як мармур,...

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconЭкзамен па дысцыпліне "Будаўнічыя матэрыялы І вырабы" выкладчык Радушкевіч Т. С
Кансультацыя па дысцыпліне “Будаўнічыя матэрыялы І вырабы” выкладчык Радушкевіч Т. С

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconАкуліч У. А. Гісторыя эканамічнай думкі Беларусі як напрамак беларускай эканамічнай навукі // Матэрыялы навуковай канферэнцыі Сучасная беларуская мова ў сферы
Матэрыялы навуковай канферэнцыі “Сучасная беларуская мова ў сферы сучаснай навукі”, прысвечанай 15-годдзю кафедры беларускай мовы....

Стаўбцоўшчыназнаўства : матэрыялы інтэграванага курса iconПрограмма Элективного курса «Основы археологии»
Программа курса предусматривает также теоретическую подготовку к полевой археологической практике

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка