Генадзь Семянчук (Гродна) "Як пісаць І разумець гісторыю?" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага




НазваГенадзь Семянчук (Гродна) "Як пісаць І разумець гісторыю?" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага
Дата канвертавання13.11.2012
Памер187.79 Kb.
ТыпДокументы

Генадзь Семянчук (Гродна)

Як пісаць і разумець гісторыю?” Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага


Сярод вядомых еўрапейскіх метадолагаў і тэаратыкаў гістарычнай навукі значнае месца займае польскі спецыяліст праф. Ежы Тапольскі (1928-1998 гг.). Парадаксальна, але ні савецкая, ні постсавецкая гістарыяграфія не звярталіся і не звяртаюцца да багатай спадчыны гэтага гісторыка. Напрыклад, у адзіным беларускiм навучальным дапаможніку Методология истории (Мн., 1996) імя праф. Ежы Тапольскага не ўзгадваецца ні воднага разу. Аднак аналіз працаў Ежы Тапольскага, як метадалагічна-тэарэтычнага характару, так і канкрэтна-гістарычных, можа быць вельмі карысным для беларускіх даследчыкаў, асабліва маладых, не абцяжараных вульгарным марксізмам. Ежы Тапольскі і яго даробак - яскравы прыклад прагрэсіўнай эвалюцыі мыслення творчага чалавека. Мыслення, у якім адсутнічае закасцянеласць, дагматызм і нецярпенне да іншых поглядаў і меркаванняў. Жыццёвая і навуковая філасофія Ежы Тапольскага - гэта прыклад вернага і шчырага служэння Навуцы, а яго творчая спадчына – багатая крыніца для кожнай генерацыі навукоўцаў*.

Гістарычны свет, які крэсліў Ежы Тапольскі ў сваёй творчасці вельмі шырокі. Пабач з гісторыяй Познані, Гнезна, Велькапольскі, Польшчы, Еўропы і света, займаўся гаспадарчай гісторыяй і гісторыяй культуры. Аднак пасіей жыцця прафесара Е.Тапольскага з’яўлялася метадалогія гісторыі. Тэарэтычныя разважанні Тапольскага па пытаннях метадалогіі гістарычнай навукі першапачаткова вырасталі з дзвюх крыніц: 1. гістарычны матэрыялізм (марксісцкая інтэлектуальная фармацыя); 2. познаньскае навуковае асяроддзе, якое сфармавала яго метадалагічную культуру. Познань Яна Руткоўскага, Казіміра Тымянецкага, Генрыха Лаўмяньскага, з аднаго боку, і Познань Казіміра Айдукевіча, Ежы Гедыміна і Анджэя Маеўскага, з другога боку, стваралі той непаўторны клімат дзе фармаваліся погляды маладога Е. Тапольскага. Менавіта гэтыя гісторыкі і філосафы прышчапілі яму перакананне, што толькі гісторыя праблемная, накіраваная на вытлумачэнне мінулага, мае сэнс. У мысленні прафесара Тапольскага заўсёды прысутнічае тэза аб прымаце і першаснасці онталагічных прынцыпаў (канцэпцыі прадмета даследаванняў) над працэсам уласна даследавання. Ад таго як разумеецца тое, што павінна даследавацца, залежыць спосаб вырашэння эпістамалагічна-метадалагічных праблемаў.

З’яўляючыся спачатку марксістам у выбары тэмаў сваіх даследаванняў (не маючы іншага выбару): сацыяльна-эканамічныя праблемы, класавая барацьба сялянства ў познім сярэднявеччы і новым часе, праблемы гаспадарчага рэгрэсу ў Польшчы ў 17-18 стст, шляхі развіцця фальварачнай гаспадаркі, культура і практыка сельскай гаспадаркі, - ён, як большасць польскіх гісторыкаў 50-70-х гадоў ХХ ст., у змесце сваіх даследаванняў праяўляў вялікую самастойнасць і творчасць, у адрозненні ад савецкіх даследчыкаў. Больш таго, яму ўдалося стварыць даволі самастойную і арыгінальную, шмат у чым новую, інтэрпрэтацыю гістарычнага матэрыялізму.

Ежы Тапольскі адпачатку ў сваёй творчасці быў знаёмы і шырока выкарыстоўваў здабыткі і ідэі сучаснай яму заходнееўрапейскай і амерыканскай філасофскай і метадалагічнай навук. Яго кнігі, прысвечаныя метадалогіі гісторыі і тэорыі гістарычных ведаў, з’яўляюцца сваеасаблівым резэрвуарам з якога большасць даследчыкаў чарпала інфармацыю аб навуковых дасягненнях немарксісцкіх навукоўцаў. Можна адзначыць, што ён заўсёды крочыў у ногу з развіццём сусветнай тэорыі навукі, прапагандуючы і адначасова распрацоўваючы прагрэсіўныя кірункі. Таму не дзіўна, што пасля канчатковага вычэрпанню магчымасцей марксізму і пазітывізму як філасофіі навукі, Ежы Тапольскі свядома прыйшоў да пэўных падставаў і спосабаў мыслення постмадэрнісцкага накірунку ў сучаснай гуманістыцы. Творы і ідэі выбітных гуманістаў ХХ ст., філосафаў, гісторыкаў, метадолагаў культуролагаў постмадэрністцкага і дэканструктывісткага накірункаў, такіх як Мішель Фуко, Роланд Барт, Жак Дэріда, Франклін Анкерсміт, Артур Данто і інш., надхнялі апошнія гады жыцця да новых вышыняў творчасці прафесара Е.Тапольскага.

У нашым артыкуле, які не ў якім разе не прэтэндуе на вычарпальны аналіз гісторыка-метадалагічных поглядаў Ежы Тапольскага, мы прадставім візію польскага даследчыка на некаторыя важныя тэарэтычныя праблемы, такія як гісторыя, гістарычныя крыніцы, тыпы і структура гістарычнай нарацыі. Гэтыя і іншыя катэгорыі ў канчатковым выглядзе былі сфармуляваны ім ў дзвюх працах, выдадзеных у другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя: Jak się pisze i rozumie historię ? Tajemnice narracji historycznej (Warszawa, 1996) і Wprowadzenie do historii (Poznań, 1998). Менавіта разуменне гэтых паняццяў дазволіць гісторыкам, асабліва маладым, глыбей і грунтоўней прадстаўляць вынікі сваёй працы.

Неабходна адзначыць, што для сучаснага гісторыка і ўвогуле даследчыка гуманітарнага накірунку вельмі важным з’яўляецца рэгулярнае знаёмства з новымі дасягненнямі філасофіі навукі і філасофіі гісторыі. Гэта аблягчае адэптам гістарычнай навукі арыентавацца у вельмі складанай, поўнай дыскусій і прапаноў, інтэлектуальнай і культурнай рэчаіснасці сучаснага свету, што ў сваю чаргу палегчыла бы навучанне гісторыі і вывучэнне гісторыі. Значным для прафесіі гісторыка (навукоўца-гуманітарыя) з’яўляецца таксама знаёмства з галоўнымі тэарэтычнымі і філасофскімі паняццямі, якія неабходныя для разумення агульных асноў гістарычнага даследавання, для мыслення аб гісторыі і аб працы гісторыка. Як заўважае Ежы Тапольскі: “Тэорыя дае гісторыку больш дакладныя арыенціры і паняцці, пашырае кола пытанняў, якія мусяць быць даследаваны. А метадалогія дазваляе арыентавацца ў самым ходзе даследавання, а таксама ацаніць вынікі, здабытыя пад час даследавання. Шчыльна звязаная з тэорыяй, метадалогія дае таксама натхненне для ўзняцця пэўных праблемаў даследавання”.

І першае пытанне якое паўстае перад маладым гісторыкам- даследчыкам: А што такое гісторыя? На першы погляд дадзенае пытанне бачыцца вельмі простым. Аднак адказ на яго больш складаны, чым нам падаецца. Традыцыйна гісторыю разумеюць: з аднаго боку – як тое, што калісьці было (адбывалася); з другога боку – як тое, што аб мінулым пішацца альбо гаворыцца. Такім чынам, на думку Ежы Тапольскага, маем з аднаго боку старажытнасць, якая прамінула і не вернецца, а з другога боку – усё тое, што аб ёй мяркуюць і гавораць людзі, у тым ліку гістарычная навука, гістарыяграфія. Ужо ад XVIІІ ст. гісторыю як мінулае называюць па лаціне res gestae (г.зн. дзеянні, а ў першасным значэнні - дзеянні вайсковыя), а гісторыю як нарацыю аб мінулым (апісанне мінулага) называюць historia rerum gestarum.

Адным з важнейшых пытанняў застаецца – чым займаецца гісторык, г.зн. як ён разумее свой прадмет незалежна ад таго, што ён мяркуе аб самой мінуўшчыне. Бачым, што як ў паняцці res gestae, так і ў паняцці historia rerum gestarum маем абмежаванне гісторыі да дзеянняў людзей (GESTAE), хоць мінулае гэта таксама мінулае космасу, чым займаецца касмалогія, якая глыбока зацікаўлена праблемай часу, падобна як і “людская” гісторыя (“чалавечая мінуўшчына”).

Узнікае пытанне – што значыць “чалавечая мінуўшчына”? Адныя даследчыкі жадаюць займаца толькі канкрэтнымі людскімі дзеяннямі, іншыя ўважаюць, што гаворка вядзецца пра дзеянні, толькі звязаныя і кіруемыя якімісці “заканамернасцямі”. У любым выпадку цяжкасці ў разуменні гісторыі як увогуле мінулага ці мінулага людзей не знікаюць. Чаму? Бо атрымоўваецца так, што з аднаго боку есць мінулае (хоць ужо прайшло), а з другога боку ёсць усе тыя, у тым ліку і гісторыкі, якія хочуць нешта аб гэтай мінуўшчыне гаварыць, альбо пісаць, і гэта робяць. Так мяркуецца спрадвеку і ў шматлікіх выпадках сцвярджаецца па сённяшні дзень. Ежы Тапольскі лічыць, што так не бывае, таму, што гісторык не вывучае мінулага як нечага, што знаходзіцца звонку ад яго, гатовага да даследавання, альбо на гэта чакаючага, а толькі даследуючы мінулае ад пачатку стварае яго нарацыйны вобраз. Праўда, гэты вобраз не з’яўляецца нейкім партрэтам чагосьці, нават часткова вядомага ў сваім арыгінальным кшталце, а толькі канструяванне (маляванне) дадзенага метафарычнага вобразу, які кантралюецца веданнем методыкі і, у першую чаргу, іншымі нарацыйнымі вобразамі, якія ад пачатку думаюцца і пішуцца моваю гістарычных крыніц.

А чым з’яўляецца нарацыйнае тварэнне (маляванне) мінулага? Агульна прынята, што стварэнне нарацыйнага вобразу мінулага, гэта ёсць “адлюстраванне” альбо “рэканструкцыя”. І метафарычным “люстэркам”, з дапамогай якога адбіваюцца гэтыя працэсы, маглі бы быць “гістарычныя крыніцы”. На думку Ежы Тапольскага, люстэрка альбо падобнага механізма на самой справе няма:“Мінулае не з’яўляецца нечым, што прыдалася бы да “адлюстравання” альбо “рэканструкцыі”. А калі мінулае не можна, ані адлюстраваць, ані зрэканструяваць, то не застаецца нічога іншага, як гэтую мінуўшчыну нарацыйна канструяваць”. Падобнае можна казаць пад варункам, што дадзенае канструяванне не будзе разглядацца як нешта, створанае незалежна ад гісторыка, мінулая рэчаіснасць. І далей: “мінулае відавочна існавала незалежна ад гісторыкаў, каралі жылі і займаліся войнамі, Сталінскія і Гітлераўскія знішчэнні не былі ілюзіямі альбо прадуктам уяўленняў, аднак пасля змянення таго, што было, гэтыя ўсе меркаванні з’яўляюцца нашай ласкай”. Гэта значыць усё тое, што гістарычна існуе, існуе толькі дзякуючы нашай памяці альбо дзякуючы працы гісторыкаў. Калі нешта не застанецца ў нашай памяці альбо не зробіцца прадметам зацікаўленнасці гісторыкаў, то знікне, толькі, можа, дзе-небудзь вібруючы ў касмічнай прасторы. Не можна пры гэтым уяўляць мінулае і рэляцыі аб ім ў гістарычнай нарацыі як двух незалежных ад сябе светаў – аднага рэальнага, а другога нарацыйнага. І зноў дамо слова Ежы Тапольскаму: “Гісторык не адлюстроўвае, ані рэканструюе чагосьці гатовага, якое толькі на гэта чакае, а прапануе тое ці іншае апісанне мінулага”. Карацей кажучы, гэта ёсць тварэнне на падставе крыніцаў тэкстаў (нарацый) і ўключэнне іх да культурнага жыцця з меншай альбо большай акцэптацыяй грамадствам. Нават калі нейкім цудам атрымалася бы наблізіцца да “адлюстравання” ці “рэканструявання” мінулага, дык нават ў гэтай сітуацыі падобнае “адлюстраванне” ці ”рэканструкцыя” не магчымыя. Па-просту “мінулае – гэта ўсё, што здарылася. Мінулае практычна з’яўляецца не скончаным”. Дастаткова падумаць, колькі падзей адбываецца ў хвіліну (альбо гадзіну). Апісанне нашых учынкаў і думак на працягу дня склалі бы даволі тоўстую кнігу. Добрым прыкладам з’яўляецца раман “Уліс”, ірландскага пісьменніка Джэймса Джойса, у якім чытачу прапанавана апісанне (фікцыйнае) аднаго дня 1904 г. з жыцця 2 асоб у адным месцы – Леапольда Блюма і Стэфана Дэдала.

Калі немагчыма апісаць (адлюстраваць, рэканструяваць) усяго, бо не маем права нешта выкідваць з мінулага як невартае памяці альбо малаважнае, дык што нам застаецца? Ежы Тапольскі лічыць, што калі гісторыкі не маюць магчымасці паказаць у нарацыі “усяго”, што здарылася ў мінулым, а таксама не ведаюць упэўнена, якія рысы (характарыстыкі) той мінуўшчыны неабходна лічыць галоўнымі і прыняць іх, каб не апісваць “усяго”, то нам не застаецца нічога іншага, як ствараць уласны, такі ці іншы тэкставы вобраз. Гэты вобраз будзе грунтавацца на крыніцах, па-за крыніцавых ведах (альбо усялякіх ведах, якія выкарыстоўваюцца ў даследаваннях і нарацыі, і якія не паходзяць з актуальна ўзятых пад увагу крыніцаў) і патрабаваннях гістарычнай, ад вякоў распрацаванай методыкі, але ўвесь час застаючыся ў свеце апісанняў.

Падобны падыход ставіць працу гісторыка ў іншую сітуацыю, чым дагэтуль лічылася ў пазітывісцкай і марксісцкай філасофіі гісторыі. Праца гісторыка, такім чынам, становіцца больш канцэптуальнай і адказнай. Таму Ежы Тапольскі лічыць, што “гісторык ўяўляецца не як выканаўца, які трымае люстэрка, а як творца з асаблівым колам адказназнасці, таксама маральнай, і тым самым як сутворца культуры”. Не трэба пераконваць, што рэканструкцыя значна лягчэйшая за канструяванне. Пры рэканструкцыі заўсёды знойдзецца канкрэтная мадэль, альбо яе галоўныя часткі, а пры канструяванні не маем нічога “рэальнага”. Відавочна, што гісторык можа ў працэсе падобнага канструявання карыстацца нейкімі узорамі, праўда, гэта не будуць узоры, прадстаўленыя нам мінулай рэчаіснасцю, а толькі прадстаўленыя іншымі аўтарамі альбо праз іншыя канструкцыі (тэксты). “Таму трэба задумвацца, што гэта мы канструюем мінулую рэчаіснасць і гэтае канструяванне з’яўляецца вельмі адказным, бо папросту прадмет нашых даследаванняў перастаў існаваць і яго не магчыма адкрыць”. Гаворачы “мы” Е.Тапольскі мае на ўвазе як гісторыкаў, так і ўсіх, хто выказваецца аб мінулым, а гаворачы аб канструяванні думае толькі аб нарацыі, а не аб нейкай асобнай рэчаіснасці мінулага.

Нарацыйная канструкцыя мінулага не можа быць поўнасцю вольнай – як, напрыклад, ў літаратараў, якім дазволена выдумваць здарэнні і асобаў. Паўторымся, Ежы Тапольскі сцвярджае, што гісторык у сваім канструяванні вобразу мінулага залежыць ад крыніц, па-за крынічных ведаў і вымаганняў метадалогіі. г.зн. не працуе на terra incognito. Гэта дае яму пэўныя пачатковыя пункты ў яго канструкцыйнай працы. Іншыя пункты гісторык знойдзе ў дасягненнях і даробку ранейшай гістарыяграфіі. Можна адзначыць, што чым больш развіваецца гістарыяграфія, тым гісторыкі больш пісалі аб тым, што напісалі раней іншыя гісторыкі, а не аб мінулай рэчаіснасці.

У дадзенай сітуацыі Ежы Тапольскі прапануе ўласную гістарыясофскую канцэпцыю - мінімальнай характарыстыкі мінулага. Сэнс гэтай канцэпцыі ў наступным. “У мінімальнай характарыстыцы мінулага (мінулай рэчаіснасці) “знаходзяць” такія элементы, якія прызнаюцца за найбольш важныя. Яны надаюць гістарычнай нарацыі самыя падставовыя сувязі, робячы так, што ўжо на пачатку канструявання нарацыя забяспечана пэўнымі аркамі, якія яе звязваюць”. Сярод гэтых элементаў па-за часам і прасторай, вылучаюць “людскую дзейнасць”. Ежы Тапольскі адзначае, што людская дзейнасць стварае не толькі ланцуг, падобны да нарацыі (ланцуг часу), а таксама адначасова разглядаецца, з аднаго боку, як уласна дзейнасць, а з другога боку, як вынікі той дзейнасці (індывідуальнай альбо калектыўнай). Гэта дазваляе вылучыць у мінулым два бакі: 1) суб’ектыўны, які прымушае звяртацца да людскіх перакананняў і матываў дзейнасці; 2) аб’ектыўны - ў сэнсе фактычных вынікаў людской дзейнасці. Абодва бакі гістарычнага працэсу паміж сабой звязаны, больш таго, яны зладжана працякаюць ў часе і прасторы. Такім чынам, Ежы Тапольскі падсумоўвае: “Мінулае, якое цікавіць гісторыка, гэта чалавечае мінулае, якое датычыцца ўсяго таго, што мае сувязь з людзьмі, відавочна таксама і натуральнае асяроддзе чалавека. Дадзенае мінулае разумеецца як не вымяральны збор людскіх дзеянняў і іх вынікаў (якія маюць месца ў прыродным асяроддзі), існавала аб’ектыўна, гэта значыць незалежна ад існавання гісторыка”.

Мусім памятаць, што гэтая рэчаіснасць, згодна Е. Тапольскаму, мінула і з ёй няма праўдзівага кантакту. Гэта прыводзіць да таго, што ад пачатку сваіх даследаванняў гісторык не мае дачынення з мінулай рэчаіснасцю, толькі з мысленнем, маўленнем ці пісаннем аб ёй, альбо з мовай. Можна запытацца - а крыніцы? На думку польскага даследчыка, яны таксама не даюць кантакту з мінулым. Як і нарацыя гісторыка, крыніцы з’яўляюцца падобнымі моўнымі апісаннямі. У абодвух выпадках (крыніц і нарацыі) мы застаемся ў свеце мовы – у моўнай рэчаіснасці. Зыходзячы з такіх разважанняў, Ежы Тапольскі канстатуе: “...паміж мінуўшчынай і гістарычнай нарацыяй знікае апазіцыя. Мінулае ёсць звонку нас і такім застанецца, мы ж увесь час застаемся ў адзінай сферы – у свеце мовы і не можам з яго вырвацца. Мы гаворым (пішам) не аб мінулай рэчаіснасці, а толькі ўвесь час аб яе моўных праяўленнях (формах), якія прызнаем за рэпрэзэнтацыю дадзенай рэчаіснасці”.

У разважаннях аб гісторыі і гістарычнай нарацыі Ежы Тапольскі шмат увагі надае разуменню сутнасці дэфініцыі - гістарычныя крыніцы. З часоў пазітывізму ў навуковай свядомасці гісторыкаў замацавалася меркаванне, што гістарычныя крыніцы - гэта сваеасаблівае “люстэрка”, з дапамогай якога магчыма адлюстраваць (альбо рэканструяваць) мінуўшчыну. Ежы Тапольскі лічыць, што гістарычныя крыніцы не здольныя “адлюстроўваць” мінулае, бо яно практычна бязмежнае ў сваім канкрэтным развіцці. Гістарчныя крыніцы могуць толькі прадставіць даследчыку больш ці менш верагодную і аб’ёмную інфармацыю аб тых ці іншых здарэннях ў мінулым. Прафесар Тапольскі сцвярджае, што не існуе ніякай мінуўшчыны, якая скапіявана ў гістарычных крыніцах і чакае на чарговае калькаванне ў гістарычнай нарацыі. Няма ніякага – з пасрэдніцтвам крыніц – калькавання (капіявання) мінулага альбо разглядання яго як праз шыбу. “Можна толькі даследаваць гістарычныя крыніцы і здабываць з іх інфармацыю аб той, ужо прайшоўшай, мінуўшчыне, а потым, абапіраючыся на тую інфармацыю, з выкарыстоўваннем пазакрыніцавых ведаў і пры звяртанні да прафесіянальных асноваў гістарычнай працы, канструяваць гістарычную нарацыю. Таму не магчыма растлумачыць паняцце “гістарычная крыніца” інакш, як адзначаючы, што гістарычнай крыніцай з’яўляецца ўсё тое, адкуль магчыма чэрпаць інфармацыю аб мінулым. У гэтай сувязі, у першую чаргу гісторык мусіць вызначыцца, з чаго такую інфармацыю ён можа чэрпаць, альбо мусіць вырашыць, што для яго з’яўляецца крыніцай. А паколькі крыніцы не “капіююць” мінулага, дык нам застаецца толькі звяртацца да крыніц з адпаведнымі пытаннямі, і атрымоўваць з іх ў выглядзе адказаў пэўную інфармацыю, якая мае нейкую сувязь з мінулым. Дадзеную інфармацыю з крыніцаў можна падзяліць з пункту гледжання іх зместу (напрыклад, інфармацыя аб жыцці гаспадарчым, палітычным, культурным і інш.), а таксама падзяліць с пункту гледжання метадалагічнага і даследчыцкага.

Інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў гістарычных крыніцах з’яўляецца патэнцыяльнай і эфектыўнай. Патэнцыяльная інфармацыя - гэта тая, якая захоўваецца ў крыніцах і пытанні, каб яе здабыць, да іх яшчэ не пастаўлены. А інфармацыю, здабытую з крыніц, можна назваць эфектыўнай. Мусім памятаць, што эфектыўная інфармацыя ніколі не можа быць поўнай ці адэкватный, бо даследчык не гарантуе ўсебаковага разумення крыніцаў і поўнага прачытання іх. Неабходна пагадзіцца з Ежы Тапольскім, што “ падзел крыніцаў (а разам і інфармацыі) на эфектыўныя і патэнцыяльныя адлюстроўвае становішча выкарыстоўвання крыніц даследчыкамі. … інфармацыйная моц крыніцаў бясконцая, яна залежыць ад пастаўленых да крыніц пытанняў. А апошнія залежаць ад нашых ведаў і нашага разуменняў задачаў гістарычнай навукі”.

З пункту гледжання даследчыцкай працэдуры, вельмі важным для канструявання гісторычнай нарацыі з’яўляецца падзел інфармацыі здабытай з крыніц на ўскосную і непасрэдную. З ім шчыльна звязаны падзел інфармацыі крыніц на падставе крытэрыя існавання альбо неіснавання інфарматара ці аўтара інфармацыі. У першым выпадку называем інфармацыю ўскоснай, а ў другім – непасрэднай.

Не менш важным для сучасных даследчыкаў з’яўляецца сцвярджэнне Ежы Тапольскага аб тым, што гістарычная крыніца не з’яўляецца нейкай крыніцай праўды. У гэтым ён уступае ў канфрантацыю з супрацьлеглым агульнапрынятым меркаваннем, якое сфармавалася і шчыльна звязана з аўтарытэтам пісьмовага слова. У той жа час крыніца таксама з’яўляецца творам людзей, якія маюць акрэсляныя погляды, альбо маўчаць калі адсутнічае інтэрпрэтатар (гісторык, археолаг). Без крыніцаў не існуе працы гісторыка, аднак не можна папросту ісці за імі. Знакаміты метадолаг гісторыі Робін Дж. Колінгвуд назваў даследчыкаў, якія паўтараюць гістарычныя крыніцы – гісторыкамі “нажніцаў і клея”. Гісторык мусіць панаваць над крыніцамі, а не крыніцы над гісторыкам.

І нарэшце апошняе пытанне – што такое гістарычная нарацыя, яе структура і тыпы? Нагадаем, Ежы Тапольскі адказу на гэтае пытанне прысвяціў адну з апошніх сваіх кніг Jak się pisze i rozumie historię ? Tajemnice narracji historycznej (Warszawa, 1996). “Гістарычная нарацыя гэта тэкст створаны гісторыкам. За нарацыю прымаецца ўвесь тэкставы continuum, які расцягваецца ад нарацый “дэфектыўных” (напрыклад генеалагічная схема), праз нарацыю насычаную сфармалізаванымі часткамі (напрыклад амерыканская кліометрыя) да нарацыі з меншымі альбо большымі якасцямі літаратурнымі. Не кожны тэкст альбо апісанне з’яўляюцца нарацыяй. Нарацыя павінна быць, у пэўным сэнсе цэластная, г.зн. павінна мець рысы нарацыйныя, храналагічныя ці структуральныя, г.зн. быць накіраванай да апісання здарэнняў ці структур, альбо сістэмы структурных сувязяў”, - такім чынам разумее гістарычную нарацыю польскі даследчык. З пункту гледжання лагічнай і граматычнай структуры гістарычная нарацыя мала чым адрозніваецца ад літаратурнай нарацыі. На думку Ежы Тапольскага – галоўная розніца паміж гсітарычнай нарацыяй (у сэнсе тэксту гістарыяграфічнага) і літаратурнай нарацыяй заключаецца ў тым, што у першай не павінна быць меркаванняў, якія адносяцца да выдуманых (фікцыйных, не маючых аднясення да крытычна зверыфікаваных гістарычных крыніцаў) індывідуальных фактаў ці сітуацый.

Як вядома ў аналітычнай філасофіі гісторыі гістарычная нарацыя была перад усім рэзервуарам прыкладаў якія ілюстравалі тыя альбо іншыя тэзы. Адначасова вылаўліваліся з яе тыя альбо іншыя тыпы лагічных мадэляў, асабліве ў сферы вытлумачэнняў. Адрознівалі хранікарскую нарацыю і нарацыю уласную, якая была насычана інтэрпрэтацыямі. Ежы Тапольскі першым паспрабаваў паказаць структуру гістарычнай нарацыі, праз якую гісторык пераказвае сваім чытачам той альбо іншы змест, свой уласны погляд на мінулае і таксама сваю візію света і чалавека. Структура гістарычнай нарацыі (і не толькі гістарычнай) мае свае лагічныя, граматычныя, рытарычныя і тэарэтычна-ідэалагічныя напластаванні.

Слой лагічна-граматычны з’яўляецца нічым іншым як сфарміраваная нарацыйная структура тэкста і яна з’яўляецца касцяком канструіравання нарацыі. З дапамогай логікі і граматыкі (іхных законаў і катэгорый) гісторык укладвае здабытую з крыніц інфармацыю ў пэўную цэластную сістэму і надае ёй моўную форму.

Слой пераконвання (рытарычны) гэта спосабы, шляхі і інструменты давесці нарацыйны тэкст да чытача, з мэтай каб ён яго прыняў. Дадзеная мэта гістарычнай нарацыі дасягаецца некалькімі спосабамі. Сярод іх Ежы Тапольскі вылучае наступныя:

  • аргументацыя лагічная;

  • аргументацыя у сенсе рытарычным, альбо тое, што мусіць пераканаць чытача прыняць данны варыянт пераказу (нарацыі), напрыклад спасыланне на аўтарытэт у мэтах узмацнення ўласнай высновы, альбо іранічнасць да абаронцаў іншых тэзаў не згодных з тваёй;

  • кампазіцыя тэксту. У кампазіцыі гістарычнага тэксту важнае значэнне з пункту гледжання эфектаў пераканання маюць селекцыя, іерархізацыя і звязаная з імі перыядызацыя інфармацыі.

  • звяртанне да слядоў рытарычных і метафарычных, а шырэй – да усяго арсеналу рытарычных сродкаў акумуліраваных у працэсе развіцця рыторыкі і сучаснага развіцця тэорыі літаратуры.

Слой тэарэтычна-ідэалагічны, адзін з найважнейшых элементов гістарычнай нарацыі, як лічыць Ежы Тапольскі. Ён шчыльна звязны з паняцяміі візіі свету і чалавека рэпрэзентаваных гісторыкам і яе уплывамі на яго погляды на мінуўшчыну. Больш таго, гэты слой акрэслівае кшталт лагічна-граматычнага і рытарычнага слаёў гістарычнай нарацыі. На думку Е.Тапольскага, у пазнавальным працэсе гісторыка (г.зн. у працэсе канструіравання вобразу мінулага) актыўнымі элементамі з’яўляюцца наступныя:

  • Пэўныя абагульненыя спосабы мыслення характэрныя для дадзенай культуры (т.зв. фундаментальныя міфы);

  • Мова з яе законамі (канвенцыямі);

  • фактаграфічныя веды, якімі патэнцыяльна валодае гісторык;

  • Веды агульныя, у тым ліку тэарэтычныя, якімі таксама патэнцыяльна валодае гісторык

  • Сістэма каштоўнасцей гісторыка (альбо ідэалогія гісторыка), у якой трэба адрозніваць яго групавую ідэалогію (якая дзеліцца з народам, з канкрэтнай грамадскай групай, рэлігійная і інш.) і прафесіянальнай этыкай – якая дзеліцца з групай навукоўцаў.

Важнымі элементамі гістарычнай нарацыі з’яўляюцца час і прастора. Функцыянаванне часу і прасторы ў гістарычнай нарацыі выступае дваяка. Па-перша, паняцце часу і прасторы можа быць часткай візіі свету і чалавека рэпрэзэнтаваных праз гісторыка (філасафічны характар), па-другое, час і прастора могуць аналізавацца як канструктыўныя элементы нарацыі, як яе дэфініцыйныя каардынаты. Ежы Тапольскі вылучае тры ўзроўні рэфлексій над над часам і прасторай ў кантэсце гістарычнай нарацыі:

  • Час і прастора як частка поглядаў даследчыка на гістарычны працэс;

  • Час як вось храналагічная гістарычнай нарацыі, прастора як вось геаграфічная.

  • Час і прастора як элемент нарацыйнай гульні, якая нясе той ці іншы пераконваючы і інфармацыйны эфект.

Заданнем і вынікам працы кожнага гісторыка з’яўляецца напісанне артыкулаў і кніжак. Альбо як напісаў Ежы Тапольскі: з асобных інфармацый крыніц у якіх гаворыцца аб гістарычных фактах, якія з’яўляюцца ў кожным выпадку канструкцыямі з меншай ці большай дозай інтерпрэтацыі, маючы да выкарыстоўвання такія інтэлектуальныя “інструменты” як храналогія, геаграфія, агульныя паняцці і аргументацыя разам з рыторыкай, гісторык стварае гістарычныя нарацыі. У ходзе развіцця гістарыяграфіі сфарміраваліся розныя тыпы нарацыі. Да галоўных праф. Е. Тапольскі залічвае: нарацыі дыяхранічныя і нарацыі сінхранічныя.

Першая, нарацыя дыяхранічная, мае храналагічную вось часу. Чарговыя часткі нарацыі (акапіты, парграфы, падрадзелы, раздзелы і інш.) развіваюць нарацыйныя дзеянні адпаведна ходу стрэлкі часоў. Так адбываецца ў палітычнай і дыпламатычнай гісторыі, ваеннай гісторыі, біяграфічных творах. Не абавязкова ў гэтых выпадках гаворка павінна ісці толькі пра гісторыю дзеянняў людзей. Дыяхранічнай з’яўляецца таксама гісторыя горада, у якой апісваюцца наступныя этапы развіцця.

Нарацыі сінхранічныя не апісваюць падзей і не канцэнтрыруюцца вакол прадстаўлення чарговых этапаў. Дадзены тып гістарычных нарацый не канструіруецца адпаведна храналогіі, хоць змешчаны на часовай шкале. Яны апісваюць адпаведныя структуры адначасова. Прыкладам сінхранічнай нарацыі з’яўляецца апісанне матэрыяльнай культуры на нейкай тэрыторыі, калі гісторык апісвае (аналізуе) у канкрэтных нарацыйных частках (раздзелах і падраздзелах) наступныя справы – жылыя памешканні, прадметы побыту, упрыгожванні і аддзенне, ежу, забавы і інш.

Ежы Тапольскі аздначае, што абодва тыпа нарацыі ў чыстым выглядзе вельмі рэдкія для гістарыяграфіі. Звычайна гісторык аб’ядноўвае дыяхранію з сынхраніей, толькі ў некаторых нарацыях больш першай (як у гісторыі палітычнай), а ў іншых другой (як ў гісторыі грамадская альбо гісторыі культуры матэрыяльнай). Ёсць яшчэ нарацыя рэфлексійная, альбо гісторыя разважанняў над пэўнымі праблемамі, у якой час і прастора толькі прадтэкст.

З практычнага пункту гледжання гістарычны матэрыял (г.зн. інтерпрэтаваная інфармацыя аб гістарычных фактах) мусіць быць нейкім чынам упарадкаваная. Ва ўсіх нарацыях, у якіх з’яўляюцца чарговыя этапы нейкага працэсу з мінулага канструіраванага гісторыкам, выконваецца перыядызацыя, альбо падзел на перыяды. “Кожная перыядызацыя – ёсць інтерпрэтацыя”, - лічыць Ежы Тапольскі.

Гістарычныя працы можна дзяліць і па іншых крытэрыях. Гэта дазваляе ў рэшце рэшт гісторыку вылучыць найбольш адпаведную форму прадстаўлення сваёй канструкцыі мінулага. Напрыклад гістарычныя кнігі ( а таксама і артыкулы) дзеляцца на манаграфіі і сінтэзы. Пры гэтым яны могуць быць строга навуковымі і больш ці менш навукова- папулярнымі. Манаграфіягэта даследаванне нейкага “аднаго” прадмету, напрыклад горада ці вёскі, “адной” праблемы – як напрыклад “гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у перыяд капіталізму”, “студзеньскае паўстанне 1863-1864 гг.” ці “утварэнне Вялікага княства Літоўскага”. Сінтэзагэта даследаванне, у якім гісторык распавядае ў адной кніжцы (артыкуле) аб шматлікіх праблемах, якія паміж сабой у большай альбо меншай ступені звязаныя. Напрыклад – усебаковае жыцце людзей на дадзенай тэрыторыі. Праўда манаграфіі могуць мець таксама сінтэтычны характар, калі прадмет даследавання звязаны з тэрыторыяй на якой жыла ці жыве нейкая група людзей. Напрыклад - манаграфія горада з’яўляецца таксама сінтэзай яго гісторыі. Так ёсць калі аўтар (аўтары) стараюцца апісаць шмат бакоў з жыцця горада (яго урбаністычнае развіццё, гаспадарку, культуру, грамадскія адносіны, мастацкае жыццё інш.). Таксама і сінтэза можа датычыцца адной праблемы, калі яна разглядаецца аўтарам поўнасцю, бяручы пад увагу розныя пункты гледжання. Можна напрыклад сказаць, што гісторык зрабіў сінтэзу дыскусіі над праблемай так званай “старажытнарускай народнасці”, калі ён агаварыў поўнасцю ўсё тое, што на дадзеную тэму напісана з часоў Нестара, аўтара “Аповесці мінулых часоў”. Відавочна, што паміж манаграфіямі і сінтэзамі няма выразнай мяжы. Аднак без сумнення, калі ідзе гаворка пра гістарычныя працы, якія датычацца дзяржаў, народаў, частак свету альбо усёй планеты – гэта тыповыя сінтэзы.

Такім чынам, канспектатыўнае прадстаўленне поглядаў польскага метадолага і гісторыка Ежы Тапольскага на некаторыя важныя праблемы гістарычнай навукі, мусяць зацікавіць беларускіх даследчыкаў, бо паказваюць новыя шляхі для развіцця. Гэта той выпадак калі не трэба выдумляць ровар, а неабходна на яго сесці і паехаць ў адпаведным кірунку.

Спіс літаратуры:

  1. Jerzy Topolski. Metodologia historii. Warszawa 1968; wyd. 2-e. Warszawa 1973; wyd. 3-e. Warszawa 1984; wersija angelska. Methodology of History. Warszawa 1976.

  2. Jerzy Topolski. Swiat bez historii. Warszawa 1972; wyd. 2-e. Poznań 1998.

  3. Jerzy Topolski. Rozumienie historii. Warszawa 1978.

  4. Jerzy Topolski. Nowe idee współczesnej historiografii. O roli teorii w badaniach historycznych. Poznań 1980.

  5. Jerzy Topolski. Teoria wiedzy historycznej. Poznań, 1983.

  6. Jerzy Topolski. Wolność i przymus w tworzeniu historii. Warszawa 1990.

  7. Jerzy Topolski. Jak się pisze i rozumie historię ? Tajemnice narracji historycznej. Warszawa: Rytm, 1996. – 424 s.

  8. Jerzy Topolski. Wprowadzenie do historii. Poznań 1998.

  9. Jerzy Topolski. Przełom gospodarczy w Polsce XVI wieku i jego następstwa. Poznań 2000.

  10. Johann Gustaw Droysen. Historik. Vorlesungen über Enzyklopädie und Methodologie der Geschichte. München-Wien, 1977.

  11. Miсel Foucault. Les mots et les choses. Une archeologie des sciences humaines. Paris 1966; расейскі пераклад – Слова и вещи. Археология гуманитарных наук. Сп 1994.

  12. Miсel Foucault. L’archeologie du savoir. Paris 1969; польскі пераклад - Archeologia wiedzy. Warszawa 1977.

  13. Arthur C. Danto. Analytical Philosophy of History. London-New York-Ibadan 1965.

  14. Franklin Rudolf Ankersmit. Narrative Logic. A Semantic Analysis of the Historian’s Language. The Hague-Boston-London 1983.

  15. Hayden Whithe. Metahistory. The Historical Imagination in Nineteenth Europe. Baltimore and London 1973.

  16. Dominick LaCapra. History and Criticism. Ithaca-London 1985.

  17. Leon Goldstein. Historical Knowing. Austin-London 1976.

  18. Francis Fukuyama. The End of History and the Latest Man. New York 1992.

  19. Wojciech Wrzosek. Historia-Kultura-Metafora. Powstanie nieklasycznej historiografii. Wrocław 1995.




* Біяграфія і спіс публікацый праф. Ежы Тапольскага за 1951-1987 гг. змешчаны ў кнізе „Między historią a teorią. Refleksje nad problematyką dziejów i wiedzy historycznej. Studia ofiarowane Profesorowi Jerzemu Topolskiemu w sześćdziesiątą rocznicę urodzin”. Warszawa-Poznań 1988. Сярод пазнейшых неабходна назваць: Wolność i przymus w tworzeniu historii. Warszawa 1990; Polska w czasach nowożytnych. Od środkowoeuropejskiej potęgi do utraty niepodległości (1501-1795). Poznań 1994; Jak się pisze i rozumie historię ? Tajemnice narracji historycznej. Warszawa 1996; Wprowadzenie do historii. Poznań 1998; Przełom gospodarczy w Polsce XVI wieku i jego następstwa. Poznań 2000 і іншыя..


Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconГенадзь семянчук
У часы Усяслава пачалі фарміравацца тэрытарыяльныя І палітычныя падставы будучай Беларусі. За ўвесь час ад смерці Яраслава Уладзіміравіча...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconГістарычная памяць насельніцтва беларуска-польскага памежжа
Янкі Купалы ў Гродна. Гэтыя матэрыялы былі выкарыстаны, між іншым, пры складанні праекта адбудовы беларускай часткі Аўгустоўскага...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconПлан дзейнасці студэнцкага археалагічнага гуртка факультэта гісторыі І сацыялогіі 2007/2008 навучальны год
Ць. Дацэнт Г. М. Семянчук. Новая літаратура па археалогіі Беларусі, Расіі, Украіны І польшчы. Б практычная дзейнасць. Правядзенне...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconУладзімір Іванавіч Астапчык нарадзіўся 1 студзеня 1965 года. Ён мастак-пейзажыст, жыве І працуе ў Беларусі, у старажытным горадзе Гродна
З дзяцінства быў схільны да творчасці, самастойна навучыўся пісаць мастацкія карціны маслам І акварэллю, а ў пачатку творчасці пераважала...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconІнвентар Мірскага замка 1688 года як гістарычная крыніца
Як гістарычная крыніца, яны даволі дакладныя, бо складаліся на месцы шляхам агляду І апытвання насельніцтва, абмеру І запісаў у прысутнасці...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconТд-дг. 021/тып. Гісторыя беларускай мовы вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія Мінск "рівш" 2006
Гістарычная граматыка як адна з састаўных частак курса гісторыі беларускай мовы адрозніваецца ад другой яго часткі – гісторыі літаратурнай...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconПублічныя лекцыі "urbi et orbi" генадзь сагановіч
Пічэты, патрабуецца рэвізія па ўсім фронце,” – пісаў у прадмове да сваей кнігі “Невядомая вайна” слынны гісторык Генадзь Сагановіч....

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconГалоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка прапануе забараніць імпарт у Расею Беларускіх він. Установа "Расейскі спажывецкі нагляд" бліжэйшым часам
Расею нядаўна быў забаронены. Генадзь Анішчанка заявіў, што найбольшую ўвагу выклікае беларуская прадукцыя, што на 80% складаецца...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconМ. В. Ярашук // Гродна І гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі: (да 880-годдзя горада): матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 10―11 красавіка 2008 г.) / [рэдкалегія: А. І. Антоненка, А. А. Каваленя
Гродна першай паловы XIX ст. / М. В. Ярашук // Гродна І гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі: (да 880-годдзя горада): матэрыялы...

Генадзь Семянчук (Гродна) \"Як пісаць І разумець гісторыю?\" Гістарычная нарацыя ў гістарыясофіі Ежы Тапольскага iconВучэбна-метадычны дапаможнік па аднайменнаму курсу для студэнтаў спецыяльнасці 1 21 03 01 01 Гісторыя, 1 02 01 02 04 Гісторыя. Замежная мова Гродна 2006
Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: Вучэб метад дапам. / Склад. В. А. Белазаровіч. – Гродна: ГрДУ, 2006. – 309 с

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка