Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны)




НазваЯгор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны)
Дата канвертавання13.11.2012
Памер78.98 Kb.
ТыпДокументы
палітычная геаграфія

балоты


Эфір 16 жніўня


Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны)


Вёска Балоты ў Кобрыньскім раёне Берасьцейшчыны. З аднаго боку поле, з трох астатніх – лес. А гэтых самых балотаў няма – загінулі ў выніку мэліярацыі. Паселішча слыннае млынам, пабудаваным напачатку мінулага стагодьдзя. Стаіць ён на ўскрайку вёскі. Як раз цяпер я знаходжуся на гэтым месцы.


Сьцены і дах пачарнелі ад старасьці. Лесьвіца прагніла і небясьпечна рыпіць пад нагамі. Але млын рухлявы толькі на першы погляд. Крылы-та спраўна верцяцца. Хоць збожжа на ім даўно ня меляць.


За два дзесткі мэтраў знаходзіцца хата Мікалая Дрота. Балотную адметнасьць пабудаваў ягоны бацька. Замест гаспадара на мае пытаньні адказвае ягоная жонка Вольга Дрот.


(Карэспандэнт: ) “Я падняўся па тых прыступках. Думаў, што можна трапіць унутар, але там усё закалочана”.


(Вольга Дрот: ) “Так. Там усё закрыта. Усё начыньне”.


(Карэспандэнт: ) “Усё абсталяваньне захавалася?”


(Вольга Дрот: ) “Захавалася. Там усё стаіць. Млын працаваў. І добры некалі млын быў. Мука была добрая!”


(Карэспандэнт: ) “Чаму зараз ня меліце?”


(Вольга Дрот: ) “Дзед наш стары, а сын ў Кобрыні жыве. Ніхто ня хоча з маладых людзей. Маладыя людзі цяпер ня вельмі хочуць рабіць. Ім вельмі цяжка сеяць і вырашчваць. Прасьцей зайсьці ў краму і набыць”.


(Карэспандэнт: ) “А вы даўно на пэнсіі?”


(Вольга Дрот: ) “Ужо 12-ты год”.


(Карэспандэнт: ) “Пэнсія вялікая?”


(Вольга Дрот: ) “Вялікая! 150 тысячаў. Зь мяне хапае. Трымаем дзьве каровы, сьвіньні ды індыкі”.


(Карэспандэнт: ) “Колькі вам год?”


(Вольга Дрот: ) “Шэсьцьдзесят шэсьць”.


(Карэспандэнт: ) “І хапае сілаў. Каб трымаць такую гаспадарку?”


(Вольга Дрот: ) “Хапае. Калі трымаеш, мусіць хапаць”.


(Карэспандэнт: ) “А што людзі ядуць у Балотах? Што на сталах бывае?”


(Вольга Дрот: ) “Усё! Можна зварыць боршч з салодкіх буракоў”.


(Карэспандэнт: ) “Бярэцё буракі і што далей?”


(Вольга Дрот: ) “Іх трэба пачысьціць і вырыць. Пасьля на цёрку і закінуць у рандолю. А туды кідай, што хочаш – каб было смачна: мяса і сала. Трэба ўсё заправіць перцам і лаўровым лістом. Гэта варым да гатоўнасьці”.


(Карэспандэнт: ) “Буракі салодкія і боршч атрымліваецца салодкім?”


(Вольга Дрот: ) “І боршч будзе салодкім. Але калі ўкінуць туды кіслых вяршкоў, атрымаецца вельмі смачна”.


Мясцовую ўладу ў Балотах прадстаўляе Валянціна Кісьлюк. Асноўныя абавязкі старасты – гэта сачыць да парадкам і кантраляваць выкананьне загадаў райвыканкаму ды сельсавету. Сваю грамадзкую нагрузку яна перамяжоўвае з хатнімі клопатамі ды выхаваньнем унука. Спадарыню Кісьлюк я засьпеў на падворку. У нашае размове я працягную было пачатую тэму.


(Карэспандэнт: ) “Гэты млын – такая адметнасьць. Я размаўляў з гаспадаром. Казалі, што спрабавалі яго аднавіць”.

(Валянціна Кісьлюк: ) “Хацелі. Гэта яшчэ пры калгасе было – можа, гадоў пяць ці шэсьць таму”.


(Карэспандэнт: ) “Гэтую спробу, хто рабіў?”


(Валянціна Кісьлюк: ) “Калгас з сельсаветам. Туды накіравалі людзей. Плянавалася, што гэта будзе вятрак. Аднак нічога не атрымалася”.


(Карэспандэнт: ) “А ў акрузе ёсьць майстры, хто мог бы яго наладзіць?”


(Валянціна Кісьлюк: ) “Яны ўсё старыя, а моладзе цяпер не такая”.


Дзьве сотні балотных двароў месьцяцца на некалькіх вуліцах. Заасфальтаваная зь іх толькі цэнтральная. А ўсе астатнія – гэта лысая зямля, утрамбаваная нагамі і колам.


На адной зь такіх вуліцаў я пабачыў бабульку. Пра салідны ўзрост сьведчыць ейны вонкавы выгляд: сагнутае тулава, апухлыя пальцы рук, а твар пакрыты барознамі маршчакоў.


(Спадарыня: ) “Гэтыя пашпарты мяняюць. Калі разабрацца, мы ўжо больш ня людзі, а ўжо бы тое быдла калгаснае. Гэта значыць, што я ўжо ня буду хрышчонай Дамінікай. У кампутар завядуць і я ўжо пайду, паводле нумару – як той бычок калгасны. Маладым гэта можа і добра, а нас старым ад гэтага вельмі прыкра. Ёсьць такія людзі, якія пашпарты не памянялі і іх пакрыўдзілі, ім не выдалі пэнсію. Я і сама не памяняла. Хай мне ўжо і тую пэнсію не даюць! Вось мы кажам, што 150 тысячаў – гэта вялікая капейка. Для старога ніякая яна не вялікая! Усё дарагое: набудзь той пральны парашок, набудзь той хлеб.”


(Карэспандэнт: ) “У Балотах шмат людзей адмовіліся ад пашпартоў?”


(Спадарыня: ) “Усё старэнькія. А ў нас пыталіся?! Ці хочам мы таго нумару? Каб нам далі вошлю: хто хоча мяняйце – памяняйце! А мне ж той нумар не патрэбны! І кампутар мне ня патрэбны!”


(Карэспандэнт: ) “А чаму людзі на пайшлі мяняць пашпарты?”


(Спадарыня: ) Тады Сатану прымеш на сваю душу. У кампутар нас занясуць, а кампутар – гэта злы дух”.


(Карэспандэнт: ) “Людзі адмовіліся ад апшпартоў і ня могуць атрымліваць пэнсію. А на што яны жыць будуць?”


(Спадарыня: ) “Будуць ля сваіх крэўных. Галоўнае, каб Богу было ўгодна. Для старых ўжо трэба больш Боскага. Мне нырку выразалі. Была на тэрапіі і там высьветлілася, што ў мяне рак. Вось так і жыву, пакуль у Бога жаданьне на тое ёсьць”.


Балоты – паселішча праваслаўнае. Тут стаіць царква. І нават ёсьць свой бацюхна – Іван з красамоўным прозьвішчам Гром. Некалі, як і ўсе вяскоўцы, ён працаваў у калгасе, быў нават ударнікам сацыялістычнай працы. Аднак вырашыў пайсьці на службу Божую. Атрымаў адпаведную адукацыю, часьля чаго яго, так бы мовіць, разьверкавалі ў родную парафію. На старым месцы, але ў новай якасьці бацюхна зрабіўся ледзь не самым аўтарытэтным у Балотах чалавекам. Нават стараста Валянціна Кісьлюк прызнаецца, што стараецца са сьвятаром сябраваць і не ў чым яму не пярэчыць. Калі айцец Іван выходзіць са свайго жытла, першай на двор паказваецца ягоная сівая і шырокая як дзьве рыдлёўкі барада, а застым ўжо ён сам уласнай пэрсонай.


Што да праблемы вакол пашпартоў з асабістымі нумарамі, афіцыйная пазыцыя Праваслаўнай царквы такая – гэта не пярэчыць Бібліі і для вернікаў няма аніякай небяспекі.


Адказы айца Івана Грома былі надта кароткімі і ад таго падаліся не зусім поўнымі.


(Карэспандэнт: ) “А шмат людзей адмовілася ад пашпартоў?”


(а. Іван Гром: ) “Ня ведаю. Мяркую, што мала хто не ўзяў”.


(Карэспандэнт: ) “Гэтыя людзі ўвесь час спасылаюцца на Біблію. Вы неяк кантактуеце з тымі, хто прыходзіць у царкву…”


(а. Іван Гром: ) “Яны ў мяне нічога не пыталіся, можна такое рабіць ці не”.


(Карэспандэнт: ) “А вы іх неяк спрабавалі пераканаць?”


(а. Іван Гром: ) “А што я некага пераконваць буду? Яны ўсё людзі пісьменныя, людзі чытаюць Сьвятое пісьмо, адкрыцьцё Яна Багаслова. Некаторыя людзі не задаволенныя – такое ёсьць”.


(Карэспандэнт: ) “А вы самі пашпарт памянялі?”


(а. Іван Гром: ) “Пакуль не. Гэта маё ўласнае перакананьне, узяць яго ці не”.


(Карэспандэнт: ) “Але ад 1-га ліпеня старыя пашпарты несапраўдныя”.


(а. Іван Гром: ) “Я ніколі супраць уладаў не ішоў, ня йду і не пайду. У тут самы малы і самы грэшны. І усё на гэтым!”


Зараз я знаходжуся на ўскрайку Балотаў. Навокал рэшткі некалькіх збудаваньняў. Паваленыя сьцены, дзірава-празрыстыя дахі і поўная адсутнасьць шыбаў у вокнах. Такое ўраджаньне, што мясцовасьць перажыла бамбаваньне. Аднак гэтая вэрсія такая будзе памылковай: кароўнікі і склады разваліліся пры дапамозе часу і людзкой нядбайнасьці.


На прылеглым лугу Надзея Карэшка пасьвіць каровы.


(Надзея Карэшка: ) “Жыцьцё ў нас добрае! Калгас разваліўся – усё яго ўжо няма. А людзі працуюць, хто дзе можа. У нас адкрылася лясьніцтва. Я туды пайшла працаваць. А бальшыня стаіць на біржы”.


(Карэспандэнт: ) “А якія ў людзей заробкі?”


(Надзея Карэшка: ) ”Як на дадзены момант, я яшчэ ніколі столькі не атрымлівала, бо цяпер працую ў дзяржаўнай установе. А як быў калгас, заробак зусім мізэрны быў. Я атрымлівала 15 тысячаў”.


(Карэспандэнт: ) “У 2001-м годзе былі выбары прэзідэнта. Тады Аляксандар Лукашэнка абяцаў 100 даляраў. У нас зараз ёсьць 200 тысячаў заробку?”


(Надзея Карэшка: ) “У мяне няма. Зараз 150 тысячаў – нейкіх даляраў 80. Сын на трактары ў лясьніцтве працуе і там 100 даляраў атрымлівае. Усе пабралі зямлю, а не ў кожнага ёсьць трактар. Як яе абрабіць. І зямля тая будзе зарастаць. Самя ўзяла два гэктары. Пасеяла жыта, а гэктар пакінула на сенакос. Налета гектар угнаіць, гэта ведаеце, колі трэба будзе гною. Сама меней зь пяці кароваў. А ў мяне столькі ня будзе. Значыць я поле не ўгнаю і нічога адтуль не вазьму. На асушаных кклетках раней бульба радзіла, а цяпер гады халодныя, і бульба ня родзіць – няма ніякага выніку.”


Памерлая калектыўная гаспадарка раней спецыялізавалася на мясе і малацэ. На зьмену прыйшло сельска-гаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства з тэхнічным паркам – 2 трактары. За плату машыны працуюць на палетках вяскоўцаў на пасеўную і ў жніва. Увесь астатні час адміністрацыя займаецца тым, што выпісвае даведкі у цэнтар занятасьці насельніцтва. Маўляў, вакансіяў у акрузе няма. Вяскоўцам гэтыя дакуманты патрэбныя дзеля таго, каб зарэгістравацца на біржы працы і атрамаць грашовую кампэнсацыю.


Апошнім часам Балоты жывуць прадчуваньнем замежных гаспадароў і новай дзейнасьці зь неблагімі заробкамі. Рэштэкі спадчыны калгасу выкупілі замежнікі. Яны зьбіраюцца разгарнуць тут свой бізнэс. Будучыя ўладальнікі падпісалі дакуманты і зьехалі. А ў вёсцы пакінулі свайго прадстаўніка – Аляксандара Кісьлюка. Яго ў хаце не аказалася. І тлумачыць сытуацыю прыйшлося жонцы Ірыне.


(Ірына Кісьлюк: ) “Нібыта паляк зь немцамі набылі фэрмы, купілі лесапілку. І будуць тут вырошчваць шампіньёны. А мой /сужанец/ яшчэ казаў, што будзе фэрма для коней”.


(Карэспандэнт: ) “Але ніякага будаўніцтва яшчэ не пачыналася?”


(Ірына Кісьлюк: ) “Ніякага яшчэ не пачыналася! Няма ніякай вытворчасьці. Нібыта хутка павінны пачацца працы – будуць разьбіраць рэшткі фэрмаў. У нас жы тут усё разбурана. Горш зрабіць ужо няма як!”


(Карэспандэнт: ) “На гэтай фэрме будуць працаваць мясцовыя людзі?”


(Ірына Кісьлюк: ) “Я ня ведаю. Ён /гаспадар/ пакуль што майго мужа наняў вартаўніком”.


(Карэспандэнт: ) “А самі людзі вераць, што з гэтага нешта атрымаецца? І ведаць, што ад гэта будзе нейкага выгада вёсцы?”


(Ірына Кісьлюк: ) “Гэта толькі ўсё пачалося. І што з гэтага атрымаецца, ня ведаю. Усё запытваюцца пра працу. Месца працы ўсё знайсьці хочуць. Але ніхто нічога пакуль ня ведае”.


Дасьледваныя фрагмэнты жыцьця вёскі Балоты можна падзяліць на тры выразныя часткі: учора (гэта млын), сёньня (гэта праблема зь атрыманьнем новых пашпартоў) і заўтра (гэта новыя гаспадары, спадзяваньні на працу ды заробкі).


Калі раней вясковае насельніцтва чаплялася за калгасы як за апошнюю надзею, то сёньня ў новых уладальніках і будучай вытворчасьці яны бачаць ледзь не адзіны паратунак для сваіх Балотаў.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Харава, Пружанскі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Харава, Пружанскі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Ганцавіцкі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Ганцавіцкі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Дробаты, Драгічынскі раён Берасьцейшчыны
Чалавека засьпелі на месцы злачынства. Вочы ў яго ліхаманкава бегаюць. А сам ня ведае, куды дзявацца. Стары ўсяго толькі хацеў разжыцца...

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Юзафова, Шаркоўскі раён Віцебшчыны
Два колы інваліднай каляскі –– ёсьць адзіным сродкам перасоўваньня пенсіянэркі Ванды Лагун

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Стаўбун, Веткаўскі раён Гомельшчыны
Дажынак у Стаўбуне сёлета не было. Упершыню за 300 гадоў існаваньня вёскі. Распытваю жыхарку паселішча Ніну Марозаву

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці)
А ў Застаўі травінкі лішняй на вуліцы ня знойдзеш – усё акуратна пажатае серпамі. Зялёнае тут у вялікім дэфітыце

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Лявонавічы, Ганцавіцкі раён
Я на малой радізме беларускага пісьменьніка Сяргея Новік-Пяюна, у вёсцы Лявонавічы, Нясвіскага раёну Меншчыны

Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) iconЯгор Маёрчык, Лявонавічы, Ганцавіцкі раён, Берасьцейшчына
Я на малой радізме беларускага пісьменьніка Сяргея Новіка-пяюна, у вёсцы Лявонавічы, Нясвіскага раёну Меншчыны

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка