Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт




НазваБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт
старонка2/4
Дата канвертавання12.11.2012
Памер411.01 Kb.
ТыпДокументы
1   2   3   4

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ




Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі

Тэма дысертацыі зацверджана Вучоным саветам гістарычнага факультэта БДУ (пратакол № 3 ад 23 снежня 2008 г.), удакладнена на паседжанні Савета па абароне дысертацый Д 02.01.05 пры БДУ 27 кастрычніка 2011 г. (пратакол № 17). Дысертацыйная праца падрыхтавана ў межах Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры» («Гісторыя і культура»), задання «Палітычныя партыі Беларусі: гісторыя і сучаснасць» (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 2061332), якое выконвалася на кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу гістарычнага факультэта БДУ ў 2006–2010 гг.


Мэта і задачы даследавання

Мэтай дысертацыйнай работы з’яўляецца выява прычын стварэння, раскрыццё структуры, камплектавання, асноўных накірункаў і метадаў дзейнасці органаў палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях Расійскай імперыі ў 1898 – сакавіку 1917 гг.

У межах сфармуляванай мэты вызначаны наступныя задачы:

1. разгледзець арганізацыйна-функцыянальную структуру ўстаноў палітычнага вышуку ў беларускіх губернях;

2. раскрыць працэс камплектавання асабовага складу, сацыяльную абарону супрацоўнікаў палітычнай паліцыі, падрыхтаванасць да выканання службовых абавязкаў, колькасныя і асабовыя характарыстыкі;

3. выявіць асноўныя накірункі і асаблівасці палітычнага вышуку ў супрацьдзеянні рэвалюцыйнаму руху ў беларускіх губернях ў кантэксце значных сацыяльна-палітычных узрушэнняў;

4. даследаваць метады кантролю за грамадскім рухам (у тым ліку за сялянскімі выступленнямі, агітацыяй у арміі, выбарамі ў Дзяржаўную Думу, беларускім нацыянальным рухам), вызначыць іх адпаведнасць заканадаўству і эвалюцыю на працягу 1898 – сакавіка 1917 гг.;

5. прааналізаваць змест, ажыццяўленне і вынікі праектаў Дэпартамента паліцыі па падпарадкаванню рабочых арганізацый у беларускіх губернях напярэдадні Першай расійскай рэвалюцыі;

6. высветліць ролю і месца палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях у сістэме палітычнага вышуку ў параўнанні з нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі.

У сваёй сукупнасці пастаўленыя аўтарам задачы былі закліканы стварыць цэльнае, комплекснае даследаванне гісторыі мясцовых органаў палітычнай паліцыі на тэрыторыі пяці беларускіх губерняў і тым самым запоўніць істотны прабел у айчыннай гістарыяграфіі дадзенага перыяду.

Аб’ект даследавання – сістэма органаў палітычнага вышуку Расійскай імперыі ў канцы XIX – пачатку XX ст. Прадмет – арганізацыйная структура, накірункі дзейнасці і метады працы палітычнай паліцыі ў Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях (адпаведна адміністрацыйнаму падзелу) у 1898 – сакавіку 1917 гг. Дысертацыя ахоплівае перыяд 1898 – сакавік 1917 гг. Ніжняя мяжа храналагічных рамак (1898 г.) вызначаецца стварэннем у Дэпартаменце паліцыі Асобага Аддзела, на які ўскладалася задача па арганізацыі палітычнага кантролю над грамадскім рухам. Верхнюю мяжу вызначае ліквідацыя Дэпартамента паліцыі і яго структур дэкрэтам Часовага ўрада ад 10 сакавіка 1917 г. З мэтай больш поўнага раскрыцця асобных важных тэматычных пытанняў даследавання аўтарам дапускаўся выхад за пазначаныя храналагічныя межы.


Палажэнні, вынесеныя на абарону.

На працягу 1898 – сакавіка 1917 гг. на тэрыторыі беларускіх губерняў фарміравалася эфектыўная структура органаў палітычнай паліцыі. Да 1905–1906 гг. рэформы Дэпартамента паліцыі былі рэакцыяй на рэвалюцыйны рух, але з 1907 г. развіццё ўстаноў палітычнага вышуку накіравана на папярэджванне антыўрадавых выступленняў. У гэты час склалася аптымальная сістэма палітычнага вышуку ў Беларусі: 70 унтэр-афіцэрскіх жандарскіх пунктаў – 16 павятовых жандарскіх упраўленняў – пяць губернскіх жандарскіх упраўленняў – Паўночна-Заходняе Раённае ахоўнае аддзяленне – Асобны Корпус жандараў. Для забеспячэння асобных функцый палітычнай паліцыі ў стратэгічных кропках беларускіх губерняў існавалі жандарска-паліцэйскія ўпраўленні на чыгунцы, чатыры крапасныя жандарскія каманды (Асавец, Дзвінск, Брэст, Гродна), контрразведвальнае аддзяленне і гарадскія ахоўныя аддзяленні ў Беластоку і Вільні.

2. Палітычная паліцыя камплектавалася лепшымі афіцэрамі ўсіх відаў войскаў пасля дэталёвага адбору. Жорсткія правілы адбору (у тым ліку забарона службы для каталікоў) сур’ёзна абмежавалі колькасць прадстаўнікоў з беларускіх губерняў у палітычнай паліцыі Расійскай імперыі. Служба ў структурах Асобнага Корпусу жандараў лічылася прэстыжнай, давала значныя матэрыяльныя і сацыяльныя перавагі ў параўнанні з астатнімі відамі войск. На жандараў распаўсюджваліся правы сацыяльнай абароны: пенсіі па ўзросту, забеспячэнне жыллём, узнагароджанні «вне правил». Аднак прафесійная падрыхтоўка ў большасці выпадкаў была невысокая. Істотнай праблемай стала нешматлікасць асабовага складу, якая дазваляла вырашыць пастаўленыя дзяржавай задачы толькі ў мірны час, калі прыкладна 1,5 тысячы чалавек забяспечвалі палітычны паліцэйскі нагляд за насельніцтвам пяці губерняў.

3. Напрамкі дзейнасці ўстаноў палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях не былі аднолькавымі на працягу разглядаемага перыяду і мелі мясцовую спецыфіку. За 1898 – сакавік 1917 гг. двойчы змяняўся асноўны аб’ект палітычнага вышуку: на мяжы стагоддзяў яго аб’ектам сталі не праявы тэрору, а палітычныя партыі і арганізаваны рабочы рух; а ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны асноўнай задачай была вызначана барацьба са шпіянажам. У пачатку ХХ ст. аб’ектам назірання палітычнай паліцыі Расійскай імперыі стаў і беларускі нацыянальны рух. Першапачаткова ён разглядаўся як частка польскага нацыянальна-вызваленчага альбо агульнарасійскага сацыялістычнага руху. Аднак кантроль нават за дробнымі праявамі антыўрадавай дзейнасці Беларускай сацыялістычнай Грамады быў выдатна арганізаваны, асабліва з 1907 г., бо пасля заканчэння Першай расійскай рэвалюцыі жандары атрымалі магчымасць больш увагі надаваць дробным нацыянальным партыям. Беларуская сацыялістычная Грамада ў 1908–1914 гг. як палітычная адзінка амаль не функцыянавала, а беларускі нацыянальны рух набыў легальныя формы (газета «Наша Ніва»). Пасля заканчэння Першай расійскай рэвалюцыі ўстановы палітычнай паліцыі атрымалі магчымасць пашырыць напрамкі сваёй дзейнасці і звярнуць увагу на прафсаюзы рух, мастацтва, рэлігійныя секты. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1915-1917 гг. вылучылі спецыфічныя задачы па забеспячэнні працы ваеннай цэнзуры, мабілізацыі, эвакуацыі, барацьбе з чуткамі і дэзерцірствам.

4. У канцы ХІХ ст. сістэмы спецыяльных метадаў вышуку не існавала, а асноўная ўвага надавалася арганізацыі знешняга філерскага назірання і паліцэйскага нагляду. З 1900-х гг. асноўным метадам стала выкарыстанне ўнутранай агентуры, якое дасягнула піку свайго развіцця ў 1910–1912 гг. і дазволіла амаль цалкам ліквідаваць рэвалюцыйныя арганізацыі ў Расійскай імперыі, у тым ліку і ў беларускіх губернях. Адмова ад шырокага ўжывання сакрэтных супрацоўнікаў у 1913 г., забарона агентуры ў сістэме адукацыі і арміі паслабіла пазіцыі органаў палітычнай паліцыі ў барацьбе з антыўрадавым рухам. У перыяды грамадскай напружанасці жандары звярталіся да незаконных метадаў дзейнасці (перлюстрацыя, ваенна-палявыя суды, беспадстаўныя вобыскі, правакацыя, падтрымка правых партый і пагромнага руху). Выдатна праявілі свае магчымасці жандарскія ўпраўленні і ахоўныя аддзяленні падчас парламенцкіх выбараў. З дапамогай незаконных метадаў (арышты выбаршчыкаў, матэрыяльная і інфармацыйная дапамога прадстаўнікам праўрадавых партый) яны забяспечылі абранне ў Дзяржаўныя Думы І-IV скліканняў неабходных кандыдатаў.

5. Беларускія губерні вызначаліся ў складзе Расійскай імперыі наяўнасцю арганізаванага рамеснага, пераважна яўрэйскага руху, які праявіўся раней, чым у цэнтральных раёнах царскай Расіі. Няздольнасць мясцовага жандарскага кіраўніцтва вырашыць гэту праблему прымусіла Дэпартамент паліцыі да распрацоўкі новых метадаў і іх праверкі ў Паўночна-Заходнім краі. Якасна новай спробай вырашыць праблему супрацьстаяння рабочых і ўрада мірным шляхам стаў праект кіраўніка Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В. Зубатава. «Паліцэйскі сацыялізм», падтрымка сіянісцкіх арганізацый разам са станоўчым стаўленем да іх губернскай адміністрацыі далі выдатныя вынікі і раскалолі яўрэйскі антыўрадавы рух у Беларусі. Аднак з-за асабістай пазіцыі главы Дэпартамента паліцыі В. фон Плеве эксперымент быў спынены. Правал зубатаўшчыны пакінуў рабочае пытанне нявырашаным і паспрыяў пачатку Першай расійскай рэвалюцыі.

6. Дзейнасць палітычнай паліцыі ў Беларусі мела шэраг спецыфічных рыс, не характэрных для цэнтральнай часткі Расійскай імперыі. Наяўнасць мяжы ставіла пытанні па барацьбе з эміграцыяй, шпіянажам і кантрабандай нелегальнай літаратуры і зброі. Прыналежнасць значнай часткі беларускага грамадства да польскай і яўрэйскай нацый, канфесійная неаднароднасць зрабілі актуальным праблему палітычнай лаяльнасці мясцовага насельніцтва да ўрада, папярэджанне сацыяльных канфліктаў на міжнацыянальнай глебе. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1915–1917 гг. вылучылі спецыфічныя задачы па забеспячэнню працы ваеннай цэнзуры, мабілізацыі, эвакуацыі, барацьбе з чуткамі і дэзерцірствам. Аднак на тэрыторыі беларускіх губерняў ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. дзейнічала расійская палітычная паліцыя, якая, у значнай ступені з-за ідэалагічных прычын, не ўлічвала ў сваёй дзейнасці мясцовую спецыфіку: у тым ліку пры арганізацыі і камплектаванні мясцовых жандарскіх упраўленняў, распрацоўцы мерапрыемстваў па палітычнаму кантролю за грамадствам. Палітычная паліцыя ў беларускіх губернях у пачатку ХХ ст. з’яўлялася толькі інструментам рэалізацыі ўрадавай палітыкі і не мела самастойнага статусу як адпаведныя структуры ў Каралеўстве Польскім, Фінляндыі ці на Каўказе.

Асабісты ўклад суіскальніка.

Дысертацыя ўяўляе сабой самастойнае аўтарскае даследаванне, падрыхтаванае на падставе вывучэння і аналізу шырокага кола архіўных крыніц Беларусі, Літвы, Расіі і навуковай літаратуры па дадзенай тэме. Большасць матэрыялаў уведзена ў навуковы зварот упершыню. У дысертацыйным даследаванні дэталёва вывучаны працэс фарміравання сістэмы палітычнага вышуку ў беларускіх губернях, прааналізавана эвалюцыя метадаў палітычнай паліцыі па арганізацыі кантролю над грамадствам. Дысертантам вызначаны напрамкі і асаблівасці функцыянавання палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., яе месца і роля ў сістэме сілавых органаў Расійскай імперыі.


Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Вынікі дысертацыі былі прадстаўлены на міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях: II міжнародная навуковая канферэнцыя студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечаная памяці прафесара В.У. Мелішкевіча «Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае» (Брэст, 12–13 лістапада 2004 г.); «НИРС–2005» (Мінск, 25–26 мая 2005 г.); «I Машеровские чтения» (Віцебск, 5 мая 2005 г.); «Шевченковская весна» (Кіеў, 2–3 сакавіка 2006 г.); «Инновации – 2006» (Мазыр, 25 красавіка 2006 г.); «Шевченковская весна. Современное состояние науки: достижения, проблемы и перспективы развития» (Кіеў, 1–2 сакавіка 2007 г.); «Романовские чтения-IV» (Магілёў, 22–23 лістапада 2007 г.); «Проблемы борьбы с преступностью и подготовки кадров для органов внутренних дел Республики Беларусь» (Мінск, 30 чэрвеня 2010 г.); «Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі», прысвечанай 90-годдзю са дня нараджэння І.А. Юхо (Мінск, 18–19 сакавіка 2011 г.); «Взаимодействие и взаимосвязь Днепровского Левобережья и Курского Посеймья (археология, история, современность)» (Глухаў, 9–10 чэрвеня 2011 г.),«Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць» (Мінск, 7 красавіка 2011 г.); «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць» (Магілёў, 29–30 чэрвеня 2011 г.).


Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні дысертацыйнага даследавання змешчаны ў 15 публікацыях, у тым ліку ў навуковых артыкулах, адзінаццаці дакладах у зборніках матэрыялаў канферэнцый і тэзісах выступленняў на навукова-практычных канферэнцыях. Чатыры публікацыі надрукаваны ў навуковых выданнях, унесеных у «Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь». Агульны аб’ём апублікаваных матэрыялаў складае 4,5 аўтарскія аркушы (навуковыя артыкулы – 2,1).

Структура і аб’ём дысертацыі

Структура дысертацыі абумоўлена мэтай і задачамі даследавання. Дысертацыйная работа складаецца з пераліку ўмоўных адзнак, уводзін, агульнай характарыстыкі работы, асноўнай часткі, уключаючай 3 главы, заключэння, бібліяграфічнага спісу (416 найменняў, з іх 15 – публікацыі аўтара) і 1 дадатку. Аб’ём дысертацыі без бібліяграфічнага спіса – 115 старонак, спіс – 33 старонкі, дадатак займае 5 старонак.


АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ


Асноўная частка дысертацыі ўключае тры главы. Глава 1 «Гістарыяграфія праблемы, крыніцы, метады і метадалогія даследавання» складаецца з трох раздзелаў. У раздзеле 1.1 «Гістарыяграфія праблемы» праведзены аналіз работ па тэматыцы даследавання.

Цікавасць да асноўных інстытутаў палітычнай паліцыі ў Расійскай імперыі мела месца як у айчыннай, так і замежнай гістарыяграфіі. Першымі спробамі вывучэння дадзенай праблемы сталі работы супрацоўнікаў Дэпартамента паліцыі (ДП) і Міністэрства юстыцы1. У дарэвалюцыйны перыяд пытанні структуры і дзейнасці мясцовых устаноў палітычнага вышуку закраналіся толькі ў самым агульным выглядзе. Каштоўнасць гэтых прац заключаецца ў змешчаным у іх факталагічным матэрыяле па беларускіх губернях, а таксама ў спробе прааналізаваць тыя працэсы і тэндэнцыі, удзельнікамі і стваральнікамі якіх яны і з’яўляліся. Адразу пасля лютаўскіх падзей 1917 г. пачынаецца новы этап ў вывучэнні органаў палітычнай паліцыі. Было створана некалькі камісій: Камісія па разбору спраў Дэпартамента паліцыі, Надзвычайная следчая камісія Часовага ўраду. У такіх умовах з’явілася магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі губернскіх жандарскіх упраўленняў (ГЖУ), ахоўных аддзяленняў, Асобага Аддзелу ДП, як вынік, пачалося выданне кніг, якія раскрывалі таямніцы жандараў і паліцыі2. Іх працы прысвечаны замежнай агентуры, дзейнасці ахоўных аддзяленняў, сакрэтнай агентуры, аналізу метадаў і прыёмаў ахранкі, надаецца ўвага правакацыйнай дзейнасці Дэпартаменту паліцыі, прычым частка прац друкуецца ўжо ў 1917–1922 гг. Аднак, з улікам адной з іх галоўных мэт – дыскрэдытацыі царскага ўраду, навуковы ўзровень дадзеных прац не вельмі высокі.

На працягу 1920-х гг. тэма палітычнай паліцыі знаходзілася сярод найбольш актуальных. Асабліва, калі архіўныя матэрыялы былі сістэматызаваны і да працы з імі далучыліся прафесійныя гісторыкі-спецыялісты. У гэты час актыўна распрацоўваецца пытанне структуры і дзейнасці Дэпартаменту паліцыі на старонках часопісаў «Красная летопись», «Красный архив», «Каторга и ссылка», «Пролетарская революция»1.

У савецкай гістарыяграфіі 1930-50-х гг. адзначаецца поўная адсутнасць даследванняў, якія закранаюць праблемы палітычнай паліцыі. Тэма знаходзілася пад негалоснай забаронай, большасць публікацый была арыентавана на вывучэнне гісторыі партыі бальшавікоў і разглядалася на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі2. Новы перыяд у дадзенай сферы пачаўся напрыканцы 1950-х і працягваўся да пачатку перабудовы. Разам з працэсамі лібералізацыі грамадскага жыцця ў СССР пачынае праяўляцца тэндэнцыя да аднаўлення вывучэння гісторыі дзяржаўных устаноў Расійскай імперыі, у тым ліку і МУС. Установы палітычнага вышуку вывучаюцца ў межах агульнага курсу гісторыі дзяржаўных устаноў дарэвалюцыйнай Расіі3. Асаблівасцю гэтага часу становіцца прафесійная прыналежнасць даследчыкаў: да дадзенай тэмы звяртаюцца не гісторыкі, а юрысты4. У працах савецкага перыяду падавалася негатыўная ацэнка паліцэйска-жандарскіх органаў Расійскай імперыі, асноўная ўвага надавалася агульнаму паліцэйскаму вышуку, а рэгіянальны аспект у даследаваннях адсутнічаў увогуле.

Адначасова з сярэдзіны 1970-х гг. да праблем дзейнасці Міністэрства ўнутранных спраў і яго структур звяртаюцца замежныя даследчыкі5. Аналізуецца гісторыя стварэння палітычнай паліцыі ў Расійскай імперыі, асабовы склад, мясцовыя органы палітычнага вышуку, а таксама метады іх дзейнасці. Значная частка прац амерыканскіх і еўрапейскіх даследчыкаў прысвечана рэвалюцыі 1905–1907 гг., дзе беларускія губерні разглядаюцца ў агульнарасійскім кантэксце1.

У пачатку 2000-х гг. назапашаны расійскімі даследчыкамі матэрыял дазволіў стварыць некалькі фундаментальных абагульняючых прац па гісторыі Дэпартаменту паліцыі: лепшая, на нашу думку, манаграфія З.І. Перагудавай была выдадзена ў 2000 г., заслугоўваюць увагі даследаванні Ю.А. Рэента, М.С. Чудаковай, А.С. Смыкалкіна2. Пасля выдання манаграфіі З.І. Перагудавай адбываецца змена асноўнага вектару даследаванняў. Частка навукоўцаў ізноў звяртаецца да асобных тэм: правакатарства, зубатаўшчына, контрразведка, жандары на чыгунцы і інш. Новым накірункам становіцца даследаванне гісторыі мясцовых органаў палітычнага вышуку, функцыянаванне ўстаноў палітычнай паліцыі ў правінцыі, спецыфіка дзейнасці структур Дэпартаменту паліцыі ў асобных раёнах Расійскай імперыі3. Пачатак абагульняльным працам па гісторыі палітычнай паліцыі ва Украіне быў пакладзены доктарскай дысертацыяй А.М. Ярмыша і сумеснай працай А.С. Чайкоўскага і М.Г. Шчэрбака, артыкуламі В.І. Каралёва4.

Аднак ніводнай, нават неабагульняльнай, працы па дадзенай тэматыцы ў айчыннай гістарыяграфіі за ХХ ст. не з’явілася. Выходзілі ў свет артыкулы, прысвечаныя пэўным аспектам разглядаемай тэмы: барацьбе з беларускім нацыянальным рухам і «Нашай Нівай»5.

Першай уласна беларускай спробай асэнсаваць дзейнасць Дэпартамента паліцыі ў беларускіх губернях стала кандыдацкая дысертацыя А.Д. Гронскага (2003 г.). Работа ўтрымлівае сціслы пералік асноўных накірункаў дзейнасці палітычнай паліцыі ў Беларусі, мясцовая спецыфіка ў пачатку ХХ амаль не ўзгадана1. У 2006 г. абаронена кандыдацкая дысертацыя А.І. Мурашка, прысвечаная дзейнасці жандарскіх падраздзяленняў на чыгунках Беларусі2. У апошнія гады цікавасць да вывучэння жандарскай дзейнасці захоўваецца: у 2007-2010 гг. выходзяць артыкулы А. Лашкевіча, прысвечаныя Мінскаму губернскаму жандарскаму ўпраўленню, заслугоўваюць увагі працы А. Кісялёва3. Аднак у цэлым пазначаныя працы беларускіх навукоўцаў асвятляюць у асноўным факталагічны аспект праблемы, не фарміруючы уласна беларускай пазіцыі па дадзенай праблеме.

Як ускосны аб’ект даследавання праца жандараў у беларускіх губернях разглядаецца ў даследаваннях К.М. Бандарэнкі, Д.С. Лаўрыновіча, М.М. Забаўскага, У.Я. Казлякова; у манаграфіях С.М. Князева і У.М. Надтачаева, прысвечаных станаўленню контрразведкі Расіі і Беларусі4. Упершыню ў даследаваннях В.М. Чарапіцы і С.А. Піваварчыка звярнуліся да пытання дзейнасці крапасных жандарскіх каманд5.

Аналіз гістарыяграфіі па тэме дадзенага даследавання дазваляе зрабіць выснову аб недастатковай вывучанасці сістэмы палітычнай паліцыі і спецыфікі яе дзейнасці ў беларускіх губернях у пазначаны перыяд (у тым ліку яе арганізацыі, камплектавання, метадаў дзеяння і іх эфектыўнасці), асабліва напярэдадні і ў час Першай расійскай рэвалюцыі.

У раздзеле 1.2 «Характарыстыка крыніц» дадзены агляд дакументальных і апавядальных крыніц.

Крыніцы, пакладзеныя ў аснову даследавання можна падзяліць на некалькі асноўных груп. Важнейшай з іх з’яўляецца група дакументальных крыніц. Частка з іх апублікавана. Перш за ўсё гэта дакументы заканадаўства – яны характарызуюць агульныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй і асноўнымі функцыямі органаў палітычнай паліцыі ў Расійскай імперыі. Пераважная большасць заканадаўчых актаў, якія даюць магчымасць ахарактарызаваць прававы статус і паўнамоцтвы жандараў на беларускіх землях у канцы XIX – пачатку ХХ ст., была надрукавана ў другім і трэцім «Полном собрании законов Российской империи», а таксама ў «Своде законов Российской империи». Улічваючы спецыфічны статус Дэпартамента паліцыі і Асобнага корпусу жандараў былі даследаваны заканадаўчыя акты Ваеннага міністэрства, апублікаваныя ў «Своде военных постановлений», а таксама «Устав уголовного судопроизводства»1. Да заканадаўчых актаў таксама адносяцца загады і пастановы Савета міністраў Расійскай імперыі, старшыні Савета міністраў і міністра ўнутранных спраў. Частка з іх надрукавана ў «Журнале министерства юстиции» і асобных зборніках2.

Выкарыстанне заканадаўчых дакументаў у дысертацыйным даследаванні дапамагло ў вызначэнні структуры і тэрытарыяльных адметнасцяў, эвалюцыі асноўных і дапаможных органаў палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях; паказала як змены ў заканадаўстве ўплывалі на ўзаемаадносіны традыцыйных (жандарскія крапасныя каманды, ГЖУ) і надзвычайных (ахоўныя аддзяленні, РАА, КРА) жандарскіх арганізацый.

Дакументы справаводства ўключаюць значны канкрэтна-гістарычны матэрыял, звязаны з развіццём органаў палітычнай паліцыі, іх штодзённай дзейнасцю. Асноўная частка гэтых матэрыялаў змешчана ў архівах. Складанасцю вывучэння гісторыі палітычнай паліцыі ў Беларусі на мяжы ХІХ-ХХ ст. стала размяшчэнне архіўных матэрыялаў. Выкарыстаныя пры напісанні дысертацыі архіўныя матэрыялы, часта ўпершыню ўведзеныя ў зварот, прадстаўлены дакументамі больш 30 фондаў пяці архіваў – Дзяржаўнага архіву Расійскай Федэрацыі (ДА РФ), Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі (НГАБ), Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў Гродна (НГАБ у Гродна), Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь (НАРБ) і Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіву (ЛДГА).

Важную ролю ў раскрыцці тэмы даследавання выканалі апавядальныя крыніцы. Да іх адносяцца ўспаміны, дзённікі, пісьмы. Іх выкарыстанне дазволіла скласці ўяўленне аб шэрагу падзей, якія не знайшлі адлюстравання ў іншых крыніцах, пры гэтым яны далі магчымасць наблізіцца да разумення ўнутранных прычын, якімі кіраваліся чыны Дэпартамента паліцыі Расійскай імперыі. Каштоўны матэрыял па праблеме дадзенага дысертацыйнага даследавання: адносіны да службы, спецыфіка мясцовасці, узаемаадносіны з насельніцтвам, аналіз нацыянальнага руху – можна знайсці ва ўспамінах міністраў унутраных спраў П.А. Сталыпіна, С.Ю. Вітэ і У.Ф. Джункоўскага; мінскіх губернатараў П.Р. Курлава, У.А. Друцкага-Сакалінскага; мясцовых жандарскіх афіцэраў М.А. Кравеца, К.І. Глабачова, А.І. Спірыдовіча; дзеячаў антыўрадавага руху А. Луцкевіча, Ц. Зеліксон-Баброўскай і інш.1.

Пэўную карысць у падрыхтоўцы дысертацыйнага даследавання аказалі матэрыялы перыядычнага друку. Перыёдыка таго часу ўтрымлівае шмат крытычных матэрыялаў у бок ДП і ўстаноў палітычнага вышуку. Усе гэтыя дакументы аднак недастаткова інфарматыўныя і ўяўляюць каштоўнасць у асноўным з пункту гледжання стану грамадскай думкі таго часу. Пэўныя аспекты дзейнасці палітычнай паліцыі, з улікам цэнзуры, былі адлюстраваны яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі на старонках «Вестника полиции» , «Вестника Европы», «Журнала Министерства юстиции», часопіса «Минувшие годы» і інш.2 У 1920-30-я гг. асобныя пытанні, звязаныя з дзейнасцю Дэпартамента паліцыі і ахоўных аддзяленняў, разглядаліся на старонках часопісаў «Полымя», «Красный архив», «Каторга и ссылка», «Пролетарская революция»3.

Значная колькасць крыніц усіх тыпаў прадстаўлена ў шматлікіх тэматычных сборніках дакументаў, сярод якіх неабходна адзначыць выданне ў 1996 г. у Рэспубліцы Беларусь тэматычнага зборніка «Политические партии и политическая полиция»1. У 2001 г. выдадзены зборнік дакументаў, прысвечаных барацьбе палітычнай паліцыі з палітычным тэрарызмам у разглядаемы перыяд2. У цэлым уяўляецца, што прыцягнуты комплекс крыніц дастатковы для дасягнення мэты дадзенага даследавання. Дысертант імкнуўся да цэласнага выкарыстання пералічаных груп крыніц, аб’ектыўнага адлюстравання структуры і дзейнасці палітычнай паліцыі ў беларускіх губернях у 1898 – сакавіку 1917 гг.

У раздзеле 1.3 «Метады і метадалогія даследавання» ахарактарызаваны базавыя прынцыпы даследавання (аб’ектыўнасць, гістарызм). Вызначаны метады, на аснове якіх пабудавана даследаванне: агульнанавуковыя (аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, параўнаўчы аналіз, абагульненне, класіфікацыя), спецыяльна-гістарычныя метады (гісторыка-сістэмны, гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнаўчы, гісторыка-тыпалагічны), метады іншых навук (герменэўтыка і колькасны аналіз).

Глава 2 «Камплектаванне і функцыі органаў палітычнай паліцыі Расійскай імперыі ў беларускіх губернях» складаецца з трох раздзелаў. Раздзел 2.1 «Губернскія жандарскія ўпраўленні» прысвечаны разгляду асноўных устаноў палітычнай паліцыі – губернскіх жандарскіх упраўленняў – у беларускіх губернях. Праведзенае даследаванне дазволіла раскрыць працэс іх камплектавання, узровень сацыяльнай абароны супрацоўнікаў, матэрыяльную забяспечаннасць, колькасныя і якасныя характарыстыкі асабовага складу. На падставе архіўных матэрыялаў вылучаны асноўныя функцыі мясцовых органаў палітычнай паліцыі, метады іх дзейнасці: знешняе і ўнутраннае назіранне, перлюстрацыя, галосны і негалосны нагляд; ацэнена іх эфектыўнасць. Зроблена выснова, што ў 1907–1913 гг. сфарміравалася аптымальная сістэма палітычнага вышуку ў беларускіх губернях. Асобная ўвага нададзена метадам работы жандарскіх устаноў: знешняму філерскаму назіранню, перлюстрацыі, негалоснаму паліцэйскаму нагляду, унутраннай агентуры.

У раздзеле 2.2 «Ахоўныя аддзяленні» даследаваны задачы і структура надзвычайных устаноў палітычнага вышуку Расійскай імперыі ў беларускіх губернях, якія узніклі ў надзвычыйным парадку як рэакцыя на ўзрастанне грамадскай напружаннасці. У раздзеле прыведзены дадзеныя аб іх паўнамоцтвах, фінансаванні, камплектаванні. Гарадскія ахоўныя аддзяленні, створаныя ў 1902-1903 гг. у надзвычайным парадку, займаліся выключна палітычным вышукам у межах гораду. Незалежнае становішча ахоўных аддзяленняў выклікала незадавальненне з боку традыцыйных структур палітычнага вышуку (ГЖУ), якія згубілі значную частку фінансавання і свой выключны статус у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў. Вызначана, што расфарміраванне як гарадскіх, так і раённых ахоўных аддзяленняў па загадзе Шэфа жандараў У. Джункоўскага ў 1913 г. было памылковым і прывяло да паслаблення сістэмы грамадскага кантролю і палітычнага вышуку ў беларускіх губернях.

У раздзеле 2.3 «Дапаможныя структуры Асобнага Корпусу жандараў» аналізуюцца вузкаспецыялізаваныя ўстановы Асобнага Корпусу жандараў, для якіх палітычны вышук ці не з’яўляўся асноўнай задачай, ці ажыццяўляўся ў асобных выпадках: жандарскія крапасныя каманды ў Дзвінску, Асаўцы, Брэст-Літоўску і Гродне; гарадскія ахоўныя аддзяленні ў Беластоку і Вільні; жандарскія ўпраўленні на чыгунцы (ЖПУ); контрразведвальнае аддзяленне (КРА) ў Вільні. Вызначаюцца іх прававыя ўзаемадачыненні і размеркаванне сфер дзейнасці, адзначаецца эвалюцыя іх статусу на працягу 1898 – сакавіка 1917 г. Так вызначана, што ЖПУ на чыгунцы атрымалі права правядзення палітычных дазнанняў толькі з 1906 г., а КРА – створаныя ў 1910 г. у якасці дапаможнай структуры Корпусу жандараў, з 1914 г. вылучацца на дамінуючыя пазіцыі ў сістэме палітычнага вышуку Расійскай імперыі.

Глава 3 «Асноўныя напрамкі дзейнасці палітычнай паліцыі» складаецца з чатырох раздзелаў. У раздзеле 3.1 «Дзейнасць палітычнай паліцыі ў 1898–1904 гг.» змешчана характарыстыка палітычнай паліцыі на мяжы стагоддзяў, раскрываюцца прычыны стварэння Асобага аддзелу Дэпартамента паліцыі Расійскай імперыі. Адзначаеца, што асноўным метадам барацьбы з рабочым рухам у беларускіх губернях у гэты час з’яўляецца выкарыстанне Лятучага атрада Маскоўскага ахоўнага аддзялення. Узнікненне новых форм антыўрадавага руху засталося па-за ўвагай Дэпартаменту паліцыі, які па-ранейшаму разглядаў ў якасці асноўнага аб’екту нагляду тайныя арганізацыі, пакідаючы па-за ўвагай масавы грамадскі рух.

У дадзены перыяд па ініцыятыве кіраўніка Асобага аддзелу С.В, Зубатава была зроблена спроба ўсталяваць кантроль за рабочым рухам, якая атрымала назву «паліцэйскі сацыялізм». На працягу 1901-1903 гг. гэты праект прадэманстраваў сваю здольнасць вырашыць пастаўленыя задачы, напрыклад, падпарадкаваўшы ў 1902 г. Мінскаму жандарскаму ўпраўленню 75% рамесных аб’яднанняў г. Мінска. Зроблена выснова, што недальнабачная палітыка Дэпартамента паліцыі і правал «зубатаўшчыны» паскорылі пачатак Першай расійскай рэвалюцыі.

Раздзел 3.2 «Трансфармацыя сістэмы палітычнага вышуку ва ўмовах Першай расійскай рэвалюцыі» прысвечаны дзейнасці палітычнай паліцыі ў 1905-1907 гг. Падзеі 9 студзеня 1905 г. кардынальна змянілі сітуацыю ў грамадстве. Яны прадэманстравалі слабасць і непадрыхтаванасць арганізацыі не толькі жандарскіх устаноў, але і ўсёй палітычнай сістэмы ў цэлым. Аднак рэфармаванне сістэмы палітычнага вышуку дало свае вынікі. Прызнанне асноўнай пагрозы за арганізаваным грамадскім рухам і партыямі, актыўнае выкарыстанне сакрэтных супрацоўнікаў і філераў, зварот да незаконных метадаў дзейнасці (перлюстрацыя, ваенна-палявыя суды, беспадстаўныя вобыскі, правакацыя, падтрымка правых партый, парушэнні падчас выбараў), саюз з прывілеяванай часткай грамадства (як праваслаўнай, так і неправаслаўнай), актыўная дапамога часткі насельніцтва і арміі дазволілі Дэпартаменту паліцыі атрымаць перамогу над рэвалюцыянерамі ў 1905–1907 гг. Нават новыя формы грамадскай дзейнасці – палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, былі пастаўлены пад дзяржаўны кантроль. Асобная ўвага нададзена вызначальным падзеям Першай расійскай рэвалюцыі ў беларускіх губернях – Курлоўскаму растрэлу, Гомельскаму пагрому 1906 г.

Раздзел 3.3 «Установы палітычнай паліцыі ў 1907–1914 гг.» прысвечаны зменам, які адбыліся ў дзейнасці Дэпартаменту паліцыі і Асобнага Корпусу жандараў пасля Першай расійскай рэвалюцыі. Калі ў 1905–1907 гг. асноўнае назіранне ажыццяўлялася за рэвалюцыйнымі партыямі і праявамі іх дзейнасці, то зараз акцэнт быў зроблены на стварэнне сістэмы кантролю як над рэвалюцыйнымі, так і над ліберальнымі партыямі. На працягу 1907–1914 гг. актыўна ўжываюцца тэхнічныя сродкі для паляпшэння палітычнага вышуку, у тым ліку дактыласкапія, фотакарткі. Зніжэнне рэвалюцыйнай актыўнасці дазволіла пашырыць сферу кантролю Дэпартамента паліцыі – на мастацтва, прафсаюзы, рэлігійныя аб’яднанні. Аб’ектам палітычнага кантролю стаў беларускі нацыянальны рух, перш наперш Беларуская сацыялістычная Грамада і «Наша Ніва». Сфарміравалася эфектыўная жандарская тактыка ў адносінах да рэвалюцыйных партый: актыўнае выкарыстанне ўнутраннай агентуры, сістэматызацыя наяўнай інфармацыі на мясцовым і агульнаімперскім узроўнях, дасканалае вывучэнне праграмных дакументаў і матэрыялаў партыйных з’ездаў, ліквідацыя актыўнай часткі партыі.

У раздзеле 3.4 «Сістэма палітычнага вышуку ў час Першай сусветнай вайны 1914–1917 гг.» увага звернута на перабудову сістэмы палітычнага вышуку падчас ваенных дзеянняў. Адбываецца змена прыярытэтаў: два важнейшыя напрамкі жандарскай дзейнасці ў час Першай сусветнай вайны – барацьба са шпіянажам і кантроль за грамадскім палітычным рухам (у тым ліку праверка палітычнай дабранадзейнасці), мелі цесную ўзаемасувязь. Другі блок складалі пытанні па забеспячэнню ваенных мерапрыемстваў (мабілізацыя, эвакуацыя, цэнзура); вырашэнне негатыўных ўскосных вынікаў ваенных дзеянняў (бежанства, рост цэн на тавары, чуткі, продаж зброі і дэзерцірства), дапамога агульнай паліцыі ў беларускіх губернях па крымінальных справах агульнаграмадскага значэння – таксама ўскладалася на ўстановы палітычнай паліцыі. Зроблена выснова, што структуры і метады дзейнасці, распрацаваныя ДП у пачатку ХХ ст., аказаліся недастатковымі ў грамадска-палітычных умовах Першай сусветнай вайны. Аднак нават у неспрыяльных умовах вайны жандары здолелі выканаць пастаўленыя задачы, сярод якіх на першае месца выйшла барацьба са шпіянажам.

1   2   3   4

Падобныя:

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт на правах рукапісу
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, загадчык кафедры гісторыі паўднёвых І заходніх славян

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconЎ беларускі дзяржаўны універсітэт на 2006 год Парадак прыёму
Прыём у Беларускі дзяржаўны універсітэт ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы”, зацверджанымі...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт icon«беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў»
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь І беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў запрашае да ўдзелу ў VІ міжнароднай...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconБеларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі І навукі праспект Пераможцаў, 21, каб. 1307
Максіма Танка“,”Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт“ І ”Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы“ за ўдзел 3 чэрвеня...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconУстанова адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка" Факультэт псіхалогіі Графік вучэбнага працэсу на
Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка”

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconПагадненне паміж пярвічнай арганізацыяй прафсаюза студэнтаў бду культуры І мастацтваў І адміністрацыяй Установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры І мастацтваў" Раздзел Агульныя палажэнні
Бду культуры І мастацтваў І адміністрацыяй Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры І мастацтваў”

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў крытэрыі ацэнкі ведаў абітурыентаў
Крытэрыі ацэнкі ведаў абітурыентаў, паступаючых ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў” у 2011...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў крытэрыі ацэнкі ведаў абітурыентаў
Крытэрыі ацэнкі ведаў абітурыентаў, паступаючых ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры І мастацтваў” у 2012...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconУа «беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт iconБеларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка зацвярджаю

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка