Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г




НазваЎ адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г
Дата канвертавання12.11.2012
Памер86.67 Kb.
ТыпЗакон




Змены і ўдакладненні ў сучаснай арфаграфіі

ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г.

Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”


Змены і ўдакладненні ўнесены ў правапіс галосных, зычных, мяккага знака, абрэвіятур, некаторых марфем, вялікай і малой літар і правілы пераносу.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВАПІСЕ ГАЛОСНЫХ

Аканне

Пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў:

  • Уводзіцца аканне на канцы запазычаных слоў: Ватэрлоа, Рыа-дэ-Жанэйра, Токіа; адажыа, імпрэсарыа, радэа, сальфеджыа, трыа.

  • Уводзіцца аканне ў ненаціскных фіналях -эр, -эль запапазычанняў: альма-матар, камп’ютар, карцар, лідар, менеджар, містар, шніцаль, шпаталь.

Не ўводзіцца аканне ў ненаціскныя фіналіі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання і некаторых агульных назоўніках: Гендэль, Гюнтэр, Ландэр, Манчэстэр, Одэр, Пітэр, Шапенгаўэр, Юпітэр; унтэр, унтэр-афіцэр.

Яканне

Пашыраецца прынцып перадачы якання пры напісанні лічэбнікаў і запазычаных слоў: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, пяцьдзясят і інш.; аўдыякасета, пляяда.


Правапіс й

Гукавое спалучэнне “[й]+галосны” перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: ёг, Аюнскі, Ёфе, Нью-Ёрк, нью-ёркскі; Іакагама, Іашкар-Ала; папая, параноя, піяр-ход, секвоя.


Напісанне е − э ў запазычаных словах

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, дэкальтэ;Мерымэ, Морзэ, Струвэ, Хасэ, Эйвэ. АЛЕ: сальта-мартале, філе, камюніке, піке.

Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем: капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт; медаль, менеджмент, нервы, парламент, перспектыва, газета, сервіз.


Напісанне о – ё ў складаных словах

Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Літара е пішацца ў складаных словах з першай часткай радый-, утворанага ад назвы хімічнага элемента: радыеметрычны, радыеактыўнасць.


Правапіс галосных о, а ў складаных словах

Згодна з новымі правіламі, у складаных словах лічэбнік сто заўсёды мае форму ста: стагалосы, стаметроўка, станож­ка.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВАПІСЕ ЗЫЧНЫХ

Правапіс некаторых спалучэнняў зычных

У запазычаных словах уводзіцца фанетычнае напісанне збегу зычных стн як сн: кампосны, фарпосны, кантрасны, аванпосны, баласны.


Правапіс мяккага знака

У прыметніках, утвораных ад кітайскіх назваў, мяккі знак не пішацца: чань-чунскі, цянь-шанскі.


Правапіс ў − у

Пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання.

Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

  • у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару)

  • у сярэдзіне слова пасля галос­ных перад зычнымі: аўдыен­цыя, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, саўна; АЛЕ: траур;

Не скарачаецца у:

  1. пад націскам: да урны, прыняцце уніі, аул;

  2. у выклічніках у, ух, уй: ух ты!; у, нягодгікі!;

  3. на канцы запазычаных слоў: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау;

  4. у запазычаных словах з фіналіямі -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВАПІСЕ АБРЭВІЯТУР

У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах. Напісанне запазычаных абрэвіятур вызначаецца па слоўніку: абкам, ваенкам, гаркам, прафкам, ваенкам, лінкар, селькар, інтэрпал.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВАПІСЕ НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ

Правапіс прыставак

  1. Прыстаўка су- пішацца:

– у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік і інш.;

– у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

2. Прыстаўка са- пішацца ў запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, саслужывец і інш.

3. Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з- (с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб-) са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абынтэлігенціцца, зымправізаваць, адыменны, спадылба, перадынфарктны, перадымперскі, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць.

4. Пасля прэфіксоідаў (звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-) і захоўваецца: звышімклівы, міжінстытуцкі, панісламізм, контрідэя, суперінтэлект, трансіндыйскі.

5. У складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цвёрды зычны, пачатковае і другога слова пішацца нязменна: педінстытут, санінструктар, медінструменты, гасінвентар.

6. Пасля прэфіксоіда экс-, які са словамі пішацца праз злучок, і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар.


Правапіс суфіксаў

Рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-).

1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава-(-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, цытаваць, аналізаваць, кантактаваць, планаваць.

2. Дзеяслоўны суфікс -ірава-(-ырава-) ужываецца:

– калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам-ава- (ява-): буксіраваць – буксаваць, парадзіраваць – парадаваць, газіраваць – газаваць;

– калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, курыраваць і інш.;

– калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, зандзіраваць, сталіраваць, юсціраваць, парафіраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць – дэмаскаваць, акупіраваць – акупаваць, курсіраваць – курсаваць, калькіраваць – калькаваць.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВАПІСЕ ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР

Упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах, назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў.

  1. Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў.


З вялікай літары пішуцца:

– найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Алах, Яхве, Шыва; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Божы Сын, Бог Дух Святы, Прасвятая Тройца, Божая Маці, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца;

– прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

– уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Атлант,але як агульныя назвы: дзед-мароз – ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга – агідная старая, атлант – у архітэктуры.


З малой літары пішуцца:

– слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа);

– слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог – бог неба.


  1. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.


З вялікай літары пішуцца:

усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны Кангрэс;

АЛЕ: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз);

– простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа;

– слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; АЛЕ: сельсавет;

– словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; АЛЕ: Зімовы палац, дом адпачынку.

З малой літары пішуцца: найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры; АЛЕ: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


  1. Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях.


З вялікай літары пішуцца:

– словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі. АЛЕ: у неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, загад імператара; АЛЕ: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

– словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаворныя Бакі, Заказчык і Выканаўца.


  1. Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў.


З вялікай літары пішуцца: аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Дзень жанчын, Свята працы, Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна.


ЗМЕНЫ Ў ПРАВІЛАХ ПЕРАНОСУ

Адбылася лібералізацыя правілаў пераносу. Дазваляецца пераносіць па-рознаму: пту-шка, птуш-ка; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; двац-цаць, два-ццаць; сол-лю, со-ллю.


Прапанаваныя ўдакладненні ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым.

Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў адукацыйным працэсе і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconСпіс выданняў, якія падрыхтаваны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconСпіс выданняў, якія падрыхтаваны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconГрамадскага аб’яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Мінск 2007
Тбм дзейнічае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, Законам...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconПлан мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі"
Распрацаваць І ажыццявіць ва ўстановах адукацыі план мерапрыемстваў, якія накіраваны на забеспячэнне арфаграфічнай аднастайнасці...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconЗацверджана загад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Дадзеная Інструкцыя распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб музеях І музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» І...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconАб зацвярджэнні інструкцыі аб парадку вывучэння беларускай I (або) рускай моў вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі беларусь
У адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 34 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2006 г. «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» Міністэрства...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconМіністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Палажэнне аб вучэбна-вопытных участках (гаспадарках) агульнаадукацыйнай установы распрацавана ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconДзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №6 г. Смаргонь" (далей Установа) з'яўляецца юрыдычнай асобай І ажыццяўляе сваю дзейнасць у
Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Законам Рэспублікі Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыі»,...

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconПлан мерапрыемстваў аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі" № п/п
Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года “Аб правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі”

Ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г iconПастанова Савета Міністраў
Дадзенае Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года "Аб музеях І музейным фондзе...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка