Дзіцячыя вячоркі "Зямля бацькоў – мая зямля"




НазваДзіцячыя вячоркі "Зямля бацькоў – мая зямля"
Дата канвертавання28.10.2012
Памер157.06 Kb.
ТыпДокументы


Дзіцячыя вячоркі “Зямля бацькоў – мая зямля”

Мэты і задачы:

  1. Выхаванне ў сучасных падлеткаў нацыянальнай самасвядомасці на аснове беларускага фальклору.

  2. Зацікавіць гісторыяй і побытам жыцця дзяцей сярэдзіны ХХ стагоддзя.

  3. Садзейнічаць выхаванню ў падлеткаў беражлівых адносін да сваёй нацыянальнай духоўнай спадчыны.

  4. Пазнаёміць юных гледачоў з разнастайнымі жанрамі дзіцячага фальклору: з дражнілкамі, лічылкамі, прымхліцамі, гульнямі, танцамі, паданнямі, жартамі (анекдотамі), песнямі, а таксама з прызначэннем, відамі і сімволікай нацыянальнага ручніка, тапанімікай роднага паселішча.



Дзейныя асобы:

Бабуля Алена – Жылко Анастасія, вучаніца 8 класа

Кацярынка і Васілек, яе ўнукі – Піваварчык Юлія і Машчонскі Ілля, вучні 5 класа.

Пяць дзяўчынак і два хлопчыкі, равеснікі Кацярынкі і Васілька - Чубрык Аляксандра, Чубрык Аліна, Рачко Вікторыя, Толкач Анастасія, Уласевіч Наталля, Арэшка Аляксей і Басцюк Аляксей, вучні 5 класа.

Дзядзька Мікола, цётка Ганна і ўдзельнікі фальклорнай групы “Музыкі” - работнікі сельскага Дома культуры.

Сцэна мае выгляд беларускай вясковай сялянскай хаты 50-60-ых гадоў ХХ стагоддзя. Сцэнар тэатралізаваных дзіцячых вячорак суправаджаецца мультымедыйным паказм.

Вядучыя (хлопчык і дзяўчынка ў нацыянальных строях). Гучыць мелодыя песні “Мой родны кут” сл. Я.Коласа, муз. І.Лучанка (цымбалы).

  1. Зямля бацькоў –цудоўная зямля!

Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.

Да скону дзён, і зблізку, і здаля

Табою, любы край, мне ганарыцца!

  1. Адна зямля ў нас з табой, адна,

Дае нам сілы чыстая крыніца -

Куды б мяне дарога ні вяла

Табе хачу я нізка пакланіцца.



  1. Мой край рамонкаў, сініх васількоў,

Тут плакаць і смяяцца можна ўволю.

Тут сустракаюць дарагіх сяброў

І песняй звонкаю, і хлебам – соллю!

Мы сягодня ладзім свята,

Клічам госцейкаў у хату,

Той вячорак нашых варты,

Хто сябруе з песняй, з жартам.


З’ява І

Ранняя вясна. На сцэне Кацярынка і яшчэ дзве яе сяброўкі.

Кацячынка. Што такое Бацькаўшчына,

Знаеш?

Алёна. Гэта рэчка, сцежачка лясная,

Насцечка. Гэта ў лузе залатая пчолка,

Алена. А ў вачах тваіх – вясёлка.

Насцечка. Бацькаўшчына – гэта дом твой, школа;

Алёна. Гэтапесні, што звіняць наўкола,

Насцечка. Гэта сама ты

Алёна. Гэта тата твой і мама.

Насцечка. І сябры твае таксама.

Кацярынка. Дзяўчаткі, хадзем са мной. Я вам нешта цікавае пакажу (падходзяць да куфра, Кацярынка адкрывае яго)

У пахучым куфры важна ўсе ляжала,

Што сама бабуля працай рук прыдбала.

Быццам водар з поля прынясло ля хаты –

Так запахла лугам, чабаром і мятай.

Кацярынка дастае з куфра доўгі белы ручнік, які па канцах вышыты чорнымі і чырвонымі крыжыкамі. Дзяўчынкі дужа зацікаўлены ўзорам.

Насцечка. Які прыгожы ручнік!

Алёна. Кацярынка, твая бабуля - рукадзельніца.

Кацярынка. Так, так.

У глыбіні сцэны ціха з’яўляецца бабуля Алена. Яна падыходзіць да дзяцей і становіцца ля сярэдзіны ручніка.

Бабуля. І чым гэта вы, мае дзеткі, тут заняты? І хто ж гэта вам дазволіў адкрываць мой куфар?

Кацярынка. Ой, выбачай, бабулечка! Я вырашыла паказаць сваім сяброўкам твой прыгожы вясельны куфар і ручнік.

Бабуля (задаволена). Ой, так, мае дзеткі! Гэта сапраўды мой вясельны ручнічок, падножнікам называецца. Калі я была яшчэ маладая (цяжка ўздыхае) і выходзіла замуж за вашага дзеда Васіля, то ў час вянчання ў царкве мы стаялі на гэтым белым і даўгім ручніку. Перад Богам і людзьмі кляліся адно аднаму ў вернасці і каханні.

У час аповеду бабулі з-за заслоны з’яўляецца Васілёк, які трымае на плячы ручнік- ўціральнік і выцірае аб яго рукі.

Васілёк (падышоўшы). Бабуля, а чаму ён такі доўгі і белы?

Бабуля. Доўгі і белы чаму? Відаць, таму ён доўгі, мае дзеткі, каб я з вашым дзедам шмат гадоў, аж да самае смерці, у пары жыла. А белы? (задумаўшыся). Напэўна, каб мы былі сумленнымі, давяралі адно аднаму, былі чыстымі ў думках і справах сваіх.

Кацярынка. Бабулечка, а што гэта за дзіўныя ўзоры на ім: і чырвоныя, і чорныя крыжыкі па канцах?

Бабуля (задуменна). Так, і сапраўды: цікавыя і загадкавыя вышыўкі на ім. Чорныя крыжыкі – гэта, відаць, наша зямля, глеба, куды кідаюць зерне ў час сяўбы! А чырвоныя – гэта, няйнакш, зярняткі і сонца, што даюць цяпло і жыццё ўсяму жывому. (Праз вялікую паўзу). А можа, мае дзеткі, гэта яшчэ і радасць, і сум. Не заўсёды ў людзей вяселле бывае, прыходзіць і бяда. (Рэзка пасля невялікай паўзы). А што гэта апанавалі вы мяне ўсякімі – ўсялякімі пытаннямі? Давайце, лепш, мае дарагія, песню заспяваем.

Усе ўдзельнікі спяваюць беларускую народную песню “Купалінка”. За дзвярыма чуваць смех дзяўчынак і тупанне ног.


З’ява ІІ

У хату ўваходзяць тры дзяўчынкі.

Дзяўчынкі. Добры вечар у хату!

Бабуля і Кацярынка. Добры вечар, дзяўчаткі! Заходзьце, калі ласка!

Госці скідаюць верхняе адзенне і кладуць яго на лаву пры ўваходзе.

Наталька. Прабачце, калі ласка, бабуля Алена, што парушылі Ваш пакой, але мы прыйшлі да вас на вячоркі.

Алеся. Нядаўна нашы бацькі пайшлі да цёткі Агаткі. Ну, а мы, каб не сумаваць ды і вас павесяліць, таксама ціхенька падаліся за дзедам следам.


Бабуля. Сядайце, мае харошыя, уладкоўвайцеся! Толькі дужа не шуміце і не тузайцеся. А я пайду на кароўку зірну, ацяліцца вось-вось павінна.


Выходзіць. Дзяўчынкі з невялікім штурханнем і шумам сядаюць на лаўкі. Невялікая нямая паўза.

Светка. Ох, заўтра і вецер будзе!

Васілёк. А ты адкуль гэта ведаеш, такая разу-у-у-у-мна-а-я?! (працяжна)

Светка. Як жа ж адкуль? Ды прыкмета ёсць народная, калі вераб’і пералятаюць з месца на месца – чакай моцнага ветру. Ды й нашы гусі і куры пахавалі галовы ў пер’е і стаяць на адной назе – таксама на холад. А яшчэ я нядаўна чула ад майго дзядулі, што гэтая вясна наогул будзе сухая, бо мышы зрабілі гнёзды ў нашай саломе нізка (паказвае), пры самай зямлі. І яшчэ дзед казаў, што год гэты мокры будзе, бо вольха распусцілася раней бярозы. Вось як! (Непрыязна, з выкрыкам зірнула на Васілька)

Васілёк. Ну ты і вучоная, Светка – катлетка, доўгая шкарпэтка! (Нахабна крывіцца пры дражнілцы)

Светка. Што?! Зноў ты … (Устае і ўзяўшы рукі ўбокі, ідзе ў наступ да Васілька).

Васька – кабаська,

Куцы парасёнак:

Ножкі гнуцца

Ручкі валакуцца

Семдзесят парасят,

Толькі ножкі вісяць.

Светка паказвае язык.

Васілёк. А ты! А ты … (Не ведае, што і сказаць)

Светка (не чакаючы, перабівае) Васька! Курачка зняслася. Яечка ляжыць, а Васька не бяжыць.

Зноў крывіцца.

Васілёк (чуць не плача). А ты! А ты …

Кацярынка (прыпыняе і даволі сур’ёзна). Годзе, блазнота! Сядайце па месцах. Зачалі сварку, як Юлька Каюкова. Лепш паслухайце, якую я вам гісторыю раскажу, што з нашай бабуляй Аленай некалі ў дзяцінстве адбылося. Хочаце ці не?

Дзеці ўсе зацікаўлена згаджаюцца.

Была наша бабулька яшчэ малой, як мы з вамі. Пайшла яна аднойчы на ммгілкі. А за ёю нейкі кот увязаўся. Вялікі, як сабака, чорны з белай шыйкай. Яна на яго замахнулася. А ён скрывіў галаву ды: “Мяў! Мяў! Мяў!” Тры разы мяўкнуў. Спалохалася мая бабулька, дастала крыжык і перахрысціла яго. І дзе ён толькі падзеўся.


Спалохана ўсе загулі.

А вось яшчэ паслухайце. Аднойчы прала наша бабуля кудзелю ў хаце з дзяўчатамі. Папрыходзілі да іх нейкія хлопцы. Прыгожыя. На вопратках гузікі блішчастыя. Селі каля дзяўчат і не даюць ім прасці. Усё завуць іх: “Пойдзем, дзеўкі, пойдзем на вуліцу”. У нашай бабулі верацяно на падлогу звалілася. Яна нагнулася, каб падняць яго, аж бачыць у іх замест ног лапы. Паказала яна гэта дзеўкам. А хлопцы ўсё клічуць іх на вуліцу. А яны не ідуць. Тады хлопцы як свіснуць. (Са страхам усе загаманілі) Яблыкі ўсе пападалі, салома са стрэх павылазіла. Вось што было. (Нечакана чуецца тупанне ног і звон перакінутых вёдзер. Усе дзяўчынкі з віскам і шумам хаваюцца: хто - пад стол, хто – пад лавы, а некаторыя туляцца да Кацярынкі. У хату ўваходзяць два хлопчыкі.)


З’ява ІІІ


Хлопчыкі. Добры вечар у хату!

Васілёк. Добры вечар, хлопцы!

А ў дзяўчат ужо і дух заняло: ні жывыя ні мёртвыя. Эй, вылазьце. Палахліўкі! (Нагінаецца і глядзіць пад стол. Нагінаюцца і смяюцца хлопцы). Гэта ж Андрэй-верабей з хлопцамі прыйшоў.

Дзяўчынкі незадаволена вылазяць са сваіх схованак, асобныя з іх штурхаюць хлопцаў у спіны, плечы. Усе сядаюць на лавы.


Кацярынка. А мы тут, хлопчыкі, розныя страхі расказваем. Праз тое і напалохаліся. Сэрца і цяпер яшчэ не супакоілася.

Андрэй. Што тут вашы страхі! А я з Юрасём нядаўна чуць не пабіўся.

Дзяўчынкі. І чаго ж гэта?

Андрэй. Ды спрачаліся, адкуль назва нашай вёскі Валеўка пайшла?

Дзяўчынкі. Ну і адкуль?

Андрэй. Дык вось мой дзед Ян вось што расказаў.

Назва нашай вёскі Валеўка пайшла ад слова “вал” – паселішча за валам. Але ёсць і другое меркаванне. Калісьці рэчка, якая працякае па Валеўцы, была мнагаводная. Па ёй плавалі баржы, лодкі, на якіх купцы перавозілі свой тавар. А ў тым месцы, дзе знаходзіцца наша вёска, было плытка. І купцы волакам цягнулі свае грузы.

Юрась. А ці ведаеце вы, што наша Свята-Петрапаўлаўская царква – помнік гісторыі і культуры 18 стагоддзя. Праўда, пабудавана яна была ў 1685 годзе як Троіцкі касцёл дамініканцаў на сродкі брэсцкага ваяводы Стэфана Курчы. А ў 1833 годзе касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Тут любіў бываць вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які лічыў частку іканастаса царквы работай школы вядомага мастака Васняцова. Аб гэтым ён піша ў сваёй кнізе нарысаў “Зямля пад белымі крыламі”.

Алеся. Быў у Валеўцы яшчэ і касцёл. Ён пабудаваны ў пачатку 1930 – х гадоў Карповічамі. У савецкія часы тут быў клуб, а ў 70-тыя гады будынак разабралі. Першая школа ў Валеўцы была адкрыта ў 1869 годзе. Гэта было трохкласнае народнае вучылішча, дзе займалася 34 хлопчыкі і адна дзяўчынка.

Васілёк. Толькі адна дзяўчынка!?

Алеся. Так-так. Першай настаўніцай была Окалава Юлія Юльянаўна. У 1955 годзе пачынае працаваць Народны гісторыка-краязнаўчы музей, а ў 1961 годзе быў закладзены школьны парк-дэндрарый.

Кацярынка. Нашай школе ўжо 141 год!!!

Наталька. Я жыву ў роднай вёсцы,

За лугамі і лясамі.

Тут заўсёды стрэнуць госця

Усім, што маюць дома самі.

А калі пачую спевы

Жаваронкаў і зязюляў,

То яшчэ больш разумею:

Валеўку люблю я.

Увесну вёска расцвітае

Вельмі казачна и гожа –

Быццам кветка, яна стане

Светлай, чыстай і прыгожай.

Песня “Мой родны край”

Кацярынка. А ў доме - музеі А. Міцкевіча я даведалася цікавыя факты пра нашу мясцовасць. Паслухайце! Апошнім уладальнікам маёнтка Чамброва, куды ўваходзіла вёска Валеўка, быў памешчык Карповіч. Мінавіта тут, у маёнтку Чамброва, жыла і выхоўвалася Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча. На жаль, сядзіба згарэла падчас вайны і цяпер на тым месцы (а гэта ў раёне нашай былой мясцовай бальніцы) толькі рэшткі сцен стайні ды іншых гаспадарчых пабудоў. І ад старога парку засталося няшмат: некалькі струхлелых ліпаў, якія памятаюць паэта, ды дзве серабрыстыя таполі. Захаваўся таксама фамільны могільнік, дзе знаходзіцца капліца Карповічаў.

Наталька. Хоць хваліцца і нельга, але мне дазвольце, калі ласка! (Дазваляем!) А хто з вас хоць раз наведаў нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы? А вось я была там і глядзела пастаноўку п’ есы Я.Купалы “Паўлінка”. Гэта цуд! Гэта шэдэўр! А на памяць у мяне ёсць фотаздымак з любімымі артыстамі. Вось як!

Алёна. Ну, Наталька, табе і пашанцавала!

Насцечка. А хто не любіць нашу Свіцязь? (Усе любім!) А як я люблю нашу Свіцязь! Гэта бясцэнны падарунак прыроды. Невялікае возера плошчай усяго толькі 2,2 км2 з сярэдняй глыбінёй каля 3,5 м. Возера, як магніт, стагоддзямі прыцягвае да сябе. Роўная водная гладзь, празрыстасць і пяшчотны дотык супакойваюць, здымаюць напружанне, раствараюць у Сусвеце. Уладзімір Караткевіч у кнізе нарысаў “Зямля пад белымі крыламі” піша: “Возера Свіцязь, апетае Міцкевічам, вялікі, амаль правільны круг, з усіх бакоў зарослы дужа старымі дубамі. Вада тут такая, што, калі нават проста выкупацца – валасы рыпяць дні два”.

Васілёк. Цікава ведаць, што раслінны свет Свіцязі – амаль цалкам Чырвоная кніга. І ўсё мае свае імёны. Танюткія пруты, што на паўметра ўзвышаюцца з вады, - дагістарычная расліна лабелія Дортмана, а выкінутыя з вады маленькія зялёныя пярынкі, якія нагадваюць маладую цыбулю, - прыбярэжніца аднакветкавая. А на глыбіні паўтара метра расце палушнік азёрны, у якога замест каранёў - моцны клубень. На беразе месцамі зіхаціць яркім малінавым званочкам дзікі гладыёлус – шпажнік чарэпчаты. Названыя чырванакніжныя расліны сёння існуюць толькі на Свіцязі.

Алёна. А які прыбярэжны лес чароўны і таямнічы! Калі ты пачнеш разумець яго, ён можа паказаць зусім іншы Сусвет, які створаны прыродай. І тады ты яшчэ раз упэўніваешся, што гэта жывы арганізм, які тысячамі вачэй насцярожана сочыць за табой. Калі вузкай сцежкай я вандрую вакол возера, то пастаянна пераступаю цераз фантастычныя перапляценні каранёў, якія выйшлі на паверхню і склалі ўзор. Калі ўважліва ўгледзішся, то заўважаеш фігуркі чалавечых цел у кары дрэў, нейкія твары, постаці дзівосных жывёл. Побач векавыя дубы, нібы вартавыя возера, - высокія, магутныя, мудрыя. Усё бачаць і чуюць, усё ведаюць і ганарліва пануюць над усім сваёй веліччу.

Светка. Свіцязянскі ландшафтны заказнік як музей, у якім нічога нельга кранаць, а толькі любавацца і быць пад уздзеяннем гэтай прыгажосці і таямнічасці ўсё жыццё. Беражыце, наш свіцязянскі цуд!

Кацярынка. А можа хто з вас ведае легенды ці паданні пра возера Свіцязь?

Наталька. Я ведаю. Паслухайце. (Расказвае легенду).

Кацярынка. І сапраўды, колькі цікавага і загадкавага мы сёння даведаліся і пра паходжанне нашай вёскі, і пра возера Свіцязь. Нешта мы засумавалі. Дзяўчаткі, хадзем тупнем ножкамі, а хлопчыкі нам падыграюць!

(танец “Полька беларуская”)

Алёна. А давайце я вам адну загадку загадаю, якую мне сёння мой бацька загадаў. Хочаце ці не? (Усе згаджаюцца)

Ну, дык уважліва слухайце: па саломе ідзе – не шастае, па вадзе ідзе – не плюхае. (Сонца і цень)

Усе дзеці ўразнабой даюць розныя адказы: правільныя і памылкавыя.

А паслухайце тады яшчэ адну: пакуль бацька нарадзіўся, сын па свеце нахадзіўся (Агонь і дым).

Насцечка. А вось мая загадка: вырас лес белы ўвесь: ні зайсці ў яго, ні ўехаць. (Малюнкі марозу на вокнах). І яшчэ загадаю адну: білі мяне, білі, калацілі, ва ўсе чыны ўзводзілі, з каралём на трон пасадзілі. (Лён)

Юрась. А маіх загадак, напэўна, ніхто не адгадае. Праверым, наколькі вы тут разумныя і кемлівыя! (Дастае з капелюша і зачытвае).

Загадка першая:

Круглы, як сонца, шыпіць пад ім донца.

Падрумяніцца бачок – скоціцца пад ручнічок.

(Блін)

Загадка другая. Паслухайце!

Кішэні не мае, а сонца хавае,

Страху не мае, а ад ветру ўцякае.

Вачэй не мае, а слёзы пралівае.

(Хмара)

Ну, а трэцюю загадку вы, напэўна, не адгадаеце.

Хоць бяскры, а лятае,

Безгалосы – свішча,

Хоць бязрукі, а бывае,

Грушы ў садзе абівае,

Нават часам вырывае

Дрэвы з карнявішчам,

А як зморыцца – упадзе,

І няма яго нідзе.

(Вецер)

Кацярынка. Ой, Юрасік, досыць табе загадваць. Давайце лепш у што-небудзь пагуляем.

Усе. Давайце! Давайце! Толькі ў што?

Кацярынка. Ну, хоць бы ў князя-князевіча. Хто жадае быць князем? (Дзеці наперабой хочуць быць князем). Каб мы тут не пасварыліся, давайце лепш палічымся. Станавіцеся ў круг.

Кацілася торба

З высокага горба.

А ў той торбе

Хлеб, пшаніца.

З кім жадаеш

Ты дзяліцца?

На фоне музыкі пачынаецца гульня. Выбіраецца князь. Ён сядае і чакае дзетак. Яны, адышоўшы ўбок, згаворваюцца ягады збіраць, чытаць ці пісаць і інш. Тады дзеці ідуць да князя і кажуць:

Дзеці. Добры дзень, князь-князевіч!

Князь. Добры дзень, мілыя дзеткі! Дзе вы былі? Што рабілі?

Дзеці. У лесе!

Дзеці з дапамогай рухаў паказваюць, што яны згаварыліся рабіць, а князь павінен адгадаць. Калі адгадае, дзеці ад яго ўцякаюць, а ён ловіць іх. Каго зловіць, той робіцца князем, а ранейшы князь ідзе да дзяцей. Гульня паўтараецца спачатку.

Кацярынка. Ох, нешта сумна стала. Давайце ў што весялейшае пагуляем.

Дзеці пачынаюць гуляць у Панаса.

Андрэй. А каб мы не пабіліся з-за таго, хто будзе Панасам, то прапаную на вілачніку вырашыць.

Ідзе да печы, бярэ вілачнік. Усе дзеці па чарзе хапаюць за дрэўка адной рукой, а затым другой. Таму, хто возьме верх палкі, завязваюць вочы. Дзеці пасля слоў “Панас, Панас, лаві нас, а не мышэй!” разбягаюцца, а “сляпому” даводзіцца лавіць іх па ўсёй хаце. Першы, каго зловяць, замяняе “сляпога” і сам пачынае лавіць, а былы становіцца ў шэраг тых, хто хаваецца.

Кацярынка. Ой, годзе! А то ўсе ходнікі парасцягвалі. Прыйдзе бабуля, то ўжо дасць мне! (Папраўляе ходнікі) А вось і яна.

У хату заходзіць бабуля Алена.


З’ява ІV

Бабуля Алена. Ну, як вы тут, мае дзеткі, не сумуеце? А нядаўна я на лузе бусла сустрэла. Значыць, ужо і яны прыляцелі. А ці ведаеце вы, чаму бусел жаб і вужоў збірае? (Усе артысты жадаюць паслухаць). Ну дык слухайце.

Калі Бог зрабіў жабаў, яшчырыцаў і вужоў, то злажыў іх у мяшок і даў яго трымаць бацяну, сказаўшы, каб ён туды не глядзеў. Бацяна ўзяла цікавасць, і ён расхіліў мяшок, каб паглядзець, што там ёсць. Калі гэта ён расхіліў мяшок, так усе яшчырыцы, жабы і павыскаквалі. Прыйшоў Гасподзь і ўбачыў, што бацян павыпушчаў усіх з меху, то ўзяў дубца і зачаў бацяна гасіць па заду. Ад гэтага ў бацяна зад і чорны. І сказаў яму Гасподзь:

  • Усё жыццё хадзіць табе па балоце і збіраць тых жаб, што павыпускаў. Вось як было.

Усе дзеці загаманілі са здзіўленнем.

Васілёк. А хочаце паслухаць анекдот, які мне сёння мой бацька расказаў? (Усе зноў зацікавіліся). Ну дык слухайце! Школьны інспектар, едучы праз вёску, запытаў хлопчыка, дзе дарога ў школу. Той дарогу паказаў. На другі дзень інспектар у школе спытаў у яго, выклікаўшы да карты, якая дарога вядзе ў Варшаву. Хлопец доўга пазіраў на карту, нарэшце сказаў:

  • Вы не ведаеце дарогі ў школу, а хочаце, каб я ведаў дарогу ў Варшаву. (Усе дзеці смяюцца)

Андрэй. (пасля невялікай паўзы). Я таксама некалькі анекдотаў раскажу

  • А што, Янук, ці спадабалася табе твая новая настаўніца? – пытае маці ў сына.

  • Ды, яна, мамачка, нічога сабе, і не старая. Але, мусіць, мала вучылася, бо ўсё ў мяне пытаецца. (Зноў усе смяюцца.)

  • Аднойчы прыйшоў Стасік са школы раней тэрміну.

  • Што, зноў правініўся? – пытаецца маці.

  • Настаўніца сама вінавата. Яна сказала: “Паводзьце сябе як дома”. Я так і паводзіў сябе. І яна адправіла мяне дамоў. (Чуецца смех.)

Юрась (працягвае). Настаўнік пытае ў вучня, які правінаваціўся:

  • Ты чаму прыйшоў у школу адзін? Я ж казаў табе без бацькоў не прыходзіць.

  • Я не маленькі, - адказаў вучань, - і без бацькоў дарогу ведаю. (Усе смяюцца.)

Кацярынка. Дзяўчаткі, можа давайце паспяваем?

Дзяўчаткі згаджаюцца. У выкананні дзяцей гучыць беларуская народная песня “Зайграй жа мне, дударочку”.

За кулісамі чуваць галасы і тупанне. Першым заходзіць з рэменем у руках дзядзька Мікола, потым цётка Ганна з дубцом.

Дзядзька Мікола. А вось яны дзе! Мы з маці з ног збіліся, шукаючы гэтага бэйбаса, гэтага вісуса! А ён у цёткі Алены прападае. (Хапае за вуха Андрэйку і цягне яго бліжэй да гледачоў, хоча сцебануць паскам, але той ухіляецца).

Цётка Ганна (бярэ за падол спаднічкі сваёй дачкі Насцечкі і таксама хоча пакараць дубцом.) Я ж цябе, мая галубка, аб чым прасіла? Каб Мікіту паглядзела. А яна – вы бачыце?! – зноў да Кацярынкі збегла, як тая козачка ў агарод. Ну, і дам! Ну, і атрымаеш ты ў мяне!

Бабуля Алена. Ну, і чаго вы тут разышліся, раскрычаліся? Ці даўно самі такія былі? Лепш павучыце гэтую блазноту словам добрым, песням ці танцам нашым.

Кацярынка. І праўда, дзядзька Мікола і цётка Ганна! Можа, вы нам таксама што-небудзь праспявалі б? Я чула, што вы такія прыгожыя галасы маеце. У нашай ваколіцы вы – найлепшыя спевакі!

Усе дзеці просяць. Пасля невялікага вагання бацькі згаджаюцца і спяваюць некалькі песень.

Алена. Мы любім Свіцязь,

Любім вёску

І прыгажосць наўкола.

І любім дом наш, сэрцу

мілы,

Які завецца – школа!

(усе разам)

Усе ўдзельнікі выконваюць песню-пажаданне.


Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconРэспубліканскага журы па падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ "Зямля бацькоў мая зямля"
Аб правядзенні заключнага этапу рэспубліканскіх конкурсаў у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі ”Жыву ў Беларусі І тым...

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconУрок, с которого начинается 2009/2010 учебный год, проводится по теме «Зямля бацькоў мая зямля»
А. Г. Семенович, методист высшей категории управления учебно-мето­дической работы гуо «Академия последипломного образования»

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconУрок ведаў "Зямля бацькоў мая зямля"
Мэта: “Выхаванне грамадзяніна сваёй Радзімы, гарманічна развітай асобы, любячай сваю сям’ю, школу; чалавека культуры І высокай маралі,...

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconУладзімір Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі»
«Зямля пад белымі крыламі»; узнавіць веды пра паходжанне назвы «Беларусь»; выявіць першаснае ўспрыманне раздзела твора «Зямля мая...

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconТэма: "Зямля бацькоў-зямля святая" тып урока:інтэграваны ўрок геаграфіі І беларускай мовы І літаратуры
Мэта: рэалізацыя “халістычнага” прынцыпу адукацыі ў ліцэйскай педагагічнай прасторы

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconРодная зямля ў духоўным свеце
Святога Пісання [13, с. 28]: з зямлі прарасла зеляніна — трава І дрэва, зямля нарадзіла ўсё жывое. Пра гэта гаворыцца на першых старонках...

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconАлена Каршачок " Старажытная зямля"
Маладзёжным тэатры эстрады”, дзе адбывалася прэзентацыя дыска “Старажытная зямля”

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconЗямля бацькоў – жыцця крыніца
Садзейнічаць фарміраванню сацыяльна актыўнай асобы з грамадзянска-гуманістычным светапоглядам

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconРодныя вобразы: Ніл Гілевіч. «Край мой беларускі», Данута Бічэль-Загнетава. «Роднае слова»
Абсталяванне: альбом рэпрадукцый “Мая зямля” (жывапіс беларускіх мастакоў). Мн., 1996; запісы пе-сень на словы Н. Плевіча. (А. Багатыроў....

Дзіцячыя вячоркі \"Зямля бацькоў – мая зямля\" iconЗямля бацькоў- палі, лясы, крыніцы
Колькі ІХ, апантаных паэтаў, кампазітараў, мастакоў, якіх прыгажосць родных краявідаў натхняе на стварэнне цудоўных твораў

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка