Хто каго "зацюкаў", або цэзар у масцы гамлета




НазваХто каго "зацюкаў", або цэзар у масцы гамлета
Дата канвертавання10.11.2012
Памер205.37 Kb.
ТыпДокументы

ХТО КАГО "ЗАЦЮКАЎ", АБО ЦЭЗАР У МАСЦЫ ГАМЛЕТА

РАЗВАГІ ПРА "ЗАЦЮКАНАГА АПОСТАЛА" АНДРЭЯ МАКАЁНКА


Мікалай Караткоў


"Нарэшце, калі ўважліва прыгледзецца і сур'ёзна ўдумацца ў тое, што адбываецца на сцэне, дык няцяжка пераканацца, што Малыш толькі прыкідваецца, быццам ён прагне стаць прэзідэнтам: ён знарок апранаецца ў мантыю высокага дзяржаўнага дзеяча, каб мець магчымасць выказаць яўна адмоўнае стаўленне да ўсіх гэтых буржуазных палітыкаў, выкрыць іх сапраўдную антынародную і антыгуманную сутнасць", — так тлумачыў у свой час сутнасць вобраза Малыша з "Зацюканага апостала" Андрэя Макаёнка літаратуразнаўца Якуб Усікаў. Ён сцвярджаў што камічны эфект у творы абумоўліваецца «знешнімі прэтэнзіямі героя на пасаду, якой ён, па сутнасці, не прызнае, якую ўнутрана ігнаруе, цалкам адмаўляе, як адмаўляе і ўвесь лад жыцця, заснаваны на хлусні, гвалце, прыгнечанні чалавека чалавекам. <...> Выкрывальны пафас твора ўсё ўзрастае і дасягае сваёй кульмінацыі па меры набліжэння да фіналу. Адмаўленне скрытае, затоенае, апасродкаванае становіцца адмаўленнем непасрэдным, "лабавым"». Як адзначаў даследчык, усе аб'ядноўваюцца супраць Малыша, калі той "пачаў выкрываць хлусню. <...> I ён, адзінокі, не вытрымаў аб'яднанага напору старога свету... разам з лесачкамі ад кніжнай паліцы выкінуўся за акно, пасля чаго стаў ідыётам. <...> Трагічная развязка не здымае аптымістычнага гучання твора. Драматург не толькі выкрывае, асуджае, паказвае трагічны канец такіх, як Сын, бунтароў і антымяшчан, але і сцвярджае перамогу дабра над злом у перспектыве".

У гэтай цытаце, як у кроплі вады, адбіліся найбольш сутнасныя моманты трактоўкі ідэйна-мастацкага зместу "Зацюканага апостала" ў савецкім літаратуразнаўстве 1970-х — сярэдзіны 1980-х гг., якая захавалася і да нашага часу. Іншых ацэнак, калі ўлічваць назву п'есы, аўтарскае вызначэнне яе жанру як трагікамедыі, нарэшце, характар пануючай у тагачасным грамадстве ідэалогіі, і быць не магло.

Разам з тым варта адзначыць, што сам тэкст твора дае дастаткова важкія падставы і для іншай, адрознай ад агульнапрынятай, яго інтэрпрэтацыі. Магчыма, менавіта гэтым у нейкай ступені і тлумачыцца той факт, што прэм'ера спектакля адбылася спачатку ў Маскве і толькі потым — у Мінску. Сітуацыя, у прынцыпе, вельмі падобная да той, што складвалася, напрыклад, з першымі пастаноўкамі некаторых п'ес К. Крапівы, А. Дударава, А. Петрашкевіча, дзе "адказныя асобы" не без пэўных падставаў бачылі "ідэйныя хібы", калі не сказаць "антысаветчыну", і лічылі за лепшае не рызыкаваць, не выпускаць творы на сцэну.

Што ж магло насцярожыць? Безумоўна, перш за ўсё цэнтральны вобраз твора — Сын. Георгій Колас сведчыць: «На прэм'еры плучакаўскага тэатра, у антракце, мы на лесвіцы курылі з Еўтушэнкам.

— Ты не лічыш, што Лявінскі ў Сыне іграе нешта не па п'есе? -запытаўся ён.

— А што?

— Не тая перспектыва ролі. Ён дае Хрыста. А ў Макаёнка — Гітлер. <...> Усе артысты, рэжысёры, крытыкі, даследчыкі драматургіі Макаёнка — кожны! — сутыкаючыся з Сынам, абавязкова сутыкаюцца і з гэтай вызначанай Еўтушэнкам ("з лёту!") стрыжнёвай праблемай ролі, вобраза, грамадскай з'явы: Гітлер ці Хрыстос?». Ды і сам А. Макаёнак у 1972 г. у адным з інтэрв'ю прызнаваў, што свайго героя "поместил в такую социальную среду, где из него с равным успехом может вырасти и борец за мир, и фашиствующий подонок" .

Па зразумелых прычынах літаратуразнаўцы не маглі тады занадта засяроджваць увагу на гэтай дылеме, але яна ўсё роўна праглядвалася ў іх працах — у яўных нацяжках, у намераным або змушаным абгрунтаванні асноўных тэзісаў аргументамі, якія іх фактычна абвяргалі. Наўрад ці Я. Усікаў адзін з самых сур'ёзных даследчыкаў беларускай драматургіі, сапраўды лічыў, што "Малыш толькі прыкідваецца, быццам ён прагне стаць прэзідэнтам", і менавіта для таго, "каб мець магчымасць выказаць яўна адмоўнае стаўленне да ўсіх гэтых буржуазных палітыкаў выкрыць іх сапраўдную антынародную і антыгуманную сутнасць". Аніякіх падставаў для такіх высноў тэкст твора не дае. Хутчэй за ўсё, разлік быў на здольнасць чытача заўважыць відавочную "нестыкоўку" і самастойна разабрацца, што да чаго.

Хочацца Сыну стаць прэзідэнтам, ды яшчэ як! Гэты палітычны вундэркінд дзякуючы ўласнай назіральнасці, дапытліваму розуму, нястомнай працы ("Бачыш, колькія чытаю. А каля тэлевізара колькі гібею? Не футбол па двары ганяю"), дый выхаванню Таты, вельмі хутка зразумеў, на якой аснове грунтуюцца адносіны паміж людзьмі ў грамадстве. "Мінуўшчына, увекавечаная ў кнігах, уяўляецца мне мешанінаю з гразі і крыві, несправядлівасці і крыўд... Вы прыслухайцеся да гэтых кніг. Колькі енкаў, колькі стогну, колькі жальбы... (Нібы прыслухоўваецца.) Ці-ш-ш... I кнігі, кожная з іх — гэта абеліск ... Абеліск светлым марам, светламу розуму, светлым надзеям. (Пералічвае кнігі.) Дабраце, спагадзе. Маленькім блізнятам чысціні і наіўнасці. Які пачэсны могільнік! Так што я не толькі ваша дзіця, я дзіця гісторыі, дзіця гэтых кніг... " — гаворыць ён.

Сын не пазбаўлены пэўнага спачування ахвярам несправядлівасці, але зусім не намераны паўтараць іх лёс і выбірае "змаганне за месца пад сонцам", пра што сведчыць эпізод "разбору" яго бойкі з Мухамедам. Сын згодны, што ў ідэале жыццё грамадства не павінна грунтавацца на жорсткасці, бесчалавечнасці. Але гэта заўсёды было і ёсць. "Не павінна. Але пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя, ёсць князі і рабы..., да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы..." — скажа ён пазней сястры. I на яе прапанову адмовіцца ад мары пра ўладу заявіць: "Тады маё месца зойме другі, не такі здольны, а можа, і бяздарны, ды яшчэ, магчыма, больш жорсткі”. Вось, бадай, і ўвесь "гуманістычны патэнцыял" яго "вялікай і гуманнай" мэты.

Чаму ж Сын ставіць перад сабой задачу любой цаной стаць не менш чым "на чале дзяржавы, стаць правадыром нацыі, стаць цэзарам, папам рымскім ці Ісусам другім"? I кім — Цэзарам ці Ісусам хоча ён стаць, у якіх мэтах збіраецца выкарыстаць уладу? Спадзяецца на практыцы ажыццявіць прынцыпы гуманізму ў жыцці грамадства? Але ў такую магчымасць, як бачым, Сын не верыць. Дабіцца славы? Так, у гэтым ён і сам прызнаецца. Багацця? Так, але не толькі. "Грошы рабіць дробязь. Улада даражэй за ўсякія грошы", — гаворыць ён Маме. I, расказаўшы пра тое, як Пузыр збіраў з дзяцей ясак за права панасіць ці нават толькі патрымаць прыгожы партфель яго бацькі, дадае: "Я толькі падумаў: ну, чорт вазьмі, чаго б ні каштавала, а даб'юся таго, каб раздаваць партфелі. I не каму-небудзь, а міністрам. Тады ў мяне ўсё будзе: і марожанае, і пірожнае — і без грошай. А захачу загадаю намаляваць новыя грошы. Вось да чаго трэба імкнуцца, мама!".

У дасягненні вярхоўнай улады Сын бачыць перш за ўсё спосаб набыцця для сябе неабмежаванай свабоды (а дакладней — самавольства) за кошт падаўлення свабоды іншых людзей. Як н парадаксальна, але ў самім такім намеры выяўляецца і пратэст супраць бездухоўнасці грамадства: "Так, я злы! Без праўды людзі робяцца злыя!Нават добрыя людзі!Нават дзеці!" ( Можна сказаць, што ён збіраецца адпомсціць за той уціск уласнай асобы, які адчувае цяпер; прадбачыць у будучыні. А прынцып помсты вядомы: ты зрабіў мне кепска — я зраблю табе яшчэ горш.

Пра свае прэтэнзіі на пасаду прэзідэнта Сын гаворыць родзічам адкрыта, але наўрад ці варта бачыць у гэтым недахоп жыццёвага і палітычнага вопыту. Тут хутчэй выяўляецца разуменне таго, што яны "адной крыві" з ім, жаданне высветліць адносіны да ўласных намераў і ступень магчымай дапамогі ў іх ажыццяўленні. Заўважым, што ніхто з сям'і, па сутнасці, не мае істотных пярэчанняў супраць яго ідэй. А Дачка часам нават дапамагае Сыну ў правядзенні "эксперыментаў". Праўда, іншы раз сама таго не ўсведамляе. Хіба толькі што Мама, як і ўсялякая маці, імкнецца перасцерагчы сваё дзіця ад магчымай бяды: "Не лезь у палітыку, дурненькі, гэта небяспечна. Сцеражыся яе. Там не такім, як ты шыі ламаюць". Урэшце, занятыя кожны перш за ўсё сваімі праблемамі, яны, як відаць, і не ўспрымаюць амбіцый Сына ўсур'ёз, лічаць іх пустой фантазіяй.

Між тым, ён не толькі фантазёр. "Я сур'ёзна рыхтуюся да такой пасады. <...> Я маршальскі жэзл хачу ўзяць, імператарскі скіпетр. I вазьму! — заяўляе ён сястры, шкадуючы толькі пра тое, што ўзрост не дазваляе неадкладна распачаць барацьбу за права стаць прэзідэнтам. I гэта не проста словы, не поза. Сын дарма часу не марнуе. Не маючы пакуль магчымасці праверыць свае здольнасці і сілы як палітыка ў маштабе ўсяго грамадства, ён робіць гэта ў межах яго ячэйкі — сям'і.

Фактычна, Сын становіцца ўладаром гэтам мініяцюрнай "дзяржавы", ператвараючы бацькоў у сваіх духоўных рабоў з дапамогай шантажу, выкарыстоўваючы іх чалавечыя слабасці. Такім чынам ён здолеў, сам не працуючы, накіраваць значную частку заробку бацькоў на ўласныя патрэбы. У тым ліку — і на стварэнне пакуль што цацачнага ваенна-паветранага флоту для сваёй міні-дзяржавы (што за дзяржава без узброеных сіл?). I гэта не проста дзіцячая пацеха, не проста цацкі, а нешта куды больш сур'ёзнае — даволі дзейсная сіла падаўлення "ўнутранага ворага". То "зброя <...> для падтрыманкі халоднай вайны паміж... татам і мамай" у адпаведнасці з вядомым прынцыпам "раздзяляй і валодай": "Калі малы захоча, яго самалёты могуць бамбіць... каб застрашыць. Ён часта карыстаецца гэтай сілай". Больш за тое, Сын становіцца нават крэдыторам уласных бацькоў. Пазычае ім пад працэнты іх жа грошы, каб маіглі купіць бутэльку каньяку і больш-менш прыстойна сустрэць дзеда. Фактычна Сын прыбраў да рук і эканоміку, і "ўзброеныя сілы", і палітычную ўладу ў сямейнай міні-дзяржаве. Паказальна, што на папрок Таты ён адказвае: "Гэта для спробы ".

Дзе, у каго Сын таму навучыўся? Пра тое ён скажа Дзеду: "У мяне за плячыма вопыт, шматвяковы вопыт. (Распасцірае рукі на кніжны стэлаж.) Я вельмі стары, дзед! Толькі барада не расце". Прачытана тое, што пісаў Светоній пра жыццё цэзараў, мемуары Чэрчыля, усё, што пісалі пра Напалеона, успаміны пра Гітлера і, магчыма, "тое-сёе" з Макіявелі. Ці не ў яго ў першую чаргу "пазычаныя" тыя думкі аб неабходных для валадара ўменнях і якасцях характару, якія Сын выкладае сястры: "Сучасны цэзар павінен умець быць абаяльным, каб выклікаць пачуцці прыязнасці ва ўсіх, хто хоць раз пабачыцца з ім. Павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, нават калі грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор".

Што і як рабіць — для яго ясна: "Для гэтага ў мяне веды ёсць, чужога вопыту хопіць". Адзінае і галоўнае, што непакоіць Сына, гэта пытанне: "А ці ёсць у мяне патрэбныя рысы характару? Ці хопіць іх у мяне?". Цяпер толькі ад гэтага залежыць, ці здолее ён дасягнуць пастаўленай мэты. "Трэба праверыць", — гаворыць ён. Па сутнасці, у нечым, перш за ўсё — у самім сваім бунце супраць грамадства, Сын паўтарае Радзівона Раскольнікава, героя рамана "Злачынства і пакаранне" Ф. Дастаеўскага. Ён вырашае тое ж, толькі па-іншаму сфармуляванае ў названым творы, пытанне: "Тварь ли я дрожащая или право имею?". I робіць гэта таксама праз "эксперымент", бесчалавечны па сваёй сутнасці.

Але ж адрозненняў, і адрозненняў істотных, паміж героямі Ф. Дастаеўскага і А. Макаёнка, і матывамі і вынікамі праведзеных імі "эксперыментаў" куды больш. Па-першае, Сын намерваецца не перабудаваць свет, як Раскольнікаў, а захаваць яго ў гэткім жа выглядзе і падпарадкаваць сабе. Раскольнікаў, аднойчы паддаўшыся спакусе "разам пераламіць усё" і пасля доўгіх ваганняў "пераступіўшы" чалавечае ў сабе, жахнуўся таму, што зрабіў, пакаяўся. Сыну ж, відаць, "пераступаць" у сабе чалавечае, па сутнасці, і не патрабуецца з прычыны адсутнасці такога. Раскольнікаву, напрыклад, і ў галаву, відаць, не прыйшло б праводзіць якія б то ні было "эксперыменты" на маці або сястры, бо ён любіць іх. Героя ж А. Макаёнка ў наяўнасці такіх пачуццяў западозрыць цяжка. Не любоў да бліжніх, нават самых бліжніх з іх, кіруе чалавекам, які гатовы "быць бязлітасным да роднага брата, бацькі, нават маці", калі заўважыць "змову, каварства ці здраду". I свой "эксперымент" вырашае ставіцв "дома, на вас, на сваіх. Дзе ж яшчэ?".

I для Раскольнікава, і для Сына паняцце "права" хутчэй атаясамліваецца з паняццямі "здольнасць", "магчымасць", але Сын і не думае абмяжоўвацца, як Раскольнікаў, толькі праверкай наяўнасці неабходных для цэзара якасцяў. У выпадку адсутнасці ці недастатковасці такіх ён намераны "вырасціць іх, выхаваць, выпеставаць" у сабе. Праўда, Сын, дзіця "цывілізаванага" свету, не схопіцца за сякеру і не пойдзе на забойства, на крымінальнае злачынства, што можа паставіць крыж на будучай кар'еры. Ён будзе дзейнічаць "у рамках законнасці", метадамі куды больш вытанчанымі, але не менш дзейснымі.

Фактвічна Сын эксперыментуе з самага пачатку п'есы, задоўга да таго, як адкрыта скажа сястры пра свае намеры і мяркуемай "эксперыментальнай базе". Да таго часу ён паспеў ужо тое-сёе праверыць, таму-сяму навучыцца. Цяпер — наступны этап з дакладна вызначаным пералікам больш складаных задач: "Я павінен навучыцца памірыць заклятых ворагаў і ўмець пасварыць закадычных сяброў; павінен умець выкарыстоўваць для сябе і высакародны чалавечы парыў і такую чалавечую загану, як зайздрасць. Для веруючых я павінен быць апосталам, а атэісты хай спадзяюцца, што я — бязбожнік. Я павінен пераканаць людзей рабіць тое, што мне трэба, але каб ім здавалася, нібыта яны самі таго хочуць, а я толькі разумею іх патрэбы. Я павінен умець пераканаць бацьку пайсці супраць сына, а дачку — сведчыць супраць маці, калі мне гэта спатрэбіцца. Я павінен умець узбунтаваць, уздыбіць натоўп, давесці да экстазу, да барыкад. Але я павінен умець і ўціхамірыць раз'юшаны натоўп, калі бунт прынёс ужо ўсё, што мне трэба было. Я павінен быць літасцівым і міласэрным да заклятага ворага, каб усыпіць яго пільнасць і быць бязлітасным да роднага брата, бацькі, нават маці, калі заўважу змову, каварства ці здраду. Я павінен умець, нераздумваючы, бязлітасна і халаднакроўна прыбіраць з маёй дарогі супернікаў". I далейшы ход падзей у п'есе абумоўленві, на нашу думку, не столькі збегам акалічнасцяў, колькі свядомай дзейнасцю Сына. Ён праводзіць цэлую серыю эксперыментаў, каб вызначыць ступень сваёй гатоўнасці да ролі цэзара, і робіць гэта паслядоўна, у поўнай адпаведнасці з выкладзенай вышэй "праграмай".

Гэта ён выклікаў Дзеда, але не толькі, каб спытаць, ці ведае той, што "мама і тата не любяць яго". "Мала таго — ненавідзяць!" Відаць, межы сям'і для "палітычнай дзейнасці" Сына становяцца ўжо цеснымі. Ён разлічвае выпытаць і выкарыстаць у будучым тое-сёе з жыццёвага вопыту чалавека, да якога "дыктатары тайна прысылаюць паслоў за парадай" :

Д з е д. <... > Каб пачаць усё спачатку...

С ы н. Па-новаму? Першы раз — усё не так ?

Д з е д. Не ўсё так.

Сын. А што было так ? Нешта ж было і такое, пра што цяпер прыемна другім расказаць ?

Д з е д. О-о!Яшчэ колькі было! У маладосці я рызыканцік быў! Любіў паказытаць нервы.

Дачка. Каму?

Дзед. І сабе, і бабцы, і розным другім...

Сын. Сабе і бабцы — гэта і мы ўмеем. А вось як розным другім гэта ты раскажы, дзядуля.

Сын хоча праверыць слушнасць сваіх думак, назіранняў. Найбольш выразна гэта выяўляецца ў маналогу аб выступленнях "сур'ёзнай" моладзі супраць вайны ва В'етнаме: «Якія прамовы! Які запал! Які палёт думкі! Колькі агню, задору, рэвалюцыйнага энтузіязму! Не хапала толькі правадыра і пазітыўных лозунгаў. Каб нехта павёў іх, а лозунгі такія, каб за іх на смерць можна ісці. Старыя запаведзі нікога не кранаюць: "Не забі", "Не ўкрадзі", "Не пажадай жонкі бліжняга". За імі ніхто не пойдзе. Трэба новыя. Ленін чаму выйграў рэвалюцыю ў Расіі? Даў самыя пякучыя і пазітыўныя лозунгі: "Мір народам! Зямля сялянам! Заводы рабочым! Улада Саветам!"».

Адзначым, што ў працытаваным маналогу крытыкі з прычыны канкрэтных абставінаў таго часу вылучалі, як правіла, толькі адзін момант: пратэст Сына і народных мас супраць антынароднай сутнасці і палітыкі імперыялізму. I "не бачылі" яўнай "прымеркі" Сына да ролі правадыра, пошуку "пазітыўных" лозунгаў, якія дазволілі б стаць такім. А галоўнае — таго, дзе, у якой сферы ён шукае такія лозунгі і які патэнцыял духоўнасці заключаны ў гэтай сферы. Заўважым, што Сын адразу адмятае як зусім непрыдатныя для дасягнення мэты агульначалавечыя гуманістычныя ідэалы ("за імі ніхто не пойдзе") і арыентуецца на лозунгі Кастрычніцкай рэвалюцыі, а гэта аўтаматычна ставіць пад сумненне гуманістычны патэнцыял самой "праўды Леніна", не кажучы ўжо пра трактоўку вобраза галоўнага героя як барацьбіта з бесчалавечнай мараллю капіталістычнага свету.

Прыезд Дзеда даваў Сыну магчымасць вырашыць, апроч усяго іншага, і пытанне пра тое, "ці магчыма ў прынцыпе ўзаемаразуменне паміж татам і мамай на базе павагі да продкаў". Ён на практыцы правярае сваю здольнасць "памірыць заклятых ворагаў" і нават, насуперак іх жаданню, "арганізуе" агульны заліхвацкі танец, але адразу ж перапыняе яго імітацыяй бойкі з сястрой, як толькі з'яўляюцца першыя прыкметы магчымасці сапраўднага прымірэння паміж бацькамі, і гэтым умацоўвае сваю ўладу над імі, якая трымаецца на прынцыпе "раздзяляй і валодай", а заадно выяўляе здольнасць "быць бязлітасным да роднага брата, бацькі, нават маці, калі заўважыць змову, каварства ці здраду".

Здолеў ён і пераканаць людзей рабіць тое, што яму трэба, але каб ім здавалася, нібыта яны самі таго хочуць, а ён толькі разумее іх "патрэбы". Сын прымушае "дачку сведчыць супраць маці", выкарыстаўшы "такую чалавечую загану, як зайздрасць ". Праўда, на нейкі момант сястра каецца ў зробленым: "Я так не магу. Ведаеш, малыш, гэта ўжо цераз сілу. I праўда жорстка мы з мамай. Другі раз я так болей не буду. Мне шкада яе, Пакрыўдзілімы яе...". Але тым не менш і яна абсалютна свядома "падыгрывае" Сыну, дапамагае яму не дапусціць як магчымага прымірэння Таты і Мамы ў час "агульнага танца", так занадта вострага канфлікту паміж імі пасля яго. Ёсць і ў ёй, далікатнай натуры, тое, што з поспехам выкарыстоўвае брат дзеля дасягнення ўласных мэтаў.

А далей Сын спрабуе вырашыць куды больш складаную задачу: "узбунтаваць, уздыбіць натоўп, давесці да экстазу, да барыкад <... > і ўціха мірыць раз'юшаны натоўп, калі бунт прынёс ужо ўсё, што мне трэба было". Але для гэтага "натоўп" трэба папярэдне аб'яднаць, а значыць — знайсці глебу для такога аб'яднаня "Раз'яднаў, пасварыў. А вось як іх цяпер згуртаваць, з'яднаць?На чым?Гэта цяжэй... Але пастараюся. Згуртуюцца". I ён знаходзіць выйсце: аб'ядноўвае родзічаў супраць сябе грубым, як з ніжэйшымі істотамі, абыходжаннем пагрозай "выдаць" праўду пра ўсіх і кожнага па асобку. Міжволі ствараецца ўражанне, што Сын свядома правакуе іх на зачэпку да гэтага і ўрэшце дабіваецца жаданага:

М а м а. Ты чаму хлусіш ? Ты чаму старэйшых не паважаеш? Ты мярзотнік! (Дае сыну ў каршэнь.) Праўду трэба гаварыць!

С ы н (абураны). Ах, вам праўды захацелася?Вы па праўдзе засумавалі? Во гэта я і хацеў ад вас пачуць!Зараз я вам выдам праўду!...

Не, не "выдасць" ён "поўнай праўды" ні пра сябе (бо тады трэба прызнаць, што бацькі не любяць яго не за тое, што ён выпадкова выкрыў іх хлусню, а за тое, што выкарыстоўвае гэтае ад крыццё для шантажу, прызнанне ў чым сапсуе яго "імідж" як палітыка), ні пра бацькоў, бо ў такім разе магчымасць шантажыраваць іх (а значыць, улада над імі) будзе страчана — ім нечага будзе больш баяцца. Ён робіць своеасаблівы манеўр, пазбягаючы небяспечных рыфаў: "Не-е!Вы палохайцеся! Я вам праўды не скажу. I знаеце чаму? А вы мне праўду гаворыце? Адзін аднаму вы праўду гаворыце?". I "выдае" праўду галоўным чынам пра ўсё грамадства і абвінавачвае ва ўсіх яго грахах уласных бацькоў толькі на той падставе, што яны — дарослыя, і, значыць, адказваюць за стан свету. Пэўная доля праўды ў яго словах, бясспрэчна, ёсць. Але ў цэлым яны настолькі ж справядлівыя, як абвінавачанне. Напрыклад, асобнага канкрэтнага ў самім факце існавання войнаў. Інакш кажучы, гэта проста дэмагогія. У дадзеным выпадку яму выгодна забыцца на тое, што яго бацькі, як і ўсе людзі, мелі поўнае права сказаць, напрыклад, Дзеду тое ж, што Сын казаў раней ім: "... я не толькі ваша дзіця я — дзіця гісторыі", але ў свеце, дзе правіць хлусня, дастаткова і намёку на праўду, каб аб'яднаць усіх супраць сябе.

Толькі Дачка здагадваецца, што Сын, магчыма, проста праводзіць чарговы "эксперымент":

Дачка. Ой, што ты правяраеш?Цэзар!

Сын. Ці патрэбна людзям праўда.

Зразумела, ён і так ведае, што не патрэбная, інакш чаму "ў самых мудрых — самы горкі лёс". Але ж і пераправерыць не лішне, дый не варта губляць кантакту з сястрой, бо яна служыць Сыну своеасаблівым тэрмометрам для вызначэння градуса напалу страсцей, ступені згуртаванасці "натоўпу" і яго гатоўнасці да змагання "на барыкадах", няхай сабе і ў сямейных маштабах. Нездарма ж, відаць, пасля яе пытання ён "узмацняе націск", даводзіць дарослых "да белага калення" і дамагаецца прызнання Таты ў тым, што на хлусні трымаецца жыццё ўсяго грамадства, на справе пераконвае бацьку (і не толькі бацьку) "пайсці супраць сына " — пайсці ўжо не са словамі, а са "зброяй" — рэменем у руках.

Перш за ўсё менавіта ў сястры Сын аж двойчы пытаецца, ці сапраўды ім незадаволеныя, ці гэта яму толькі здаецца, і калі ў другі раз яна адзначае не толькі агульную, але і асабістую незадаволенасцьім, зазначае: "Ну, ты паспяшалася. А яны...". Фактычна, ён намякае сястры, што ўсё гэта сапраўды толькі эксперымент, што ёй не варта абурацца. Але калі і яна незадаволеная, то астатнія... Яны ўжо блізкія да патрэбнай кандыцыі, да пераходу ад слоў да рашучых дзеянняў. I Сын паскарае гэты пераход, яшчэ раз "паддаўшы жару".

Уласна кажучы, калі б Сын сапраўды меў на ўвазе толькі пратэст супраць усеагульнай хлусні, то не існавала б ніякай патрэбы ў давядзенні сітуацыі да выбуху. Дастаткова было б скарыстаць з "ласкавага запрашэння" Таты ("вон!") і, ляпнуўшы дзвярыма, адправіцца, як той прапаноўваў, "са сваёй праўдай" на вуліцу. Але ж Сын і не думае так рабіць, бо гэта было б паражэннем: стратай улады, прызнаннем няздольнасці дасягнуць пастаўленай мэты. Яму патрэбны менавіта выбух.

"Уздыбіць натоўп, давесці да экстазу, да барыкад" — гэта Сын змог. А задушыць самім жа справакаваны бунт у сваёй "дзяржаве", "уціхамірыць раз'юшаны натоўп, калі бунт прынёс ужо ўсё, што мне трэба было"? Страціць уладу ён, вядома ж, не збіраўся. "Не дамся!Далоў Цэзара? Далоў праўду? На барыкады? Так? Не да-ам-ся! Не паддамся-а-а! Не да-а-м! Лепей на касцёр! А поўзаць не бу-у-ду!" — крычыць Сын перад тым, як адштурхнуцца з лесачкамі ад кніжнай паліцы і вылецець у акно з трэцяга паверха. Услухаемся ў гэтыя словы, бо яны надзвычай важныя для высвятлення пытання пра тое, супраць чаго пратэстуе Сын, за якую праўду змагаецца.

Думаецца, не трэба даказваць, што паняцці "цэзар" і "праўда" (у агульнапрынятым значэнні гэтага слова) — узаемавыключальныя. Але тады ўчынак Сына, як можа здацца, не мае наогул ніякай акрэсленай ідэйнай матывацыі і можа быць растлумачаны хіба толькі "пераборам" спіртнога ды станам афекту. Або нежаданнем жыць у свеце, пазбаўленым хоць колькі-небудзь пэўных маральных арыенціраў.

Усё становіцца на свае месцы, калі дапусціць, што маецца на ўвазе тая праўда, якую Сын здабыў з кніг, тэлебачання, назіранняў за роднымі — жыццё грамадства грунтуецца на хлусні. I Сынава "не дамся!", "поўзаць не буду!" адрасаваныя не гэтай усеагульнай мане, а сваім "падданым", што намерыліся скінуць яго з трону ў сямейнай мінідзяржаве. "На барыкады?" Пастух не можа дазволіць, каб ім камандаваў яго статак. Быдла павінна ведаць сваё месца!

Такім чынам, аналіз канкрэтнага матэрыялу твора не дае аніякіх падставаў бачыць у Сыне барацьбіта з бездухоўнасцю. Наадварот, ён яе сцвярджае, замацоўвае, і гэта акалічнасць вымушае нас адмовіцца ад ранейшай агульнапрынятай трактоўкі яго вобраза. Больш за тое, іначай бачыцца і фінальная сцэна твора. Тут, у прынцыпе, існуюць, па меншай меры, тры варыянты. Магчыма і сапраўднае калецтва ў выніку падзення з вышыні. I тады ён — ахвяра прагі ўлады, а не прагі праўды. Не менш верагодна, аднак, і крыху іншае...

Неяк не надта верыцца ў дыягназ, пастаўлены Дачкой, зусім не спецыялістам у галіне псіхалогіі. Дый астатнімі ён, думаецца, прыняты на веру галоўным чынам таму, што адпавядаў іх патаемным жаданням:

Дачка. Ды ён жа ідыёт!Ну праўда, праўда, ён жа ідыёт!

Тата (адварочваецца). А можа, гэта і лепш?..

Д з е д. Вам ?.. Вам — лепш.

М а м а. Ды і яму.

Д а ч к а (узбунтавалася). Гэта ?! Гэта лепш ?!

Д з е д. Спадзяюся, ты не выскачыш праз акно ?

Дачка. Я?Ну, не. Я на касцёр!На эшафот!На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!

С ы н. Ты заўсёды такая. Вы ўсе заўсёды такія.

Сын бярэ тоўстую кнігу і павольна, вельмі павольна ўзнімаецца па лесачках на самы верх.

Не будзем гадаць, наколькі верагодныя менавіта такія “клінічныя вынікі” падзення з вышыні. Але ці не занадта разумны гэты “ідыёт” для ідыёта? Ці не задужа “выбарачная” ў яго амнезія, калі яна наогул ёсць? Яго словы ў прыведзенай вышэй цытаце — бяссэнсіца? А мо, Сын фактычна называе ідыётамі тых, што лічаць такім яго (супаставім: “ён жа ідыёт” — “вы ўсе заўсёды такія”)? I чаму, начыста, здаецца, страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што раней было галоўным, ён усё ж бярэцца за кнігу? Толькі па звычцы? Больш падобна на тое, што хвароба героя, як і яго паслухмянасць пасля “палёту”, — уяўныя.

Дарэчы, такая думка выказвалася і раней. Георгій Колас, напрыклад, пісаў: “А што, калі пакінуць допуск на іншую версію? У аўтара напісана, што напачатку не зразумець — ці то ён святы, ці то чокнуты. А потым што? А раптам не тое і не другое, а свядомы працяг пратэсту Малыша ў такой вось форме, якая складае загадку для многіх сучасных сацыёлагаў?

I да чаго ж я ўзрадваўся, убачыўшы і ў Харкаве, і ў Кіеве фіналы розныя, але абодва — без ідыётаў”. У пастаноўцы Харкаўскага тэатра імя А. С. Пушкіна Сын у фінале забіраўся паміж кнігамі, гэтымі “пачэснымі магіламі”, глядзеў адтуль з дакорам, і потым гучаў яго рогат — “на ўвесь свет, злосны, саркастычны, з жахам ганьбы “, што стасуецца з аўтарскім вызначэннем жанру твора, як і тлумачэнне ўсіх яго перыпетый некамунікабельнасцю персанажаў у тэатры імя Лесі Украінкі ў Кіеве. I, думаецца, зусім не выпадкова акцёры ў Купалаўскім тэатры сталі іграць ролю Сына ў рэчышчы вобраза Гамлета.

Праўда, Георгій Колас робіць вельмі слушнае ўдакладненне: “Гаворачы пра гамлетаўскі комплекс Сына-Мазлоўскага, нам неабходна мець на ўвазе істотную папраўку на сучасны гамлетызм яго героя. У яго душы больш злосці, чым пакуты, а ў пакутах больш здзеку, адмаўлення, чым пошуку сапраўдных ісцін. Гэта ваяўнічы манах нігілістычнай філасофіі. Ён асуджае наваколле, адначасова паразітуючы на ім, плюе ў той суп, які самому трэба есці”. Не менш рацыі і ў словах даследчыка пра Сына як пра аднадумцу і адначасова апанента, патэнцыяльнага праціўніка аўтара, пра даследаванні апошнім праблемы множнасці чалавечага “я”, якая шмат стагоддзяў хвалюе сусветную літаратуру.

Усё ж на першы план Г. Колас вылучае, у адпаведнасці з вызначэннем жанру твора, толькі “адзін бок медаля”, пагаджаючыся з тэзісам пра Сына як пра ахвяру бездухоўнасці грамадства, якой ён у канчатковым выніку не вытрымаў і зламаўся. Думаецца, аднак, што сама логіка развіцця характару Сына дае куды больш падставаў для іншай, дыяметральна процілеглай, трактоўкі сітуацыі.

Цяжка сказаць, ці быў “палёт” Сына з акна спантанным або загадзя абдуманым учынкам. Падобна на тое, што ў любым выпадку палітычны вундэркінд здолеў ацаніць і эфектнасць, і эфектыўнасць такога ходу ў дадзенай сітуацыі. Была, вядома, рызыка, і нават немалая, скруціць сабе шыю ў літаральным сэнсе гэтых слоў, затое і “палітычныя дывідэнды” ў выпадку ўдачы прадбачыліся не абы-якія. Адным махам Сын ператвараўся з агрэсара ў ахвяру агрэсіі, можна сказаць, у Хрыста, “раскрыжаванага” “сляпым натоўпам” за праўду.

А далей… У нейкай ступені можна было б дапусціць, што перыпетыі “палёту” і “мяккага прызямлення” ацверазілі Сына і прымусілі адмовіцца ад амбіцый, бо паказалі, наколькі небяспечнымі для ўласнага жыцця бываюць і прадуманыя, здаецца, палітычныя дэмаршы. I ён сапраўды стаў, як усе (“Я зараз — як вы”), але ж гэта значыць, што Сын застаўся такім самым па сваёй сутнасці, толькі крыху ўмерыў апетыт. Хаця б часова, пакуль ачомаецца ад перапуду.

Аднак і такая версія пярэчыць фактам. Успомнім, як і якім вяртаецца Сын дадому. Так, “палёт” усё ж даўся яму ў знакі: “Малы ідзе павольна, ступае так, нібы ў яго папечаны падэшвы ног. <…> Вочы пустыя, чужыя, тоўсты язык не змяшчаецца ў роце”. Але вяртаецца ён не прыніжаным, не пераможаным, а пераможцам: і “Галава высока ўзнята. Ён не прыходзіць, ён з ‘яўляецца. Відаць, так будзе з’яўляцца народу Ісус Хрыстос у другое прышэсце”. Нават Дзед, далёка, здаецца, не наіўны чалавек, сам наскрозь палітык, паддаецца ілюзіі: “Ну і жывучы! Ідзеі , Ідзе!.. Ды ён святы!”. I “ўсе неяк благагавейна глядзяць, як малы падыходзіць да стала “. Згадаем яго словы: “для веруючых я павінен быць апосталам, а атэісты хай спадзяюцца, што я — бязбожнік”. Вось і з’яўляецца “апостал праўды”. Колькі такіх жа “змагароў за праўду” з ліку прэтэндэнтаў на пасады самых розных узроўняў мы бачылі за апошняе дзесяцігоддзе па ўсёй постсавецкай прасторы! Спектакль не закончыўся, артыст, нягледзячы ні на што, выконвае сваю ролю…

Што ж, яшчэ адно “выпрабаванне” паспяхова пройдзена. “Раз’юшаны натоўп” уціхаміраны адчуваннем агульнай віны за ўчыненае ў адносінах да Сына злачынства і разам з тым раз’яднаны імкненнем кожнага зваліць сваю долю адказнасці на іншага. А як наконт захавання ўлады? Скажыце, а вы ў дзяцінстве ніколі не марылі, напрыклад, захварэць пасля несправядлівага, на ваш колішні погляд, пакарання? Зразумела, не дужа сур’ёзна, але каб вашы крыўдзіцелі пакаяліся ў сваёй неправаце? Каб стараліся заслужыць дараванне, выканаць усе вашы жаданні? Вось і тут усе круцяцца вакол Сына, які, на іх думку, захварэў праз іх, і захварэў сур’ёзна… Ідыётам стаў…

На самай справе Сын проста працягвае свае “эксперыменты” і ў адпаведнасці з “праграмай” правярае здольнасць “выкарыстоўваць для сябе і высакародны чалавечны парыў” (прыгадаем бунт Дачкі) і “быць літасцівым і міласэрным да заклятага ворага, каб усыпіць яго пільнасць”, і многае іншае. I дабіваецца свайго, выкарыстоўваючы той жа, што і шэкспіраўскі Гамлет, спосаб — імітацыю вар’яцтва (ідыятызму) і знешнюю пакорлівасць. I тым самым, як і Гамлет, уводзіць усіх у і зман наконт сваіх сапраўдных намераў, якія, відаць, засталіся ранейшымі.





То хто ж тады і каго “зацюкаў”? Цэзар не ператварыўся ў Гамлета, не стаў барацьбітом са і злом. Ён проста да пары схаваўся за маскай Гамлета. Некалі, высветліўшы ступень наяўнасці ў і сабе, а можа, і “дабраўшы” неабходных для палітыка якасцяў ён “выздаравее”. I выявіць свае здольнасці на куды больш шырокай, чым уласная сям’я, палітычнай арэне. Неверагодна? Занадта жорстка і вераломна для чалавека ў яго гады? Але ж не будзем забываць, што гэта не проста дзіця, а вундэркінд, да таго ж — палітычны. А і вундэркіндаў таму і называюць вундэркіндамі, 3 што яны ў раннім узросце лёгка дасягаюць у “сваёй” сферы такіх вынікаў, якіх многія дарослыя калегі не змогуць дабіцца і за ўсё жыццё.

Зразумела, прапанаваная намі трактоўка вобраза Сына супярэчыць і назве, і аўтарскаму вызначэнню жанру твора. Тым не менш, думаецца, яна мае поўнае права на існаванне. Цяпер ужо не сакрэт, як умудраўся А. Макаёнак абыходзіць цэнзуру, выкрываць “родную” афіцыйную хлусню, істотныя адмоўныя моманты ў сістэме, хаваючыся часам і за “замежны” матэрыял “з жыцця буржуазнага грамадства”, “заганяючы” сапраўдны сэнс п’ес у падтэкст. Так было і з “Крымінальнай справай” (1951), дзе драматург, па яго ж уласным прызнанні, напісаў не пра Амерыку, а пра нас, пра Сталіна. Так, мабыць, было і з “Зацюканым апосталам”.

«Не буду настойваць на версіі, што аўтар карыстаецца замежнай атрыбутыкай як шырмай, але і не сумняваюся, што “спісваў” ён сваіх герояў з айчынных, савецкіх татаў, мамаў і дзетак», — пісала ў свой час Галіна Каржанеўская. І ўтым жа артыкуле, далей — пра Сына: “Крык душы, а на практыцы дробны шантаж і зусім не дзіцячы цынізм. Недзе бачыла я падобных начытаных хлопчыкаў. У сапраўднасці яны не столькі гавораць, колькі дзейнічаюць, і, у адрозненне ад Малыша, галоўкай не стукнуліся. Хэпі-энд па-савецку…”.

Так, менавіта хэпі-энд і менавіта па-савецку. Знешне — сцвярджэнне заганнасці маралі толькі буржуазнага ладу, які нішчыць усё лепшае ў чалавеку і яго самога. Аўтарская прадмова да тэксту з залішне нават падкрэсленым акцэнтам на гэтай акалічнасці — каб адвесці падазрэнні ў крамольным змесце свайго “дзецішча”. Такое ж знешняе сцвярджэнне непераможнасці духоўнага пачатку ў чалавеку… Інакш тады было нельга.

А ў характарыстыцы дзейных асобаў, як намёк, пра Сына: “У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра такога звычайна кажуць: малады, ды ранні” . I “падводная плынь”, падтэкст у творы дазваляе ўспрымаць яго не толькі і, можа, не столькі як трагікамедыю, колькі як п’есу-папярэджанне. Адчуць трывогу вялікага Мастака і Гуманіста за будучыню ўсяго свету і лёс свайго народа, пераканацца ў небеспадстаўнасці гэтай трывогі.


2002

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconАддзел адукацыі нясвіжскага райвыканкама
Хочацца ўбачыць тых, хто сёння з выдатным настроем прыйшоў у школу пасля выхадных дзён…, а ў каго дрэнны настрой

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconХто І ад каго хаваецца ў пэнзенскім падзем’і?
Пензенскай вобласьці Расеі, ёсьць каля дзясятка жыхароў Беларусі. Што ІХ магло прывесьці сюды? Чаму менавіта беларусы апынуліся ў...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconХто І ад каго хаваецца ў пэнзенскім падзем’і?
Сярод сэктантаў, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў добраахвотным зьняволеньні ў пячоры на тэрыторыі Пензенскай вобласьці Расеі, ёсьць...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconЖыць ды жыць бы яму
Міколы Заруднага, сказаныя на пахаванні Андрэя Макаёнка: «Мы яшчэ напоўніцу не ўсвядомілі, каго не збераглі для сусветнага тэатральнага...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconСкажыце, хто каго гадуе. Дзе трэба, пастаўце назоўнік у патрэбную форму
Папугай, баран, рыба, крумкач, курыца, жаба, авечка, кот, леў, сабака, пчала, каза, варона, птушаня, вужака, конь, канарэйка, хрушч,...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconДырэктары могуць засноўваць І весці або забяспечваць заснаванне І вядзенне любых, як заснаваных на ўзносах, так І на ІХ не заснаваных пенсійных або прэміяльных
Факtычныя або вынiковыя ctpаtы, шtо ўзнiклi з пpычыны выкаpыctaння вамi або немагчымаcцi выкаpыctaння вамi гэtых зbectak, або любога...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconЗаконодавчу владу
Святій землі, в Іспанії або в Туреччині, або проти язичників в Литві, в Естонії або в Пруссії з метою поширення католицтва (після...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconКаго ж найперш варта засьцерагацца сёньня міліцыі ці прадстаўнікоў крымінальнага сьвету?
Страх казённых дамоў ды іхных жыхароў – стэрэатыпны для чалавечай падсьвядомасьці. Каго ж найперш варта засьцерагацца сёньня – міліцыі...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconГран-пры фестываля "Бардаўская восень 2011" атрымала Рэспубліка Паліна або Паліна Паланейчык. Дзяўчына вучыцца ў Акадэміі мастацтваў І ў пэўны час пачала пісаць
Паліна або Паліна Паланейчык. Дзяўчына вучыцца ў Акадэміі мастацтваў І ў пэўны час пачала пісаць свае песні. На конкурсны адбор яна...

Хто каго \"зацюкаў\", або цэзар у масцы гамлета iconПерли природні або культивовані, дорогоцінне або напівдорогоцінне каміння, дорогоцінні метали, метали, плаковані дорогоцінними металами, та вироби з них
Відповідно до примітки 1 (а) розділу VI і наведених нижче винятків ця група включає будь-які вироби, що складаються повністю або...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка