Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь!




НазваАдзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь!
Дата канвертавання09.11.2012
Памер156.34 Kb.
ТыпДокументы


Літаратурна-музычная кампазіцыя

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь!

Да 80-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча


Дэманструецца партрэт Уладзіміра Караткевіча. Плакат з надпісам “Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь!”. Абапал сцэны стаяць вазы з каласкамі. Пад гучанне беларускай лірычнай інструментальнай музыкі выходзяць вядучыя.



Вядучы 1: Шмат слынных сыноў у нашай Беларусі. Усе яны - ваяры, рэвалюцыянеры, асветнікі, пісьменнікі - верна і самааддана служылі сваёй маці-Радзіме. Хацелі бачыць сваю Беларусь незалежнай і шчаслівай. І сёння ў беларуса ёсць магчымасць мець сваё імя, свой голас. І беларус мае гонар назваць сваіх сыноў. Сёння - 3 ліпеня, у Дзень незалежнасці нашага народа, мы ўзгадаем выдатнага таленавітага патрыёта беларушчыны Уладзіміра Караткевіча.


Ён нарадзіўся -

І зрабілася болей на адну зорку

У сузор’і славутых імёнаў Беларушчыны.

Уладзімір Караткевіч прыйшоў,

Каб сцвердзіць жывучасць

І трываласць духу беларускага,

Усеабдымнасць крывіцкага розуму.

Ён быў дойлідам,

Які ўзводзіў светлы гмах,

Цвярды мур для беларускай душы...

Ён быў майстрам цяжкой

І няўдачнай справы -

Лучыў ланцуг часін парваных.

Шчырэў адзін за ўсіх.

Ён быў майстрам

І чаляднікам у сябе ж самога,

Бо памагатых не меў.

Небяспечнай была справа,

Якой аддаў леты свае

Беларускі геній.

Ён быў аратым,

Які араў дзірваны

Бяспамяцця й знявагі,

Крыўды й абразы.

Ён быў сейбітам,

Які сеяў зерне любові

Да ўсяго роднага, наскага,

Крывіцкага.

Ён сеяў зерне думкі,

А такое зерне дае

Рунь надзеі.

Усявышнім пасланы быў нам

Уладзімір, сын Сямёнаў,

Каб не забыліся,

Што мы - беларусы,

Што мы - народ,

Варты ўвагі сусветнага людства.

(музыка заціхае)

Вядучы 2: Уладзімір Караткевіч ... Паэт, празаік, драматург, перакладчык, няўрымслівы творца на ніве беларускай культуры, чалавек “святы і грэшны” на сваёй святой і грэшнай зямлі. Адзіны са шматлікага калосся беларускіх ніў. На жаль, сёння яго няма разам з намі. І пайшоў ён ад нас у маладым яшчэ ўзросце, не зберажоны, не падтрыманы ў апошнія імгненні жыцця.

Уладзімір Сямёнавіч валодаў вялікім чалавечым сэрцам і яго прыхільнасць да жыцця наогул не ведала межаў, і ў ёй заўжды было месца для незвычайнага. А яшчэ... яшчэ ён бязмежна любіў літаратуру, мастацтва, гісторыю... Яго імя - гэта зорка ў небе беларушчыны. Яго імя - гэта сімвал беларускай літаратуры. Яго імя - гэта любоў і прызнанне беларусаў.


Вядучы 1: Ён быў вельмі шчодры ў жыцці і мудры ў літаратуры. Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў . Ён быў аднолькава таленавіты ва ўсіх жанрах літаратуры. Наўрад ці знойдзецца ў краіне хоць адзін чалавек, каму невядомы раманы “Чорны замак Альшанскі”, “Нельга забыць”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда” і іншыя. Па яго творах здымаліся кінастужкі, шэраг драматычных твораў ставіцца на тэатральных падмостках, па лібрэта пісьменніка Дзмітрый Смольскі напісаў оперу “Сівая легенда”, а Уладзімір Солтан - оперу “Дзікае паляванне караля Стаха”. З’явіліся песні, напісаныя на вершы У. Караткевіча.

Вядучы 2: Творы Караткевіча - гэта творы не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, а пра годнасць і гонар чалавека, пра тое, што трэба жыць, не прыніжаючы іншых і не прыніжаючыся самому. Усё жыццё Караткевіча прайшло ў барацьбе за права самавызначэння ў літаратуры, быць самім сабой. Уладзімір Караткевіч належыў да людзей, якія заўсёды маюць уласную думку, не баяцца гаварыць праўду ў вочы. Дарэчы, праўдалюбцам ён быў усё жыццё.

Вядучы 1: Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Маці яго, Надзея Васільеўна, некаторы час працавала вясковай настаўніцай. Бацька, Сямён Цімафеевіч, быў работнікам фінансавых органаў. Ва ўзросце 10 год застала Валодзю Вялікая Айчынная вайна. Давялося спазнаць хлапчуку жахлівасць вайны і масіраваныя бамбёжкі Оршы, няўдалую спробу эвакуацыі, нялёгкае партызанскае жыццё, інтэрнат на Урале, беспаспяховыя ўцёкі на фронт. Бо яго затрымлівалі і вярталі назад. З вялікімі цяжкасцямі дабраўся да бацькоў у Арэнбург. Скончыў там шосты клас. Потым трапіў у вызвалены Кіеў, жыў у цёткі. Толькі ў 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Оршу.

Пасля заканчэння школы У.Караткевіч паступіў у Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт і вучыўся там пяць гадоў. Пісаў вершы. Потым стаў пісаць аповесці і раманы. У пачатку 50-х свае раннія творы даслаў для ацэнкі Я.Коласу і атрымаў станоўчую адзнаку. Калі закончыў вучобу, пачаў працаваць над дысертацыяй аб паўстанні 1863 года ва ўсходне-славянскіх і польскіх літаратурах. Тады і з’явілася задума напісаць мастацкі твор на гэту тэму.

Вядучы 2: І ў яго нарадзілася п’еса “Кастусь Каліноўскі” - самы мастацка дасканалы твор пра падзеі 1863 года. Кожнаму беларусу знаёма гэта імя. У гісторыі вызваленчага руху на Беларусі асаблівае месца належыць Кастусю Каліноўскаму - аднаму з кіраўнікоў народнага паўстання 1863-1864 гг. - галоўнай мэтай якога было вызваленне з-пад расійскага самаўладдзя. Незадаволеныя рэформай 1861 года, прыгнётам, падманам, знявагай нацыянальнага пачуцця, народ не можа больш цярпець. Паўсталі як паны, так і простыя сяляне. Галоўны праціўнік паўстанцаў - граф Мураўёў - у мінулым дзекабрыст, які выступаў супраць самаўладдзя, цяпер упэўнены, што “толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі”. Яго ідэя - моц Расійскай імперыі. Менавіта дзеля гэтай ідэі ён і катуе беларускі народ, які пасмеў пажадаць волі і раўнапраўя.

Кастусь Каліноўскі выступае за права “беларусам звацца”. Ім валодаюць любоў да Беларусі і яе народа і нянавісць да сацыяльнага прыгнёту. Дзеля Беларусі ён гатовы на смерць.

(Урывак з п’есы У.Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”)

(Гасіцца на сцэне святло. Кастусь сядзіць задумаўшыся, заходзіць Мураўёў)

Мураўёў: Падымі свае вочы і слухай мяне.

Кастусь: Я слухаю вас, граф.

Мураўёў: Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі - а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы - парадак, дзяржава, таму, што за нас - вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас - жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод каменняў са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. І кожны раз льецца кроў. І гінуць лепшыя, а не горшыя. І пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.

Кастусь: Я думаў аб гэтым. Чаго вы хочаце?

Мураўёў: Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці, зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі - трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці Айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне...

Кастусь: Чаму прапаноўваеце?

Мураўёў: Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.

Кастусь: У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Мураўёў: А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.

Кастусь: Ведаю.

Мураўёў: А паслухаеш - можаш жыць, кахаць...

Кастусь: Кахаць...

Мураўёў: Так...Бачыш? Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі кахаў...

Кастусь: Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.

Мураўёў: Я пажыў...Я быў такі, як ты. Такі, а магчыма, і горшы бунтар. Я быў адзін з першых дзекабрыстаў. Нас было чацвёра... Потым я зразумеў - у гэтым няма праўды. Праўда не там. Я выпадкова не трапіў на шыбеніцу, хаця не скардзіўся б, нават трапіўшы. І вось я служу Айчыне. І хачу зрабіць для маладога, чыстага, бліскуча таленавітага чалавека тое, што калісь зрабіў для мяне выпадковы лёс.

Кастусь (смеючыся): Вы? Мой лёс? Жывы, з крыві і плоці, з дзвесце сарака васьмю касцямі і некалькімі аршынамі кішак... Ох, як доўга гэта яшчэ будзе!.. Любіць гэта чалавек: захапіць уладу над жыццём і смерцю, назваць сябе лёсам, богам, з усёй сваёй вузасцю, тупасцю, капрызамі.

Мураўёў: Не смейся з мудрасці... сыне.

Кастусь: Я думаў, вы больш мужны... Я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы ў дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе. (Паўза) Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе... Але я гэтага... апошняга... вам не падару... Граф-вешальнік.

(Мураўёў гнеўны пакідае сцэну)

Кастусь: ...Бывай здаровы, мужыцкі народзе!

Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.

І часам спамяні пра Яську свайго,

Што загінуў за праўду дя дабра твайго.


А калі слова пяройдзе ў дзела,

Тагды за праўду станавіся смела,

Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

Дажджэш, народзе, старасці свабодна.

(гучыць песня “Беларусь, маё сонца” на словы У.Караткевіча, музыку У. Палупанава)

Вядучы 1: У 1954-55 гадах Уладзімір Караткевіч працаваў настаўнікам у вёсцы Лесавічы, што на Кіеўшчыне, а з 1956 па 1958 гады - у горадзе Оршы. У 1957 годзе Караткевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў. А ў 1958 годзе ўбачыў свет першы зборнік вершаў “Матчына душа”. Вобразнай шчодрасцю вершаў гэтай кнігі захапляюцца і сёння. Для нас, вяскоўцаў, мабыць няма больш звыклай і ў гэтым сэнсе будзённнай карціны, чым тыя апісанні ў вершах Караткевіча.

Чытальнік: О, якая залатая восень!

О, як стогне пад снапамі воз!

Павуцінне, “пража маткі боскай”,

Заплятае халадок нябёс.

Да замілавання паўнакроўныя

Гарбузы, узятыя з грады,

Са страхі, як статак парсюковы,

Звесілі ружовыя зады.

Мышы з бадзякоў цягаюць воўну,

П’е зямля сухіх нябёс блакіт...

На гародах высахлы бульбоўнік,

Водар кропу, мята і ваўчкі.

Дні на гэтым водары настоены,

Сэрца поўняць сум і прага жыць...

Вядучы 2: У 1960 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы, і ў 1962 - сцэнарныя ў Маскве. З 1963 года жыў у Мінску. Гэта перыяд узлётаў і падзенняў у грамадскім жыцці, пацяплення і застою. Даводзілася жыць чаканнем пераменаў і змагацца за дабро і справядлівасць. Не было магчымасці абурацца: адразу вінавацілі ў антысаветызме. Былі доўгія дні і месяцы расчаравання, дэпрэсіі, калі не ўдавалася адстаяць родную мову, культуру, літаратуру, не хацелася дагаджаць, а жадалася быць самастойным, незалежным. А любоў да вывучэння роднай гісторыі, спадчыны беларускага народа, пачуццё адказнасці за будучыню ўсё больш акрыляла і натхняла Уладзіміра Сямёнавіча да новых вышынь у творчасці.

Чытальнік: Можна ўсё: пусціць каханне дымам,

Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.

Але толькі - не любіць Радзімы

З чорнаю павязкай на вушах,

З чорнаю павязкаю на вуснах,

З чорнаю павязкай на вачах.

Толькі слухаць словы нездрадлівыя,

Толькі не тлуміць яе маной,

Бо адным мы вінны пакуль жывы

Перад нашаю вялікай нівай:

Праўдай абавязаны мы ёй.

Ісцінай.

Адзінаю.

Адной.

( Выконваецца песня “Спадчына” на верш Я. Купалы, музыка І. Лучанка)

Вядучы 1: Даверлівы і шчыры, ён пакінуў пасля сябе светлыя ўспаміны. Біяграфія яго абрасла легендамі, што выраслі з рэальных фактаў: і пра тое, што разам з ім жыў сапраўдны мядзведзь, і пра выпуск на волю галубоў, купленых на Старажоўцы, і пра яго арыгінальныя вандроўкі па родным краі і за яго межамі, пра заўсёднае імкненне дапамагчы іншым і ўменне быць душой любой кампаніі. Ён змагаўся і з цяжкай хваробай ног і страўніка, і з дэпрэсіўнымі станамі душы пасля смерці роднай матулі і жонкі Валянціны Браніславаўны - цудоўнага чалавека, вялікай знаўцы беларускай старажытнасці. І нават свае апошнія дні ён правёў у вандроўцы па Прыпяці з фатографам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым. Але падарожжа прыйшлося прыпыніць, Караткевічу стала раптам кепска. На машыне яго прывезлі ў Мінск у бальніцу. У чатыры гадзіны раніцы 25 ліпеня 1984 года Уладзіміра Караткевіча не стала.


Вядучы 2: Усе ведаюць Караткевіча як выдатнага празаіка. Але нам была мала вядома яго паэзія. Першы свой верш У.Караткевіч напісаў ва ўзросце 6 гадоў. Паэтычныя радкі яго ўзнёслыя і рамантычныя. Любоўю да Беларусі і яго народа прасякнуты многія паэтычныя творы. У вершах паэт таксама імкнуўся ўваскрасіць гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі свайго народа. Кожны верш напісаны на хвалі высокага эмацыянальнага напружання, таму што ў ім раствараюцца кавалачкі душы песняра.

У гістарычных творах паэт распрацоўваў патрыятычную тэму. Ён спрабаваў уваскрасіць гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі свайго народа. Паслухайце , як гучыць верш “Беларуская песня”, у якім паэт тлумачыць сутнасць народнага і нацыянальнага характару беларусаў:


Чытальнік:

(Выконваецца песня “Белавежская пушча” сл. М. Дабранравава, муз. А.Пахмутавай, пераклад на беларускую мову Н.Арсенневай)

Вядучы 1: Як і ў кожнага пісьменніка ці паэта тэма кахання - адна з асноўных тэмаў у творчасці Караткевіча. Ужо на самым пачатку творчага шляху паэт гаварыў пра ўсёачышчальную сілу інтымнага пачуцця, яго значнасць у жыцці чалавека.


Хлопец з дзяўчынай па чарзе: Як Стажары ў небе заззялі,

І ў сяле падаілі кароў.

І з палёгкай палі ўздыхалі,-

Я пад вокны твае прыйшоў.


Ты з хітрынкай сказала, мілая,

Прыкрываючы шыю касой:

Дзяўчына: “Маці спіць. Я таксама стамілася

Дарагі, прыходзь раніцой”.


Хлопец: Ты казала так цёпла і ветліва,

Я кахаў цябе так даўно...

Я паверыў і раніцай светлай

Пад тваё прыцягнуўся акно.


Зноў з хітрынкаю ты сказала:

Дзяўчына: “Бач, каровы ідуць на лугі.

Бачыш, маці толькі што ўстала.

Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі”.


Хлопец: Я чакаў паўдзённай часіны.

З неба сонечны пёк агонь.

Я драмаў у хмызах тры гадзіны

На нагах, як стомлены конь.


Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,

Калі зноў я прыйшоў да сяла

І... нікога не стрэў ля хаты,

Бо каханая ў полі была.


Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі

На даўжэзную постаць маю,

Калі вечарам шэрым і мяккім

Я прыйшоў на сядзібу тваю.


Усміхнулася:

Дзяўчына: “Нельга вечарам,

Нас заўважаць суседзі ў садках.

Любы мой, дарагі, недарэчны,

Ноч наперадзе. Зоры ў вачах”.


Хлопец: Уначы я свіснуў ля хаты,

І з’явіўся цень у акне:

Дзяўчына: “Я заснула ад стомы праклятай.

Не шкадуеш, будзіш мяне.


Ну і д-добрым ты будзеш мужам...

Не. На вуліцы травы з расой...

Што ты, што ты! Маці нядужая...

Дарагі, прыходзь раніцой”.


Хлопец: Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!


Вядучы 2: Сёлета ў свеце адметная дата - 60 год Перамогі над фашысцкай Германіяй.Тэма вайны праходзіць праз творчасць амаль усіх пісьменнікаў і паэтаў Беларусі. Як сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы удзяліў належную ўвагу тэме вайны і Караткевіч. Ён адзін з першых у беларускай паэзіі здолеў выкрыць у “Баладзе пра смяротнікаў” сутнасць фашызму. Ён паказаў у вершы, што з імкненняў ворагаў голадам, жахам, пабоямі, прыніжэннямі скалечыць і знявечыць людскія душы, нічога не атрымалася. Нельга знішчыць чалавечнае ў чалавеку, нельга скарыць і перамагчы чалавека - такі глыбока гуманістычны сэнс гэтай балады, нібы рэквіем гучаць гэтыя радкі:

У час, як знікнуць звады праклятыя,-

Помніце, помніце нас.

У час вялікага свята,-

Помніце, помніце нас.

Каб заўсёды была чалавечнасць,

Каб шчасце сялілася ў хатах,

Каб давеку жыла Радзіма,-

Не забывайце нас.


Вядучы 1: У імя Міру, захавання жыцця на Зямлі паэт заклікае людзей, заклінае іх заўсёды помніць пра жудасныя і горкія ўрокі мінулай вайны, якія цяжкімі кашмарамі вісяць над памяццю тых, хто жыве сёння. Памяць - гэта не тое, што дадзена навек, не проста музейны экспанат. Яна садзейнічае сталенню нацыі, арыентуе новыя пакаленні на тое, каб

Не пагарджаць святым сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ,

І вартым быць яго.

(Гучыць песня “Беларусь - мая песня” на сл. М. Браўна, муз. Ю.Семенякі)

Вядучы 2: Вялікай любоўю да чалавека народжана паэма “Бацькава сэрца”. Гэта надзвычай дынамічны і суровы твор. У час блакады “дзвесце шэсць партызанаў і дзве тысячы трыста мірных людзей” знайшлі выратаванне на балотнай выспе. Іх выявілі фашысты. Прапануюць здацца. І тады камандзір атрада Ян Карповіч прымае рашэнне - правесці людзей кароткай летняй ноччу паўз дрыгву і балотную твань. Восем вёрст ідзе атрад па вузенькай сцяжынцы праз дрыгву ў мёртвай цішы. Нават тыя, хто звальваецца ў дрыгву, тонуць і ... маўчаць. Але калі выбраліся на сушу, то ад голаду заплакала малое дзіця камандзіра. Нямецкія вартавыя пачулі плач. І тады бацька закрывае яму роцік сваёй далонню.

Чытальнік: І Карповіч сказаў: “Дай мне сына, жонка”.

І прыціснуў пад курткаю да грудзей.

Ён заціснуў рот неразумнаму сыну,

Ён далонню гладзіў дрыжачы задок:

“Памаўчы, памаўчы, памаўчы хвіліну,

А пасля крычы колькі хочаш, сынок”.

Вартавы прытаптаў недакурак абцасам

І спытаў трывожна: “Ты чуеш плач?

Што такое, Курт, не ведаеш часам?

А другі дказаў: “Der Uhu - пугач”.

Пяць хвілін стаялі яны над адхонам.

Панавалі ў лесе маўчанне і сон.

Дзякуй богу, маўчыць, ён маўчыць, дзіцёнак.

Дзякуй богу, спакойны, спакойны ён.

А калі адышліся прэч вартавыя,-

Стала чутна, як сэрца ў грудзях звініць.

Папаўзлі...І ўздыхнулі нетры лясныя.

І ў тыле нямецкія згаслі агні.

І адкрыўся бор, вясёлы, шырокі,

У карчах, ручаінах, мяккіх імхах.

Ян ішоў наперадзе цвёрдым крокам.

Сын ціхутка ляжаў у яго на руках.

Бацька сеў з малым пад сухою бярозай

І яго з суровай пяшчотай абняў...

З дрэў спадала раса, як дзявочыя слёзы,

Высыхаючы з першай усмешкаю дня.

Калі нехта прынёс яму лусту хлеба,

Ян адсунуў хлеб і сказаў: “Забяры.

Адыдзі, яму нічога не трэба...

Надта...доўгай была...хвіліна ў яры...”

І канец. Да бацькі вярнуліся сілы.

Два гады ён з атрадам па пушчах кружыў...

На зямлі стала болей адной магілай.

На зямлі засталіся тры тысячы жыць.

Калі штосьці адмовіць уладу смерці,

Калі штосьці радасць зямлі ажывіць,

То, напэўна, сэрца, бацькава сэрца,

Што абвуглена ў горне вялікай любві.

Вядучы 1: Паэт гнеўна абураецца вайне. Не можа быць месца на зямлі тым, што “вяжуць жанчын да танкаў, дзяцей з аўтаматаў б’юць”. У самых нечалавечых умовах, у штодзённых здзеках і пакутах людзі тым не менш не думалі пра смерць. Гімнам усім загінуўшым у мінулай Вялікай Айчыннай вайне гучыць яго верш “Трасцянец”.

Чытальнік: Суайчыннік, стань!

Тут знішчалі людзей.

Суайчыннік!

Запомні навек:

Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,

І ў гадзіну - па шэсць чалавек.

Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін

Тут навекі чарнеў небакрай.

Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:

Памятай...

Памятай...

Памятай!!!

Нам свяціў далёкага шчасця маяк,

Мы любілі свой край залаты...

З нас кожны быў, як маці твая...

Як каханая жонка... Як ты...

Час адной папяросы - і попел густы

Асядаў на бяроз галлё...

І таму не верце спакою, браты,

Пакуль лётае ноч зямлёй.

Мы - прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы.

Каб цемра не ўпала на край,

Мы згарэлі паходнямі ў лютай начы...

Па-мя-тай!

Па-мя-тай!!

Па-мя-тай!!!

(У выкананні вакальнай групы гучыць песня “Люблю цябе, Белая Русь” на сл. У.Карызны, муз. Ю. Семенякі)

Вядучы 2: Паэзія Уладзіміра Караткевіча вызначаецца павышанай эмацыянальнасцю і яркасцю вобразаў. Тэма кахання - адна з асноўных тэм у творчасці Караткевіча - існуе і ў вершах прысвечаных вайне. Так, у “Партызанскай баладзе” тэма кахання праходзіць праз увесь твор. Паранены штыком вартавога фашыста партызан-падрыўнік пастукаўся ў хату да жанчыны, якая некалі кахала яго. Яны сустракаліся ў маладосці пад дубам. Але ён пакахаў другую і ажаніўся з той. А цяпер пад тым дубам ён закапаў узрыўчатку, каб знішчыць масты. Калі ён выйшаў з вёскі, то быў схоплены ворагамі.

Чытальнік: А ўранку да каменданта тая ж жанчына прыйшла

І сказала з сухімі вачыма: “Паслухайце, пан капітан.

У вас сядзіць мой каханы. Вы сказалі, што ён партызан.

Не ён забіў вартавога, рана не ад штыка.

Рану нажом зрабіла каханкі яго рука.

Вы павінны мяне даслухаць,

Вы кахалі кагось у жыцці.

А мне без майго кахання дваццаць год давялося брысці.

Я любіла, а ён ажаніўся, пакінуў наша сяло.

Спытайце ва ўсіх на вёсцы, што так яно і было.

Да мяне пяць дзён як вярнуўся і назваў каханаю ён.

О, каб ведалі вы, што такое каханне на схіле дзён,

Горкае і гарачае, не такое, як ранняй вясной!..

А ўчора сказаў ён,

Што зноўку пойдзе да жонкі сваёй...

Без яго апусцелі б навекі сэрца маё і дом,

Яго за здраду, за здраду ўдарыла я нажом.

Для мяне нат слабым і хворым ён быў бы харош і гож.

Бачыце, вось кашуля. Бачыце, вось ён, нож”.

І яе тапталі нагамі, яе катавалі пяць дзён,

А яна упарта казала: “Каханы, каханы ён”.

Калі шосты дзень за лясамі, сплыўшы крывёю, сканаў,

Мужчыну штурхнулі ў свіран, дзе пластам ляжала яна.

Твар яе быў апечаны агнём пякучым свячы

І не гаіліся раны, якіх ніхто не лячыў.

Ён стаў ля яе на калені, пагладзіў рассечаны лоб,

І яна яму расказала пра свой свядомы паклёп:

“Ты маўчаў? Не сказаў, дзе паранены?

Ім самім давялося шукаць.

Мой разлік быў тонкі і верны.

Пра каханых заўсёды маўчаць.

Ты бачыш, я паміраю. Канец. Крычы не крычы.

Любы мой, любы мой, любы...Маўчы, надменна маўчы.

Маўчы дзеля бедных дзетак, дзеля любай жонкі сваёй,

Дзеля вечнага, добрага шчасця,

Што будзе над нашай зямлёй.

Даруй, што бруднай рукою ўспаміны кранулі яны.

Ты ведаеш, зерне праўды жыло ў гэтай хлусні.

Калі будзеш пад нашым дубам,

Калі прыйдзеш туды адзін,-

Дакраніся хоць на імгненне да яго каравых галін...”

Ціха-ціха ўздымаюцца да бінтоў, ад крыві рабых,

Чыстыя-чыстыя рукі - белыя галубы...

І калі яна праз імгненне пакінула гэту турму -

Мужчына ад плачу затросся, як яна дваццаць год таму.

Перад тым як жанчыны вочы заснаваў невядомага дым,

Ёе прыпаў да губ схаладзелых у пацалунку адным.

І ён зразумеў, нарэшце, што яна дачакала свайго...

Вядучы 1: ...Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх,

Што бязмерным гонарам я ганаруся,

І мацнее штодзённа мая любоў,

Бо скупая зямля маёй Беларусі

Не нараджала рабоў і не мела рабоў.

І не скарылася беларуская зямля, не стала рабыняй нават пад час фашысцкай навалы. На абарону Радзімы падняліся і старыя і малыя, дэманструючы такую самаадданасць, мужнасць і ахвярнасць, што здзіўлялі нават ворагаў. Наўрад ці маглі фашысты ўявіць, што людзі “ніжэйшай расы” здольныя на праяўленне найвышэйшых па сваёй маральнасці і духоўнасці ўчынкаў. І сёння, дзякуючы слаўным ваярам саракавых, мы жывём у свабоднай, багатай і прыгожай краіне Беларусь, якую следам за Уладзімірам Караткевічам мы ўсе з гонарам і любоўю называем “Зямлёй пад белымі крыламі”, белымі крыламі буслоў...

Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою

На зарослыя пальмамі берагі,

Раскажыце, што над вялікай ракою

Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх.

Вядучы 2: Ёсць у Караткевіча такі афарызм “..як ёсць у народа такія - не загіне давеку народ”. Імя Уладзіміра Караткевіча назаўжды ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры. Творы пісьменніка - гэта наш нацыянальны ўклад у сусветную скарбонку культуры, наша візітоўка чалавецтву, наш гонар за тую высокую місію служэння дабру, пра якую так хораша і таленавіта расказаў творца ўсяму свету праз створаны ім вобраз беларуса. Мы павінны захоўваць і берагчы літаратурную спадчыну продкаў, бо гэта - нашы карані, наша нацыянальная годнасць і культура. Тады мы з упэўненасцю можам сцвярджаць: “Мы - беларусы”.

(У выкананні вакальнай групы гучыць песня “Беларусь мая сінявокая” на словы і музыку У.Карызны)


Складальнік: заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай ЦБС І.Р. Бандарэнка


Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconСцэнарый ранішніка
Вядучы. Мы нездарма назвалі ранішнік "Бе-ларусь мая сінявокая". На нашай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя...

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconІнфармацыйная гадзіна-віктарына "Беларусь мая сінявокая"
Радзімы, выхавання пачуцця гонару І глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, дзяржаўных сімвалаў краіны

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconО беларусь! Старонка дарагая, Мне без цябе — як дрэву без|вады Хоць непрыкметнай птушкай твайго гаю, Абы з табой Навекі, назаўжды!

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconІнфармацыйны змест урока "Мая Беларусь сінявокая!"
Л. Пранчака, музыка В. Раінчыка), вучні разглядаюць фотаздымкі, ілюстрацыі, выставу кніг І часопісаў, малюнкі дзяцей. (Калі ў школе...

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconІнфармацыйны змест урока "Мая Беларусь сінявокая!"
Л. Пранчака, музыка В. Раінчыка), вучні разглядаюць фотаздымкі, ілюстрацыі, выставу кніг І часопісаў, малюнкі дзяцей. (Калі ў школе...

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconПа сцяжынках роднай Свіслаччыны
Як шмат значыць гэтае слова для нас — яе дзяцей. Гэта І родныя, знаёмыя з дзяцінства краявіды, І прыгожыя, працавітыя, сціплыя людзі....

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconАд пагляду твайго не адвесці мне воч

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! icon17. Адзіны дзень інфармавання. (1-11кл.). (Савіцкая І. Ю., Клокель К. У.). Савет прафілактыкі. 19
Адзіны дзень інфармавання. (1-11кл.). (Савіцкая І. Ю., Клокель К. У.). Савет прафілактыкі. 19. Школьныя прадметныя алімпіяды па матэматыцы,...

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconАдзіны дзень інфармавання насельніцтва
Трэцяга Усебеларускага народнага сходу (папярэднія вынікі работы народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у 2006-2010гг.)”, у ходзе...

Адзіны з калосся твайго, сінявокая Беларусь! iconКонкурс сачыненняў "Беларусь мая сінявокая" (9-11кл.) 07. 09. Адк. Чыркун Н.І дзень бібліятэк. Кніжная выстава: "Пра бібліятэку І бібліятэкараў, альбо людзі ля кніжных паліц" 15. 09 Крыцук І. В. «Вяселые старты»
Дзень бібліятэк. Кніжная выстава: “Пра бібліятэку І бібліятэкараў, альбо людзі ля кніжных паліц” 15. 09 Крыцук І. В

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка