Як беларусы пілі, як беларусы п'юць, чаму беларусы п'юць І як зрабіць, каб не пілі




НазваЯк беларусы пілі, як беларусы п'юць, чаму беларусы п'юць І як зрабіць, каб не пілі
Дата канвертавання11.11.2012
Памер101.12 Kb.
ТыпДокументы

За тых, хто ў моры

Наша Ніва - 2002 - 41






***

Як беларусы пілі, як беларусы п'юць, чаму беларусы п'юць і як зрабіць, каб не пілі.

Дакладнай даты ўзьнікненьня алькаголю няма, але гісторыя яго сягае ў глыбокую даўніну. Яшчэ да зьяўленьня гэтага рэчыва ў цяперашнім выглядзе людзі ўжывалі прадукты з падобнымі ўласьцівасьцямі. Напрыклад, паўночныя народнасьці прымалі настойкі з галюцынагенных грыбоў, якія выклікалі зьмены ў псыхіцы. Ужо ў старадаўнім Эгіпце людзі ўмелі варыць піва зь ячменнага соладу. У Грэцыі і Рыме ведалі сакрэт атрыманьня сухога віна зь вінаграднага соку. Прымітыўныя мэтодыкі зброджваньня былі вядомыя і раней. У дзікай прыродзе некаторыя плады (напрыклад, дыннага дрэва) пачыналі брадзіць самі, выклікаючы да моманту сьпеласьці паломніцтва людзей і жывёл.

Паўночныя плямёны (галы, германцы) ня мелі вінаробства да канца першага тысячагодзьдзя нашай эры і спажывалі падобныя да піва напоі з малой колькасьцю алькаголю. Славяне ў якасьці асноўнай сыравіны для браджэньня выкарыстоўвалі мёд, атрымліваючы такім чынам брагу, медавуху. Мацунак гэтых напояў не перавышаў 11%. Таму чашы, што захаваліся ў музэях да нашых дзён, гэткія вялікія.

У старадаўняй Грэцыі віно перад ужываньнем разводзілі вадой. Прыгадайце, як жахаецца Гамэр, калі спадарожнікі Адысэя напаілі цыклёпа неразьведзеным віном, ад чаго бядак апынуўся ў алькагольнай коме.

Працэс перагонкі быў адкрыты эўрапейскімі альхімікамі ў XVI ст. Зьявілася магчымасьць атрымліваць напоі якога заўгодна мацунку. Так зьявіліся каньякі, гарэлка, ром, віскі, мацаваныя віны. Спэцыялісты адрозьніваюць два тыпы ўжываньня алькаголю: паўднёвы, уласьцівы жыхарам краінаў з традыцыяй вінаробства, і паўночны, прыняты там, дзе вінаград не расьце і ў якасьці заменьніка распаўсюдзіліся моцныя напоі. Гэта поўнач Эўропы, краіны Скандынавіі, Балтыі, Беларусь і поўнач Расеі. Народнасьці, якія традыцыйна вырошчваюць вінаград і п'юць віно, сфармавалі адрозную культуру піцьця. Алькагалізм для паўднёвых народаў менш актуальны. Ужываньне сьпірту на душу насельніцтва ў гэтых краінах таксама вялікае, але ўзьдзеяньне яго іншае, больш "мяккае". Малдаване ці французы п'юць дастаткова шмат у параўнаньні зь фінамі ці расейцамі. Але алькагалізм у апошніх разьвіваецца значна больш жорсткі й злаякасны, па прынцыпе "на выжываньне" - слабы гіне, а моцны выжывае.

Як беларусы пілі

На тэрыторыі Беларусі таксама фармаваўся паўночны тып культуры піцьця. Згодна з усталяваным распарадкам, кожны беларускі селянін XVIII ст. павінен быў за год выпіць у карчме свайго пана вызначаную колькасьць гарэлкі, якую ў народзе звалі сівухай (25-35 градусаў), і піва. Той, хто не выпіваў, згодна з прапінацыяй (негалосным законе аб прымусовым ужываньні сьпіртных напояў) мусіў аплаціць яе поўны кошт ці розьніцу між усталяванай і спажытай колькасьцю. Магчыма, менавіта тут трэба шукаць карані цягі беларусаў да моцных сьпіртных напояў. У структуры спажытага беларусамі ў 2001 г. алькаголю на гарэлку прыпадае 48%.

Магнаты і шляхта пілі шампанскае, віно і піва. Напрыклад, у 1780 г. напярэдадні Калядаў у Нясьвіж было дастаўлена 1500 бутэлек шампанскага, 300 - рэйнскага віна, 200 - бургундзкага, 100 - араку, 3 бочкі ангельскага піва. У шляхецкім ВКЛ сфармаваўся своеасаблівы культ госьця. Кожны шляхціч імкнуўся пераўзысьці суседзяў па колькасьці выпітага і зьедзенага. Да таго часу быў распрацаваны багаты застольны рытуал. Напрыклад, Дзятлава называлі ў той час Вэнэцыяй, бо там на любой бяседзе людзі, нібы вэнэцыянцы, моклі ў віне і мёдзе.

Віно пілі кілішкамі. Тагачасныя застольныя рытуалы падрабязна апісаныя ў мэмуарыстыцы. Напрыклад, "гаспадар лічыў, што пачастункі дасягнулі мэты, калі назаўтра даведваўся ад слуг, што адзін госьць, перакуліўшыся і пакаціўшыся, перамераў усю лесьвіцу, другога аднесьлі ў ложак як нежывога, трэці разьбіў сабе голаў аб сьцяну, чацьвёрты - пасьлізнуўся, упаў у балота і аб камень выбіў сабе зуб; як тыя пасварыліся і морды сабе панабівалі. Зранку гаспадар зьбіраў усіх "пацярпелых" і лячыў іх галовы. Усё працягвалася наноў, і так магло доўжыцца тыдзень". (А.Мальдзіс. Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.).

Навукоўцы лічаць, што спажываньне алькаголю ва ўсе часы ціха заахвочвалася ўладамі, бо гэта важкая крыніца прыбыткаў, дый п'яным грамадзвам прасьцей кіраваць. Прыбыткі ад продажу "сівухі", вырабленай на мясцовым бровары і прададзенай ва ўласнай карчме, часам складалі палову ад усяго капіталу пана. У савецкія часы акцызы на алькагольную прадукцыю амаль на траціну забясьпечвалі фармаваньне саюзнага бюджэту. Удзельная вага рэалізацыі алькагольных напояў у агульным аб'ёме розьнічнага таваразвароту на спажывецкім рынку Беларусі ў студзені-ліпені 2002 г. склала 15% (у 2001 г. - 15,6%, у 2000 г. - 15,9%).

Як беларусы п'юць

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя вызначыла "бясьпечную" дозу алькаголю - да 30 грамаў сьпірту ў дзень. Гранічна дапушчальная доза - 60 грамаў. Гэтыя лічбы вызначылі лекары і біяхімікі, што вывучаюць узьдзеяньне алькаголю на арганізм. Так, амэрыканцы і ангельцы "дазваляюць" мужчыну 24 грамы чыстага сьпірту за суткі, а жанчыне - 16 грамаў (гэта тая самая падвойная доза віскі, роўная прыблізна чвэрці шклянкі, якую замаўляюць каўбоі з вэстэрнаў і якая была ўсталявана як норма даўно, чыста эмпірычным шляхам).

Паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства статыстыкі, у 2001 г. у Беларусі ўзровень спажываньня абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва склаў 8,9 л (паводле неафіцыйных зьвестак - больш за 11 л), што складае 25-30 грамаў сьпірту ў суткі. У гэтыя дадзеныя ня ўключаная колькасьць алькаголю, вырабленага на "хатніх броварах" і ўвезенага нелегальна з-за межаў краіны. Беларусы спажываюць алькаголю болей, чым ангельцы і амэрыканцы, але менш за гранічна дапушчальную дозу, за якой пачынаецца генэтычнае выраджэньне нацыі.

Аднак алькагалізацыя беларускага насельніцтва ператвараецца ў сур'ёзную пагрозу для нармальнага разьвіцьця будучых пакаленьняў. Міністэрства аховы здароўя сьведчыць, што сёньня ў амаль 10-мільённай Беларусі больш за мільён людзей знаходзяцца ў алькагольнай залежнасьці (гэта тыя грамадзяне, якія хоць раз лячыліся ў наркадыспансэры). У параўнаньні з 1985 г. у 2001 г. сьмяротнасьць ад выпадковых атручаньняў алькаголем вырасла ў 2,3 разу (з 1063 да 2396 выпадкаў) і працягвала расьці ў першым паўгодзьдзі 2002 г. - на 9,9% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году.

Чаму беларусы п'юць

Варта адрозьніваць нагоды і матывы для ўжываньня алькаголю. У працэсе гістарычнай эвалюцыі людзьмі была прыдуманая незьлічоная колькасьць нагодаў. Алькаголь ужо на пачатку цывілізацыі ўвайшоў у рытуал сьвят, адпачынку, сустрэч. Усё жыцьцё чалавека - ад нараджэньня да сьмерці - пранізанае алькагольнымі рытуаламі. Нарадзіўся чалавек - "абмылі", памёр - таксама "абмылі". Сканчэньне школы, інстытуту, сыход у войска, вясельле, дні нараджэньня - усё адзначаецца выпіўкамі. Гэтыя традыцыі настолькі прапіталі грамадзтва, што ў сьвядомасьці людзей непітушчы чалавек - анамалія. А дзе-нідзе стаўленьне да гарэлкі папросту культавае. Калі ня п'еш - ты ня наш.

Матывы ўжываньня алькаголю заўсёды адныя і тыя ж: спрасьціць зносіны з навакольнымі, уцячы ад гнятлівай рэальнасьці, адчуць сябе вальнейшым, пераадолець стому. Алькаголем здымаюць напружаньне, стрэс, страх. Гэта спроба пераадолець нейкія комплексы ці непрыемныя адчуваньні, хаця нагода можа быць цудоўнай - сьвята ці рамантычнае спатканьне.

Даволі часта чалавек, які перанёс моцны стрэс, імкнецца супакоіцца з дапамогай алькагольных напояў. Гэта рэакцыя "запраграмаваная" ў некаторых людзей у генах. Нямецкія навукоўцы выявілі, што лябараторныя мышы, з геному якіх быў выдалены ген АКТГ-РФ (пратэін, пад узьдзеяньнем якога гіпофіз сынтэзуе адрэнакартыкатропны гармон, што павялічвае актыўнасьць кары наднырачнікаў), у адказ на розныя ўзьдзеяньні "зьвяртаюцца да бутэлькі" амаль у два разы часьцей, чым звычайныя жывёлы.

Бываюць выпадкі ненаўмыснай цягі да алькаголю. Так, многія людзі ня лічаць піва сьпіртным напоем. Але ўсё залежыць ад дозы: адна бутэлька піва роўная 50 грамам гарэлкі (сутачнай норме, усталяванай Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя). Значыць, дзесяць бутэлек піва - прыблізна тое самае, што бутэлька гарэлкі.

Аптымальны варыянт

Ці існуе сувязь паміж узроўнем жыцьця і колькасьцю ўжываньня алькаголю ў грамадзтве? СААЗ выявіла заканамернасьць: чым бяднейшая краіна, тым больш п'юць людзі. Гэта пацьвярджае правіла рацыянальных паводзінаў спажыўца.

Згодна зь ім, спажывец паводзіць сябе рацыянальна тады, калі на кожны выдаткаваны даляр ён атрымлівае ад набытых дабротаў аднолькавую карысьць. Трэба ўлічваць і ўзровень наяўнага прыбытку, які абмяжоўвае спажыўца ў выбары дабротаў. Італьянскі эканаміст Вільфрэда Парэта (1848-1923), каб прадэманстраваць спажывецкія паводзіны чалавека, прыдумаў крывыя абыякавасьці. Пункт дотыку, у якім бюджэтная лінія судакранаецца, але не перасякае крывую абыякавасьці, адпавядае найвышэйшаму ўзроўню карыснасьці, даступнаму спажыўцу.

Чым ніжэйшы ўзровень даходаў (бюджэтная лінія), тым меншы па кошце набор дабротаў можа быць спажыты. Так, пры кішэнных даходах (пасьля аддачы асноўнага заробку ў сямейны бюджэт) сярэднестатыстычнага рабочага, напрыклад, 10 тыс. рублёў найбольш рацыянальнымі спажывецкімі паводзінамі будзе набыцьцё пляшкі гарэлкі і закускі з наступным іх спажываньнем "на прыродзе" (грошай на месца ў кавярні не застаецца). Чалавек набывае гарэлку, бо яна даступная за тыя грошы, а галоўнае - мае непараўнальна вышэйшую каштоўнасьць за любы іншы прадукт такой самай цаны. Нястача грашовых сродкаў стварае для чалавека псыхалягічнае напружаньне: крытыка сям'і, знаёмых, несправядлівасьць з боку начальства, самапрыніжэньне і фармаваньне комплексу непаўнавартасьці - усё гэта патрабуе выхаду. Ва ўмовах эканамічнай галечы пэўных сацыяльных групаў і складаецца такая грамадзкая зьява, як шматлюдныя зборы спажыўцоў алькаголю ў канцы рабочага дня ля віна-гарэлачных крамаў. Акрамя таго, 200 грамаў сьпірту (пляшка гарэлкі) складаюць палову дзённай патрэбы дарослага чалавека ў калёрыях.

Практычна ўсе людзі маюць генэтычную схільнасьць да алькагалізму, толькі ў рознай ступені. Вядома, што рызыка разьвіцьця алькагалізму ў дзяцей пітушчых бацькоў значна вышэйшая, чым у астатніх (калі і бацька, і маці алькаголікі - шанцы павялічваюцца ў 5 разоў). Аднак алькагольная залежнасьць разьвіваецца толькі ў 25% нашчадкаў абодвух бацькоў-алькаголікаў. Гэтыя лічбы сьведчаць, што спадчыннасьць зьяўляецца хутчэй фонам, на якім дзейнічаюць галоўныя прычыны алькагалізму - існаваньне за мяжой галечы, нізкі ўзровень жыцьця ў Беларусі ў параўнаньні з эўрапейскімі.

Дзяржава спрабуе змагацца з алькагалізмам. Пра гэта сьведчыць шэраг дакумэнтаў, прынятых у апошнія гады, - Указ прэзыдэнта Республікі Беларусі ад 11 траўня 1999 г. №264 "Аб дзяржаўнай праграме па ўзмацненьні барацьбы са злачыннасьцю на 1999-2000 г.", Канцэпцыя дзяржаўнай антыалькагольнай палітыкі (ад 6 студзеня 2000 г., № 23), Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеяньняў па папярэджаньні і пераадоленьні п'янства і алькагалізму (ад 23 жніўня 2000 г., №1332), а таксама распрацоўка Закону Рэспублікі Беларусі "Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня адносна хранічных алькаголікаў і наркаманаў, якія сыстэматычна парушаюць грамадзкі лад ці правы іншых асобаў".

Але ў сьвятле выкладзеных вышэй фактаў меры, прапанаваныя ў Дзяржаўнай праграме нацыянальных дзеяньняў па папярэджаньні і пераадоленьні п'янства і алькагалізму, - аднаўленьне камісіяў па барацьбе з п'янствам у араганізацыях, спажываньне высакаякасных вінаградных він, слабаалькагольных напояў і піва замест моцных напояў - успрымаюцца скептычна. Зьмяншэньне спажываньня алькаголю ў краіне адбудзецца толькі з павелічэньнем рэальных даходаў насельніцтва. У гэтым выпадку спажыўцу зробяцца даступнымі новыя даброты, карыснасьць якіх пераўзыдзе гарэлку. З ростам ўзроўню жыцьця пачнуць фармавацца вышэйшыя стандарты. Так, сярэдні рабочы будзе езьдзіць на працу на іншамарцы, а рэшту заробку, ня ўнесеную ў сямейны бюджэт, адкладаць на ажыцьцяўленьне сваёй даўняй мары - скажам, купіць самалёт ці пабыць зь сям'ёй на карнавале ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Уладзь Калупаеў

апытаньне "НН"

Ці любоў да п'янства - гэта нацыянальная рыса беларусаў?

Вольга Ўлевіч , уласная карэспандэнтка газэты "Комсомольская правда в Белоруссии" : Мая бабуля з Заходняй Беларусі. Да 1939 г. бутэльку гарэлкі там набывалі раз на паўгоду. І п'янства нацыянальнай рысай дакладна не было. Потым утварылі калгас, увялі разьліковую адзінку працадзень, а пазьней - і пляшку. З усходу ішла мода напівацца. Паступова адносіны да гарэлкі зьмяніліся. Беларусы пачалі піць.

Віктар Сукачоў, старшыня прафкаму заводу "Крышталь" : Я толькі апошнія дзесяць гадоў у Беларусі жыву. Прыехаў з Заходняй Украіны. У Львове, напрыклад, так ня п'юць, як тут. Розьніца вельмі вялікая. Гэта адразу заўважна. Столькі п'яных ужо з раніцы, як у Менску, я ніколі ў жыцьці раней ня бачыў. Мабыць, усё ж такі гэта ня рыса характару, а сацыяльныя ўмовы складаныя вымушаюць. Але з другога боку: за нешта ж п'юць і грошы недзе знаходзяць...

Піт Паўлаў, рок-сьпявак : Гэтая звычка прыйшла да нас з Расеі. Апошнім часам п'юць, зразумела, шмат. Але гэта зьвязана з узьнікненьнем ужо новай традыцыі: заліваць гора гарэлкай. Ад безнадзейнасьці ды роспачы. Ды потым, у нас самая танная гарэлка ў сьвеце. Ідзе барацьба з наркотыкамі, а самы страшны зь іх у нашай краіне амаль бясплатны.

Павал Севярынец, старшыня "Маладога фронту" : Ні ў якім разе. У любой нацыі ёсьць інстынкт самазахаваньня. У тым ліку і ў беларусаў. П'янства яго разбурае. Прага да алькаголю зьяўляецца толькі ў тых, хто трапіў пад акупацыю, дыктатуру ці іншыя цяжкія выпрабаваньні. Але гэта менавіта прага, а не любоў. Мае знаёмыя, якія ўжываюць алькаголь, п'юць яго зусім не зь любові, а хутчэй зь нянавісьці.

Андрэй Бастунец, юрыст БАЖ : Не, не з'яўляецца. Гэта толькі рэакцыя на сёньняшнюю сытуацыю ў краіне. На адсутнасьць пэрспэктывы ды на цяжкія ўмовы жыцьця. П'янства ніяк не зьвязанае ні з нашымі традыцыямі, ні з нацыянальным характарам. Зьменіцца жыцьцё ў лепшы бок - зьнікне і любоў да гарэлкі.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр : Мне здаецца, гэта нацыянальная рыса ня толькі беларусаў, але і расейцаў, і габрэяў, і палякаў, якія жывуць у Беларусі. У Амэрыцы, а бываю я там падоўгу, мне чамусьці абсалютна ня хочацца выпіць. А ў нас нешта ў паветры ёсьць такое: ці то надвор'е, ці то аўра нейкая... Так што не ў народзе, а ў тэрыторыі, мабыць, справа. Праўда, аўра гэтая і ў іншых краінах, якія раней у Расейскую імпэрыю ўваходзілі, абавязкова прысутнічае.

Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта, судзьдзя выводны "Згуртаваньня беларускай шляхты" : Хутчэй не, бо п'юць ужо ня так шмат, як нам усім здаецца. Ня думаю, што нам нехта навязаў п'янства, але і спрадвеку традыцыі напівацца ў Беларусі не было. Дый п'юць усюды: і ў нас, і ў суседзяў.

Віктар Несьцяронак, начальнік менскага медвыцьвярэзніку : Нічога ў характары беларусаў такога няма. Ды ні ў якага народу няма. Ведаеце галоўны аргумэнт тых, хто да нас трапляе? "А што мне рабіць, атрымаўшы мае капейкі? Толькі пайсьці ды напіцца за іх". Так што эканоміка вінаватая.

Усевалад Рагойша, дацэнт БДУ : А няма ў нас ніякай любові да п'янства! П'юць насамрэч шмат, але стаўленьне грамадзтва да гэтага вельмі неталерантнае. Гэта хутчэй паказьнік індывідуалізму беларусаў. Маўляў, асабістая справа кожнага - піць ці не. Але калі чалавек сьпіваецца, дык грамадзтва ад яго адварочваецца і стасункі зь ім адразу псуюцца.

Апытвала Вольга Анцыповіч

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Як беларусы пілі, як беларусы п\У якіх умовах беларусы працуюць за мяжой?
Расею. Але асобныя экспэрты ня згодныя з афіцыйнымі лічбамі І кажуць пра паўмільёна беларусаў, якія ў пошуках часовага заробку імкнуцца...

Як беларусы пілі, як беларусы п\У якія экстрэмальныя сытуацыі трапляюць беларусы за мяжой?
Толькі апошнім часам беларусы траплялі ў закладнікі ці пад горныя лавіны, станавіліся ахвярамі авіякатастроф, тэрактаў І крымінальных...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Шарагоўцы таксама беларусы. Што перашкаджае войску перайсьці на беларускую мову?
Не сакрэт, у беларускім войску зараз пануе расейская мова. Гэта пры тым, што ўсе афіцэры, камандзіры ў беларускай арміі – тутэйшыя...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Шарагоўцы таксама беларусы. Што перашкаджае войску перайсьці на беларускую мову?
Гэта пры тым, што ўсе афіцэры, камандзіры ў беларускай арміі – тутэйшыя беларусы. Шарагоўцы – таксама беларусы. Што перашкаджае войску...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Начная аблога 20 верасьня
На форумах парталу Tut byкамэнтуюць выказваньні палітоляга Юр’я Шаўцова пра тое, што ў выпадку ўступленьня Ўкраіны ў нато беларусы...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Адкуль у беларусаў прага да экстрэмальнасьці?
Беларусы ўсё часьцей трапляюць у міжнародныя зводкі навінаў, якія маюць трагічнае адценьне. Захопленыя ў закладнікі ці пахаваныя...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Беларусы ў «Кнізе рэкордаў Гінэса»: пацалункі, піўныя коркі, песьні на галаве
Бібліі. З цягам часу «Кніга рэкордаў Гінэса» пераўтварылася ў аўтарытэтны міжнародны інстытут, які рэгіструе існуючыя ў сьвеце дасягненьні....

Як беларусы пілі, як беларусы п\Беларусы ў «Кнізе рэкордаў Гінэса»: пацалункі, піўныя коркі, песьні на галаве
Бібліі. З цягам часу «Кніга рэкордаў Гінэса» пераўтварылася ў аўтарытэтны міжнародны інстытут, які рэгіструе існуючыя ў сьвеце дасягненьні....

Як беларусы пілі, як беларусы п\Беларусы ў "Кнізе рэкордаў Гінэса": пацалункі, піўныя коркі, песьні на галаве
Бібліі – месца ў сьпісе ўсясьветных бэстсэлераў. Зь цягам часу “Кніга рэкордаў Гінэса” ператварылася ў аўтарытэтны міжнародны інстытут,...

Як беларусы пілі, як беларусы п\Што глядзяць беларусы праз 600 тысячаў спадарожнікавых талерак?
Калі раней спадарожнікавыя антэны маглі сабе дазволіць заможныя беларусы, то цяпер “талерку” можна ўбачыць на звычайнай хаце ў глыбінцы....

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка