Хто забіў журналістку газэты "Салідарнасьць" Вераніку Чаркасаву?




НазваХто забіў журналістку газэты "Салідарнасьць" Вераніку Чаркасаву?
Дата канвертавання02.05.2013
Памер100.69 Kb.
ТыпВопрос
Хто забіў журналістку газэты “Салідарнасьць” Вераніку Чаркасаву?

21.10.2004 14:55

Ігар Карней, Менск

У Менску забітая журналістка Вераніка Чаркасава. Апошнім часам яна працавала ў штотыднёвіку “Салідарнасьць”, а дагэтуль — у “Белорусской газете”, “Белорусской деловой газете” і газэце “Имя”. Каму перашкаджала журналістка і хто ўчыніў жорсткае забойства?

Вэрсія палітычнага забойства пакуль не разглядаецца. Апошнія гады Вераніка Чаркасава працавала над сацыяльнымі нарысамі, асьвятляла тэмы культуры. Блізкі сябра Веранікі, журналіст Леанід Міндлін, быў запрошаны ў якасьці панятога, і кажа, што падобнае забойства мог учыніць толькі вар’ят.

(Міндлін: ) “З таго, што я бачыў — зразумела, што гэта рабіў чалавек у стане нейкага афэкту ці вар’ят, гэта абсалютна дакладна. Бо гэта проста страшна. Болей за дваццаць нажавых раненьняў: са сьпіны, сьпераду, горла перарэзанае. Нават тырчэў паламаны кавалак нажа бяз тронку, тронак адламаўся. Вэрсіі могуць быць розныя. Але нармалёвы чалавек гэтага не зрабіў бы… Калі б яна займалася журналісцкімі дасьледаваньнямі?.. Але якраз апошнім часам яна гэтым не займалася. У “БДГ”, “Белорусской газете” штосьці падобнае рабіла, але гэта было досыць даўно. Прынамсі, калі хтосьці хацеў бы зь ёй высьветліць адносіны — то, пэўна, не такім чынам”.

Вераніцы Чаркасавай было 45 гадоў, у яе застаўся 14-гадовы сын. Родныя цяпер баяцца, каб убачанае не адбілася на псыхіцы хлопца. Апошнім месцам працы журналісткі была незалежная газэта “Салідарнасьць”, дзе Чаркасава лічылася асноўным аўтарам. Якраз напярэдадні яна вярнулася з камандзіроўкі ў Мядзелскі раён, і раніцай у рэдакцыі чакалі матэрыялу. Калі Вераніка на працы не зьявілася, калегі й сваякі прыехалі да яе на кватэру…

Расьсьледаваньнем забойства займаецца пракуратура Савецкага раёну Менску. Ніякіх папярэдніх зьвестак там не даюць, аднак усё ж удалося высьветліць некаторыя падрабязнасьці. Ужо зразумела, што Вераніка Чаркасава не чакала нападу. Як кажуць крыніцы ў пракуратуры, у той момант яна падмятала падлогу, паколькі побач валяўся венік, шуфлік і кавалкі шкла — відавочна, гэта была шклянка, якая ўпала з кампутарнага стала. Жанчына стаяла сьпіной да дзьвярэй, і першы ўдар прыйшоўся якраз у сьпіну. Яна да канца абаранялася, паколькі рукі былі моцна зрэзаныя.

Леанід Міндлін згадвае, што Вераніка Чаркасава вельмі сур’ёзна ставілася да журналістыкі й менавіта ў апошнія гады напісала найлепшыя свае артыкулы.

(Міндлін: ) “Яна была сур’ёзнай журналісткай. Любіла, так бы мовіць, “капацца” ў фактуры. Нават калі пісала нарысы, знаходзіла цікавыя дэталі. І якраз у апошнія гады вельмі моцна прафэсійна расла. Звычайна растуць змоладу, а яна вось такімі этапамі: “Имя”, “БДГ”, “Белорусская газета”.

Пахаваньне Веранікі Чаркасавай прызначанае на заўтра, 22 кастрычніка.


Рэдактар газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала журналістка Вераніка Чаркасава, просіць не адкідаць магчымых палітычных матываў яе забойства

22.10.2004 16:50

Ігар Карней, Менск

Справа забітай 20 кастрычніка журналісткі газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай перададзеная з пракуратуры Савецкага раёну Менску ў гарадзкую пракуратуру. Апроч таго, расьсьледаваньне ўзяў пад свой кантроль міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Галоўны рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч, дзе апошнім часам працавала Чаркасава, кажа, што ня варта адмаўляцца і ад палітычных матываў забойства.

Праваахоўныя органы пакуль устрымліваюцца ад камэнтару прычыны забойства, ня кажучы пра нейкія падрабязнасьці здарэньня ўвогуле. Кіраўнік сьледчай групы ў асабліва важных справах менскай пракуратуры Сяргей Іваноў традыцыйна спасылаецца на таямніцу сьледзтва. 

(Іваноў: ) “Не магу сказаць, вядзецца сьледзтва. Гэта ўсё, што я магу цяпер паведаміць прэсе. Калі будзем штосьці ведаць — скажам”.

Тым часам, Міністэрства ўнутраных справаў распаўсюдзіла паведамленьне, зь якога вынікае: з прафэсійнай дзейнасьцю журналісткі забойства не зьвязанае.

Дагэтуль адпрацоўвалася вэрсія так званага рытуальнага забойства — згадвалі, што колісь Чаркасава пісала пра рэлігійныя сэкты. Галоўны рэдактар газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч лічыць, што забойства на рэлігійным грунце малаверагоднае.

(Старыкевіч: ) “Вераніка калісьці пісала матэрыял пра сэкты, але гэта было гадоў пяць таму. Гэта быў адзінкавы выпадак, таму наўрад ці гэта неяк зьвязана з сэктамі. Хоць, сапраўды, вельмі супярэчлівая інфармацыя з розных крыніцаў да нас трапляе . У тым ліку, што ўчора ў кватэры, дзе адбылося забойства, была здымачная група аднаго зь дзяржаўных каналаў, і нібыта яна зьняла кабалістычны знак на сьцяне. Аднак, па нашых зьвестках, такога знака, калі знайшлі Вераніку, там не было”.

(Карэспандэнт: ) “Вы кіруеце калектывам, у якім яшчэ нядаўна працавала і Вераніка Чаркасава. Можна было штосьці прадчуваць? Ці штосьці яе непакоіла апошнім часам?”

(Старыкевіч: ) “Падставаў такіх не было. Гэта абсалютна шокавая сытуацыя. Але я ў гэтым зьвязку хацеў бы заўважыць: для каго гэтая сытуацыя выгадная? Мяне вельмі насьцярожвае, што адпрацоўваюцца выключна непалітычныя вэрсіі здарэньня. Нічога не хачу сьцьвярджаць безгрунтоўна, але цалкам адкідаць тое, што гэта можа быць момант запалохваньня журналістаў, таксама ня варта”.

Спадар Старыкевіч дадае, што ва ўладаў ёсьць рэальная магчымасьць пацьвердзіць шматлікія заявы кіраўніцтва краіны, як эфэктыўна ў Беларусі працуе праваахоўная сыстэма.

Заўтра аб 11-й гадзіне ў Катэдральным саборы адбудзецца адпяваньне забітай журналісткі. Пахаваная Вераніка Чаркасава будзе на могілках у Калодзішчах, побач зь іншымі памерлымі сваякамі. 


Сваякі, сябры й калегі разьвіталіся зь Веранікай Чаркасавай

23.10.2004 16:03

Ігар Карней, Менск

23 кастрычніка ў Катэдральным саборы ў Менску адпявалі забітую 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры журналістку Вераніку Чаркасаву. Ёй было толькі 45 гадоў, сіратой застаўся непаўнагадовы сын. Разьвітацца зь Веранікай прыйшлі дзесяткі тых, зь кім яна працавала ў розных беларускіх выданьнях, родныя і сябры. І калі ўзгадвалі пра Вераніку, то гаварылі пра яе па-ранейшаму ў цяперашнім часе.

Катэдральны сабор у Менску сёньня быў перапоўнены: ішлі журналісты, палітыкі, сябры і калегі па ранейшых працах. Заўчасную і жудасную сьмерць не разумелі. Таму ў паветры бы віселі пытаньні: за што і навошта? Амаль усе ведалі, што Вераніка Чаркасава не была ні радыкальным чалавекам, ні радыкальным журналістам. І такой жудаснай расправы ніяк не заслугоўвала. А таму моўчкі патрабавалі: знайсьці таго, хто мог так пазьдзеквацца над безабароннай жанчынай.

Сярод тых, хто сёньня прыйшоў разьвітацца з Веранікай, быў Генадзь Бураўкін. Так сталася, што пад кіраўніцтвам Бураўкіна Вераніка рабіла свае першыя крокі ў тэлежурналістыцы, а апошнім часам яны разам працавалі ў рэдакцыі газэты “Салідарнасьць”. І спадар Бураўкін кажа, што цягам усіх гэтых гадоў адкрываў у Вераніцы ўсё новыя рысы яе характару.

(Бураўкін: ) “Вераніку я ведаю даўно. Ад таго часу, як яна прыйшла да нас на тэлебачаньне зусім юнай дзяўчынай, нявопытнай журналісткай. Але ўжо тады ў ёй, апроч відавочнай жаночай прыгажосьці, была бачная тая прафэсійная хватка, якая бывае ня так часта ў людзей, якія носяць журналісцкае пасьведчаньне. Што ў ёй увогуле падабалася – дык гэта залішне дасрослая (па тым яе ўзросьце) сур’ёзнасьць, грунтоўнасьць. Яна не сьпяшалася выносіць свае знаходкі, прыдумкі адразу ж на экран. Яна думала...

А потым так атрымалася, што мы сталі працаваць разам у газэце “Салідарнасьць”. І тут мне адчынілася ў ёй яшчэ адна прафэсійная рыса: вялікая-вялікая працавітасьць і адказнасьць. Усё, што ўмела, яна аддавала справе... Як можна было яе забіць? Навошта?.. Божа, ну нельга ж зь Беларусі так часта, так трагічна забіраць лепшых”.

Якраз пасьля гэтых словаў спадара Бураўкіна пачуўся царкоўны звон. І Генадзь Бураўкін сказаў, што гэта добры знак: Бог пачуў. А значыць, Вераніка будзе пад ягонай аховай.

Пахаваная Вераніка Чаркасава ў Калодзішчах. У яе застаўся непаўнагадовы сын.


Сьледзтва паведаміла, што мае істотныя доказы ў справе забітай Веранікі Чаркасавай

26.10.2004 16:55

Ігар Карней, Менск

Сьледчыя органы паведамілі, што маюць сур’ёзныя доказы ў справе забойства журналісткі газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай. Цяпер супрацоўнікі пракуратуры апытваюць людзей, якія актыўна кантактавалі з журналісткай апошнім часам.

У праваахоўчых органах запэўніваюць, што справа аб забойстве Веранікі Чаркасавай ня будзе зацягнута. Ужо цяпер апэратыўнікі маюць шмат істотных доказаў, якія сьведчаць на почырк забойцы. Праўда, пра верагодныя матывы жорсткай расправы (паводле апошніх зьвестак, на целе Чаркасавай было болей за сорак колата-рэзаных ранаў) у пракуратуры пакуль не гавораць. Аднак, як любая складаная справа, яна патрабуе поўнага асэнсаваньня, — канстатуе прадстаўнік гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў Алег Сьлепчанка.

(Сьлепчанка: ) “Гэта толькі ў кіно паказваюць, што “опэры” скачуць, страляюць. Трэба шмат размаўляць, шмат запісваць і толькі потым рабіць высновы. Цяпер ёсьць досыць сур’ёзныя доказы... Адным словам, трэба знайсьці асобу. А ідэнтыфікаваць штосьці (я ўжо ня буду канкрэтызаваць, што менавіта) — гэта справа тэхнікі. Цяпер ідзе праца, апытваюцца людзі, бо досыць шырокае, як у журналісткі, у яе кола зносінаў. Таму пакуль працуем зь людзьмі й адпрацоўваюцца вэрсіі, якія ўжо ёсьць”.

Найбліжэйшы нумар газэты “Салідарнасьць”, дзе некалькі апошніх гадоў працавала Вераніка Чаркасава, будзе цалкам прысьвечаны ўжо былой супрацоўніцы. Пра гэта расказвае рэдактар выданьня Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “У наступным нумары будзе надрукаваны адзін з апошніх артыкулаў Веранікі Чаркасавай. Яна якраз езьдзіла ў камандзіроўку на Берасьцейшчыну. Вельмі цікавы атрымаўся артыкул, вельмі спакойны, добразычлівы. Зрэшты, гэтыя якасьці фірмовыя для матэрыялаў Веранікі. Таксама будзе шмат успамінаў пра Вераніку, бо мы жадаем стварыць менавіта вобраз жывога чалавека, а не напісаць нэкралёг. Будзе і пра тое, як разгортваюцца падзеі вакол крымінальнай справы, як ідзе сьледзтва. Праўда, пакуль вельмі цяжка сказаць, што і як адбываецца; сытуацыя досыць няпэўная і ўвесь час зьмяняецца”.

Заўтра будуць вядомыя вынікі ўскрыцьця забітай журналісткі. Сьледзтва спадзяецца, што гэта ў пэўнай ступені таксама дапаможа выйсьці на сьлед забойцы.


Сьледчыя падазраюць у забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай яе ўласнага сына

25.11.2004 22:22

Любоў Лунёва, Менск

Сьледчыя гарадзкой пракуратуры надалі статус падазраваных у забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай яе сыну і яе айчыму. Сваякі журналісткі абураюцца дзеяньнямі сьледчых і ставяць пад сумнеў іх здольнасьці знайсьці сапраўднага злачынцу. Кіраўнік сьледчай групы заявіў, што мае некалькі вэрсіяў забойства Веранікі Чаркасавай.

Кіраўнік сьледчага аддзелу менскай пракуратуры Сяргей Іваноў абверг інфармацыю “Інтэрфаксу”, паводле якой сын і айчым Веранікі Чаркасавай зьяўляюцца афіцыйна вызначанымі падазраванымі ў гэтай крымінальнай справе.

(Іваноў: ) “Вэрсіяў ня можа быць афіцыйных ці неафіцыйных. Яны альбо ёсьць, альбо іх няма. Гэта адна з вэрсіяў, і я не магу казаць, што гэтая вэрсія – асноўная. Разумееце, яны сапраўды прызнаныя падазраванымі, але гэта ні пра што не гаворыць”.

Нагадаю, 20 кастрычніка ў сваёй кватэры была забітая Вераніка Чаркасава. Праўдападобна яна сама адчыніла дзьверы забойцу, які нанёс ёй 46 удараў нажом.

Цела журналісткі знайшлі яе сын і айчым, калі адчынілі дзьверы кватэры сваімі ключамі.

Сьледчыя дапыталі журналістаў, якія працавалі ці сябравалі зь Веранікай, але гэта не дало вынікаў.

Сын і айчым забітай прайшлі ўсе патрэбныя для экспэртных высноваў працэдуры, каб выключыць усякія падазрэньні. Таму наданьне ім статусу падазраваных сталася для іх нечаканасьцю.

Маці Веранікі Дыяна Чаркасава занепакоеная здароўем свайго ўнука Антона, які перажывае моцны стрэс. Антону ўсяго 15 гадоў. Пасьля таго, як ён убачыў забітую маці, а затым некалькі дзён запар адказваў на пытаньні сьледчых, у яго пачаліся праблемы са здароўем.

(Дыяна Чаркасава: ) “Калі пад падазрэньне трапілі ўнук і муж, то страшней нічога нельга было прыдумаць. Як гэта перажыць, я ня ведаю. Гэта абсурд, гэта недарэчнасьць, гэта не гуманна ўрэшце рэшт з боку тых людзей, якія гэтым займаюцца. Я разумею, што ім трэба адпрацаваць розныя варыянты і вэрсіі, але ж трэба неяк улічваць пачуцьці людзей, якія страцілі дачку, страцілі маці…”

Судмэдэкспэрты зрабілі неабходныя аналізы ў гэтай крымінальнай справе. Дагэтуль абвінавачаньні ня выстаўленыя ніводнаму з падазраваных.


Сын забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай у цяжкім стане трапіў у шпіталь

02.12.2004 18:39

Любоў Лунёва, Менск

Сьледчыя менскай пракуратуры дагэтуль не знайшлі забойцу журналісткі Веранікі Чаркасавай. Яе забілі раніцай 20 кастрычніка, калі яна зьбіралася на працу. Цела журналісткі знайшлі ўвечары яе сын і айчым. Цяпер 15-гадовы сын Веранікі ў выніку псыхічнай траўмы знаходзіцца ў шпіталі.

Сьледчую групу ўзначальвае кіраўнік сьледчага аддзелу Сяргей Іваноў. Ён не камэнтуе вынікаў расьсьледаваньня, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Сьледчы пацьвердзіў, што ў шэрагу падазраваных асобаў — сын Веранікі Чаркасавай і яе айчым.

Маці забітай журналісткі абураная мэтадамі сьледзтва. Дыяна Чаркасава канстатуе, што пасьля допытаў, якія праводзіў Уладзімер Чумачэнка, у яе ўнука рэзка пагоршылася здароўе.

Антона шпіталізавалі з дыягназам “пасьлястрэсавы разлад з парушэньнем адаптацыі й пралангаванай дэпрэсіўнай рэакцыяй”. Бабуля 15-гадовага Антона кажа, што ён амаль ня сьпіць, ня есьць, ня можа вучыцца, ні з кім не размаўляе. Мэдыкі папярэдзілі яе, што такі стан можа справакаваць суіцыд. Дыяна Чаркасава знаходзіцца ля ложка свайго ўнука. Мы зьвязаліся зь ёй па тэлефоне:

(Чаркасава: ) “Мала таго, што я страціла дачку, я баюся, што нешта можа здарыцца з маім унукам. Людзі, якія намагаюцца зь яго нешта выціснуць, ня маюць ні сумленьня, ні годнасьці. Яны папросту зьдзекуюцца зь дзіцяці. Самі кажуць: “Мы ня думаем, што ён нешта такое зьдзейсьніў”. Але чаму яго не пакінуць у спакоі? Я ня ведаю, чаму яны ўзялі дзіця ў якасьці закладніка. Ён, калі ўбачыў сваю забітую маму, перажыў моцны стрэс. А потым замест каб яго падтрымаць, яго пачалі выклікаць на допыты. Антон спачатку адказваў, што рабіў, і толькі потым зразумеў, што яго падазраюць у забойстве сваёй маці. Пасьля гэтага, напэўна, кожны нармальны чалавек можа папросту звар’яцець”.

Мэдыкі кажуць, што лячэньне можа зацягнуцца ад шасьці месяцаў да двух гадоў.

Сьледчы Ўладзімер Чумачэнка адкідае абвінавачаньні сваякоў Веранікі Чаркасавай. Ён паведаміў Радыё Свабода, што абыходзіўся з Антонам ветліва і прыязна. Сьледчы запэўнівае, што ніякага ціску на Антона не аказваў. Але адказаць на пытаньне, чаму Антона лічаць падазраваным, адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.


За інфармацыю пра магчымага забойцу журналісткі Веранікі Чаркасавай рэдакцыя газэты “Салідарнасьць” выплаціць 3 мільёны рублёў

17.12.2004 16:25

Ігар Карней, Менск

Рэдакцыя газэты “Салідарнасьць” паабяцала тры мільёны рублёў за інфармацыю, якая можа паспрыяць у раскрыцьці забойства супрацоўніцы штотыднёвіка журналісткі Веранікі Чаркасавай. На думку кіраўніцтва выданьня, сьледзтва ў справе Чаркасавай прасоўваецца надзвычай марудна, і журналісты вырашылі, што матэрыяльны фактар будзе ў дадзеным выпадку ня лішні.

Вераніка Чаркасава пры загадкавых абставінах была забітая 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры. На ейным целе знойдзена 46 нажавых ранаў, а матывы злачынства дагэтуль мала зразумелыя. Рэдакцыя газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала Чаркасава, вырашыла зацікавіць магчымых сьведкаў матэрыяльна: 3 мільёны рублёў абяцана таму, хто дасьць інфармацыю, якая можа паспрыяць пошуку забойцы. Пра гэта апавядае галоўны рэдактар штотыднёвіка Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “Каб спадзяваньняў не было, зразумела, мы гэтага і не рабілі б. Праўда, і пераацэньваць верагодны эфэкт таксама ня варта. Але гэта адна зь нешматлікіх магчымасьцяў, якія ў нас ёсьць. Шчыра кажучы, гэта ўсё больш і больш нагадвае справу Завадзкага, які зьнік чатыры гады таму і дагэтуль ягоны лёс афіцыйна ня высьветлены — тых, каго судзілі, асудзілі за выкраданьне. І галоўным вынік гэтых двух месяцаў: справу Чаркасавай ужо можна ставіць у адзін шэраг з ранейшымі выпадкамі”.

Апроч рэдакцыйных тэлефонаў, у сёньняшняй “Салідарнасьці” пазначаны і тэлефон Савецкага РУУС Менску, па якім таксама можна паведаміць інфармацыю ў справе забітай журналісткі. Я затэлефанаваў ва ўпраўленьне міліцыі й пацікавіўся: ці можна лічыць грашовы фактар у такіх справах дзейсным?

(Супрацоўнік Савецкага РАУС: ) “Дык а вы хто будзеце?”

(Карэспандэнт: ) “Я - журналіст”.

(Супрацоўнік РАУС: ) “Журналіст… Ведаеце, не магу вам нічога сказаць. Я ня ведаю, з кім размаўляю”.

Цягам апошняга месяца ў справе Веранікі Чаркасавай зьменаў амаль не адбылося. Галоўнымі падазраванымі па-ранейшаму застаюцца айчым Веранікі Чаркасавай і 15-гадовы сын Антон. Праўда, калі днямі з айчыма была зьнятая падпіска аб нявыезьдзе, то адносна сына па-ранейшаму пакінуты статус падазраванага.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconНумар газэты "Товарищ" міліцыя трымае пад замком
Ленінскую міліцыю Менску, якая затрымала частку накладу аднаго з нумароў выданьня. Нагадаем, 12 дзён таму ў выніку супольнай апэрацыі...

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconДадзеная аналітычная запіска заснавана на практыцы Камітэта "Салідарнасьць" па аказанні дапамогі дэмакратычным актывістам І чальцам ІХ сем'яў у сталіцы І
Камітэта "Салідарнасьць" па аказанні дапамогі дэмакратычным актывістам І чальцам ІХ сем'яў у сталіцы І рэгіёнах І моладзі, якая вучыцца,...

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconНаведнікі форумаў парталу tut by абмяркоўваюць позву Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча І газэты "Новы час". Як вядома, 19 сьнежня Мікалай
Наведнікі форумаў парталу tut by абмяркоўваюць позву Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча І газэты “Новы час”. Як...

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconВiцебскi гарадскi выканаўчы камiтэт вырашыў
Ганаровай граматай Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Чаркасаву Алу Генадзьеўну, галоўнага бухгалтара ўнітарнага камунальнага...

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconХто валодае тэлевізійнымі лятарэямі, І хто на ІХ зарабляе?
Сёньня мы працягнем размову пра лятарэйны бізнэс у Беларусі, пачатую напярэдадні

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconНiзiн, азераў наскiх, Край лясоў, Маўклiвых сосен-струн. Край паэм, Адвечных песень-казак, Дарагая сэрцу Беларусь… Хто ж гадаў, як наплывалi хмары, Хто ж гадаў, хто думаў, а цi снiў, Што краiна соннага надхмар`я Расцвiце ў чырванi зарнiц
Радзiма– бо тут мы нарадзiлiся, бо яна нам самая родная з усiх краiн на цэлым свеце

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconЛюбіць сваю родную мову, хто неабыякавы да яе лёсу, хто хоча граматна
У 2011/2012 навучальным годзе мы прапануем наступныя факультатывы па беларускай мове

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconНаказ
...

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconСалідарнасьць №65 травень 2008 г
Якраз у гэтым па прастаце разумовай І прызнаўся А. Лукашэнка перад журналістамі ў лістападзе 2006 году

Хто забіў журналістку газэты \"Салідарнасьць\" Вераніку Чаркасаву? iconВызначэнне прынамсі двух аргументаў "за" І "супраць"
Давайце пачнем ад таго, хто такі сябар. Сябар – гэта чалавек, якому мы давяраем, хто нам найбольш сімпатычны

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка