Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва




НазваБрэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва
Дата канвертавання04.04.2013
Памер108.79 Kb.
ТыпДокументы
Марціновіч Д.А.

Брэжнеўская мадэль” функцыянавання партыйнай эліты БССР

і механізм змены яе кіраўніцтва

На працягу ўсёй беларускай савецкай гісторыі яскрава прасочваюцца дзве мадэлі функцыянавання партыйнай эліты БССР. Аналіз першай з іх, “сталінскай” (1920-1956), ужо стаў тэмай асобнага даследавання [6]. У дадзеным артыкуле разглядаецца другая, “брэжнеўская мадэль” функцыянавання партыйнай эліты БССР, якая была характэрна для храналагічнага прамежку 1956-1990 гг.

Відавочна, што такі тэрмін, як і яго храналагічныя рамкі, маюць дыскусійны характар. Час кіравання Л. Брэжнева (1964-1982) не супадае з вылучаным перыядам. Чым жа тады выклікана такая назва? Думаецца, што прынцыпы нацыянальнай палітыкі, якія дзейнічалі падчас кіравання гэтага генеральнага сакратара, найбольш поўна ўвасобіліся падчас усяго паслясталінскага перыяду развіцця СССР.

Для абгрунтавання неабходнасці ў вылучэнні “брэжнеўскай мадэлі”, параўнаем яе са “сталінскай”, вылучым іх агульныя рысы і адрозненні.

Перыяд функцыянавання “сталінскай мадэлі” (1920-1956) стаў часам хуткага дынамічнага развіцця савецкай імперыі: яе тэрытарыяльнага росту, складвання сацыяльнай структуры савецкага грамадства, назапашванне эканамічнага патэнцыялу. У савецкіх рэспубліках ніжэйшыя, сярэднія і частка вышэйшых кадраў былі нацыянальнымі (у выпадку БССР – беларускімі). Кіраўнікі рэспублік і частка іх паплечнікаў з’яўляліся прадстаўнікамі некарэннай нацыянальнасці, якія вылучаліся дзеля супрацьдзеяння першым, якім цалкам не давяралі, і рэалізацыі палітыкі цэнтра. Акрамя таго існаваў прынцып прызначэння на шэраг пасадаў у нацыянальных рэспубліках (камандуючыя ваеннымі акругамі, кіраўнікі органаў дзяржбяспекі, міністры унутраных спраў, дырэктара прадпрыемстваў саюзнага значэння, загадчыкі асноўных аддзелаў ЦК і інш.) рускіх або абруселых мясцовых жыхароў [5, с. 178]. У такой сітуацыі рэспублікі фактычна з’яўляліся каланіяльнымі прыдаткамі цэнтра, які цалкам кантраляваў усе мясцовыя працэсы.

Тым не менш існаванне дзяржавы ва ўмовах пастаяннай напружанасці і небяспекі чарговай вайны, яе знаходжанне ў стане ваеннага лагеру, якое трымалася толькі на рэпрэсіях і грунтавалася на аўтарытэце кіраўніка дзяржавы, не магло працягвацца бясконца. Пасля смерці І. Сталіна ў асяроддзі вышэйшага кіраўніцтва СССР пачаліся пошукі новай мадэлі нацыянальнай палітыкі.

Ужо ў 1953 г. назіраецца спроба Л.Берыі зрабіць стаўку на нацыянальныя кадры, якія ў абавязковым парадку павінны былі ведаць мову карэннага насельніцтва і карыстацца ёй. Зразумела, што для мінгрэла Берыі гэта была толькі адна з камбінацый у барацьбе за ўладу. Але пры рэалізацыі гэтай мадэлі справа магла неўзабаве дайсці да прыкметнага абуджэння інтарэса да нацыянальнага пытання (як тое ледзь не адбылося ў БССР у 1953 г.), а ў больш далёкай перспектыве – і да прыярытэту нацыянальнага над агульнасавецкім.

І “сталінскі”, і “берыеўскі” планы здаваліся тагачаснаму кіраўніцтву СССР крайнасцямі. Таму план Л. Берыі падштурхнуў да паступовага пошуку новай мадэлі, якая б задаволіла рэспубліканскія эліты, стварыла сістэму стрымліванняў і супрацьвагаў паміж імі, і пры гэтым гарантавала трываласць ўсёй дзяржаве.

Першыя крокі былі характэрныя ўжо для кіравання М. Хрушчова. Яны праявіліся ў пытанні складу Палітбюро – фактычна вышэйшага органа ўлады СССР. Пасля канчатковага зацвярджэння асабістай ўлады І.Сталіна туды ўваходзілі толькі асобы, якія зацвярджаліся ім асабіста, то бок яго найбольш блізкія і адданыя паплечнікі. Беларусы або прадстаўнікі рэспублікі не былі прадстаўлены там наогул. З 1957 г. сярод кандыдатаў у члены Палітбюро фактычна было зарэзервіравана месца для першых сакратароў ЦК КПБ. З таго часу ў Маскве былі прадстаўлены ўсе кіраўнікі Беларусі перыяду М. Хрушчова і Л. Брэжнева: К. Мазураў, П. Машэраў, Ц. Кісялёў . Прычым паміж прызначэннем першых двух на пасаду першага сакратара і іх выбраннем кандыдатамі ў члены Палітбюро прайшоў толькі год, а паміж смерцю Машэрава і ўвядзеннем кандыдатам у члены арэапага Ц. Кісялёва – увогуле менш за тры тыдні. (З гэтай нагоды нельга не адзначыць той факт, што П.Машэраў стаў кандыдатам у члены Палітбюро, калі яшчэ не карыстаўся значным аўтарытэтам. Таму яго выбранне стала не сведчаннем папулярнасці, а стала атрыманнем пасады, якую ён атрымаў па статусу. Тым жа тлумачыцца яго доўгае знаходжанне ў якасці кандыдата). Адзначанай традыцыяй выбрання першых сакратароў быў падкрэслены трывалы статус БССР у параўнанні з іншымі рэспублікамі. Беларусь абыходзіла большасць рэспублік СССР, знаходзілася на адной ступені з Грузіяй і Узбекістанам, кіраўнікі якіх пераважна з’яўляліся кандыдатамі ў члены Палітбюро (у 1957-1972 і 1978-1985 – у выпадку Грузіі, і ў 1961-1983 гг. – у выпадку з Узбекістанам). Але пры гэтым рэспубліка безнадзейна саступала Украіне і Казахстану, кіраўнікі якіх звычайна бьылі прадстаўлены на ўзроўні Палітбюро.

Апошнія кіраўнікі БССР кандыдатамі ў члены Палітбюро не з’яўляліся. Але тлумачэнне гэтай сітуацыі досыць простае. На ХХVI з’ездзе КПСС у 1981 г. тагачасны намеснік старшыні Дзяржплана СССР М. Слюнькоў не быў абраны ў склад ЦК. А калі ён стаў кіраўніком Беларусі, было ўжо позна. Зрабіць кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС не члену ЦК было немагчыма. Таму давялося чакаць да 1986 г. А пры пераемніку Слюнькова, Я. Сакалову, змяніліся грамадска-палітычныя ўмовы. М. Гарбачоў адмовіўся ад ранейшага прынцыпу, што, зрэшты, ніяк не паўплывала на сітуацыю.

Асобная сітуацыя была звязана з беларусамі, прадстаўленымі ў Палітбюро. Да 1990 г. (пра наступную сітуацыю гл. ніжэй) іх было толькі трое: першы намеснік Старшыні Савета міністраў СССР К. Мазураў (член Палітбюро ў 1965-1978), міністр замежных спраў А. Грамыка (1973-1988) і сакратар ЦК па эканоміцы М. Слюнькоў (1987-1990). Але ўсе яны былі не кіраўнікамі нацыянальных кланаў або групіровак, а “адзіночкамі”, якія прабіліся наверх дзякуючы сваім заслугам і шчасліваму выпадку, а не па пратэкцыі. Грамыка трапіў у Маскву не па партыйнай лесвіцы, а праз навуковую дзейнасць (ён працаваў у Інстытуце эканомікі АН СССР). А Мазурава і Слюнькова мэтанакіравана перавялі ў Маскву дзеля таго, каб яны займаліся эканомікай. Таму ўсе яны не маглі, ды і, напэўна, не жадалі ўдзельнічаць у выпрацоўцы нацыянальных ці ідэалагічных пытанняў. А статус “адзіночак” прымушаў разлічваць толькі на сваю працаздольнасць і падтрымку Генеральнага сакратара (Слюнькоў сышоў у адстаўку з-за хваробы, а вось Мазураў і Грамыка – калі страцілі падтрымку, адпаведна, Брэжнева і Гарбачова). Такі статус Беларусі і беларускай эліты, які замацаваўся ў канцы 1950 – пачатку 1960-ых гг., захоўваўся нязменным амаль да канца перабудовы.

У адрозненне ад “сталінскай”, “брэжнеўская мадэль” характарызавалася стабілізацыяй або нават кансервацыяй існуючай сістэмы. У такіх умовах цэнтр перайшоў да пэўнага паслаблення ў нацыянальнай палітыцы. Нацыянальныя рэспублікі ўзначальвалі толькі прадстаўнікі карэннай нацыянальнасці.

Падчас функцыянавання разглядаемай мадэлі ва ўладзе змянілася два пакалення. Першае, так званае “партызанскае пакаленне”, было прадстаўлена на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ К. Мазуравым (1956-1965), П. Машэравым (1965-1980) і Ц.Кісялёвым (1980-1983), на іншых высокіх пасадах – С. Прытыцкім, І. Паляковым і інш. Пераважная большасць з іх прайшлі ў маладосці праз партызанскія атрады або ваявалі на фронце, былі вылучана на партыйную працу пасля вайны і з прыходам на пасаду першага сакратара К. Мазурава паступова заняла ўсе найбольш істотныя пасады ў рэспубліцы.

У пачатку 1980-ых гг. з прыходам да ўлады М. Слюнькова (1983-1987) да ўлады прыйшлі тэхнакраты, якіх таксама называюць “мінская гарадскай прамысловай групай”. Яны былі прадстаўлены зусім іншымі людзьмі, якія нарадзіліся за дзесяцігоддзе да Другой сусветнай вайны. Тэхнакраты прайшлі школу буйных прамысловых прадпрыемстваў, працавалі не столькі ў партыйных камітэтах, як на вытворчасці. Як мяркуюць М.Эрбан і Р.Рыд, для групы быў характэрны “выключна высокі ўзровень замкнёнасці, шматлікія сувязі на ўсесаюзным ўзроўні, набор базы у гарадскіх індустрыяльных фірмах у большай ступені, чым у камсамольскім апараце, а галоўнае, адсутнасць відавочнага лідэра, ці патрона” [1, с. 23]. Далучаць да іх паслядоўнікаў Слюнькова Я. Сакалова (1987-1990) і А. Малафеева (1990-1991) не зусім правамерна. Тым не менш, усе яны ўпісваюцца ў адзначанае пакаленне як па ўзросту, так і па прыярытэту да экамічных пытанняў.

Чым жа тлумачыцца такі давер цэнтра да нацыянальных кадраў, які немагчыма ўявіць падчас “сталінскай мадэлі”? Па-першае, рэпрэсіі 1930-ых гг. і палітыка русіфікацыі партыйных кадраў прывялі да таго, што мясцовыя партыйныя эліты больш не з’яўляліся небяспечнымі для цэнтра. Зрэшты, такі падыход дзейнічаў толькі на стадыі кансервацыі рэжыму і не зусім падыходзіў да часу радыкальных зменаў, калі мясцовыя эліты маглі актывізавацца. Таму ў “брэжнеўскай мадэлі” быў схаваны падводны камень, які пазней адыграў лёсавызначальную справу ў будучым развіцці рэспублік СССР.

Сапраўды, у БССР нацыяльна арыентаваныя партыйныя і дзяржаўныя кіраўнікі з’яўляліся амаль выключэннем (да іх можна аднесці ўсяго толькі сакратара Мінскага гаркаму П. Краўчанка, сакратара Віцебскага абкаму І. Навумчыка і старшыню Дзяржтэлерадыёкампаніі Г. Бураўкіна, якія знаходзіліся на сваіх пасадах у 1980-ыя гг.). А вось у іншых рэспубліках, у прыватнасці, у Літве, камуністычныя нацыяльна арыентаваныя кадры прыкметна пераважалі, што непасрэдна адбілася на лёсе рэспублікі падчас перабудовы.

Прычым нешматлікія спробы Масквы пасадзіць на кіруючыя пасады “варагаў” пасля доўгага кіравання мясцовых кіраўнікоў звычайна заканчваліся няўдала. Найбольш красамоўным прыкладам сталі падзеі ў Казахстане, калі ў 1986 г. тысячы жыхароў выйшлі на вуліцы ў знак пратэста пасля таго, як першы сакратар мясцовай кампартыі, казах Д. Кунаеў, быў заменены на рускага Г. Колбіна. У Беларусі другім сакратаром ЦК у 1987 г. быў прызначаны М. Іргуноў, але праз некалькі гадоў мясцовыя калегі выціснулі яго назад у сталіцу.

Па-другое, з пяці кіраўнікоў БССР таго часу (сітуацыя з А. Малафеевым будзе разгледжана ніжэй) двое (Ц. Кісялёў і М. Слюнькоў) былі адпраўлены ў Беларусь пасля працы ў Маскве (адпаведна, у Савеце міністраў СССР і Дзяржплане), таму ўспрымаліся не як вылуцэнцы мясцовай эліты, а намеснікі цэнтра. Паводле меркавання старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Г. Таразевіча, кандыдатура Я. Сакалова, верагодна, была прапанавана яго сябрам, членам Палітбюро Я. Лігачовым і таксама не ўваходзіла ў планы мінскага кіраўніцтва [3]. Паколькі дакладных звестак пра вылучэнне К. Мазурава пакуль няма, атрымліваецца, што толькі П. Машэраў быў паўнавартасным вылучэнцам мясцовай партыйнай арганізацыі. Таму, з аднаго боку, да яго збольшым недаверам ставіліся ў Крамлі, а, з другога боку, сам першы сакратар быў вымушаны больш абапірацца на сваіх “выбаршчыкаў” (Машэраў быў абраны галасаваннем членаў Бюро ЦК КПБ).

Што датычыцца ўзгаданага вышэй прынцыпа прызначэння на шэраг пасадаў у нацыянальных рэспубліках рускіх або абруселых мясцовых жыхароў, дык ад яго пасля смерці І. Сталіна адышлі. Але практыка прызначэння на ключавыя пасады кіраўнікоў КДБ і Беларускага ваеннага округа прадстаўнікоў некарэннага насельніцтва захаваўся.

Так, падчас функцыянавання “брэжнеўскай мадэлі” са старшынь КДБ БССР толькі Э. Шыркоўскі, які заняў гэтую пасаду ў 1990 г., з’яўляўся беларусам па нацыяльнасці (дарэчы, ён стаў толькі другім беларусам на гэтай пасадзе: дагэтуль старшынёй ДПУ ў 1924-1925 гг. з’яўляўся выхадзец з Пружаншчыны Ф. Мядзведзь) [2, с. 31, 47]. Прычым прынцып прызначэння выконваўся няўхільна. Напрыклад, спроба Ю. Андропава ў 1970 г. перавесці на пасаду старшыні КДБ БССР беларуса Э. Нордмана закончылася на стадыі зацвярджэння ў Л. Брэжнева. Паводле інфармацыі Нордмана, генеральны сакратар сказаў: “Вы што, не разумееце, што Пятро (так Брэжнеў называў Машэрава) падцягвае да сябе партызан? Мы ж нічога не будзем ведаць, што ён там задумвае!” [7, с. 81].

Падобная сітуацыя была з кіраўніцтвам ваенных акругоў, якія, як і КДБ, падпарадкоўвалася напрамую Маскве. З кіраўнікоў Беларускага ваеннага округа – самага моцнага округа Савецкага Саюза, які напрыканцы 1990-ых гг. налічваў 250 тыс. чалавек; больш за 3 тыс. танкаў, што складала 2 танкавыя арміі; крыху меньш за 400 самалётаў [4, с. 246] – толькі генерал арміі В. Пенькоўскі, які ўзначальваў акругу ў 1961-1964 гг., з’яўляўся беларусам па нацыянальнасці.

Кіраўнікі КДБ БССР і Беларускага ваеннага округа ўваходзілі ў склад Бюро ЦК КПБ (аналага саюзнага Палітбюро), таму партыйнае кіраўніцтва рэспублікі знаходілася пад поўным кантролем.

У часы перабудовы фактычна назіраецца спроба пераходу да новай, “гарбачоўскай мадэлі”, якая павінна была яшчэ больш павялічыць правы рэспублік. Менавіта ў тыя гады ў асяроддзі беларускай партыйнай наменклатуры з’явіліся асцярожныя ідэі пра павелічэнне правоў Беларусі. Напрыклад, сакратар ЦК М. Слюнькоў выступіў за дэцэнтралізацыю вытворчасці. Ён прапанаваў утварыць у РСФСР 6-7 рэгіёнаў, надзяліць іх паўнатой гаспадарчай улады і роўнымі правамі з саюзнымі рэспублікамі, але каб па вертыкалі яны падпарадкоўваліся Савету Міністраў РСФСР [9, с. 81-83]. Нягледзячы на тое, што яго выказванні датычыліся толькі Расіі, прыняцце такой праграмы відавочна змяніла бы характар функцыянавання эканомікі ўсяго СССР. Але беларуская рэспубліканская эліта не выступала з падобнымі ініцыятывамі. Таму ініцыятарамі змяненняў у Беларусі быў цэнтр.

З мэтай павелічэння вагі рэспублік, а, можа, і дзеля памяншэння вагі Палітбюро, быў зменены прынцып фарміравання гэтага органа ўлады. Замест набольш уплывовых савецкіх чыноўнікаў ён стаў складацца з кіраўнікоў рэспубліканскіх кампартый. Так членамі Палітбюро сталі Я. Сакалоў (1990), а потым і А. Малафееў (1990-1991). Пры выбранні апошняга першым сакратаром ЦК КПБ здарылася лагічная, але ў тых умовах доўгачаканая падзея: кіраўнік рэспублікі упершыню быў абраны галасаваннем партыйнага з’езда, а не прызначаны зверху. І хоць паводле ўспамінаў відавочцаў падзей Масква істотна паўплывала на галасаванне з мэтай правесці больш лаяльнага кандыдата [8, с. 57-60], гэта быў несумненны крок наперад.

На завяршальным этапе існавання СССР (у прыватнасці, пачас Нова-Агароўскага працэсу) з боку прэзідэнта СССР гучалі прапановы пра больш шырокую федэрацыю, з боку яго апанентаў – прэзідэнтаў (збольшага, былых лідэраў мясцовых кампартый) – пра канфедэрацыю. У рэшце рэшт ўсё закончылася распадам СССР і спыненнем савецкай нацыянанай палітыцы. “Гарбачоўская мадэль” так і не была рэалізавана.

Такім чынам, на працягу існавання Савецкага саюза ў БССР дзейнічалі дзве мадэлі функцыянавання партыйных эліт: “сталінская” (1920-1956) і “брэжнеўская” (1956-1990). Спробы пераходу да “берыеўскай” (1953) і “гарбачоўскай” (1990-1991) мадэляў засталіся ў планах і не былі рэалізаваныя.

Для функцыянавання абодвух мадэляў было характэрна дамінуючая роля цэнтра, які на працягу ўсяго перыяду існавання СССР кантраляваў развіццё рэспублік у большай ці меншай ступені і пры гэтым сыходзіў з інтарэсаў самога сябе, а не нацыянальных утварэнняў.

У якасці адрозненняў выступалі:

  • форма перасоўвання эліты (скачкападобны, броўнаўскі рух пры “сталінскай мадэлі”, стабільны, са слабай цыркуляцыі кадраў пры “брэжнеўскай мадэлі”; у гэтым аспекце хрушчоўскі час з яго імклівымі кадравымі перасоўваннямі можна назваць пераходным перыядам паміж мадэлямі);

  • формы кантролю з боку цэнтра над рэспубліканскай элітай (падчас першай мадэлі – прызначанае на вышэйшыя пасады некарэннае насельніцтва, спецслужбы, у меншай ступені – армія, падчас другой – мясцовае насельніцтва, армія і спецслужбы);

  • механізм пакаранняў (рэпрэсіі пры “сталінскай мадэлі”, паніжэнне ў пасадзе ці перавод на іншую службу пры захаванні матэрыяльнага становішчаў пры “брэжнеўскай”);

  • адсутнасць на другім этапе “сталінскай” і падчас “брэжнеўскай мадэлі” супрацьстаяння паміж органамі ўлады па пытаннях стратэгіі і тактыкі развіцця рэспублікі (у 1920-ыя гг. назіралася пярэчанні паміж ЦВК-КП(б)Б), а таксама паміж інтэрнацыянальнай і нацыянальнай лініямі; апошняя з пачатку 1930-ых гг. амаль цалкам адсутнічала).

Несумненна, што мадэлі функцыянавання партыйнай эліты БССР і механізмы змены яе кіраўніцтва патрабуюць дадатковага вывучэння, паколькі без іх аналіза паўнавартасны разгляд “савецкага перыяда” беларускай гісторыі не ўяўляецца магчымым.


Літаратура

  1. Агееў А. Фарміраванне палітычнай эліты БССР у паслясталінскі час вачыма замежных даследчыкаў/ А. Агееў // Беларуская мінуўшчына. 1994. № 4. С. 22-25.

  2. Генералы органов государственной безопасности Беларуси. Краткий биографический справочник (1918-2001)/ Авт.-сост. И.З. Юркин и др. – Мн.: ОДО «Арнелла», 2001. – 104 с.

  3. Гібок-Гібкоўскі А. Недапісаная кніга Георгія Таразевіча// Народная воля. 2007. 19 ліпеня. № 113-114.

  4. Загорская М., Сехович В., Старикевич А. Беларусь. 1991-2006. Итоги. – Мн., 2008. – 480 с.

  5. Зенькович Н.А. Тайны ушедшего века. Границы. Споры. Обиды. – М., 2004.

  6. Марціновіч Д.А. “Сталінская мадэль” функцыянавання партыйнай эліты БССР і механізм змены яе кіраўніцтва/ Д.А. Марціновіч // Европа-2009: новое соседство: сб. науч. тр./ редкол.: Г.Я. Миненков (отв. ред.) [и др.] – Вильнюс, 2010. – С. 57-64.

  7. Нордман Э.Б. Штрихи к портретам: генерал КГБ рассказывает. – Мн., 2003.

  8. Симуров А. Вожди, вожаки, вожачки: Тайными коридорами власти. – Мн., 1999.

  9. Союз можно было сохранить. – М., 2007.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconЗаяв а на выдачу патэнта Рэспублікі Беларусь на карысную мадэль
Прашу (просім) выдаць патэнт Рэспублікі Беларусь на карысную мадэль на імя заяўніка (заяўнікаў)

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconІнфармацыйная функцыя дзяржавы
Менавіта яны інфармавалі рознымі спосабамі грамадзян аб новых правах, правілах І законах. Гэтыя ж органы інфармавалі заканадаўчую...

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconБілет №9 Грамадска- палітычнае жыццё у бсср у 1920-ыя гады. Удзел бсср ва ўтварэнні СССР. Узбуйненне тэрыторыі бсср
Грамадска- палітычнае жыццё у бсср у 1920-ыя гады. Удзел бсср ва ўтварэнні СССР. Узбуйненне тэрыторыі бсср

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconТаццяна Чыжова Праблематыка І парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў (па матэрыялах «Беларускай думкі / Коммуниста Белоруссии»)
Мка» («Коммунист Белоруссии») з мэтай выявіць самаўсведамленне беларускай савецкай эліты канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў як самастойнага...

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconПравілы беларускай арфаграфіі І пунктуацыі. Зацверджаны Акадэміяй навук бсср І Міністэрствам асветы бсср. Мінск: Выд-ва Акадэміі навук бсср, 1959. 160 с
Правілы-1959 – Правілы беларускай арфаграфіі І пунктуацыі. Зацверджаны Акадэміяй навук бсср І міністэрствам асветы бсср. – Мінск:...

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconР. Г. Гарэцкі
Дзяржаўнага прадпрыемства Белндгрі адбудуцца XXIII навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці Г.І. Гарэцкага, акадэміка, доктара геолага-мінералагічных...

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconПрадмет: Гісторыя Беларусі Класс: 9 Тэма: Удзел бсср у заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Мес ца ў рока ў тэме
Месца ўрока ў тэме: восьмы ўрок раздела «бсср у гады Сусветнай І вялікай Айчыннай войнаў»

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconРазвіццё культуры ў бсср у 1920-1930-я гг
Палітыка беларусізацыі ўяўляла сабой дзейнасць Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) І ўрада бсср па развіцці культуры...

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconСацыякультурныя асновы функцыянавання фальклору полаўзроставай маладзёжнай субкультуры горада
Таццяна Марозава сацыякультурныя асновы функцыянавання фальклору полаўзроставай маладзёжнай субкультуры горада

Брэжнеўская мадэль функцыянавання партыйнай эліты бсср І механізм змены яе кіраўніцтва iconКлассик белорусской литературы (в том числе и белорусской советской). Народны паэт бсср (1925). Акадэмік АН бсср (1928) и ан усср (1929). Лаурэат Сталінскай прэміі першай ступені (1941)
Метадычныя парады бібліятэкарам Крычаўскай бс да 130 – годдзя Янкі Купалы І якуба Коласа

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка