Гарадніцкі Яўген Андрэевіч




НазваГарадніцкі Яўген Андрэевіч
Дата канвертавання02.04.2013
Памер97.15 Kb.
ТыпДокументы
Гарадніцкі Яўген Андрэевіч

Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа

і Янкі Купалы НАН Беларусі, Мінск


МАСТАЦКІ СВЕТ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА:

СІНТЭЗ ГІСТАРЫЧНЫХ ЭПОХ І КУЛЬТУР


Асоба і творчасць Максіма Багдановіча да цяперашняга часу тояць у сабе нямала загадак, якія з большым або меншым поспехам спрабуюць вырашыць даследчыкі. Мабыць, гэта ўласцівасць сапраўднага таленту, неардынарнай асобы – заўсёды заставацца да канца неразгаданым, прадставаць перад новымі пакаленнямі чытачоў з’явай загадкавай, неспазнанай, невычарпальнай.

Адна з такіх загадак, якую задае нам Багдановіч, гэта дзівоснае спалучанасць творчай самабытнасці, яркай паэтычнай індывідуальнасці аўтара з яго імкненнем да засваення і творчага пераасэнсавання мастацкіх традыцый самых розных – і блізкіх, і аддаленых у часе – культур. Несумненна, у гэтым якраз і выяўлялася адна з характэрных рыс таленту беларускага паэта, яго здольнасць пераплаўляць у тыглі паэтычнага натхнення назапашаны мінулымі стагоддзямі, творчымі намаганнямі многіх пакаленняў розных народаў, усім чалавецтвам, мастацкі вопыт. Адметнасць становішча Багдановіча ў нацыянальнай літаратуры вызначаецца ў значнай ступені менавіта яго шчыльнай паяднанасцю з сусветнай культурай. У гэтых адносінах ён быў самым адкрытым з беларускіх творцаў класічнай пары, а, мабыць, і наогул у гісторыі айчыннай літаратуры.

Гэтая незвычайная чуйнасць да чужога, уменне зрабіць яго сваім, арганічна ўвесці ў нацыянальны культурны кантэкст надавалі здзейсненаму маладым паэтам творчаму подзвігу асаблівую значнасць. Для маладой тады беларускай літаратуры новага часу, якая толькі пачынала ўсведамляць сябе паўнавартаснай літаратурай, уключанай у сусветны мастацкі працэс, гэта было надзвычай важна. Вопыт Багдановіча быў засвоены і выкарыстаны ў далейшым нацыянальнай літаратурай.

Назавем хоць бы некалькі самабытных, яскравых постацей у літаратуры другой паловы стагоддзя, якія рухаліся ў тым жа напрамку – Максім Танк, Уладзімір Караткевіч... Першы з іх, настроены на ўспрыманне наватарскіх пошукаў у сусветнай паэзіі, актыўна развіваў магчымасці верлібра. Згадаем, дарэчы, што менавіта Багдановіч першым у нашай паэзіі звярнуўся да гэтай вершаванай формы. Другі, пры незвычайнай шырыні ахопу з’яў нацыянальнай і сусветнай гісторыі і культуры, у якасці адной з цэнтральных тэм сваёй паэзіі абраў тэму антычнасці. Паэтычная кніга Караткевіча “Мая Іліяда” (1969) працягвае пачатую Багдановічам традыцыю далучэння беларусаў да скарбаў сусветнай культуры. Пры гэтым яно ажыццяўляецца не толькі тэматычна, але і праз паэтычную форму. Натуральна загучаў у “Маёй Іліядзе” гекзаметр, першыя спробы ўвасаблення якога ў беларускай паэзіі таксама належаць Багдановічу.

Агульнавядомы і высока цанімы ўклад Багдановіча ў пашырэнне вершаваных форм беларускай паэзіі. Пентаметр, трыялет, рандо, рандэль, актава, тэрцыны, каламыйка, александрыйскі верш – гэтыя формы і жанравыя разнавіднасці, выкарыстаныя ў паэзіі Багдановіча, уражваюць не толькі сваёй разнастайнасцю, але і тым, што адносяцца да розных гісторыка-культурных эпох, сфармаваліся ў розных нацыянальных літаратурных традыцыях. Гэта, як і многае іншае, сведчыць пра грандыёзнасць маштабаў засваення беларускім паэтам сусветнай мастацкай спадчыны, пра яго імкненне да плюралістычнасці ў пытаннях суадносін нацыянальнага і агульначалавечага, індывідуальнага і тыпалагічнага. Пры гэтым варта заўважыць, што такая шматстайнасць і шматбаковасць не выключала адбору больш блізкіх і адпаведных тагачаснаму кантэксту нацыянальнай літаратуры і прыродзе яго ўласнага таленту літаратурных з’яў і тэндэнцый.

Праблема іншанацыянальных літаратурных і эстэтычных уплываў на творчасць Багдановіча вельмі складаная, таксама як складаны, шматпланавы, пры ўсёй, здавалася б, структурнай упарадкаванасці, гарманічнай ураўнаважанасці, мастацкі свет паэта. Уплывы-запазычанні, наследаванні, пераклічкі ў паэтычнай творчасці Багдановіча таксама, па сутнасці, ўраўнаважаны. У яго паэзіі аднолькава грунтоўна прадстаўлены мастацкія традыцыі як Усходу, так і Захаду.

Паэт узрос у руска-беларускім культурным асяроддзі. Амаль усё жыццё пражыўшы ў глыбіні Расіі, ён быў цесна звязаны, і духоўна, і экзістэнцыйна, з рускай культурай і расійскай рэчаіснасцю.

Даследчыкамі грунтоўна прааналізаваны сувязі Багдановіча з рускай літаратурай, яго творчая вучоба ў класікаў рускай паэзіі. У гэтым плане не можа не звярнуць на сябе ўвагу адна асаблівасць. Беларускі паэт часцей за ўсё звяртаўся да творчага вопыту рускіх паэтаў ХІХ ст., такіх як А. Пушкін, Я. Баратынскі, А. Фет, і ў меншай ступені да творчасці рускіх паэтаў – сваіх сучаснікаў. Грунтоўна прааналізаны ўплыў А. Фета на паэзію Багдановіча ў кнізе “Звенні” Р. Бярозкіна, дзе выдатны беларускі крытык адзначае: “Разнастайныя сляды Фета сустракаюцца ў творчасці Багдановіча, асабліва на раннім этапе: матывы, эпіграфы, рэмінісцэнцыі” [1, 284].

З паэтаў-сучаснікаў, мяркуючы па ўсім, найбольш блізкім Багдановічу па сваіх эстэтычных поглядах і паэтыцы быў В. Брусаў. Менавіта да гэтага прызнанага майстра рускай паэзіі пачатку ХХ ст. адрасаваў малады беларускі паэт і даследчык ліст (паштоўку), у якім выказваў меркаванне пра магчымую крыніцу ўжытага А. Пушкіным метафарычнага параўнання (два міндальныя арэхі ў адной скарлупіне). Тут, дарэчы будзе заўважыць, што гэты вобраз нездарма так зацікавіў Багдановіча. Тэма двайніцтва была для паэта надзвычай прыцягальнай. Адзнакі яе паэтычнага ўвасаблення знаходзім у вершы “Двайняткі” (1914), дзе паўстае вобраз “зорак-двайнятак”. У тэарэтычнай працы “Санет” Багдановіч, даючы характарыстыку дадзенаму жанру, выкарыстоўвае тую ж, што і ў Пушкіна, метафарычную мадэль: “Такім парадкам, пэўна напісаны санет, быццам арэх-спарыш, павінен хаваць пад аднэй скарлупой два асобныя, хоць і шчыльна сціснутыя між сабой ядры” [2, 194].

Матывацыя звароту Багдановіча да В. Брусава з такім, па сутнасці, інфармацыйным паведамленнем, пры тым, што яны былі незнаёмыя, што адзначаецца адрасантам асобна (“С почтением неизвестный Вам М. Богданович”) [3, 246] не да канца праясненая. Аднак, тым не менш, важны сам факт звароту Багдановіча да выдатнага рускага паэта як да аўтарытэта. Менавіта з Брусавым вырашыў падзяліцца малады даследчык і знаўца сусветнай паэзіі сваім адкрыццём. Аб тым, што зробленыя Багдановічам супастаўленні мелі даволі істотнае значэнне для пушкіністыкі, сведчыць факт апублікавання “Двух заметок о стихотворениях Пушкина” ў аўтарытэтным навуковым выданні “Пушкин и его современники. Материалы и исследования” (Пг., 1917).

Патрэбна адзначыць, што беларускі аўтар ставіўся да такіх велічынь, як Пушкін або Брусаў, з вялікай павагай, аднак жа не ўзводзячы іх на недасяжны, недаступны аб’ектыўнаму або нават крытычнаму ўспрыманню, п’едэстал. Невялікая рэцэнзія Багдановіча на зборнік В. Брусава “Семь цветов радуги”, выдадзены ў Яраслаўлі ў 1916 г., напісана менавіта з такіх пазіцый. У ёй адзначаецца пастаянства і нязменнасць абранай аўтарам паэтычнай сістэмы, адсутнасць якога-небудзь прыкметнага зруху ў гэтым напрамку. Разам з тым Багдановіч заўважае пэўныя змены, якія датычацца душэўнага стану аўтара. “Но сквозь эти старые брюсовские слова, – піша Багдановіч, – просвечивает его новое лицо – лицо человека, много испытавшего и много передумавшего, но уже усталого от жизни и впечатлений” [2, 411].

А з Пушкіным беларускі паэт не пабаяўся нават уступіць у своеасаблівую – на аддаленасці ў многія дзесяцігоддзі – палеміку. У “Лісце да п. В. Ластоўскага” (1913) Багдановіч не пагаджаецца з трактоўкай вялікім рускім паэтам вобраза Сальеры. Пры гэтым аўтар наогул пакідае ў баку гаворку на традыцыйна распаўсюджаную тэму атручання Моцарта, якое нібыта ўчыніў Сальеры, што, уласна кажучы, і складае сюжэт пушкінскага драматычнага твора. Гэта значыць, што аўтар “Ліста...” кардынальным чынам змяняе традыцыйны ракурс гледжання на асобу Сальеры. Багдановіча цікавяць перш за ўсё адносіны Сальеры да мастацтва, яго імкненне да мастацкай дасканаласці. Багдановіча не задавальняе абвінавачанне вялікага кампазітара, якое інкрымінуецца яму ў асноўным на падставе таго, што яму ўласцівы рацыянальны склад мыслення.

Халодным розумам праняўшыся, натхненне

Ён мусіў тым губіць, – так кажа абвіненне [4, 263]

Беларускі паэт лічыць такі суд несправядлівым. Ён разважае ў вершы аб характары авалодання славутым майстрам сакрэтамі творчасці, аб яго нейтаймоўнай празе праз “мерны, нудны труд” дайсці да вялікай мэты. Багдановіч прызнае, што да вяршынь майстэрства Сальеры ідзе рацыянальным шляхам, шляхам абдумвання “спосабаў, і матар’ялу, і мэты”. Аднак ён не бачыць, чым можа быць заганны такі шлях, калі ў выніку атрымоўваецца дасканалы твор мастацтва, які ўзвышае чалавека, асвятляе яго жыццё святлом генія. Багдановіч піша пра Сальеры, што ён “горача любіў сваю свядомасць гэту”, гэта значыць, што ў аснове ўсяго знаходзяцца любоў і натхненне.

Каб выразней акрэсліць думку, Багдановіч у “Лісце...” звяртаецца да свайго ўлюбёнага прыёма метафар-аналогій. Ён параўноўвае Сальеры са знічкай, якая пралятае ў іскрах над зямлёю і “ўзразае змрок лукою залатой”. Гэтая знічка

Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца,

А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца [4, 264]

Сэнс гэтай метафары ў тым, што для падобнага гарэння і ззяння патрэбна аснова, патрэбны “матэрыял”, які паслужыў бы “палівам”.

Ад разваг пра кампазітара Сальеры аўтар “Ліста...” пераходзіць непасрэдна да паэзіі як больш блізкай яму стыхіі: “Таксама робіш ты, дума, і у паэта // Краснейшым кожын твор” [4, 264]. І далей гучыць ужо асабістая тэма: “прывет мой і табе, штодзённы рупны труд...” [4, 264]. Такім чынам, мы бачым, што тое, за што ўхваляецца Сальеры, з’яўляецца вызначальнай каштоўнасцю і для паэта. У дадзеным творы, па сутнасці, выразна прадстаўлена цэласная канцэпцыя паэтычнай творчасці Багдановіча, выяўлены яго погляды на прыроду мастацкага феномену, на ўзаемадзеянне ў творчым працэсе думкі і пачуцця.

За Багдановічам трывала замацалася характарыстыка паэта рацыянальнага складу мыслення, паэта, які быў схільны сапраўды да абдумвання матэрыялу, тэмы, сродкаў і спосабаў яе ўвасаблення. Усё гэта так. Паэт і сам не адмаўляў гэтых асаблівасцей свайго творчага метаду, нават падкрэсліваў у адным з артыкулаў, што ён не лірык па прыродзе свайго таленту, а “паэт-маляр”, гэта значыць аўтар, які стварае вобразны свет з дапамогай слоўнага жывапісу. Будучы не толькі паэтам, але і крытыкам, тэарэтыкам літаратуры, Багдановіч свае погляды тэарэтычнага характару выяўляў пераважна ў паэтычных і празаічных творах. Так, напрыклад, блізкія да выказаных у “Лісце...” ідэі знайшлі адлюстраванне таксама і ў вершаваным апавяданні “Вераніка” (1911 – 1913), дзе “холад мыслі” выступае формаўтваральным фактарам верша. Паэт супастаўляе і, па сутнасці, аб’ядноўвае пачуццёвую стыхію і разумовыя спосабы паэтычнага выражэння, паказваючы наглядным чынам з дапамогай разгорнутага вобраза-параўнання, як адбываецца працэс узаемадзеяння гэтых дзвюх сфер, рэпрэзентуючых свядомасць і ўнутраны свет чалавека.

У паэзіі Багдановіча думка не існавала сама па сабе, не прадставала ў чыстым выглядзе, яна заўсёды выступала ў суладнасці з пачуццём, настроем, душэўным станам аўтара. Яна выконвала, пры ўсёй сваёй важнасці і істотнасці, у многім функцыянальную ролю, з’яўляючыся своеасаблівым “носьбітам” паэтычнай эмоцыі. Свядомая аўтарская інтэнцыйнасць садзейнічае апрацоўцы, адточванню мастацкай формы, стылю. Але яна можа таксама і стрымліваць у нейкай меры мастацкае развіццё аўтара, можа пры пэўных абставінах стаць прычынай выхалашчвання запаветнай сутнасці літаратурнага твора. Багдановіч добра разумеў такую небяспеку і паспяхова пазбягаў яе ў сваёй творчасці. Ён разумеў, што думка ў паэзіі – зброя двухбаковавострая. Таму, абгрунтоўваючы станоўчую, крэатыўную ролю рацыянальнага пачатку ў “Лісце да п. В. Ластоўскага”, “Верніцы” і іншых творах, Багдановіч не выключаў магчымасці адваротнага працэсу, калі разумовы складнік паэтычнага творчасці мог аказацца празмерным цяжарам для паэтычнага выяўлення.

З гэтага пункту гледжання даволі крытычна ацэньвалася Багдановічам творчая практыка акмеістаў, да якой беларускі паэт, як адзначае Р. Бярозкін, ставіўся неадназначна. З аднаго боку, ён “асвоіў асобныя фармальныя дасягненні рускіх паэтаў-сучаснікаў, у тым ліку і акмеістаў”, з другога – “рашуча адмаўляў “арыстакратычную” абыякавасць дэкадэнтаў, і перш-наперш акмеістаў” [1, 250]. Аднак Багдановіча насцярожвала не толькі адасобленасць акмеістаў ад сацыяльных праблем свайго часу, але і пэўная штучнасць іх паэтыкі, налёт халоднага майстэрства на іх творах.

Надрукаваўшы ў 1914 г. у яраслаўскай газеце “Голос” рэцэнзію на зборнік вершаў Тэафіля Гацье, Багдановіч выказаў у ёй шэраг крытычных заўваг у адрас французскага паэта – прыхільніка канцэпцыі “мастацтва для мастацтва”. Адзначыўшы вартасці паэзіі Гацье, якія заключаюцца “в изяществе отделки всегда безукоризненного стиха, в изысканности выражений” [2, 360], крытык звярнуў увагу чытача таксама і на адмоўны бок засяроджанасці паэта выключна на дасягненні фармальнай дасканаласці. Рэцэнзуемая кніга мае, на думку Багдановіча, “один убийственный недостаток: то, что в ней искусно, в то же время и весьма искусственно” [2, 360]. Самым істотным пралікам у кнізе Гацье яе рэцэнзент лічыў тое, што “в ней очень много мастерства и очень мало поэзии. В ее тщательно отточенных стихах не чувствуется «веяния духа живого», все они красивы, но холодны” [2, 360].

“Халоднасць” верша звязваецца Багдановічам з лішкам паэтычнай тэхнікі, з празмерным акцэнтаваннем ролі майстэрства, якое можа пры пэўных умовах не самым лепшым чынам уздзейнічаць на непасрэднасць лірычнага выражэння. “Холад мыслі”, як мы памятаем па вершаванаму апавяданню “Вераніка”, можа выступаць як фактар, што садзейнічае выспяванню паэтычнага пачуцця. Але “халоднасць” як знак адстароненасці творцы ад усяго, што можа яднаць яго самаго і яго твор з рэальнасцю, з’яўляецца не чым іншым, як прыкметай збяднення мастацкага свету. Заўважаючы падобныя тэндэнцыі ў паэзіі французскага паэта, Багдановіч суадносіў іх і з творчай практыкай рускіх акмеістаў, у першую чаргу М. Гумілёва. У сваёй рэцэнзіі ён адзначае, што пераклады твораў Гацье зроблены Гумілёвым і, больш таго, падкрэслівае “духовное сродство французского поэта и его русского переводчика” [2, 360]. Дзякуючы гэтаму, як лічыць Багдановіч, акцэнт у перакладчыцкай працы прыпадае якраз на фармальныя элементы вершаванага твора. Такім чынам, Багдановіч змяшчае разглядаемую з’яву ў шырокі кантэкст, які выходзіць за межы адной нацыянальнай літаратуры.

Ва ўсіх літаратурных эпохах, нацыянальных традыцыях, мастацкіх напрамках Багдановіч знаходзіў і вылучаў найперш тое, што адпавядала яго ўласным мастацка-эстэтычным памкненням, з чым ён мог пагаджацца, засвойваючы і развіваючы, або весці творчую палеміку. Мастацкі свет паэта, які вызначаецца сваім універсалізмам і шматахопнасцю, мог увабраць у сябе многае.


Літаратура

1. Бярозкін Р. Свет Купалы. Звенні: Літаратурная крытыка. Выбранае / Р. Бярозкін. – Мінск, 1981.

2. Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. – Т. 2. – Мінск, 1993.

3. Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. – Т. 3. – Мінск, 1995.

4. Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. – Т. 1. – Мінск, 1991.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconВаенны досвед Аляксея Пысіна
Гарадніцкі, Я. Ваенны досвед Аляксея Пысіна / Яўген Гарадніцкі // Лім. 2009. 18 верас. С. 13

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconУ вочы Андрэй Андрэевіч. Атаман, бацька, папаня
То праслізала ліслівасць ліпучая, брудная, даўкая, чалавечая адвечная ліслівасць. Тады насупліваліся бровы, глыбей рабіліся маршчакі...

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconЯўген Будзінас, вядомы пісьменьнік, публіцыст І бізнэсоўца, выпусьціў у Маскве сваю новую кнігу "Давайце, дзяўчаты "
Яўген Будзінас, вядомы пісьменьнік, публіцыст І бізнэсоўца, выпусьціў у Маскве сваю новую кнігу “Давайце, дзяўчаты ”

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч icon«і нстытут г І сторы і» удк 902(476)’’631/634’’(043. 3) Зуева
Навуковы кіраўнік Егарэйчанка Аляксандр Андрэевіч, доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры археалогіі І спецыяльных гістарычных...

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconПерад вамі незвычайны, шахматна-паэтычны твор. Яго аўтар Яўген Дзвізаў са Жлобіна. Эцюд Я. Дзвізава адлюстроўвае змест славутай "Пагоні" Максіма Багдановіча
Перад вамі незвычайны, шахматна-паэтычны твор. Яго аўтар – Яўген Дзвізаў са Жлобіна. Эцюд Я. Дзвізава адлюстроўвае змест славутай...

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconSwedish Institute Embassy of Sweden Сentre for Swedish Studies
«Структура войскаў вікінгаў. Рэканструкцыя зброі І амуніцыі» Яўген Рачко, аспірантура бду

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconГары Потэр І Рэліквіі Смерці
...

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconПатрыярх беларускага адраджэння
Беларускай граматыкі для школ” Браніслаў Тарашкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратурнай крытыкі Яўген Хлябцэвіч, бібліёграф...

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconСёньня ў Менску адкрылася выстава вядомага беларускага мастака й мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава, прымеркаваная да яго юбілею. Сёлета творцу споўнілася б 80
Творчая спадчына Леаніда Дробава дэманструецца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Гаворыць мастацтвазнаўца Яўген Шунейка

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч iconНавейшая гісторыя Беларусі Мірановіч Яўген Уступ
Польшча”, таму ўзнікненне на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў беларускага нацыянальнага руху пераважнай большасцю польскіх элітаў успрымалася...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка