1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання




Назва1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання
Дата канвертавання11.03.2013
Памер159.1 Kb.
ТыпДокументы
Тэхналогія стварэння электронных тэстаў


1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання.

2 Тыпалогія тэстаў і тэставых заданняў, структура тэстаў і асаблівасці іх арганізацыі.

3 Распрацоўка электронных тэстаў з выкарыстаннем спецыялізаваных праграмна-інструментальных сродкаў.


1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання.

У сістэму навучання ў апошні час актыўна ўваходзяць тэставыя тэхналогіі.

На сённяшні дзень тэсціраванне лічыцца адным з самых эфектыўных спосабаў праверкі ведаў як у школьнай, так і ў вузаўскай практыцы. Пры тэсціраванні выкарыстоўваюцца як папяровыя, так і электронныя варыянты. Апошнія дазваляюць атрымаць вынік адразу пасля завяршэння тэста.

Тэсціраванне – адзін з раздзелаў дыягностыкі. Тэсціраванне прымяняецца ў тэхніцы, медыцыне, псіхіатрыі, адукацыі для вызначэння прыдатнасці аб’екта тэсціравання для выканання тых ці іншых функцый. Якасць тэсціравання і сапраўднасць яго вынікаў у значнай ступені залежыць ад тэстара.

У педагогіцы тэсціраванне выконвае 3 асноўныя ўзаемазвязаныя функцыі: дыягнастычную, навучальную і выхаваўчую.

Дыягнастычная функцыя заключаецца ў выяўленні ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў вучня або студэнта. Гэта самая асноўная функцыя тэсціравання. Па аб’ектыўнасці, шырыні і хуткасці дыягнасціравання тэсціраванне пераўзыходзіць усе астатнія формы педагагічнага кантролю.

Навучальная функцыя тэсціравання заключаецца ў матывацыі вучня да актывізацыі працы па засваенню вучэбнага матэрыялу.

Выхаваўчая функцыя праяўляецца ў перыядычнасці і непазбежнасці тэставага кантролю. Гэта дысцыплінуе, арганізуе дзейнасць вучня, дапамагае выявіць і ліквідаваць прабелы ў ведах, фарміруе неабходнасць развіваць свае здольнасці.

Тэст – гэта стандартызаваны, кароткі, абмежаваны ў часе іспыт, прызначаны для ўстанаўлення колькасных і якасных індывідуальных адрозненняў.

Паміж простым перакладам слова тэст і сэнсам паняцця ў навуцы існуюць адрозненні. Часцей сустракаецца спрошчанае ўспрыняцце паняцця тэст як простага выбару аднаго адказу з некалькіх прапанаваных да пытання. Шматлікія прыклады такіх “тэстаў” лёгка знайсці ў газетна-часопіснай перыёдыцы, у розных конкурсах і кніжных публікацыях.

Але часта гэта не тэсты, а нешта знешне падобнае на іх. Звычайна гэта зборнікі пытанняў і задач, разлічаных на выбар аднаго правільнага адказу з ліку прапанаваных. Яны толькі знешне падобныя на сапраўдны тэст. Адрозненні ў разуменні сутнасці тэстаў нараджаюць адрозненні ў адносінах да тэстаў.

Традыцыйны тэст уяўляе сабой стандартызаваны метад дыягностыкі ўзроўню і структуры падрыхтаванасці. Асобы, якія выпрабоўваюцца, адказваюць на адны і тыя самыя заданні, у аднолькавы час, у аднолькавых умовах і з аднолькавымі правіламі ацэнкі адказаў. Галоўная мэта прымянення традыцыйных тэстаў – устанавіць узровень ведаў і вызначыць месца (рэйтынг) кожнага з удзельнікаў.

У тэст імкнуцца адабраць мінімальна дастатковую колькасць заданняў, якая дазваляе параўнальна дакладна вызначыць узровень і структуры падрыхтаванасці. Інтэрпрэтацыя вынікаў тэсціравання вядзецца пераважна з апорай на сярэднюю арыфметычную і так званыя працэнтныя нормы, якія паказваюць колькасць працэнтаў іспытантаў мае тэставы вынік горшы за любога іншага іспытанта. Такая інтэрпрэтацыя тэставых вынікаў называецца нарматыўна-арыентаванай.

Шырокае прымяненне тэстаў у адукацыі пачалося ў 1894 г., у ЗША, калі ў школах ўпершыню з’явіліся тэсты паспяховасці для праверкі правапісу. Тэсты тады падзяляліся на: педагагічныя (Educational Test) і псіхалагічныя (Intelligence Test) і выкарыстоўваліся з мэтай аб’яднання ў групы вучняў, якія засвойваюць роўны па аб’ёме матэрыял з аднолькавай хуткасцю.

У ЗША пачатку 20 ст. актыўна распрацоўваліся тэсты інтэлекту для вызначэння каэфіцыента разумовага развіцця, памяці, увагі, успрымання. У 20-я гады 20 ст. тэсты уводзяцца для праверкі правапісу, арыфметыкі і большасці школьных прадметаў. З 30-х гадоў 20 ст. пошукі спецыялістаў накіроўваюцца на павышэнне аб’ектыўнасці тэстаў, стварэнне бесперапыннай сістэмы школьнай тэставай дыягностыкі, падпарадкаванай адзінай ідэі і агульным прынцыпам.

Педагогіка Расіі пачатку 20 ст. прыняла тэставую аснову аб’ектыўнага школьнага кантролю. На стыку псіхалогіі, сацыялогіі, педагогікі і іншых паводзінных навук з’явілася педагагічная тэсталогія – прыкладная метадычная тэорыя навуковай педагогікі, асноўнымі паняццямі якой сталі вымярэнне, тэст, змест і форма заданняў, надзейнасць і валіднасць вынікаў вымярэння. У тэсталогіі выкарыстоўваліся і паняцці статыстыкі: выбарная і генеральная сукупнасць, сярэднія паказчыкі, варыяцыя, карэляцыя, рэгрэсія.

У 20-я гады 20 ст. праблемай распрацоўкі тэстаў займаліся многія расійскія вучоныя-псіхолагі. Аднак у 30-я гады навуку аб тэстах назвалі буржуазнай, а яе мэты рэакцыйнымі. У 1936 г. пасля Пастановы ЦК ВКП(б) “Аб педалагічных скажэннях у сістэме Наркамасветы” былі ліквідаваны не толькі інтэлектуальныя, але і тэсты паспяховасці.

Актыўнае ўвядзенне тэстаў у адукацыйны працэс пачалося толькі на мяжы 20-21 ст.

Педагагічны тэст – гэта сістэма заданняў узрастаючай цяжкасці, спецыфічнай формы, якія дазваляюць якасна і эфектыўна вымяраць узровень і ацаніць структуру падрыхтаванасці навучэнцаў.

Пры гэтым сістэма абазначае тое, што ў тэсце сабраны заданні з сістэмастваральнымі якасцямі: агульная прыналежнасць да адной сістэмы ведаў (вучэбнай дысцыпліны, раздзелу, тэмы), сувязь і ўпарадкаванасць заданняў. Для выніковай атэстацыі выпускнікоў школ трэба распрацоўваць інтэграваныя заданні, змест якіх ахоплівае сістэму ведаў. У педагагічным тэсце заданні знаходзяцца па меры ўзрастання цяжкасці – ад самага лёгкага да самага цяжкага. Такім чынам, галоўная фармальная сістэмастваральнай прыкметай тэсту – адрозненне заданняў па ступені іх цяжкасці.

Спецыфічная форма тэставых заданняў адрозніваецца тым, што заданні тэсту – гэта не пытанні і не задачы, а заданні, сфармуляваныя ў форме выказванняў, сапраўдных ці ілжывых, у залежнасці ад адказаў. Традыцыйныя пытанні, наадварот, сапраўднымі або ілжывымі не бываюць, а адказы на іх часта настолькі няпэўныя і шматслоўныя, што для выяўлення іх правільнасці патрабуюцца затраты інтэлектуальнай энергіі выкладчыкаў. Такім чынам, традыцыйныя пытанні і адказы нетэхналагічныя, і таму іх лепш не ўключаць у тэст.

Змест тэсту – гэта выкарыстанне толькі такога кантрольнага матэрыялу, які адпавядае зместу вучэбнай дысцыпліны.

Узрастаючая цяжкасць падобная на бар’еры на бегавой сцежцы стадыёна, дзе кожны наступны бар’ер вышэйшы за папярэдні. Навучэнцы сярэдняга ўзроўню падрыхтаванасці могуць адказаць правільна на палову заданняў, а самыя лепшыя – даюць правільны адказ на заданні самага высокага ўзроўню цяжкасці ў канцы тэсту.

Адказ на заданне педагагічнага тэсту – гэта кароткая выснова, звязаная па змесце і форме са зместам задання. Кожнаму заданню ставяцца ў адпаведнасць адказы правільныя і няправільныя. Крытэрыі правільнасці загадзя вызначаюцца аўтарамі тэсту. Верагоднасць правільнага адказу на любое заданне залежыць ад адпаведнасці ўзроўню ведаў іспытанта і ўзроўню цяжкасці задання. Інструкцыя ў такіх выпадках: “Абвядзіце кружком нумар (націснеце на клавішу) правільнага адказу!”

Праз тэсціраванне часцей за іншыя прыкметы правяраюцца веды, уменні, навыкі, уяўленні. З пункту погляду педагагічных вымярэнняў кажуць пра два асноўныя паказчыкі якасці ведаў: узровень і структура ведаў. Яны ацэньваюцца праз рэгістрацыю адзнак, як за веданне, так і за няведанне усіх кампанентаў матэрыялу. Для аб’ектывізацыі гэтага працэсу усе кампаненты павінны быць аднолькавыя, як і правілы выстаўлення адзнак іспытантаў.

Узровень ведаў выяўляецца пры аналізе адказаў кожнага вучня на ўсе заданні тэсту. Чым больш правільных адказаў, тым вышэй індывідуальны тэставы бал іспытанта. Звычайна гэты тэставы бал асацыіруецца з паняццем узровень ведаў і праходзіць працэдуру ўдакладнення на аснове той ці іншай мадэлі педагагічнага вымярэння. Адзін і той самы узровень ведаў можа быць атрыманы за кошт адказаў на розныя заданні.

Перавагі тэсціравання

Тэсціраванне больш якасны і аб’ектыўны спосаб ацэньвання ведаў, што дасягаецца праз стандартызацыю працэдуры правядзення, праверкі паказчыкаў якасці заданняў і тэстаў цалкам.

Тэсціраванне – больш справядлівы метад, бо ставіць усіх навучэнцаў у роўныя ўмовы і ў працэсе кантролю, і ў працэсе ацэнкі ведаў, выключаючы суб’ектывізм выкладчыка. Тэсціраванне дазваляе знізіць колькасць апеляцый, зрабіць працэдуру ацэньвання аднолькавай для ўсіх незалежна ад месца пражывання, тыпу і віду адукацыйнай установы.

Тэсты – больш аб’ёмны інструмент, бо тэсціраванне можа ўключаць у сябе заданні па ўсіх тэмах курсу, выключаючы элемент выпадковасці пры выцягванні білета. Тэсціраванне дазваляе ўстанавіць ўзровень ведаў і па прадмеце ў цэлым, і па асобных яго раздзелах.

Тэст – больш дакладны інструмент, бо шкала тэсціравання, напрыклад, з 20 пытанняў складаецца з 20 дзяленняў.

Тэсціраванне больш эфектыўнае з эканамічнага пункту погляду. Асноўныя затраты на тэсціраванне прыходзяцца на распрацоўку якаснага інструментарыя і маюць разавы характар. Правядзенне тэсціраванне і кантроль вынікаў у групе з 30 чалавек займае 1,5-2 гадзіны, а вусны экзамен – не менш за 4 гадзіны.

Тэсціраванне – больш мяккі інструмент, бо маюцца роўныя ўмовы для ўсіх навучэнцаў, выкарыстоўваецца адзіная працэдура і адзіныя крытэрыі ацэнкі, што прыводзіць да зніжэння перадэкзаменацыйных нервовых напружанняў.

Недахопы тэсціравання

Распрацоўка якаснага тэставага інструментарыя – доўгі, працаёмкі і дарагі працэс.

Дадзеныя, атрыманыя ў выніку тэсціравання, не дазваляюць рабіць высновы аб прычынах прабелаў у ведах.

Тэст не дазваляе праверыць і ацаніць высокія, прадуктыўныя ўзроўні ведаў, звязаныя з творчасцю, верагоднасныя, абстрактныя і метадалагічныя веды.

Шырыня ахопу тэм у тэсціраванні мае адваротны бок: навучэнец не мае часу для глыбокага аналізу тэмы.

Забеспячэнне аб’ектыўнасці і справядлівасці тэсту патрабуе прыняцця спецыяльных мер па забеспячэнні канфідэнцыяльнасці тэставых заданняў. А пры паўторным прымяненні тэсту пажадана унясенне ў заданні змен.

У тэсціраванні прысутнічае элемент выпадковасці. Напрыклад, навучэнец не адказаў на простае пытанне і даў адказ на больш складанае, угадаўшы яго. З гэтай прычыны пры складанні тэставых заданняў трэба памятаць:

рабіць правільны адказ больш кароткім, бо пры ўгадванні звычайна звяртаюць увагу на больш разгорнутыя і абгрунтаваныя адказы;

калі адказы ўтвараюць паслядоўнасць, правільны адказ можа быць з краю, бо ўгадваючы рэспандэнт імкнецца даць сярэдні адказ;

пры ўгадванні выбіраюць больш навуковыя адказы з малавядомымі і замежнымі словамі;

пры ўгадванні выбіраюць адказы, якія нагадваць па стылі напісання штосьці знаёмае.

2 Тыпалогія тэстаў і тэставых заданняў, структура тэстаў і асаблівасці іх арганізацыі.


Традыцыйныя тэсты валодаюць складам, цэласнасцю і структурай, складаюцца з заданняў, правіл іх прымянення, адзнак за выкананне кожнага задання і рэкамендацый па інтэрпрэтацыі тэставых вынікаў. Вынікі традыцыйнага тэста залежаць ад колькасці пытанняў, на якія быў дадзены правільны адказ.

Сярод нетрадыцыйных тэстаў выдзяляюцца інтэгратыўныя, адаптыўныя, шматступенчатыя і крытэрыйна-арентаваныя.

Інтэгратыўныя тэсты складаюцца з сістэмы заданняў, якія накіраваны на абагуленую выніковую дыягностыку падрыхтаванасці выпускніка адукацыйнай установы. Дыягностыка праводзіцца праз прад’яўленне такіх заданняў, правільныя адказы на якія патрабуюць інтэграваных (абагуленых і ўзаемазвязаных) ведаў дзвюх і больш вучэбных дысцыплін.

Адаптыўныя тэсты – гэта варыянт аўтаматызаванай сістэмы тэсціравання, у якой загадзя вядомы параметры цяжкасці і дыферэнцуючай здольнасці кожнага задання. Гэта сістэма створана ў выглядзе камп’ютарнага банка заданняў, упарадкаваных у адпаведнасці з неабходнымі характарыстыкамі заданняў. Галоўная характарыстыка заданняў адаптыўнага тэсту – узровень цяжкасці, атрыманы вопытным шляхам: кожнае заданне перад тым, як трапіць у банк, праходзіць эмпірычную апрабацыю на дастаткова вялікай колькасці тыповых навучэнцаў неабходнага кантынгенту.


Віды тэставых заданняў

Выбар тыпу і віду тэставага задання вызначаецца мэтамі тэсціравання, характарам матэрыялу, засваенне якога неабходна выявіць, узроставымі асаблівасцямі іспытантаў, кадравым і рэсурсным забеспячэннем, запасам часу.





Тэставыя заданні закрытага тыпу – кожнае пытанне суправаджаецца гатовымі варыянтамі адказаў, з якіх неабходна выбраць адзін ці некалькі правільных.

Тэставыя заданні адкрытага тыпу – на кожнае пытанне іспытант павінен прапанаваць свой адказ: дапісаць слова, словазлучэнне, сказ, знак, формулу.

Множны выбар – іспытанту неабходна выбраць адзін ці некалькі правільных адказаў з прыведзенага спісу.

Альтэрнатыўны выбар – іспытант павінен адказаць “так” ці “не”.

Устанаўленне адпаведнасці – іспытанту прапануецца установіць адпаведнасць двух спісаў.

Устанаўленне паслядоўнасці – іспытант павінен падабраць пэўную паслядоўнасць для элементаў.

Свабоднае выкладанне – іспытант самастойна фармулюе адказ, ніякія абмежаванні на накладаюцца.

Дапаўненне – іспытант фармулюе адказы з улікам прадугледжаных у заданні абмежаванняў (напрыклад, дапоўніць сказ)


Патрабаванні да зместу тэставых заданняў

Змест тэсту – аптымальнае адлюстраванне зместу адукацыі ў сістэме тэставых заданняў. У выніку шматлікіх прычын аб’ём ведаў, якія правяраюцца, заўсёды меншы за аб’ём ведаў, прапанаваных на занятках. Веды, якія правяраюцца – гэта частка зместу вучэбнай дысцыпліны, засваенне якой навучэнцамі падпадае пад абавязковы кантроль у адукацыйнай установе.

Валіднасць тэсту – адпаведнасць зместу тэсту вынікам навучання, зафіксаваным у праграме. Валіднасць адлюстроўвае, што менавіта павінен вымераць тэст, паказвае, наколькі тэст вымярае тую якасць, для ацэнкі якой прызначаны. Валіднасць правяраецца на аснове параўнання вынікаў выкарыстання тэсту з вынікамі праверкі ўзроўню навучанасці пратэсціраваных школьнікаў іншымі метадамі (вуснае апытванне, самастойная, кантрольная работа) і з бягучай паспяховасцю навучэнцаў.

Вызначанасць тэсту – добрае разуменне іспытантам пры чытанні тэсту заданняў.

Стандартызаванасць – адзінства працэдуры правядзення тэсціравання і падвядзення яго вынікаў.

Надзейнасць – здольнасць тэсту з дастатковай аднолькавасцю характарызаваць даследаваны ў дыдактычных эксперыментах паказчык як задання ў цэлым, так і яго частак, у якой меры паўтарэнне тэсту прывядзе да тых самых вынікаў. Павышэнню надзейнасці тэсту садзейнічае яго прастата, дакладнае выкананне ўмоў тэсціравання, выключэнне магчымасці ўплыву пабочных фактараў (падказкі, спісванне).

Прагнастычная каштоўнасць тэсту – магчымасць выкарыстання вынікаў тэсту ў наступнай дзейнасці (пры паўтарэнні дрэнна засвоенага матэрыялу).

Прастата – дакладнасць і кароткасць фармулёўкі заданняў. Паказчыкі прастаты – хуткасць выканання задання.


Патрабаванні да заданняў:

  1. Змест задання павінен адпавядаць праграмным патрабаванням і адлюстроўваць змест навучання.

  2. Кожнае заданне фармулюецца на звычайнай і зразумелай мове.

  3. Па магчымасці заданне не павінна ўтрымліваць пытання, а адказ павінен з’яўляцца працягам задання.

  4. Фармулёўка задання вытлумачвае пастаўленую перад іспытантам задачу, мова і тэрміны, абазначэнні, графічныя выявы і ілюстрацыі павінны быць адназначна зразумелымі.

  5. Фармулёўка адказаў павінна адпавядаць фармулёўцы пытання, не павінна быць адказаў, адразу заўважных як неверагодныя.

  6. Калі выкарыстоўваюцца заданні розных тыпаў, іх неабходна раздзяляць у тэсціруючай праграме (розным колерам).

  7. Даўжыня задання, як і адказаў, па магчымасці не павінна перавышаць 10 слоў.

  8. Колькасць варыянтаў адказаў – 5-6.

  9. Уважліва трэба выкарыстоўваць словы часам, часта, заўсёды, усе, ніколі.

  10. Пытанне фармулюецца пазбягаючы словы вялікі, невялікі, малы, шмат, многа, мала, менш, больш.

  11. Неабходна пазбягаць пабочных фраз і сказаў, бо яны прыводзяць да правільнага адказу нават, калі навучэнец яго не ведае.

  12. Пры павелічэнні колькасці заданняў павышаецца надзейнасць тэсту.

  13. Тэст па магчымасці павінен уключаць заданні розных відаў і тыпаў, што павышае яго дакладнасць.

  14. Пабудова адказаў па прынцыпе “так” - “не” зніжае надзейнасць тэстаў.

  15. У тэсце не выкарыстоўваюць заданні-лавушкі, правакацыйныя пытанні.

  16. У тэсце не павінна быць задач, якія даюць адказы на іншыя пытанні.

  17. Трэба пазбягаць пытанняў, адказаць на якія можна на аснове агульнай эрудыцыі без спецыяльных ведаў, атрыманых пры вывучэнні дадзенай дысцыпліны.

  18. Можна выкарыстоўваць дыяграмы, табліцы, малюнкі, схемы, блок-схемы.

  19. Няправільныя адказы павінны быць разумныя, без недакладнасцей і падказак. Правільныя і няправільныя адказы павінны быць адназначныя па змесце, структуры і агульнай колькасці слоў. Можна прымяняць памылковыя адказы, узятыя з вопыту.

  20. Варыянты адказаў павінны быць граматычна дапасаваны з асноўнай часткай задання, выкарыстоўвайце кароткія, простыя сказы, без залежных ці незалежных зваротаў.

  21. Радзей трэба выкарыстоўваць адмоўе ў асноўнай частцы, падвоеныя адмоўі (Чаму нельга не рабіць...?)

  22. Адказ на пастаўленае пытанне не павінен залежаць ад папярэдніх адказаў

  23. Калі ставіцца пытанне колькаснага характару, адказы павінны ісці па ўзрастанні, а тэкставыя адказы – па алфавіце.

  24. Лепш не карыстацца адказамі “ніводны з пералічаных” і “усе пералічаныя”.

  25. Неабходна пазбягаць паўтарэння.

  26. Месца правільнага адказу не павінна паўтарацца, каб не было заканамернасцей.

  27. Неабходна пазбягаць пытанняў, якія даюць перавагі іспытантам пэўнага полу, нацыянальнасці, расы.


3 Распрацоўка электронных тэстаў з выкарыстаннем спецыялізаваных праграмна-інструментальных сродкаў.

З пачаткам актыўнага развіцця камп’ютарных тэхналогій адным з электронных сродкаў навучання (ЭСН) сталі камп’ютарныя тэсты.

Асноўныя этапы ацэнкі выніковасці навучання з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання лічацца:

1 Дакладнае фармуляванне патрабаванняў да ведаў, уменняў і навукаў навучэнцаў. Патрабаванні фармулююцца да пачатку навучання і стварэння ЭСН і павінны адпавядаць зместу і метадам навучання.

2 Распрацоўка кантрольна-вымяральных падсістэм ЭСН для правядзення тэсціравання навучэнцаў. Матэрыялы распрацоўваюцца ў дакладнай адпаведнасці з патрабаваннямі да ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў. Для кожнага задання ўказваецца, якому патрабаванню яно адпавядае.

3 Распрацоўка тэхналогій тэсціравання навучэнцаў, вызначэнне ролі ЭСН у вымярэнні выніковасці навучання.

4 Экспертная ацэнка якасці кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Праверка адпаведнасці кантрольна-вымяральных матэрыялаў зместу навучання і патрабаванням да ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў. Ацэнка паўнаты пакрыцця патрабаванняў вымяральнымі матэрыяламі.

5 Правядзенне вымярэнняў з выкарыстаннем распрацаваных ЭСН. Ацэнка якасці навучання можа праводзіцца як у межах бягучага вучэбнага працэс, так і па яго заканчэнні ў канцы вучэбнага года. Вымярэнне праводзіцца выкладчыкам з выкарыстаннем ЭСН.

6 Вызначэнне вынікаў вымярэнняў, шкаліраванне вынікаў, прывядзенне іх да адзінай сістэмы ацэньвання, параўнанне вынікаў, фармуляванне вывадаў па якасці навучання школьнікаў з выкарыстаннем ЭСН.


Спосабы стварэння электроннага тэста

Пасля складання тэставых заданняў, неабходна вызначыцца з праграмай, якая дазволіць правесці камп’ютарнае тэсціраванне. Знайсці гатовы канструктар тэстаў магчыма ў інтэрнэце.

1 Праграма MyTest - www.klyaksa.net – аўтар праграмы – Башлакоў Аляксандр Сяргеевіч (Унеча, Бранская вобл., РФ). Распрацоўваецца гэта праграма з 2003 года, за гэты час выйшла некалькі розных версій, кожная з якіх уключала ў сябе лепшае з папярэдніх і прапаноўвала новыя магчымасці.

MyTest – гэта сістэма праграм (праграма тэсціравання, рэдактар тэстаў і журнал вынікаў) для стварэння і правядзення камп’ютарнага тэсціравання, збору і аналізу вынікаў, выстаўлення адзнак па ўказанай у тэсце шкале. Праграма лёгкая і зручная ў карыстанні. Для стварэння тэстаў маецца зручны рэдактар тэстаў з сяброўскім інтэрфейсам. Пры наяўнасці камп’ютарнай сеткі можна раганізаваць цэнтралізаваны збор і апрацоўку вынікаў тэсціравання з дапамогай журнала MyTest. Таксама можна арганізаваць раздачу тэстаў праз сетку, што дазваляе не капіраваць файлы тэстаў кожны раз.

Праграма мае 10 тыпаў заданняў:

  1. Адзінкавы выбар (тэсціруемаму прапануецца выбраць толькі адзін з некалькіх варыянтаў).

  2. Множны выбар (тэсціруемаму прапануецца выбраць адзін або некалькі варыянтаў адказаў з некалькіх прапанаваных).

  3. Указанне сапраўднасці ці ілжывасці сцверджанняў (заданне прапануе выбар сцверджання “праўда” або “няпраўда” са спіска ўсіх прапанаваных варыянтаў).

  4. Устанаўленне паслядоўнасці (тэсціруемаму прапануецца ўпарадачыць спіс, г.зн. для кожнага элемента (варыянта адказу) неабходна ўказаць яго парадкавы нумар).

  5. Устанаўленне адпаведнасці (дадзены два слупкі, для кожнага варыянта з першага слупка неабходна ўказаць адпаведны варыянт з другога).

  6. Ручны ўвод лічбы (лічбаў) (пытанне на ручны ўвод лічбы ўяўляе сабой увод лічбы або некалькі лічбаў у якасці адказа).

  7. Ручны ўвод тэксту (увядзенне тэкставага радка або некалькі радкоў у якасці адказа. Можна ўвесці не адзін, а некалькі варыянтаў адказу).

  8. Выбар месца на выяве

  9. Перастаноўка літар (адказам да гэтага тыпу заданняў з’яўляецца слова або тэкст. Літары неабходнага слова выводзяцца ў асобных абласцях (прамавугольных блоках) і ў хаатычным парадку. Тэсціруемы з дапамогай мышкі абменьвае літары месцамі. Разлічаны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту).

  10. Запаўненне пропускаў (заданне тыпу запоўніце пропускі

Праграма прадугледжвае часавае абмежаванне выканання тэсту і некалькі рэжымаў выканання.

Праграма можа выкарыстоўвацца не толькі для кантролю, але і для навучання і дазваляе навучэнцу самастойна знайсці прабелы ў структуры ведаў. Пры ўключэнні навучаючага рэжыму навучэнец атрымлівае інфармацыю пра свае памылкі.

2 Генератар тэстаў (www.testobr.narod.ru/doc/generator.zip) стварае тэсты ў фармаце HTML. Можна самім задаваць колькасць пытанняў, варыянтаў адказаў. Улічваецца і складанасць пытанняў. Тэсты ствараюцца MS Explorer 6.0 і вышэй, а затым працуюць пад кіраўніцтвам любога браўзара, які падтрымлівае JavaScript.

3 Праграма Hot Potatoes (гарачая бульба) (http://web.uvic.ca/hrd/hotpot) – праграма распрацавана ў 1997-2003 гг. у Цэнтры інфармацыйных тэхналогій у гуманітарнай адукацыі Універсітэта Вікторыі (Канада). Аўтары праграмы – Сцюарт Арнэйл (Stewart Arneil – HTML, JavaScript, праграмаванне для Macintosh), Марцін Холмс (Martin Holmes – HTML, JavaScript, праграмаванне для Windows, аўтар апошняй 6 версіі праграмы (кастрычнік 2003 г.) http://www.mholmes.com), Хілары Стрыт (Hilary Street, кампанія «Interdesign Media» – графика).

“Гарачая бульба” – гэта інструментальная праграма-абалонка, якая дае магчымасць ствараць інтэрактыўныя заданні і тэсты для кантролю і самакантролю навучэнцаў. З дапамогай праграмы можна стварыць 10 тыпаў практыкаванняў і тэстаў па разнастайных дысцыплінах з выкарыстаннем тэкставай, графічнай, аўдыа- і відэаінфармацыі. Заданні захоўваюцца ў фармаце вэб-старонкі, і для іх выкарыстання неабходны вэб-браўзар.

У склад праграмы ўваходзяць 5 блокаў праграм для складання заданняў і тэстаў розных відаў. Кожны з блокаў можа выкарыстоўвацца як самастойная праграма: JQuiz – віктарына – пытанні з множным выбарам адказу; JCloze – запаўненне пропускаў; JMatch – устанаўленне адпаведнасцей; JMix – узнаўленне паслядоўнасці; JCross – крыжаванка.

Практыкаванні выконваюцца ў рэжыме самакантролю. Рэжым тэсціравання прадугледжаны для пытанняў з множным выбарам адказу. Вынік выканання ацэньваецца ў працэнтах.

Для стварэння тэсту можна выкарыстаць і офісныя дадаткі.

Стварэнне тэсту ў Power Point (недахоп – іспытант не бачыць, на якія пытанні даў памылковыя адказы, таму пасля такога тэсціравання трэба праводзіць яго абмеркаванне):

- з адным правільным варыянтам адказаў;

- з некалькімі правільнымі адказамі і ўводам адказаў.


Стварэнне тэсту ў электронных табліцах (MS Excell).

Стварэнне тэсту ў MS Word.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconНовая І навейшая гісторыя Азіі І Афрыкі «Гісторыя. Англійская мова» 4 курс
Краіны Азіі І афрыкі на пачатку навейшага часу. Узровень эканамічнага развіцця краін Усходу. Сацыяльная структура грамадства

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconСучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі І перспектывы развіцця
Сапраўды, гісторыя развіцця айчыннай любоў­най лі­рыкі выразна дэманструе за­леж­насць мастацкіх падыходаў ва ўвасабленні інтымных...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconКурсы павышэння кваліфікацыі: 2005 г., мэтавыя курсы па беларускай мове І літаратуры Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання
Выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках беларускай мовы І літаратуры

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconЗадача навукі гісторыі дзяржавы І права вывучэнне гістарычнага ходу падзей у ІХ канкрэтнасці І храналагічнай паслядоўнасці, выяўленне асноўных заканамернасцей развіцця структуры І дзейнасці органаў дзяржаўнай улады І правадносін грамадзян,
Гісторыя дзяржавы І права Беларусі вывучае працэсы ўзнікнення І развіцця дзяржавы І права на тэрыторыі нашай Радзімы ў ІХ цеснай...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconПершы вар’янт развіцця падзеяў "Гісторыя бсср у пяці тамах" гал рэд калегія Ігнаценка, Абэцэдарскі, Буслаў, Каменская, Караткевіч, Краўчанка І інш.,Выд-ва
Першы вар’янт развіцця падзеяў (“Гісторыя бсср у пяці тамах” гал рэд калегія Ігнаценка, Абэцэдарскі, Буслаў, Каменская, Караткевіч,...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconП, п)адуанскі універсітэт 4) (П,п)ушкінскія чытанні (У,у)сходнія славяне 5) (Ф, ф)едзевы малюнкі (А,а)йчынная гісторыя А12. Адзначце словы, утвораныя бяссуфіксным спосабам
На выкананне тэста адводзіцца 90 хвілін. Заданні рэкамендуецца вы-конваць паслядоўна. Калі заданне не ўдаецца выканаць адразу, пера-ходзьце...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання icon1. Прэамбула. Гісторыя І актуальны стан
Канцэпцыя развіцця беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (2012-2014)

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconТэма: непалярная І палярная кавалентная сувязь
Мэта ўрока: Стварыць умовы для развіцця паняцця аб хімімічнай сувязі. Даць паняцце аб электраадмоўнасці, кавалентнай палярнай І непалярнай...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconРэкамендацыі па падрыхтоўцы да тэсціравання па беларускай мове
Аб’ектыўная ацэнка вучэбных дасягненняў навучэнцаў пры дапамозе тэсціравання з’яўляецца найважнейшым паказчыкам якасці адукацыі,...

1 Вызначэнне паняцця тэста, гісторыя развіцця тэсціравання iconВучэбна-метадычная карта
Гісторыя ўзнікнення І развіцця кампаратывістыкі. Славутыя прадстаўнікі школы. Тыпы ўзаемасувязей І ўзаемадзеяння літаратур: кантактна-генетычныя...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка