Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці)




НазваГэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці)
Дата канвертавання11.03.2013
Памер61.16 Kb.
ТыпДокументы

... Гэтае святое слова мама

(Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці)


Гучыць “Песня пра маці” сл. Г. Бураўкіна, муз. І. Лучанка

Вядучы: Мама, маці, матуля! Словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, мілагучнымі песнямі над калыскай, мелодыяй пяшчоты; уяўляюцца малюнкамі клапатлівых працавітых рук, добрых дапытлівых вачэй, ласкавай усмешкай на родных вуснах.

Вядучы: Маці, мамачка, матулечка! Найдаражэйшы на свеце чалавек. Мы абавязаны ёй сваім нараджэннем. І ад самай першай хвіліны яна аберагае жыццё свайго немаўляці. Ад першага кроку і да гадоў даросласці, а нярэдка і пасля, яны – нашы берагіні, нашы анёлы-ахоўнікі.

Дэкламатар:

Двое дзяцей – двое вачэй:
Вейкі зліпаюцца,
Раніца блізка,
Ціха плыве
У світанні калыска.
Маці не спіць.
Маці не спіць...

Хворыя дзеці –
Матчыны слёзы...
Свету не бачыць, нібыта сляпая,
Ценем самотным нячутна ступае.
Маці з тугой і надзеяй,
Сэрца і кроў халадзее.

Дэкламатар:
Дзеці пабеглі зялёнаю сцежкай,
І засвяціліся вочы ўсмешкай –
Першае свята на свяце,
Першая радасць у маці.

Выраслі дзеці,
Пайшлі ў дарогу,
Зноў засмылела на сэрцы трывога:
Дзе мае дзеці?
Як мае дзеці?
Хоць бы не крыўдзілі людзі на свеце...

З раніцы тупае маці –
Радасць і свята на свяце.
Двое дзяцей – двое вачэй,
Многа яшчэ неспакойных начэй
Будзе ў маці.
С. Грахоўскі. в. “Маці не спіць”

Вядучы: Вобраз маці – самы распаўсюджаны ў беларускай літаратуры, асабліва паэзіі. І гэта не дзіўна. Кожны чалавек мае ў сэрцы пачуццё ўдзячнасці, пашаны да сваіх матуль, але не кожны знаходзіць патрэбныя словы, смеласць каб вымавіць іх. Некаму перашкаджае сарамлівасць, нехта лічыць, што не да твару сур’ёзным дарослым людзям падобныя сантыменты.


Вядучы:
А паэты так не лічаць. З пяшчотай і любоўю выпісваюць яны кожную рыску на матчыным твары, а кожнае яе слова прарастае ў паэтычных радках сыноў і дачок. Чытаем мы іх творы і думаем: “Тое самае і я хацеў бы сказаць аб сваёй маці”. І ў той жа час талент падказвае ім непадобныя да іншых словы, параўнанні, прызнанні. І паўстае перад намі вобраз любай, дарагой, сонечнай маці: кожнай па-асобку і БЕЛАРУСКАЙ МАЦІ, увабраўшай у сябе самыя лепшыя, дарагія рысы.

Вядучы: Якою ж бачым мы беларускую маці з твораў нашых літаратараў? Найперш, гэта працаўніца. Пачынаючы з Купалы і Коласа, усе яны спяваюць гімн рукам матулі, якія і накормяць, і адзенуць, і прылашчаць. Асабліва ўслаўляецца праца вясковых жанчын-маці, што цяжка працуючы на зямлі, здабывалі хлеб для сваіх дзяцей. Адмаўляючы сабе ва ўсім, выпраўлялі дзяцей у свет вучобы, працы, лепшага жыцця.

Дэкламатар:
...Непрыветна цераз вокны
Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Уся сямейка
Спіць, адпачывае.

Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
Туліцца пры печы.

Ды прадзе, прадзе кудзельку.
Скача вераценца,
А за ім густыя цені
Бегаюць па сценцы...
Я. Колас. “Маці”

Дэкламатар: З дзяцінства запаў у душу пах і смак матчынага хлеба, сакавітага, духмянага, любага. Яго прыгатаванне, выпечка – гэта цэлы рытуал. Рашчына, цеста, дзяжа ператвараліся ў матчыных руках і словах у элементы нейкага чарадзейства. Усё рабілася, замешвалася нетаропка, неяк ашчадна, з дзіўнай любасцю. Цеста падыходзіла, зноў і зноў старанна перамешвалася, а тым часам рыхтаваліся капусныя ці кляновыя лісты...
І вось, нарэшце, чуеш водар гарачага хлеба, спечанага з жытняй мукі. Маці тупала ля печы і даставала бярозавай лапатай румяныя боханы. Яна ўважліва аглядвала іх з усіх бакоў, брала ў рукі, потым нажом саскрабала рэшткі лістоў, абцірала халоднай вадой скарынку і мякка ўкладвала на лаве пад абразамі на белы саматканы ручнік. Пры гэтым нахвальвала, лашчыла кожны бохан, дзякавала сонцу, дажду, дзяжы, печы...
Алесь Сачанка.
Дэкламатар:
Іх цалавала зямля Пража нямала
Сваімі пясчанымі вуснамі З іх выпіла ў ночы бяссоныя
І каласамі; Свежасці ранняй.
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі Колькі сягоння на іх
Іх цалавала. Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамаў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
І на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце
І ў сэрцы.
М. Танк. “Рукі маці”

Вядучы: Калі паэзія пачынаеца са слова, якое ператвараецца ў вершаваныя радкі, то паэт, як і кожны чалавек, пачынаецца з маці. Ад яе набіраецца жыццёвай мудрасці, праз матчыны казкі, песні, паданні адкрывае перад імі свае таямніцы Сусвет.

Вядучы: “...Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці”, - прызнаваўся пясняр Янка Купала. “Ад маці ўся мая навука”, - сугучны з ім Максім Танк. “Мама – мая небадарная Біблія, якая мяне да жыцця прыручыла”, - сцвярджае Рыгор Барадулін.

Вядучы: “Я ў творчасці – маці сваёй паслядоўнік”, - паведаміў нам Пімен Панчанка. “Я музу параўнаў бы з роднай маці”, - высока ацаніў сваю матулю Аркадзь Куляшоў. Праз сваіх матуль пазнавалі яны беларускі народны характар з уласцівай яму незвычайнай дабрынёй, міласэрнасцю, мудрай разважлівасцю.

Вядучы: Ад матулі, нібы з чысцюткай крынічкі, пачынаецца ўсё самае лепшае ў чалавеку, ад яе – выток святога пачуцця адданасці Радзіме, якую мы таксама называем дарагім і светлым імем – Маці.

Вядучы: “Матчын дар” назваў свой адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік Алесь Гарун, што сведчыць аб вялікай любові аўтара да Радзімы і пашаны да маці. “Думы і песні, - падкрэсліваў ён, - з’явіліся не самі па сабе”. Усё што звязана з імі – талент, натхненне, захапленне прыгажосцю жыцця, крыўда за лёс свайго краю – падаравана яму Маці-Беларуссю і роднай маці.

Дэкламатар:
Твае ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары
Мне далі дум.
А дум тых многа... Не, не ўбога
Ты даў мне іх.
І ты ж, як маці, наўчыў спяваці
Аб думах тых. А. Гарун.

Дэкламатар:
...Маці, маці!
Над сінім азерцам
непагасная зорка гарыць прад вачыма.
Маці, маці!
Радзіма і ты,
толькі ты і Радзіма –
Дзве трывогі на сэрцы.
Дзве трывогі, два шчасці
з маленства са мною...
І паклон табе нізкі,
што ад самай калыскі
ты вяла мяне, маці,
няхітрай дарогай зямною!
К. Кірэенка.

Дэкламатар:
Калі вочы мае праясніла заранка
І жыцця расхінуўся абрус,
Над калыскай
спявалі тады калыханку –
Маці,
каліна
ды Беларусь.
Недзе зараз у сцішанай хаце
Пра мяне журбоціцца маці,

Засыпае мае пуцявіну
Белым цветам надзеі каліна.

І куды б не пайшоў – застаюся
Пад бусліным крылом Беларусі... С. Законнікаў.

Вядучы: У творах многіх пісьменнікаў знаходзім мы прызнанне, што родная мова, павага і любоў да яе прыйшла да іх з вуснаў маці. Праз матчыны казкі, песні, апавяданні нібы ад чыстай крыніцы прыходзіла да паэтаў Беларускае слова.

Дэкламатар:
Нам роднае слова матуля казала
З маленства, калі калыханку спявала,
Калі нас сароміла ў чымсьці, хваліла,
Калі нас звяртацца да Бога вучыла...
А. Хацкевіч

Дэкламатар:
Мова беларуская
Простая і добрая.
Ты як мой народ,
Шчырая і шчодрая.
Ты як спеў той птушкі,
Што гучыць на лузе,
Слаўная, цудоўная,
Дзіўных гукаў поўная.
Ты як смех дзіцяці,
Ласкавая, пяшчотная.
Ты як рукі маці,
Як Радзіма, - родная. Л. Лойкуц. “Мова мая”.

Дэкламатар:
Гук слова роднага, з якім ад першых дзён
Мяне ў калысцы маці калыхала...
Пах хлеба жытняга... Яму й цяпер жадзён,
Бо хлеба мне ў дзяцінстве не хапала...
І цяжка мне суцішыць і стрымаць
Пачуцці, расчуленне, хваляванне!
Цябе, Радзіма, буду апяваць,
Пакуль аж не ўздыхну я ў раз астатні. С. Дзяргай.

Вядучы: Самыя шчырыя і пранікнёныя радкі прысвечаны Маці, як захавальніцы роду, як настаўніцы духоўных і маральных каштоўнасцей, як высокаму і праўдзіваму Суддзі, якая праз сэрца прапускае ўчынкі сваіх дзяцей і звярае іх на чалавечнасць, справядлівасць, міласэрнасць. “Сумленне завецца словам кароткім – мама...” – сцвярджае паэт Рыгор Барадулін.

Вядучы: Нярэдка паэтычнае апяванне маці набліжаецца да абагаўлення, да сапраўднага малення. Не выпадкова і свята маці супадае з вялікім народным і царкоўным святам – Пакровамі, калі Божая Маці сваім пакровам абараніла людзей ад бяды. Так і кожная матуля нібы крыламі ахінае сваіх дзяцей ад усяго нядобрага. Яна прыходзіць заўсёды ў самую цяжкую хвіліну, калі з нашай душы вырываецца крык: мама! Пакуль жывая маці, здаецца, нічога табе ні страшна, як і ў маленстве, прытулішся да мамы – яна абароніць.

Дэкламатар:
Мамін суд,
высокі і праўдзівы -
звышспагадны, справядлівы гнеў.
Дакарала, але не судзіла.
Ад яе спагады свет святлеў.

Да каго
душою прыхінуўся?
Да каго спяшацца мне з дарог?
Церням твайго лёсу
павінюся,
Небу твайго болю
пакланюся.
Ты ўся была з людскіх трывог.

Жала, працавала да знямогі.
Сцежкі знала ўсе да аднае!
«Чыстая
перад людзьмі і Богам...»-
так сказалі людзі пра яе.
(Н.Загорская. Мамін суд...)

Дэкламатар:
З тых дзён, як жыву,
як хаджу я па свеце,
Я помню вас кожнага, дзеці, –
Паверце.
...Ад нараджэння мне доля судзіла,
Каб я па вашым следзе хадзіла,
Ваша сумленне заўсёды будзіла,
У шчасці спявала, у бядзе галасіла,
Звала з глушы і далёкіх дарог
У родную хату, на матчын парог.
Вітка В. “Беларуская калыханка”.

Дэкламатар:
А маці носіць боль душы
Маёй,
Як быццам мала болесці
Сваёй...
Такі характар нашых мацярок,
А мы даём зарок, нібы знарок,
І новы – робім небяспечны крок. Л. Галубовіч

Вядучы: Асобнай ноткай у творах беларускіх паэтаў гучыць тэма адносін дзяцей да сваіх дарагіх матуль. Прыемна чуць радкі, у якіх жыве пяшчота, любоў, удзячнасць. Такія творы вучаць моладзь не забываць сваіх бацькоў, клапаціцца аб іх, дапамагаць ва ўсім, прыслухоўвацца да мацярынскіх парад, даверыцца іх жыццёваму клопату.

Вядучы: І абавязкова гаварыць штодня, не адкладваючы на потым, словы падзякі за ўсё, што яны робяць для сваіх дзяцей. А калі не хапае неабходных слоў, не знаходзяцца прыгожыя параўнанні і думкі – на дапамогу зноў прыходзяць творцы.
Дэкламатар:
Дарагую матулю з пяшчотай
Я да сэрца свайго прыгарну,
І слязінку срабрыстую ўпотай
Са шчакі ў роднай хаце змахну.
С. Сцепанчук.

Дэкламатар:
Ты пагутар, матулька, са мною,
Прыхіні, як раней, да сябе,
І адчую сябе зноў малою,
Аб усім раскажу я табе.

Пацалую шурпатыя рукі,
Так нялёгка ім нас гадаваць.
Мама, мама, матуля, матулька,
Як пяшчотней цябе мне назваць?

Для мяне ты і сонца, і неба,
І паветра, і водбліск зары,
Для мяне ты ўвесь свет неабсяжны,
Я ж – я рэха тваё ў бары.
І. Мацкевіч.

Дэкламатар:
Я цалую рукі
Твае,
Чыстыя,
Як кроплі ранішняй
Расы,
Цёплыя,
Як промні летняга
Сонейка,
Пяшчотныя,
Як пералівы веснавой
Ручаінкі,
Ласкавыя,
Як блакіт неба
Радзімы.
Я цалую рукі твае
Святыя,
Мама.
Я пранясу дотык іх
Праз усё жыццё... А. Буйкевіч.

Гучыць песня “Трэба дома бываць часцей” /муз. І. Лучанка, сл. Р. Барадуліна/.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconСцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці
Вядучы: Мама, маці, матуля! Словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, мілагучнымі песнямі над калыскай, мелодыяй пяшчоты; уяўляюцца малюнкамі...

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconКанцэрн Беллегпрам уа "Баранавіцкі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці імя В. Я. Чарнышова" Метадычная распрацоўка класнай гадзіны, прысвечанай Дню Маці
Мама” – гэта першае слова, якое з любоўю І ўсмешкай вымаўляе дзіця! Мама гэта тое слова, якое часцей за ўсё паўтарае чалавек у дзень...

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconМама… Матуля… Маці… Самыя дарагія на свеце словы. А які невычэрпны сэнс гэтага адзінага слова мама! Слова, зразумелага на ўсіх мовах свету. У ім пяшчотная
Мама… Матуля… Маці… Самыя дарагія на свеце словы. А які невычэрпны сэнс гэтага адзінага слова – мама! Слова, зразумелага на ўсіх...

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconСвята, прысвечанае Дню Маці

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconСцэнарый склала настаўніца фальклорнага тэатра Алена Сямінская. Паказалі вучні 6-га класа ў 2002 годзе. Пастаноўка Алены Сямінскай
Хлопец. Так адбылася, што на Беларусі свята гэтае мае некалькі назваў. Грамаўнік, Грамніца, Стрэчанне гэта ўсё адно свята

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconФальклорнае свята "святое слова "хлеб"
Мэта: фарміраванне камунікатыўнай культуры вучняў праз вывучэнне традыцый беларускага народа

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconСцэнарый правядзення спартыўнага свята "Усе на старт!", прысвечанага пачатку навучальнага года Месца правядзення
Падняцце Дзяржаўнага сцяга. Для падняцця сцяга выклікаюцца лепшыя спартсмены мінулага навучальнага года

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconАддзел бібліятэчнага маркетынгу сцэнарый свята кнігі да 65-годдзя Вялікай Перамогі
Вядучы 1: Назаўсёды ўвайшла ў гісторыю нашай Радзімы Вялікая Айчынная вайна. Ваеннае ліхалецце 1941-45-х гадоў застанецца навечна...

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconГод кнігі крочыць па краіне. У глыбокім прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства І друку. Вось І ў Браславе адбылося ўрачыстае
Дню беларускага пісьменства І друку. Вось І ў Браславе адбылося ўрачыстае свята, прымеркаванае да гэтай падзеі. Яшчэ да пачатку мерапрыемства...

Гэтае святое слова мама (Сцэнарый свята кнігі, прысвечанага Дню маці) iconСцэнарый ранішніка
Вядучы. Мы нездарма назвалі ранішнік "Бе-ларусь мая сінявокая". На нашай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка