Сілай духоўнай узвысіла Полацк




НазваСілай духоўнай узвысіла Полацк
Дата канвертавання10.03.2013
Памер83.02 Kb.
ТыпДокументы
Сілай духоўнай узвысіла Полацк

(да 100-годдзя перанясення мошчаў Еўфрасінні Полацкай)


У гэтым годзе адзначаецца 100-годдзе перанясення мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Полацк. Было гэта ў 1910 годзе. Гэтай падзеі ў Беларусі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы. Мы не маглі не звярнуцца таксама да гэтай падзеі. Прапануем вашай увазе матэрыял пра жыццё і дзейнасць нашай славутай зямлячкі.


Еўфрасіння Полацкая. Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ стагоддзі, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, выдатная асветніца, пра якую “Жыціе” кажа, што яна – “небопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просветивши всю землю Полоцкую”, святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную памяць у душы народы.

Гісторыя захавала пра знакамітую палачанку не надта багатыя звесткі, але і яны дазваляюць убачыць агульнаеўрапейскую значнасць асобы гэтай жанчыны-падзвіжніцы.

Асноўная крыніца біяграфічных сведчанняў пра асветніцу – яе “Жыціе”, адзін з найкаштоўнейшых помнікаў старажытнабеларускай літаратуры, створаны ў ў канцы ХІІ ст. у Полацку невядомым аўтарам.

Паспрабуем прасачыць за асноўнымі момантамі жыцця святой Еўфрасінні.

Нарадзілася будучая святая ў сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. Здарылася гэта прыкладна каля 1104 года. Назвалі дзяўчынку старажытным крывіцкім імем Прадслава.

Вучылася Прадслава або ў школе пры Сафійскім саборы, або дома, пры княжым двары. Кніжная навука давалася ёй значна лягчэй, чым аднагодкам. “Жыціе” адзначае яе любасць да вучэння і вялікія здольнасці.

Слава аб прыгажосці і адукаванасці Прадславы разнеслася “по всем градам”, і ў Полацк зачасцілі сваты. “Жыціе” апавядае, што, калі князёўне споўнілася дванаццаць гадоў (з такога ўзросту дзяўчынку ў той час лічылі нявестаю), бацькі вырашылі аддаць яе замуж за сына нейкага слаўнага багаццем і княжаннем валадара. Наперадзе ў Прадславы быў звычайны для жанчын з яе кола лёс: нараджэнне і выхаванне дзяцей, хатнія клопаты, чаканне свайго гаспадара-князя з паходу або з ловаў…

І тут нечакана для блізкіх яна выбірае іншую пуцявіну.

Прадслава прыходзіць у манастыр. Яе цётка, удава князя Рамана Усяславіча, якая была ігуменняй, “не хотящи острищи ея… и воздохнувши, и прослезившися, глагола къ ней: «Чадо мое! Како могу се сотворити? Отец твой, уведав, со всяцем гневом возложить вред на голову мою. А еще юна еси возрастом. Не можеши понести тяготы мнишеского житиа. И како можеши оставити княжение и славу мира сего?”. Але Прадслава дабіваецца свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прымае пострыг, ахвяруючы сябе Хрысту. Беларускі даследчык “Жыція” Аляксей Мельнікаў лічыць, што здарылася гэта найверагодней 25 верасня – у дзень святой Еўфрасінні Александрыйскай.

Даведаўшыся пра доччын учынак, князь Святаслаў-Георгій, як апавядае “Жыціе”, ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па Прадславе, як па нябожчыцы. Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты, але яна здолела пераканаць бацькоў у слушнасці свайго выбару, у тым, што яны мусяць не смуткаваць, а цешыцца: іх дачка аддала ўсю сябе Госпаду.

Пражыўшы нейкі час у посце і малітвах за манастырскімі сценамі ці ў манастырскай слабодцы пры адным з полацкіх храмаў, Еўфрасіння вырашыла, што яна ўжо падрыхтавалася да самастойнага падзвіжніцтва. Князёўна-чарніца звярнулася да полацкага епіскапа Іллі з просьбаю пасяліцца ў Сафійскім саборы.

Атрымаўшы ад Іллі дазвол, Еўфрасіння памяняла сваё ранейшае жытло на келлю-галубніцу ў Сафіі і “нача книгы писати своими руками”. Якія ж кнігі доўгімі гадзінамі дзень пры дні перапісвала князёўна ў сафійскай галубніцы? “Жыціе” не дае адказу, але можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта было Святое Пісанне і творы айцоў царквы, патэрыкі і жыціі. Апрача іх, пяро асветніцы магло выводзіць радкі візантыйскіх гістарычных хронік і Полацкага летапісу, папулярных тады зборнікаў афарызмаў. Яна пісала і ўласныя творы – малітвы, казанні, а таксама перакладала з грэчаскай і лацінскай моў.

Калі падзвіжнікі дасягаюць маральнай дасканаласці, Гасподзь заклікае іх да стварэння сваіх духоўных цвярдынь. Так было наканавана і Еўфрасінні. “Жыціе” апавядае, што аднойчы ў сне анёл узяў яе за руку і адвёў за дзве вярсты ад Полацка ў Сяльцо, дзе была драўляная царква Спаса і мураваны храм-пахавальня полацкіх епіскапаў. На гэтым месцы анёл прамовіў да манашкі: “Тут належыць быць табе!” Сон паўтарыўся тройчы. У тую самую ноч падобны сон бачыў і полацкі епіскап. Ён пачуў таксама прароцтва пра богаабранасць князёўны, якую чакала святое жыццё і царства нябеснае. Уладыка абвясціў князёўне-чарніцы, што аддае ёй Сяльцо. Так паблізу Полацка Еўфрасіння заснавала жаночы манастыр. Праз нейкі час пры царкве Багародзіцы падзвіжніца стварае яшчэ адзін манастыр – мужчынскі.

У полацкіх манастырах, статуты якіх напісала сама Еўфрасіння, пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг – скрыпторыі. Тут існавала спецыялізацыя: адзін майстар рабіў каляровыя ініцыялы, другі – мініяцюры, трэці – пераплёты.

Пры адным з манастыроў, каб аздобіць полацкія храмы абразамі, падзвіжніца адчыніла таксама іканапісную майстэрню.

Таксама Еўфрасіння адчыніла і школы для полацкіх дзетак. Тут, апрача царкоўнаславянскай, юныя палачане вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве, рыторыцы, медыцыне. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні павінны былі добра ведаць радавод дынастыі Рагвалодавічаў, важныя падзеі з мінуўшчыны Полацкай зямлі і ўсяго ўсходняга славянства. Школы Еўфрасінні Полацкай былі перадавымі для свайго часу і праграмамі навучання, і складам вучняў, значная частка якіх набірался з дзяцей простых гараджан.

З імем найпадобнейшай Еўфрасінні звязана і стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам славутага крыжа – шэдэўра ювелірнага мастацтва, старажытнага сімвала нашай духоўнасці і дзяржаўнасці. Шасціканцовая форма крыжа сімвалізавала створаны Богам за шэсць дзён свет. Крыж меў вышыню каля 52 сантыметраў, даўжыню верхняе папярэчкі – 14, ніжняе – 21, таўшчыню – 2, 5. Зверху і знізу дрэва пакрывалі 22 залатыя пласткі, аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і дваццаццю эмалевымі абразкамі з выявамі святых. На жаль, лёс крыжа ў наш час невядомы. Мяркуюць, што ён знаходзіцца ў заходніх калекцыянераў.

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю. Брат Вячаслаў з іншымі сваякамі і ўсе жыхары Полацка, сабраўшыся ў Спасаўскім манастыры, прасілі ігуменню не пакідаць іх. Найпадобнейшая суцешыла землякоў, што паедзе маліцца за іх і за родную зямлю.

Еўфрасінню суправаджалі стрыечная сястра Еўпраксія і брат Давыд. Спачатку падарожнікі, напэўна, ехалі па рэках на санях, а потым часткова сухазем’ем, часткова вадою, пераадольваючы за дзень 30-40 вёрстаў. Паўсюль ва ўсходнеславянскіх княствах славутую палачанку чакаў гасцінны прыём.

У канцы красавіка 1167 года ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да старажытных іерусалімскіх муроў. Паводле “Жыція”, Еўфрасіння паслала свайго слугу Міхаіла да патрыярха прасіць, каб ёй адчынілі Хрыстову браму. Гэта так званая Залатая брама, праз якую з боку Элеонскай гары Хрыстос увайшоў у горад у Вербную нядзелю. Еўфрасіння ўвайшла ў горад праз Хрыстовую браму і пайшла да труны Гасподняй, дзе шчыра малілася. Пасяліўшыся ў манастыры святой Багародзіцы, полацкая паломніца прыходзіла да труны Божай тры дні запар. На трэці дзень яна пакінула там залатыя дарункі, а таксама шматлікія фіміямы і звярнулася да Госпада з малітваю, у якой прасіла, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне роду чалавечага.

У хуткім часе найпадобнейшая Еўфрасіння захварэла. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна адчула хуткі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.

Неўзабаве пасля смерці знакамітай полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Іерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (Рака – своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі мошчамі Еўфрасінні.

Чарняцы збіраліся перанесці святыню адразу ў Полацк, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў. Мошчы паклалі ў дальніх пячорах Кіеўскага Пячорскага манастыра ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы, дзе рэліквіі давялося спачываць болей за сем стагоддзяў.

Толькі ў 1910 годзе царскія ўлады дазволілі перанесці мошчы найпадобнейшай Еўфрасінні ў Полацк.

19 красавіка 1910 года, на другі дзень Вялікадня, у пячорным храме Звествання адбылося ўсяночнае набажэнства. Назаўтра ў новай кіпарысавай рацы святыню вынеслі з пячоры да багамольцаў, якіх у Лаўры сабралася болей за 20 тысяч. 22 красавіка Кіеў развітваўся з полацкай князёўнаю. Газеты паведамлялі, што жыхары горада запоўнілі вуліцы і схілы пагоркаў, дахі дамоў.

Флатылія з мошчамі прайшла па Дняпры ад Кіева да Оршы 695 вёрстаў, і паўсюль яе сустракалі тысячы вернікаў. У гарадах Любечы, Рэчыцы, Рагачове, Старым Быхаве, Магілёве, Оршы флатылія спынялася і адпраўляліся ўрачыстыя набажэнствы. З Оршы да роднага Полацка мошчы святой падарожнічалі сухазем’ем. Пад перазвон усіх гарадскіх званоў рэліквію змясцілі спачатку ў кафедральным Мікалаеўскім саборы, а затым перанеслі ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з такіх дзівосаў, што адбылося падчас пераносу мошчаў Еўфрасінні, пакінулі звесткі полацкі краязнаўца Н. Кайгародаў і старэйшы лекар Полацкага кадэцкага корпуса, доктар медыцыны А. Мансветаў. Паводле іх, у Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая цяжка хварэла на верад страўніка і так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усялякую надзею выратаваць хворую; яе цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі мошчы Еўфрасінні, іх спачатку паставілі ва Узвіжанскай царкве. Па ўсяночнай вернікі стварылі да рэліквіі велізарную чаргу. Манастырскія сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм і ўзнялі на памост, дзе яна прыхінулася да рэліквіі і пацалавала руку святой Еўфрасінні. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сіл, што здолела падняцца і ісці без усякай дапамогі. Назаўтра ў час чарговага візіту да хворай доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары, прычым яна ўжо не мела ніякіх відочных прыкмет немачы. Доктар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сустрэўся са з’яваю, якая выходзіць за межы людскога разумення.

На жаль, на гэтым святыню ў спакоі не пакінулі. Пасля рэвалюцыі 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супраць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новай улады. У лютым 1919 года Народны камісарыят юстыцыі РСФСР выдае пастанову аб арганізаваным ускрыцці мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне. У 1922 годзе адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль – у Віцебск, дзе іх дэманстравалі ў мясцовым краязнаўчым музеі. Толькі 23 кастрычніка 1943 года мошчы святой вярнуліся ў Полацк, дзе і спачываюць да нашых дзён у Спасаўскім храме.

Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай святкуецца 5 чэрвеня. У гэты дзень, ды і не толькі ў гэты, да нябеснай заступніцы зямлі беларускай кожны з нас можа звярнуцца з малітвай і папрасіць дапамогі ў святой для сябе і для сваёй Бацькаўшчыны, аддзячыць за ўсё тое дабро, якое Еўфрасіння прынесла нашаму народу.

Малітва да святой Еўфрасінні

О святая і слаўная апякунка і асветніца беларускага народа, Маці нашая, Еўфрасіння! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстраў Тваіх, што з любоўю і надзеяй вочы душаў сваіх да Цябе падымаюць. Ты не асудзіла нас, што мы ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць у святынях сваіх святога імені Твайго. Бо мы ведаем, што гэта Ты святымі малітвамі сваімі выпрасіла нам ласку Збаўцы нашага, і мы цяпер у святых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыадзінаму Богу і Табе, апякунцы нашай. Таму і ўдзячныя сэрцы нашы, поўныя любові і падзякі да Цябе, у захапленні спяваюць: РАДУЙСЯ!

Радуйся, заступніца, апякунка і малельніца наша! Радуйся, радаванне Полацкай і ўсёй зямлі нашай! Радуйся, прамень Веры нашае! Радуйся, пашыральніца дабра, праўды, красы і згоды ў краіне нашай! Радуйся, памочніца пакрыўджаных, сумных пацяшэнне! Радуйся, хворых і паміраючых пацеха і выздараўленне! Радуйся, усё Хрысту ахвяраваўшая! Радуйся, святая Маці нашая, Еўфрасіння!

Прымі, заступніца нашая, гэтую малітву братоў і сёстраў Тваіх, як нашую невымоўную падзяку, любоў і хвалу Табе – надзея, слава і пацеха нашая! Усе мы з радасцю аддаем сябе пад святую апеку Тваю. Маліся і далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся верным і набожным выбраным народам Ягоным! Каб Ён Духам Сваім Святым узмацняў і прасвятляў душы і сэрцы нашых пастыраў і правадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сіротаў, а ўсім нам паслаў спакой і радасць на чужыне, і прывёў нас на вольную зямельку нашу, каб мы ўсе разам там маглі славіць Цябе, і пяяць хвалу Яму, Збаўцу нашаму, ды цешыцца і радавацца ў Валадарстве славы Ягонай на векі вякоў. Амін.


Артыкул падрыхтаваны Марынай Красатой.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы кнігі “Еўфрасіння Полацкая: жыццяпіс і даследаванне спадчыны Асветніцы” (аўтар-укладальнік У. А. Арлоў)

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconАсноўныя археалагічныя помнікі
Гара Вялікая, Гараватка; Жуперская ўрада; узгоркі Барадзінскі І чарнецкі; вялікія камяні Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі;...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconБалай, С. Полоцк отмечает день рождения / С. Балай // Химик. 2005. 31 мая
Аляксандраў, А. Полацк пачаў святкаваць: [Сёлета полацк адзначае 1143-годдзе з дня свайго заснавання] / А. Аляксандраў // Витебский...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconДа 1150-годдзя Полацка
Аб Полацкім княстве ты ўжо прачытаў на старонках 16-17, а Полацк быў яго галоўным горадам. Пасля іншыя гарады станавіліся ў цэнтры...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconВясновыя песенькі
Мы, ручайкі гаманлівыя, Зліўшыся ў хвалях рачных, Зробімся разам бурліваю, Грознаю сілай вясны

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconЗаняткі 11
Асвета як ідэалагічная сістэма. Уплыў духоўнай культуры на фарміраванне новых каштоўнасцяў І ідэалаў

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconЦі з’яўляецца гідраўлічны механізм простым механізмам?
Плошча меншага поршня гідраўлічнай машыны S1 = 5 см2, а большага – S2 = 200 с На меншы поршань дзейнічаюць сілай у F1 = 2500 Н. Вызначыць...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconВымаўленне аднаго са складоў з большай сілай голасу?
Запрашаем вас усіх на гульню “Слабае звяно”. Просім удзельнікаў падняцца на сцэну. ( Вядучы называе прозвішчы І імёны ўдзельнікаў,...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconГрду імя Янкі Купалы (Гродна)
Адметнасць духоўнай культуры кожнай нацыі, асаблівасці светапогляду, ментальнасці знаходзяць сваё яскравае адлюстраванне ў вуснай...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconУстанова «полацкi лясгас» 211405 г. Полацк зав. Калiноŷскага,38 тэлефакс 42-86-77
...

Сілай духоўнай узвысіла Полацк iconДырэкцыя рок-фестывалю «рок-кола»
Октября 2007 г., вялікая зала Палаца культуры аат «Полоцк-Стекловолокно» (г. Полацк, вул. Юбілейная, 7)

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка