Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963




НазваСборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963
Дата канвертавання24.02.2013
Памер195.99 Kb.
ТыпСборник статей
СІСТЭМА СТЫЛЯЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ.

АСАБЛІВАСЦІ НАВУКОВАГА СТЫЛЮ МОВЫ

Пытанні

1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў.

2. Навуковы стыль, яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі.

3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.

4. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю.

5. Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю.

Рэкамендаваная літаратура

1. Бахтина, Л.Н. Обучение реферированию научного текста / Л.Н. Бахтина, И.П. Кузьмич, Н.М. Лариохина. – М., 1988.

2. Вештарт, Г.Ф. Лексічныя асаблівасці мовы навуковых тэкстаў / Г.Ф. Вештарт // Беларуская лінгвістыка. – Мінск, 1989. – Вып. 36.

3. Виноградов, В.В. Итоги обсуждения вопросов стилистики / В.В. Виноградов // Вопросы языкознания. – 1955. – № 1.

4. Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоциональности в языке / Е.М. Галкина-Федорук // Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В.В. Виноградову в день его 60-летия. – М., 1958.

5. Каўрус, А.А. Культура слова / А.А. Каўрус. – Мінск, 1963.

6. Каўрус, А.А. Навуковы стыль / А.А. Каўрус // Беларуская мова: энцыклапедыя. – Мінск, 1994.

7. Кожина, Н.М. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими / Н.М. Кожина. – Пермь, 1972.

8. Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка / В.А. Ляшчынская. – Мінск, 2001.

9. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах / В.В. Маршэўскаыя. – Гродна, 2002.

10. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы / М.Я. Цікоцкі. – Мінск, 1995.


1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў

Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае наступныя значэнні: 1) сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль); 2) моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку, сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Коласа); 3) метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль «брас»); 4) разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць (модны стыль адзення) (ТСБМ).

У стылістыцы беларускай мовы пад стылем прынята разумець грамадска ўсвядомленую і функцыянальна абумоўленую ўнутраную сукупнасць прыёмаў ужывання, адбору і спалучэння сродкаў маўленчых зносін у сферы той ці іншай агульнанароднай, агульнанацыянальнай мовы, суадносную з іншымі такімі ж спосабамі выражэння, якія служаць для іншых мэт, выконваюць іншыя функцыі ў маўленчай грамадскай практыцы дадзенага народа. Стылі, знаходзячыся ў цесным узаемадзеянні, могуць часткова змешвацца і пранікаць адзін у другі. У індывідуальным ужыванні межы стыляў могуць яшчэ больш рэзка змяшчацца, і адзін стыль можа для дасягнення той ці іншай мэты ўжывацца ў функцыі другога [3].

Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.

Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні.

Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.

Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрны мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.

2. Навуковы стыль, яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

У межах навуковага стылю даследчыкамі выдзяляецца некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-папулярны, навуковавучэбны, навукова-тэхнічны і навукова-палемічны. «Паміж імі... няма прынцыповай розніцы, ёсць толькі некаторыя адрозненні ў будове маўлення, у адборы лексічных і граматычных сродкаў, у выкарыстанні сімвалаў і іншых нямоўных элементаў» [10, с. 57].

Уласна навуковаму падстылю (у адрозненне ад іншых падстыляў) уласцівы акадэмізм, сухасць. Напрыклад, словы тыпу дадатны, адмоўны ў працах з галін дакладных навук пазбаўляюцца свайго ацэначнага значэння. Параўн.: дадатны лік, дадатная велічыня, дадатная тэмпература ‘большы чым нуль’; дадатны зарад ‘які мае адносіны да віду электрычнасці, часціцамі якога з’яўляюцца пратоны, пазітроны і інш.’; адмоўны лік ‘меншы за нуль’, адмоўны электрычны зарад ‘суадносны з тым відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі’; і параўн.: дадатны бок ‘які мае патрэбныя ўласцівасці, якасці, заслугоўвае адабрэння’; дадатная ацэнка ‘якая выражае адабрэнне; станоўчая’; адмоўны персанаж ‘дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы’; адмоўны водгук ‘неадабральны, асуджальны’ (ТСБМ). Параўн. таксама станоўчае сальда бюджэту (калі ўрад хоча знізіць узровень нацыянальнага даходу, ён можа збіраць больш падаткаў, чым тое патрэбна на дзяржаўныя выдаткі).

Вобразнае ўжыванне слоў – з’ява менш пашыраная (у параўнанні з мастацкім стылем) у навуковым маўленні, хоць вобразнасць часам прысутнічае пры стварэнні тэрмінаў, напрыклад: кошык валютны, уцёкі капіталаў, банкаўскі рай, фірма-партызан, чараўнік мяча, мёртвы мяч і інш.

Навуковы стыль характарызуецца своеасаблівай, толькі яму ўласцівай, экспрэсіўнасцю. Перш за ўсё, як зазначае Г.Ф. Вештарт, экспрэсіўнасць навуковага маўлення ў яго доказнасці, і гэтым яна адрозніваецца ад экспрэсіўнасці ў іншых стылях [2] (у мастацкім тэксце, напрыклад, экспрэсіўнасць – гэта перш за ўсё выражэнне якіх-небудзь пачуццяў, перажыванняў і пад.).

У навукова-вучэбным падстылі даволі часта сустракаецца зварот да чытача ў форме дзеясловаў будучага часу абвеснага ладу (тыпу разгледзім (прапорцыю), выкарыстаем (уласцівасць), сфармулюем (правіла), успомнім (закон) і інш.). Аўтарскае «мы», або «мы сціпласці» ці «мы сумеснасці», нясе ў сабе пэўную экспрэсіўнасць, прыцягвае чытача да сумеснага разважання над пэўным пытаннем; такім зваротам да чытача падкрэсліваецца адзінства гаворачага або пішучага з іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён звяртаецца. «... На першы погляд здаецца, што мова вучонага бясстрасная, спакойная, пазбаўленая афектыўнасці. Але... настолькі дзейсная, што міжволі паддаешся сіле пераканання вучонага» [4, с. 108].

Характар навуковага выкладу мяняецца ў працах навукова-па-пулярных і навукова-палемічных падстыляў. Як слушна заўважае А.А. Каўрус, «ступень эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці навуковай мовы залежыць ад аўтарскай індывідуальнасці, а таксама ад галіны навукі і жанру. У працах грамадска-палітычнага цыкла яна самая высокая, у фізіка-матэматычных – самая нізкая» [6, с. 371].

3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю

Аснову ўсіх стыляў мовы (як мастацкага, публіцыстычнага, так і навуковага і інш.) складаюць стылістычна нейтральныя агульналітаратурныя словы (міжстылявая лексіка) тыпу гаварыць, пісаць, дождж, вялікі, малы і інш. Даволі шырока ў навуковым выкладзе ўжываюцца словы агульнанавуковага выкарыстання (тыпу аналіз, гіпотэза, даследаванне, мадэль, праблема, праграма, працэс, элемент, апрацоўка, аперацыя і інш.). Выяўленне значэння такіх слоў залежыць ад зместу і метадалогіі той навукі, у якой яны прымяняюцца. Параўн., напрыклад, значэнні слова аперацыя. Аперацыя (ад лац. operatio – дзеянне) – 1) ‘закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная); ‘асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая)’; 2) ‘асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-небудзь фінансавай, крэдытнай, прамысловай, гандлёвай, страхавой або іншых задач, напрыклад, банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя; 3) ‘у вылічальнай тэхніцы выкананне лічбавай вылічальнай машынай якога-небудзь дзеяння з зыходнымі велічынямі, напрыклад, арыфметычная аперацыя’ (БелЭн).

Імкненне дасягнуць гранічнай яснасці, дакладнасці навуковага выкладу абумоўлівае выкарыстанне ўласна тэрмінаў і номенаў, якія складаюць самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў.

Тэрмін – гэта слова або тэрміналагічнае словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную лексіку пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне.

Гэта цікава! Паводле падання, лац. Termin – імя рымскага бога, ахоўніка межаў, памежных слупоў, межавых знакаў; рымскі цар Нума Пампілій пабудаваў у Рыме храм Тэрміна і ў гонар бога ўвёў свята – тэрміналіі. Да межавага знака прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, упрыгожвалі яго, прыносілі ахвяры і весяліліся. Вось адкуль слова тэрмін абазначала «памежны знак, пагранічны камень», пазней – «канец, мяжа», яшчэ пазней – «тэрмін, перыяд», і, нарэшце, яго сталі выкарыстоўваць у сучасным значэнні.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, прадметаў серыйнай вытворчасці. Параўнаем: апазнанне, ЛТП-147, ходка; брокер, «Атлант», кліка; форвард, «Целяханы-190», фізрук.

Вузкаспецыяльныя тэрміны ўласцівы ўласна навуковаму падстылю; у тэкстах навукова-папулярнага характару (якія разлічаны на шырокае кола чытачоў) яны звычайна не выкарыстоўваюцца, а калі і ўжываюцца, то з абавязковым тлумачэннем. Напрыклад: юсціраваць, варант, падсед і інш. (Сярэдняя велічыня падседа (перамяшчэнне вагі тазасцёгнавага сустава ад азначанага становішча да пачатку разгінання) складае 18 см, вывядзенне з раўнавагі – 13 см, вышыня развароту ад дывана (найменшая адлегласць восі плечавага сустава ад дывана перад разваротам) – 55 см). Многія вузкаспецыяльныя тэрміны не фіксуюцца ў агульнамоўных слоўніках. Менавіта наяўнасць вузкаспецыяльных тэрмінаў выводзіць мову навукі за межы літаратурнай мовы.

Тэндэнцыя да міжнароднай стандартызацыі навукі абумоўлівае той факт, што значны працэнт агульнанавуковай і тэрмінaлагічнай лексікі складаюць інтэрнацыянальныя тэрміны (пераважна лацінскага ці грэчаскага паходжання) або тэрміны са звязанымі кампанентамі лацінскага ці грэчаскага паходжання (напрыклад: апеляцыя, дэвальвацыя, дэпартацыя, камерцыя, камбінацыя, акліматызацыя і інш.).

Выдзяляюць у навуковых тэкстах такі адметны пласт, як тэрміны-сімвалы__, формульныя абазначэнні, скарачэнні, абрэвіятуры, графікі, схемы, малюнкі і пад. Напрыклад: КПК – Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Х-неэфектыўнасць, К (так абазначаецца ў эканоміцы мультыплікатар, першай літарай прозвішча Рычарда Кана), НАК – Нацыянальны Алімпійскі Камітэт і інш.

Часам у навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца фразеалагізмы. У такіх выпадках яны выконваюць намінатыўную функцыю (у мастацкіх і нават публіцыстычных тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць, выразнасць). Параўн.: рукі – хоць рэпу сей ‘вельмі брудныя’ і краевугольны камень ‘аснова, сутнасць, найважнейшая частка чаго-н.; залаты дождж ‘вялікія грашовыя сумы, прыбыткі’; залаты фонд (чаго, чый) ‘самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае’, майстар дывана ‘барэц, які дасягнуў найвышэйшага выніку’, другое дыханне ‘новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.)’ і інш.

Як адзначаюць мовазнаўцы, «строгай мяжы паміж тэрміналагічным, навуковым і агульнаўжывальным пластамі лексікі няма. Яна можа мяняцца не толькі з рухам лексікі ў часе, але і залежаць ад галіны навукі, метадалагічнага падыходу» [2].

4. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю

Наяўнасць абстрактных паняццяў і катэгорый у тэрміналогіі абумоўлівае шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем з суфіксамі -нн-, -енн- (-энн), -анн-: абнародаванне, дазнанне, адкліканне, адчужэнне, акрэдытаванне, апазнанне, звальванне, накрыванне, забяганне, разгінанне і інш., а таксама з суфіксам -цыj-: асацыяцыя, датацыя, дэкларацыя і пад. У лексіцы спорту даволі часта сустракаюцца назоўнікі аддзеяслоўнага паходжання тыпу сед, дажым, разварот, высед, зачэп, абвіў, адхоп, адхват, падсад, нахілы, павароты, падвароты, прагіны, рыўкі, ныркі, пераходы, накаты, перакаты і пад.

Для навуковага выкладу характэрны назвы родавых, абагульняючых паняццяў, а таксама словазлучэнняў абагульняючага значэння, напрыклад: анкетуемы, інфармант, рэспандэнт; навуковыя прыборы начнога бачання, аб’екты знешняга асяроддзя, крыніцы лакальнага забруджвання; тэхнічныя прыёмы, болевыя прыёмы, спецыяльныя практыкаванні і інш.

Адметнай рысай навуковага стылю з’яўляецца частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў. Напрыклад: Асновай педагагічнага метаду аднаўлення з’яўляецца рацыянальная структура трэніровачных нагрузак; Прымяненне болевых прыёмаў, захопаў за адзенне, падсечак у самба і дзюдо патрабуе надаваць больш увагі масажу звязачнага апарату верхніх і ніжніх канечнасцяў, кісцей і ступняў (В.І.); Дэвальвацыя адбываецца шляхам афіцыйнага паніжэння курса нацыянальнай валюты ў адносінах да золата, серабра, якой-небудзь замежнай валюты ў адпаведнасці з абясцэньваннем грашовых знакаў, якое адбылося, пры гэтым ранейшыя грашовыя знакі застаюцца ў абароце (скрытая дэвальвацыя); Расследаванне – заснаваная на законе дзейнасць следчага ці органаў дазнання па зборы і замацаванні доказаў, усебаковым даследаванні ўсіх акалічнасцей справы з мэтай выяўлення і раскрыцця злачынства, выкрыцця вінаватых і прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, прыняцця мер да пакрыцця нанесенай злачынствам матэрыяльнай шкоды, папярэджання і выкаранення злачынстваў (С.К.).

Уласныя імёны часта сустракаюцца ў якасці залежнага кампанента словазлучэння ў назвах формул, методык, тэорый і пад. (напрыклад: люблінская унія, магдэбургскае права, полацкае права, кейнсіянская тэорыя, ластаўка аўэрбах і інш.). Уласныя назоўнікі ці прыметнікі страчваюць сваё значэнне прыналежнасці пэўнай асобе і пачынаюць перадаваць якасную характарыстыку паняцця, у склад якога яны ўваходзяць. Напрыклад: Магдэбургскае права – сукупнасць юрыдычных норм, што вызначалі саслоўна-прававое становішча гараджан ва ўмовах феадальнага грамадства (М.С.). Тэхнічныя тэксты маюць сваю спецыфіку выкарыстання назоўнікаў: рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца ў формах множнага ліку: мылы, смолы, гліны, солі, металы, маслы, бензіны, духі, зубы, чыгуны, пары, спірты, газы і інш. Прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тэрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Напрыклад: Кадастр – сістэматызаваны збор звестак; цана – грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя цэны. Цана можа быць свабодная, фіксаваная, дагаворная. Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя, намінальныя, пакупніка або прадаўца, зменныя, даўгачасныя, эластычныя і інш. (БелЭн); Удасканаленне выбуховай сілы ажыццяўляецца метадамі: паўторным, спаборніцкім, ударным, кароткачасовых максімальных намаганняў, варыятыўным і кругавым (В.І.). Параўнаем: Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае, такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, гарачае слова ад шчырага сэрца – кахаю (Данута Бічэль-Загнетава).

Класіфікацыйная роля прыметніка абумоўлівае той факт, што ў тэкстах дакладных навук якасныя прыметнікі даволі часта не маюць ступеней параўнання і форм суб’ектыўнай ацэнкі (параўн.: малы, маленькі, найменшы (кавалачак хлеба); вялікі, найбольшы, самы вялікі (кавалак хлеба) – але нельга сказаць аналагічна ў выпадку малады спецыяліст, малое прадпрыемства, вялікія дзяржавы, Вялікі Літоўскі трыбунал (трыбунал ВКЛ)). Адзінкавыя выпадкі ўжывання прыметнікаў у форме найвышэйшай ступені параўнання знаходзім у тэрмінах найбольшае спрыянне, Вышэйшая атэстацыйная камісія, Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь, рэжым найбольшай спрыяльнасці, вышэйшая ліга, атлет найвышэйшага класа.

Для навуковай мовы характэрны субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку тыпу непаўналетнія, непрацаздольныя, абвінавачаны, падсудны, падабаронны, атакуючы, атакаваны і пад.

Дзеепрыметнікі сустракаюцца пераважна ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў, напрыклад: крэдыт адтэрмінаваны, акрэдытыў непацверджаны, валюта неканверсуемая, попыт нерэгулюемы, колючая зброя, лятаючы лыжнік, колькасць забітых мячоў, колькасць страчаных ачкоў, колькасць выйграных партый і г.д.

Паколькі навуковы выклад грунтуецца на ісцінах, аксіёмах аб’ектыўнага асяроддзя, ён абстрагаваны ад канкрэтнага, актыўнага дзеяння ці руху. Гэтым і абумоўліваецца шырокае ўжыванне дзеясловаў у 3-й асобе цяперашняга часу. Напрыклад: Адзыўная грамата падпісваецца кіраўніком і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку той дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны (С.К.); У цэнтры ўвагі мікраэканомікі знаходзяцца вытворцы і спажыўцы, рыначныя паводзіны суб’ектаў, аналіз попыту і прапанавання на асобных рынках тавараў і паслуг, рабочай сілы і капіталу. На мікраўзроўні ажыццяўляецца непасрэднае выкарыстанне працоўных рэзерваў краіны, іх уклад у эканоміку ў якасці рэсурсу і фактару вытворчасці (БелЭн); Атакуючыя дзеянні выконваюцца для своечасовага контрпрыёму альбо актыўнай абароны. Тактыка звычайна будуецца ў залежнасці ад добра вывучанага прыёму, аднак болей эфектыўным спосабам будзе такі, калі з улікам выбранай тактыкі ўдасканальваюцца адпаведныя прыёмы (В.І.).

Дыялагічнасць навуковай мовы праяўляецца ў шырокім выкарыстанні дзеясловаў у форме будучага часу абвеснага ладу (са значэннем цяперашняга часу) тыпу адзначым некалькі пунктаў, параўнаем версіі, параўнаем вынікі і інш. У навуковым маўленні пашырана выкарыстанне таксама неазначальнай формы дзеяслова ў спалучэнні з мадальнымі і іншымі словамі, якая мае значэнне неабходнасці і выступае як сродак выражэння прадпісання, рэкамендацыі, указанняў тыпу трэба адрозніваць, трэба мець на ўвазе, трэба ўспомніць, варта звярнуць увагу, неабходна запісаць, трэба ўзяць за аснову, можна (неабходна) выкарыстоўваць, належыць выконваць, трэба ўважліва сачыць за, трэба больш увагі надаваць, неабходна прытрымлівацца і інш. Напрыклад: Пры навучанні прыёмам трэба ўлічваць прасторавыя і часавыя характарыстыкі; Трэба мець на ўвазе, што пры вядзенні схваткі ўвесь час адбываюцца згінальныя і разгінальныя рухі (В.І.).

5. Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю

Ужыванне ў навуковым тэксце многіх сінтаксічных канструкцый мае сваю спецыфіку. З трох тыпаў сказаў па мэце выказвання – апавядальных, пытальных, пабуджальных – перавагу атрымліваюць апавядальныя сказы. Пераважнае ўжыванне апавядальных сказаў у навуковым выкладзе (як і ўвогуле ў мове) тлумачыцца асноўнай іх задачай – паведаміць аб чым-небудзь, інфармаваць чытача ў сцвярджальнай або адмоўнай форме.

Па эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы апавядальныя сказы часам бываюць клічныя, у такім выпадку яны пераважна ўжываюцца ў значэнні ‘звярніце ўвагу!’. У адносінах да тэксту клічныя сказы могуць быць аўтаномнымі або афармляцца ў выглядзе ўстаўных канструкцый. Напрыклад: А пахі лесу кветак, ягад і садавіны мы адчуваем таксама дзякуючы дыфузіі! (Л. Ісачанкава) (= звярніце ўвагу на тэрмін дыфузія!).

Пытальныя сказы маюць сваю спецыфіку ўжывання: часта яны ўжываюцца ў канструкцыі «пытанне – адказ». Напрыклад: Што чакае сусветную эканоміку: рэцэсія ці ажыўленне? Згодна са звесткамі АЭСР, найгоршае ў глабальным эканамічным спадзе мы ўжо мінулі; Ці трэба замяніць нацыянальны манетарызм на глабальны? У палітыцы неабавязкова. Карэляцыя паміж глабальным ростам грашовай масы і паказнікам ВНП у будучыні не азначае кірунку прычыннасці (Б.Дж.); Паўстае пытанне: якім чынам ажыццяўляць кантроль за станам барцоў? А.І. Заўялаў распрацаваў электракардыяграфічны метад, з дапамогай якога можна вырашыць гэтую складаную задачу (В.І.). Часам пытaльныя сказы ідуць адзін за адным. Такая форма падачы надае матэрыялу падручнікаў папулярны характар, як бы «ажыўляе» яго і разам з тым прымушае чытача задумацца над прачытаным. Напрыклад: Растлумачце, што такое «зваротная сувязь у замежным гандлі». Ці значыць гэта, што павелічэнне экспарту заўсёды станоўча ўплывае на плацежны баланс краіны? (Б.Дж.)

Пабуджальныя сказы служаць не загадам ці просьбай, а запрашэннем да сумесных дзеянняў (або разважанняў). Напрыклад: Зрабіце табліцу, у якой параўноўваюцца паказнікі долі ВГП у працэнтах, што ідуць на стварэнне прыросту асноўнага капіталу чатырох розных краінаў; Абмяркуйце, наколькі прыдатная тая ці іншая рэч, каб выконваць функцыі грошай: а) золата, б) ікра, в) дыяменты, г) медзь, д) буйная рагатая жывёла (Б.Дж.).

Для навуковага выкладу характэрны сказы, ускладненыя аднароднымі і адасобленымі членамі сказа. Аднародныя члены сказа служаць у навуковых тэкстах для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прыкмет, прадметаў і інш. (у мастацкіх тэкстах аднародныя члены сказа служаць яшчэ для ўзмацнення экспрэсіўнасці і эмацыянaльнасці, стварэння рытмічнай прозы і інш.). Ім уласціваінтанацыя пералічэння або супастаўлення, і звязваюцца аднародныя члены часцей за ўсё бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў і, не толькі – але і, а, а таксама. Напрыклад: Самалётны спорт, спаборніцтвы на самалётах – адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спартыўных і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі на выкананне фігур вышэйшага пілатажу (у т.л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы (БелЭн).

Ужыванне пабочных і ўстаўных канструкцый у навуковым тэксце мае свае асаблівасці: пабочныя канструкцыі звычайна паказваюць на сувязь і парадак думак, спосаб іх афармлення, крыніцу паведамлення, упэўненасць. Напрыклад: Адначасовае змяненне многіх фактараў складана ўплывае на валютны курс. Напрыклад, распрацоўка нафты ў Паўночным моры, па-першае, зменшыла патрэбы ў імпарце, і крывая прапановы зрушылася ўлева; па-другое, імпарт ператварыўся ў экспарт, і крывая попыту зрушылася ўправа; Такім чынам, манетарысцкая тэорыя дзеля раўнавагі плацяжоў рэкамендуе рэжым плавальных валютных курсаў разам з жорсткім кантролем за грашовай прапановай (Б.Дж.); Сярод самых знакамітых беларускіх атлетаў пачатку XX стагоддзя быў, безумоўна, Якуба (Якаў) Чэхаў, ураджэнец горада Гродна (В.І.).

Устаўныя канструкцыі могуць быць заўвагамі, удакладненнямі, тлумачэннямі, папраўкамі, дадатковымі звесткамі. Напрыклад: Інтуітыўнае ўяўленне аб парадку аб’ектаў звычайна звязваюць з іх узаемным размяшчэннем у прасторы (бліжэй-далей, вышэй-ніжэй, злева-справа), у часе (раней-пазней), з параўнаннем іх размераў, вагі (больш-менш, лягчэй-цяжэй) і г.д. (І. Кожух).

Пабочныя канструкцыі ў сказах звычайна выдзяляюцца коскамі, а ўстаўныя – дужкамі. Для большай доказнасці сваіх разважанняў аўтар часта звяртаецца да параўнальна-раўналежных зваротаў. Параўнальна-раўналежныя звароты, як пазначаецца ў «Граматыцы беларускай мовы», служаць для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі, з’явамі на аснове іх прымет або абставін, пры якіх адбываецца дзеянне; яны не маюць метафарычнасці. Параўнальна-раўналежныя звароты выдзяляюцца (або аддзяляюцца) коскамі і пачынаюцца злучнікамі як і, як. Напрыклад: Як папяровыя грошы, так і сучасная банкаўская практыка былі створаны ювелірамі. Ювеліры бралі на захоўванне залатыя манеты і каштоўныя рэчы, а наўзамен выдавалі распіску, якая, па сутнасці, была простым вэксалем (Б.Дж.).

Ад параўнальна-раўналежных зваротаў трэба адрозніваць звароты са злучнікам як, які мае значэнне ‘ў якасці’: На Беларусі барацьба як народны від спорту вядома здаўна. З чатырох тыпаў складаных сказаў – складаназлучаных, складаназaлежных, бяззлучнікавых, сказаў з рознымі відамі сувязі (камбінаваных) – у навуковых тэкстах часцей выкарыстоўваюцца складаназалежныя. «У іх падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладна выразіць адносіны паміж часткамі складанага сказа, выявіць і ўдакладніць гэтыя адносіны – адносіны часу, умовы, прычыны, месца і г.д.» [8, с. 158]. Напрыклад: Калі імпарт большы за экспарт, мы кажам, што эканоміка мае гандлёвы дэфіцыт, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, то гэта зніжае ўзровень нацыянальнага даходу. Наадварот, калі экспарт большы за імпарт, то мы кажам пра актыўнае, або станоўчае, сальда гандлёвага балансу, і калі ўсе іншыя паказнікі нязменныя, гэта павышае ўзровень нацыянальнага даходу; Продаж і купля тавараў і паслугаў за мяжой улучае два кампаненты ў нашу эканамічную мадэль. Імпарт – гэта адліў грошай, бо грошы, патрачаныя на тавар, ідуць за мяжу, і, наадварот, экспарт – гэта прыліў грошай, бо людзі іншых краінаў ствараюць даход для мясцовых хаўсхолдаў і фірмаў (Б.Дж.); Барцы высокага класа дамагаюцца перамог з дапамогай розных спосабаў тактычнай падрыхтоўкі, найбольш распаўсюджаным з якіх з’яўляецца пагроза. Характэрная асаблівасць гэтага спосабу – актыўнае дзеянне барца з мэтай прымусіць праціўніка звярнуцца да абароны. Чым больш эфектыўны гэты прыём, тым лепшыя ўмовы ствараюцца для іншага прыёму. У якасці пагрозы можа выкарыстоўвацца падманны захоп, каб атакаваны вызваляўся ад яго. Калі барэц шчыльна ўтрымлівае захоп, атакуючы пагражае выканаць абманны контрпрыём (В.І.).

Неабходнасць даваць тлумачэнні паняццям абумоўлівае частае выкарыстанне складаназалежных сказаў з даданымі азначальнымі часткамі (часам ускладненымі адасобленымі азначэннямі ці акалічнасцямі). Напрыклад: Жыллёвы кодэкс – комплексны закон, які ўтрымлівае нормы правоў, што рэгулююць жыллёвыя грамадскія адносіны, і тыя, што спадарожнічаюць ім; Рэчавы доказ – у грамадзянскім і крымінальным працэсе прадметы, атрыманыя і замацаваныя ва ўстаноўленым законам парадку, якія сваімі ўласцівасцямі, знешнім выглядам, месцам знаходжання і г.д. могуць служыць сродкам устанаўлення абставін, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы (С.К.); Падварот можа ажыццяўляцца чатырма спосабамі: паварот на ступні нагі, якая стаіць уперадзе, падстаўляючы яе да нагі, якая стаіць ззаду; паварот скрыжаваннем ног; паварот на назе, якая ўперадзе, пераносячы перад ёй нагу, якая стаіць ззаду; паварот на назе, якая ззаду, падстаўляючы да яе нагу, якая ўперадзе (В.І.).

Навуковаму выкладу (як і любому іншаму выкладу) уласціва размежаванне асноўнага і дадатковага, другаснага. Таму вельмі зручным спосабам для выражэння думак з’яўляецца шырокае выкарыстанне складаназалежных сказаў, у якіх у галоўнай частцы змяшчаецца асноўны змест выказвання, а ў залежнай частцы – дадатковы. Аднак у навуковых тэкстах даволі часта выкарыстоўваюцца складаназалежныя сказы, галоўная частка якіх тыпу варта падкрэсліць, што...; будзем лічыць, што...; гэта азначае, што... і інш. амаль пазбаўлена зместу. Асноўная інфармацыя змяшчаецца ў даданай частцы. Напрыклад: Даследаванні паказалі, што спалучэнне работы з пераадольваючым і паддаючымся рэжымамі значна больш эфектыўнае, чым практыкаванні, якія выконваюцца ў адным рэжыме (В.І.).

У складаназалежных сказах паміж двума падпарадкавaльнымі злучнікамі, якія стаяць паміж галоўнай і даданай часткамі, коска ставіцца, калі пропуск даданай часткі не парушае агульны сэнс складаназалежнага сказа. Параўн.: У мінулым стагоддзі адзін філосаф адважыўся сцвярджаць, што магчымасці чалавечага пазнання абмежаваны. Ён гаварыў, штo, хоць людзі і вымералі адлегласць да некаторых свяціл, хімічны састаў зорак яны ніколі не змогуць вызначыць (А. Гусак).

Выклад дакладных навук у навукова-вучэбным падстылі часта будуецца па схеме: аксіёма > доказ> вывады. Для лагічнай сувязі выказвання выкарыстоўваюцца спецыфічныя словы і канструкцыі тыпу дапусцім, што; няцяжка заўважыць, што; пяройдзем да; з раскладу відаць; акрамя гэтага вынікае; атрыманыя вынікі дазваляюць; такім чынам і інш., якія па-за межамі навуковага стылю звычайна не выкарыстоўваюцца.

Аб’ектыўнасць навуковага выкладу, адсутнасць персаніфікацыі (не важна хто гаворыць, важна што сказана) (асабліва пры разнастайных формах-напамінах вядомых фактаў, пры гістарычных экскурсах) абумоўлівае выкарыстанне пасіўных канструкцый тыпу было паказана, было вырашана, за аснову прымаецца і інш. Напрыклад: Пры тлумачэнні сучаснай фізічнай карціны свету за аснову прымаецца тэорыя адноснасці і квантавая тэорыя, створаныя ў ХХ ст. (М. Шахмаеў); Пад стомленасцю разумеюць часовае зніжэнне працаздольнасці ў выніку парушэння рэгулятарных працэсаў (В.І.).

У тэрміналогіі спорту часта выкарыстоўваюцца няпоўныя сітуацыйныя двухсастаўныя сказы – каманды: Антэна!, Без свістка!, Не ў чаргу!, Ногі!, Падача збылася!, Столь!, Чатыры ўдары!, Бягом марш!, Кругом!, На старт!, Стаць у строй! і інш.


Праверачны тэст

1. Для навуковага выкладу характэрны:

1) назоўнікі з абстрактным значэннем;

2) прыметнікі з інфармацыйнай ці класіфікацыйнай функцыяй;

3) дзеясловы цяперашняга часу з якасным значэннем для па-

казу ўласцівасцей і прыкмет прадметаў і з’яў;

4) займеннікі я, ты;

5) пабочныя канструкцыі са значэннем няўпэўненасці, сумнення.


2. Устанавіце адпаведнасць

А. Тэрміны.

1. Устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў іх кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў).

Б. Наменклатура.

2. Словы або словазлучэнні, якія ўваходзяць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначаюць спецыяльныя паняцці і маюць дакладнае лагічнае азначэнне.

В. Прафесіяналізмы.

3. Сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, вытворчасці.




4. Словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці.


3. Навуковы выклад вызначаецца:

1) аб’ектыўнасцю;

2) суб’ектыўнасцю;

3) лагічнай паслядоўнасцю разважанняў;

4) доказным выкладам інфармацыі;

5) інфармацыйнай насычанасцю.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconАлексея Алексеевича Леонтьева (1958-2000) А. Книги и другие отдельные издания 1963
Возникновение и первоначальное развитие языка. М.: Изд-во ан ссср, 1963. 140 с

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconСборник статей. М., 2001 –С. 72-110 Обновление антитеррористического законодательства
Н. Г. Киреев. Борьба с терроризмом в Турции //Исламизм и экстремизм на Ближнем востоке (сборник статей). М., 2001 –С. 72-110

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconРоссийской Федерации Кемеровский государственный университет культуры и искусств культура и искусство: поиски и открытия сборник научных статей
К90 Культура и искусство: поиски и открытия [Текст]: сб науч ст. – Кемерово: Кемеров гос ун-т культуры и искусств, 2011. – 304 с

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconМосковского государственного университета имени М. В. Ломоносова «Хозяйничанье клики» или «неограниченная демократия»?
Гусев Алексей Викторович, кандидат исторических наук, доцент кафедры истории общественных движений и политических партий исторического...

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 icon«Русская художественная культура» 7 класс г. Калининград 2008г. Уважаемые педагоги!
Вы держите в руках сборник материалов по предмету Русская художественная культура. Сборник включает в себя программу курса, приблизительное...

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconМихаэль шумахер его история оглавление
Ангеле Хоф из Немецкого автоспортивного союза; Инге и покойному Барбелу — за переводы; пресс-службе Ferrari за регулярные бюллетени...

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconДень памяти жертв Беслана
Земле – 1 сентября. Слова, которые приводятся для сопровождения презентации, я также нашла в одной из статей, слова молодой журналистки-Ольги...

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconОпольское отделение социально-экономическая реальность и политическая власть сборник научных статей выпуск 2 москва ставрополь 2006
Голоскоков Л. В. О модернизации права в условиях перехода к информационному обществу // Социально-экономическая реальность и политическая...

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconZarlit современнаяпоэзия : русскаяизарубежная краснодар 2011 удк ббк с с современная поэзия: русская и зарубежная (сборник статей)
С современная поэзия: русская и зарубежная (сборник статей) / Под ред. А. В. Татаринова. Краснодар: zarlit, 2011

Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В. В. Виноградову в день его 60-летия. М., 1958. Каўрус, А. А. Культура слова / А. А. Каўрус. Мінск, 1963 iconУшакин С. О муже(N)ственности: Сборник статей. Сост. С. Ушакин
Ушакин С. О муже(N)ственности: Сборник статей. Сост. С. Ушакин. М.: Новое литературное обозрение, 2002

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка