Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша




НазваТаццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша
Дата канвертавання23.02.2013
Памер109.63 Kb.
ТыпДокументы
Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша

ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ, СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА, АЛЯКСАНДР ФРЭДРА: ПАЧАТКІ КЛАСІЧНАГА РЭПЕРТУАРУ ТЭАТРАЛЬНАЙ СЛАВЯНШЧЫНЫ

Зусім нядаўна культурная грамадскасць Еўропы ўшанавала па рашэнні ЮНЕСКА 200-годдзе з дня нараджэння першага класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Высвятляючы вытокі беларускай драматургіі, цікава і карысна зазірнуць у гісторыю станаўлення класічнага тэатральнага мастацтва нашых бліжэйшых суродзічаў - славян. Анталагічна-тыпалагічныя падыходы арыентуюць, пры аналізе працэсу станаўлення новай беларускай драматургіі, на зварот да творчасці польскага пісьменніка Аляксандра Фрэдра, які, нагадаем, быў народжаны ў Галіцыі, месцам спачынку творцы стаў Львоў. Гэтыя акалічнасці, як і іншыя, пра што пойдзе гаворка далей, уводзяць кампанент украінскасці ў тэму даследавання. Экскурс у гісторыю славянскага тэатра дарэчны яшчэ і тым, што 2009 год - юбілейны для нашага земляка, славутага польскага кампазітара Станіслава Манюшкі. Пытанні творчых кантактаў В. Дуніна- Марцінкевіча і С. Манюшкі выходзяць за межы прыватных. Яны даюць падставы для разгляду ўзаемаўздзеянняў нацыянальнай драматургіі і тэатра ХІХ ст. на землях беларусаў, украінцаў, палякаў.

Адзначым, што імя знакамітага польскага кампазітара было шырока вядома і ў Беларусі, і на Украіне. І вельмі паказальна тое, што першыя публікацыі, якія з'явіліся ва ўкраінскай прэсе пра В. Дуніна- Марцінкевіча, не абмінаюць пытанне кантактаў беларускага і польскага творцаў. Нагадаем, С. Манюшка (1819 - 1872), народжаны пад Мінскам, у маладыя гады цесна супрацоўнічаў з мінскай творчай інтэлігенцыяй. У Мінску Манюшка атрымаў пачатковую музычную адукацыю. З 1840 па 1858 гг. ён працаваў у Вільні як дырыжор і арганіст, затым яго жыццё звязана з Варшавай, дзе Манюшка - дырыжор і дырэктар опернага тэатра, прафесар Музычнага інстытута. У беларускіх гарадах Мінску і Гродна адбыліся першыя тэатральныя спектаклі (1834 - 1841 гг.) Манюшкі. Кампазітар ніколі не парываў сяброўскіх стасункаў з дзеячамі культуры роднага яму Мінска. Ужо знаходзячыся на сталай службе ў іншых месцах, ён спрыяў развіццю тэатральнага мастацтва ў Мінску. Так, у 1834 г. тут быў пастаўлены спектакль "Канторскія служачыя", у 1841 г. інсцэніравана п'еса "Яўрэйскі рэкруцкі набор", у 1843 г. -- "Латарэя", музычнае суправаджэнне да гэтых твораў было напісана з удзелам С. Манюшкі. На "беларускі перыяд" прыпадае сумесная праца Манюшкі з Дуніным-Марцінкевічам. Пазней кампазітар прымаў удзел у лёсе дачкі пісьменніка, таленавітай піяністкі. Вядома, што знакамітага кампазітара звязвалі і сяброўскія, і творчыя сувязі з Дуніным- Марцінкевічам, які ў сярэдзіне ХІХ ст. стаяў у цэнтры літаратурнага і ўвогуле ўсяго культурнага руху на Беларусі, пашыраў ідэю стварэння прафесійнага тэатра. Дзякуючы намаганням пісьменніка, тэатр адкрыўся 9. 2. 1852 г. Першым спектаклем тэатра Дуніна-Марцінкевіча з'явілася п'еса "Сялянка", музычнае афармленне здзейснена С. Манюшкам. З тагачасных рэцэнзій на выставу вядома, што "пастаноўка была сінтэтычнай -- убірала ў сябе драматычнае, вакальна-музычнае, танцавальнае мастацтва".

Як мы ўжо заўважылі, з музыкай класіка польскага опернага мастацтва былі добра азнаёмлены і ўкраінцы. Больш таго, украінцы проста не маглі не палюбіць польскага кампазітара. У творчай біяграфіі Манюшкі знакамітай падзеяй было стварэнне ў беларускі перыяд яго жыцця оперы "Галька". Канцэртнае выкананне яе адбылося ў Вільні ў 1848 г. У Мінску "Галька" была пастаўлена ў 1856 г. У поўнай сцэнічнай апрацоўцы опера прагучала ў 1858 г. ў Варшаве. Да пачатку ХХ ст. опера "Галька" ў польскай сталіцы вытрымала больш 500 прадстаўленняў. З поспехам яна была пастаўлена на сцэнах Пражскага опернага тэатра (1868), Марыінскага тэатра ў Пецярбургу (1870). Зрэшты, пастаноўкі "Галькі" ўпрыгожылі рэпертуар многіх еўрапейскіх і нават амерыканскіх тэатраў.

Украінскія слухачы ўспрымалі яе з асаблівай прыхільнасцю. І на гэта былі прычыны як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага характару. Музыка оперы вызначаецца выразнасцю ў акрэсленні супрацьлеглых характараў. Партытура оперы пабудавана на эмацыянальнай кантрастнасці, калі раскрываецца сацыяльны канфлікт. У дачыненні да прадстаўнікоў з народа музыка кампазітара простая, задушэўная, лірычная. Многія мелодыі твора захапляюць сваёй паэтычнасцю. Лічыцца, што праз насычанасць фальклорным меласам музыка С. Манюшкі падобная да неўміручых твораў Ф. Шапэна. У аснову лібрэта оперы пакладзена аднайменная паэма В. Вольскага, створаная пад уздзеяннем на паэта сялянскага паўстання, што адбылося ў Галіцыі ў 1846 годзе. Сюжэт лібрэта засяроджаны на трагічным лёсе вясковай дзяўчыны: яна пакахала пана Януша, які абясчэсціў яе і пакінуў. Сябра дзяцінства Галькі Ёнтак не ў змозе суцешыць яе, уратаваць сваёй спагадай, не прымае Галька і яго кахання. Гнеўны пратэст супроць панскага здзеку ўзнімае на помсту і сялян, і галоўную гераіню оперы. Спачатку яна спрабуе падпаліць касцёл, у якім вянчаецца з іншай абранніцай пан Януш, потым канчае жыццё самагубствам. У мастацкім афармленні сцэны традыцыйна прысутнай была ідэя Карпацкіх гор як прыроднага фона падзей, што набліжала сюжэт да заходнеўкраінскай рэчаіснасці. Касцюмы герояў, як і музыка, падкрэслівалі сацыяльны статус герояў - арыстакратаў і простых карпатцаў. Для ўкраінскага гледача і слухача, выхаванага на творах Т. Шаўчэнкі аналагічнага зместу, у прыватнасці, зыходзячы з эмацыянальнага ўспрыняцця паэмы Кабзара "Кацярына", супроцьфеадальныя акцэнты ў творы падсвечваліся яшчэ і падказкай тэмы змагання з нацыянальным прыгнётам.

Ведалі ўкраінцы кампазітара і па яшчэ адным творы. Гэта опера "Страшны двор", лібрэта да яе было напісана Я. Хянцінскім паводле зборніка К. Вайціцкага "Даўнія аповеды і малюнкі". У 1865 г. у Варшаве адбылася прэм'ера спектакля, які атрымаў шырокую папулярнасць, у 1876 г. опера была пастаўлена і ў Кіеве. Лічыцца, што "Страшны двор" - другое пасля "Галькі" вяршыннае дасягненне кампазітара. Аналізуючы складнікі поспеху твораў Манюшкі, павінны адзначыць, што выразнасць музычнага пісьма ўзмацнялася майстэрствам драматургіі твораў. Опера "Страшны двор" у гэтым плане вельмі паказальная. Архітэктоніка сюжэтных перыпетый оперы блізкая да драматычных твораў папулярнага ў ХІХ ст. польскага пісьменніка А. Фрэдра (1793 - 1876). У прыватнасці, можна з упэўненасцю гаварыць пра сувязь "Страшнага двара" з камедыяй Фрэдра "Дзявочыя абеты ці Магнетызм сэрца". Фабула твораў пабудавана на анекдатычнай гісторыі -- маладыя людзі (у оперы хлопцы, у п'есе дзяўчаты) заракаюцца жаніцца ці выходзіць замуж. Аднак у абодвух выпадках усё заканчваецца шчаслівай развязкай, а менавіта - каханнем і вяселлем маладых. Як бачым, за аснову тут узяты лёгкі разважальны вадэвільны сюжэт. Аднак толькі гэтыя акалічнасці наўрад ці маглі забяспечыць творам доўгае сцэнічнае жыццё. Творчасць Фрэдра складала аснову тэатральнага рэпертуара ў ХІХ ст. Сам драматург, як мы ўжо адзначалі, нарадзіўся непадалёк ад Львова, пераважна з Львовам звязаны ўвесь яго жыццёвы і творчы лёс, у Львове ён і пахаваны. П'есы драматурга на працягу ХІХ ст. упрыгожвалі сцэны тэатраў Львова, Варшавы, Кіева. У ХХ ст. яго творы загучалі ў тэатрах Беларусі: камедыя "Дамы і гусары" была пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы (1921, 1957), тэатрам імя Якуба Коласа (1965); акрамя таго, камедыі Фрэдра былі залучаны ў рэпертуар Дзяржаўнага польскага тэатра БССР, які дзейнічаў у Мінску ў перадваенныя гады.

Папулярнасць драматургіі А. Фрэдра ў Савецкім Саюзе выяўляе пэўную парадаксальнасць культурнай сітуацыі ў краіне. Добра вядома, якія існавалі крытэрыі ацэнкі мастацтва ў перыяд панавання савецкай ідэалогіі. На першы план выносіліся патрабаванні вострай сацыяльнай скіраванасці і, у адпаведнасці з гэтым, сам жанр вадэвіля праз яго "несур'ёзнасць" лічыўся малавартасным (і ці не шкодным). Зыходзячы з такіх пазіцый, фармавалася афіцыйная крытычная думка і адносна творчасці Дуніна-Марцінкевіча, погляды якога асуджаліся праз "недастатковую рэвалюцыйнасць" як "буржуазна-ліберальныя". Парадаксальнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што, нягледзячы на крытычнае стаўленне да разважальнага жанру, творы Фрэдра жылі, мелі поспех, ставіліся ў многіх тэатрах. Ісцінным крытэрыем ацэнкі тэатральнага рэпертуара для гледачоў была мера мастацкасці твораў. Што датычыць Фрэдра, то ён прыцягваў тонкім разуменнем законаў сцэны, тэхнікай драматургічнага пісьма, майстэрствам пабудовы сюжэтнай інтрыгі, стылёвай вытанчанасцю і паэтычнасцю.

Манюшка ведаў і любіў творчасць Фрэдра. Кампазітар напісаў музыку да яго гратэскова-фарсавай камедыі "Новы Дон-Кіхот, альбо Сто шаленстваў". Лібрэта яшчэ адной оперы Манюшкі, "Графіня", вельмі блізкае па сюжэту да некалькіх фрэдраўскіх твораў. Пастаноўка "Графіні" адбылася ў Варшаве ў 1860 г. Нагадваюць вобразы камедый Фрэдра і дзейныя асобы оперы Манюшкі "Слова гонару", пастаўленай у Варшаве ў 1861 г. Можна меркаваць, што асноўныя крытэрыі падбору сюжэтаў у Манюшкі выпрацоўваліся яшчэ ў маладыя гады. І творчае кола мінчукоў, у склад якіх уваходзілі і Манюшка, і Дунін-Марцінкевіч, было аб'яднана агульнай ідэяй стварэння тэатральнага рэпертуара. Узорнай для сябе яны лічылі драматургію Фрэдра. Упэўненасць у гэтам вырастае і на падставе высвятлення кантактных сувязей, і на ўзроўні тыпалагічных супастаўленняў. Манюшка выступае пры гэтым як своеасаблівае сувязное звяно паміж творамі двух драматургаў.

Прыкметы адзінага радаводу мы прачытваем пры разглядзе оперы Манюшкі "Графіня", Фрэдравай "Іншаземшчыны", "Ідыліі" Дуніна-

Марцінкевіча. У "Графіні" спалучаны тэмы вадэвіля "Дамы і гусары" і камедыі "Іншаземшчына". Паводле лібрэта оперы, галоўны герой Казімеж закаханы спачатку ў свецкую красуню Графіню. Аднак пазней ён зразумеў абмежаванасць яе натуры, асудзіў яе за сляпое захапленне ўсім чужаземным. Бездухоўнасці арыстакратыі, што імкнецца адарвацца ад родных каранёў, у творы супрацьпастаўляюцца маральныя якасці, якімі надзелены Броня і яе дзед, стары харунжы, што жыве ўспамінамі пра сваю колішнюю баявую славу. Казімеж урэшце па- спраўднаму ацаніў і пакахаў Броню, якая была таксама закахана ў яго. Тэатразнаўцы пазначаюць, што ў "Графіні" адметнасці музычнай партыі галоўнай гераіні Броні выяўляюцца праз падкрэсленую народнасць. Кампазітар выказвае сваю любоў да герояў, якія не парываюць з роднай культурай, песнямі, абрадамі. Свецкае кола дзейных асоб характарызуецца праз мелодыку, блізкую да салоннай музыкі, якая традыцыйна выкарыстоўвалася пры перадачы адпаведных сюжэтных перыпетый у французскай і італьянскай операх.

Як бачым, перагук паміж "Графіняй" і "Сялянкай" відавочны. Асабліва, калі ўлічваць і аўтэнтычны тэкст п'есы Дуніна-Марцінкевіча, і тое яго рэжысёрскае прачытанне, з якім пазнаёміліся мы нядаўна на спектаклях "Ідылія" тэатра Янкі Купалы ў пастаноўцы М. Пінігіна. Вобраз Юліі сваёй ідэйнай задумкай нагадвае нам вобраз Броні. Больш таго, Дунін-Марцінкевіч надзяліў сваю гераіню рысамі людзей "вышэйшага" і "ніжэйшага" паходжання. Гэта і высакароднасць, якая замацавалася ў яе характары праз адукаванасць, выхаванне і інш. Гэта і гарэзлівасць, і прастата, і шчырасць. Гэта і паэтычнасць натуры, узмоцненая пачуццём патрыятызму. І асуджэнне франкаманіі як сляпога захаплення іншаземшчынай. Майстэрства ў сюжэтабудове твораў Дуніна-Марцінкевіча нагадвае прыёмы ўвядзення інтрыгі, якія знаходзім у п'есах Фрэдра, і ў яшчэ адным творы Манюшкі -- оперы "Слова гонару". У Манюшкі галоўны герой Станіслаў спачатку маскіруецца, выступае пад імем Міхал. Напрыканцы твора Дуніна-Марцінкевіча, як вядома, таксама высвятляецца, што Юлія выдавала сябе за іншую. Сюжэтная інтрыга спрыяла гумарыстычнасці твораў, адлюстраванню дасціпнасці герояў, лірызацыі тэкста.

Выкарыстанне агульнай для ўсіх трох творцаў палітры выяўленчых сродкаў сведчыць пра падабенства прыроды іх таленту. Усе яны назіралі праявы камічнага ў жыцці. Гратэсковае перабольшванне часам набліжала тэкст п'ес і музычных оперных партытур да сатырычнай афарбоўкі, аднак пераважала ў творах не катэгарычнае запярэчанне, не злоснае высмейванне, а гумар, лёгкая іронія, апавітыя лірычнай усмешкай. І кампазітар, і драматургі выявілі майстэрства ў перадачы старажытных звычаяў. Усе яны не звязвалі сябе эстэтычнымі канонамі нейкага аднаго мастацкага напрамку. І Манюшка, і Фрэдра, і Дунін-Марцінкевіч вырасталі з традыцый асветніцтва. У той жа час творцы карысталіся сродкамі, выпрацаванымі сентыменталізмам і рамантызмам. Тое, што лічыцца ці не асноўным пакажчыкам наватарства Фрэдра, можна смела аднесці і да дасягненняў беларускага драматурга: абодва смела ўводзілі ў камедыю сацыяльна-побытавы матэрыял, набліжалі мову сцэнічных герояў да размоўнай гаворкі, узятай з рэальнага жыцця.

Яшчэ адзін важкі пакажчык блізкасці творчых пазіцый аўтараў -- выразны дэмакратызм светапоглядных канцэпцый. Праўда, адносна Фрэдра нам вядома, што яго творчасць напярэдадні польскага вызваленчага руху стала аб'ектам крытыкі з боку літаратараў- радыкалаў. Сёння аднабаковасць такога роду ацэнак прызнаная несправядлівай. Тое ж мы бачым і ў дачыненні да творчасці Дуніна- Марцінкевіча. Адно толькі, што здзяйсненне гістарычнай справядлівасці адносна кожнага з драматургаў не зусім супадае па часе. Манюшка свае сімпатыі да прадстаўнікоў ніжэйшых сацыяльных слаёў выявіў канкрэтна. Гэта засведчана найперш операй "Галька", што ўспрымаецца як сацыяльная драма. Героямі яшчэ адной оперы Манюшкі "Плытагон", пастаўленай у Варшаве ў 1858 г., таксама з'яўляюцца прадстаўнікі з асяроддзя працоўнага народа, сяляне, лесарубы, плытагоны, сплаўшчыкі леса.

Творчасць Манюшкі сапраўды народная, дэмакратычная, нацыянальная. І творчасць Дуніна-Марцінкевіча з поўным правам можна ахарактарызаваць як сапраўды народную, што і дазволіла ўрэшце прызнаць пісьменніка першым класікам беларускай літаратуры. Аднак, калі ўлічваць тую складаную атмасферу рэвалюцыйных падзей, якімі пазначаны 60-я гады ХІХ ст., час найбольшага росквіту творчых патэнцыялаў і кампазітара Манюшкі, і драматурга Дуніна-Марцінкевіча, то можна ўбачыць і пэўныя адрозненні, якімі пазначаны іхнія лёсы. Адносна Манюшкі даследчкі пішуць наступнае: кампазітар вымушаны быў спыніць работу над некаторымі сваімі творамі, бо трагічныя наступствы польскага паўстання, судовыя працэсы, ссылкі і іншае не спрыялі стварэнню камічнага рэпертуара. Дунін-Марцінкевіч сам удзельнічаў у паўстанскім руху, і ён, і члены яго сям'і былі жорстка пакараныя царскім урадам. Паўстанне 1863-1864 гадоў стала пераломнай падзеяй у творчым лёсе беларускага драматурга. Лічыцца, што ў 1866 г. ён піша вадэвіль "Пінская шляхта". Драматург жывіцца сваім папярэднім пісьменніцкім вопытам, здабытым, як мы ўжо заўважылі, не без уздзеяння польскіх творцаў Фрэдра і Манюшкі. Можна прызнаць, што першапачаткова ў Дуніна-Марцінкевіча, як і ў іншых названых майстроў, цеплынёй аўтарскага пачуцця сагрэты малюнкі з жыцця правінцыйнай шляхты. Аднак, як сапраўдны майстар, Дунін-Марцінкевіч рэагуе на перамены ў грамадскім жыцці: беларускі пісьменнік адмяжоўваецца ад рэчаіснасці, звязанай з арыстакратызмам, польскай салоннасцю.

А. Мальдзіс, спецыяліст у галіне беларуска-польскіх культурных сувязей, выказаў меркаванне наступнага характару: "Пінская шляхта" Дуніна-Марцінкевіча тыпалагічна блізкая да камедыі Фрэдра "Помста". Сапраўды, п'еса Фрэдра "Помста" была напісана ў 1833, пастаўлена на сцэне ў 1834, апублікавана ў 1845 г., і Дунін-Марцінкевіч, вядома, мог быць знаёмы з яе тэкстам. Аднак паміж творамі пісьменнікаў існуюць выразныя разбежнасці. Польскі драматург звяртаецца да карцін з жыцця старасвецкай шляхты. Дунін-Марцінкевіч малюе карціны не даўнейшага часу, а чэрпае матэрыял з сучаснага яму жыцця. Як і ў іншых творах, Фрэдра карыстаецца гумарыстычнымі прыёмамі, звяртаецца да гратэску, пры гэтым аўтар не прыхоўвае сваіх сімпатый да прадстаўнікоў старапольскага грамадства. Дунін-Марцінкевіч у "Пінскай шляхце" пашырае дыпазон гумарыстычных сродкаў за кошт увядзення сатырычнай афарбоўкі асобных герояў, крытыкі чыноўнікаў, судаводства, сучасных яму грамадскіх парадкаў. Ён шукае новыя арыенціры і знаходзіць іх. У гэтай сувязі, на нашу думку, асабліва спрыяльнай для Дуніна-Марцінкевіча выявілася драматургія пачынальніка новай ўкраінскай літаратуры І. Катлярэўскага (1769 - 1838).

Супастаўленчы аналіз асобных твораў гэтых драматургаў - яшчэ адзін аспект шырокай тэмы "Тыпалогія станаўлення класічнага нацыянальнага тэатру на землях Славяншчыны". Зразумела, ён прадугледжвае вывучэнне тэатру Дуніна-Марцінкевіча ў кантэксце развіцця тэатральнага мастацтва на Украіне. Але гэта цікавая размова патрабуе асобнага артыкула.

ЛІТАРАТУРА:

  1. Дорошенко, Д. Білорусй і іх національне відродження / Дмитро Дорошенко. -- Рада. - 1908. -- № 246.

  2. Дорошенко, Д. З Віленськйх вражень / Дмитро Дорошенко. - Рада. - 1909. -- № 114.

  3. Дорошенко, Д. З Віленськйх вражень / Дмитро Дорошенко. - Рада. - 1909. -- № 123.

  4. Дорошенко, Д. Відродження Білорусі / Дмитро Дорошенко. - Руслан. - 1909. -- № 168.

  5. Капілаў, А. Л., Нісневіч, С. Г. Манюшка Станіслаў // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2-х т. - Мн., 2003. - Т. 2.

  6. Мальдзіс, А. Падарожжа ў ХІХ ст. -- Мінск, 1969.

  7. Щурат, В. В. Дунін-Марцінкевйч: з нагоді 25-і річнйці смерті / Василь Щурат. - Неділя. - 1909. -- № 2.

  8. Фредро, А. Комедии / Александр Фредро. -- М., 1956.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconВ. П. Рагойша беларускае вершаванне
Беларускае вершаванне: вучэб дапам для студэнтаў выш навуч устаноў па філалаг спец. / В. П. Рагойша. – Мінск: бду, 2010. – 150 с

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconТаццяна Рудэнка «Дзякую Табе!»

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconПаэтыка. Тэорыя літаратурнага працэсу
...

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconПаэтычная прома-акцыя ў кнiгарнi «Цэнтральная»
Выступiлi са сваiмi (I не толькi) вершамi Андрэй Хадановiч, Вiктар Жыбуль I вера Бурлак, яна ж Джэцi. Першым чынам, паэты замовiлi...

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconЛітаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка
В. П. Рагойша (Уводзіны; Сістэма ведаў пра літаратуру; Агульнае І рознае ў мастацка-эстэтычным І навуковым пазнанні жыцця; Паэтыка...

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconПрава як інфармацыйна-знакавая сістэма
Харонжая таццяна вячаславаўНА, 4 курс, дзеннае аддзяленне, капітан, 8-029 339 18 13

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconКанцэпцыя адміністрацыйнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь
Харонжая таццяна вячаславаўНА, 4 курс, дзеннае аддзяленне, капітан, 8-029 339 18 13

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconТаццяна Студзенка (Мінск)
Жыві І цэльнасці шукай”, – крэда М. Багдановіча магло б стаяць на месцы эпіграфа да ўзнятай тэмы

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconУводзіны ў літаратуразнаўства вершаванне вучэбны комплекс Мінск
Уводзіны ў літаратуразнаўства. Вершаванне: Вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў-філолагаў І журналістаў/ В. П. Рагойша. — Мн.:...

Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша iconНастаўнік геаграфіі Халопіца Таццяна Міхайлаўна І кваліфікацыйная катэгорыя
Мэта ўрока: садзейнічаць фарміраванню ведаў аб структуры І геаграфіі сельскай гаспадаркі

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка