Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук




НазваЭ. багдановіч, кандыдат філалагічных навук
Дата канвертавання23.02.2013
Памер134.08 Kb.
ТыпДокументы
I. Э. БАГДАНОВІЧ,

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта


ТВОРЧАСЦЬ

ВІНЦЭНТА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

Ў ШКОЛЕ


(IX клас)


Уводзіны


Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808—1884) стала яркай і адметнай з'явай свайго часу. Пісьменнік фактычна вызначыў аблічча новай беларускай літаратуры, паказаў плённыя шляхі для яе развіцця. Усе даследчыкі беларускай літаратуры XIX стагоддзя выказваюць думку, што ён быў першым беларускім прафесійным літаратарам, стварыў найкаштоўнейшыя ўзоры нацыянальнай паэзіі і драматургіі, стаў заснавальнікам нацыянальнага тэатра. Беларускамоўныя творы Дуніна-Марцінкевіча па колькасці і мастацкіх вартасцях перавышаюць усё, што пісалі да яго папярэднікі і сучаснікі. I гэта ў той час, калі афіцыйнага друку на беларускай мове не было.

Адпаведна духу эпохі В. Дунін-Марцінкевіч пісаў па-беларуску і па-польску, нават у адным творы ўжываў дзве гэтыя мовы, каб паказаць рознасць сацыяльнага становішча сваіх герояў: прадстаўнікоў сялян і шляхты. У сярэдзіне XIX стагоддзя выйшлі з друку адна за адной чатыры арыгінальныя кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча: «Гапон, беларуская аповесць з праўдзівага здарэння на мове беларускага народа напісаная», «Вечарніцы і Апантаны» — абедзве ў 1855 годзе; «Цікавішся? — Пачытай!» — у 1856-м; «Дудар беларускі» — у 1857-м. У 1859 годзе выходзіць таксама яго пераклад на беларускую мову славутай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш (Быліцы першая і другая)», які адразу ж канфіскавала цэнзура. Гэта быў сапраўдны ўзлёт беларускага мастацкага слова на той час, а даследчык Язэп Янушкевіч красамоўна назваў яго «кніжным зарападам над беларускай паэтычнай нівай». Таму В. Дунін-Марцінкевіч заслужана лічыцца пачынальнікам новай беларускай літаратуры, пісьменнікам, чыя творчасць ніколі не страціць сваей актуальнасці і будзе заўсёды прадметам жывой увагі кожнага новага пакалення. Сапраўды, ён быў першы, хто, па словах Максіма Гарэцкага «сеяў беларускасць поўнаю жменяю».


Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка


Жыццё i творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча заўсёды цікавілі даследчыкаў, якія імкнуліся найпаўней узнавіць яго біяграфію. Пісьменнік нарадзіўся 23 студзеня 1808 года ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям'і здрабнелага беларускага шляхціца, які, тым не менш, паводле метрыкі, меў гучны тытул навагрудскага падчашага. Шляхецкі род Марцінкевічаў у мінулым меў дадатак Дунін, які паступова стаў часткай прозвішча. Род карыстаўся гербам «Лебедзь», а гісторыю вёў з XVII стагоддзя, калі продкі пісьменніка валодалі маёнткам Марцінкевічы ў Смаленскім ваяводстве.

Да 1819 года Вінцэнт гадаваўся ў родных Панюшкавічах пад наглядам маці. Звесткі пра бацьку ў дакументах амаль адсутнічаюць, таму даследчыкі выказвалі меркаванне, што ўжо ў раннім дзяцінстве будучы пісьменнік асірацеў. У маладыя гады ім апекаваўся яго дзядзька Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — вельмі ўплывовы тады чалавек, архібіскуп магілёўскі, які кіраваў усімі каталіцкімі касцёламі ў тагачаснай Расійскай імперыі. Ён жыў у Пецярбургу, і менавіта туды ў 1819 годзе адаслала Вінцэнта маці пасля заканчэння ім Бабруйскай павятовай школы. Ёсць няпэўныя звесткі, што Вінцэнт спрабаваў вучыцца на доктара медыцыны (ці то ў Вільні, ці то ў Пецярбургу), але не меў поспеху. Прычынай, хутчэй за ўсё, было тое, што будучы пісьменнік адчуваў у сабе зусім іншае, літаратарскае, пакліканне.

Далейшы жыццяпіс В. Дуніна-Марцінкевіча акрэслены больш дакладна. Вядома, што з 1828 года ён працуе каморнікам Мінскага павятовага межавога суда, пазней — перакладчыкам у рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі ў Мінску, а ў 1832 — служачым канцылярыі Мінскай крымінальнай палаты. Да гэтага часу адносіцца рамантычная гісторыя шлюбу маладога Вінцэнта, які ў 1831 годзе таемна ажаніўся з шаснаццацігадовай дачкой віленскага чыноўніка Юзэфай Бараноўскай.

У 1840 годзе адбылася важная падзея — В. Дунін-Марцінкевіч набыў пад Мінскам невялікі фальварак Люцынка і з таго часу пастаянна жыў там са сваёй сям'ёй. Адтуль пачаўся і яго пісьменніцкі шлях: менавіта ў Люцынцы ў 1840-я гады ён піша першыя мастацкія творы (лібрэта некалькіх аперэт, якія да нашага часу не дайшлі). Сапраўдным творчым трыумфам стала напісаная ў 1843 годзе ў Люцынцы, а выдадзеная ў Вільні ў 1846 годзе опера «Сялянка» («Ідылія»). Музыку да яе склаў сябра пісьменніка і вядомы кампазітар Станіслаў Манюшка. Ёсць звесткі, што і сам Дунін-Марцінкевіч спрычыніўся да музычнай часткі твора. Ён быў адораным чалавекам, але асабліва ярка музычны талент выявіўся ў яго дзецях: дачка Каміла і сын Міраслаў паспяхова выступалі з фартэпіяннымі канцэртамі ў розных гарадах (Мінску, Вільні, Варшаве і іншых). Той жа Манюшка прарочыў ім вялікую будучыню. Але, на жаль, Дунін-Марцінкевіч не мог даць дзецям вышэйшую музычную адукацыю, адправіўшы, напрыклад, у Берлінскую кансерваторыю, бо гэта вымагала вялікіх грашовых сродкаў, а ў пісьменніка іх не было.

Зорным часам для В. Дуніна-Марцінкевіча сталі 1850-я гады. У 1852 годзе была бліскуча пастаўлена «Ідылія» ў Мінскім тэатры. Ролю Навума Прыгаворкі ў спектаклі выконваў сам пісьменнік. П'еса мела ашаламляльны поспех, атрымала станоўчыя водгукі ў прэсе. Але спектакль неўзабаве забараніла цэнзура, бо ў ім адкрыта гучала беларуская патрыятычная ідэя. У гэты час пісьменнік жыве пераважна ў Мінску. Вакол яго гуртуецца кола інтэлігентаў-аднадумцаў, якія падзялялі дэмакратычныя і патрыятычныя ідэі, а таксама былі, як і ён, прыхільнікамі беларускага прыгожага пісьменства (Уладзіслаў Сыракомля, Адам Плуг ды іншыя). Сам жа Дунін-Марцінкевіч быў найбольш ініцыятыўным стваральнікам такога пісьменства. З 1855 па 1859 гады, як ужо згадвалася, былі выдадзены чатыры арыгінальныя па-этычныя кнігі пісьменніка і яго пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (дзве першыя часткі). У гэтыя кнігі побач з польскамоўнымі творамі ўваходзілі і беларускія «вершаваныя аповесці з жыцця беларускага люду» («Гапон», «Вечарніцы», «Купала», «Шчароўскія дажынкі»). У іх шырока выкарыстоўваўся беларускі фальклор, апісваліся абрады і звычаі беларускага народа, а таксама быў высока апаэтызаваны вобраз беларуса — прадстаўніка народа з чулым сэрцам і чыстай душой. З гэтага часу В. Дунін-Марцінкевіч становіцца найбуйнейшым прафесійным беларускім літаратарам, заснавальнікам новай літаратуры.

У 1861 годзе ў Вільні выходзіць яшчэ адна паэтычная кніга В. Дуніна-Марцінкевіча — польскамоўная паэма «Люцынка, альбо Шведы на Літве», якая стала апошнім прыжыццёвым выданнем пісьменніка. Набліжаўся грымотны час паўстання 1863 года. Як сцвярджаюць даследчыкі, В. Дунін-Марцінкевіч не ваяваў, але яго сям'я актыўна дапамагала паўстанцам, якія ў Люцынцы заўсёды мелі падтрымку. Найбольш дзейсны ўдзел у паўстанні прыняла дачка пісьменніка Каміла, якая за гэта пазней была выслана ў Салікамск. Самога Дуніна-Марцінкевіча расшуквалі жандары (ён пэўны час хаваўся), таму што падазравалі ў напісанні і распаўсюджванні нелегальных антыцарскіх адозваў і твораў (напрыклад, «Гутарак старога дзеда»).

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў арыштаваны ў Свіры ў кастрычніку 1864 года. Больш года, пакуль вялося следства, ён знаходзіўся ў астрозе ў Мінску. Аднак доказаў яго віны не знайшлося, і пісьменнік быў выпушчаны пад нагляд паліцыі з правам пражывання ў сваім маёнтку Люцынка. Там прайшлі наступныя дваццаць гадоў яго жыцця, да смерці ў 1884 годзе. Гэта быў цяжкі час для пісьменніка, ды і для ўсёй грамадскасці Беларусі, якая перажывала паразу паўстання і ўзмацненне царскага самадзяржаўя. Невядомымі заставаліся далейшыя шляхі Беларусі, літаратура ізноў была ў заняпадзе, творы не друкаваліся. Аднак Дунін-Марцінкевіч працягваў пісаць. Свае творы ён складаў у знакаміты куфар, пра які згадвалі яго сучаснікі. У гэты час былі напісаны камедыя «Пінская шляхта» (1866), паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (1868), камедыя «Залёты» (1870). Як вядома, названыя п'есы былі апублікаваны толькі ў 1918 годзе, а «Быліцы, расказы Навума» — у 1946-м.

У 1870-я гады ў сваім фальварку Люцынка пісьменнік адкрыў нелегальную пачатковую школу для беларускіх дзяцей. Выкладчыкам быў ён сам і яго дачка Цэзарына. Гэтую школу наведваў Антон Лявіцкі — будучы пісьменнік Ядвігін Ш. Менавіта з яго ўспамінаў даследчыкам стала вядома пра куфар з рукапісамі, а таксама пра тое, што ў Люцынцы на хатняй сцэне ставілася «Пінская шляхта». У апошні год жыцця В. Дунін-Марцінкевіч дбаў аб выданні свайго перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча ў польскім часопісе «Край», але не дачакаўся гэтага. Ён памёр у фальварку Люцынка ў снежні 1884 года. Пахаваны пісьменнік на могілках у Тупальшчыне, якія месцяцца акурат пры ракаўска-івянецкім гасцінцы (сучасны Валожынскі раён Мінскай вобласці).

У 2008 годзе ўрачыста адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння славутага пачынальніка беларускай літаратуры. Пад знакам ЮНЕСКА была праведзена Міжнародная навуковая канферэнцыя ў Нацыянальнай акадэміі навук, адбыліся святочныя мерапрыемствы ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Беларускага Дудара, адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў Бабруйску, дзе Дунін-Марцінкевіч быў ахрышчаны і атрымаў пачатковую адукацыю. Значная падзея культурнага жыцця нашай краіны ў гэты час — прэм'ера спектакля «Шнская шляхта», пастаўленага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы рэжысёрам Міхаілам Пінігіным. Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча становіцца па-новаму актуальнай у сучаснасці, а яе агульначалавечыя ідэалы, увасобленыя ў нацыянальнай форме, ніколі не састарэюць.


Першы сярод пачынальнікаў


Яркі талент В. Дуніна-Марцінкевіча прывабліваў увагу прыхільнікаў пісьма на народнай мове, ствараў вакол яго кола аднадумцаў. Яго адразу ж падтрымаў сябра і таксама вядомы на той час пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. Падтрымлівалі яго Адам Кіркор, Адам Плуг, Аляксандр Ельскі ды іншыя тагачасныя літаратары, якія прыхільна ставіліся да літаратуры на беларускай мове. Сярод яго сяброў быў таксама слынны кампазітар Станіслаў Манюшка, які паходзіў з Міншчыны, цікавіўся беларускай народнай творчасцю, выкарыстоўваючы яе ў сваёй музыцы. Менавіта ён напісаў музыку да оперы «Сялянка (Ідылія)». Такая падтрымка была вельмі важная для пісьменніка, таму што на той час літаратура на народнай беларускай мове мела шмат нядобразычліўцаў, многія польскія літаратары крытыкавалі пісанне на «сялянскай» мове, лічылі гэта ганебным і непатрэбным.

Аднак Дунін-Марцінкевіч разумеў, што кнігі і асвета для простых людзей Беларусі, для сялян, якія захоўвалі нацыянальную мову і звычаі, становяцца першачарговай патрэбай. Ён быў упэўнены, што ў гэтым, у абуджэнні народнага духу, яго шлях як літаратара. У лісце да вядомага польскага пісьменніка Юзафа Крашэўскага В. Дунін-Марцінкевіч пісаў, акрэсліваючы сваю народную, дэмакратычную пазіцыю: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга народу, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемры, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы». Гэтую асветніцкую праграму падтрымаў У. Сыракомля, які слушна называў В. Дуніна-Марцінкевіча «народным паэтам», лічыў яго творы «феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў, а хатняе рэха паўтарыла». Сімвалічная «беларуская дуда» стала паэтычным атрыбутам В. Дуніна-Марцінкевіча, а сам ён называў сябе Беларускім Дударом.

У пазнейшы час, ужо пасля паражэння паўстання 1863 года, калі беларускае культурнае і літаратурнае жыццё, здавалася б, замерла, вершаванае пасланне «Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу» прыслаў Аляксандр Ельскі. Ен таксама падкрэсліў важнасць напісанага пісьменнікам на беларускай мове і выказаў народнае жаданне яшчэ пачуць яго творы:

Здароў, Вінцэсь, айцец «Гапона»!

Табе паклон ад Гелікона

За «Вечарніцы» і за «Дудара».

I за «Навума» сяла гаспадара,

Бо твае песні гладкі і лоўкі —

Яны гамоняць нам да галоўкі...

Эй! — разгуляйся толькі зноў

Ды пацеш жа мужычкоў,

Ім трэба песенькі сваей,

Дык ты ж, Вінцэсь, ты ім запей.

Сам жа В. Дунін-Марцінкевіч мэтанакіравана ішоў па шляху беларусізацыі літаратуры, разумеючы яго ахвярнасць і цяжкасць, бо ён быў першапраходцам. Ён быў удзячны за падтрымку, якая натхняла яго. «О муза! ...Мне пазыч кульбакі, // Каб я дасцігнуць мог Парнаскае сялібы // На тым тваім кані, варочаючы скібы // Маёй сялянскай нівы...» — пісаў ён у паэме «Літаратарскія к лопаты».


Дэмакратызм, патрыятызм, эстэтычныя погляды пісьменніка


Дэмакратызацыя грамадства і рост увагі да народнага жыцця былі характэрны для ўсяго XIX стагоддзя. Гэты працэс разгарнуўся яшчэ на хвалі рамантызму, а ў сярэдзіне стагоддзя ўзмацніўся, бо становішча сялян усё больш выклікала неспакой грамадскасці. Чакала свайго неадкладнага вырашэння праблема прыгоннага права. Яно было адменена, як вядома, у 1861 годзе. Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча адлюстроўвае працэс дэмакратызацыі беларускай літаратуры. У цэнтры яго ўвагі — дароднае жыццё, лёсы беларускага сялянства і шляхты. Ён стварае каларытныя народныя вобразы — Югасі (пераапранутая Юля) і войта Навума з «Ідыліі», Гапона («Гапон»), Кацярынкі («Вечарніцы»), Тадоркі («Шчароўскія дажынкі») ды іншыя, якіх надзяліў хараством і высакародствам душы, кемлівасцю і шчырасцю ў паводзінах і пачуццях. Гэта па-сапраўднаму глыбокія народныя вобразы, носьбіты народнай мудрасці і спрадвечных хрысціянскіх дабрачыннасцей.

Прадметам асаблівай увагі В. Дуніна-Марцінкевіча заўсёды быў таксама родны край — занядбаны ў сваім гістарычным развіцці, але найпрыгажэйшы і найлепшы за ўсе замежныя краіны. Менавіта родны край, любоў да яго, адданасць яму былі для пісьменніка галоўным, калі ён пісаў свае творы. Самымі лепшымі, ідэальнымі якасцямі ён надзяляў менавіта тых сваіх персанажаў, якія ставіліся да роднага краю з любоўю. Такая, напрыклад, галоўная гераіня яго п'есы «Ідылія» Юлія, для якой любоў да роднага краю вызначае ўсе яе ўчынкі. Яна спявае ў творы раманс, які гучыць прызнаннем у любові да роднага краю:

О край мой любы, мой родны!

Ты знаеш думак прычыны.

Тут, як у раі, аздобна,

Ціснуцца дзецтва ўспаміны.

У іншым сваім творы, польскамоўнай паэме «Благаславёная сям'я», Дунін-Марцінкевіч падкрэсліваў хараство роднага краю, з якім не можа параўнацца ніякая слава замежных сталіц:

Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,

Што швейцарскія горы, старыя Афіны.

Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!

(Пераклад А. Зарыцкага)

Такім чынам, менавіта дэмакратызм і патрыятызм вызначалі ідэйныя погляды В. Дуніна-Марцінкевіча. Ён стварыў каларытныя вобразы прадстаўнікоў беларускага народа, сялянства і шляхты, надзяліў іх патрыятычнымі пачуццямі, высокімі маральнымі якасцямі, а таксама ў камічнай і сатырычнай форме паказаў тых герояў, якім былі чужыя такія ідэалы пісьменніка. Ён стварыў шырокую, яскравую панараму жыцця тагачаснага беларускага краю і ўзбагаціў сваімі творамі беларускую літаратуру.

Даследчыкі гавораць аб суіснаванні розных эстэтычных напрамкаў у творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, аб тым, што ён ішоў ад сентыменталізму і рамантызму да рэалістычных форм паказу беларускага народа ў паслярэформенны перыяд. Яго называюць таксама вялікім асветнікам. Як асветнік і сентыменталіст пісьменнік прапаноўваў вырашэнне грамадскіх, сацыяльных канфліктаў шляхам добразычлівых адносін паміж панамі і сялянамі. Вобразы асвечаных паноў — заступнікаў сялянства — пісьменнік стварыў у «Гапоне», «Ідыліі», «Шчароўскіх дажынках». На той час, калі яшчэ не быў адменены прыгон, іх вобразы былі вельмі важнымі, напоўненымі гуманістычным сэнсам, бо змяшчалі ідэю перамены грамадскіх адносін шляхам дабра і любові. Такія погляды пісьменніка, безумоўна, не былі адсталымі, хоць, магчыма, былі утапічнымі. Па сутнасці, гэта — глыбока хрысціянскія погляды. Калі вобразы паноў у яго творах ідэалізаваныя, то, трэба заўважыць, не менш ідэалізаванымі выглядаюць у яго і народныя, сялянскія, тыпы. Ідэалізацыя як прыём была ўласцівая ў цэлым творчасці пісьменніка, дапамагала яму раскрыць свой талент і выказаць асветніцкія ідэі, актуальныя для тагачаснага беларускага грамадства.


Крыніца:

Багдановіч, І. Э. Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў школе : (9 клас) / І. Э.Багдановіч // Беларуская мова і літаратура. Серыя “У дапамогу педагогу”. — 2009. — № 12. — С. 3—14.

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconКаб падрыхтаваць настаўнікаў І выкладчыкаў беларускай мовы да ўвядзення ў дзеянне закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі"
Ан беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовы І літаратуры...

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconАлена Уладзіміраўна Таболіч
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconПалажэнне аб дыпломнай рабоце
Бадзевіч З. І., кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры сучаснай беларускай мовы, дацэнт

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconК. П. Любецкая стылістыка І культура
В. Палятаева, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры славянскіх моў мдлу

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconВучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў спецыяльнасці 1 210501 "Беларуская філалогія"
В. Палятаева, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага мовазнаўства мдлу

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт зацвярджаю
П. П. Жаўняровіч, дацэнт кафедры стылістыкі І літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,...

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconНавучальная праграма
Багдзевіч А.І., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага І тэарэтычнага мовазнаўства Установы адукацыі “Гродзенскі...

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconНавучальная праграма
Сіплівеня Ж. С., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага тэарэтычнага мовазнаўства Установы адукацыі “Гродзенскі...

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconБеларускі дзяржаўны універсітэт зацвярджаю
Капцаў Уладзімір Анатольевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага...

Э. багдановіч, кандыдат філалагічных навук iconЎступнага экзамена ў магістратуру па спецыяльнасці
Сіплівеня Ж. С., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага тэарэтычнага мовазнаўства Установы адукацыі “Гродзенскі...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка