Назва горада, яе тлумачэнне




НазваНазва горада, яе тлумачэнне
Дата канвертавання28.10.2012
Памер207.58 Kb.
ТыпДокументы
Край мой беларускі, край!

Дай мне наглядзецца, дай!

На твае на пожні,

На лугі ды рэкі,

Каб у час апошні

Ўзяць з сабой навекі,-

Дай жа наглядзецца, дай!

Ніл Гілевіч


Пейзажы гэтых мясцін ураджваюць. Іх параўноўваюць з пейзажамі Швейцарыі. Але я не вельмі люблю такога роду параўнанняў, таму што кожная мясціна прываблівае сваёй непаўторнасцю. Узгоркі Лагойшчыны не змрочныя. Яны велічныя і загадкавыя. Калі ўглядваешся ў іх цёмныя абрысы, здаецц, што яны захоўваюць нейкую таямніцу. Дарэчы, такое меркаванне наўрад ці будзе памылковым. Яны – захавальнікі нашай гісторыі. Калі паглядзець на карту Лагойшчыны, складзеную археолагамі, можна ўбачыць абазначэнні дзесяткаў помнікаў – селішчаў, гарадзішчаў, курганоў. Продкі нашыя звыш тысячы гадоў назад аблюбавалі гэтыя, здавалася б, непраходныя мясціны. Узгоркі расступіліся і далі ля свайго падножжа месца ўмацаванаму гораду побач з прыгожай ракой. І праз вякі не пакіне раўнадушным паэта Петруся Броўку: “Гайна!.. Гайна!.. Што за рэчка! – прыгажэй няма”.

Лагойск- гарадскі пасёлак, раёны цэнтр Мінскай вобласці. Размешчаны на беразе ракі Гайна, за 30 км на поўнач ад Мінска. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечнам.


НАЗВА ГОРАДА, ЯЕ ТЛУМАЧЭННЕ.

На погляд В. П. Лемцюговай, назва пасёлка паходзіць ад назвы ракі ( суфікс “ск” характэрны для гідронімаў, а корань “лагоз” – ад назвы ракі Лагаза). Такую ж думку выказваеі доктар філалгічных навук А. Рогалеў: “Горад Лагойск узнік на месцы ўпадзення ў раку Гайну (правы прыток Бярэзіны Дняпроўскай) рэчкі Лагазы. Першапачатковая форма назвы горада – “Логожьскъ”. Яна сведчыць, што ў яе аснове ляжыць найменне воднага аб’екта – Лагазы. Назва Лагаза ўтворана ад слова лог – “нізіна, лагчына, даліна, у якой цячэ рака”. Слова лог у сваю чаргу звязана са словам ляжаць, якое спрадвеку абагульнена разумелася як “быць без ужывання”, “знаходзіцца без руху”, а ў адносінах да зямлі – “быць без апрацоўкі”. Таму і назву Лагаза можна растлумачыць наступным чынам: “нізінная зямля, якая ляжыць, не апрацоўваецца, не выкарыстоўваецца для сельскагаспадарчых патрэб”. На думку В. А. Жучкевіча, назва Лагойска звязана з найменнем расліны лагазы, характэрнай для берагоў рэк. Тапонім Лагойск, па Жышкевічу, паходзіць ад тэрміна “лагчына”- паніжэнне рэльефу, што пацвяржаецца сучаснай тапаграфіей.

Але ёсць яшчэ і легенда (як і кожнага горада і мястэчка Беларусі), якая па-свойму тлумачыць назву Лагойска. Жыў-быў некалі ў гэтых мясцінах вельмі багаты селянін. Звалі яго Логвін. Было ў яго тры сыны. Падышоў неяк час вырашаць, як жыць далей. Старэйшыя сыны вырашылі ажаніцца, а малодшы, Іванка, - вандраваць, паглядзець свет. Абяцаў маці-бацьку хутка вярнуцца. З гэтымі словамі і пакінуў родную хату. Вандруючы па незнаёмым мясцінам, наброў на невялічкую хатку, дзе жыла зусім хворая бабулька. І казала яна Іванку, каб ён хутчэй вяртаўся да роднай хаты, бо, можа, і яго бацькі такія ж хворыя, чакаюць яго... але не паслухаўся Іванка і пакрочыў далей. Аднойчы падыйшоў хлопец да чыстага возера, поўнага вялізнай рыбай. І ўбачыў на возеры даццаць прыгожых гусей-лебядзяў. Заспяваў певень, птушкі скінулі вопраткі і пераўтварыліся статных дзяўчат. Падабалася Іванку адна з птушак, і вырашылі яны ажаніцца. Але спярша хлопец павінен быў вернуцца да бацькоў. Усё ж не дачакаліся маці-бацька малодшага сына – памерлі, браты родныя перасварыліся-перабіліся, ды ці адзін раз, за бацькоўскую зямлю. І пайшоў Іванка назад, знайшоў сваю суджаную і стаў з ёю разам жыць, дзетак гадаваць. З цягам часу сталі іншыя людзі хаціны будаваць, а возера тое, прыгожае і сіняе, за многія стагоддзі знікла з твару зямлі. Невялічкую вёску назвалі Лагвойск, у памяць пра Іванку, сына Логвіна.


АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ.

Лагойская зямля багата на археалагічныя помнікі: ці гэта гарадзішча, ці селішча, ці курганны могільнік. Так у часопісе “Полымя” гісторык А. П. Арцішэўскі паведамляе: “На Лагойшчыне побач з хатынскімі званамі ўзвышаюцца два курганы – сведкі мужнай барацьбы беларускіх сялян сярэдзіны 17 стагоддзя, на чале якіх стаяў Дзяніс Мурашка - саротнік Багдана Хмяльніцкага. Гэта быў кіраўнік паўстання беларускіх сялян у руска-польскую вайну 1654-1667 гадоў, якая скончылася Андрусаўскім перамір’ем паміж рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай”.

Гарадзішча старажытнага Лагойска – замчышча, размешчанае на правым беразе ракі Гайна (ва ўрочышчы Замкавая гара, цяпер Парк Культуры і Адпачынку). Пляцоўка плошчу 1,5 га ўмацавана валам вышынёй 3 м і ровам. Даследванні праводзіў вядомы археолаг Штыхаў, раскапана 420 м2. Культурны пласт складае 0,8 – 1,2 м, мае 2 гарызонты: верхні і ніжні, паміж якімі маецца праслойка пяску. У ніжнім гарызонце знойдзены невялікі гаршчок з лінейным арнаментам 10 ст.) і некалькі абломкаў ляпнога посуду, рэшткі печаў-домніцаў, чарапкі старажытнага посуду. Гэтыя акалічнасці дазваляюць зрабіць меркаванне аб тым, што першае пасяленне ўзнікла на месцы Лагойска яшчэ ў 10 стагоддзі, другімі словамі кажучы, раней, чым першае ўпамінанне аб Лагойску ў пісьмовых крыніцах (1078 г.). тут жа знойдзена даволі шмат вырабаў з жалезу: накнечнікі стрэл і стрэмя, шпоры, фрагменты замкоў і інш; сярод сельскагаспадарчых прылад: сашнік, жалезныя востры (імі білі рыбу). Гараджане таксама займаліся рамяством: знойдзены нажніцы, нажы, крыц (надаапрацавнае жалеза), лыжкар (жалезная прылада для выразання лыжак) і гіра ад бязмену (значная крыніца вагавай сістэмы Полацкага княства 11-12 ст.). Сустракаецца нямала вырабаў з каляровых металаў, керамічныя пліткі для падлогі, гліняная плітка, пакрытая палівам (квадратная, памерам 8 см, таўшчынёй 2 см; такія пліткі выкарысталіся ў 12 стагоддзі ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку для ўпрыгожвання мураваных царкоўных будаванняў; магчыма, на замчышчы існавала старажытная царква, альбо такі будынак хацелі ўзвесці), вырабы з бронзы. У верхнім гарызонце знойдзены абломкі пасудзін з зялёнай палівай і пясчаная кафля, непаліваныя гаршкі, будаўнічыя матэрыялы і інш. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Лагойска ва ўрочышчы Паненская гара даследвана яшчэ адна частка лагойскага замчышча. Яна займае высокі мыс на беразе ракі Гайна (пляцоўка, плошчай 30х20 м). З усходу ўмацавана ровам і валам. Культурны пласт амаль адсутнічае (вельмі пашкоджаны перакопамі), але на схілах пляцоўкі знойдзены невялікія кавалкі ляпных пасудзін.

Канешне, нельга забываць аб археалагічных помніках іншых пасяленняў Лагойскага раёна: курганных помніках Задор’еўскага, Бяларучыцкага, Астрошацкага, Янушкавіцкага сельсаветаў, гарадзішчаў Каменскага і Прусавецкага сельсаветаў. Гэтыя сведкі мінуўшчыны да нашага часу застаюцца таямніцамі, да якіх не дакранулася ні водная рука археолага.

Адной з загадкак Лагойшчыны з’яўляецца лагойская астраблема – старажытны метэаралагічны кратэр паблізу раённага цэнтра ў вярхоўі ракі Гайна. Адкрыты ў 1975 годзе пры бурэнні свідравіны ў раёне вёскі Кузевічы як структура з анамальнай геалагічнай будовай. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Дыяметр лагойскай астраблемы складае прыкладна 15 км, глыбіня – 500 м. Складзена з так званай брэкчыі – абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне лагойскай астраблемы абгрунтавалі беларускія вучоныя А. С. Махнач, М. В. Вераценнікаў, Г. І. Ількевіч.


ГІСТОРЫЯ ГОРАДА, ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАДЗЕІ І ПОМНІКІ.

Старажытнае славянскае паселішча., авеянае легендамі і паданнямі, што звязаны з кровапралітнымі войнамі. Паводле паданняў, старажытны Лагойск займаў значную плошчу і распрасціраўся там, дзе пазней выраслі густыя лясы. Гэта пацвярджаюць рэшткі старажытных руін, курганоў, якія параслі лесам. Паселішча існавала яшчэ да ўпамінання аб ім у розных гістарычных крыніцах. Лагойск амаль равеснік Мінска. Першае ўпамінанне адносіцца да 1078 года у “Павучанні” кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха пры апісанні яго паходу на Усяслава Полацкага, калі Уладзімір захапіў Лагойск. У 1128 годзе Лагойск заваяваў полацкі князь Ізяслаў, узяў у палон усіх жыхароў. У 11-12 стагоддзях Лагойск з’яўляўся важным умацаваным пунктам на паўднёвых граніцах Полацкага княства.

З той пары Лагойск пераходзіў да розных удзельных князёў і, нарэшце, дастаўся князю Скірыгайлу як дарунак брата караля Ягайлы. У 14 стагоддзі Лагойскае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі князь Вітаўт, умацоўваючы абароназдольнасць дзяржавы, не забыў і Лагойск. Замкавыя збудаванні рэканструявалі і ўмацавлі.

Увогуле, Лагойск адносіўся да ліку прыватнаўласніцкіх гарадоў. Кароль Казімір Ягелончык падарыў яго князю Аляксандру Чартарыйскаму. Пры князю Сямёну Чартарыйскім, камянецкім намесніку, у 1505 годзе на Міншчыну напалі татарскія орды Махмеда Гірэя, якія захапілі і зруйнавалі драўляны, абнесены валам лагойскі замак. У 1508 годзе Жыгімонт І зноў пацвердзіў правы Чартарыйскіх на гэта ўладанне. Князь Сямён Чартарыйскі, страціўшы сыноў у час татарскай навалы, аддаў Лагойск у спадчыну сваім дочкам. У 1518 годзе з Аляксандрай Чартарыйскай ажаніўся ваявода падляскі і маршалак каралеўскі Васіль Тышкевіч. Адкупіўшы ў 1525 годзе рэшткі Лагойска ў сястры жонкі Сафіі, Васіль Тышкевіч стаў уладальнікам усёй Лагойшчыны, што і пацвердзіў сваім прывілеем ад 1528 г. кароль Жыгімонт І. В. Тышкевіч на месцы спаленага татарамі ўмацавання паставіў новы замак і збудаваў храм Богаяўлення. Лагойск – адзін з нямногіх беларускіх маёнткаў, які знаходзіўся ў руках 15 пакаленняў аднаго роду. Адзін з унукаў Васіля – вядомы вучоны Аляксандр Тышкевіч, прыняўшы ў Італіі каталіцызм, фундуе ў горадзе ў 1609 г. мураваны фарны касцёл, у якім ажыцяўлялася пахаванне лагойскай лініі роду Тышкевічаў. У 1706 (1708) годзе шведы дашчэнту зруйнавалі новы лагойскі замак. На яго мейсцы ў 18 стагоддзі Станіслаў Тышкевіч збудаваў касцёл і кляштар базяльян, зачыненыя ў 1834 годзеі зруйнаваныя ў 1841г. Пій Тышкевіч (1756-1858), маршалак шляхты Барысаўскага павета, член Віленскай Археалагічнай камісіі, бацька вядомых калекцыянераў Канстанціна і Яўстафія, пабудаваў тут у 1815 годзе новы вялізны ампірны палац. Будынак, узведзены на высокім паўпаверсе ў плане выцягнутага прамавугольніка, складаўся з трох частак: сярэдняга двухпавярховага пяцівосевага корпуса і двух бакавых рызалітаў, аб’яданых у працяглую франтальную кампазіцыю чатырохвосевымі аднапавярховымі крыламі. Палац быў вядомы сваёй багацейшай археалагічнай калекцыяй, размешчанай у двух вялізных залах. У палацы мелася бібліятэка ў 10000 тамоў, збор медалёў і манет (1140 экспанатаў), ваенныя рэліквіі. У галерэі жывапісу былі прадстаўлены карціны мастакоў Яна Дамеля, Францішка Смуглевіча, Шымана Таховіча, Яна Рустэма і Аляксандра Арлоўскага. Збор замежных мастакоў уключаў творы 47 карцін Каналета, Дамініка Земпера, Ваўвермана, Саламена, І. Калота, а таксама шэраг фамільных партрэтаў. Палац стаяў на невялікім узвышшы сярод пейзажнага парка, выцягнутага ўздоўж правага берага ракі Гайны. Праз парк працякаў невялікі ручай з мураваным арачным мастом. Перад ім пры ўездзе стаяў домік-вартоўня. Двор упрыгоўжваў газон, абкружаны самшытам. Цудоўны краявід адкрываўся з тыльнай тэрасы палаца. Адсюль віднелася рака, сажалка і далей зарэчны гай. Над сажалкай стаяла зялёная альтанка ў выглядзе высаджаных па кругу ліп. Палац перажыў першую, але загінуў у час другой сусветнай вайны.

У 1837 годзе у Лагойску пачала працаваць ткацкая фабрыка. Дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прылад з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчан і сялян, але праз 2-3 дзесяцігоддзі фабрыкі ібанк былі зачынены. З 1861 года працавалі невялікія шкіпінарны і медны заводы. У 1897 годзе пражывала 2296 чалавек, працавлі народнае вучылішча, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крам, штогод адбываліся 3 кірмашы.

З устанаўленнем ў мястэчку Савецкай улады ў лістападзе 1917 годзе тут быў сфарміраваны атрад Чырвонай гвардыі. У 1918 годзе акупіраваны германскім войскам, а 1920 – польскім. З 1924 года Лагойск – цэнтр раёна, а 1938 – гарадскі пасёлак. У Вялікую Айчынную вайну з пачатку ліпеня 1941 года па 2 ліпеня 1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль поўнасцю разбураны. На тэрыторыі Лагойскага рёна дзейнічалі партызанскія брыгады “Дзядзькі Колі”, “Жалязняк”, “Штурмавая”, “Смерць фашызму”. Сярод значных падзей Айчыннай вайны трэба адзначыць Лагойскі бой 1942 года – бой партызанскай брыгады “Штурмавая” (камандзір Лунін Б. М.) па разгроме фашысцкага гарнізона (240 гітлераўцаў) у ноч на 23 снежня. Напапярэдадні аперацыі падпольшчыкі пасёлка склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пулямётаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзінавага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вялікія трафеі. У Лагойску ў гонар партызан устаноўлена мемарыяльная дошка.


ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ

Лагойская Свята-Мікалаеўская царква з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускга стылю. Кампазіцыя традыцыйна (чатырохчасткавая працяглая па восі ўсход-захад): чатырох’ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Стрыманы дэкор помніка ўключае ордэрную пластыку, прафіляваныя карнізы. Галоўныя дамінанты – васьмігранная званіца і барабан, якімі завершаны асноўны аб’ём, маюць аднолькавую архітэктурна-канструктыўную схему (васьмярык на чацверыку), а таксама штаровыя дахі, што надае суцэльнасць агульнаму архітэктурнаму вобразу. У інтэр’еры цэнтральны аб’ём перакрыты ветразевымі скляпеннямі на слупах. Пабудавана Лагойская Свята-Мікалаеўская царква ў 1866 годзе, але дагэтуль была цэлая гісторыя... Лагойск неаднаразова ўпамінаецца ў летапісах, і звесткі гэтыя непасрэдна звязаны са змаганнямі паміж полацкімі і кіеўскімі князямі. Несумненна, што ўжо ўтыя аддаленыя часы ў Лагойску існавала праваслаўная царква. У канцы 14 стагоддзя тут ужо дзейнічаў праваслаўны манастыр, асвечаны ў імя Св. Іаана Прадцечы. Апрача замкавай Багаяўленскай, у мястэчку напачатку 16 ст. існавала яшчэ і Прачысценская царква, што стаяла на ўзгорку над рэчкай. У адрозненне ад Багаяўленскай, яна не была пашкоджана татарамі, таму пасля разбурэння замкавага храма богаслужэнні праводзіліся ў ёй. З 1532 г. Лагойск адышоў у валоданне Васіля Тышкевіча. Дзякуючы яго намаганням Багаяўленская царква была адноўлена. Ён жа заснаваў пры ёй і аднаіменны манастыр, які дзейнічаў каля ста гадоў. Прыкладна ў канцы 20-х гадоў 17 ст. у Лагойску здарыўся пажар, і замкавая Багаяўленская царква, а разам з ёй і манастыр згарэлі. У 1653 годзе польскі кароль Ян Казімір перадаў уніяцкаму архімандрыту Варлааму Кізінскаму Лагойскую царкву Св. Мікалая. У 1752 годзе ў Лагойску аднавілі былую Багаяўленскую царкву і заснавалі пры ёй уніяцкі манастыр. У 2-ой палове 18 ст. апрача манастырскага храма тут налічваліся яшчэ 4 царквы: Прачысценская, Свята-Юр’еўская, Спаса-Прэабражэнская, Свята-Мікалаеўская. У 1834 годзе Багаяўленская царква зрабілася прыхадской. Яна дзейнічала, як самастойная, да 1841 года, затым на непрцяглы час была прыпісана да Св. Мікалаеўскага Храма, дзе служыў протаіерай Канстанцін Шышко, які пасля скасавання уніі ў 1839 годзе разам са сваёй паствай прыняў праваслаўе. У сярэдзіне 19 ст. усе лагойскія цэрквы выглядалі ўжо даволі кепска. Валодаўшыя горадам графы Тышкевічы мала клапаціліся пра іх стан. Замест іх вырашана было ўзвесці ў Лагойску адзін мураваны храм. Гэты храм пабудавалі ў 1866 годзе на ўзвышаным месцы, дзе здавён стаяла Прачысценская царква, асвяціўшы яго ў імя Св. Мікалая. У 1889 годзе настаяцелем храма стаў айцец Васілій Вержбаловіч, які праслужыў тут больш за шэсць дзесяткаў гадоў. Царкоўнае жыццё было выдатна налажана да 20-х гадоў 20 стагоддзя, калі быў арыштаваны айцец Васіль, а зачыненая царква пераўтворана ў збожжасховішча. У 1941 годзе веруючыя адкрылі свой храм і з гэтага часу богаслужэнні не спыняліся ў ім ніколі. У Лагойск вярнуўся а. Васілій і праслужыў тут да 1952 года. Да канца сваіх дзён ён заставаўся верным іерэйскаму служэнню, заўсёды дапмагаў людзям, і таму пакінуў аб сабе ў іх сэрцах вельмі шчодрую памяць. Кожная лагойская сям’я ўспамінае гэтага чалавека добрым, ласкавым словам.

Праз дарогу, насупраць царквы, захаваўся драўлены адда-двухпавярховы будынак. Яго пабудавалі у 1837 годзе для фабрыкі баваўняных і льняных тканін. Тут выраблялі абрусы, сарвэты, ручнікі з рознымі малюнкамі і палатно досыць добрай якасці. Вырабамі фабрыкі задавольваліся патрэбы графскага двара, галоўным жа чынам меўся попыт рынку. Пазней у гэтым будынку была яўрэйская, потым беларуская школы. У час Другой Сусветнай вайны ў гэтай хаце размяшчалася гестапа, зараз выкарыстоўваецца як жыллё. Акрамя сваёй гісторыі будынак цікавы старадаўнімі разнымі ўпрыгожваннямі.

На другім баку ракі ўзвышаецца касцёл Св. Казіміра . першы драўляны касцёл быў пабудаваны на гэтым месцы ў 1609 годзе, а ў 1796 годзе быў заменены на новы, цагельны, які выкарыстоўваўся як магільны склеп роду Тышкевічаў. Гэты касцёл праіснаваў да 1960-х гадоў, пакуль не быў разбураны разам з графскім палацам. І толькі ў апошнія гады 20 стагоддзя на падмурку быў узведзены новы, трэцці па ліку, будынак, які з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем горада.

Лагойскі парк – адзін з помнікаў садова-паркавага мастацтва, створаны ў першай палове 19 стагоддзя на правым беразе ракі Гайна. Парк пейзажнага тыпу, плошчай 10 гектараў, складаецца з дзвюх ландшафтных частак. На паўднёвай дзялянкі захаваліся рэшткі старажытных замкавых умацаванняў, валаў і равоў. На паўночнай частке, пакатым у бок ракі схіле, ў 1815 годзе ў класічным стыле быў пабудаваны двухпавярховы мураваны палац, побач якога заснаваны пладовы сад. На жаль, палац быў разбураны у Вялікую Айчынную вайну: засталіся толькі руіны. Са схілу, які займаў палац, адкрываюцца тры перспектывы: на раку, яе пойму і навакольныя ўзгоркі. У парку растуць у асноўным дрэвы ліставых парод: ліпа, клён, яліна, дуб, сустракаюцца таполя белая, ясень пенсільванскі і г.д. Зараз выкарыстоўваецца як гарадскі парк культуры і адпачынку.

Недалёка ад Лагойска (прыкладна ў 15 км) знаходзіцца Хатынь – мемарыяльны ансамбль на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму на тэрыторыі Беларусі ў 1941 – 1945 гадах. Мемарыял з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея ВАв. Ён быў створаны на месцы былой вёскі Хатынь, спаленай 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей) карным батальёнам нямецка-фашысцкіх акупантаў. Мемарыяльны комплекс адкрыты 5 ліпеня 1969 года. Мемарыял захоўвае планіровачную структуру былой вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, Плошчу Памяці, сцяну Жалобы, Дрэва Жыцця. Мемарыяльны комплекс пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы – “Хатынь”. Далей кіламетровыя паказальнікі вядуць адваротны адлік шляху. Дарога Жалобы прыводзіць да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з надпісам аб тым, што вёска Хатынь была спалена фашыстамі разам з жыхарамі, што акупанты знішчылі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 сёл і вёсак і г.д. за тынам следуе скульптура чалавека з мёртвым хлопчыкам на руках. На месцы гумна, дзе былі спалены жыхары Хатыні, чорная пліта, якая нагадвае дах, што стаў апошнім прытулкам загінуўшых. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым, а на працілеглым баку Вянка – адказ жывых загінуўшым. Дарога Жалобы вядзе да помнікаў-зрубаў, пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. За хатамі-помнікам па галоўнай восі кампазіцыі мемарыяла размешчаны Могілкі вёсак – 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля вайны. Сцяна Жалобы (даўжынёй 128 м) – манументальная кампазіцыя з нішамі. У нішы ўмацаваны мемарыяльныя пліты з назвамі 66 найбольш буйных лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленных тамлюдзей. Побач са сцяной і Могілкамі – плошча Памяці. У цэнтры яе размешчаны 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай – Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых фашыстамі і адноўленых пасля вайны. У Хатынскім мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе і скульптура, і дойлідства, і ландшафт, і мастацкае слова, і трывожнае гучанне званоў, і каляровае асвятленне.

Гаворачы аб Хатыні, нельга не адзначыць, адкрыты ў 1973 годзе, мемарыяльны комплекс Дальва, які знаходзіцца непадалёку ад г.п. Плешчаніца. Каля дарогі ўстаноўлены камень-валун, на якім высечаны надпіс: ”Да 19 чэрвеня 1944 года тут была вёска Дэльва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы спалілі жывымі яе жыхароў”. Непадалёк на нізкім пастаменце ўзвышаецца скульптура жанчыны з дзіцем. Маладая маці стаіць босая, прыхінае да сябе сына. У яе твары – гнеў і журба, нязгасная сіла жыцця. За скульптурай знаходзяцца ўздыбленыя абгарэлыя бэлькі – сімвал спаленага дома, справа – сцяна з імёнамі загінуёшых і надмагільная пліта. Па ўсёй даўжыні сцяны надпіс: “Людзі, схіліце галовы перад памяццю жыхароў вёскі Дэльва, бязвінна загубленых 19 чэрвеня 1944 года”. У памяць аб ахвярах фашызму пасаджаны 44 бярозкі. Пляцоўкі перад усімі элементамі комплексу, дарожкі, якія вядуць да іх, выкладзены каменнем, пасыпаны шэрай галькай, што ў кантрасце з зеленню газонаў стварае ўражанне выпаленай зямлі.

На Цэнтральнай плошчы Лагойска ў 1956 годзе ўстаноўлены помнікі Ўладзіміру Ільічу Леніну і Карлу Марксу. У 1980 годзе быў устаноўлены помнік Феліксу Эдмундавічу Дзяржынскаму. У адным з лагойскіх скверах знаходзіцца помнік, пастаўлены ў 1974 годдзе ва ўшанавенне памяці партызанкі Надзеі Якаўлеўны Харчанка. Сярод помнікаў, прысвечанных памяці ахвярам фашызму, неабходна адзначыць Брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан. На гэтым месцы былі пахаваны воіны 11й гвардзейскай стралковай дэвізіі і партызаны лагойскай брыгады “Бальшавік”, якія загінулі ў чэрвені 1941 г. і чэрвені-ліпені 1944 г. У 1965 годзе на могілках пастаўлены помнік – Скульптура воіна. У пасёлку таксама знаходзяцца тры магілы ахвяр фашызму ва ўшанаванне памяці жыхарам Лагойска, якія былі растраляны гітлераўцамі, і магіла Маслав Сцяпана Трафімавіча. Лётчык Маслаў быў цяжка паранены ў паветраным баі і зрабіў вымушаную пасадку на акупіраванай тэрыторыі. Доўгі час хаваўся ў мясцовых жыхароў, але ў сакавіку 1943 года схоплены немцамі і растраляны. У 1975 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Сярод помнікаў сучаснай (хаця хучэй за ўсё, савецкай) архітэктуры адзначу Адміністрацыйны будынак і будынак Дома культуры на Цэнтральнай плошчы.


СЛАВУТЫ РОД ТЫШКЕВІЧАЎ.

Як было ўжо адзначана, Лагойск з’яўляўся маёмасцю роду Чартарыйскіх. У 1517 годзе горад у якасці пасагу за жонкайАляксандрай атрымаў Васіль Тышкевіч, які меў тытулы ваяводы падляшскага і смаленскага, старасты мінскага і пінскага. Сямейныя хронікі расказвалі, што, спяшаючыся з каралеўскай поштай з Оршы, ваявода спыніўся на кароткі час у Лагойску і не мог не звярнуць увагу на маладую, прыгожую і да таго ж з добрым сэрцам удаву. Такім чынам, амаль на чатыры стагоддзі лёс горада аказаўся непарыўна звязаным з лёсам слаўнага роду Тышкевічаў.

Род Тышкевічаў быў даволі разгалінаваным. Уладанні іх у розныя стагоддзі зноходзіліся ў многіх месцах Вялікага Княства Літоўскага: напрыклад, Астрашыцкі Гарадок, Валожын, Гарадок (паблізу Маладзечна), Свіслач, Палангу і Біржай (апошнія два – на тэрыторыі сучаснай Літвы). Сярод Тышкевічаў было нямала таленавітых ваенаначальнікаў, творчых асоб, разумных палітыкаў, шчодрых мецэнантаў. Але ж я буду весці гаворку аб двух братах, лагойскіх графах – Канстанціну і Яўстафу.

У пачатку 19 стагоддзя тадышні гаспадар Лагойска Пій Тышкевіч, аўдавеўшы, ажаніўся другі раз на Аўгусце з роду Плятэраў, што мелі абшырныя ўладанні на паўночным усходзе Віцебскай губерні. Яна была маладзейшая за мужа на 16 гадоў, але іх жыццёвыя інтарэсы дзіўным чынам супадалі. Аўгуста Плятэр прывезла ў Лагойск вялікую бібліятэку, багатыя калекцыі. Паступова папўняючыся, яны ператварыліся ў першай палове 19 стагоддзя ў адзін з каштоўнейшых прывтных музеяў Беларусі. Лёс аднёсся няласкава да Аўгусты і Пія Тышкевічаў. Аўгуста памерла ў 48 гадоў. А вось Пій, верагодна, уваходзіў у лік беларускіх догажыхароў. Ён памёр ва ўзросце 102 гады, захаваўшы светлы розум і працаздольнасць.

Вялікі след у гісторыі Лагойшчыны пакінулі заснавальнікі беларускай археалогіі – браты Канстанцін (1806-1868) і Яўстафій (1814-1873) Тышкевічы. З’яўляючыся высокаадукаванымі людзьмі, яны многае зрабілі для вывучэння роднага краю, за што атрымалі вядомасць і прызнанне ў сусветным коле вучоных – былі выбраны ганаровымі членамі імператарскай акадэміі навук у Пецярбургу, каралеўскай акдэміі навук Швецыі ў Стакгольме, інстытута археалогіі ў Лондане, а таксма шматлікіх навуковых айчынных і замежных археалагічных таварыстваў.

Канстанцін Піевіч Тышкевіч скончыў Віленскі універсітэт, быў членам Віленскай і Маскоўскай археалагічных камісій, даследваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губерні, склаў першыя тапаграфічныя планы гарадзішчаў. У 1856 годзе арганізаваў экспедыцыю па рацэ Вілія, у час якой сабраў багаты этнаграфічны матэрыял.

Яўстафій Піевіч Тышкевіч быў апякуном школ Барысаўскага павета, куратарам Мінскай гімназіі, даследаваў курганы на Міншчыне і ў Літве. У 1847 годзе працавў у часовай камісіі па збору і выданню старажытных актаў, грамат і прывілеяў 16-18 стагоддзяў гарадоў Мінскай губерні. У 1842 годзе Тышкевічы адкрылі ў Лагойску першы на Беларусі гісторыка-археалагічны музей і бібліятэку. Сярод трох тысяч рэдкіх кніг у бібліятэцы захоўваліся да 500 унікальных помнікаў айчыннага кнігадрукавання, каштоўныя рукапісы, старажытныя геаграфічныя карты. Музей размяшчаўся ў двухпавярховым палацы, пабудаваным у 1814-1819 гадах на беразе ракі Гайны. Ён меў багатую калекцыю унікальных рэчаў і тагачасных вырабаў. Захоўвалася тутзброя, кальчугі, мундзіры часоў Айчыннай вайны 1812 года. У аддзеле мастацтваў экспанаваліся фігуры са слановай косці, вялікая колькасць карцін і эскізаў беларускіх, рускіх, літоўскіх і польскіх мастакоў. На жаль, музей быў знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1847 годзе Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы выдалі кнігу “Апісанне Барысаўскага павета”, якая, паводле ацэнкі акдэміка Я. Ф. Карскага, з’явілася выдатнай падзеяй таго часу. У ёй былі адлюстраваны падзеі гісторыі, тагачаснае становішча, падрабязна апісаны народныя звычаі, адзенне, песні, прымаўкі і інш. Браты Тышкевічы з’явіліся таксама і заснавальнікамі Віленскага музея старажытнасці ў 1855 годзе.

Літаратурныя крыніцы таксама паведамляюць, што графы Тышкевічы мелі невялікую флатылію ў пяць суднаў. Яна была задзейнічана Канстанцінам Піевічам ў 1857 годзе не дзеля прагулак і забаў, а скарыстоўвалася як навуковая экспедыцыя. Спадзяюся, што калі-сьці знойдзецца магчымасць адрадзіць невялічкую гордасць роду Тышкевічаў.

Напрыканцы, хацелася б адзначыць, што браты Тышкевічы – прыклад аддансці роднаму краю, вывучэнню якога прысвяцілі жыццё. Сёння агульна прынята называць іх заснавальнікамі беларускай навуковай археалогіі, выдатнымі этнографамі, роданачальнікамі музейнай справы. Лёсы і дзейнасць іх цесна злучаны састаражытным Лагойскам. Бяруся гаварыць, што менавіта Лагойск ёсць калыска айчыннай археалогіі. Маёнтак Тышкевічаў – сімвал цэлай эпохі ў гэтай навуцы.


Таксама сярод вядомых дзеячаў культуры хацелася б вызначыць ураджэнцаў лагойскай зямлі Змітрака Бядулю і Ніла Гілевіча. Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) нарадзіўся вёсцы Пасадзец. Тут вучыўся і жыў некаторы час. Увогуле працаваў у Вільні ў выдавецкім таварыстве, сакратаром газеты “Наша Ніва”, потым у беларускім бежанскімкамітэце, у рэдакцыях газеты “Савецкая Беларусь”, дзіцячага часопіса “Зоркі”, краязнаўчага – “Наш край”. У літаратурным колу быў вядомы як празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, нарысіст, перакладчык. Але З. Бядуля зусім не шмат сваіх прац прысвяціў роднай Лагойшчыне ў параўнанні са сваім земляком Нілам Гілевічам. Апошні нарадзіўся ў вёсцы Слабада ў сялянскай сям’і. Працаваў выкладчыкам БДУ, узначальваў рэспубліканскае Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, газету “Наша слова”, быў старшынёй пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Актыўна працуе ў галіне пераклада. Народны паэт Беларусі з 1991 года. Вельмі шмат твораў прысвяціў пісьменнік Лагойшчыне, сваёй малой радзіме. Ён выказвае падзяку роднаму краю, што яна, як маці, аберагала яго, давала сілу і моц. На мой погляд, гаворачы аб Лагойску, неабходна адзначыць гэтых дзеячаў культуры.


МУЗЕЙНАЯ СПРАВА.

На жаль, сёння ў Лагойску няма свайго музея: багацейшая экспазіцыя, састаўленная братамі Тышкевічамі загінула ў вайне. І з таго часу не прымалася дзейных захадаў па стварэнню ў горадзе новага музея. Цяпер жа становішча выпраўляецца: года мяркуецца адкрыць музей гісторыка-краязнаўчага характару да 2006 года, калі будзе адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння К. Тышкевіча. Праяўляе зацікаўленнасць і жаданне аказаць практычную дапамогу вучоны-археолаг, супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай Акдэміі навук Г. В. Штыхаў, а таксама вядомыя археолагі М. М. Чарняўскі і Л. У. Дучыц.


СУЧАСНАЕ СТАНОВІШЧА І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ ТУРЫЗМУ.

На сённяшні дзень Лагойск не адрозніваецца ад любога іншага маленькага горада. Але, дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму палажэнню, Лагойск можа стаць аднім з галоўных турыстычных цэнтраў Беларусі: менавіта на падобнасці да звычайнага беларускага горада можна згуляць. Турысты (замежныя, напрыклад) прыязджаюць паглядзець Мінск – сталіцу, найвялікшы горад нашай рэспублікі. Зразумела, што ім будзе цікава паглядзець, як жыве просты, звычайны беларус са сваімі радасцямі і праблемамі. Гэта горад, дзе працякае прыгожая рэчка Гайна, так падобная на ўсе другія рэчкі Беларусі, і на яе супрацьлеглых берагах узвышаюцца касцёл і царква: глядзяць адзін на аднаго, ласкава ўсміхаюцца адзін аднаму, любуюцца сваім адлюстраваннем у празрыстай вадзе ракі. Дзе яшчэ можна знайсці такую прыгажосць, у якой краіне? Але так здараецца, што адзінай прыгажосцю турыста не заманіш. Зусім нядаўна наспела праблема арганізаваць на Лагойшчыне нацыянальны парк пад назвай “Белая Русь”. Праект парка быў уключаны ў “Нацыянальную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2015 года”. Плануецца зрабіц “Белую Русь” тэрыторыяй, прызначанай для развіцця найбольш перспектыўных формаў экалагічнага турызма. Галоўным багаццем гэтага раёна з’яўляюцца маляўнічыя ўзгоркі і старажытны лес. Таксама тут знаходзіцца лог, дзе бяруць пачатак рэкі, якія цякуць у розных напрамках – у Балтыйскае і Чорнае моры. Асноўнымі відамі турызму, якія будуць развівацца на Лагойшчыне, - зімовы турызм і турызм на базе этнаграфічнай вёскі па прынцыпу Дудутак. Увогуле, для Лагойска вельмі хвалюючым з’яўляецца пытаннем аб зімовым турызму. У мае 2003 года распачата будаўніцтва гарналыжнага комплекса “Лагойск”, якое плануецца завяршыць да 30 снежня гэтага ж года. Але не ўсё так проста: па-першае, не вельмі шмат часу адведзена на будаўніцтва, па-другое, неабходна нарасціць як-ніяк на ўзгорку не хапаючых 10 метраў вышыні да патрэбных стандартаў, па-трэццяе, і самае галоўнае, адсутнасць неабходнай інфраструктуры (рэстаранаў, кафэ, гасцініц, пракатных станцый). Канешне, усё гэта можна пабудаваць, але не з такімі тэмпамі, калі яшчэ у кастрычніку нічога не было створана ў параўнанні з маем. Застаецца толькі спадзявацца... Дарэчы, нацыянальны парк плануе запрасіць першых турыстаў у ліпені 2004 года. І зноў-такі комплекс пачне працу не ў поўную моц. У праекце напачатку стварыць і абсталяваць пляцоўкі для пікнікоў, кэмпінгаў, дзіцячыя пляцоўкі, веласіпедныя дарожкі, альтанкі, пазней гасцінічны комплекс і астатнія элементы. Над гэтым актыўна працуе Нацыянальнае агенства па турызму, Міністэрства спорту і турызма і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Спадзяюся, у хуткім часе ўбачым вынікі іх працы.

Усім вядомы выраз: “Лагойшчына – партызанскі край”. Несумненна, у экскурсійную праграму неабходна ўключыць наведванне мемарыяльных комплексаў Хатынь і Дальва, апавяданні мясцовых жыхароў аб цяжкім лёсе людзей у гады Айчыннай вайны. Магчыма арганізаваць своеасаблівы партызанскі парк, дзе можна будзе паказаць турыстам жыццё партызан і падпольшчыкаў у вайну: выкапаць зямлянкі, абсталяваць партызанскія штабы, разбіць палаткі з ежай, якую елі салдаты, партызаны; паказаць мініяцюры, прадстаўляючыя подзвігі і жыццёвыя сітуацыі людзей на вайне. Неабходна далучаць да работы над праектам сведкаў падзей вайны (ветэранаў і інш.). Таксама паблізу мемарырыяла Хатынь можна адчыніць экспазіцыю – філіял Дзяржаўнага музея ВАв. На сённяшнім этапе перад турысцкімі прадпрыемствамі стаіць мэта – даць новае жыццё комплексу Хатынь. Спадзяюся, так яно і будзе!

У лагойскім краю шмат прыгожых мясцін на ўзлессях, на берагах рэк і азёраў. На гэтых месцах магчыма арганізаваць дачныя пасёлкі (па беларуску – лецішчы) з драўлянымі хаткамі: увогуле – усё па-беларуску (з печкай, сенцамі, з беларускімі ручнікамі і абрусамі і драўлянай мэбляй і інш.). непадалёку размясціцца вёска з мясцовымі жыхарамі, якія будуць прадаваць прыезджым хатнія прадукты харчавання, ручныя вырабы, сувеніры і г.д. Турысты атрымаюць магчымасць пракаціцца на лодках, злавіць рыбу, адразу развесці касцёр, прыгатаваць смачную ежу і ў час трапезы паслухаць цікавыя апавяданні аб мясцовых таямніцах. Вяскоўцы прапануюць праехацца на гружоным сенам возе, прайсціся па самым загадкавым мецам. Цікава разгледзіць у перспектыве развіццё такіх лецішч непадалёк ад вёскі Ніўкі. Вёска знаходзіцца на пачатку вялікага хатынскага леса на поўначы ад Лагойска. Мясцовай славутасцю з’яўляецца святая сасна з іконай і крыніца паблізу вёскі ў лесе. Такія месцы – рэдкія сляды язычніцкіх вераванняў, адаптаваных пасля хрышчэння для абрадаў хрысціянскай царквы. Несумненна, вёска прыцяне ўвагу як беларусаў, так і замежных турыстаў.

У самім Лагойску хацелася б зноў убачыць славуты палац Тышкевічаў з музеем і бібліятэкай, флатылію з радавым гербам, помнікі роданачальнікам беларускай археалогіі – Канстанціну і Яўстафію Тышкевічам, ткацкую фабрыку як музей лагойскага рамяства, гандлю, прамысловасці, з выставамі вырабаў лагойскіх майстроў; штотыднёвыя і штогадовыя (на вясенняга і асенняга Міколу (22 мая і 19 снежня) і на Спаса (19 жніўня)) кірмашы (або кірмашы-выставы). Як і ў кожнам старажытным мястэчку, адчыніць у пасёлку харчэўню, прапануючую стравы з нацыянальнай кухні. Другімі словамі, зрабіць усё, каб “старажытны горад” дасягнуў пэўнага росквіту, як і пры ўладзе славутых князёў Беларусі.






Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Назва горада, яе тлумачэнне iconНазва вну назва факультэта

Назва горада, яе тлумачэнне iconНазва вну назва факультэта

Назва горада, яе тлумачэнне iconНазва вну назва факультэта

Назва горада, яе тлумачэнне iconНазва музея Народны гісторыка-краязнаўчы
Назва ўстановы, якая прысвоіла званне “Народны музей” Абласны адзел культуры Гродзенскай вобласці

Назва горада, яе тлумачэнне iconГісторыя горадабудаўніцтва мазыра
Уся тэрыторыя горада падзелена некалькімі глыбокімі ярамі (да 40 м.). Далінны прыродны комплес Прыпяці стаў галоўным элементам фарміравання...

Назва горада, яе тлумачэнне iconОпис модуля назва модуля
Назва модуля: Розробка схеми електричних з’єднань та вибір обладнання підстанції електричної мережі (курсовий проект)

Назва горада, яе тлумачэнне iconНацыянальная акадэмія навук беларусі
У заяве паведамляецца імя, імя па бацьку І прозвішча дакладчыка, яго навуковая ступень І званне, назва даклада, назва ўстановы, якую...

Назва горада, яе тлумачэнне iconПолацкі Савет дэпутатаў прысвоіў званне "Ганаровы грамадзянін горада Полацка" у 2004 годзе мітрапаліту Мінскаму І Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту. Ц
Кпб І выканкам гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прысвоілі званне Ганаровага Грамадзяніна горада Полацка

Назва горада, яе тлумачэнне iconКнига, хата, ніж, одяг, осінь
В любов — іменник, початкова форма — любов, загальна назва, неістота, абстрактна назва, жіночого роду, III відміни, вжито в знахідному...

Назва горада, яе тлумачэнне iconЗарослае бярэзнікам, вольхай, ядлоўцам, з
Назва паходзіць ад слова вэндзіць. Па словах другога жыхара в. Карцэвічы, у гэтай вільготнай, шчодра ўгрэтай сонцам мясціне заўсёды...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка