Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру?




НазваМіхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру?
Дата канвертавання28.10.2012
Памер86.87 Kb.
ТыпВопрос
Пяро зязюлі падніму...”

(Гутарка з паэтам Міхасём Башлаковым)


  • Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру?




  • Яшчэ ў школе. Памятаю, неяк на летніх канікулах (я скончыў тады пяты клас) мой старэйшы брат Анатоль прынёс ад сябра томік паэзіі А.К.Талстога. Я быў настолькі ўражаны прастатой, шчырасцю і народным гумарам ягоных радкоў, што мне ў той жа дзень захацелася напісаць нешта падобнае. Напэўна, захапленне літаратурай пачалося менавіта тады. У шостым класе я спрабаваў пісаць апавяданні, у сёмым і восьмым – байкі. Затым былі допісы аб школьным жыцці ў раённую і абласную газеты, і, нарэшце, разам з закаханасцю прыйшлі да мяне і вершы. У студзені 1968 года ў гомельскай раённай газеце “Маяк” быў надрукаваны мой верш “Раўчук”. Вось так раўчук, што струменіцца недзе там за маёй роднай вёскай і паклікаў мяне ў краіну Паэзію.




  • Наколькі твае паэтычныя светаадчуванні звязаны з дзіцячымі ці юнацкімі ўражаннямі? І ці паўплываў свет твайго маленства на тэматыку першых тваіх твораў?




  • Усе першыя мае вершы, ды і студэнцкіх гадоў таксама, тэматычна выцякаюць з майго маленства. І гэта зразумела, бо жыў і выхоўваўся на прыродзе. Я нарадзіўся ў невялікім пасёлку Станцыя Церуха. Гэта калі ехаць па чыгунцы з Гомеля на Чарнігаў. Апошняя беларуская станцыя на мяжы з Украінай. Мясціны прыгожыя, ягадна-грыбныя. Лес усюды: насупраць хаты, за агародам, ажно да самага Гомеля. Уражанняў было шмат. Таму і пісаў аб тым, што бачыў і што было мне вельмі блізкім.




  • А ты не мог бы падзяліцца сакрэтам, як нараджаюцца твае вершы?




  • Шчыра кажучы, я і сам не ведаю, як яны нараджаюцца. Нібы лагодны летні ветрык, спачатку з’яўляецца мелодыя, пэўная інтанацыя, якая зачароўвае цябе. Ты ўвесь у палоне гэтай музыкі. І раптам невядома адкуль прыходзяць словы, радкі. Я ніколі не ведаю, якім будзе мой першы радок ці другі, як не ведаю, якімі словамі закончыцца верш. Аднаму Богу вядома, як гэта адбываецца. А паколькі я з дзяцінства вельмі люблю лес, люблю дарогі, то свае вершы пішу, у асноўным, на прыродзе. Крочыш недзе каля Лельчыц ці Гомеля пясчанай лясной дарогай. Шумяць, гамоняць над табой высокія стромкія сосны. Шчабечуць, спяваюць птушкі. Ціша і спакой. І гэтак хораша на душы. І раптам на дарогу перад табой павольна апускаецца птушынае пяро. Як не падняць яго? Разам з пяром на далоню кладуцца няхітрыя радкі: “Пяро зязюлі падніму, як лёс Айчыны...”




  • І як часта наведвае Муза?




  • Муза, як амаль кожная жанчына, вельмі капрызная і патрабуе шмат увагі і самааддачы: сілы, энергіі, часу – чаго, на вялікі жаль, не заўсёды хапае, асабліва ў гэтай вечнай гарадской мітусні і бясконцых нейкіх клопатах. Таму я і люблю пісаць вершы на прыродзе, калі нішто не адцягвае тваю ўвагу, нішто не перашкаджае.



У тваёй творчасці значнае месца займае чарнобыльская тэма. Яна дамінуе як у зборніку “Пяро зязюлі падніму”, так і ў сумеснай з мастаком Міхасём Барздыкам кнізе “Палын”, якая нядаўна выйшла ў свет. Як я разумею, гэта невыпадкова?


  • Так, невыпадкова. Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, не раздумваючы, я адразу кінуўся ў гушчыню тых падзей. Шмат ездзіў. Сустракаўся з людзьмі. Выступаў. На сенажацях, палявых станах, зернетаках, фермах, у школах, клубах, бібліятэках, бальніцах. Больш за 2000 літаратурных выступленняў толькі ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Гэта ўжо потым многія тыя вёскі, дзе давялося мне выступаць, былі поўнасцю адселены і перасталі існаваць. Вось тады, падчас паездак, я і пачаў пісаць сваю чарнобыльскую паэму “Лілея на цёмнай вадзе”. Суровая рэчаіснасць са слязьмі, болем, роспаччу, адчаем не давала спакою. Сустрэчы, размовы, назіранні адгукаліся паэтычнымі радкамі. Памятаю, адна жанчына расказвала, як незадоўга да чарнобыльская трагедыі ў іхнім калодзежы нечакана знікла вада. Прапала і ўсё. А ўночы ёй прысніўся сон: вялізная чорная птушка лётае над вёскай і сполашна крычыць, нібы папярэджвае аб нечым. А праз некалькі дзён здарылася бяда...




  • Проста містыка нейкая...




  • Сапраўды нешта містычнае ёсць. Не думаю, што жанчына прыдумала. Вельмі ўжо шчырым быў аповед. Так ці інакш, але менавіта гэты факт і стаў пачаткам маёй працы над паэмай:

Як вайна

Сорак першага года,

Нечакана, нязвана

Наляцела бяда.

Як баліць гэта рана...

“Нездарма, –

Цётка Хрысця казала, –

Птушка ўночы крычала

За вёскай жахліва

Дзівам...

Нездарма

У калодзежы знікла вада

Перад гэтай бядою...

А цяпер і не трэба

Хадзіць за вадою.

Анікога няма...”


  • Скажы, а каб не бачыў на свае вочы ўсяго, што здарылася, ці напісалася б такая паэма?


– Аркадзь Куляшоў сказаў неяк: пісаць трэба тое, што асабіста перажыта. Хіба мог бы ён напісаць надзіва шчырыя, пранікнёныя, да дробязей праўдзівыя радкі пра горыч адступлення, эвакуацыі ў паэме “Сцяг брыгады”, калі б сам не перажыў усё гэта?

Чарнобыльская трагедыя нечакана ўварвалася ў маю творчасць, зрабіўшы мяне зусім іншым паэтам. Я быў лірыкам, пісаў ціхія светлыя вершы аб прыродзе, пра каханне. І раптам усё памянялася. Мне радкі набылі трагічную афарбоўку. Мне не патрэбна было нічога выдумваць. Жыццё само падкідала тыя ці іншыя факты, дэталі. Я толькі запісваў усё, што бачыў, адчуваў, перажываў. Добра запомніўся адзін выпадак. Я выступаў на ферме перад даяркамі. Як звычайна, чытаў чарнобыльскія радкі. І раптам адна жанчына загаласіла і выбегла на вуліцу. Я разгубіўся. Паўза. Замінка. Верш дачытаў да канца. Потым высветлілася, што жанчына – перасяленка з Нараўлянскага раёна. Яе родная вёска Ліхаўня адселена. І там, за калючым дротам, засталася магілка яе сына Васі, які загінуў у Афганістане. Трапіць жа на магілу можна толькі на радаўніцу. А так не пускаюць... Я быў вельмі ўзрушаны. І літаральна пасля сустрэчы на паперу выдыхнуліся балючыя радкі:

Пусціце мяне

На магілку да сына.

У Афганістане

Сынок мой загінуў...

Там Ліхаўня наша.

Тут побач,

За гаем...

Дарогі, уражанні, сустрэчы дапамагалі мне ў працы над паэмай. Седзячы дома, за пісьмовым сталом, хіба можна прыдумаць чалавечы боль? Яго трэба адчуць, перажыць. Інакш будзе плакатна, няшчыра...


Цалкам з табой згодны. А зараз, калі ты не супраць, давай паразважаем пра сучасны стан беларускай літаратуры. Як бы ты яго ахарактарызаваў? І ці быў непазбежны раскол у пісьменніцкай арганізацыі?


  • Цяжка адказаць на гэтае пытанне, тым больш, калі пра стан нашай літаратуры чамусьці маўчаць крытыкі і літаратуразнаўцы. Памятаеш, як у савецкі час амаль на кожную новую кнігу (а іх выходзіла непараўнальна намнога болей, чым у нашы дні) адгукаліся рэцэнзіямі не толькі літаратурныя выданні, але і такія цэнтральныя газеты, як “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Знамя юности”, “Чырвоная змена”. А што цяпер? Кніг выходзіць – па пальцах пералічыць, а водгукаў на кнігі – і таго меней... Здаецца, нашу крытыку, ды і грамадства ў цэлым, не вельмі цікавіць стан беларускай літаратуры. А дарэмна. Літаратура заўсёды іграла вельмі важную ролю ў грамадстве. На вялікі жаль, адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Ці не адсюль многія нашы беды ў пытаннях маралі? Усеагульная абыякавасць, бездухоўнасць, жорсткасць... Без літаратуры, мастацтва, культуры не можа быць нармальнага грамадства. Так што ўладам ёсць над чым задумацца.

Калі ж казаць пра так званы раскол сярод пісьменнікаў, то ён, як мне здаецца, крыху штучны, надуманы. Чыноўнікі ад улады і чыноўнікі ад літаратуры не змаглі ці не захацелі знайсці агульную мову між сабой, хаця абавязаны былі гэта зрабіць дзеля інтарэсаў усёй пісьменніцкай арганізацыі. У выніку гэтага непаразумення і быў створаны яшчэ адзін Саюз пісьменнікаў. Асабіста я не бачу тут вялікай трагедыі. На здароўе, як кажуць. Галоўнае, каб новая арганізацыя была на карысць літаратуры, каб яна стала сапраўдным абаронцам інтарэсаў як усіх пісьменнікаў разам, так і кожнага паасобку. Падкрэсліваю, кожнага пісьменніка, а не пэўнага кола асоб. Усё павінен вызначаць талент пісьменніка, а не пасада, якую ён займае. Кожны творца павінен бачыць рэальны клопат з боку дзяржавы і не адчуваць сябе ізгоем у сваёй Айчыне. Калі справы пойдуць менавіта ў гэтым накірунку, калі новы Саюз пісьменнікаў будзе працаваць дзеля Айчыны, народа, на карысць беларускай літаратуры, то стварэнне такой арганізацыі можна толькі вітаць. Але, як кажуць, пажывём – пабачым...


  • Калі меркаваць па тваіх вершах, ты паэт традыцыйны. А вось некаторыя з літаратараў, асабліва маладыя, сцвярджаюць, што сапраўдная паэзія не можа быць рыфмаванай.




  • Сцвярджаць такое могуць толькі малакультурныя ці неадукаваныя людзі. Ёсць Паэзія, а ёсць вершатворчасць. Гэта зусім розныя паняцці. Можна пісаць вершы (з рыфмай ці без), друкаваць іх у газетах і часопісах, выдаваць кнігі, быць, нарэшце, членам Саюза пісьменнікаў і не быць Паэтам. Сапраўдная паэзія – гэта як азарэнне, як успышка бліскавіцы, як першае і непаўторнае каханне. Што самае галоўнае ў паэзіі? Інтанацыя. Яна – багіня паэзіі.

Изнемогая, лежу за пределами стран и народов

И вспоминаю с тоской всё, чего более нет…

І чытачу зусім няважна, ёсць у Авідзія рыфма ці яе няма. Шчырасць, непадкупнасць пачуцця, інтанацыйнасць радкоў зачароўваюць, вядуць цябе за сабой у суровы нязведаны край, дзе хворы паэт складае свае журботныя элегіі. Вось гэта і ёсць сапраўдная паэзія. Адмаўляць жа паэзі ў сапраўднасці толькі таму, што яна традыцыйная, рыфмаваная – гэта значыць адмаўляць у літаратуры Шэкспіра, Бёрнса, Гётэ, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча, Шаўчэнку, Верхарна, Купалу і многіх іншых. Амаль усе вялікія паэты Еўропы пісалі менавіта рыфмаваныя творы.


  • Нядаўна Леанід Галубовіч прызнаўся ў друку, што свой зборнік вершаў “Споведзь бяссоннай душы” лічыць вельмі слабым і не трымае нават у хатняй бібліятэцы. А ў цябе былі слабыя кнігі? І якую сваю кнігу ты лічыш самай моцнай, самай удалай?




  • У кожнага паэта могуць быць як моцныя кнігі, так і менш удалыя. Дарэчы, як і вершы. Па-мойму, нікому яшчэ не ўдавалася ствараць кнігі толькі самай высокай паэзіі. Гэта проста немагчыма. Паэт у нечым падобны на альпініста: для таго, каб узысці на новую вяршыню, неабходна спусціцца з гары ў даліну. Таму кнігі і бываюць розныя па сваім узроўні. Калі ж казаць пра сябе, то самая значная мая кніга – “Пяро зязюлі падніму”. Але гэта не азначае, што астатнія мае кнігі менш дарагія мне.




  • Твая папярэдняя сумесная з М.Барздыкам кніга “Нетры” на Міжнародным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне 2005 года атрымала высокую ацэнку і ўвайшла ў лік ста найлепшых кніг свету. Ці чакаў такога выніку?




  • Мы з Міхасём нямала думалі над структурай, формай і зместам “Нетраў”. Кожная дэталь, кожны штрышок, кожнае слова мелі сваё значэнне і працавалі на задуму твора. І вельмі прыемна, што яе так высока ацанілі. Наша новая кніга – паэтычна-графічны дыялог “Палын” – таксама далася нам нялёгка. Не адразу быў знойдзены ключ да кнігі – прарочыя словы святога Іаана Багаслова пра зорку Палын, якія лейтматывам праходзяць праз усю кнігу, знітоўваючы ў адзінае цэлае яе структуру і змест. Кніга таксама вельмі прыгожая. Спадзяюся, што яна знойдзе сваіх прыхільнікаў.




  • Неяк Віктар Ярац падзяліў усіх паэтаў па ступені таленту, пры гэтым не забыўшы і пра сябе. Не памятаю, якое месца ў той “класіфікацыі” адвёў ён табе. А ты сам як лічыш?




  • З вялікай асцярогай адношуся да рознага роду класіфікацый, асабліва ў літаратуры. А па якіх крытэрыях увогуле можна расстаўляць паэтаў па ранжыру – першы, другі, трэці?.. Кожны паэт цікавы па-свойму. І цяга да творчасці таго ці іншага паэта залежыць ад стану душы, ад настрою чытача. Сёння твая душа, ці, дакладней, настроенасць тваёй душы патрабуе, каб гучалі радкі Пушкіна, і тады Пушкін, і толькі ён адзін – твой Бог, твой кумір. Назаўтра табе хочацца наталіць смагу паэзіяй Блока. І тады ўжо кумірам для цябе становіцца Блок. Так што займацца расстаноўкай паэтаў па палічках – гэта несур’ёзна. Час і толькі час – адзіны самы строгі і справядлівы крытык – расставіць усіх і ўсё на свае месцы.




  • Быць пісьменнікам – гэта прэстыжна?




  • Адкажу радкамі з верша Максіма Рыльскага:

Було, було... Було і відкотилось,

Мов колесо, в туманну глибину…


  • Твой сын таксама піша вершы, мае ўласную кніжку. Не баішся, што ён абгоніць бацьку?




  • Буду толькі рады гэтаму. Дзеці павінны быць разумнейшымі за сваіх бацькоў, і дасягненні іх у жыцці і творчасці павінны быць больш значнымі.




  • Што найперш хвалюе цябе сёння як паэта і чалавека?




  • Калі бачыш, як літаральна на тваіх вачах не ў лепшы бок змяняюцца людзі, змяняецца грамадства, змяняюцца твае знаёмыя і нават сябры, становіцца вельмі сумна. І пачынаеш адчуваць, што змяняешся і сам. Усе мы паціху губляем сябе, губляем свой гонар, сваё сумленне. І ад гэтага становіцца нават страшна...




  • Як бы ты закончыў фразу: “Шчасце – гэта...”?




  • Для шчасця чалавеку патрэбна вельмі многае. Шчасце – гэта здароўе, тваё і тваіх блізкіх. Гэта дабрабыт тваёй сям’і. Гэта наяўнасць аднадумцаў і надзейных сяброў. Гэта адчуванне, што ты некаму патрэбны... А як паэт, я адкажу так: “Шчасце – гэта радасць творчасці...”




  • У красавіку табе спаўняецца 55 гадоў. Ці ёсць яшчэ “порах у парахаўніцах”? Ці здольны здзівіць свет?




  • Усё залежыць толькі ад Бога.




  • Дзякуй за размову. Хай задуманае спраўдзіцца!



Гутарыў Мікола Шабовіч

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? icon1866 1946 Ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар І ў многіх іншых жанрах, такіх як сучасныя раманы
Герберт Ўэлс/ Herbert Wells (1866 – 1946) – Ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconРаіса баравікова
Сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, паэт, празаік, публіцыст, аўтар вялікай колькасці кніг,...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconОлег Коцарев) (нар. 1981) Нарадзіўся ў Харкаве. Паэт, празаік, журналіст. Аўтар паэтычных кніг "Коротке І довге" (2003), "Цілодобово!" (разам з Б. О
Аўтар паэтычных кніг "Коротке І довге" (2003), "Цілодобово!" (разам з Б. О. Гарабчуком І п. Карабчуком, 2007), "Мій перший ніж" (2009),...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconПраект "Твой шлях у эфір!" Резюмэ
Беларусі? так І за яе межамі, ўдзел ў мясцовых І міжнародных спаборніцтвах па радыёсувязі

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconХ ай шлях даўгі ты не дасі мне, доля
Уладзіміра Караткевіча мы спачатку ведалі як паэта. У 1955 г з’явіўся ў «Полымі» яго верш «Машэка». Потым вершы І паэмы Караткевіча...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconЛешак Энгелькінг
Лешак Энгелькінг/ Leszek Engelking (нар у 1955) – польскі паэт, перакладнік, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык. Аўтар кніг «Хайку...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconВячаслаў Купрыянаў / Вячеслав Куприянов
Вячаслаў Купрыянаў/ Вячеслав Куприянов (нар. 1939) – расійскі паэт. Аўтар кніг паэзіі “От первого лица” (1981), “Жизнь идет” (1982),...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? icon1866 1946 вядомы беларускі, польскі, літоўскі паэт. Міцкевічы былі паланізаванымі беларусамі, паэт называў сябе "ліцвінам", хоць творы пісаў на польскай
Адам Міцкевіч/ Adam Mickiewicz (1866 – 1946) – вядомы беларускі, польскі, літоўскі паэт. Міцкевічы былі паланізаванымі беларусамі,...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconКупала янка
Мінску], паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Член сп беларусі з 1934. Першы ўдастоены звання Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік...

Міхась, сёння ты вядомы ў Беларусі паэт, аўтар многіх кніг. А як пачынаўся твой шлях у літаратуру? iconДжэймс Дуглас Морысан / James Douglas Morrison
Джэймс Дуглас Морысан/ James Douglas Morrison (1943 – 1971) – Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors. Як...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка