Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці)




НазваЯгор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці)
Дата канвертавання01.11.2012
Памер70.16 Kb.
ТыпДокументы
majo0729(GeaZastauje)

палітычная геаграфія

застаўе


Эфір 29 ліпеня


Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці)


Ёсьць такія паселішчы, дзе жыхароў штрафуюць за тое, што пад плотам расьце быльнёг. А ў Застаўі травінкі лішняй на вуліцы ня знойдзеш – усё акуратна пажатае серпамі. Зялёнае тут у вялікім дэфітыце.


(Надзея Грэчка: ) “Гаспадарка ў нас добрая. Бачыце, якое тут ўсё: тут і робяць добра, і вунь кароўнік перарабляюць. І нас добра гаспадарка вядзецца!”


Рэдка пачуеш ад вяскоўца выказваньні такога кшталту. А ў голасе пэнсіянэркі Надзеі Грэчкі – ноткі гонару.


Яна памятае, як у дзяцінстве – гэта адразу пасьля Другой усясьветнай вайны – ў Драгічынскім раёне Берасьцейшчыны яшчэ пэўны час існавала прыватная ўласьнасьць. А пасьля савецкая ўлада пачала ствараць калгасы.


Дарослыя гады спадарыні як раз прыпалі на часы росквіту гаспадаркі “Новы шлях”. Тут яна працалава, адсюль і на пэнсію пайшла.


Цяпер новасьпечанае прадпрыемства “БездзежАгра” зноў лічыцца адным з пасьпяховых у Берасьцейскай вобласьці”. А старшыня Ўладзімер Хілько за адраджэньня сельскай гаспадаркі нават атрымаў нейкі мэдаль з рук Аляксандра Лукашэнкі. Паводле велічыні статку, СПК – у дзесятцы лідараў Беларусі.


Для прадпрыемства немалая колькасьць худобы – гэта складнік поспеху, а для тутэйшага насельніцтва – прычына галаўнога болю. Тлумачу: першым чынам гаспадарка нарыхтоўвае сена для сябе, а толькі лішкі аддае людзям.


Пры мікрафоне Павал Грэчка.


(Павал Грэчка: ) “Нічога не даюць! Як прыйшоў гэты старшыня, я яшчэ 17 гадоў працаваў у калгасе. Была норма сена – паўтары тоны, але я столькі не адзін год не атрымаў. А зараз пайшоў на пэнсію – 100-200 кіляграмаў. Гэта не жыцьцё, а існаваньнье. У нас тут анархія. Вось суседка трымае карову. Яна здае па 20 літраў малака. А ёй летась далі 40 кіляграмаў сена. А гэтаму… ён загадчыкам быў… у яго каровы няма, а даюць добрую дзялку. А ён толькі пяць год у калгасе папрацаваў. Дык ён сена прадае, а яна, гаротная, купляе”.


Пра сенную праблему, але ўжо ў грашовым вымярэньні, я гутару з жыхаркай Застаўя Марыя Здановіч. Сядзіба гэтай пэнсіянэркі прыцягвае ўвагу тым, што на падворку стаіць воз сухой травы. Такога ў паселішчы я больш не пабачыў нідзе.


(Карэспандэнт: ) “Чаго да вас падыйшоў? Пабачыў на падворку цэлы воз сена. Адкуль у вас сена?”


(Здановіч: ) “Зь дзялкі яго прывезьлі. Але колькі яго тут? Толькі воз. Воза карове не хопіць!”


(Карэспандэнт: ) “А колькі патрэбна?”


(Здановіч: ) “Блізу трох тонаў, вазоў шэсьць патрэбна. Купляць трэба”.


(Карэспандэнт: ) “Дорага гэта каштуе?”


(Здановіч: ) “О-го! Летась каштавала 100 тысячаў тона. А сёлета сена меней. Можа, і даражэй яшчэ будзе”.


(Карэспандэнт: ) “А пэнсія ў вас якая?”


(Здановіч: ) “140 тысячаў”.


(Карэспандэнт: ) “Аддадзіце за 3 тоны 300 тысячаў. А жыць на што?”


(Здановіч: ) “На што хочаш. Мы малако здаем”.


(Карэспандэнт: ) “Колькі літраў?”


(Здановіч: ) “Па 10-12 на дзень”.


(Карэспандэнт: ) “За месяц колькі грошай такім чынам можна зарабіць?”


(Здановіч: ) “70-80 тысячаў”.


(Карэспандэнт: ) ”Але гэтага ўсё адно ня хопіць, каб набыць сена”.


(Здановіч: ) “Канешне, ня хопіць. Агарод-та ёсьць, але трэба набыць і муку, і цукар, і крупу ўсялякую”.


(Карэспандэнт: ) “Праўда ці не, што праз цяжкасьці з сенам, людзі здаюць каровы ў калгас”.


(Здановіч: ) “Так. Ужо шмат хто паздаваў. Па нашай вуліцы ўжо шмат у каго кароваў няма. Пакуль буду трымаць, а там пабачу: як ня будзе сена, буду здаваць. Шкада будзе зь ёй разьвітвацца”.


Кароваў ў Застаўі, сапраўды, менее. Летась прыватныя статкі ў Бездзежскім сельсавеце парадзелі на паўсотні галоваў. Аднак здаюць звычайна тое быдла, мяса якога немагчыма ўгрызьці. А маладзейшае рэжуць, каб затым падаць на стол.


Пра мясныя стравы ў вясковай кухні – гаспадыня з 60-ці гадовым стажам – Ганна Юрашэвіч.


(Юрашэвіч: ) “Хаданік, мяса і нейкія салаты робім”.


(Карэспандэнт: ) “А халаднік як робіце? Варыце?”


(Юрашэвіч: ) “Так, у печы варым. Мяса ды лапы. А пасьля зноў выліваеш у міскі і асьцюджаеш”.


(Карэспандэнт: ) “А запраўка?”


(Юрашэвіч: ) “Часнык, ліст і перац”.


(Карэспандэнт: ) “А часта можаце сабе дазволіць мяса есьці і такі халаднік рабіць”.


(Юрашэвіч: ) “Не”.


Недахоп сена пакрысе зьмяняе хатнюю фаўну Застаўя – на зьмену буйным рагатым прыходзяць рагатыя дробныя. Козы пачынаюць колькасна пераважаюць над каровамі.


Нават візуальнае параўнаньне накарысьць першых. Меньшыя паводле памераў, не з такім як у кароваў апэтытам, і малака пры гэтым даюць ня так ужо і мала.


Дзед Рыгор таксама завёў казу. Раней шукаў сена для каровы, цяпер працягвае рабіць гэта, але ўжо для казы.


(Рыгор: ) “Я – чарнобалец, у выселенай зоне жыў. І нікуды не годны. Ільгота скасавалі і лячыць ніхто ня хоча. Ужо 15 гадоў на пэнсіі. Каб тысячаў 300-400 – гэта была бы вялікая, а ў мяне толькі 160. І ні на што не хапае! Гаспадыня – інвалідка, адной рукі няма. Няма каму рабіць. Добра было б і малачка папіць… Трымаў бы я кароўку, але я сена касіць не магу – у мяне таксама адна рука не працуе. А хто мне дасьць сена”.


(Карэспандэнт: ) “А калгас?”


(Рыгор: ) “Я туды хадзіў. “У цябе каза ёсьць! У вас каровы няма і няма чаго вам даваць сена!”


(Карэспандэнт: ) “А каза ёсьці ня просіць?”


(Рыгор: ) “Яны яе за быдла ня лічаць. А на казу сена трэба амаль столькі, колькі і на карову. Магу і вам казу прадаць”.


(Карэспандэнт: ) “Я не аматар казьляціны”.


(Рыгор: ) “Хоць сёньня магу аддацю!”


(Карэспандэнт: ) “Дзякуй, але я яе ў Менск не пацягну!”


(Рыгор: ) ”А што тут такога?”


(Карэспандэнт: ) “Як вы сабе гэта ўяўляеце? Я назад буду вяртацца цягніком. І што, я яе ў купэ пацягну?”


(Рыгор: ) “А каза сама на паліцу залезе і там пераначуе… І што вы мяне нечым абрадавалі?!”


(Карэспандэнт: ) “А вас не, але вы мяне парадавалі: вельмі цікаваі зьмястоўна распавялі. Дзякуй вам вялікі!”


(Рыгор: ) “Чакайце-чакайце! Што мне вашае “дзякуй-дзякуй”? Дайце мне адказ: куды мне зьвярнуцца?”


(Карэспандэнт: ) “Дапамагаць мусяць мясцовыя ўлады”.


(Рыгор: ) “А што той сельсавет. У яго няма ліміту”.


(Карэспандэнт: ) “А райвыканкам?”


(Рыгор: ) “Як зайдзеш туды, так і пойдзеш. А як яны пра людзей клапоцяцца? Яны толькі для сябе зарабляюць. А да прэзідэнта я не даб’юся. Туды не заедзеш. Ён ня пряме. Куды зьвяртацца?”


Апошняе пытаньне дзеда Рыгора хоць і павісла ў паветры, але яно далёка нерытарычнае. З Застаўя паходзіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч.


Ветэранка Лізавета Мончык мае беспасярэдняе дачыньне да выхаваньня народнага абраньніка – яна даглядала яго ў маленстве. Але ад гэтага факту болей не становіцца ні сена ў ейным хляву, ні спадзяваньняў на парлямэнтара.


(Мончык: ) “Дэпутата Здановіча я гадавала і хачу да яго зьвярнуцца. А дапамогі не даюць!”


(Карэспандэнт: ) “Чаму сена няма?”


(Мончык: ) “Насельніцтва ў нас вялікае і раней кароваў было шмат, у кожным двары карова. А цяпер такога няма: праз тры хаты адна карова”.


(Карэспандэнт: ) “Як кароваў становіцца меней, сена на кожную з тых, хто застаецца, мусіць станавіцца болей. Сена болей не становіцца?”


(Мончык: ) “А мо паболее. Бо гэты го ўжо надта мала кароваў”.


Адзін з жыхароў Застаўя не вытрымаў і на самым высокім раённым роўні ўзьняў сенную праблему.


(Спадар: ) “Я выйшаў на прамую лінію з нашымі ўладамі і распавёў, што пенсіянэрам выдалі па 50 кіляграмаў сена. Яго гэта шакавала. Ён малады прыйшоў. Яму толькі сорак гадоў”.


(Карэспандэнт: ) “Старшыня райвыканкаму?”


(Спадар: ) “Так. 50 кіляграмаў сена – гэта сьмешна”.


(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтага сытуацыя зь сенам карэнным чынам зьмянілася?”


(Спадар: ) “Мне ўлады даслалі персанальны ліст. Маўляў, сёлета ўсё будуць зь сенам. Але асабіста я яго яшчэ не атрымаў”.


Некалі сям’я Карпікаў вырашыла: возьмем надзел, набудзем тэхніку і арганізуем фэрмерскую гаспадарку. Прайшло 10 год. Зямля ёсьць, тэхніка – таксама. А вось фэрмерства ўжо – толькі на паперы.


Здарылася так, таму што працаваць на сябе стала нявыдна: глеба родзіць слаба, угнаеньні дарагія, гатовую прадукцыю здаць немагчыма, а калі і пашчасьціць – мізэрныя грошы атрымаеш са спазьненьнем.


Сужанец Раі Карпік уладкаваўся ў Райкамунгас, а яна – прадавачкаю ў краму.


(Карпік: ) “Патрэбныя вялікія грошы, каб ад зямлі адмовіцца. Тэхніка і склад запісаныя на фэрмерскую гаспадарку. Калі адмаўляешся ад зямлі, гэта трэба прадаць. Альбо заплаціць падатак – 10 адсоткаў. Я палічыла, што гэта будзе болей за мільён”.


(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць ў Застаўі людзі, якія могуць гэта набыць?”


(Карпік: ) “Ніхто нават не цікавіцца”.


Хай ня крыўдзіцца сям’я Карпікаў, але вяглядае, што няма ў іх прадпрымальніцкага таленту. Як бы сказалі эканамісты, не адчулі яны кан’юктуру рынку. Застаўю-та патрэбныя не цукровыя буракі, а сена.


Ужо знаёмы нам пэнсіянэр Павал Грэчка ўзяў дзесяць гектараў зямлі і стаў арандатарам. Дэфіцытны корм і ёсьць ягонай вузкай спецыялізацыяй. Стары кажа, што вырошчвае яго не на продаж, а выключна для сваіх кароваў.


(Павал Грэчка: ) “Я ім сказаў: “Давайце зямлю, калі сена даваць ня хочаце!” Адразу адмовілі і размаўляць нават ня сталі. Паўгады прайшло, пакуль далі! Вось узяў зямлю ды пасеяў травы. Мо, налета ўжо і сена будзе. Неяк жа трэба са становішча выходзіць!”

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Дробаты, Драгічынскі раён Берасьцейшчыны
Чалавека засьпелі на месцы злачынства. Вочы ў яго ліхаманкава бегаюць. А сам ня ведае, куды дзявацца. Стары ўсяго толькі хацеў разжыцца...

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Сіманіцкая Рудня (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласьці)
Мальвіну з дзіцячай казкі “Залаты ключык” памятаюць усе. Гэткая рамантычная дзяўчынка-кветка з блакітнымі валасамі І вялікімі вачамі....

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconПрывітаньне! Пры мікрафоне Ягор Вяршыла
Чарговы выпуск “Маладых галасоў” прысьвечаны моладзевай ініцыятыве “Абракадабра” з гораду Кобрыні, што ў Берасьцейскай вобласьці....

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Юзафова, Шаркоўскі раён Віцебшчыны
Два колы інваліднай каляскі –– ёсьць адзіным сродкам перасоўваньня пенсіянэркі Ванды Лагун

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Харава, Пружанскі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Харава, Пружанскі раён Берасьцейшчыны
...

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Стаўбун, Веткаўскі раён Гомельшчыны
Дажынак у Стаўбуне сёлета не было. Упершыню за 300 гадоў існаваньня вёскі. Распытваю жыхарку паселішча Ніну Марозаву

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Лявонавічы, Ганцавіцкі раён
Я на малой радізме беларускага пісьменьніка Сяргея Новік-Пяюна, у вёсцы Лявонавічы, Нясвіскага раёну Меншчыны

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Лявонавічы, Ганцавіцкі раён, Берасьцейшчына
Я на малой радізме беларускага пісьменьніка Сяргея Новіка-пяюна, у вёсцы Лявонавічы, Нясвіскага раёну Меншчыны

Ягор Маёрчык, Застаўе (Драгічынскі раён, Берасьцейскай вобласьці) iconЯгор Маёрчык, Ганцавіцкі раён Берасьцейшчыны
...

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка