Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі




НазваІнстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі
старонка1/3
Дата канвертавання21.01.2013
Памер471.42 Kb.
ТыпДокументы
  1   2   3
ДЗЯРЖАЎНАЯ НАВУКОВАЯ ЎСТАНОВА

«ІНСТЫТУТ ГІСТОРЫІ

НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ»


УДК 373(476)(091) «1919/1921» (476)


ТРУБЧЫК

АЛЕНА ГЕНАДЗЬЕЎНА


ШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў ЧАС ПОЛЬСКА-САВЕЦКАЙ ВАЙНЫ (1919–1921 гг.)


АЎТАРЭФЕРАТ

дысертацыі на саісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук


па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя


Мінск 2012


Праца выканана ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі


Навуковы кіраўнік – Літвін Аляксей Міхайлавіч,

доктар гістарычных навук, прафесар,

загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі


Афіцыйныя апаненты: Лазько Рыгор Рыгоравіч,

доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”


Ляхоўскі Уладзімір Віктаравіч,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта


Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі  “Беларускі дзяржаўны

педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка”


Абарона адбудзецца 19 снежня 2012 г. у 16.00 на пасяджэнні савета Д 01.40.01 па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара гістарычных навук пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1; е-mail: ii@history.by; тэл. 284-18-70.


З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15).


Аўтарэферат разасланы ___ лістапада 2012 г.


Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый М. Г. Жылінскі

УВОДЗІНЫ

Польска-савецкая вайна (1919–1921 гг.) з’яўляецца адной з самых складаных старонак гісторыі Беларусі. Акрэслены перыяд зрабіўся пераломным і лёсавызначальным для беларускага народа, у жыцці якога адбываліся кардынальныя змены палітычных і сацыяльных устояў.

Тэрыторыя Беларусі ў гэты час выступала арэнай ваенна-палітычнага супрацьстаяння паміж дзвюма дзяржавамі – Польшчай і РСФСР. Падчас ваенных дзеянняў 1919-1920 гг. на беларускіх тэрыторыях некалькі разоў адбывалася чаргаванне ўлады, у сувязі з чым змянялася палітыка і афіцыйная ідэалогія, што ўплывала на ўсе сферы жыцця тагачаснага грамадства. У дадзеных умовах народная адукацыя з’яўлялася адным з важнейшых інструментаў унутранай палітыкі як Польшчы, так і РСФСР і выкарыстоўвалася для фарміравання лаяльнасці і забеспячэння падтрымкі новай улады з боку мясцовага насельніцтва. Школа як спецыфічны грамадскі інстытут заўсёды была наперадзе ў справе дзяржаўна-патрыятычнага выхавання, павышэння культурнага ўзроўню і фарміравання грамадзянскай пазіцыі насельніцтва. Міжнародная супольнасць уважліва сачыла за станаўленнем палітычнага ладу ў польскай і савецкай дзяржавах. Таму курс на пераход да ўсеагульнага навучання і развіццё нацыянальнай адукацыі, абвешчаны як польскім, так і савецкім бокам, з’яўляўся адным з найважнейшых тактычных крокаў, які падмацоўваў намаганні стварыць агульную карціну дэмакратызацыі грамадства. Пры гэтым сапраўдныя адносіны абодвух урадаў да лёсу беларускай дзяржаўнасці выразна адлюстроўваліся ў практычным ажыццяўленні іх адукацыйнай палітыкі.

Да сённяшняга часу ў гістарыяграфіі не існуе адзінага аб’ектыўнага і ўсебаковага даследавання падзей польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. Прычына дадзенай сітуацыі бачыцца ў складанасці тагачасных беларуска-польскіх адносін, якія да сённяшняга дня не атрымалі дастаткова поўнай і аб’ектыўнай ацэнкі з боку гісторыкаў. Асобныя навуковыя публікацыі апошніх дзесяцігоддзяў выразна дэманструюць імкненне як польскіх, так і сучасных айчынных даследчыкаў трактаваць спрэчныя факты ўласнай палітычнай гісторыі на сваю карысць, што вядзе да ўзнікнення прынцыпова супрацьлеглых метадалагічных пазіцый і робіць праблематычным фарміраванне цэласнай і аб’ектыўнай карціны абазначанай праблемы. На наш погляд, аб’ектыўнасць пры вывучэнні агульнага гістарычнага мінулага як з беларускага, так і з польскага боку з’яўляецца залогам развіцця станоўчых палітычных і культурных адносін паміж бліжэйшымі суседзямі.

На сённяшні дзень наяўнасць арыгінальных першакрыніц перыяду польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. дазваляе ажыццявіць аб’ектыўнае даследаванне на якасна новым узроўні, згодна з патрабаваннямі сучаснай гістарычнай навукі. Багаты фактычны матэрыял дае магчымасць прасачыць, як рэальна ўплывалі палітычныя працэсы на школу і педагагічную думку, і наадварот, як адукацыйны фактар уздзейнічаў на дзяржаўную палітыку і жыццё грамадства. Таму крытычны аналіз і ўспрыняцце вопыту гістарычнага мінулага ў справе школьнай адукацыі з’яўляецца вельмі актуальнай патрэбай для пашырэння нацыянальнай свядомасці і грамадзянскай культуры нашага народа.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі (праектамі і тэмамі).

Праца над дысертацыяй выконвалася ў рамках навукова-даследчай тэмы «Беларусь у войнах і ваенных канфліктах ХХ стагоддзя», якая распрацоўвалася калектывам аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі згодна з дзяржаўнай комплекснай праграмай навуковых даследаванняў “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры” (тэрмін выканання – 2006–2010 гг.), прынятай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 17 мая 2005 г. (пастанова № 512). Тэма зацверджана на пасяджэнні вучонага савета Інстытута гісторыі НАН Беларусі (пратакол № 10 ад 1 снежня 2008 г.).

Мэта і задачы даследавання

Мэта даследавання – вызначыць асаблівасці і адлюстраваць дынаміку развіцця школьнай адукацыі на тэрыторыі Беларусі пад уплывам адукацыйнай палітыкі як польскай, так і савецкай улады ў час польска-савецкай вайны (1919–1921 гг.).

Дасягненне пастаўленай мэты патрабавала вырашэння наступных задач:

  1. Вызначыць і прааналізаваць метады і вынікі ажыццяўлення адукацыйнай рэформы на савецкай частцы тэрыторыі Беларусі;

  2. Прасачыць працэс фарміравання сістэмы польскай адміністрацыі на беларускіх землях, вызначыць асаблівасці арганізацыйнай структуры, паўнамоцтвы і ўзровень кампетэнцыі адукацыйных органаў улады;

  3. Выявіць і ахарактарызаваць асноўныя перыяды і накірункі рэалізацыі польскай адукацыйнай палітыкі на беларускіх землях у 1919–1921 гг.; вызначыць асаблівасці развіцця школьнай справы пад уплывам польскай улады ў беларускіх паветах Віленшчыны, а таксама на Гродзеншчыне, Міншчыне, Брэстчыне;

  4. Правесці параўнальны аналіз развіцця беларускай школьнай справы ва ўмовах польскай і савецкай адукацыйнай палітыкі.

Аб’ектам даследавання з’яўляецца гісторыя Беларусі ў перыяд польска-савецкай вайны (1919–1921 гг.).

Прадмет даследавання – развіццё школьнай адукацыі на беларускіх землях ва ўмовах польска-савецкай вайны (1919–1921 гг.)

У якасці геаграфічных рамак даследавання прынята тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Храналагічныя рамкі адпавядаюць прынятай у сучаснай гістарычнай навуцы перыядызацыі польска-савецкай вайны: пачатку ваенных дзеянняў 7 лютага 1919 г. і падпісанню Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 г.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону:

1. Савецкая рэформа адукацыі на беларускіх землях была распачата ў студзені 1919 г. пасля абвяшчэння ССРБ і працягвалася ва ўмовах польска-савецкай вайны. Галоўным нарматыўна-прававым дакументам, на аснове якога будавалася новая сістэма народнай адукацыі, з’яўлялася “Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР”. Паводле яго дэклараваліся дэмакратычныя прынцыпы арганізацыі і дзейнасці савецкай школы, аднак дапушчаныя значныя педагагічныя памылкі негатыўна паўплывалі на якасць вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пераўтварэнні ў галіне адукацыі, як і ў іншых сферах грамадска-палітычнага жыцця, праводзіліся рэвалюцыйнымі метадамі, разлічанымі на хуткія вынікі. Пры гэтым савецкае кіраўніцтва не ўлічвала шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных цяжкасцей, якія ў час польска-савецкай вайны не дазволілі ажыццявіць большасць запланаваных мерапрыемстваў.

2. На беларускіх тэрыторыях, якія з лютага па жнівень 1919 г. апынуліся пад польскай уладай, была створана адміністрацыйна-прававая сістэма органаў кіравання – Грамадзянскае ўпраўленне Усходніх зямель (ГУУЗ). У складзе цэнтральнага апарата ўлады адно з вядучых месцаў займала Секцыя асветы і грамадскай апекі, якой падпарадкоўвалася вертыкальная структура адукацыйных органаў, арганізаваная паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Кіраванне школьнай справай праводзілася польскімі і мясцовымі чыноўнікамі, большасць якіх складалі буйныя землеўласнікі. Асаблівасць такога адміністравання заключалася ў яго выключна фармальнай залежнасці ад вышэйшых дзяржаўных улад Польшчы, што стала адной з галоўных прычын разыходжання паміж палітычнай лініяй, афіцыйна абвешчанай Ю. Пілсудскім, і тымі мерапрыемствамі, якія ажыццяўляліся на практыцы.

3. У адукацыйнай палітыцы польскіх улад на беларускіх землях у час польска-савецкай вайны вылучаны тры перыяды.

Першы перыяд (з лютага па кастрычнік 1919 г.) – арганізацыйны, быў звязаны са станаўленнем адміністрацыйна-прававой сістэмы органаў кіравання на тэрыторыі ГУУЗ і дзейнасцю аддзела асветы і грамадскай апекі. Палітыка польскіх улад у гэты перыяд не была выразна акрэслена, характарызавалася лаяльнасцю да арганізацыі і дзейнасці школ з рознымі мовамі навучання, а таксама ўстрыманнем ад карэннай рэарганізацыі школьнай справы.

Другі перыяд (з кастрычніка 1919 г. па ліпень 1920 г.) характарызуецца ажыццяўленнем адукацыйнай палітыкі на тэрыторыі ГУУЗ у апазіцыйным да ідэі федэралізму напрамку.

Трэці перыяд (ліпень 1920–сакавік 1921 гг.) вызначаецца рэарганізацыяй адукацыйных органаў польскай улады на беларускіх землях і змяненнем афіцыйнай палітыкі польскіх улад, у тым ліку і ў галіне школьнай адукацыі, ва ўмовах ваеннай эвакуацыі, паўторнага захопу часткі беларускіх зямель і падпісання Рыжскага мірнага дагавора.

Развіццё беларускіх нацыянальных школ ва ўмовах як польскай, так і савецкай адукацыйнай палітыкі ў 1919–1921 гг. выразна адлюстроўвала адносіны кіраўніцтва РСФСР і Польшчы да пытання аб форме будучай дзяржаўнасці на беларускіх землях. Абодва бакі дэкларавалі стварэнне школ з беларускай мовай навучання, аднак належных умоў для гэтага не забяспечылі. Як польскі, так і савецкі ўрады аб’ектыўна не былі зацікаўлены ў развіцці нацыянальнай школы беларусаў, якая з’яўлялася крыніцай пашырэння нацыянальнай свядомасці. Дзейнасць беларускіх нацыянальных дзеячаў у гэтым напрамку залежала ад шэрагу фактараў, якія зніжалі яе эфектыўнасць: адсутнічала адзіная нацыянальная дзяржаўнасць на ўсёй этнічнай беларускай тэрыторыі, не было палітычнага адзінства беларускага нацыянальнага руху, не хапала ўласных фінансавых сродкаў.

Асабісты ўклад саіскальніка. Дадзеная дысертацыя з’яўляецца навуковым даследаваннем, усе палажэнні якога распрацаваны саіскальнікам самастойна. Аўтарам быў выяўлены, апрацаваны і крытычна асэнсаваны шэраг комплексаў дакументаў у архівасховішчах Рэспублікі Беларусь (11 архіваў) і Польшчы (Архіў Новых Актаў у Варшаве [Archiwum Akt Nowych w Warszawie]. Упершыню былі ўведзены ў навуковы абарот арыгінальныя крыніцы справаводства польскай грамадзянскай адміністрацыі (фонд ГУУЗ, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў і старадрукаў Варшаўскай публічнай бібліятэкі [Dział starych druków i rękopisów], апрацаваны колькасныя даныя ў польскіх і савецкіх статыстычных матэрыялах, якія дазволілі адлюстраваць дынаміку развіцця школьнай справы на беларускіх тэрыторыях. Дысертацыя з’яўляецца адзіным у айчыннай і замежнай гістарыяграфіі даследаваннем, у якім праведзены параўнальны аналіз польскай і савецкай адукацыйнай палітыкі на беларускіх землях у час польска-савецкай вайны.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Даклады і паведамленні па асобных праблемах дысертацыйнага даследавання былі апрабаваны на 13 міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях: “Гістарычная навука на пераломе эпох: дыялог з часам” (ІІІ Міжнародны кангрэс гісторыкаў, Мінск, ІГ НАН Беларусі, 15–16 кастрычніка 2009 г.); “Романовские чтения – 6 (к 75-летию исторического факультета Могилёвского государственного университета им. А. А. Кулешова)” (Міжнародная навуковая канферэнцыя, Магілёў, МДУ імя А. А. Куляшова, 24–25 лістапада 2009 г.), “Сучасныя падыходы да вывучэння крыніц па гісторыі Беларусі. Да 1000-годдзя летапіснай Літвы” (Рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя, Мінск, 18 снежня 2009 г.), “Европа: актуальные проблемы этнокультуры” (ІІІ Міжнародная навукова-тэарэтычная канферэнцыя, Мінск, БДПУ ім. М. Танка, 28 красавіка 2010 г.), “Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць” (Рэспубліканская навуковая канферэнцыя, Віцебск, ВДУ імя П. М. Машэрава, 30–31 красавіка 2010 г.), “Праблемы і перспектывы станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі” (Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Магілёў, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, 20–21 мая 2010 г.), “Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемаўздзеянні, узаемаўплывы” (ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя, Гомель, ГДУ імя Ф. Скарыны, 30 верасня – 1 кастрычніка 2010 г.), “Геополитическая трансформация в Восточной Европе между двумя мировыми войнами. К 90-летию подписания Рижского мирного договора” (Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Брэст, БДУ імя А. С. Пушкіна, 18–19 сакавіка 2011 г.), “Научный потенциал молодёжи – будущему Беларуси” (V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Пінск, ПДУ, 31 сакавіка 2011 г.), “Религия и общество – 6” (VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Магілёў, МДУ ім. А. А. Куляшова, 13 мая 2011 г.), “Содружество наук – 2011” (VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Баранавічы, БарДУ, 19–20 мая 2011 г.), “Гродзеншчына ў гістарычным, эканамічным і культурным развіцці 1801–1921 гг. (да 210-годдзя заснавання Гродзенскай губерні)” (Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, Гродна, ГДУ імя Я. Купалы, 22–23 верасня 2011 г.).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі. Па тэме дысертацыйнага даследавання падрыхтавана 18 публікацый, у тым ліку 6 у навуковых часопісах, рэкамендаваных ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі вынікаў даследаванняў, выкананых пры напісанні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый (агульным аб’ёмам 3,2 друк. арк.), 1 артыкул ў замежным выданні (агульны аб’ём 1,1 друк. арк.), 11 – у іншых навуковых зборніках (3,3 друк. арк.). Агульны аб’ём апублікаваных матэрыялаў – 7, 6 друк. арк.

Структура і аб’ём дысертацыі. Структура дысертацыйнага даследавання адпавядае праблемна-храналагічнаму прынцыпу. Агульны аб’ём дысертацыі – 143 старонкі. Асноўны тэкст займае 112 старонак, уключае спіс умоўных скарачэнняў, уводзіны, агульную характарыстыку работы, 3 главы, заключэнне. Спіс выкарыстаных крыніц займае 30 старонак і ўключае 426 пазіцый, у тым ліку 18 публікацый аўтара, 33 старонкі займаюць дадаткі.


АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ПРАЦЫ


У першай главе “Гістарыяграфія, крыніцы і метады даследавання” праведзены аналіз навуковай літаратуры, апублікаваных крыніц, архіўных дакументаў і матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся пры напісанні дысертацыі, ахарактарызаваны метады даследавання. У раздзеле 1.1 “Гістарыяграфія праблемы” зроблена класіфікацыя комплексу прааналізаваных па дадзенай тэме прац адносна перыядаў іх узнікнення.

У перыяд польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. былі напісаны працы, якія мелі ў асноўным публіцыстычна-палемічны характар і адлюстроўвалі розныя грамадска-палітычныя погляды польскіх і беларускіх нацыянальных дзеячаў адносна будучага геапалітычнага лёсу занятых польскімі войскамі зямель. У гэтым кантэксце школьная адукацыя выкарыстоўвалася для абгрунтавання эфектыўнасці або крытыкі афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі Польшчы1.

У міжваенны перыяд (1921–1930-я гг.) з’яўляюцца першыя навуковыя працы, прысвечаныя вывучэнню эканамічных, дэмаграфічных і этнакультурных асаблівасцей тэрыторый, далучаных да Польшчы ў выніку Рыжскага дагавора 1921 г. Змест прац быў абумоўлены імкненнем палякаў захаваць атрыманыя землі, не дапусціць распаўсюджвання прасавецкіх настрояў і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У першай палове 1920-х гг. на старонках выданняў упершыню з’явілася крытыка адукацыйнай палітыкі польскіх улад на занятых у час польска-савецкай вайны беларускіх землях2. Аднак па меры развіцця антыпольскага руху і ўзмацнення рэпрэсій у адносінах да беларускага насельніцтва, асабліва ў 1930-я гг., у польскай гістарыяграфіі надалей замацоўваўся погляд на беларусаў як на адсталы і няздольны да развіцця ўласнай культуры і адукацыі элемент размытага этнічнага паходжання3.

У савецкай гістарыяграфіі міжваеннага перыяду замацавалася адзіная канцэптуальная аснова, згодна з якой барацьба беларускага і ўкраінскага народаў супраць “гвалтоўнай паланізацыі” павінна была прывесці да ўз’яднання далучаных да Польшчы зямель з савецкімі тэрыторыямі4.

У перыяд Другой сусветнай вайны (1939–1945 гг.) тэрытарыяльнае саперніцтва з Польшчай для савецкага кіраўніцтва згубіла былую актуальнасць. Нешматлікія даследаванні гэтага часу дэманстравалі значныя поспехі гаспадарчага і нацыянальна-культурнага развіцця ўз’яднанай савецкай Беларусі ў параўнанні з папярэднім перыядам польскага панавання5.

У перыяд з 1945 – да пачатку1990 гг. у развіцці савецкай гістарыяграфіі вылучаецца некалькі этапаў. Савецкая гістарыяграфія пасляваеннага дзесяцігоддзя (другая палова 1940-х – першая палова 1950-х гг.) не налічвала ў сваім арсенале значных індывідуальных даследаванняў, прысвечаных развіццю асветы і культурнага будаўніцтва ў БССР. Публікацыі не толькі дзяржаўных дзеячаў, але і навукоўцаў нагадвалі афіцыйныя справаздачы, мелі агітацыйна-прапагандысцкі характар, вызначаліся тэндэнцыйным падыходам, усхваленнем савецкай сістэмы адукацыі і культуры6. У другой палове 1950-х – 1960-я гг. павялічылася колькасць гістарычных даследаванняў, прысвечаных развіццю культуры Беларусі. Паглыбленаму разгляду пытанняў культурнага і духоўнага жыцця беларускага народа садзейнічала пашырэнне доступу вучоных да архіўных і некаторых іншых дакументальных матэрыялаў, што адбыўся ў гады палітычнай “адлігі”. У гэты перыяд убачылі свет даследаванні, у якіх утрымліваўся вялікі фактычны матэрыял аб развіцці розных накірункаў культурнага будаўніцтва ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады7. На працягу 1970-х – да сярэдзіны 1980-х гг. пашыраўся маштаб даследаванняў па гісторыі адукацыі на Беларусі. З’явіліся новыя даследаванні аб развіцці савецкіх працоўных школ на тэрыторыі Беларусі, якія храналагічна ўключалі перыяд польска-савецкай вайны (1919–1921 гг.)8. З канца 1980-х гг. пытанні асветы і культуры перыяду польска-савецкай вайны пачынаюць разглядацца праз прызму развіцця беларускай дзяржаўнасці9.

У польскай гістарыяграфіі 1945 – пачатку 1990-х гг. працягвалася вывучэнне розных накірункаў палітыкі Польскай дзяржавы ў час польска-савецкай вайны. Класічным прыкладам тагачаснай метадалагічнай пазіцыі з’яўляюцца працы Ю. Левандоўскага10 і А. Дзяругі11. Аўтары падрабязна ахарактарызавалі тэрытарыяльныя праграмы ўсходняй палітыкі Польшчы, прапанаваныя рознымі палітычнымі партыямі і групоўкамі напярэдадні і ў час польска-савецкай вайны, прасачылі эвалюцыю палітычнага курсу польскага кіраўніцтва. Цікава, што пры гэтым выкарыстоўваўся тэрмін “акупацыя”, які на сённяшні дзень вельмі непапулярны ў польскай гістарычнай навуцы.

Сучасны этап (1990-я – 2000-я гг.) характарызуецца паступовым адыходам ад савецкіх дагматаў з боку айчынных даследчыкаў, увядзеннем у навуковы абарот новых архіўных крыніц. У сувязі з імкненнем беларускіх гісторыкаў да якасна новага ўзроўня сваёй працы, больш акрэсленымі сталі канцэптуальныя асновы вывучэння беларускай праблематыкі з польскага боку. Пытанні польска-савецкай вайны 1919–1921 гг. атрымалі якасна новае гучанне ў працах такіх сучасных беларускіх даследчыкаў, як А. М. Літвін, М. П. Касцюк, А. В. Ціхаміраў, У. В. Ляхоўскі і інш12. У названы перыяд была выдадзена значная колькасць даследаванняў, прысвечаных пытанням беларускай культуры і адукацыі13, але ў іх амаль не разглядалася становішча школ на занятых польскімі войскамі тэрыторыях.

З пачатку 1990-х гг. у польскай гістарычнай навуцы праводзіцца думка аб тым, што дзякуючы польскаму ваеннаму наступленню беларусы атрымалі рэальную магчымасць стварыць уласную дзяржаўнасць у федэрацыі з Польшчай14. Спробы даказаць імкненне польскіх улад да федэралізму на прыкладзе адукацыйнай палітыкі на беларускіх землях прадстаўлены ў працах сучасных польскіх даследчыкаў Ю. Тамашэўскага,Х. Глагоўскай, Ю. ГероўскайКалаўр, В. Слешынскага, М. Семаковіча і інш15.

У раздзеле 1.2 “Крыніцы і метады даследавання” раскрываецца спецыфіка дакументальнай базы дадзенага даследавання і методыка працы з ёй. Дакументальную базу дысертацыі склалі неапублікаваныя архіўныя матэрыялы. У архівасховішчах Рэспублікі Беларусь захоўваецца значная колькасць дакументаў і матэрыялаў, якія адлюстроўваюць развіццё школьнай адукацыі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд польска-савецкай вайны (1919–1921 гг.).

У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь знаходзяцца афіцыйныя дакументы савецкіх органаў улады ( фонд 4 ЦК КПБ(б) 1918–1941; фонд 804 Народны камісарыят асветы Літоўска-Беларускай ССР, 1919; фонд 6 ЦВК БССР 1920; фонд 42 Народны камісарыят асветы БССР, 1919–1921 гг. ): дэкрэты і пастановы Наркамасветы ССРБ і ЛітБел ССР, анкеты аб стане школьнай справы і рэгістрацыі школьных працаўнікоў у асобных губернях, звесткі аб працы асобных школ, справаздачы школьных інструктараў, кіраўнікоў губернскіх, гарадскіх, павятовых і валасных аддзелаў асветы і г. д.

Адукацыйную палітыку польскіх улад у Мінску дазваляюць уявіць матэрыялы секцыі асветы, якая дзейнічала пры Мінскім гарадскім магістраце ў перыяд польскай улады (фонд 603, 13 спраў). Асноўная частка дакументаў магістрата знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці (фонд 1252, усяго 1252 адзінак захоўвання, з якіх 35 спраў змяшчаюць матэрыялы аб пытаннях асветы.

У Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці захоўваецца вельмі багаты і разнастайны матэрыял перыяду 1919–1921 гг. Гэта пратаколы пасяджэнняў кіраўніцтва губернскага, павятовых і валасных аддзелаў народнай адукацыі, распараджэнні мясцовых органаў асветы, пратаколы, даклады і рэзалюцыі губернскіх і павятовых з’ездаў працаўнікоў асветы, статыстычныя матэрыялы і інш., якія размяшчаюцца ў фондзе Гомельскага губернскага аддзела народнай адукацыі (фонд 60, за 1919–1921 гг. каля 2113 спраў) і інш.

Фонды Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці змяшчаюць матэрыялы справаводства польскай адміністрацыі (фонд 87 Гродзенскі школьны інспектар), савецкіх органаў улады ( фонд 689 Гродзенскі павятовы ваенны рэвалюцыйны камітэт, чэрвень-верасень 1920 г.; фонд 690 –Ваўкавыскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, 1920 г.).

У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці знаходзіцца значная колькасць арыгінальных польскамоўных дакументаў аб развіцці школьнай справы ў 1919–1921 гг. ( фонды Брэсцкага і Пінскага гарадскіх магістратаў (фонды 5, 2005), фонд школьнага інспектара Брэсцкай акругі (фонд 310), фонд апякунства Брэсцкай школьнай акругі (фонд 59).

Асноўная частка важнейшых для даследавання матэрыялаў была выяўлена ў Аддзеле рукапісаў і старадрукаў Варшаўскай публічнай бібліятэкі (фонд ГУУЗ), у фондах Архіва новых актаў у Варшаве. Асобныя групы крыніц склалі статыстычныя матэрыялы, матэрыялы перыядычнага друку, афіцыйныя заканадаўчыя выданні польскіх і савецкіх улад, мемуары і дзённікі.

Метадалогія, прынцыпы і метады даследавання вызначаны мэтай, прадметам, задачамі і агульным навуковым узроўнем распрацаванасці тэмы. Яны абумоўлены перш за ўсё імкненнем падысці з максімальнай аб’ектыўнасцю да вывучэння адукацыйнай палітыкі як Польшчы, так і РСФСР.

Метадалагічную аснову дысертацыі складае гістарызм, які разумеецца як прынцып разгляду грамадска-палітычных рэалій у дынаміцы іх развіцця, шматграннасці, функцыянальнасці. У дысертацыйным даследаванні пераасэнсавана малавывучаная праблема праз адзінства крыніцазнаўчага, эмпірычнага і агульнатэарэтычнага падыходаў. Пры аналізе крыніц і інтэрпрэтацыі фактаў выкарыстоўваліся рэтраспектыўны, гісторыка-тыпалагічны, параўнальны, гісторыка-генетычны метады.

Глава другая “Усталяванне і развіццё савецкай адукацыйнай сістэмы на тэрыторыі Беларусі (студзень 1919 – сакавік 1921 гг.)” прысвечана вызначэнню асаблівасцей развіцця школьнай адукацыі ва ўмовах савецкай адукацыйнай палітыкі. У раздзеле 2.1 “Школьная асвета напярэдадні і падчас польскага наступлення (студзень-жнівень 1919 г.)” разгледжаны ўмовы і асаблівасці ажыццяўлення школьнай рэформы на савецкай частцы беларускіх зямель, ахарактарызаваны тэарэтычныя падставы і практычныя метады пераходу да савецкай адукацыйнай сістэмы.

У канцы 1918 – пачатку 1919 гг. на тэрыторыі Беларусі, з якой адступілі нямецкія войскі (Мінская губерня, заходнія паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў), была адноўлена савецкая ўлада. На І з’ездзе КП(б)Б, які адбыўся 30–31 снежня 1918 г. у Смаленску, была абвешчана ССРБ. У складзе Часовага рэвалюцыйнага ўрада рэспублікі 3 студзеня быў утвораны аддзел асветы на чале з народным камісарам А. Чарвяковым. Пачалі стварацца павятовыя і валасныя аддзелы народнай адукацыі. У паветы накіроўваліся інструктары, якім неабходна было давесці да мясцовай адміністрацыі і насельніцтва асноўныя распараджэнні і пастановы аб арганізацыі школьнай справы і высветліць агульныя магчымасці ажыццяўлення школьнай рэформы па прыкладу РСФСР. Усім навучальным установам, якія перайшлі ў распараджэнне Народнага камісарыята асветы надавалася назва “Адзіная працоўная школа”. Школы падзяляліся на 2 ступені: І – для дзяцей ад 8-і да 13-і гадоў (5-гадовы курс навучання) і ІІ – ад 13-і да 17-і гадоў (4-х гадовы курс). Згодна з “Палажэннем аб адзінай працоўнай школе” уводзілася ўсеагульнае, абавязковае, бясплатнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. У той жа час скасоўвалася былая методыка арганізацыі вучэбнага працэсу: адмяняліся хатнія заданні, сістэма адзнак і пераводныя экзамены, забараняліся старыя падручнікі (пры адсутнасці новых), уводзілася вучнёўскае самакіраванне і інш. У выніку перавыбараў з педагагічнай сферы быў выдалены значны пласт вопытных кваліфікаваных настаўнікаў, якія сумняваліся ў станоўчых выніках савецкай рэформы. На змену ім прыйшлі маладыя выпускнікі кароткатэрміновых настаўніцкіх курсаў, якія мелі нізкую кваліфікацыю і нават неадпаведны агульнаадукацыйны ўзровень, аднак менавіта яны сталі апорай савецкай улады ў справе народнай адукацыі.

Вынікі першага навучальнага года ў савецкіх школах на Беларусі выразна дэманстравалі слабую арганізацыю вучэбна-выхаваўчай работы, нізкі ўзровень паспяховасці і ведаў вучняў. Школы не мелі адзіных праграм і адпаведных падручнікаў, метадычных дапаможнікаў і кансультацый у педагагічных часопісах. Прынцып “працоўнай школы” разумелі кіраўнікі школ па-рознаму: адны – як увядзенне ручной працы, другія – як самаабслугоўванне, а трэція – проста як новы тэрмін.

Раздзел 2.2 “Станаўленне сістэмы школьнай адукацыі на савецкай частцы тэрыторыі Беларусі (жнівень 1919 г. – сакавік 1921 г.)” раскрывае дынаміку развіцця школьнай справы на савецкай тэрыторыі Беларусі, якая не была занята польскімі войскамі, а таксама на землях, дзе пасля эвакуацыі польскіх войскаў летам 1920 г. пачала праводзіцца адукацыйная савецкая рэформа.

Праца школ у паветах Віцебскай і Гомельскай губерняў у 1919–1920 н. г. пачала ажыццяўляцца з кастрычніка-лістапада, а ў асобных валасцях дзеці пачалі вучыцца толькі са снежня. З-за недахопу сродкаў большасць школьных будынкаў была пакінута без рамонту. У 1919-1920 навучальным годзе губернскія і нават павятовыя аддзелы народнай адукацыі пачалі ствараць мясцовыя вучэбныя праграмы, якія істотна адрозніваліся паміж сабой па складу вучэбных прадметаў і па колькасці гадзін.

У ліпені – жніўні 1920 г. на тэрыторыях Беларусі, з якіх адступілі польскія войскі, была ўсталявана савецкая ўлада. Адмяняліся ўсе папярэднія пастановы і распараджэнні польскай улады, пачалася перарэгістрацыя насельніцтва. Усе навучальныя ўстановы пераходзілі ў падпарадкаванне Мінскага губернскага аддзела народнай адукацыі, які 26 жніўня быў перайменаваны ў Народны камісарыят асветы ССРБ. Пры мясцовых рэўкамах арганізоўваліся павятовыя і валасныя аддзелы народнай адукацыі, галоўнай задачай якіх была падрыхтоўка школ да пачатку новага навучальнага года. У гэты час становішча школ заставалася цяжкім: будынкі патрабавалі рамонту, не хапала настаўнікаў, адсутнічалі падручнікі і школьныя прылады. Ва ўмовах ваенных дзеянняў рэфармаванне школы па ўзору РСФСР праводзілася імклівымі тэмпамі, асабліва на тэрыторыях Гродзеншчыны і Брэстчыны, дзе савецкія школы неабходна было закладаць упершыню. У некаторых заходніх беларускіх паветах насельніцтва з недаверам ставілася да мерапрыемстваў улады і аказвала супраціўленне пры арганізацыі савецкіх школ.

У раздзеле 2.3 “Становішча беларускіх школ ва ўмовах ажыццяўлення савецкай адукацыйнай палітыкі” засяроджваецца ўвага на развіцці беларускай школьнай справы на савецкай частцы беларускіх зямель у перыяд польска-савецкай вайны. Вызначана сутнасць савецкай адукацыйнай палітыкі адносна беларускіх школ, якая ва ўмовах ваенна-палітычнай канкурэнцыі з Польскай дзяржавай зводзілася да лаяльнасці і падтрымкі культурна-асветніцкай працы беларускіх нацыянальных дзеячаў.

Арганізацыя беларускіх школ на савецкай частцы Беларусі пачалася на тэрыторыі ССРБ са студзеня 1919 г., аднак яна не набыла шырокіх маштабаў. Беларускія секцыі былі створаны пры адзінкавых аддзелах народнай адукацыі. Для развіцця беларускай адукацыі неабходны быў пэўны вопыт, якога не мела савецкае кіраўніцтва, адсутнічалі педагогі-спецыялісты, не было адзінага беларускага правапісу, падручнікаў і г.д. Ва ўмовах польска-савецкай вайны выкарыстанне беларускай справы ў якасці інструменту польскай палітыкі рабілі з яе вызначальны фактар ў савецкай кампаніі супраць Польшчы. З заснаваннем 17 ліпеня 1920 г. Наркамасветы ССРБ, кіраўніком якога быў прызначаны П.В. Савацееў (ліпень – снежань 1920 г.), стварэнне розных тыпаў навучальна-выхаваўчых устаноў з нацыянальнымі мовамі навучання паўставала як частка дзяржаўнай палітыкі. Пры Наркамасвеце ССРБ 1 жніўня 1920 г. быў створаны Беларускі аддзел. У Мінску яму падпарадкоўваліся 12 школ І ступені (66 настаўнікаў) і 1 школа ІІ ступені (12 настаўнікаў). Абмеркаванне пытанняў аб развіцці беларускай мовы, адукацыі і культуры на дзяржаўным узроўні ўпершыню адбылося на ІІ Сесіі ЦВК БССР (4 лютага 1921 г.). Аддзелам асветы загадвалася тэрмінова арганізаваць у школах навучанне на беларускай мове. Адначасова павінна была разгарнуцца дзейнасць па падрыхтоўцы беларускіх настаўнікаў і пераводзе ў школы педагогаў з іншых працоўных сфер. Усе школы ІІ ступені абавязваліся неадкладна ўключыць у праграму навучання беларускую мову як асобны прадмет. Актывізаваць сваю працу павінны былі Дзяржаўнае выдавецтва і літаратурна-выдавецкі аддзел Наркамасветы.

У трэцяй главе “Адукацыйная палітыка польскіх улад на беларускіх землях (люты 1919 г.–сакавік 1921 г.)” адлюстраваны механізм ажыццяўлення адукацыйнай палітыкі на беларускіх землях, якія падчас польска-савецкай вайны знаходзіліся пад уплывам польскай улады.

У раздзеле 3.1 “Фарміраванне польскай адміністрацыйна-прававой сістэмы кіравання ў галіне народнай асветы” ахарактарызаваны польскія органы кіравання ў галіне народнай адукацыі, паказаны асаблівасці іх фарміравання, службовыя паўнамоцтвы і кампетэнцыя.

З пачаткам наступлення польскіх войскаў 8 лютага 1919 г. на занятай тэрыторыі Беларусі пачала ўсталёўвацца ваенная ўлада. 13 мая 1919 г. Ю. Пілсудскі выдаў дэкрэт, які тычыўся арганізацыі ГУУЗ. Генеральны камісарыят станавіўся цэнтральнай уладай і непасрэдна падпарадкоўваўся Галоўнакамандуючаму. Першапачаткова камісарыят складаўся з 13 аддзелаў (сярод іх аддзел асветы і культуры, які з красавіка па кастрычнік 1919 г. узначальваў Уладзіслаў Ліхтаровіч) .

Паступова арганізацыя Генеральнага камісарыята ўскладнялася, былыя аддзелы былі рэарганізаваны ў 8 секцый (агульная, адміністрацыйная, гаспадарчая, скарбовая, юстыцыі, асветы і грамадскай апекі, забеспячэння, тэхнічная), назначаліся загадчыкі (шэфы), якім падпарадкоўваліся кіраўнікі пэўных аддзелаў. Непасрэдныя службовыя кантакты секцыя асветы і грамадскай апекі ажыццяўляла толькі з акруговымі інспектарамі, праз якіх адукацыйная палітыка праводзілася далей на паветы. З кастрычніка 1919 г. секцыю асветы і грамадскай апекі ўзначаліў Люцыян Зажэцкі. Яму падпарадкоўваліся: агульны аддзел, аддзел агульных школ, аддзел сярэдніх і прафесійных школ. Пры секцыі працавалі школьныя рэвізоры, галоўнай задачай якіх з’яўлялася ажыццяўленне непасрэднага кантролю за педагагічнай і грамадскай дзейнасцю школ усіх тыпаў.

Раздзел 3.2 “Ажыццяўленне польскай адукацыйнай палітыкі на беларускіх тэрыторыях Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель” змяшчае аналіз асноўных накірункаў польскай адукацыйнай палітыкі на беларускіх землях, вызначэнне і абгрунтаванне асноўных этапаў яе рэалізацыі.

Пасля заняцця польскімі войскамі Гродзеншчыны і Віленшчыны з красавіка 1919 г. пачалася адбудова школ і арганізацыя настаўніцкіх курсаў. У першым распараджэнні, якое тычылася арганізацыі асветы і школьніцтва на тэрыторыі ГУУЗ, якое было падпісана намеснікам Генеральнага камісара Е. Івашкевічам 11 кастрычніка 1919 г., абвяшчалася ўсталяванне прынцыпаў свабоды навучання на роднай мове ўсіх нацыянальных груп, якія пражывалі на дадзенай тэрыторыі. Замест усіх ранейшых тыпаў навучальных устаноў на занятых беларускіх землях павінны былі ўтварыцца агульнаадукацыйныя, сярэднія і прафесійныя, а таксама вышэйшыя школы. Ва ўсіх школах абвяшчалася ўвядзенне польскай мовы ў якасці абавязковага прадмета выкладання, на які адводзілася не менш за 2 гадзіны на тыдзень у кожным класе. У няпольскія школы назначаліся настаўнікі польскай мовы, працу якіх павінны былі аплачваць са сродкаў павятовых школьных інспектаратаў. Прыватным школам дазвалялася распрацоўваць уласныя вучэбныя праграмы і свабодна імі карыстацца. Аднак тыя школы, якія атрымлівалі хоць нейкую дзяржаўную дапамогу, павінны былі працаваць толькі згодна з праграмамі, распрацаванымі ў Секцыі асветы і грамадскай апекі. На практыцы ніякіх адзіных афіцыйна зацверджаных праграм не існавала, таму ў дзяржаўных школах навучанне адбывалася часцей за ўсё па тых планах, якія складаліся настаўнікамі з дазволу мясцовых школьных інспектараў. З кастрычніка 1919 г. пачалося сістэматычнае фінансаванне з бюджэту ГУУЗ курсаў і семінарый па падрыхтоўцы настаўнікаў для ўсходніх зямель, арганізаваных на тэрыторыі Польшчы.

У раздзеле 3.3 “Змены ў адукацыйнай палітыцы ва ўмовах ваеннай эвакуацыі і пераходу да мірнага жыцця (ліпень 1920 г. – сакавік 1921 г. )” разгледжана становішча, у якім апынулася школьніцтва падчас летняй эвакуацыі польскіх войскаў 1920 г., адлюстраваны працэс фарміравання органаў асветы пры Упраўленні прыфрантавых і этапавых тэрыторый, а таксама змены ў адукацыйнай палітыцы польскіх улад пасля падпісання прэлімінарных умоў мірнай дамовы з РСФСР у кастрычніку 1920 г. і Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 г.

У сярэдзіне мая 1920 г. пачалося наступленне Чырвонай Арміі ў Беларусі. У канцы ліпеня 1920 г. Секцыя асветы і грамадскай апекі разам з іншымі адміністрацыйнымі структурамі Генеральнага камісарыята была эвакуіравана ў Торунь, дзе пачала займацца рэгістрацыяй і арганізацыяй дапамогі настаўнікам, прыманнем справаздач ад школьных інспектаратаў.

Пасля паражэння войскаў Чырвонай Арміі пад Варшавай у сярэдзіне жніўня польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне і ў верасні 1920 г. другі раз уступілі на тэрыторыю Беларусі. На занятых землях 9 верасня 1920 г. было створана Упраўленне прыфрантавымі і этапавымі тэрыторыямі на чале з У. Рачкевічам. Новая адміністрацыя ставілася ў залежнасць ад ваеннай улады. Упраўленне складалася з 9-і дэпартаментаў і 4-х асобных аддзелаў. Справамі адукацыі і асветы ў гэты перыяд займаўся дэпартамент асветы, структура якога адпавядала ранейшай арганізацыі секцыі асветы і грамадскай апекі. Узначаліў дэпартамент Л. Зажэцкі, які правёў новыя кадравыя назначэнні ва ўсіх павятовых школьных інспектаратах.

Пасля падпісання прэлімінарных умоў міру паміж Польшчай і РСФСР (12 кастрычніка 1920 г.) на беларускіх землях было ўтворана Палескае і Навагрудскае ваяводствы. Рада Міністраў упаўнаважана была на распаўсюджванне на гэтых землях дэкрэтаў, законаў і распараджэнняў, якія мелі законную сілу на ўсёй тэрыторыі Польскай дзяржавы. Усе адукацыйныя справы перадаваліся Міністэрству веравызнанняў і грамадскай асветы на чале з Тадэвушам Лапушаньскім, а значыць, канчаткова траплялі ў сферу ўнутранай палітыкі польскай дзяржавы. З гэтага часу ўсе справаздачы накіроўваліся непасрэдна ў адміністрацыю школьных акруг на чале з куратарамі. Куратарам падпарадкоўваліся павятовыя, гмінныя і гарадскія школьныя інспектараты, а былая пасада акруговага школьнага інспектара скасоўвалася.

Раздзел 3.4 “Асаблівасці развіцця беларускай школьнай справы” прысвечаны вывучэнню становішча беларускай адукацыі на тэрыторыі ГУУЗ і вызначэнню яе ролі ў беларуска-польскіх палітычных адносінах.

З наступленнем польскіх войскаў у лютым 1919 г. актывізавалі сваю дзейнасць беларускія нацыянальныя палітычныя партыі і арганізацыі. Пасля правядзення Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9–10 чэрвеня 1919 г.) ролю галоўнага палітычнага цэнтра беларускага нацыянальнага руху прыняла на сябе Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны, утвораная па ініцыятыве партыі беларускіх эсэраў. Справа адукацыі даручалася Беларускай школьнай радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны, кіраўніком якой быў прызначаны М. Кахановіч. Сярод асноўных накірункаў дзейнасці рады былі: арганізацыя сеткі беларускіх школ, распрацоўка навучальных праграм, удзел у разглядзе ўрадавых пастаноў па пытаннях народнай асветы, падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ, кантроль за арганізацыяй вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Пасля заняцця Міншчыны, кіраўніцтва ГУУЗ пачало паступовую ліквідацыю беларускіх школ на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны, прапануючы іх адкрыццё толькі ў Мінскай акрузе. Ужо на трэці дзень пасля заняцця Мінска польскімі войскамі (10 жніўня 1919 г.) быў створаны прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый – Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК). Пры камітэце была створана школьная камісія на чале з С. Рак-Міхайлоўскім, якая з 30 жніўня 1919 г. была перайменавана ў Беларускую школьную раду Міншчыны. Дзейнасць дадзенай арганізацыі хутка дала станоўчыя вынікі: ужо ў снежні 1919 г. у Мінску працавала 19 беларускіх школ. У сакавіку з Генеральнага камісарыята быў атрыманы афіцыйны дазвол на аб’яднанне рэгіянальных Беларускіх школьных рад у Цэнтральную беларускую школьную раду на чале з С. Рак-Міхайлоўскім. Аднак з гэтага часу мясцовая польская адміністрацыя пры дапамозе практычных мерапрыемстваў пачала адкрыта перашкаджаць развіццю беларускай адукацыі на Міншчыне.

  1   2   3

Дадаць дакумент у свой блог ці на сайт

Падобныя:

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconПраграм а
Каваленя Аляксандр Аляксандравіч – акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук І мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,...

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconНарыс гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук
Аляксандр каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconГомельшчыны Серыя "Гуманітарныя навукі"
К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, доктар філалгічных навук, прафесар А. У. Марозаў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела...

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconІнфармацыйнае паведамленне
Месца правядзення канферэнцыі: дну “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconІнстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі
Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconНацыянальная акадэмія навук беларусі аддзяленне гуманітарных навук І мастацтваў Інстытут гісторыі
Месца правядзення: Інстытут гісторыі нан беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1)

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconМинистерство образования республики беларусь международная ассоциация преподавателей
Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; дырэктар Інстытута мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І янкі Купалы Нацыянальнай...

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconМинистерство образования республики беларусь международная ассоциация преподавателей
Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь; дырэктар Інстытута мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І янкі Купалы Нацыянальнай...

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconДзяржаўная навуковая ўстанова "Інстытут мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"
Дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”

Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі iconГiсторыя Беларусi
Заглавие документа: Янушэвіч І.І. Змена становішча канфесiй у Беларусі (1917-1929 гг.). Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі....

Размесціце кнопку на сваім сайце:
be.convdocs.org


База данных защищена авторским правом ©be.convdocs.org 2012
звярнуцца да адміністрацыі
be.convdocs.org
Галоўная старонка